![]() |
ТРАНСФАРМАЦЫЙНЫ МЕТАДDate: 2015-10-07; view: 937. Пытанні 1. На якім прынцыпе заснаваны метад непасрэдна складальных? 2. Чаму метад НС “аказаўся непрымальным для першаснай сегментацыі маўлення”?
Трансфармацыйны метад – метад вызначэння сінтаксічнай структуры сказа з дапамогай набору трансфармацый. Фармуляванне асноўных прынцыпаў трансфармацыйнага метаду звязана з імем З. Харыса (пачатак 50-х гг. 20 ст.). У еўрапейскім мовазнаўстве папярэднікам гэтага метаду была канцэпцыя сінтаксічнай (функцыянальнай) транспазіцыі (Ш. Балі, О. Есперсен, А. Фрэй, Л. Тэньер, Е. Курыловіч). Трансфармацыйны метад быў сур'ёзна мадыфікаваны ў спараджальнай трансфармацыйнай граматыцы Н. Хомскага, вучня З. Харыса. Сутнасць трасфармацыйнага метаду заключаецца ў заканамерным пераўтварэнні (трансфармацыі) адной моўнай адзінкі ў іншую пры захаванні тоеснага ці блізкага значэння. З дапамогай гэтага метаду можна класіфікаваць моўныя адзінкі. Напрыклад, калі аднатыпныя паводле будовы сінтаксічныя канструкцыі дапускаюць аднолькавыя трансфармацыі, то яны маюць аднолькавае значэнне і належаць да аднаго класіфікацыйнага тыпу. Так, словазлучэнні, пабудаваныя па мадэлі “дзеяслоў + з-за + назоўнік роднага склону”, якія дапускаюць так званую прычынную трансфармацыю (“дзеяслоў, таму што + выказнік”), выражаюць прычыннае значэнне ў чыстым выглядзе. Напрыклад: не заўважылі з-за спрэчак ® не заўважылі, таму што спрачаліся; не прыйшоў з-за хваробы ® не прыйшоў, таму што хварэў (быў хворы); сустракаў з-за боязі ® сустракаў, таму што баяўся. Калі ж ідэнтычныя паводле будовы словазлучэнні не дапускаюць такой трансфармацыі, то яны не з'яўляюцца аднолькавымі паводле выражаных імі сінтаксічных адносін: хваляваўся з-за дачкі ® *хваляваўся, таму што дачка. Немагчымасць такой трансфармацыі залежнага кампанента звязаная з тым, што ён з'яўляецца не акалічнасцю прычыны, а сінкрэтычным членам сказа – акалічнасным дапаўненнем або інакш – дапаўненнем са значэннем прычыны. Такія сінкрэтычныя члены дапускаюць прычынную трансфармацыю толькі пры пашырэнні іх іншымі словамі і выконваюць у трансформе (канструкцыі, утворанай у выніку трансфармацыі), як правіла, функцыю дапаўнення або дзейніка. Параўн.: устрывожыўся, таму што доўга няма дачкі / таму што ад дачкі даўно няма ніякіх вестак / таму што дачка яшчэ не прыехала і г. д. Відавочна, што прычынай выніку “ўстрывожыўся” з'яўляецца не сама дачка, а тое, што мае да яе дачыненне. З аднатыпна пабудаваных фраз пасіўнага тыпу дзве першыя (Дрэва павалена бурай / Дрэва павалена чалавекам) дапускаюць так званую актыўную трансфармацыю Бура паваліла дрэва / Чалавек паваліў дрэва, а трэцяя фраза (Дрэва ссечана сякерай) такой трансфармацым не дапускае (немагчыма: Сякера ссекла дрэва). Адсюль вынікае, што значэнне творнага склону ў гэтых фразах неаднолькавае: у першых дзвюх творны склон абазначае ўтваральніка дзеяння, а ў трэцяй фразе – прыладу [параўн.: Чалавек сякерай (г. зн. пры дапамозе сякеры) ссек дрэва]. Адно з базавых паняццяў трансфармацыйнага аналізу – ядзерныя сказы. Яны колькасна злічоныя і найбольш простыя паводле будовы. З ядзерных сказаў (як сказаў глыбіннай структуры) шляхам пераўтварэння іх граматычнай структуры выводзяцца дэрываты (трансформы) – сказы паверхневай структуры. Пераход ад сказаў глыбіннай структуры да сказаў паверхневай структуры ажыццяўляецца з дапамогай трансфармацый, якія, прадугледжваючы захаванне лексічнага складу сказа, дапускаюць змяненне граматычных значэнняў слоў, іх перастаноўку, субстытуцыю або элімінацыю некаторых службовых слоў. Напрыклад, са сказа з глыбіннай структурай бел. Вучні пішуць сачыненне паводле трансфармацыі пасівізацыі атрымліваецца сказ з паверхневай структурай Сачыненне пішацца вучнямі. Што ж да сказа Вучні пішуць сачыненне, то яго паверхневая структура супадае з глыбіннай, таму што гэта ядзерны сказ. Усе сказы, паводле спараджальнай граматыкі, могуць быць атрыманы з аднаго або некалькіх ядзерных сказаў з дапамогай адной або некалькіх трансфармацый (напрыклад, пераўтварэнне актыўнай канструкцыі – у пасіўную, сцвярджальнага сказа – у пытальны або адмоўны і г. д.). Параўн.: 1. Студэнт канспектуе лекцыю. 2. Ці канспектуе студэнт лекцыю? 3. Студэнт не канспектуе лекцыі. 4. Лекцыя канспектуецца студэнтам. 5. Студэнт будзе канспектаваць лекцыю 6. Лекцыя будзе канспектавацца студэнтам. 7. Лекцыя, якая канспектуецца студэнтам. 8. Студэнт, які канспектуе лекцыю. 9. Канспектаванне лекцыі студэнтам і г. д. Ядзерным з'яўляецца першы трансформ. Іншыя трансформы ўтвораны ў выніку розных відаў трансфармацый: пытальнай (другі), адмоўнай (трэці), пасівізацыі (чацвёрты), будучага часу (пяты), пасівізацыі і будучага часу (шосты) і г. д. Усе трансформы адпавядаюць умове трансфармацыі – захоўваюць асноўнае значэнне, а таксама агульныя сінтаксічныя адносіны паміж словамі. Розныя (але структурна падобныя) ядзерныя сказы дапускаюць неаднатыпныя трансфармацыі. Параўн.: Алесь працуе добра ® Алесю працуецца добра і Матор працуе добра ® *Матору працуецца добра. Ведаючы правілы спараджэння вытворных сказаў ад зыходных (ядзерных) паводле невялікай колькасці трансфармацыйных правілаў, можна пабудаваць трансфармацыйную граматыку пэўнай мовы, канцэпцыя якой распрацавана Н. Хомскім (50–60-я гг. 20 ст.). Усяго Н. Хомскі вылучаў 24 тыпы розных трансфармацый (наміналізацыі, пытання, пасівізацыі, інверсіі, адмаўлення і інш.). Адзін ядзерны сказ можа быць асновай некалькіх трансфармацый, якія адбываюцца згодна з пэўнымі правіламі і ў пэўнай паслядоўнасці. Так, пабудове сказа Ці не будзеш ты адпачываць? папярэднічаюць тры ланцужкі трансфармацыі (і адпаведна тры трансформы): Ты будзеш адпачываць ® Ты не будзеш адпачываць ® Не будзеш ты адпачываць ® Ці не будзеш ты адпачываць? У адрозненне ад метаду НС трансфармацыйны метад дае магчымасць (самастойна або з элементамі субстытуцыі) выявіць розную семантычна-сінтаксічную сутнасць аманімічных канструкцый: Агляд гаспадара1 ® гаспадар аглядае. Агляд гаспадара2 ® гаспадара аглядаюць. Яна шые1 ® яна швачка. Яна шые2 ® яна штосьці шые. Трансфармацыйны метад у некаторых выпадках з'яўляецца эфектыўным для інтэрпрэтацыі сказаў, якія не адрозніваюцца метадам дыстрыбуцыі (працэдурай разгортвання). Так, сказы (1) Ён піша ліст і (2) Ён піша гадзіну дапускаюць розныя трансфармацыі, што сведчыць пра іх неідэнтычнасць (у першым прыкладзе ўжыты пераходны дзеяслоў, у другім – непераходны). Параўн.: 1) ® Ліст пішацца ім і (2) ® *Гадзіна пішацца ім. З дапамогай трансфармацыйнага метаду размяжоўваюцца, напрыклад (паводле А.Я. Міхневіча): а) прасторавае (лакальнае) і часавае значэнне формаў творнага склону. Параўн.: ісці лесам (полем, берагам, сцежкай і г. д.) ® ісці па лесе (полі, беразе, сцежцы) і ісці раніцай (днём, вечарам, прыцемкам і г. д.) ® *ісці па раніцы (дні, вечары, прыцемку); б) родны колькасці і з няколькасным значэннем. Параўн.: машына дроў ® Дроў – (цэлая) машына і вершы паэта ® *Паэта – вершы; кошык грыбоў ® Грыбоў – (поўны) кошык і прылёт птушак ® *Птушак – прылёт; в) родны колькасці – са значэннем умяшчальнасці і неўмяшчальнасці. Параўн.: воз (прычэп, машына, трактар) сена (саломы, атавы, снапоў) ® воз з сенам (…) і зграя сабак (ваўкоў) ® *зграя з сабакамі (…); г) катэгорыя “адчужальнасці / неадчужальнасці”[27]. Параўн.: сукенка маёй сястры ® сукенка сястры і юнак рашучага характару ® *юнак характару, дзяўчына з бібліятэчнай кнігай ® дзяўчына з кнігай і хлопчык з перавязанай рукой ® *хлопчык з рукой; д) назвы істот і неістот. Параўн.: Міхась ідзе з братам ® Брат ідзе з Міхасём і Міхась ідзе з заплечнікам ® *Заплечнік ідзе з Міхасём. Як сведчаць трансформы, змест ядзерных сказаў або зусім не змяняецца, або змяняецца нязначна. З цягам часу некаторыя прынцыпы, асабліва прынцып семантычнай інварыянтнасці трансформаў, былі перагледжаны як неабавязковыя. Пры вызначэнні трансфармацый былі зняты такія абмежаванні, як нязменнасць лексічнага складу і сінтаксічных адносін паміж лексемамі. Гэта дало магчымасць павялічыць колькасць трансфармацый. Элементы трасфармацыйнага аналізу асабліва карысныя пры вывучэнні роднай і замежных моў. Напрыклад, пры сінтаксічнай кваліфікацыі інфінітыва ў якасці дзейніка (або нядзейніка) вырашальным крытэрыем некаторыя даследчыкі лічаць не парадак слоў, а здольнасць дзеяслоўнай формы трансфармавацца ў дзейнік-назоўнік або займеннік. Параўн.: рус. Учиться – всегда пригодится і Учение всегда пригодится; Курить вредно і Курение вредно і да т. п. Магчымасць трансфармацыі залежнага кампанента, выражанага назоўнікам у родным склоне, у прыметнік-азначэнне, дае падставы кваліфікаваць яго як недапасаванае азначэнне (а не як сінкрэтычны член сказа – дапаўненне з азначальным адценнем). Параўн.: камандзір палка – палкавы камандзір, аграном саўгаса – саўгасны аграном, цэх завода – заводскі цэх і інш. Трансфармацыйным спосабам можна адрозніць, паводле Г.Н. Клюсава і А.Л. Юрэвіча, адасобленыя прыдаткі і ўдакладняльныя члены сказа: адасоблены прыдатак пераўтвараецца ў прэдыкатыўныя канструкцыі “будучы кім, чым”, “паколькі нехта, нешта з'яўляецца, будзе кім, чым”, а ўдакладняльны член сказа спалучаецца з словамі гэта значыць, а іменна. Параўн.: Ён сам усю раніцу думаў пра гэта і не мог уцяміць, як яно так здарылася, што ён, партызан, камісар, падпольшчык, які ўмеў у самых складаных і нечаканых абставінах дзейнічаць хутка і правільна, аказаўся такі недарэка. (І. Шамякін.) і ...Што ён, будучы партызанам, камісарам, падпольшчыкам, аказаўся такі недарэка. Або: Не верыць, што ён, Пятро, усё-ткі дабудуе свой мост? (І. Шамякін.) і Не верыць, што ён, гэта значыць Пятро, дабудуе свой мост. У першым сказе партызан, камісар, падпольшчык – адасобленыя прыдаткі, у другім Пятро – удакладняльны член сказа. У безасабовых сказах з няпэўным дзеячам інфінітыў, які адносіцца да дзеепрыметніка залежнага стану, мае аб'ектнае значэнне і таму з'яўляецца дапаўненнем. Пацвярджэннем гэтага можа служыць трансфармацыя інфінітыва ў галоўны член (выказнік) даданай дапаўняльнай часткі. Параўн.: Нам загадана з'ездзіць у горад і Нам загадана / загадалі (што?), каб мы з'ездзілі ў горад. З дапамогай трансфармацыйнага метаду выяўляюцца адрозненні паміж кароткім прыметнікам і прыслоўем у нямецкай мове. Так, нямецкі сказ Das Mädchen ist schön (дзяўчына прыгожая) дапускае трансфармацыю наміналізацыі (ператварэнне прыметніка ў назоўнік) Die Schöncheit des Mädchens – прыгажосць дзяўчыны. Такая ж трансфармацыя сказа Das Mädchen singt schön (з адвербіяльным кампанентам schön) прыводзіць зусім да іншых вынікаў: Das schöne Singen des Mädchens – прыгожае спяванне дзяўчыны.
|