|
Мастацкая культураDate: 2015-10-07; view: 537. 2. Манументальны жывапіс (фрэскі), дробная пластыка, выяўленчае мастацтва, іканапіс, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, кніжная мініяцюра. Назіралася пранікненне ў жывапіс візантыйскага стыля - фрэскі Барысаглебскага манастыра ў Бельчыцах, фрагменты фрэсак у Полацкай Сафіі. Ўздзеянне на полацкі жывапіс аказала раманскае мастацтва - фрэскі храма - пахавальні Еўфрасінеўскага манастыра. Аднак засваенне сусветных мастацкіх стыляў не было працэсам механічным. Мясцовыя майстры творча пераасэнсоўвалі, перапрацоўвалі візантыйскія і раманскія формы. дэкаратыўна-прыкладное мастацтва 3. Выдатным помнікам старажытнабеларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з'яўляецца крыж Еўфрасінні Полацкай. І таму побач з імёнамі асветніцы Еўфрасінні і дойліда Яна ўзнікае трэцяе – майстра-ювеліра Лазара Богшы. Шэдэўр Лазара Богшы, наша нацыянальная святыня, вартая таго, каб на ёй спыніцца падрабязней. Крыж шасціканцовы, што сімвалізуе стварэнне сусвету Богам за 6 дзён. Аснова крыжа – кіпарысавае дрэва, з якога выраблялі асабліва значныя культавыя рэчы. Рэліквія мае памеры: вышыня – 52 см, даўжыня верхняе папярэчкі – 14, ніжняе – 21, таўшчыня – 2,5 см. Зверху і знізу дрэва закрывала 21 залатая пласцінка з каштоўнымі камянямі, арнаментамі і дваццацю эмалевымі абразкамі, якія нічым не саступаюць сусветна вядомым візантыйскім эмалям. На верхніх канцах крыжа майстар змясціў паясныя выявы Хрыста, Багародзіцы і Яна Папярэдніка. У цэнтры ніжняга перакрыжавання – чацвёра евангелістаў: Ян, Лука, Марк і Мацвей, на канцах – архангелы Гаўрыіл і Міхаіл. Унізе – нябесныя апекуны заказчыцы і яе бацькоў: святыя Еўфрасіння Александрыйская, Георгій і Сафія. На адвароце – выявы айцоў царквы Іаана Залатавуснага і інш., апосталаў Пятра і Паўла, а таксама трох святых. У сярэдзіне крыжа ў 5-ці квадратных падпісаных гнёздах знаходзіліся рэліквіі: кавалачкі крыжа Гасподняга з кроплямі крыві Ісуса, драбок камяню ад дамавіны Багародзіцы, часткі мошчаў святых. Найкаштоўнейшымі з пакладзеных у гнёзды хрысціянскіх рэліквій з'яўляліся часцінкі святога дрэва – крыжа, на якім, ратуючы чалавецтва, сустрэў смерць Ісус Хрыстос. Паводле задумы Еўфрасінні, святыня павінна была вечна “жыватварыць” душы палачанаў і жыхароў роднай зямлі. (Крыж згублены , быў вывезены з Беларусі напачатку Вялікай Айчыннай вайны). З імем князёўны-ігуменні звязана і з'яўленне на нашай зямлі абраза Маці Боскай, вядомага як Адзігітрыя (па грэц. Пуцяводная) Полацкая. Па яе просьбе візантыйскі імператар Мануіл Комнін прыслаў адзін з трох абразоў Багародзіцы Эфескай, створаных паводле падання, евангелістам Лукою яшчэ пры жыцці Дзевы Марыі. (Але наўрад ці ў Полацк трапіў арыгінал, магчыма, копія, зробленая візантыйскімі майстрамі). Па яе загаду гэты абраз быў аздоблены золатам, срэбрам, самацветамі. Як згадвае “Жыціе”, Еўфрасіння, унёсшы абраз у царкву Святой Багародзіцы ... устанавіла насіць яго кожны аўторак па царквах. У ХХ стагоддзі рэліквіі перавезлі ў Рускі музей С-Пецярбурга. 4. Значны раздзел выяўленчага мастацтва часоў Полацкага княства складае кніжная мініяцюра – выкананыя ад рукі малюнкі, арнаментальныя аздобы, застаўкі, канцоўкі, загалоўныя літары, змешчаныя ў рукапісных кнігах. Пра высокі ўзровень афармлення рукапісаў, іх майстэрства сведчыць “Тураўскае евангелле” ХІ ст., мініяцюры і загалоўныя літары “Аршанскага евангелля” ХІІІ ст. Найбольш папулярнымі былі вобразы евангелістаў Мацвея, Марка, Лукі і Яна: яны паказаны за нізкімі пісьмовымі столікамі з лістамі папірусу ў руках. 5. У эпоху Полацкага княства значнае развіццё на Беларусі атрымалі і такія віды выяўленчага і прыкладнога мастацтва, як разьба па дрэве, косці, апрацоўка металаў, каменю, ювелірная справа, ганчарства, ткацтва. 6. Музыка Піры і гульні ў князёвых дварах - разгортвалі сваю дзейнасць скамарохі – акцёры, музыкі, спевакі, танцоры. Сярод скамарохаў - музыкаў найбольш распаўсюджаны былі гусляры, дудары, дудачнікі, бубначы, пазней з'явіліся скрыпачы, цымбалісты. Іх функцыі: удзельнічалі ў ваенных паходах, валачобных абрадах, вяселлях, хрэсьбінах, ігралі на святах і княжацкіх застоллях. Хадзілі вандроўнікі-старцы і спявалі пад акампанемент ліры духоўныя вершы, псалмы, гістарычныя песні. Як вядома, жыццё Полацкага княства перш за ўсё працякала ў змаганні з ворагамі, у сталых клопатах бараніць Айчыну ад частых нападаў, таму і ў мастацтве гэтага перыяду развіваліся ратныя, вайсковыя сюжэты, карысталіся папулярнасцю прафесіі трубачоў, бубністаў, скаўраншчыкаў. 7. З ХІ стагоддзя шырокае распаўсюджванне на беларускіх землях мелі хрысціянскія богаслужэбныя спевы. Старажытная праваслаўная музыка на Полаччыне стварыла свой арыгінальны па форме і зместу знаменны (знакавы) распеў. У Полацкім манастыры нават існавала школа – хор, дзе пеўчыя адначасова атрымлівалі музычную адукацыю, навыкі царкоўных спеваў і займаліся спевамі. Вывад: Уся культура старажытнай Беларусі, пачынаючы з Х стагоддзя, у асноўным звязана з хрысціянствам: літаратура – рэлігійная, архітэктура, жывапіс – культавыя, музыка, спевы – царкоўныя. Культура багатая, разнастайная, і сваімі каранямі ідзе ў сівую даўніну. Яна спалучала ў сабе самабытнасць, а таксама – уплыў культур іншых народаў Еўропы.
[1] Кніга жыцій і хаджэнняў. Мн., 1994, с. 46. [2] Кніга жыцій і хаджэнняў. Мн., 1994, с. 52
|