|
І іншыя газеты. Першыя маладзёжныя выданніDate: 2015-10-07; view: 810.
Падчас замежнай інтэрвенцыі ў акупіраваных раёнах Беларусі шматлікімі тыражамі выдаваліся лістоўкі, пракламацыі, адозвы перш за ўсё бальшавіцкіх падпольных арганізацый, таксама Народным сакратарыятам і Радай Беларускай Народнай Рэспублікі. Натуральна, аўтарытэт іх сярод чытачоў быў розны: беларусы далёка не аднолькава ставіліся як да ўлады партыі бальшавікоў, так і да дзеячаў БНР, якіх, як вядома, па многіх пазіцыях і падыходах да ўсталявання на нашай Бацькаўшчыне “новай улады” падтрымлівалі акупацыйныя ўлады – і нямецкая (кайзераўская), і польская… У гэтых умовах найбольшая ўвага надавалася, безумоўна, выданню і распаўсюджванню газет як найбольш аўтарытэтных і значных друкаваных сродкаў інфармацыі. 17 мая 1920 года ў Смаленску на рускай мове выйшаў першы нумар “Белорусской правды” – газеты Палітычнага аддзела Рэвалюцыйнага ваеннага савета Заходняга фронту. Афіцыйна ж яна лічылася “органам партызан-камуністаў” – пад такім лозунгам яна і вяла прапагандысцкую і агітацыйную дзейнасць сярод сваіх чытачоў. Дэвізам выдання былі словы: “Беражы сваю чырвоную газету, прачытаўшы, перадай другому!”. Выданне “Белорусской правды” было абумоўлена падрыхтоўкай Чырвонай Арміі да летняга контрнаступлення. Таму і асноўным месцам распаўсюджвання газеты было мясцовае насельніцтва беларускай тэрыторыі, акупіраванай польскімі захопнікамі. У прыватнасці, першы нумар яе адкрываўся заклікам: “Таварышы, браты, рабочыя і сяляне Беларусі! Надышоў час расплаты з нашымі катамі!. Паднімайцеся на смяротны бой з насільнікамі – польскімі жандарамі… Знішчайце, вырывайце з карэннем памешчыцкіх вырадкаў! Смерць ворагам працоўнага народа!”… У спецыяльным “Звароце да беларускага народа” газета ставіла ў прыклад “рускіх братоў, якія смела ўзняліся на барацьбу з амерыканскімі, англійскімі і французскімі інтэрвентамі”. Газета раіла насельніцтву, як і якім чынам можна перашкодзіць акупантам у ажыццяўленні іх палітыкі: “Не давайце ворагу магчымасці перафарміроўваць сваё войска, разбурайце чыгуначныя дарогі, разбірайце рэйкі, адвінчвайце гайкі, адносьце ўсё гэта як мага далей і хавайце ў лясах, у ярах, у вадзе, дзе толькі можна (гэта нам спатрэбіцца). Узрывайце і падпальвайце масты…” Гэта былі насамрэч партызанскія метады і спосабы барацьбы з захопнікамі… Акрамя матэрыялаў-інструкцый па вядзенню барацьбы, паведамленняў аб ходзе партызанскай вайны з акупантамі, “Белорусская правда” змяшчала звесткі аб вызваленні беларускіх гарадоў і мястэчак ад белапалякаў, вершы і сатырычныя куплеты пра польскіх захопнікаў. Праіснавала газета роўна месяц – да 17 чэрвеня 1920 года. З 1921 года бярэ свой пачатак беларускі сялянскі друк. Менавіта тады выйшаў у свет першы нумар газеты “Белорусская деревня” (на рускай мове). Напачатку гэта быў дадатак да “Звезды”, а з сакавіка 1924 года пад назвай “Беларуская вёска” (ужо на беларускай мове) газета стала самастойным выданнем. У 1931 – 1935 гадах газета выходзіла пад назвай “Калгаснік Беларусі”, у 1945 – 1950-х – “Савецкі селянін” (на беларускай і рускай мовах), у 1950 – 1962-х – “Калгасная праўда” (таксама на дзвюх мовах), у 1962 – 1990-х – “Сельская газета” (толькі на рускай мове). З кастрычніка 1991 года гэта выданне носіць назву “Белорусская нива”. Асноўным зместам гэтых выданняў было асвятленне сялянскага (і перш за ўсё – калгаснага) жыцця беларускага грамадства. Станаўленне і развіццё новай сельскагаспадарчай вытворчасці, эканамічнае і сацыяльнае развіццё вёскі ў цэлым і асобных рэгіёнаў Беларусі – ў прыватнасці, прапаганда і так званае шырокае распаўсюджванне перадавога вопыту гаспадарання на зямлі, дзейнасці перадавых гаспадарак, асобных наватараў вытворчасці, укараненне ў сельскую гаспадарку новых набыткаў навукі і тэхнікі, самыя розныя матэрыялы аб палітыка-выхаваўчай рабоце і штодзённай дзейнасці вёскі – гэта была галоўная праблематыка выступленняў спецыялізаванага сельскагаспадарчага друку нашай Бацькаўшчыны таго часу. З выданняў іншых накірункаў дзейнасці і праблематыкі варта згадаць грамадска-палітычныя і літаратурныя газеты “Белорусская земля” і “Беларусь”. Першая з іх выходзіла ў Мінску з 1 сакавіка 1918 года, свет убачылі некалькі нумароў. Афіцыйным выдаўцом газеты з'яўляўся Саюз беларускіх арганізацый, фактычна ж гэта быў Народны сакратарыят Беларускай Народнай Рэспублікі. “Белорусская земля” друкавала дакументы выканаўчага камітэта Савета Усебеларускага з'езда, пастановы, загады і аб'явы Народнага сакратарыята і падначаленых яму органаў, артыкулы дзеячаў беларускага нацыянальнага руху, якія, як вядома, адмоўна ставіліся да ўлады Саветаў на Беларусі. Газета “Беларусь” – штодзённае палітычна-эканамічнае і літаратурнае выданне нацыянальна-дэмакратычнага накірунку. Выходзіла таксама ў Мінску з 21 кастрычніка 1919-га да 9 ліпеня 1920-га гадоў і з'яўлялася свайго роду пераемніцай іншай газеты такой жа арыентацыі – “Звон”. Дарэчы, трэба зазначыць, што “Беларусь” развівала і працягвала традыцыі і накірункі дзейнасці “Нашай Нівы” – адной з першых масавых легальных газет на беларускай мове. Яна імкнулася да аб'яднання нацыянальных па характару і практычнай дзейнасці палітычных партый і груповак, тых, якія ў штодзённай тагачаснай рабоце (нагадаем: пры акупацыйных уладах) імкнуліся адстойваць ідэю незалежнай, суверэннай і непадзельнай Беларускай рэспублікі ў этнаграфічных межах нашага народа. Газета змяшчала самыя розныя матэрыялы – рэдакцыйныя артыкулы і літаратурна-мастацкія творы, карэспандэнцыі і інфармацыйныя паведамленні, якія былі прасякнуты духам згуртавання беларусаў, змагання за нацыянальную ідэю, адраджэння Бацькаўшчыны, яе дзяржаўнасці і культуры, гаспадаркі і сацыяльнай сферы, самабытнасці беларускай нацыі… Выкрываючы рабаўніцкую палітыку польскіх захопнікаў на Беларусі, газета спавядала ідэю стварэння беларускай арміі, што, натуральна, у тых умовах было зусім не рэальна. Шмат публікацый было прысвечана праблемам стварэння беларускіх школ; пошуку шляхоў аднаўлення і развіцця прамысловасці і сельскай гаспадаркі краю… З матэрыялаў на гістарычную тэматыку на старонках “Беларусі” варта адзначыць даследаванні вядомага даследчыка Яўхіма Карскага, з літаратурных – творы Янкі Купалы, Максіма Гарэцкага, Якуба Коласа, Міхася Чарота, Змітрака Бядулі, Уладзіслава Галубка і іншых. Адметнай з'явай беларускай журналістыкі тых гадоў стала і выданне газеты “Савецкая Беларусь”. Першы нумар штодзённай беларускамоўнай грамадска-палітычнай газеты “Савецкая Беларусь” выйшаў 1 лютага 1920 года ў Смаленску. Ён быў падпісаны ў свет Аляксандрам Чарвяковым, Вільгельмам Кнорыньшам, Алесем Бурбісам і Фабіянам Шантырам – вядомымі грамадска-палітычнымі дзеячамі Беларусі таго часу. Пачынаючы з № 4 газету рэдагавалі Аляксандр Чарвякоў і Зміцер Жылуновіч (Цішка Гартны). З 15 жніўня 1920-га і да 21 сакавіка 1933-га гадоў газета выходзіла ў Мінску. Першыя 10 нумароў яе выдаваліся два разы на тыдзень так званай Беларускай рэдакцыйнай калегіяй Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Літвы і Беларусі (ЛітБел) як двухтыднёвы часопіс. З 15 жніўня 1920-га “Савецкая Беларусь” стала органам Рэвалюцыйнага камітэта БССР, а з 19 снежня таго ж года – органам Цэнтральнага выканаўчага камітэта БССР, з 16 студзеня 1930-га – органам ЦВК і Саўнаркома Беларусі. У розныя гады адказнымі рэдактарамі газеты з'яўляліся такія вядомыя дзеячы рэвалюцыйнага і бальшавіцкага руху на Беларусі, як Сцяпан Булат, Зміцер Жылуновіч (Цішка Гартны), Усевалад Ігнатоўскі, Міхась Кудзелька (Чарот) і іншыя. Падчас вызвалення Беларусі ад польскіх захопнікаў газета падрабязна інфармавала чытачоў аб баявых дзеяннях Чырвонай Арміі, партызан. Аналізавалася ваеннае становішча, расказвалася пра шматлікія расправы інтэрвентаў над мірным насельніцтвам. Рубрыкі “Весткі з фронту”, “Чырвоны тыл – фронту”, масавыя кампаніі пад дэвізамі “Тыдзень – фронту”, “Тыдзень – на карысць абароны” і іншыя былі ў першыя месяцы выхаду газеты самымі важнымі і папулярнымі. З'яўляючыся разам са “Звездой” адным з галоўных афіцыйных органаў друку на нашай Бацькаўшчыне, тэматычная накіраванасць “Савецкай Беларусі” была закладзена ўжо ў самой назве газеты – барацьба за ажыццяўленне палітыкі партыі бальшавікоў і Савецкай улады. Пасля вызвалення газета шырока, з нумара ў нумар, адлюстроўвала грамадска-палітычныя і сацыяльна-эканамічныя працэсы, развіццё эканомікі прамысловасці і сельскай гаспадаркі, мастацкай культуры і літаратурнага руху ў БССР у такі скаладаны час, як 20—30-я гады ХХ стагоддзя. Тэматыка станаўлення і развіцця новай, як сцвярджалі бальшавікі, сацыялістычнай па зместу і характару культуры і літаратуры, была для “Савецкай Беларусі” ці не галоўнай. Гэтаму, перш за ўсё, спрыялі адказныя рэдактары выдання, прозвішчы якіх пералічаны вышэй. І Булат, і Гартны, і Ігнатоўскі, і Чарот былі выдатнымі творцамі і навукоўцамі, якія ўмелі аб'яднаць вакол сябе такіх жа шчырых і праведных працаўнікоў на ніве нацыянальнага адраджэння Беларусі, як і яны самі. З газетай з ахвотай супрацоўнічалі такія вядомыя ў той час і пазней літаратары, як Адам Бабарэка і Пятрусь Броўка, Змітрок Бядуля і Анатоль Вольны (Ажгірэй), Максім Гарэцкі і Уладзімір Дубоўка, Алесь Дудар (Дайлідовіч) і Міхась Зарэцкі (Касянкоў), Якуб Колас і Кандрат Крапіва (Атраховіч), Аркадзь Куляшоў і Янка Купала, Міхась Лынькоў і Паўлюк Трус… Не былі чужымі для “Савецкай Беларусі” і тэмы музычнага і тэатральнага жыцця, дзейнасць мастацкіх і этнаграфічных выставак, праблемы захавання помнікаў гісторыі і культуры… На жаль, у першай палове 30-х гадоў многія з гэтых тэм і накірункаў дзейнасці газеты з яе старонак практычна зніклі. Рэпрэсіі і ганенні на лепшых прадстаўнікоў культуры, літаратуры і навукі, “мода” на так званую вульгарна-сацыялагічную крытыку і г.д. фізічна выдалілі і выцеснілі з “Савецкай Беларусі” яе лепшых аўтараў і супрацоўнікаў. Многія з іх неўзабаве наогул зніклі ў засценках ГУЛАГа… На працягу 1924 – 1928 гадоў “Савецкая Беларусь” выдавала спецыялізаваныя літаратурныя часопісы “Радавая рунь” і “Чырвоная краіна”, а таксама “Літаратурны дадатак да газеты “Савецкая Беларусь”. У 20-я гады ХХ стагоддзя ў Беларусі з'явіліся на свет і першыя маладзёжныя друкаваныя выданні. Ужо ў 1920 годзе выйшлі часопіс “Факел коммунизма” і газета “Звезда молодежи”. Газету, напрыклад, выдалі члены камуністычнага Саюза моладзі Беларусі ў Смаленску пры дапамозе членаў Камуністычнай партыі Літвы і Беларусі. Былі і іншыя выданні… Аднак вядучае месца сярод іх адразу ж заняла газета “Красная смена” (“Чырвоная змена”), да слаўнага летапісу якой мы звернемся і зараз, і пазней не адзін раз. Бо на гэта ёсць мноства падстаў… 21 красавіка 1921 года беларуская нацыянальная моладзь атрымала першую сваю газету – “Красная смена” (на рускай мове). Такім чынам, першы, гістарычнай значнасці, факт: юнакі і дзяўчаты яшчэ ўчарашняй расійскай ускраіны – Беларусі раней нават чым у “самой” Маскве займелі друкаваны сродак інфармацыі, які быў нацэлены на адлюстраванне выключна маладзёжных праблем і пытанняў (нагадаем: “Комсомольская правда”, якая на шэсць з паловай дзесяцігоддзяў стане бясспрэчным аўтарытэтам маладзёжнага друку ўсяго Савецкага Саюза, пачне сваю біяграфію на чатыры гады пазней – з 1925-га). Да 1925 года (па № 166) газета выходзіла толькі на рускай, у 1925 – 1926 гадах – на рускай і беларускай мовах. У першым жа нумары “Красная смена” засведчыла сваю праграму дзеянняў: “Нягледзячы на ўсе неспрыяльныя ўмовы, нягледзячы на цяжкае гаспадарчае становішча краіны, моладзь Беларусі мае свой орган… “Красная смена” будзе клікаць моладзь на працу, на барацьбу за ідэалы камунізма”… Уся практычная дзейнасць маладзёжнай газеты грунтавалася на палітыцы партыі бальшавікоў. Пры гэтым выступіць на яе старонках з палымянымі артыкуламі-заклікамі, а тым больш – з не менш пафаснымі вершамі і апавяданнямі за вялікі гонар лічылі для сябе Янка Купала і Якуб Колас, Платон Галавач і Паўлюк Трус, Кузьма Чорны і Эдуард Самуйлёнак, іншыя паэты і празаікі. Іншым фактам гістарычнай значнасці “Красной смены” (“Чырвонай змены”) можна ( і трэба!) па праву лічыць выхад газеты ў грозныя 1943 – 1944 гады ў партызанскай зоне Любанскага раёна Мінскай вобласці. Рызыкуючы сваімі жыццямі, пад практычна штодзённымі артылерыйскімі і авіяцыйнымі абстрэламі “Чырвонка”-партызанка, як яе ласкава называлі і называюць зараз, рабіла вялізную справу па мабілізацыі беларускай моладзі на барацьбу з “карычневай чумой” ХХ стагоддзя. На вялікі жаль, у мірны час – а калі дакладней, у красавіку 2002 года – лёс “Чырвонай змены” ў прамым сэнсе слова склаўся трагічна. Па рашэнню “новых” “камсамольскіх” вярхоў, з маўклівай згоды вышэйшага кіраўніцтва суверэннай і незалежнай Рэспублікі Беларусь, газета была далучана ў якасці дадатку да ранейшага старэйшага брата па журналісцкаму цэху – “Звязды”. Адзін раз у тыдзень, на дзвюх старонках, большасць з якіх запаўняюцца рэкламнымі публікацыямі (!) далёка не маладзёжнай тэматыкі і праграмай тэлебачання на наступны тыдзень (!) – вось які выгляд мае сёння “Чырвоная змена”… Тая самая “Красная смена” (“Чырвоная змена”) – слаўны летапіс якой бярэ пачатак у 1921-м, а прадоўжаны у грозныя 1943 – 1944-я… Газета, на сцягу якой быў ордэн Працоўнага Чырвонага Сцягу: высокая і заслужаная ўзнагарода за ратныя і працоўныя подзвігі як беларускай моладзі, так і некалькіх пакаленняў журналістаў-чырвоназменаўцаў!
Акруговыя выданні. Рабселькораўскі рух
Калі прыслухацца да даследчыкаў савецкай партыйнай журналістыкі, адметнай з'явай яе было развіццё і дзейнасць масавага рабселькораўскага руху. Цяжка, ды, бадай што, і немагчыма нам, сённяшнім, перш за ўсё “пераправерыць” усё тое: ш т о было, я к было, і наогул – ці было тое на самой справе?! Энтузіясты і “неўтаймоўныя” ахвотнікі (у добрым значэнні гэтага слова) “папісваць” у газету на працягу, бадай што, усяго ХХ стагоддзя і ў Расійскай імперыі, а потым – і ў савецкіх сацыялістычных рэспубліках – былі: гэта адназначна! Больш таго, да актыўных газетных выступленняў рабочых і сельскіх карэспандэнтаў – прадстаўнікоў з “месцаў” і “выхадцаў” з народа – шматкрат і надзвычай актыўна заклікаў у сваіх працах і выступленнях “сам” Ленін: а Уладзіміра Ільіча і кіраўнікі партыйна-савецкай прэсы, і партыйныя работнікі на месцах, ды і самі актывісты не паслухацца не мелі аніякага маральнага права… Як кажуць у такіх выпадках (гэта, дарэчы, не жорсткая спекуляцыя на рэчаіснасці, а самая звычайная канстатацыя фактаў), масла ў агонь – агонь сапраўднай класавай барацьбы! – падлілі шэраг трагічных, бязлітасных і бесчалавечных канфліктаў-сутыкненняў рабочых і сельскіх карэспандэнтаў са сваімі ж аднавяскоўцамі і таварышамі па працы, што мелі месца як у Расійскай Федэрацыі, так і непасрэдна ў нашай рэспубліцы. У 1922 годзе, як пісалі з нумара ў нумар усе без выключэння перыядычныя выданні, “ад кулацкіх куль палі рабкор “Правды” Спірыдонаў і селькор Маліноўскі з вёскі Дымаўка, што на Адэшчыне”. На забойства апошняга з іх высокапатрыятычным вершам адгукнуўся тагачасны класік савецкай літаратуры Дзям'ян Бедны (Яфім Прыдвораў): Тёмная Дымовка згинет, умрёт, Солнце осветит родные просторы, Рыцари правды и света, вперёд, – Мы, боевые селькоры!.. “Кулацкі тэрор” у адносінах да “рыцараў праўды і святла”, як пішуць даследчыкі нашага друку, не абмінуў і Беларусь. У 1925 годзе – ўсяго на працягу трох дзён, 25 – 27 студзеня – ў Круглянскім раёне быў забіты селькор Фёдар Ракушаў, а ў Пухавіцкім – Рыгор Жлобіч. Так, несумненна, былі яны актыўнымі змагарамі за праўду, за роўныя правы на прыстойнае жыццё не толькі больш-менш багатых аднавяскоўцаў, але і ўсіх іншых… Але… Сёння мы ўсё больш і больш пагаджаемся з думкай, што не кулакамі былі тыя “тэрарысты”-забойцы селькораў, а іншым разам больш працавітыя і ахвочыя да лепшага жыцця вяскоўцы... Так, ім зайздросцілі, іх адвяргала новая ўлада, больш таго – тая ж улада заклікала да актыўнай барацьбы з імі: "кулакамі" і "падкулачнікамі"… Зыход усяго гэтага быў адзін і той жа, ранейшы: братазабойчыя канфлікты і сутычкі, “высвятленне адносінаў” ледзь ці не на кожным кроку жыцця-быцця… І гэта пры тым, што незадоўга да забойстваў Ракушава і Жлобіча – дакладней, у кастрычніку 1924 года – пракуратура Беларусі разаслала ўсім акруговым пракурорам цыркуляр, у якім адзначалася, што “ўсялякае праследаванне рабселькораў павінна разглядацца як злачынства палітычнага характару і замах на асноўныя заваёвы пралетарскай рэвалюцыі”. Больш таго, у цыркуляры-пісьме падкрэслівалася, што “напад на селькора – гэта напад на Савецкую ўладу, што караецца як контррэвалюцыйнае злачынства”… Галоўныя рэспубліканскія газеты – і перш за ўсё “Звезда” – усяляк падтрымлівалі і заахвочвалі адукаваных і пісьменных рабочых і сялян да супрацоўніцтва з перыядычнымі выданнямі. Ужо з 1921 года “Звезда” рэгулярна выступае з артыкуламі, у якіх зразумелай і прымальнай чытачу мовай тлумачыць “ролю і значэнне рабселькораўскага руху” на Беларусі. Актывістам друку даюцца канкрэтныя заданні і даручэнні, у прыватнасці, побач з асвятленнем культурнага жыцця, дзейнасці новых органаў улады, абавязкова выкладаюцца і парады, сэнс і змест якіх, па-сутнасці, адзін: “выкрыццё кулакоў і падкулачнікаў, усіх шкоднікаў сацыялістычнага будаўніцтва ў Беларусі”… І вось першы вынік такой арганізацыйна-прапагандысцкай і агітатарскай работы рэдакцыі: толькі на працягу студзеня 1923 года “Звезда” атрымала 170 допісаў, у сакавіку – 183, а ўжо праз год – адпаведна 310 і 315… Усяму гэтаму руху, безумоўна ж, спрыялі арганізацыйныя і агітацыйныя дзеянні штаба партыі бальшавікоў – Цэнтральнага камітэта Расійскай камуністычнай партыі. Цыркуляр ЦК РКП (б) “Аб праграме мясцовай газеты” (1921 г.), пісьмо “Аб плане мясцовых газет” (1922 г.), наступныя пастановы ЦК “Аб рабочым друку”, “Аб сялянскім друку”, “Аб формах сувязі газет з рабочымі і сялянскімі чытачамі” (усе – 1924 г.), рэзалюцыі і рашэнні ўсіх без выключэння партыйных з'ездаў і пленумаў першай паловы 20-х гадоў ХХ стагоддзя нацэльвалі перыядычныя выданні на канчатковы вынік – барацьбу за заваёву душы і сэрца чалавека працы. І бальшавікам гэта спаўна ўдалося… З 1923 года рэдакцыя газеты “Правда” па прамому ўказанню ЦК РКП (б) пачала правядзенне нарад рабочых карэспандэнтаў. Ужо ў кастрычніку таго ж года з 42 удзельнікаў І Усесаюзнай нарады рабкораў у Маскве 5 былі з Мінска, Віцебска, Гомеля і Магілёва. “Форумам актывістаў бальшавіцкага друку” і да сённяшняга дня называюць даследчыкі журналістыкі тую нараду. На справе ж гэта, верагодней за ўсё, было самае звычайнае “прамыванне мазгоў”, раздача “каштоўных указанняў” найбольш адукаваным рабочым адносна таго, ш т о і я к пісаць… У адказ на рашэнні І Усесаюзнай нарады рабкораў беларускія кіраўнікі- бальшавікі 21 верасня 1924 года правялі І Беларускі з'езд рабселькораў. Яго дэлегаты, як засведчыла “Гісторыя беларускай журналістыкі”, “прадстаўлялі двухтысячную армію карэспандэнтаў рэспублікі”. Абмеркаваўшы праблемы міжнароднага і ўнутранага становішча, становішча беларускага друку, чарговыя задачы карэспандэнтаў, арганізацыйныя і іншыя пытанні, з'езд у спецыяльнай рэзалюцыі “Аб савецкім друку і задачах карэспандэнтаў” даў рабселькорам канкрэтнае ўказанне, “каб яны ўсямерна аказвалі дапамогу ў будаўніцтве асноў сацыялізму, імкнуліся да далейшага вывучэння фактаў, асвятлялі работу прадпрыемстваў з пункту гледжання павышэння вытворчасці працы, канцэнтравалі сваю ўвагу на недахопах работы таго ці іншага прадпрыемства, уздымалі пытанні культурнага росту рабочага класа і сялянства, знаходзілі і расказвалі на старонках газет пра самае каштоўнае і новае ў жыцці вёскі, прымалі актыўны ўдзел у рабоце насценных газет, аказвалі дапамогу ў іх колькасным росце…” Як кажуць у такіх выпадках, гладка было на паперы… Галоўныя рэспубліканскія перыядычныя выданні “Звезда” і “Савецкая Беларусь”, “Белорусская деревня” і “Красная смена”, іншыя газеты, выконваючы рашэнні і распараджэнні цэнтральных і рэспубліканскіх партыйна-бальшавіцкіх органаў, рабілі, несумненна ж, вялікую, перш за ўсё – арганізацыйную і агітацыйна-прапагандысцкую працу. Сотні паведамленняў самых розных жанраў запаўнялі штодзённа старонкі гэтых выданняў. Толькі наўрад ці задумваўся хто-небудзь: а ці быў эфект ад гэтай ідэалагічнай апрацоўкі насельніцтва Беларусі – насельніцтва часцяком неадукаванага, забітага, як казалі тады – цёмнага, занятага куды больш “празаічнымі” праблемамі і пытаннямі: як выжыць, накарміць сям'ю, што пасеяць, як убраць ураджай і г.д., і да т.п… Першым вынікам разгортвання масавага рабселькораўскага руху ў нашай рэспубліцы стала правядзенне у лютым 1925 года І з'езда селькораў Беларусі. На ім прысутнічалі 120 дэлегатаў. Выступаючы на адкрыцці з'езда, старшыня Саўнаркома БССР Аляксандр Чарвякоў сказаў: “Кампартыя зараз накіроўвае сваю работу на ўздым актыўнасці працоўных мас… Першымі ластаўкамі беларускай вёскі з'яўляюцца селькоры. Селькор – прадстаўнік сялянства. Аб'яднаць масы вакол партыі, весці іх наперад павінен лепшы селянін-селькор…Друкаванае слова ў руках селькора – магутная зброя барацьбы – гэта магутны арганізатар мас…” Аднак за прыгожымі і, на той час, “правільнымі словамі”, стаялі галеча ў рэспубліцы, ранейшае бяспраўе чалавека працы, яго непатрэбнасць і незапатрабаванасць у грамадскай вытворчасці… Якраз тады, у сярэдзіне 20-х гадоў, у выніку ўзбуйнення тэрыторыі Беларусі і з'яўлення на яе карце новых тэрытарыяльных адзінак – акруг – у нас з'явіліся новыя перыядычныя выданні – акруговыя газеты. Адметнай заслугай іх стала тое, што яны выдаваліся на беларускай мове. Лепшай, паводле прызнання даследчыкаў беларускай нацыянальнай перыёдыкі, тады была бабруйская газета “Камуніст”. Тады ж, у 20-я гады, тут пачыналі свой літаратурны і журналісцка-публіцыстычны шлях такія вядомыя літаратары, як Міхась Лынькоў і Платон Галавач. У газеце Гомельскай акругі – “Палеская праўда” часта выступаў Паўлюк Трус: увесь 1927 год ён адпрацаваў у штаце выдання.
ЖУРНАЛІСТЫКА БЕЛАРУСІ НАПЯРЭДАДНІ І Ў ГАДЫ
|