Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






А.С.Кубракова


Date: 2015-10-07; view: 579.


Амерыканскі структуралізм[21]

 

<…> Сегментацыя тэксту вядзе да ўстанаўлення паўтаральных элементаў маўлення, далейшая ідэнтыфікацыя якіх адбываецца ў асноўным з дапамогай дыстрыбуцыйных крытэрыяў. Вылучэнне апошніх у якасці галоўных крытэрыяў лінгвістычнага аналізу складала настолькі характэрную рысу амерыканскага структуралізму Ельскай групы, што яго называлі дыстрыбуцыйнай лінгвістыкай. Сутнасць дыстрыбуцыйнай лінгвістыкі была вызначана З. Харысам наступным чынам: “Дэскрыптыўная лінгвістыка (у тэрміналагічным сэнсе), – пісаў Харыс, – ёсць асобная галіна даследавання, якое мае справу не з маўленчай дзейнасцю ў цэлым, а з рэгулярнасцямі пэўных рыс маўлення. Гэтыя рэгулярнасці заключаюцца ў дыстрыбуцыйных адносінах пэўных рыс даследаванага тэксту, г. зн. у паўтаральнасці гэтых рыс адносна адна адной у межах выказванняў… Галоўная мэта дыскрытыўнай лінгвістыкі… – гэта вывучэнне адносін размеркавання (дыстрыбуцыі) або парадку размяшчэння (аранжыроўкі) асобных частак, або рыс, маўлення адносна адно аднаго ў працэсе маўлення”… Прынцыповае звужэнне задач лінгвістыкі да задач дыстрыбуцыйнага аналізу…, сфармуляванае ў гэтым тэзісе Харыса з найбольшай акрэсленасцю, стала аб'ектам заслужанай крытыкі. Так, Л. Ельмслеў адзначаў, што “згодна з тэорыяй дыстрыбуцыі застаецца няпэўным, ці размяркоўваюцца тыя або іншыя адзінкі самой мовай, ці іх належыць размеркаваць лінгвісту. Ні ў тым, ні ў другім выпадку тэрмін “дыстрыбуцыя” не раскрывае нічога такога, што б ужо не было ахоплена структурным аналізам”… Пярэчанні выклікалі і некаторыя няяснасці ў вызначэнні паняцця дыстрыбуцыі і, галоўнае, паняцця акружэння, на якім яно асноўваецца. Калі дэскрыптывісты вызначаюць дыстрыбуцыю як сукупнасць акружэнняў, у якіх вывучаемы элемент сустракаецца, у адрозненне ад тых акружэнняў, у якіх ён з'явіцца не можа, то цэнтральным, натуральна, становіцца пытанне аб тым, што можа быць падведзена пад паняцце акружэння. Адказ на гэтае пытанне, які прапануецца З. Харысам, наўрад ці можа задаволіць лінгвіста практычна…, таму што, паводле яго азначэння, “акружэннем элемента А з'яўляецца наяўнае мноства яго каакурэнтаў (co-occurents), г. зн. іншых элементаў, кожнага ў адмысловай пазіцыі, сустракаючыся з якімі, А ўтварае выказванне”…

Неакрэсленасць тэрміна “акружэнне”, пад якім разумеецца як суседства, якое можа распаўсюджвацца па абодва бакі ад вывучаемага элемента на неабмежаваную колькасць сумежных адрэзкаў, вядзе да пэўнай неакрэсленасці тэрміна “дыстрыбуцыя”. Як паказалі матэрыялы УІІІ Міжнароднага з'езда лінгвістаў, а таксама і шэраг публікацый, памылковым з'яўляецца і агульнае сцвярджэнне амерыканскіх вучоных аб прынцыповай магчымасці канстатаваць моўныя асаблівасці шляхам аналізу адных дыстрыбуцыйных адносін… У той жа час само далучэнне дыстрыбуцыйнага крытэрыя да мовазнаўчай практыкі адыграла вялікую ролю для распрацоўкі розных імавернасных метадаў вывучэння мовы і тым самым садзейнічала ўдакладненню аб'ектыўных прыёмаў аналізу лінгвістычнага матэрыялу. Асабліва важным было ў гэтым плане размежаванне розных тыпаў або мадэлей дыстрыбуцыі, прапанаванае ў працах М. Сводэша, З. Харыса, Б. Блока і Дж. Трэйгера.

 


<== previous lecture | next lecture ==>
Літаратура | А.Я. Міхневіч
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.266 s.