![]() |
МЕТАД НЕПАСРЭДНА СКЛАДАЛЬНЫХDate: 2015-10-07; view: 1023. Пытанні
1. У чым сутнасць асноўных адрозненняў, якія вынікаюць з дыстрыбуцыйна-статыстычнага аналізу слоў, што ўжываюцца ў тэрміналагічным і нетэрміналагічным значэннях у тэкстах рускай літаратурнай мовы? 2. Дзе могуць прымяняцца дыстрыбуцыйныя адрозненні тэрміналагічных і шматзначных слоў у якасці фармальных крытэрыяў?
Метад непасрэдна складальных служыць для выяўлення сінтаксічнай структуры словазлучэння, сказа і словаўтваральнай структуры слова ў выглядзе іерархіі іх складнікаў. Асноўныя прынцыпы гэтага метаду, як і дыстрыбуцыйнага, былі сфармуляваны Л. Блумфілдам і яго вучням (Р. Уэлс, Ю. Найда, З. Харыс, Ч. Хокет і інш.). Метад непасрэдна складальных заснаваны на дапушчэнні, што любая складаная адзінка (слова, словазлучэнне, выказванне) з'яўляецца бінарнай паводле будовы, складаецца з дзвюх больш простых адзінак (непасрэдна складальных – НС), якія могуць падзяляцца на яшчэ больш дробныя, а тыя ў сваю чаргу – таксама і г. д. Такі паступовы падзел выказвання на часткі павінен прывесці да вылучэння мінімальных значэнневых элементаў. Пры падзеле сінтаксічных адзінак (словазлучэння, сказа) на непасрэдна складальныя вылучаецца ядро канструкцыі і маргінальны (перыферыйны) элемент. Р. Пітмен прапанаваў дзесяць крытэрыяў размежавання ядра і маргінальных элементаў (спадарожнікаў), у прыватнасці такія, як незалежнасць і даўжыня элемента. З двух элементаў ядром з'яўляецца той, які можа сустракацца ізалявана. Напрыклад, у слове садок выяўляецца ядро сад- (можа ўжывацца самастойна) і маргінальны элемент – суфікс -ок (без асновы не сустракаецца). Ядро, апрача таго, мае больш складаную фанемную будову, чым маргінал (спадарожнік). У словазлучэннях спяваць хораша, прыгожая дзяўчына словы спяваць і дзяўчына – ядро, а хораша і прыгожая – маргінальныя складнікі. Сказ Вясковыя дзеці старанна палолі школьныя градкі падзяляецца на дзве НС – вясковыя дзеці і старанна палолі школьныя градкі (першая ступень падзелу). Другая НС у сваю чаргу падзяляецца на больш дробныя складнікі – старанна і палолі школьныя градкі (другі этап падзелу). Палолі школьныя градкі ўключае таксама дзве НС – палолі і школьныя градкі (трэцяя ступень падзелу), другая з якіх падзяляецца на НС школьныя і градкі (гл. схему). Два вялікія блокі (Вясковыя дзеці і старанна палолі школьныя градкі) адпавядаюць традыцыйнаму падзелу сказа на групу дзейніка і групу выказніка, у складзе якіх апрача галоўных (дзеці і палолі) вылучаюцца таксама даданыя члены (азначэнні вясковыя, школьны, акалічнасць спосабу дзеяння старанна і дапаўненне градкі). Аднак падзел сказа паводле метаду НС і традыцыйны аналіз па членах сказа не супадаюць. Рэч у тым, што паміж НС устаноўліваецца адзін тып адносін (падпарадкавальныя), а паміж членамі сказа розныя (падпарадкавальныя, злучальныя, прэдыкатыўныя, непрэдыкатыўныя – аб'ектныя, азначальныя, акалічнасныя і г. д.).
Вясковыя дзеці старанна палолі школьныя градкі
Ю. Найда прапаноўвае правілы падзелу выказвання на НС, у прыватнасці: 1. Складнікі павінны суадносіцца сэнсава. Напрыклад, выказванне На світанку з кошыкам пойдзем у грыбы фармальна дапускае вылучэнне НС на світанку з кошыкам і з кошыкам пойдзем, але сэнсавы крытэрый падказвае, што перавагу трэба аддаць другому варыянту. 2. НС можна замяніць больш дробнымі складнікамі. Параўн.: на світанку – раніцай, але: раніцай з такой замены не дапускае. Значыць, у першым выпадку прыназоўніка-назоўнікавае спалучэнне ўтварае адну НС, а ў другім выпадку – адносіцца да розных НС. 3. НС павінны быць мінімальнымі, г. зн. бінарнымі (парнымі). Нельга, напрыклад, у НС уключаць больш за два элементы тыпу палолі школьныя градкі. Спачатку трэба вылучыць школьныя і градкі, а потым – палолі і школьныя градкі. Апрача таго, у працэсе падзелу паводле НС не дапускаецца перастаноўка складнікаў. Метад НС дае магчымасць паказаць механізм утварэння слова. Так, слова спаднізу ўтворана з дзвюх частак (спад + нізу), якія ў сваю чаргу таксама складаюцца з дзвюх марфем, а не ад с- + паднізу або спадніз- + у (паколькі часткі паднізу і спадніз не могуць самастойна ўжывацца, па-за дадзеным словам):
спаднізу
У слове суадноснасць з дапамогай аналізу па НС выяўляюцца наступныя ступені словаўтваральнага працэсу: 1) суадносн//асць, 2) суаднос//н(ы), 3) суаднос//і(ць), 4) аднос//і(ць), 5) нас//і(ць). Метад НС мае пэўныя недахопы. 1. Не дае магчымасці выявіць асаблівасць сінтаксічнай структуры аманімічных канструкцый, г. зн. аднолькавых па будове, але розных па значэнні. Напрыклад, канструкцыя запрашэнне мастака мае адну НС, хоць дапускае розныя сэнсавыя інтэрпрэтацыі: 1) ‘мастак запрашае' і 2) ‘мастака запрашаюць'. Параўн. таксама: развіццё падзей і вывучэнне падзей. Тут знешне тоесныя канструкцыі (пабудаваны па мадэлі “аддзеяслоўны назоўнік наз. скл. + назоўнік род. скл.”) выражаюць розныя тыпы сінтаксічных адносін: суб'ектныя (развіццё падзей ® падзеі развіваюцца) і аб'ектныя (вывучэнне падзей ® вывучаюць падзеі), аднак метадам НС гэтае адрозненне не выяўляецца. 2. Падзел сказа па НС можа прывесці да несупадзення яго семантычна-сінтаксічнай структуры і фармальна-граматычнай-схемы. Так, у сказе Хлопчык прынёс шапку сліў словазлучэнне прынёс шапку сліў складаецца з дзвюх НС (прынёс шапку і шапку сліў), але сінтаксічна (сэнсава) яно непадзельнае. Гэта тлумачыцца тым, што названы вышэй сказ мае іншы сэнс, чым Хлопчык прынёс шапку (у ім губляецца значэнне няпэўнай колькасці). Такім чынам, выяўляецца супярэчнасць: аналіз па НС дае магчымасць у словазлучэнні выявіць два складнікі, а з семантычна-сінтасічнага пункту гледжання яно з'яўляецца адным членам сказа. 3. Метад НС з цяжкасцю дастасоўваецца да аналізу складаных сказаў (ён з'яўляецца эфектыўным пры аналізе простага сказа). У 1960-я гг. метад непасрэдна складальных стаў выкарыстоўвацца ў сістэмах машыннага перакладу для сінтаксічнага аналізу і сінтэзу сказаў (згортвання і разгортвання па НС).
|