|
ПЕРАДВАЕННЫХ ПЯЦІГОДАК (1926 – 1941 гг.)Date: 2015-10-07; view: 539. Друк ва ўсходняй частцы тэрыторыі Беларусі
Да пачатку 1926 года разбураная і знявечаная рэвалюцыямі і войнамі гаспадарка Савецкага Саюза ў цэлым і Беларусі – ў прыватнасці была ў асноўным адноўлена. Краіна прыступіла да пабудовы сацыялізму ў адпаведнасці з планамі, распрацаванымі Уладзімірам Леніным і яго паслядоўнікамі і аднадумцамі. Прайшлі чарговыя ХІУ і ХУ з'езды партыі бальшавікоў, якія і ўказалі шляхі і метады пабудовы фундамента сацыялізму, правядзення ў Савецкім Саюзе сацыялістычнай індустрыялізацыі і калектывізацыі сельскай гаспадаркі. У красавіку 1929 года ХУІ партыйная канферэнцыя зацвердзіла першы пяцігадовы план развіцця народнай гаспадаркі СССР. Працоўныя Беларусі былі, вядома ж, разам з усім савецкім народам, больш таго, паводле трапнага вызначэння савецкага друку, “крочылі ў авангардзе савецкага сацыялістычнага жыцця”. Праграмы развіцця ўсіх галін вытворчасці распрацоўвалі дастасавальна да сваіх рэгіёнаў рэспубліканскія і абласныя партыйныя арганізацыі. Практычна кожны год праводзіліся з'езды Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі. Так, ІХ з'езд (1925 г.) вызначыў праграму развіцця сацыялістычнай эканомікі рэспублікі, а ХІІ (1929 г.) – “паставіў задачы па паступоваму пераводу аднаасобных сялянскіх гаспадарак на рэйкі калектывізацыі”… Актыўнымі праваднікамі ў жыццё “генеральнай лініі партыі” ўсё больш і больш станавіўся савецкі друк. Перш за ўсё з яго падтрымкай партыя бальшавікоў з першых крокаў сваёй дзейнасці разгарнула барацьбу за ажыццяўленне сваіх ідэй і лозунгаў, супраць розных, як напісана ў згаданым вышэй падручніку па гісторыі журналістыкі, “спроб трацкістаў, правых апартуністаў, зіноўеўцаў парушыць адзінства партыі, сарваць справу сацыялістычных пераўтварэнняў”… Усе крокі ў грамадска-палітычным і сацыяльна-эканамічным жыцці ў краіне – як практычныя, так і тэарэтычныя – былі падкантрольныя як з боку партыйных арганізацый, так і з боку партыйна-савецкай журналістыкі. На працягу першага дзесяцігоддзя пасля здзяйснення Кастрычніцкай рэвалюцыі Цэнтральны камітэт РКП (б) прыняў некалькі дзесяткаў(!) пастаноў і загадаў, накіраваных на так званае кіраўніцтва друкам. Спецыяльныя пастановы тычыліся, напрыклад, паляпшэння якасці партыйна-савецкага друку, развіцця рабселькораўскага руху, падрыхтоўкі журналісцкіх кадраў, умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы выдавецтваў і друкарняў, стварэнне аддзелаў у рэдакцыях – і перш за ўсё партыйнага жыцця, ідэалогіі і прапаганды, і інш. Гэтыя дакументы, плюс штодзённая ўвага і кантроль за дзейнасцю сродкаў інфармацыі, вядома ж, давалі плён і вынікі, патрэбныя партыйным органам і арганізацыям. Расла колькасць выданняў, павялічваліся іх тыражы. У 1929 годзе ў Беларусі выходзілі 14 рэспубліканскіх і акруговых газет, 14 – раённых, 35 – шматтыражных агульным тыражом 18,6 мільёна экземпляраў. А ўжо да канца 1932 года ў параўнанні з тым жа 1929-м друк Беларусі “вырас” амаль што ў 9 разоў! У Беларусі выходзілі звыш 200 рэспубліканскіх, абласных, раённых і шматтыражных газет. З'явіўся і набыў надзвычай шырокае распаўсюджанне новы від прапаганды і агітацыі – насценны друк: такіх газет у нас было каля 6 тысяч… У авангардзе рэспубліканскага перыядычнага друку, як і належала газеце № 1, па-ранейшаму крочыла “Звязда” (са жніўня 1927 года яна выдавалася на беларускай мове). Яна выступала ініцыятарам і першапачынальнікам многіх журналісцкіх ініцыятыў і пачынаў, якія, адпаведна статусу бальшавіцкага друку, павінны былі падхопліваць і развіваць, гэта значыць прымяняць дастасавальна да мясцовых умоў канкрэтных рэгіёнаў рэспублікі, тамтэйшыя перыядычныя выданні. На справе гэта выглядала так. У 1926 годзе газета аб'яўляе конкурс пад дэвізам “Рэжым эканоміі – шлях да сацыялізма!”. Сама “Звезда” – яшчэ рускамоўная – на працягу першых трох месяцаў змяшчае на сваіх старонках ажно 43 (!) публікацыі, прысвечаныя гэтай, безумоўна ж, важнай праблеме. Прычым, публікацый самых розных жанраў: падборак заметак і паведамленняў, артыкулаў і карэспандэнцый, перадавых артыкулаў і нават некалькі …фельетонаў. Натуральна, і абласныя, ды па-сутнасці і ўсе раённыя газеты барацьбе за эканомію і беражлівасць таксама надавалі прыярытэтнае значэнне і ўвагу. А з мая 1928-га (ўжо беларускамоўная) “Звязда” наогул пачала выдаваць цэлыя старонкі-лісткі “Рабоча-сялянскай інспекцыі”. Кантроль – строгі, штодзённы і надзвычай жорсткі – ўстанаўліваўся прэсай літаральна за кожным участкам прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці. 9 мая 1929 года Цэнтральны камітэт Усерасійскай камуністычнай партыі (бальшавікоў) прыняў пастанову “Аб сацыялістычным спаборніцтве фабрык і заводаў” – дакумент, які вызначыў адзін з галоўных напрамкаў дзейнасці савецкага перыядычнага друку на некалькі дзесяцігоддзяў наперад. Канкурэнтная барацьба за выпуск лепшай па якасці прадукцыі, уласцівая кожнай палітычнай і сацыяльна-эканамічнай сістэме гаспадарання, ва ўмовах пабудовы нашага сацыялістычнага грамадства была, так бы мовіць, ахрышчана на свой лад – сацыялістычным спаборніцтвам. Натуральна, партыя і ўрад запатрабавалі ад ідэалагічных службаў краіны, у тым ліку і ад сродкаў масавай інфармацыі, падвядзення пад гэты рух прапагандысцкай базы – для папулярызацыі і шырокага ўкаранення яго па ўсёй краіне. І літаральна з першых наступных нумароў усіх без выключэння СМІ – ад “Правды” да раённых і шматтыражных газет – выданні навыперадкі пачалі запаўняцца падборкамі і асобнымі публікацыямі пад самымі разнастайнымі рубрыкамі: “Сацыялістычнае спаборніцтва”, “Энтузіясты сацыялістычнага спаборніцтва”, “З фронту сацыялістычнага спаборніцтва”, “Праверка дагавора сацыялістычнага спаборніцтва”, “Сацыялістычнае спаборніцтва – ў вёску!” і г.д. Паралельна з развіццём самога руху, пачалі нараджацца формы яго: ударніцтва, скразныя брыгады па выпуску прадукцыі, сустрэчныя планы, выязныя брыгады, “чырвоныя” і “чорныя” дошкі, конкурсы, узаемаправеркі, нарады спаборнічаючых, грамадскі буксір, пераклічкі аднапрофільных прадпрыемстваў – здавалася, мяжы “вынаходствам” арганізатараў і пачынальнікаў сацыялістычнага спаборніцтва няма і быць не можа… Тое ж, што ва ўсім гэтым так шмат было фармалізму, надуманасці, штучнасці, не хвалявала і нават не прыцягвала ўвагу практычна ніводнага арганізатара, прапагандыста, распаўсюджвальніка і, тым больш, непасрэднага ўдзельніка працоўнага саперніцтва. У 1930 годзе ў нашай рэспубліцы быў праведзены чарговы тэрытарыяльны падзел яе рэгіёнаў. Былі ліквідаваны акругі, замест іх на геаграфічнай карце з'явіліся 96 раёнаў. У 30 з іх дырэктыўныя органы рэспублікі распарадзіліся заснаваць раённыя газеты, і літаральна адразу ж яны ўзніклі ў Барысаве, Быхаве, Бабруйску, Мазыры, Полацку, Рэчыцы, Талачыне, Чэрвені і іншых гарадах. Адным з лепшых выданняў таго часу па праву лічылася газета “Бальшавік Барысаўшчыны”. Заснаваная ў снежні 1930-га, з 1932 года яна стала штодзённай. Праўда, як і літаральна ўсе іншыя выданні такога ўзроўню, яна адчувала востры дэфіцыт журналісцкіх кадраў, не хапала і абсталявання, паперы… Цэнтральны камітэт ВКП (б), ведаючы гэтыя цяжкасці на месцах, тут жа адрэагаваў на сітуацыю: дзве пастановы, прынятыя на працягу 1930 – 1931 гадоў, “Аб кадрах газетных работнікаў” і “Аб сельскім, нізавым друку”, прымусілі адпаведныя органы і арганізацыі павярнуцца тварам да надзённых праблем раёншчыкаў. Становішча было неадкладна папраўлена… У 1931 годзе на Беларусі шырока разгарнулася падрыхтоўка да чарговага ХІУ з'езда Камуністычнай партыі (бальшавікоў) рэспублікі. Перыядычныя выданні распачалі добра спланаваную і прадуманую прапагандысцкую кампанію па ”дастойнай сустрэчы з'езда”. Справаздачы з агульных сходаў рабочых і калгаснікаў, рэпартажы аб становішчы спраў у працоўных калектывах, рапарты-данясенні аб набытках у працы, выніковыя табліцы і графікі руху наперад – усё гэта стала штодзённай з'явай жыццядзейнасці беларускага нацыянальнага друку. Газета “Беларуская вёска” – галоўны друкаваны орган вяскоўцаў рэспублікі – ў дадатак да гэтых форм падачы публікацый “вынайшла” свае, характэрныя толькі сельскагаспадарчай тэматыцы. Гэта былі так званыя дні калектывізацыі, спецыяльныя старонкі-плакаты, падборкі паведамленняў сельскіх карэспандэнтаў літаральна з усіх рэгіёнаў Беларусі. Спецыяльныя творы, накіраваныя на актывізацыю і пашырэнне сацыялістычнага спаборніцтва сярод працаўнікоў вёскі пісалі вядомыя ў той час літаратары Паўлюк Трус, Кандрат Крапіва, Макар Паслядовіч, вясковы паэт Янка Шавель… 10 ліпеня 1931 года ў Мінску прайшоў ІІ Усебеларускі з'езд рабселькораў. Да яго таксама была праведзена вялікая арганізацыйна-падрыхтоўчая праца. Партыйныя і камсамольскія органы, прафсаюзы і іншыя грамадскія арганізацыі сумеснымі намаганнямі правялі месячнікі агляду мясцовага друку, сходы, на якіх заслухалі справаздачы аб развіцці і разгортванні рабселькораўскага руху ў кожным з раёнаў рэспублікі. На многіх прадпрыемствах рэспублікі рабочыя адпрацавалі па 2 гадзіны ў фонд друку, калгасы нават “дадумаліся” да такой “формы” падтрымкі перыядычных выданняў, як сяўба “гектараў друку”… Сапраўды: мяжы фантазіі няма і быць не можа! Усю гэту работу строга кантраляваў і накіроўваў у патрэбнае рэчышча культпроп ЦК КП (б) Беларусі – спецыяльны аддзел штаба рэспубліканскай партыйнай арганізацыі. І гэта, што называецца, было заўважана там, наверсе: газета “Правда” шырокамаштабную падрыхтоўку беларускіх партыйных і савецкіх органаў і саміх журналістаў да з'езда рабселькораў назвала “прыкладам бальшавіцкага кіраўніцтва рабселькораўскім рухам” і заклікала партыйныя арганізацыі ўсяго Савецкага Саюза “раўняцца на работу беларускіх камуністаў”… На ІІ Усебеларускім з'ездзе рабселькораў прысутнічалі 608 дэлегатаў, якія, як было афіцыйна засведчана, прадстаўлялі 40-тысячную армію рабочых і сельскіх актывістаў друку. 503 з іх выступілі на пленарных пасяджэннях і падчас работы 17 секцый. Былі прыняты шматлікія рэзалюцыі і звароты – карацей кажучы, фармалізму не было канца-краю! Акрамя партыйна-палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай тэматыкі, значнае месца адводзілася на старонках даваеннага друку і іншым пытанням і праблемам. Перш за ўсё – тэмам развіцця літаратуры і мастацтва. Тыя ж газеты “Звязда” і “Беларуская вёска”, “Савецкая Беларусь” і “Рабочий” пастаянна друкавалі новыя творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цішкі Гартнага, Змітрака Бядулі, Кузьмы Чорнага, Міхася Зарэцкага, Міхася Чарота, Алеся Дудара, Кандрата Крапівы, Петруся Броўкі, Пятра Глебкі і іншых паэтаў і пісьменнікаў. З прыходам да ўлады ў Германіі і Італіі фашысцкіх рэжымаў друк усяго Саюза ССР, у тым ліку – і Беларусі даволі значна актывізаваў міжнародную і палітычную праблематыку і скіраванасць сваіх выступленняў. Усімі даступнымі і магчымымі ў той час сродкамі, ва ўсіх формах выкрывалася захопніцкая палітыка фашызму, каланіяльныя запатрабаванні яго, асвятляўся забастовачны рух у замежных краінах і г.д. Натуральна, што і тэма ўмацавання абароназдольнасці Савецкага Саюза пачала знаходзіць у друку больш шырокае адлюстраванне. …Суботнія газеты за 21 чэрвеня 1941-га сталі апошнімі сведкамі мірнага жыцця савецкага народа. Журналістыка ў Заходняй Беларусі
18 сакавіка 1921 года ў Рызе быў падпісаны Рыжскі мірны дагавор паміж Расіяй і Польшчай, у адпаведнасці з якім да Польшчы адыходзілі Заходняя Беларусь і Заходняя Україна. Пачаўся амаль што 20-гадовы перыяд акупацыі спрадвечных беларускіх зямель Польскай дзяржавай. Літаральна адразу прадстаўнікі беларускіх нацыянальных і патрыятычных сіл распачалі рэвалюцыйныя ( перш за ўсё – ў падполлі) дзеянні, акцыі непадпарадкавання і іншыя выступленні ў абарону сваіх правоў і свабод. Ужо ў наступным, 1922 годзе, пачалі сваю рэвалюцыйную працу Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ) і Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя – два найбольш арганізаваныя і масавыя рухі. Першая партыя налічвала ў сваіх радах 1500 членаў, другая арганізацыя – 300 чалавек. Кіраўнікі Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі І. Лагвіновіч, Л. Родзевіч, А. Канчэўскі, Л Аранштам і іншыя з'яўляліся таксама вядомымі журналістамі-публіцыстамі. На працягу 1921 – 1924 гадоў на тэрыторыі Заходняй Беларусі распаўсюджваліся выданні Камуністычнай рабочай партыі Польшчы (КРПП) і мясцовых камітэтаў: “Громада”, “Чырвоны штандар”, “Глос камуністычны”, “Да валькі” (на польскай мове); “Барацьба”, “Вясковы пралетарый” – на беларускай мове; “Красное знамя” – на рускай; а таксама самая разнастайная бальшавіцкая літаратура, пракламацыі, лістоўкі, звароты. Іх, аднак, не хапала. Л. Аранштам, у прыватнасці, пісаў: “Літаратура наша чытаецца нарасхват, і мы не маем магчымасці задаволіць патрабаванні вёскі…” Вясной 1924 года ў Беластоку, а восенню – ў Вільні Цэнтральны камітэт КПЗБ стварыў свае падпольныя друкарні. Пачынаючы з лістапада таго ж года ў Вільні камуністы наладзілі выданне свайго друкаванага органа – газеты “Чырвоны сцяг”, а са снежня – тэарэтычнага органа ЦК Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі газеты “Бальшавік”. “Чырвоны сцяг” выходзіў адзін раз у месяц. Тыражы газет складалі ад 3 да 6 тысяч экземпляраў. Выданні шырока адлюстроўвалі цяжкія ўмовы жыцця беларускага народа пад прыгнётам польскіх паноў і фабрыкантаў, заклікалі працоўныя масы да барацьбы за паляпшэнне свайго існавання, друкавалі дакументы і рашэнні партыйных органаў КПЗБ і г.д. Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя (БРА) дзейнічала на працягу 1922 – 1923 гадоў. Яна ўзнікла на базе левага крыла партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў) падчас падрыхтоўкі да выбараў у польскі сейм і сенат. За няпоўныя два гады арганізацыя выдала 83 нумары свайго друкаванага органа, 11 з якіх былі канфіскаваны. Сваю назву газета Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі мяняла чатыры разы: спачатку гэта быў “Наш сцяг”, потым – “Вольны сцяг”, “Воля народа” і, нарэшце, – “Змаганне”. Выданне змяшчала на сваіх старонках перадавыя артыкулы, агляды міжнароднага жыцця, карэспандэнцыі, пісьмы з месцаў. Найбольш часта на старонках гэтых газет выступалі такія вядомыя дзеячы беларускага нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, як Іосіф Лагвіновіч, Леапольд Родзевіч, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Максім Гарэцкі, Ігнат Канчэўскі, Уладзімір Суліма. У 1923 годзе Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя ў поўным саставе ўлілася ў рады Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі і, такім чынам, прадоўжыла свае рэвалюцыйныя дзеянні. Выдаваліся на тэрыторыі Заходняй Беларусі і іншыя друкаваныя выданні: “Беларуская доля”, “Зарава”, “Наша жыццё”, аднак іх біяграфіі доўжыліся нядоўга – выйшла па 1 – 6 нумароў. Тэмы гэтых выданняў былі тыя ж: бядотнае жыццё беларусаў пад чужой уладай, бяспраўе, імкненне да адстойвання сваіх правоў і інш. У другой палове 20-х гадоў ( а дакладней – з 1926 г.) Камуністычная партыя Заходняй Беларусі прыкметна актывізавала сваю дзейнасць. І перш за ўсё, яна наладзіла выпуск новых выданняў. Значна пашырылася і павялічылася паліграфічная база партыі: друкарні КПЗБ пачалі дзейнічаць у Беластоку, Брэсце, Варшаве, Гродне, а ў Вільні – ажно дзве. З друкаваных сродкаў інфармацыі шырокую вядомасць і папулярнасць сярод беларусаў мелі газеты “Да валькі” (“Да барацьбы”), “Палітычны вязень”, “Чырвоная дапамога”, тэарэтычны часопіс “Пад сцяг камунізма”, “Бюлетэнь Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі” і іншыя выданні. На І з'ездзе КПЗБ, які адбыўся ў чэрвені – ліпені 1928 года, было адзначана, што за справаздачны перыяд (1921 – 1927 гг.) у Заходняй Беларусі выйшлі ў свет 357 назваў газет, брашур, лістовак, зваротаў агульным тыражом 1 мільён 800 тысяч экземпляраў. У тыя і наступныя гады найбольшай актыўнасцю і мэтанакіраванасцю ў прапагандысцкай і масава-агітацыйнай рабоце вызначаліся такія выданні, як газета “Чырвоны сцяг”, часопіс “Бальшавік”, сатырычны двухтыднёвік “Маланка”, тыражы якіх складалі ад 3 да 6 тысяч экземпляраў. Дарэчы, жылося выданням далёка неспакойна: польскія ўлады жорстка праследавалі беларускі нацыянальна-вызваленчы рух у цэлым і друк – у прыватнасці. Налёты на друкарні і пагромы, вялізныя штрафы і канфіскацыя тыражоў – гэтыя і іншыя меры пакарання заходнебеларуская журналістыка зведала на сабе спаўна! У заходнебеларускім друку гартавалі сваё пісьменніцкае слова і талент стаўшыя вядомымі пазней паэты і пісьменнікі Максім Танк, Піліп Пестрак, Міхась Васілёк, Ігнат Дварчанін, Міхась Машара, Валянцін Таўлай… Пасля ўз'яднання БССР і Заходняй Беларусі (верасень 1939 года) сацыялістычная Беларусь аказала сваім заходнім братам вялікую дапамогу па наладжванню і пашырэнню новых перыядычных выданняў. Разам з воінамі Чырвонай Арміі сюды прыйшлі 58 студэнтаў Камуністычнага інстытута журналістыкі імя Кірава, які працаваў тады ў Мінску. 39 гарадоў Заходняй Беларусі атрымалі камплекты абсталявання і шрыфтоў. Адразу ж з'явіліся новыя газеты: “Свабодная Беларусь” – у Гродна, “Рабочы” – ў Брэсце, “Полесская правда” – ў Пінску, “Красное знамя” – ў Маладзечне, “За свободную жизнь” – у Глыбокім, “Уперад” – у Лідзе, “Звязда” – ў Навагрудку, “Чырвоная звязда” – ў Браславе. Іх тыражы (паасобку) дасягалі 4 з паловай, 15 і нават 20 тысяч экземпляраў. Дарэчы, асобныя з гэтых выданняў выходзяць у свет і зараз – пад тымі ж назвамі…
БЕЛАРУСКАЯ ЖУРНАЛІСТЫКА Ў ГАДЫ
|