Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Тэма 6. Паняцце падстылю


Date: 2015-10-07; view: 1354.


Падстыль– гэта грамадска ўсвядомленая разнавіднасць стылю, якая характарызуецца сукупнасцю сродкаў, іх адборам і сістэмна-маўленчай арганізацыяй, уласцівай толькі дадзенаму тыпу тэкстаў. Размежаванне ўсіх стыляў на падстылі грунтуецца на наяўнасці дадатковых, спецыфічных для кожнага стылю стылеўтваральных фактарах. Так, напрыклад, разнавіднасці публіцыстычнага стылю звязаны са спецыфікай сродкаў масавай інфармацыі. У гэтым стылі можна вылучыць газетна-публіцыстычны, радыё-, тэлежурналісцкі і прамоўніцкі падстылі.

У афіцыйна-справаводчым стылі склаліся падстылі ў залежнасці ад прызначэння тэкстаў: уласна заканадаўчы, дыпламатычны і канцылярскі. Спецыфіка розных відаў навуковых зносін прывяла да вылучэння ўласна навуковага, навукова-папулярнага і навукова-вучэбнага падстыляў.

Асаблівасці размоўнага стылю шмат у чым залежаць ад абставін зносін – афіцыйных (размоўна-афіцыйны падстыль) і неафіцыйных (размоўна-бытавы падстыль).

У мастацкім стылі самае агульнае размежаванне адбываецца ў адпаведнасці з трыма родамі літаратуры – эпасам, драмай і лірыкай, што абумоўлівае вылучэнне такіх падстыляў, як мастацка-празаічны, драматургічны і вершаваны.

Тэма 7. Паняцце маўленчага жанру

 

Любы стыль і падстыльіснуе як сукупнасць пэўных тыпаў выказванняў. Жанр– гэта ўстойлівы тэматычны, кампазіцыйны і стылістычны тып тэксту. У лінгвістычнай літаратуры маўленчыя жанры характарызуюць праз наступныя ўласцівасці:

а) “яны аб'ектыўныя ў адносінах да індывіда і нарматыўныя;

б) гістарычныя, выпрацоўваюцца людзьмі ў пэўную эпоху ў адпаведнасці з канкрэтнымі ўмовамі сацыяльнага жыцця;

в) характарызуюцца асаблівымі ацэначнымі адносінамі да рэчаіснасці;

г) выконваюць функцыю інтэграцыі ідывідаў у соцыум;

д)разнастайныя і разнародныя, дыферэнцыраваныя па сферах чалавечай дзейнасці і зносін;

е) з'яўляюцца апорай для творчасці.

Жанр, як і стыль, не дадзены нам у непасрэдным успрыманні і фарміруецца як абагульненне рыс, асаблівасцей, прыкмет, уласцівых канкрэтным творам, якія аб'ядноўваюцца пад назваю таго ці іншага жанру. Жанр выступае як умоўная, абстрактная катэгорыя, таму моўныя сродкі не замацоўваюцца за ім, аднак іх адбор і арганізацыя складаюць спецыфіку кожнага жанру. Так, у газетна-публіцыстычным падстылі жанравая форма рэпартажа значна адрозніваецца ад нарыса, фельетона не толькі ў структурна-кампазіцыйным плане, але і па шэрагу лексічных і граматычных прыкмет.

Жанры ўтвараюць сістэму толькі ў межах пэўнага стылю. Кожны жанр уяўляе своеасаблівае відазмяненне функцыянальнага стылю. На думку М.Я.Цікоцкага, любы функцыянальны стыль рэальна існуе толькі як сукупнасць жанраў.

У даследаваннях па лінгвастылістыцы адзначаецца, што кожны асобны жанр “адлюстроўвае пэўныя адносіны да рэчаіснасці, спосаб адбору фактаў, меру ўдзелу аўтара”. Напрыклад, у фельетоне перадаюцца своеасаблівыя адносіны да рэчаіснасці ў адрозненне ад паведамлення, інтэрв'ю.

Зыходзячы з выказаных вышэй агульнатэарэтычных меркаванняў, можна ахарактарызаваць жанр у двух розных аспектах:

1) жанр як форма арганізацыі матэрыялу рэчаіснасці (падыход, уласцівы пераважна літаратуразнаўству і журналістыцы);

2) жанр як форма арганізацыі моўнага матэрыялу (падыход, уласцівы функцыянальнай стылістыцы і стылістыцы тэксту).

У арсенале лінгвістыкі ёсць т.зв. змешаныя стылёвыя жанры, калі паказальнікі розных стыляў суіснуюць у адным тэксце. Напрыклад, у рэцэнзіі адлюстроўваюцца рысы навуковага і афіцыйнага стыляў.

 

Тэма 8. Сістэмнасць функцыянальных стыляў

 

Сістэма моўных стыляў з'яўляецца гістарычна зменлівай. На думку аўтараў навучальнага дапаможніка “Асновы культуры маўлення” пад рэдакцыяй У.В.Анічэнкі, стылі не замкнёныя сістэмы, бо ўяўляюць разнавіднасці сродкаў адной моўнай сістэмы. У сувязі з гэтым стылі адрозніваюцца адзін ад другога часткова, ім уласцівы як агульныя, так і спецыфічныя рысы.

Сістэмнасць стыляў мовы не азначае іх адасобленасці. Межы паміж стылямі адносныя, рухомыя, ім аднолькава ўласціва тэндэнцыя да раздзялення, дыферэнцыяцыі, з аднаго боку, і ўзаемапранікнення, інтэнсіўнай нейтралізацыі моўных сродкаў – з другога. Напрыклад, сучасны публіцыстычны стыль уключае ў сябе элементы размоўна-гутарковага.

Гнуткасць сістэмы функцыянальных стыляў забяспечвае магчымасць абслугоўвання разнастайных патрэб сучаснага грамадства. Гэтаму садзейнічае, па-першае, пастаяннае міжстылёвое ўзаемадзеянне і ўзаемапранікненне, па-другое, узнікненне новых адгалінаванняў унутры стыляў, а таксама міжстылёвых функцыянальных разнавіднасцей, па-трэцяе, рухомасць жанраў, ці маўленчых стыляў, якая адпаведна выклікае зрух, перамяшчэнне замацаваных за пэўнымі стылямі моўных сродкаў. Адметным у гэтай сувязі выступае адкрытасць асобных функцыянальна-стылістычных разнавіднасцей, іх пераходнасць і няпэўнасць меж.

Найбольш пранікальным лічыцца размоўна-гутарковы стыль, які, з аднаго боку, уключае ў сябе рознастылёвыя моўныя сродкі, а з другога – яго элементы ўваходзяць у іншыя стылі, напрыклад, афіцыйна-справаводчы.

Спецыфікай беларускай стылістычнай сістэмы з'яўляецца вядучая роля ў ёй менавіта мастацкага стылю.

 


<== previous lecture | next lecture ==>
Тэма 3. Паняцце функцыянальнага стылю | Тэма 9. Стылістычная норма як паняцце стылістыкі
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.072 s.