Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






МЕТАД КАМПАНЕНТНАГА АНАЛІЗУ


Date: 2015-10-07; view: 760.


Пытанні

 

1. У чым заключаецца прызначэнне трансфармацыйнай класіфікацыі словазлучэнняў з агульным сінтаксічным колькасным значэннем?

2. Якія задаюцца трансфармацыі для аналізу словазлучэнняў з колькасным значэннем? У чым прызначэнне гэтых трансфармацый?

 


 

Метад кампанентнага аналізу мае на мэце вылучыць у моўнай адзінцы набор мінімальных прымет, з дапамогай якіх гэтая адзінка адрозніваецца ад іншых.

Першапачаткова гэты метад быў распрацаваны М.С. Трубяцкім і выкарыстаны для апісання фанем (уласцівых ім дыферэнцыйных прымет). Так, калі параўнаць фанему <б> з іншымі фанемамі, напрыклад з <т>, то выявіцца, што яна мае дзве дыферэнцыйныя прыметы: звонкасць і лабіяльнасць.

Р.В. Якабсон выкарыстаў гэты метад для аналізу склонавай сістэмы рускай мовы. Ён выдзяляў агульныя склонавыя значэнні, якія не залежаць ад акружэння слова, і прыватныя (дыстрыбуцыйна абумоўленыя), якія залежаць ад значэння суседніх слоў.

Пазней метад кампанентнага аналізу быў прыстасаваны да семантыкі, лексікі, граматыкі.

Надзвычай шырока ён выкарыстоўваецца ў лексікаграфіі. Напрыклад, у тлумачальных слоўніках пры раскрыцці лексічных значэнняў слоў вылучаюць асобныя іх кампаненты (семы, семантычныя прыметы, семантычныя множнікі, элементарныя значэнні і г. д.). Так, у “Тлумачальным слоўніку беларускай мовы” слова бяроза тлумачыцца як “лісцевае дрэва сямейства бярозавых з белай карой”. Тут вылучаны семантычныя кампаненты значэння: 1) дрэва; 2) лісцевае дрэва; 3) дрэва сямейства бярозавых; 4) дрэва з белай карой. Слова пралеска тлумачыцца як ‘травяністая расліна сямейства казяльцовых з сіне-фіялетавымі кветкамі, якія зацвітаюць адразу пасля раставання снегу'. Тут вылучаны наступныя семантычныя кампаненты: 1) расліна; 2) травяністая расліна; 3) расліна сямейства казяльцовых; 4) расліна з сіне-фіялетавымі кветкамі; 5) кветкі зацвітаюць адразу пасля раставання снегу.

Мяркуюць, што ідэя аб падзеле значэння слова на найменшыя элементы належыць Л. Ельмслеву, які да фігур плана зместу адносіў элементарныя сэнсы. Так, ён лічыў, што знак парсюк у плане зместу распадаецца на фігуры свіння і самец.

Пры даследаванні лексічнага матэрыялу метад кампанентнага аналізу ўпершыню быў выкарыстаны ў 1950-я гг. пры апісанні тэрмінаў роднасці ў розных мовах. Напрыклад, устаноўлена, што некаторыя з гэтых тэрмінаў можна апісаць камбінацыяй трох прымет (сем): пол (М – мужчынскі, Ж – жаночы), ступень роднасці (Б – блізкая, Н – няблізкая), пакаленне (1 – старэйшае, 2 – малодшае): бацька – МБ1, маці – ЖБ1, сын – МБ2, дачка – ЖБ2, дзядзя – МН1, цёця – ЖН1, пляменнік – МН2, пляменніца – ЖН2. Такім чынам, у значэннях слоў тэматычнай групы “тэрміны роднасці” вылучаюцца як інтэгральныя семы (“роднасць”), так і дыферэнцыйныя (“пол”, “ступень роднасці”, “пакаленне”). Кожны з прыведзеных вышэй тэрмінаў адрозніваецца, як мінімум, адной дыферэнцыйнай прыметай.

Значэнне слова будынак складаецца з наступных сем: ‘падмурак' + ‘столь' + ‘дах' + ‘вокны' + ‘сцены' + ‘падлога', слова тэрмометр уключае семы ‘прыбор' + ‘вымярэнне' + ‘тэмпература, барометр – ‘прыбор' + ‘вымярэнне' + ‘ціск'+ ‘атмасфера', а ёгурт – ‘заквашанае' + ‘малако' + ‘фруктовыя дабаўкі'.

Тая ж самая сема (напрыклад, “пол”) у розных тэматычных групах слоў можа мець розны статус: ад дыферэцыйнай семы (у тэрмінах роднасці) да катэгарыяльнай (сема “пол” уваходзіць у значэнні слоў з прыметай адушаўлёнасці).

Адметнасць кампанентнага складу лексічнага значэння залежыць ад ступені канкрэтнасці / абстрактнасці абазначанага словам паняцця. Словы з дэнататыўным значэннем (тыпу хвоя, вярблюд, слон) могуць мець унікальныя семантычныя прыметы, уласцівыя толькі дадзенаму слову (напрыклад, наяўнасць семы “хобат” у слова слон).

Пэўныя дыферэнцыйныя семы могуць быць істотнымі пры апісанні структуры значэнняў слоў адной мовы і неістотнымі – іншых моў. Так, у беларускай мове дзеясловы ісці і ехаць, маючы інтэгральныя семы (‘перамяшчацца', ‘у адным кірунку', ‘у прасторы') адрозніваюцца адпаведна семамі, якія датычаць спосабу перамяшчэння ў прасторы (‘ступаць нагамі' і ‘перамяшчацца пры дапамозе якіх-небудзь сродкаў'). Гэтыя семы з'яўляюцца неістотнымі для дзеясловаў перамяшчэння ў французскай мове, дзе aller азначае ‘ісці, ехаць'. Ва ўкраінскай мове адрозніваюцца значэннем дзеясловы мити і прати, у той час як у некаторых заходнееўрапейскіх мовах гэтыя значэнні перадаюцца адным словам, напрыклад у англійскай – to wash, нямецкай – waschen.

Вынікі кампанентнага аналізу могуць быць пададзены ў табліцы, дзе па вертыкалі размяшчаюцца словы, а па гарызанталі – назвы семантычных прымет. На перасячэнні слоў і прымет ставіцца +, калі прымета ў значэнні слова ёсць, або –, калі прыметы няма. Пакажам гэта на некаторых дзеясловах са значэннем перамяшчэння (паводле М.П. Качаргана).

(гл.: Агульнае мовазнаўства. Магілёў, 2006. С. 369.)

 

 

Метад кампанентнага аналізу вельмі карысны пры семантычнай характарыстыцы слоў у тлумачальных слоўніках, дзе істотнае значэнне мае дакладнае і несупярэчлівае тлумачэнне кожнага слова, вызначэнне сэнсавых нюансаў (дыферэнцыйных сем).

Вылучаюць наступныя асноўныя тыпы сем: класема, архісема, інтэгральная, дыферэнцыйная, патэнцыйная, градуальная.

Класема (катэгарыяльная сема) – найбольш агульная паводле зместу сема, што адпавядае катэгарыяльным значэнням часцін мовы (прадметнасць, прымета, колькасць, дзеянне і да т.п.).

Архісема – сема, агульная для слоў аднаго лексічна-семантычнага поля або тэматычнай групы (дрэва, жывёла, тэмпература і г. д.). Напрыклад, словы ісці, ехаць, ляцець, плысці і іншыя аб'ядноўваюцца ў лексічна-семантычнае поле назваў руху на аснове архісемы ‘перамяшчэнне'; бацька, маці, сын, дачка, дзед, бабуля, пляменнік, пляменніца, унук, унучка і да т. п. – у поле назваў роднасці (архісема ‘родзіч / родзічка'); белы, чырвоны, жоўты, зялёны, чорны, блакітны і інш. – у поле колераабазначэння (архісема ‘колер').

Інтэгральная сема* – сема, агульная для двух і больш значэнняў. Напрыклад, дзеясловы хадзіць, ехаць, бегчы маюць інтэгральную сему ‘перамяшчэнне' (па зямлі).

Дыферэнцыйная сема – сема, якой адрозніваюцца значэнні. Так, для дзеясловаў ісці і бегчы такой прыметай выступае ‘хуткасць'; таксама: ісці і ехаць – ‘спосаб руху', ісці і плысці – ‘асяроддзе', ісці і хадзіць – ‘аднанакіраванасць / рознанакіраванасць'.

Патэнцыйная сема – “прыхаваная” сема, якая можа выяўляцца ў пэўных сітуацыях. Напрыклад, слова прафесар асацыіруецца з такімі семамі, як ‘стары', ‘разумны', ‘у акулярах', начальнік – ‘злы', ‘тоўсты' і г. д.

Градуальная сема – сема, якая перадае ступень (інтэнсіўнасць) прыметы ў блізкіх па значэннях словах. Так, прыметнікі добры, лепшы, выдатны адрозніваюцца градуальнай семай ‘ступень дабраты'.

Першай спробай стварэння слоўніка, у якім значэнне слова тлумачыцца праз набор сем, з'яўляецца “Частотны слоўнік семантычных множнікаў рускай мовы” (М., 1980) Ю.М. Каравулава.

У 70–80-я гг. 20 ст. метад кампанентнага аналізу стаў выкарыстоўвацца расійскімі мовазнаўцамі таксама ў граматыцы, асабліва ў марфалогіі (А.У. Гулыга, Я.І. Шэндэльс). У працах В.І. Маскальскай, В.А. Белашапкавай, Р.У. Гака, А.М. Вольф робяцца спробы кампанентнага аналізу сінтаксічных адзінак (простых і складаных сказаў).

Метад кампанентнага аналізу, нягледзячы на яго эфектыўнасць пры выяўленні семантычнай структуры слова, мае значныя недахопы. Ён нязручны ў выкарыстанні пры аналізе полісемічных слоў. Апрача таго, не ўсе адносна простыя словы (напрыклад, назвы асноўных відаў жывёл, насякомых, раслін, прылад працы) дапускаюць падзел на семантычныя кампаненты. У назве многіх тыпаў раслін можна вылучыць у лепшым выпадку агульную прымету (расліна) і перакрыжавальныя прыметы (упрыгожанне і лекі). Урэшце, няма адзінага крытэрыю вылучэння сем, што не засцерагае даследчыка ад суб'ектывізму. Значэнне слова не заўсёды можна звесці да невялікай колькасці строга акрэсленых мінімальных адзінак плана зместу.

 

 


<== previous lecture | next lecture ==>
А.Я. Міхневіч | Літаратура
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.073 s.