Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Н.Д. Аруцюнава, Т.В. Булыгіна


Date: 2015-10-07; view: 446.


 

Глава 4. Асноўныя прынцыпы і метады структурнага аналізу [25]

 

<…> У дастасаванні да аналізу слоў прынцып НС [непасрэдна складальных. – В.Р.] быў прапанаваны Л. Блумфілдам. “У мовах са складаным марфалагічным ладам, – пісаў Блумфілд, – мы можам назіраць іерархію канструкцый: комплекснае слова можа быць апісана толькі так, як быццам розныя яго часткі, афіксы, мадыфікацыі і г. д. далучаліся да асноўнай формы ў пэўным парадку”… Падзел слова ажыццяўляецца шляхам яго параўнання з ідэнтычнымі паводле тыпу, але больш простымі (пажадана бінарнымі) структурамі… Так, для таго каб правесці паслядоўны падзел слова actresses, яго мэтазгодна параўнаць з формай множнага ліку ад невытворнай асновы (напрыклад, lasses) або, у іншым уяўленні гэтай жа працэдуры, замяніць… actress простай асновай lass-, што дазволіць адкрыць верхнюю ступень інтэграцыі (actress +es). Затым можна правесці супастаўленне з countess, якое фіксуе папярэдні ўзровень інтэграцыі (actor + ess). Нарэшце, тая бінарная структура, якая засталася, параўноўваецца з аналагічнымі імёнамі дзеяча (напрыклад, governor) і падзяляецца на дзеяслоўную аснову act- і суфікс -or… У сумніўных выпадках неабходна ўлічваць структуру прадуктыўных для дадзенай мовы мадэлей. Так, здавалася б усё роўна, як разбіць прыслоўе untruely: untrue + ly ці un + truely. Аднак карысна помніць, што адмоўны прэфікс рэгулярна спалучаецца з прыметнікамі і, наадварот, рэдка непасрэдна злучаецца з прыслоўямі. Значыць, правільным будзе такі парадак падзелу: 1) untrue + ly, 2) un + true… Наадварот, прыметнік ungentlemanly раскладаецца на un + gentlemanly і толькі потым на gentleman + ly, паколькі прэфікс un- не спалучаецца непасрэдна з назоўнікамі… <…>

Эфектыўнасць выкарыстання прынцыпу НС у аналізе слова абмежавана сферай уласна марфалагічных спосабаў слова- і формаўтварэння і не можа быць пашырана на іншыя, напрыклад семантычныя, транспазіцыйныя і падобныя тыпы дэрывацыі. <…>

<…> Метад НС шырока выкарыстоўваецца таксама і пры высвятленні іерахічных ступеней інтэграцыі сказа. Аналіз па НС заснаваны на імпліцытным уяўленні аб тым, што сказ ствараецца паслядоўным наслаеннем двухскладнікавых канструкцый і таму паддаецца такому ж паступоваму раскладанню на дыхатамічныя пары. <…>

<…> Іерархічная структура прыведзенага сказа [Бацька чытае вячэрнюю газету ўслых. – В.Р.] можа быць пададзена ў выглядзе дрэва НС:

 

Бацька чытае вячэрнюю газету ўслых

 

 

Вынік аналізу можа быць зафіксаваны таксама пры дапамозе дужак розных канфігурацый [Бацька] [‹чытае (вячэрнюю газету)› ‹услых›]. Абодва запісы зручныя, аднак толькі ў тых выпадках, калі актуальны парадак элементаў не супярэчыць іх структурнаму парадку.

<…>

Пытанні

1. Як ажыццяўляецца падзел слова на складнікі паводле метаду НС? Праілюструйце прыкладам з беларускай або з замежнай мовы, якую вы вывучаеце.

2. На якім прынцыпе грунтуецца выкарыстанне метаду НС “пры высвятленні іерархічных ступеней інтэграцыі сказа”?

3. Пры дапамозе якіх двух спосабаў могуць быць зафіксаваны вынікі аналізу паводле НС? Якія вы ведаеце іншыя спосабы запісу?

 

 

Н.Д.Аруцюнава, Г.А. Клімаў, А.С.Кубракова

Амерыканскі структуралізм[26]

 

<…> Метад НС [непасрэдна складальных. – В.Р.] заснаваны на той перадумове, што кожны самастойны адрэзак маўлення з'яўляецца бінарным па сваёй структуры. Паслядоўны падзел выказвання на НС і павінен нарэшце прывесці да вылучэння канчатковых складальных, г. зн. мінімальных значэнневых сегментаў… Падзел маўлення ажыццяўляецца ў гэтым выпадку з улікам граматычных канструкцый мовы, што выключае адвольную сегментацыю. Ю. Найда пісаў: “Наш дэскрыптыўны метад мае на мэце аналіз слоў на аснове ўтваральных іх канструкцый”… Менавіта таму метад НС быў з поспехам выкарыстаны для класіфікацыі слоў паводле спосабу іх утварэння… Аднак ён аказаўся непрымальным для першаснай сегментацыі маўлення. Сапраўды, для таго каб падзяліць такім чынам выказванне, неабходна папярэдне ведаць яго іерархічную структуру. Гэта вельмі доўгі і шматступеневы шлях да марфемы. К. Пайк справядліва лічыў метад НС выніковым, тым, які завяршае аналіз, а не пачынае яго… Метад НС таму перастаў выкарыстоўвацца для сегментацыі выказвання і знайшоў сабе прымяненне ў сінтаксісе. <…>


<== previous lecture | next lecture ==>
Літаратура | ТРАНСФАРМАЦЫЙНЫ МЕТАД
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.273 s.