Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Выданне газеты “Звезда” – першай масавай газеты РСДРП (б)


Date: 2015-10-07; view: 626.


 

У гісторыі Беларусі ў цэлым, яе друку – ў прыватнасці газеце “Звязда” адводзіцца асаблівая роля і значэнне. Перш за ўсё таму, што існуе яна ажно з 1917 года і да нашых дзён – адрэзак часу, трэба прызнаць, вялікі, сталы і адметны. Амаль што стагоддзе (!) крочыць газета разам з беларускім народам, падзяляючы з ім усё: дасягненні і набыткі, удачы і радасці, а – адначасова – страты і няўдачы, пралікі і прыкрыя прамашкі… Такі шлях, на нашу думку, не толькі адметны і па-добраму зайздросны, але і характэрны, што называецца, лёсам наканаваны!

Першы нумар “Звезды” (на рускай мове) выйшаў 27 ліпеня (9 жніўня па новаму стылю) 1917 года. Яна стала першай штодзённай масавай бальшавіцкай газетай ў Беларусі і на ўсім Заходнім фронце. Газета выходзіла тыражом 3 тысячы экземпляраў, а першымі рэдактарамі яе сталі адразу пяць чалавек: вядомыя на Беларусі дзеячы РСДРП (б) Міхаіл Фрунзе, Аляксандр Мяснікянц (партыйны псеўданім Мяснікоў), Вільгельм Кнорыньш (Кнорын), Карл Ландар і Васіль Фамін. Спачатку яна з'яўлялася органам Мінскага камітэта Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (бальшавікоў), а потым – Паўночна-Заходняга абласнога камітэта РСДРП (б).

Як і належыць у такіх выпадках, у першым жа нумары газета адразу выклала свае мэты і задумы: “…Служэнне інтарэсам працоўных слаёў шляхам згуртавання іх вакол выпрабаванага і слаўнага сцяга рэвалюцыйнай сацыял-дэмакратыі, – вось істотнейшая задача нашага органа…” І “Звезда” спаўна, на даволі высокім арганізацыйным і прафесійным узроўні, адразу ўзялася за ажыццяўленне гэтай задачы.

Узорам для яе з першага ж нумара стала ленінская “Правда”, якая, як вядома, пачала свой летапіс на 5 гадоў раней – з 5 мая 1912 года. Атрымаўшы з бальшавіцкага цэнтра – ЦК РСДРП (б) на чале з Леніным, спачатку вялікую фінансавую падтрымку (праўда, і да сённяшняга дня сярод даследчыкаў беларускага друку размова ідзе пра “нейкія там” 2 тысячы рублёў, нібыта ледзь ці не выпрашаныя Мяснікянцам і яго яшчэ не сфарміраванай камандай для “будучай” “Звезды” ў ЦК партыі: маўляў, усяго толькі на шэсць цэлых нумароў, сцвярджаў адзін з былых рэдактараў роўна праз 10 гадоў (гл. “Бальшавік Беларусі”, 1927, № 3), хоць ёсць і іншыя, але пакуль што афіцыйна не пацверджаныя звесткі, што тая сума была шматкрат большай. – Заўвага А.М.), а потым – і канкрэтнае ўказанне “палымяна змагацца за згуртаванне рабочых, сялян і салдат вакол бальшавіцкай партыі, рыхтаваць іх да ўзброенай барацьбы за перамогу сацыялістычнай рэвалюцыі”, і самі рэдактары “Звезды”, і мабілізаваныя спачатку Мінскім, а потым – Паўночна-Заходнім абласным камітэтам РСДРП (б) сотні і нават тысячы памочнікаў-камісараў і актывістаў друку, пачалі рабіць усё, каб іх газета як мага паўней і шырэй авалодвала масамі працоўных…

Ужо з самых першых нумароў “Звезды” яе рубрыкі і загалоўкі, нібы кулі, білі прама ў сэрца: “Пад сцяг партыі, пралетарыі і салдаты!”, “Пад наш сцяг, прыгнечаныя людзі!”, “Капіталіст і рабочы – ворагі ад нараджэння…”, “У чым шчасце? Яно – ў рэвалюцыі і сацыялізме”, “Няхай жыве рэвалюцыя рабочых, салдат і сялян!”… Гэтыя і многія іншыя заклікі, па-сутнасці, і не дазвалялі чытачу бальшавіцкай газеты (дарэчы, не толькі “Звезды”, а і шматлікіх іншых выданняў) хоць бы на імгненне задумацца над спрадвечнымі для славянскіх народаў патаннямі: “Што рабіць?” і “Хто вінаваты?”…

Дарэчы, першы нумар “Звезды” выйшаў якраз у дзень адкрыцця УІ з'езда РСДРП (б). І гэта зусім заканамерна: газета і выдавалася акурат для таго, каб, паўторымся, спавядаць ідэі і лозунгі бальшавікоў, несці ў масы іх планы і задумы. Ужо ў нумарах за 10, 13, 17 і 20 жніўня 1917-га быў апублікаваны маніфест “Да ўсіх працоўных, да ўсіх рабочых, салдат і сялян Расіі”, які выдаў ЦК РСДРП (б) ад імя УІ з'езда партыі. Менавіта ў ім штаб бальшавікоў на чале з Леніным адкрыта заклікаў “да будучых бітваў з капіталам”.

І не толькі да “бітвы з капіталам” заклікалі шырокія працоўныя масы бальшавіцкія сродкі масавай інфармацыі. Тая ж “Звезда” з нумара ў нумар натхняла сваіх чытачоў на барацьбу з кадэтамі, меншавікамі, бундаўцамі, эсэрамі і іншымі палітычнымі праціўнікамі бальшавікоў…

Часовы ўрад Расіі, вядома ж, не прымаў пазіцыі “Звезды”. І ўжо 24 жніўня 1917 года за актыўную рэвалюцыйную прапаганду друкарня газеты была канфіскавана, а выданне “Звезды” забаронена…

15 верасня – роўна праз тры тыдні – у дзень адкрыцця І Паўночна-Заходняй абласной канферэнцыі РСДРП (б), бальшавікі і спачуваючыя ім у нашым краі атрымалі новае партыйнае выданне – газету “Молот”. Гэта была тая ж “Звезда”, толькі пад новай назвай. “Молот” хоча стаць кавалём шчасця пралетарыяту і вясковай беднаты. У чым гэта шчасце? – Яно ў рэвалюцыі і сацыялізме!” – гэты лозунг уважлівы чытач мог пазнаць: ён (лозунг) – “звездовский”…

18 нумароў “Молота”, мабыць, і сапраўды ўдарылі ў набат гучна і шырокамаштабна – і гэту заслугу адняць у тагачаснага бальшавіцкага друку, у тым ліку і на тэрыторыі нашай Бацькаўшчыны, наўрад ці хто зможа. Аднак 6 кастрычніка 1917-га Часовы ўрад забараняе і гэта выданне. Тым не менш, бальшавіцкія журналісты і паліграфісты не здаюцца, і літаральна праз два дні (!) Міхаіл Фрунзе – галоўны бальшавік і, тым больш, ідэолаг партыі на Беларусі – аднаўляе выданне “Звезды” – “Молота”: на гэты раз пад не менш сімвалічнай і “прарочай” назвай – “Буревестник”.

Назвы рубрык і змест артыкулаў і “Молота”, і “Буревестника” па-ранейшаму не вызначаліся нейкімі пошукамі ці знаходкамі, тым больш – арыгінальнасцю ці свежасцю падачы матэрыялаў, фактаў, лічбаў. Тое ж, што і ў цэнтральнай бальшавіцкай прэсе, друкаванне артыкулаў Ул.Леніна, М. Фрунзе, А. Мяснікянца і іншых лідэраў партыі; тое ж “выкрыццё” палітыкі Часовага ўраду… Тыя ж, агульнабальшавіцкія пазіцыі і лозунгі: “Улада—Саветам!”, “Канец вайне!”, “Зямлю – сялянам, фабрыкі – рабочым!”, “Вайна капіталізму, бязлітасная барацьба з буржуазіяй!”… Безумоўна: на псіхалогію і маральны стан людзей, і перш за ўсё тых, хто знаходзіўся ў акопах Першай сусветнай вайны, неаднагадовай ужо барацьбы “за нешта” і “з чымьсці”, гэта прапагандысцкая дзейнасць аказвала надзвычай вялікае ўздзеянне, яна была эфектыўнай і выніковай.

А з 1 лістапада – праз тыдзень пасля здзяйснення Кастрычніцкай рэвалюцыі – выданне мінскіх бальшавікоў-ленінцаў набыло сваю ранейшую назву – “Звезда”.

Заслугі “Звезды” 1917 года не столькі ў гісторыі станаўлення і развіцця новага, савецкага ўзроўню журналістыкі, колькі ў справе заваёвы бальшавікамі ўлады на нашай Бацькаўшчыне, па нашаму цвёрдаму перакананню, не толькі па-ранейшаму не ацэнены, але нават і не акрэслены. Можна шматкрат, на сотні галасоў сцвярджаць, я к о е гэта было выданне – і па зместу, і па палітычнай арыентацыі, і паводле ўздзеяння на шырокія працоўныя масы, і яшчэ шмат па чым… На нашу ж думку, феномен “Звезды” (“Звязды”) ў іншым: у яе “ўменні” знайсці агульную мову з беларускім народам! І тады, у 1917-м; і пазней – у 20-я – 30-я гады; і падчас грознай фашысцкай навалы – ў 1941-м –1944-м гадах…

І потым: у гады пасляваеннага аднаўлення разбуранай і знішчанай гітлераўцамі гаспадаркі Беларусі; і ў перыяд вяртання беларускаму народу імён і спраў самых шчырых і праведных беларусаў – з ліку сталінскіх ахвяр; і на самых апошніх этапах гістарычных падзей – падчас так званай перабудовы, нарэшце – пры ўступленні Беларусі ў перыяд станаўлення і развіцця яе нацыянальнай суверэннасці і самастойнасці… І не змяншаючы ці прыніжаючы ролі іншых сродкаў інфармацыі, значэнне “Звязды” тут не трэба ні “ўзносіць”, ні “апускаць”… Што было, тое было!

Сваю ролю, наканаваную ёй партыяй бальшавікоў на чале з Леніным на самым першым этапе іх барацьбы за ўладу, беларуская нацыянальная газета “Звезда” ўзору 1917 года выканала спаўна і з вялікім гонарам і адказнасцю. Колькі б мы ні гаварылі, колькі б ні спрачаліся, аднак факт застаецца фактам: рэдактары і супрацоўнікі газеты, цвёрда засвоіўшы ўстаноўкі і задачы бальшавіцкага цэнтра, зрабілі ўсё, каб паспрыяць перамозе Вялікага Кастрычніка на беларускай зямлі. Той перамозе, якая ўсталявала ўладу адной партыі на адной шостай частцы Зямлі на сем з лішкам дзесяцігоддзяў. Здаецца, у гісторыі друкаванага слова гэта – самы сапраўдны феномен!

Пра далейшы ход падзей на нашай Бацькаўшчыне, у тым ліку і з самым вялікім і непасрэдным удзелам “Звезды” (“Звязды”) і іншых сродкаў масавай інфармацыі – ў наступных нашых лекцыях...

 


БЕЛАРУСКАЯ ЖУРНАЛІСТЫКА Ў ГАДЫ ЗАМЕЖНАЙ ІНТЭРВЕНЦЫІ, ГРАМАДЗЯНСКАЙ ВАЙНЫ І Ў ПЕРЫЯД АДНАЎЛЕННЯ НАРОДНАЙ ГАСПАДАРКІ (1918 – 1925 гг.)

“Дзянніца” – першая савецкая газета на беларускай мове

 

Пасля здзяйснення Кастрычніцкай рэвалюцыі на Беларусі, як і па ўсёй былой царскай Расіі, пачалі масава нараджацца новыя, савецкага ўзору, перыядычныя выданні. 29 кастрычніка 1917 года ў Віцебску выйшлі “Известия Военно-революционного комитета города Витебска”; 12 лістапада ў Гомелі – “Известия Гомельского Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов”; з лістапада таго ж, 1917-га, пачалі выходзіць “Известия…” у Полацку; з 1 снежня ў Мінску газета “Советская правда” – орган выканкама Савета рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту… А ўжо ў наступным, 1918 годзе, свае перыядычныя выданні пад той жа назвай “Известия…” пачалі выдаваць Саветы Клімавічаў, Оршы, Сянно, Магілёва і іншых вялікіх і малых гарадоў Беларусі.

Так ужо распарадзілася сама Гісторыя: газета з назвай “Дзянніца” (якое цудоўнае беларускае слова!) на беларускім грамадска-палітычным небасхіле ззяла двойчы. І абодва разы – ярка, уплывова, з карысцю для Бацькаўшчыны. Першы раз, як вядома ўжо, у лістападзе 1916-га; другі – крыху больш чым праз год…

31 студзеня 1918 года пры Народным камісарыяце па справах нацыянальнасцей савецкай Расіі (а ўзначальваў яго, дарэчы, Іосіф Сталін) быў зацверджаны Беларускі нацыянальны камісарыят (Белнацкам). Адной з галоўных задач яго з'яўлялася правядзенне практычнай работы па падрыхтоўцы і ўтварэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Пры Белнацкаме былі ўтвораны некалькі аддзелаў, і адным з вядучых сярод іх быў выдавецкі аддзел, які партыя бальшавікоў даручыла ўзначаліць Зміцеру Жылуновічу (Цішку Гартнаму).

З выбарам назвы перыядычнага выдання Белнацкама Зміцер Хведаравіч не мудрагеліў: “Дзянніцу”, як мы бачылі ўжо вышэй, ён выдаваў раней, прычым, нагадаем, за ўласныя сродкі… А слова гэта і насамрэч мілагучнае, прыгожае, “бяскрыўднае”…

Першы нумар новай “Дзянніцы” выйшаў 1 сакавіка 1918 года ў Петраградзе. У гісторыі айчыннай нацыянальнай журналістыкі яна стала першай савецкай газетай на беларускай мове. Неўзабаве, як вядома, савецкі ўрад на чале з Леніным пераехаў з Петраграда ў Маскву, тое ж, натуральна, зрабіў і Беларускі нацыянальны камісарыят. З 6 красавіка 1918-га па 24 лютага 1919-га гадоў газета выходзіла ў новай сталіцы. Праўда, з № 40 выданне пашырыла свае гарызонты: яно стала веснікам Беларускага нацыянальнага камісарыята і Маскоўскай Беларускай секцыі Расійскай камуністычнай партыі (бальшавікоў) (РКП (б).

Першы нумар “Дзянніцы” засведчыў сваю палітычную накіраванасць двума публікацыямі, змешчанымі на першай жа старонцы. Гэта былі ленінская Дэкларацыя правоў працоўнага і эксплуатуемага народа і адозва “Да рабочых, салдат і сялян Беларусі”. У прыватнасці, у адозве газета заклікала працоўных Беларусі смела і непахісна паўстаць на абарону заваёў Кастрычніцкай рэвалюцыі. “Да зброі! Усе ў рады рэвалюцыйна-сацыялістычнай арміі, усе ў рады баявых дружын!” – клікала газета сваіх чытачоў. Звярталася газета з заклікамі да чытачоў і аб яе падтрымцы: у прыватнасці, у нумары 3 яна пісала: “Хай “Дзянніца” будзе вашай газетай. Шырце яе сярод працоўных людзей… Чытайце самі і давайце знаёмым…”

Найбольш папулярнымі рубрыкамі газеты былі “З фронту” і “З Беларусі”. І гэта не выпадкова: народу надакучыла братазабойчая вайна, насельніцтву хацелася мірнага жыцця. Ды і па вестках з рэгіёнаў чытач даўно сумаваў…

Непрымірымую барацьбу вяла Жылуновічава “Дзянніца”, як, між іншым, і ўсе без выключэння бальшавікі, з дзейнасцю Народнага сакратарыята Беларускай народнай рэспублікі (БНР), якая таксама прэтэндавала на ўладу ў нашым краі. Называючы БНР не інакш, як “урадам беларускіх нацыяналістаў”, газета сцвярджала, што БНР нібыта хоча вярнуць “паншчыну, устанавіць былыя прыгонніцкія парадкі, ліквідаваць усе заваёвы Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі”…

“Дзянніца” шырока асвятляла дзейнасць Белнацкама і яго аддзяленняў у Петраградзе, Віцебску і Смаленску, работу Беларускага навукова-культурнага таварыства ў Маскве, іншых беларускіх арганізацый і згуртаванняў у Расіі. Шмат было матэрыялаў пра падзеі ў Расіі і яе сталіцы, эканамічнае жыццё беларускага народа на акупіраванай тэрыторыі. Не мінала газета і праблемы нацыянальнага адраджэння.

З палымянымі публіцыстычнымі творамі ў многіх нумарах “Дзянніцы” выступіў сам рэдактар яе Зміцер Жылуновіч, а таксама вядомы ў той час публіцыст і грамадскі дзеяч Ігнат Дварчанін. З мастацкіх твораў вызначаліся вершы і апавяданні Якуба Коласа, таго ж Зміцера Жылуновіча (Цішкі Гартнага), братоў Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх, Язэпа Дылы, Янкі Нёманскага… Дарэчы, Янка Нёманскі, разам са Зміцерам Жылуновічам, таксама з'яўляўся рэдактарам “Дзянніцы”.

49 нумар “Дзянніцы”, які выйшаў у свет 24 лютага 1919 года там жа, у Маскве, стаў апошнім у палітычнай біяграфіі гэтага цікавага беларускамоўнага выдання.

 

“Белорусская правда”, “Белорусская деревня”, “Савецкая Беларусь”


<== previous lecture | next lecture ==>
Грамадска-палітычныя выданні Беларусі (1905—1917 гг.) | І іншыя газеты. Першыя маладзёжныя выданні
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.704 s.