Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






УВОДЗІНЫ


Date: 2015-10-07; view: 519.


КУРС ЛЕКЦЫЙ

 

Беларускае друкаванае слова мае багатую і непаўторную гісторыю. Яно ўзнікла ў Х-м стагоддзі і стала вынікам агульнай эвалюцыі славянскай культуры таго часу. Грамадска-палітычнае і эканамічнае жыццё чалавека ўжо характарызавалася адносна высокім узроўнем развіцця і прагрэсу. Актыўна і шырока вялося будаўніцтва гарадоў, у архітэктурных выявах якіх знаходзілі ўвасабленне набыткі тагачаснага славянскага дойлідства. Пашыраліся розныя віды рамёстваў. Унутраны і асабліва – знешні гандаль набываў новыя маштабы і адрасы. На геаграфічнай карце многіх славянскіх зямель з'явіліся першыя помнікі архітэктуры, асобныя з якіх і да сённяшняга дня радуюць сэрцы і душы мільёнаў людзей.

На новы мастацкі ўзровень выйшла у тым жа Х-м стагоддзі і вусная паэтычная творчасць. Легенды і міфы, казанні і паданні, быліны, прыказкі і прымаўкі пачалі набываць закончаную літаратурна-мастацкую форму ў выглядзе кананічных кніг, аповесцяў, хаджэнняў, жыццяў, зводаў законаў, ізборнікаў, летапісных помнікаў і, нарэшце, узораў такой арыгінальнай літаратуры, як “Словы” (Слова аб Законе і Благадаці мітрапаліта Іларыёна”, “Слова аб палку Ігаравым” і інш.). Звод законаў “Праўда Яраслава” (978--1246 гг.), “Ізборнікі” Святаслава (1073 і 1076 гг.), перакладная аповесць “Александрыя” і “Казанне пра Барыса і Глеба”, якія былі вядомыя нашым далёкім прашчурам таксама ў ХІ—ХІІ стагоддзях, і многія іншыя арыгінальныя творы мелі ўжо тады і ідэйна-палітычную і сацыяльную скіраванасць, і высокую мастакоўскую вартасць. На развіццё грамадскай свядомасці жыхароў яны мелі несумненнае ўздзеянне і актыўны ўплыў.

Галоўным жа старажытным летапісным творам, несумненна, па праву лічылася і лічыцца “Аповесць мінулых гадоў”, што з'явілася ў пачатку ХІІ стагоддзя. Гэта насамрэч непераўзыдзены ўзор публіцыстычнай творчасці. Маштабнасць апісаных падзей, веды і кампетэнтнасць аўтара, умелая падача гістарычных падзей і іх апісанне, нарэшце – мастацкія вартасці “Аповесці…” па праву паставілі яе ў рады самых вялікіх помнікаў старажытнага пісьменства.

У наступны перыяд – эпоху Адраджэння – на самым, што называецца, высокім узроўні зарэкамендавала сябе беларускае друкаванае слова. У 1517 годзе насамрэч вялікі беларус Францыск Скарына на ўвесь свет заявіў аб існаванні свайго народа, надрукаваўшы ў Празе – сапраўднай еўрапейскай сталіцы тагачаснай цывілізацыі – чатыры кнігі Бібліі: “Псалтыр”, “Іоў”, “Прытчы Саламона” і “Ісус Сірахаў”. Выдадзеная Скарынам Біблія стала адной з першых і самых ранніх у славянскім свеце наогул, а сярод усходніх славян – самай першай кнігай, напісанай не па-царкоўнаславянску, а ў перакладзе на старабеларускую мову з чэшскай.

Францыск Скарына, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Спірыдон Собаль, Лаўрэнцій і Стэфан Зізаніі, Мялецій Сматрыцкі, Афанасій Філіповіч, Мікола Гусоўскі, Сімяон Полацкі – выдатныя постаці і тытаны беларускага гуманізму і Адраджэння, якія заклалі першыя і надзвычай трывалыя – на стагоддзі і нават тысячагоддзі! – цагліны ў падмурак беларускай публіцыстыкі. Гучна і катэгарычна? Як сказаць! З наступных лекцый мы ўбачым, што менавіта ў іх выданнях тое, што мы называем зараз публіцыстыкай у самым высокім значэнні гэтага слова, знайшло пэўнае, адпаведнае таму часу і магчымасцям развіцця гуманістычнай думкі, тлумачэнне і абазначэнне і нават – фарміраванне. Таму зусім правільным з'яўляецца сцвярджэнне даследчыкаў журналістыкі аб тым, што менавіта гэтыя Асобы заклалі асноўныя прынцыпы публіцыстыкі як спецыфічнага віду грамадска-палітычнай літаратуры.

Ужо да канца ХУІ стагоддзя публіцыстыка на беларускіх землях дасягнула высокага ўзроўню развіцця, заняўшы ў грамадска-палітычным і сацыяльна-эканамічным жыцці належнае ёй месца. Пасля выдання Скарынам сваіх Біблій, яго справа знайшла на Бацькаўшчыне шырокае распаўсюджванне і неверагодна імклівае пашырэнне. У Вільні і Бярэсці, Нясвіжы і Цяпіне, Заблудаве і Заслаўі, Лоску і Куцейне, Мінску і Буйнічах, у некаторых іншых цывілізаваных і культурных на той час цэнтрах зямлі беларускай на працягу 1520-х—1590-х гадоў з'яўляюцца друкарні, у якіх адначасова з выданнем кніг ажыццяўляюцца і першыя спробы выпуску аднаразавых лістовак. Першым такім выданнем – свайго роду правобразам газеты – і стала лістоўка, поўная назва якой гучыць так: “Навіны грозныя а жалостлівые о нападе княжаті Московского Івана на землю рускую, которі то князь паленьнем, тыранством, мордованьнем, мест, замков добываньнем веліку і знаменіту шкоду вчыняет. З доданьнем релацый Его Мілості Гетмана В.К.Л. княжаті Радзівілла о поражцы места Полоцкого. 1562.” Няма сумненняў у тым, што гэта было далёка не адно-адзінае выданне другой паловы ХУІ стагоддзя…

Аднак сам час і само жыццё патрабавалі такіх выданняў, якія б пастаянна, на больш высокім арганізацыйным узроўні неслі грамадству рэгулярную інфармацыю і паведамленні аб тагачаснай сітуацыі хоць бы на роднай старонцы, не кажучы ўжо пра становішча ў суседзяў. На парадак дня, такім чынам, і паўстала пытанне аб наладжванні выхаду ў свет рукапісных, а потым – і друкаваных перыядычных выданняў.



<== previous lecture | next lecture ==>
МЭТЫ І ЗАДАЧЫ КУРСА | Старажытныя помнікі і летапісы на Беларусі.
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.125 s.