|
У гады Вялікай Айчыннай вайныDate: 2015-10-07; view: 745. Дзейнасць газет “Звязда”, “Советская Белоруссия”, агітплаката ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЫ (1941 – 1945 гг.) “Раздавім фашысцкую гадзіну” і іншых выданняў
22 чэрвеня 1941 года ў 4 гадзіны раніцы без аб'яўлення вайны гітлераўская Германія напала на Савецкі Саюз. Пачалася Вялікая Айчынная вайна. У той жа дзень адбылося пасяджэнне Палітбюро Цэнтральнага камітэта ВКП (б), на якім быў складзены і зацверджаны тэкст звароту Камуністычнай партыі (бальшавікоў) да савецкага народа ў сувязі з нападзеннем Германіі на СССР. У ім партыя заклікала наш народ да еднасці, арганізаванасці, дысцыплінаванасці і самаадданасці ў барацьбе з гітлераўцамі. У звароце прагучалі словы: “Наша справа правая. Вораг будзе разбіты. Перамога будзе за намі!”, якія сталі неўзабаве крылатымі і тысячы разоў гучалі потым на франтах, у партызанскіх атаках, на абаронных заводах, у падполлі… 29 чэрвеня 1941-га Савет народных камісараў СССР і ЦК ВКП (б) прынялі спецыяльную дырэктыву, адрасаваную партыйным і савецкім арганізацыям прыфрантавых абласцей. Лозунг “Усё для фронту, усё для перамогі!” стаў дэвізам і няпісаным правілам жыцця кожнага сумленнага савецкага чалавека. Няма і не можа быць сумненняў: у дапамозе Камуністычнай партыі і Савецкаму ўраду па мабілізацыі нашага народа на барацьбу з фашызмам надзвычай важкую, проста неацэнную ролю адыграў друк. У адпаведнасці з патрабаваннямі ваеннага часу ён адразу ж быў рэарганізаваны і перабудаваны. Газеты, часопісы і радыё ўсю сваю дзейнасць сканцэнтравалі на паказе справядлівай, вызваленчай па характары і мэтах вайны савецкага народа з гітлераўскімі акупантамі, выхаванні мужнасці і вернасці Бацькаўшчыне, адлюстраванні гатоўнасці да самаахвяравання ў барацьбе з захопнікамі, велічы подзвігу савецкага чалавека на ратным і працоўным фронце. У першы дзень вайны Цэнтральны камітэт Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі даручыў аддзелу прапаганды і агітацыі да 12 гадзін ночы (23 чэрвеня) наладзіць выданне ў друкарні Белдзяржвыдавецтва лістовак, плакатаў і лозунгаў са зваротам да насельніцтва рэспублікі, а таксама да салдат нямецкай арміі з тлумачэннямі сутнасці і характару вайны. 22 чэрвеня была нядзеля, у панядзелак газеты не выходзілі, аднак па ўказанню ЦК КП (б) Б журналісты і паліграфісты выйшлі на працу. Раніцай 23 чэрвеня на свет з'явіліся спецыяльныя выпускі “Звязды” і “Советской Белоруссии”. На першых старонках іх былі апублікаваны паведамленні Саўнаркома СССР аб нападзенні фашысцкай Германіі, Указы Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб аб'яўленні ваеннага становішча на тэрыторыі асобных абласцей і агульнай мабілізацыі ваеннаабавязаных, а таксама кароткія тэксты рэзалюцый, пастаноў і справаздач, прынятых на мітынгах і сходах працоўных у розных рэгіёнах Беларусі. Па рашэнню ЦК КП (б) Беларусі рэдакцыі “Звязды” і “Советской Белоруссии” выехалі з Мінска, каб працягваць сваю дзейнасць у больш небяспечных умовах. Першапачаткова меркавалася, што выданне “Звязды” адновіцца ў Магілёве, а “Советской Белоруссии” – ў Гомелі. Аднак нямецка-фашысцкія акупанты даволі хутка захапілі значную частку рэспублікі і імкліва набліжаліся да Магілёва. Таму “Звязда” была вымушана пераехаць у Гомель, дзе на поўную магутнасць ужо працавала друкарня фабрыкі “Палесдрук”. Там да 18 жніўня 1941-га і выдаваліся “Звязда” і “Советская Белоруссия”, а таксама абласная газета “Гомельская праўда”. Акрамя гэтых выданняў, там жа, у Гомелі, 5 ліпеня 1941-га выйшаў першы нумар агітацыйна-прапагандысцкага плаката ЦК КП (б) Беларусі “Раздавім фашысцкую гадзіну”. Змест усіх без выключэння матэрыялаў гэтых выданняў быў падпарадкаваны адной тэме – барацьбе з фашызмам. Яны змяшчалі зводкі Савецкага інфармацыйнага бюро (Саўінфармбюро) аб становішчы на фронце і ў тыле ворага, інфармацыі і паведамленні непасрэдна з месцаў баявых і працоўных дзеянняў, рашэнні і паведамленні аб дзейнасці Цэнтральнага камітэта КП (б) Беларусі і мясцовых партыйных органаў… На канкрэтных прыкладах са штодзённай тагачаснай рэчаіснасці беларускія сродкі масавай інфармацыі паказвалі курс партыі і ўрада на павелічэнне выпуску ваеннай тэхнікі, эвакуацыю аб'ектаў з прыфрантавых гарадоў у тыл і неадкладнае аднаўленне там іх вытворчай дзейнасці, накапленне дзяржаўных рэзерваў стратэгічнай сыравіны, матэрыялаў, паліва, харчавання, удасканаленне дзейнасці партыйных, гаспадарчых, савецкіх, прафсаюзных і камсамольскіх органаў у ваенных умовах… Не абыходзілі газеты і тэмы сапраўднага працоўнага гераізму савецкіх людзей. Ужо ў першыя дні і тыдні вайны многія з іх працавалі каля станкоў і на будоўлі абарончых аб'ектаў па 16 – 17 і нават больш гадзін. З'явіліся на тэрыторыі Беларусі першыя партызанскія атрады пад камандаваннем Ціхана Бумажкова і Фёдара Паўлоўскага, якім літаральна праз месяц-другі будзе прысвоена высокае і ганаровае званне Герояў Савецкага Саюза, і “Звязда” адразу ж дала паведамленні аб іх самых першых баявых поспехах у барацьбе з ворагам. Мужнасць і адвагу даводзілася праяўляць і самі работнікам выданняў. Адказны сакратар агітплаката “Раздавім фашысцкую гадзіну” вядомы паэт Анатоль Астрэйка пасля вайны пісаў: “Гомель штодзённа бамбяць фашысты, трэба выдаваць чарговы нумар, і я забываю пра бомбы…” Выданням не хапала сталых і вопытных журналістаў і паліграфістаў, таму тым, хто быў на месцы, насамрэч даводзілася працаваць за дваіх, а часам – і за траіх… За 48 дзён знаходжання ў прыфрантавым Гомелі было выдадзена 144 нумары газет “Звязда”, “Советская Белоруссия” і “Гомельская праўда”, 48 нумароў агітплаката “Раздавім фашысцкую гадзіну” і 36 назваў лістовак агульным тыражом звыш 3 мільёны экземпляраў. Гэта быў першы сапраўдны подзвіг беларускіх журналістаў і выдаўцоў ва ўмовах Вялікай Айчыннай вайны. Першы, аднак далёка не апошні… У ноч з 18 на 19 жніўня 1941-га, калі ўзнікла рэальная небяспека захопу фашыстамі горада Гомеля, быў сфарміраваны спецыяльны эшалон-друкарня. І без таго цяжкія ўмовы работы адразу ж ускладніліся: холад, непрыстасаванасць… Варожая авіяцыя практычна штодзённа бамбіла эшалон. У тыя ж дні ён накіраваўся ў складаны і рызыкоўны шлях па маршруце Гомель – Шчорс – Бахмач – Канатоп – Казань – Масква… Недахоп кадраў, адсутнасць паперы, паліграфічных матэрыялаў вымусілі спыніць выданне “Звязды” і “Советской Белоруссии”. Па рашэнню ЦК КП (б) Беларусі, які ў той час аднавіў сваю дзейнасць у Маскве, замест іх пачала выходзіць газета “Савецкая Беларусь” – орган Цэнтральнага камітэта і Мінскага абкома партыі. Першы нумар яе выйшаў у горадзе Волхаве Арлоўскай вобласці. З лютага 1942 года газета “Савецкая Беларусь” і агітплакат “Раздавім фашысцкую гадзіну” пачалі выдавацца ў Маскве, у друкарні газеты “Известия”. У той жа час ЦК партыі мабілізаваў нешматлікія сілы журналістаў і пісьменнікаў на выпуск новых выданняў на роднай беларускай мове. З часткі супрацоўнікаў рэдакцый “Савецкай Беларусі” і агітплаката “Раздавім фашысцкую гадзіну” быў сфарміраваны новы эшалон-друкарня. Яго ўзначаліў журналіст і пісьменнік Мікола Вішнеўскі. Пад яго кіраўніцтвам з 18 сакавіка 1942 года на Калінінскім фронце на беларускай мове пачала выходзіць газета “За свабодную Беларусь” – орган палітычнага ўпраўлення Калінінскага фронту. Дарэчы, яшчэ раней – з 11 ліпеня 1941 года – ўпраўленне палітычнай прапаганды Заходняга фронту пачало выдаваць газету “За Савецкую Беларусь”, і таксама на беларускай мове. 22 сакавіка 1942-га ў Маскве выйшаў першы нумар агітплаката “Партызанская дубінка”, а ў прыфрантавой паласе з 14 красавіка таго ж года – яшчэ адно беларускамоўнае выданне – газета “Віцебскі рабочы”. У акупіраваную практычна поўнасцю Беларусь, акрамя гэтых выданняў, траплялі і цэнтральныя, маскоўскія сродкі масавай інфармацыі, і перш за ўсё – “Правда”, “Известия”, “Комсомольская правда”. Так што беларускі народ, нават знаходзячыся пад жорсткай, бесчалавечай акупацыяй гітлераўцаў, меў магчымасць ведаць праўду пра становішча на фронце і на занятай ворагам тэрыторыі, чытаць праўдзівыя звесткі, прыслухоўвацца да палымянай публіцыстыкі такіх вядомых літаратараў і журналістаў, як Міхаіл Шолахаў, Канстанцін Сіманаў, Аляксей Суркоў, Пятрусь Броўка, Кандрат Крапіва, Міхась Лынькоў, якія ў саставе самых розных вайсковых падраздзяленняў франтоў былі на перадавой лініі барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Шмат праўдзівых і палымяных артыкулаў і рэпартажаў аб партызанскай барацьбе на Беларусі апублікавала на старонках “Комсомольской правды” спецыяльны карэспандэнт газеты, балгарка па нацыянальнасці Лілія Карастаянава, якая правяла ва ўмовах непрыстасаванага і небяспечнага жыцця беларускіх народных мсціўцаў шмат дзён і, на вялікі жаль, потым і загінула на стаўшай роднай для яе беларускай зямлі. Імем гэтай мужнай і самаахвярнай патрыёткі названа адна з вуліц беларускай сталіцы… Пералічаныя вышэй выданні, і перш за ўсё – публікацыі і творы згаданых намі аўтараў услых чыталі сотні і тысячы беларусаў, прычым вельмі часта – па чарзе: у партызанскіх атрадах і брыгадах, у глыбокім патрыятычным падполлі, мелі такую магчымасць і мірныя жыхары нашай Бацькаўшчыны. Сіла друкаванага слова насамрэч прыраўноўвалася да куль! Газеты “Савецкая Беларусь”, “За свабодную Беларусь”, “За Савецкую Беларусь”, “Віцебскі рабочы” і іншыя, агітплакаты “Раздавім фашысцкую гадзіну” і “Партызанская дубінка” з радасцю паведамлялі чытачам аб першых пераможных ударах Чырвонай Арміі па гітлераўцах на франтах, аб беларусах – удзельніках абароны Масквы ў снежні 1941-га. Значэнню гэтых перамог былі прысвечаны перадавыя артыкулы. Са старонак гэтых выданняў упершыню загучалі імёны Льва Даватара, Мікалая Гастэлы, Сяргея Грыцаўца, кіраўнікоў партызанскага руху, у тым ліку і згаданых вышэй першых Герояў Савецкага Саюза Ціхана Бумажкова і Фёдара Паўлоўскага, а таксама іх баявых калег-камандзіраў Міная Шмырова, Антона Далідовіча і іншых. У маі 1942 года для аператыўнага кіравання партызанскім рухам на акупіраванай тэрыторыі быў створаны Цэнтральны штаб партызанскага руху на чале з першым сакратаром ЦК КП (б) Беларусі Панцеляймонам Панамарэнкам. А з восені 1942-га партызанская барацьба на нашай тэрыторыі набыла характар усенароднай вайны. Гэта паставіла перад друкам новыя задачы: больш сістэматычна інфармаваць насельніцтва аб гераічнай барацьбе ў тыле ворага, паводзінах людзей ва ўмовах акупацыі, акупацыйнай палітыцы гітлераўцаў… Летам таго ж, 1942 года, упраўленне прапаганды і агітацыі ЦК ВКП (б) і Галоўнае палітычнае ўпраўленне Чырвонай Арміі зацвердзілі палажэнне “Аб рабоце ваенных карэспандэнтаў на фронце”. Выданням, у тым ліку і беларускім, яно дазваляла мець уласных карэспандэнтаў у акупіраванай немцамі зоне. У дакуменце былі сфармуляваны канкрэтныя ўказанні і патрабаванні, што прад'яўляліся да гэтых адказных асоб. Строга прытрымліваліся іх падчас выканання аператыўных і, разам з тым, небяспечных рэдакцыйных заданняў карэспандэнты “Савецкай Беларусі”, “За Савецкую Беларусь”, “За свабодную Беларусь”, агітплакатаў “Раздавім фашысцкую гадзіну” і “Партызанская дубінка” Георгій Шчарбатаў, Антон Бялевіч, Анатоль Астрэйка, Якаў Качан і іншыя журналісты. На старонках газеты “За свабодную Беларусь” у ліпені 1942 года пад рубрыкай “На партызанскай зямлі” змешчаны некалькі нарысаў пра дзейнасць партызанскага атрада пад камандаваннем Міная Шмырова. А “Савецкая Беларусь” у той жа час апублікавала нарысы “Канстанцін Заслонаў”, “Подзвіг”, “Партызаны-артылерысты”, “Прага бою”, “Мужнасць”, “Баявая справа”, якія таксама былі прысвечаны мужнай барацьбе беларускага народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У нумары за 31 сакавіка 1943 года “Савецкая Беларусь” пісала: “Карэспандэнт нашай газеты прайшоў па глыбокаму нямецкаму тылу – ад Полацка да Мазыра… Беларусь, чытай і запамятай аб страшэннай трагедыі нашых вёсак і гарадоў, запамятай і пакляніся бязлітасна адпомсціць лютаму зверу…” Газета змясціла 6 карэспандэнцый Г. Шчарбатава пад назвамі “Да помсты, беларусы!”, “Крывавая расправа”, “Здзекі, якіх не бачыў свет”, “У засценках гестапа”, “На катаргу ў Германію” і “Зямля гарыць пад нагамі акупантаў”, самі назвы якіх гавораць аб тэматыцы выступленняў. Змяшчалі газеты і артыкулы, дасланыя непасрэдна з акупіраванай тэрыторыі. Менавіта пасля прыняцця палажэння “Аб рабоце ваенных карэспандэнтаў на фронце” на старонках газет з'явіліся рубрыкі “На зняволенай зямлі”, “У дапамогу партызанам”, “Дзённік баявой дзейнасці”, “Ад нашага карэспандэнта”, “Нашы храбрацы”, “Факты абвінавачваюць”, “Баявыя будні атрада”, “З дзённіка партызана”, “Пісьмы з акупіраванай тэрыторыі” і іншыя. Тады ж павялічылася перыядычнасць і змяніліся фарматы газет “Савецкая Беларусь”, “За савецкую Беларусь”, “За свабодную Беларусь”. Вастрынёй слова і дакладнасцю крытыкі вызначаліся газеты-плакаты “Раздавім фашысцкую гадзіну” і “Партызанская дубінка”. Рубрыкі і раздзелы, што з нумара ў нумар з'яўляліся на іх старонках, -- “Не ў брыво, а ў вока”, “Партызанскія падарункі”, “Чым багаты, тым і рады”, “Прыгоды Адольфа Гітлера”, “Бліц-паходы – цяжкія прыгоды”, “Дакументы жахлівых злачынстваў гітлераўцаў” – даносілі чытачу шматлікія з'явы і рэаліі спраў на фронце і ў тыле.
|