|
Падпольны і партызанскі друк на БеларусіDate: 2015-10-07; view: 829.
“Ударам незвычайнай разбуральнай сілы па ўсёй акупацыйнай палітыцы нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Беларусі” назвалі даследчыкі друку перыяду Вялікай Айчыннай вайны выхад 18 мая 1942 года ў акупіраваным Мінску першага нумара падпольнай “Звязды” – органа Мінскага падпольнага гаркома Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі. Падрыхтоўка і выданне першага нумара газеты было смяротна небяспечнай і рызыкоўнай справай. Яе ажыццяўленне падпольны гарком даручыў групе патрыётаў-падпольшчыкаў на чале з таленавітым журналістам Уладзімірам Амельянюком. Ім асабіста перш за ўсё была праведзена вялікая арганізацыйная праца: знаёмства і наладжванне кантактаў з журналістамі, якія знаходзіліся ў акупіраваным Мінску, пошуку надзейных людзей у друкарнях, наладжванне і абсталяванне явачных кватэр… Галоўным жа было, несумненна, правядзенне ўсіх гэтых рызыкоўных дзеянняў у строга заканспіраваных умовах. У Мінску панаваў жорсткі тэрор, штодзённа і штогадзінна вялі сваю гнюсную справу правакатары і даносчыкі, так што кожны неабдуманы крок з боку Амельянюка і яго памочнікаў мог стаць і апошнім… Выданне ва ўмовах акупацыі першага нумара папулярнай даваеннай газеты стала сапраўднай сенсацыяй як для гітлераўцаў, так і для жыхароў акупіраванай Беларусі. Перш за ўсё гэта з'явілася сведчаннем таго, што наш народ не скарыўся так званаму новаму фашысцкаму парадку, што беларусы рашуча непагаджаліся з нацысцкай ідэалогіяй. У № 1 побач з загалоўкам газеты знаходзіліся словы-заклік: “Таварышы! З сённяшняга дня Мінскі гарком КП (б) Б аднаўляе выданне свайго органа – газеты “Звязда”. Пішыце ў газету аб жыцці партызанскіх атрадаў, аб баявой іх дзейнасці, аб паасобных партызанах, якія праявілі сябе ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі акупантамі”… Тут жа – перадавы артыкул “Шырэй партызанскую барацьбу!”. “Партызан! – звярталася “Звязда” ў першым нумары непасрэдна да народных мсціўцаў. – Ты бачыш, на фронт цягнуцца нямецкія эшалоны, гружаныя салдатамі, боепрыпасамі і тэхнікай! Узрывай чыгуначнае палатно, масты, пускай пад адхон саставы – гэтым ты палегчыш наступленне Чырвонай Арміі. Бачыш тэлефонны кабель – рві яго, гэтым ты перарвеш сувязь і ўнясеш замяшанне ў асяроддзе акупанта. Будзь мужным у барацьбе. Час расплаты набліжаецца. Адпомсці за мукі свайго народа. Дабівайся таго, каб ніводны нямецкі загад не выконваўся там, дзе ты знаходзішся! Смерць нямецкім акупантам! Няхай жыве перамога!”. Пад рубрыкай “Весткі з франтоў Вялікай Айчыннай вайны” газета апублікавала так патрэбныя народу праўдзівыя паведамленні Саўінфармбюро аб становішчы на перадавой, у тыле ворага, а таксама паведамленне Савецкага ўрада аб заснаванні новай высокай баявой узнагароды – ордэна Айчыннай вайны… Праз 8 дзён пасля выхаду ў свет першага нумара падпольнай “Звязды” жыццё Уладзіміра Амельянюка абарвалася… Яго высачыў здраднік-правакатар, і калі Уладзімір Сцяпанавіч паімкнуўся ўцячы ад таго, той стрэліў з пісталета ў спіну рэдактара. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 8 мая 1965 года Уладзіміру Амельянюку, адзінаму ў Савецкім Саюзе рэдактару падпольнага выдання, было пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Аднак і такая вялізная страта не спыніла мінскіх патрыётаў-падпольшчыкаў. Па рашэнню гарадскога падпольнага партыйнага цэнтра адказным за выпуск газеты быў прызначаны Вячаслаў Нікіфараў. Пад яго кіраўніцтвам былі выдадзены 2 – 4 нумары “Звязды” і падрыхтаваны 5-ы. Гітлераўцы збіліся з ног у пошуку ў горадзе месца выдання “Звязды”, яе супрацоўнікаў і тых, хто спрыяў ім. За выдачу месца знаходжання рэдакцыі была абяцана вялізная сума грошай – 75 тысяч рэйхмарак. Аднак такога здрадніка – знаўцы так і не знайшлося… Матэрыялы для чатырох нумароў выдадзенай “Звязды” непасрэдна збіралі і пісалі Уладзімір Амельянюк, Вячаслаў Нікіфараў, Ядзвіга Савіцкая і Уладзімір Казачонак. Над наборам і друкаваннем яе шчыравалі Міхаіл Чыпчын, бацька і сын Міхаіл Паўлавіч і Міхаіл Міхайлавіч Воранавы, Барыс Пупко, Хасен Александровіч, Сяргей Благаразумаў, Клаўдзія Фалдзіна, Пётр Хадасевіч, Таццяна Якавенка і іншыя мінскія патрыёты. Тыраж “Звязды”-падпольшчыцы дасягаў 4 тысяч экземпляраў. Пад рубрыкамі і “шапкамі” “Беларусь была і будзе савецкай!”, “Настаў час свяшчэннай і бязлітаснай расплаты з крывавым ворагам!”, “Да зброі кліча нас маці-Радзіма, кліча наша бальшавіцкая партыя!”, “Усе на барацьбу з нямецкімі акупантамі!”; у перадавых артыкулах, артыкулах і карэспандэнцыях “Правал планаў Гітлера”, “Палыхае полымя партызанскай вайны” і іншых газета заклікала беларусаў да ўсенароднай барацьбы з захопнікамі. Чацвёрты нумар падпольнай “Звязды” выйшаў 20 верасня 1942 года. Выданне шырока распаўсюджвалася не толькі ў самім Мінску і партызанскіх брыгадах і атрадах, але і з дапамогай мінскіх чыгуначнікаў адпраўлялася ў іншыя гарады і населеныя пункты Беларусі. На 27 верасня 1942-га намячаўся выхад чарговага, пятага нумара… Ён загадзя быў набраны і звярстаны, аднак у ноч на 26 верасня былі арыштаваны многія падпольшчыкі, у тым ліку і В. Нікіфараў, а на працягу наступных некалькіх дзён – і іншыя ўдзельнікі выдання газеты. Практычна ўсе яны былі закатаваны гітлераўцамі… Але ўжо напрыканцы таго ж, 1942 года, Цэнтральны камітэт КП (б) Беларусі прыняў рашэнне аднавіць выданне “Звязды” – на гэты раз у зоне дзеянняў партызанскіх брыгад і атрадаў. Рэдактарам газеты быў прызначаны Міхаіл Барашкаў – таксама вядомы і таленавіты журналіст, даваенны рэдактар “Чырвонай змены”. Супрацоўнікамі “Звязды” сталі: Піліп Касцюкавец – былы рэдактар Любанскай раённай газеты; Георгій Шчарбатаў, які ў якасці спецыяльнага карэспандэнта газет “Савецкая Беларусь”, “За савецкую Беларусь” і “За свабодную Беларусь” і газеты-плаката “Раздавім фашысцкую гадзіну” знаходзіўся на акупіраванай гітлераўцамі тэрыторыі нашай рэспублікі; даваенны карэспандэнт “Советской Белоруссии” Аляксандр Сакевіч; а таксама даваенныя супрацоўнікі Капаткевіцкай раённай газеты Амяллян Шурпач, Ніна Цылько і Мікалай Курыка. Пазней у рэдакцыі з'явіўся і свой радыст для прыёму паведамленняў Саўінфармбюро – ім стаў Юрый Захараў. У канцы студзеня 1943 года з Вялікай зямлі самалётам на так званы партызанскі востраў Зыслаў у Любанскім раёне Міншчыны былі дастаўлены друкарня, папера і фарба для будучага выдання. Тым жа самалётам прыляцеў і М. Барашкаў. Разам са сваімі падначаленымі ён размясціўся і пачаў актыўную падрыхтоўку да справы ў вёсцы пад назвай Шостая брыгада – ў хатах мясцовых сялянак Марфы Мігун і Марылі Бубіч. А літаральна праз некалькі дзён – 27 студзеня 1943-га – выйшаў у свет першы нумар газеты – на гэты раз “Звязды”-партызанкі… Дарэчы, там жа, на Любаншчыне, 31 студзеня 1943 года гэтым жа невялікім калектывам журналістаў і паліграфістаў адначасова пачалося выданне і газеты “Чырвоная змена” – органа Цэнтральнага камітэта і Мінскага абкома ЛКСМ Беларусі. “Звязда” выходзіла двойчы ў тыдзень – у сераду і суботу, а “Чырвоная змена” – адзін раз. “Партызаны і партызанкі Беларусі! – пісала “Звязда” ў нумары за 10 лютага 1943-га. – Не прапускайце на фронт ніводнага нямецкага эшалона… Кожны спушчаны пад адхон варожы эшалон – наша дапамога Чырвонай Арміі на фронце…”. “Працоўныя Беларусі! – звярталася яна ж да народа 28 жніўня таго ж, 1943-га. – Узнімайцеся ўсе як адзін на бой з ворагам за нашу зямлю, за наша жыццё і свабоду, за вызваленне сваёй Радзімы ад чужынцаў!”. І гэтыя заклікі, безумоўна ж, знаходзілі гарачыя водгукі і практычную падтрымку сярод людзей. Газета спрыяла выхаванню ў іх непахіснай веры ў перамогу, а многія з ранейшых мірных жыхароў актыўна папаўнялі рады партызанскіх атрадаў і брыгад. Друкавала “Звязда” і артыкулы непасрэдных удзельнікаў барацьбы з захопнікамі. Так, у нумары за 2 чэрвеня 1943 года камандзір 1-й Бабруйскай партызанскай брыгады Віктар Лівенцаў (будучы Герой Савецкага Саюза) у артыкуле “Удары па ворагу мацнеюць з кожным днём” пісаў: “У эшалонах лягчэй знішчаць гітлераўскіх нягоднікаў, чым на фронце. Тут яны бездапаможныя. Мы пусцілі пад адхон 25 воінскіх эшалонаў, прычым 6 з іх поўнасцю знішчылі…” Заклікала газета і да працы на мірным фронце, у прыватнасці, раіла сабраць без страт ураджай 1943 года і зрабіць усё магчымае, каб ён не трапіў у рукі нямецка-фашысцкіх захопнікаў (№ за 30 чэрвеня таго ж года). “Чырвоная змена”, як орган ЦК і Мінскага абкома камсамола, была разлічана на моладзь, камсамольцаў Беларусі. Разумеючы важнасць і адказнасць друкаванага слова для кожнага маладога чытача, супрацоўнікі газеты, і перш за ўсё сам рэдактар Міхаіл Барашкаў, імкнуліся далучыць да супрацоўніцтва з выданнем камсамольскіх важакоў і актывістаў, а таксама кіраўнікоў партызанскага руху. На старонках “Чырвонкі”-партызанкі выступалі са змястоўнымі і патрыятычнымі артыкуламі сакратары Мінскага і Гомельскага падпольных абкомаў камсамола Сяргей Пармон і Аркадзь Рудак, камандзіры партызанскіх брыгад Віктар Лівенцаў і Уладзімір Ціхаміраў, штодзённымі клопатамі журналістаў цікавіліся і дапамагалі ім сакратары Цэнтральнага камітэта ЛКСМБ Міхаіл Зімянін і Кірыла Мазураў… Палымяныя заклікі і лозунгі “Чырвонай змены”: Камсамолец! Бі без промаху – проста ў сэрца фашысцкага звера!”, “Немцаў менш – перамога бліжэй!”, “Колькі забітых немцаў на тваім рахунку?!” – не маглі пакінуць раўнадушным ніводнага чытача. Маладзёжная газета вельмі часта друкавала на сваіх старонках пісьмы партызан і падпольшчыкаў. Так, у нумары за 1 жніўня 1943 года было змешчана пісьмо камсамолкі-партызанкі Арыны К. “За што фашысцкія звяры забілі маю маці, сястру і яе мужа? – пыталася яна. – За тое, што яны бязмежна любілі сваю Радзіму і ўсёй душой ненавідзелі фашыстаў… Зараз я знаходжуся ў партызанах. І такіх, як я, тысячы. Мы ўзяліся за зброю і не даруем фашыстам за ўсе здзекі і злачынствы, якія яны ўчыняюць над нашым народам. Мы адпомсцім гітлераўцам”… Падчас разгортвання масавага партызанскага руху на тэрыторыі рэспублікі ЦК КП (б) Беларусі 15 снежня 1942 года прыняў спецыяльную пастанову “Аб узмацненні друкаванай прапаганды ў партызанскіх атрадах Беларусі”, у якой была вызначана канкрэтная задача: “На працягу снежня 1942 года – студзеня 1943 года стварыць 10 абласных падпольных газет і 50 раённых падпольных друкарняў пры ўпаўнаважаных ЦК КП (б) Б па абласцях, гарадах і раёнах для выдання газет і лістовак”. І гэта заданне было неўзабаве рэалізавана. У снежні 1942-га выйшла “Сялянская газета” – орган Вілейскага падпольнага абкома партыі; з лютага 1943-га пачалі выдавацца “Партызан Беларусі” – орган Мінскага падпольнага абкома, “Бальшавік Палесся” – орган Палескага абкома і Мазырскага гаркома партыі; з сакавіка таго ж года – газеты “За Радзіму” – орган Магілёўскага абкома, “Гомельская праўда”, “Чырвоная звязда” (Баранавічы); у маі – брэсцкая абласная “Заря”; у чэрвені – “Палеская праўда” (Пінск); у лістападзе 1943-га – “Белостокская правда” – орган Беластокскага падпольнага абкома КП (б) Беларусі… Вядучымі рубрыкамі і раздзеламі гэтых выданняў былі: “На франтах Айчыннай вайны”, “Чым жыве Савецкая Радзіма?”, “У партызанскім краі”, “З-за мяжы” і іншыя. Асноўная тэматычная накіраванасць – ранейшая: мабілізацыя беларускага народа на перамогу над фашызмам. Многія беларускія падпольныя выданні – і перш за ўсё “Звязда”, “Чырвоная змена”, абласныя газеты, а таксама згаданыя ўжо не адзін раз “Савецкая Беларусь”, “За савецкую Беларусь”, “За свабодную Беларусь”, “Раздавім фашысцкую гадзіну” шмат увагі надавалі так званай контрпрапагандзе: выкрыццю псеўданароднай публіцыстычнай дзейнасці калабаранцкіх газет і часопісаў, якіх так многа выдавалі (і перш за ўсё – ў Мінску і абласных цэнтрах) нямецка-фашысцкія акупацыйныя ўлады з дапамогай сваіх прыслужнікаў – здраднікаў Бацькаўшчыны. Гэта былі “Менская газэта”, “Пагоня”, “Баранавіцкая газэта”, “Беларускі работнік”, “Газэта Случчыны”, “Слонімскі кур'ер” і іншыя. Востра і з'едліва выкрывалі іх антынародную прапагандысцкую прыслужніцкую “дзейнасць” у сваіх артыкулах, памфлетах і фельетонах вядомыя журналісты і літаратары Янка Купала, Якуб Колас, Кузьма Чорны, Кандрат Крапіва, Аркадзь Куляшоў, Пятрусь Броўка, Міхась Лынькоў, Пятро Глебка, Міхась Машара, Алесь Стаховіч, Ілля Гурскі, Анатоль Астрэйка, Антон Бялевіч і іншыя. Многія з іх актыўна выступалі і па радыёстанцыі “Савецкая Беларусь” (яе ўзначальваў вядомы літаратар Уладзімір Юрэвіч), якая знаходзілася ў Маскве і вяла перадачы на акупіраваную беларускую зямлю на роднай беларускай мове. Усё гэта таксама спрыяла набліжэнню Вялікай Перамогі над нямецкім фашызмам. З ліпеня 1944 года пачалося актыўнае вызваленне Беларусі ад захопнікаў. Рэспубліканскія выданні адразу ж пераехалі ў Мінск, дзе і прадоўжылі сваю дзейнасць. ДРУК БЕЛАРУСІ Ў 1946 – 1984 ГАДАХ Дзейнасць газет “Звязда”, “Советская Белоруссия”, “Чырвоная змена” і іншых і іх роля ў аднаўленні народнай гаспадаркі
У верасні 1944 года Цэнтральны камітэт ВКП (бальшавікоў) прыняў пастанову “Аб бліжэйшых задачах партыйных арганізацый КП (б) Беларусі ў галіне масава-палітычнай і культурна-асветнай работы сярод насельніцтва”. Сярод актуальных задач жыцця засяроджвалася ўвага на разгортванні работы ў масах насельніцтва выключна па ўсіх напрамках, вызначаліся мэты па неадкладнаму аднаўленню культурна-асветных устаноў, “арганізацыі ідэйна-палітычнага выхавання партыйных, савецкіх, прафсаюзных, камсамольскіх кадраў і інтэлігенцыі”. У дакуменце было ўказана на неабходнасць стварыць у Беларускім дзяржаўным універсітэце факультэт журналістыкі. Дзейнасць сродкаў масавай інфармацыі па-ранейшаму бралася пад жорсткі і неаслабны кантроль, для чаго рэкамендавалася бюро Цэнтральнага камітэта Кампартыі Беларусі, абласным і раённым камітэтам партыі заслухоўваць планы работы газет і справаздачы рэдактараў, а таксама справаздачы сакратароў гэтых партыйных камітэтаў аб кіраўніцтве адпаведнымі друкаванымі органамі. Апынуўшыся ў вызваленым Мінску, нягледзячы на шматлікія цяжкасці з журналісцкімі кадрамі, матэрыяльна-тэхнічным і фінансавым забеспячэннем, рэдакцыйныя калектывы выданняў, і перш за ўсё – “Звязды”, “Советской Белоруссии”, “Чырвонай змены” і іншых рэспубліканскіх газет, адразу ж накіравалі ўсе свае намаганні на выкананне гэтых і многіх іншых дырэктыўных установак і даручэнняў. Тэматыка выступленняў СМІ з кожным днём пашыралася і паглыблялася. Канчатковае вызваленне ўсёй беларускай тэрыторыі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў; вялікая і насамрэч бескарыслівая дапамога нашаму народу ў аднаўленні разбуранай вайной гаспадаркі, аказваемая тагачаснымі братнімі саюзнымі рэспублікамі; мірная гераічная праца тысяч беларусаў – гэта былі сапраўдныя магістральныя накірункі дзейнасці рэдакцыйных калектываў. Рубрыкі “Хутка дастаўляць грузы наступаючай Чырвонай Арміі”, “Новым працоўным уздымам адказвае беларускі народ на перамогі Чырвонай Арміі”, “У авангардзе спаборніцтва”, “Масавая падрыхтоўка калгасных кадраў”, “Грамадскі агляд гатоўнасці да сяўбы”, “На палях рэспублікі”, “Сёння ідуць наперадзе” і многія іншыя сведчылі аб незвычайным памкненні і жаданні і журналістаў, і ўсіх працоўных Беларусі як мага хутчэй аднавіць мірнае стваральнае жыццё. У сакавіку 1946 года Вярхоўны Савет БССР прыняў Закон аб пяцігадовым плане аднаўлення і развіцця народнай гаспадаркі Беларускай ССР на 1946 – 1950 гады. Ужо ў ім ставілася надзвычай высокая і адказная задача: пераўзыйсці даваенны ўзровень эканомікі на 15 працэнтаў. У распаўсюджванне планаў, прапаганду па іх выкананню рэспубліканскія сродкі масавай інфармацыі ўключыліся адразу ж і на поўную магутнасць. Змяшчаючы каментарый да Закона, “Звязда”, напрыклад, адзначала: “…У ім – велічная праграма жыцця, працы і барацьбы савецкага народа, у ім – велічная праграма аднаўлення і перакрыцця даваеннага ўзроўню прамысловасці, сельскай гаспадаркі і культуры і далейшага руху наперад, да новых поспехаў сацыялістычнага будаўніцтва”… А літаральна праз два дні – 26 сакавіка 1946-га – “Советская Белоруссия” ўжо засведчыла: “З усіх куткоў рэспублікі прыходзяць весткі аб высокім патрыятычным уздыме беларускага народа…” Так, няпроста з сённяшніх пазіцый “адчуць” і зразумець тыя патрыятычныя пачуцці і перакананні, якія, так бы мовіць, перапаўнялі і ўвесь беларускі народ у цэлым, і супрацоўнікаў СМІ – ў прыватнасці. Безумоўна, у прапагандысцкай, ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце, якую закліканы былі весці перш за ўсё газеты, хапала так званай напышлівасці, палітычнай траскатні, ура-патрыятызму, надуманасці, фармалізму і г.д., і да т.п. І тым не менш, рабіць што-кольвечы іншае, весці сябе па-іншаму і сродкі інфармацыі, і асобна ўзятыя журналісты не маглі і не мелі на тое аніякага маральна-этычнага права. Нацярпеўшыся за тры гады акупацыі столькі бядот і гора, праліўшы рэкі людской крыві, страціўшы кожнага трэцяга свайго жыхара, не далічыўшыся толькі ў прамысловасці і будаўніцтве 6,3 мільярда рублёў, беларускі народ насамрэч самаахвярна і самааддана накіраваў усе свае наяўныя магчымасці і рэзервы, часам апошнія з апошніх сіл на тое, каб як мага хутчэй стаць на ногі, аднавіць разбураную гаспадарку, выйсці на ранейшы ўзровень жыцця… І словы друку тут былі зусім не лішнімі… Усё новыя і новыя рубрыкі і раздзелы з'яўляліся на старонках рэспубліканскіх, абласных і раённых перыядычных выданняў: “Па плану новай пяцігодкі”, “Старонкі перадавога вопыту”, “Расце індустрыяльная магутнасць Беларусі”, “Людзі новай пяцігодкі”, “Пісьмы з новабудоўляў”, “На важнейшых будоўлях рэспублікі”, “Шырыць спаборніцтва на прамысловых прадпрыемствах і новабудоўлях”, “Стаханаўскі лекторый”, “Трактарны завод – першачарговая ўдарная будоўля”, “За высокі ўраджай”, “Завочная агратэхнічная школа”… Пад імі былі змешчаны сотні перадавых артыкулаў і карэспандэнцый, рэпартажаў і замалёвак, нарысаў і крытычных артыкулаў аб усім станоўчым і перадавым, што праяўлялася падчас сапраўднай барацьбы за ажыццяўленне планаў пяцігодкі ва ўсіх без выключэння гарадах і раёнах рэспублікі, а таксама і аб тым, што перашкаджала ўпэўненаму руху наперад, да чарговых набыткаў і дасягненняў. На працягу тых жа 1946-га – першай паловы 1950-х гадоў Цэнтральны камітэт ВКП (б) і ЦК Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі прынялі яшчэ некалькі пастаноў і рашэнняў, накіраваных на пашырэнне і паглыбленне дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі выключна ва ўсіх сферах эканамічнага, сацыяльнага, палітычнага і культурнага жыцця краіны ў цэлым і нашай рэспублікі – ў прыватнасці. Гэта былі такія дакументы, як “Аб мерах па паляпшэнню абласных газет “Молот” (Растоў-на-Доне), “Волжская коммуна” (Куйбышаў) і “Курская правда”, “Аб партыйных і грамадска-палітычных часопісах”, “Аб часопісах “Звезда” і “Ленинград”, Аб падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы кіруючых партыйных і савецкіх работнікаў”, “Аб мерах па паляпшэнню раённых газет” (усе – пастановы ЦК ВКП (б); а таксама пастановы ЦК Кампартыі Беларусі “Аб паляпшэнні якасці рэспубліканскіх газет”, “Аб рабоце газеты “Советская Белоруссия”, “Аб няправільных адносінах Мінскага абкома КП (б) Б да крытыкі ў друку”, “Аб кіраўніцтве Сіроцінскага РК КП (б) Б газетай “Сталінскі сцяг” і задачы раённых газет”, “Аб распаўсюджванні і дастаўцы перыядычнага друку ў рэспубліцы”, “Аб рэагаванні на крытычныя выступленні друку”, “Аб газеце “Калгасная праўда”, “Аб паляпшэнні кіраўніцтва рабселькораўскім рухам” і інш. У адказ на патрабаванні партыі і ўрада былі павялічаны аб'ёмы газет да 4 палос, уведзены пасады ўласных карэспандэнтаў рэспубліканскіх газет па абласцях і абласных – па раёнах рэспублікі, рэспубліканскія газеты пачалі выходзіць пяць разоў у тыдзень… Шмат увагі рэспубліканскія, абласныя і раённыя перыядычныя выданні надавалі новабудоўлям, што з'явіліся літаральна на ўсёй карце Беларусі. З Салігорскага калійнага камбіната і Полацкага нафтаперапрацоўчага завода, Светлагорскага камбіната штучнага валакна і мінскіх трактарнага, аўтамабільнага заводаў публікаваліся дзесяткі артыкулаў, рэпартажаў, карэспандэнцый, нарысаў і замалёвак аб штодзённым жыцці гэтых вытворчых калектываў. З'явіліся цэлыя галіны, новыя для нашай рэспублікі: мінеральных угнаенняў, электронная, баваўняная, нафтаздабываючая і нафтаперапрацоўчая, дакладнага прыборабудавання, і СМІ таксама надавалі ім вялікую першаступенную ўвагу і значэнне. Знамянальнай падзеяй першых пасляваенных гадоў стаў удзел беларускіх дзеячаў культуры і мастацтва ў Дэкадзе беларускай савецкай літаратуры ў Маскве ў студзені-лютым 1949 года, прысвечанай 30-годдзю ўтварэння Беларускай ССР. У друку шырока прапагандаваліся творы беларускіх літаратараў. Характэрнай асаблівасцю тых гадоў было і тое, што ў газетах на штатнай аснове з ахвотай працавалі многія пісьменнікі і паэты: Іван Навуменка, Тарас Хадкевіч, Антон Бялевіч, Мікалай Матукоўскі, Нічыпар Пашкевіч, Мікола Вішнеўскі – у “Звяздзе”, Іван Новікаў і Яфім Садоўскі – ў “Советской Белоруссии”, Алесь Асіпенка, Васіль Бурносаў, Вера Палтаран, Георгій Шчарбатаў – у “Чырвонай змене”. Пазаштатнымі ж супрацоўнікамі гэтых і іншых выданняў з гонарам і вялікай адказнасцю лічылі сябе Якуб Колас, Пятрусь Броўка, Аркадзь Куляшоў, Кандрат Крапіва, Васіль Вітка, Алесь Якімовіч, Аляксей Кулакоўскі і іншыя творцы. З грунтоўнымі артыкуламі па надзённых праблемах беларускага нацыянальнага мастацтва і культуры выступалі таксама кампазітары Анатоль Багатыроў, Яўген Цікоцкі, дырыжоры і мастацкія кіраўнікі творчых калектываў Іосіф Жыновіч, Генадзь Цітовіч, Рыгор Шырма, артысты Стэфанія Станюта, Барыс Платонаў, Леанід Рахленка… Разам з тым, партыя не прамінала выпадку ўказаць перыядычным выданням і на недахопы ў іх дзейнасці. Так, асобнай пастановай ЦК КП (б) Беларусі былі адзначаны пралікі і хібы ў рабоце часопісаў “Полымя” і “Беларусь”, запатрабаваны строгі і прынцыповы падыход да мастацкіх твораў беларускіх пісьменнікаў, якія друкаваліся на іх старонках. Калектывы гэтых часопісаў, а таксама рэдакцыя газеты “Літаратура і мастацтва” былі ўмацаваны новымі творчымі супрацоўнікамі… Адзначаліся таксама пралікі ў рабоце абласных газет “Мінская праўда”, “Гродненская правда”, “За Радзіму” (Магілёў), мазырскай “Зары”, “Віцебскага рабочага”. Яны крытыкаваліся за “бессістэмнасць, адсутнасць сувязі з працоўнымі калектывамі, павярхоўнасць у паказе спраў у прамысловасці, слабы паказ ролі партыйных арганізацый, рэдкае публікаванне артыкулаў сакратароў партыйных арганізацый”… Абласныя і раённыя ўлады адразу ж адрэагавалі на крытыку: для супрацоўнікаў газет былі наладжаны курсы перападрыхтоўкі, больш увагі пачало надавацца партыйна-ідэалагічнай тэматыцы, на старонках газет з'явіліся новыя рубрыкі, а ў штатах рэдакцый – новыя аддзелы… Пільная і неаслабная ўвага надавалася і заходнебеларускаму друку – новаму ў сістэме савецкіх сродкаў масавай інфармацыі. Ужо ў красавіку 1945 года па рашэнню ЦК КП (б) Беларусі для сялян заходніх абласцей БССР пачала выдавацца газета “Савецкі селянін” (на беларускай і рускай мовах). Тыраж газеты складаў 50 тысяч экземпляраў: гэта было зроблена з далёка ідучым разлікам на тое, што выданне павінна было як мага паўней “вызваляць” шырокія масы працоўных ад “шкодных” уплываў царквы, усяляк бэсціць і “развінчваць” кулакоў і іншых “ворагаў” новай савецкай улады… Газета друкавала цэлыя старонкі пад рубрыкамі “Працай праславім Радзіму сваю”, “Зноў расквітнее Савецкая Беларусь”, “За шчасце сваё”, “За росквіт Радзімы”; пастаяннымі, з нумара ў нумар былі і рубрыкі “Па Саюзу Саветаў”, “Па Савецкай Беларусі”, “У дапамогу калгаснаму актывісту”, “За высокі ўраджай”, “У калгаснай вёсцы”, “Наш даведнік”, “Пісьмы ў рэдакцыю” і інш. Як ужо адзначалася вышэй, з 1 кастрычніка 1950 года газета “Савецкі селянін” пачала выходзіць пад назвай “Калгасная праўда”. Яна стала агульнарэспубліканскай масавай сялянскай газетай. З кастрычніка 1962-га гэта – “Сельская газета” (на рускай мове). Цяпер яна носіць назву “Белорусская нива”. У 50-я гады ХХ-га стагоддзя ў рэспубліцы з'явіліся і новыя перыядычныя выданні: газета “Физкультурник Белоруссии” (з 1951 г.), часопісы “Калгаснік Беларусі” і “Маладосць” (абодва – з 1953 г.), “Здравоохранение Белоруссии” (з 1955 г.), “Вясёлка” (з 1957 г.). Па стану на 1952 год у Беларусі выходзілі 10 рэспубліканскіх, 12 абласных, 174 раённыя, 123 газеты палітаддзелаў машынна-трактарных станцый (МТС), створаных у раёнах былой Заходняй Беларусі, 14 галіновых і шматтыражных газет, 14 часопісаў – усяго 347 перыядычных выданняў. Іх разавы тыраж складаў звыш 1 мільёна экземпляраў. Для параўнання: праз сем гадоў – у 1959-м – тыраж быў роўны ўжо 1,7 мільёна экземпляраў.
Асноўныя тэндэнцыі развіцця беларускага друку напярэдадні і пасля ХХ з'езда КПСС. Удзел беларускіх газет у выкананні рашэнняў з'езда
Такім чынам, беларускі друк першага пасляваеннага дзесяцігоддзя характарызаваўся тымі ж агульнасацыялістычнымі, камуністычнага напрамку развіцця і дзейнасці, тэндэнцыямі, што наогул былі ўласцівыя ўсёй дзяржаўна-камуністычнай сістэме ўлады на адной шостай частцы тэрыторыі Зямлі. Шырока дапускаліся, практыкаваліся і нават падтрымліваліся, ініцыятывы і пачыны сродкаў масавай інфармацыі адносна “пошуку” і “знаходак” новых формаў уздзеяння на розумы і сэрцы мільёнаў працоўных, у тым ліку – і кампаніі па прапагандзе, “арганізацыі”, “актывізацыі”, “уздыму”, “мабілізацыі” і г.д. шырокіх мас на “дасягненне, папулярызацыю, шырокае распаўсюджванне, набыццё” і інш. ч а г о с ь ц і (часцяком, яўна надуманага)… “Высунуцца” наперад, гэта значыць, праявіць хоць бы нейкую, зусім “нязначную”, сапраўдную, больш-менш рэальную ініцыятыву ці нават памкненне любой газеце ці часопісу было проста забаронена. Адзінадушша, “агульнадзяржаўная” падтрымка і адабрэнне дзеянняў “кіруючай і накіроўваючай сілы грамадства” – КПСС былі і заставаліся на першым, і самым галоўным, плане… Іншага “чаго-небудзь” ні сама сістэма, ні яе ідэалагічныя цэрберы, ні, натуральна ж, і друк не маглі сабе не тое што не дазволіць, а нават і падумаць аб гэтым… “Інашадумцам” (па-руску – “инакомыслящим”) былі адведзены дзве “магчымасці” для праяўлення сябе, а таксама дзве “зоны” для “дзеянняў”: магчымасці – турэмнае заключэнне і высылка з Бацькаўшчыны, “зоны” – ГУЛАГ і далёкае замежжа! Цяжка меркаваць аб “перспектывах” і наступным размаху дзейнасці рэпрэсійна-камуністычнай сістэмы “гаспадарання” ва ўсіх без выключэння сферах унутранага жыцця Савецкага Саюза, калі б не смерць “бацькі народаў” Іосіфа Сталіна ў сакавіку 1953 года... 14 – 25 лютага 1956 года праходзіў ХХ з'езд Камуністычнай партыі Савецкага Саюза. Ён прыняў, як і ранейшыя партыйныя форумы, чарговыя рашэнні, накіраваныя на паляпшэнне спраў у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, навуцы і культуры краіны. Аднак гэта быў па-сутнасці першы партыйны з'езд камуністаў, які надзвычай вялікую ўвагу ўдзяліў развіццю дэмакратыі ў савецкім грамадстве, абгрунтаванню прынцыпу суіснавання дзяржаў свету з розным палітычным ладам. На ХХ з'ездзе ўпершыню афіцыйна прагучала вострая крытыка культу асобы І. Сталіна. Задоўга да пачатку работы з'езда пачала працу спецыяльная камісія, якая падрыхтавала даклад аб грубых парушэннях законнасці падчас жыцця і дзейнасці Сталіна. У апошні дзень з'езда на спецыяльным закрытым пасяджэнні з дакладам “Аб кульце асобы і яго выніках” выступіў тагачасны партыйны лідэр КПСС Мікіта Хрушчоў. Даклад і рашэнні партыйнага з'езда азначалі рэзкі паварот у жыцці і дзейнасці партыі і дзяржавы, стваралі магчымасці для ажыццяўлення новых значных сацыяльных і палітычных рэформаў і пераўтварэнняў, выклікалі вялікую цікавасць і рэзананс як у савецкай дзяржаве, так і за мяжой. Пазней, у чэрвені 1956-га, у пастанове “Аб пераадоленні культу асобы і яго вынікаў” Цэнтральны камітэт КПСС зрабіў спробу растлумачыць прычыны сталінізму як з'явы, паказаць яго вытокі, сутнасць і вынікі. Аднак у пастанове сама праблема культу асобы не знайшла належнага тлумачэння і характарыстыкі. Гэта было вынікам таго, што многія партыйныя і дзяржаўныя дзеячы СССР па-ранейшаму верылі ў непагрэшнасць Сталіна, ды і многія бакі і аспекты яго ўласнай злачыннай дзейнасці заставаліся яшчэ невядомымі. Акрамя таго, некаторыя з кіраўнікоў партыйна-дзяржаўнага апарату разам са Сталіным павінны былі несці прамую адказнасць перад народам і краінай за сумесна зробленыя з ім злачынствы. У гэтых умовах мог (і павінен быў) спаўна прадэманстраваць свае прапагандысцкія, агітацыйныя і арганізацыйныя функцыі друк Савецкага Саюза. Менавіта праз яго, перш за ўсё выкарыстоўваючы магчымасць шырока, масава і штодзённа мець сувязь з народам, можна і трэба было спакойна, стрымана і, як кажуць у такіх выпадках, з фактамі на руках паказаць сутнасць і вытокі сталінізму, яго насамрэч злачынныя дзеянні і вынікі… Аднак, знаходзячыся ў палоне ідэалагічных органаў улады, па-ранейшаму ўсляпую падпарадкоўваючыся волі яе вярхоў, не маючы ні магчымасці, ні жадання ўзяць на сябе смеласць і адказнасць па выяўленню і выкрыццю гэтай гнюснай, антынароднай, антычалавечай з'явы, сродкі масавай інфармацыі, мякка кажучы, затрымаліся ў дарозе, даўшы народу ў цэлым аб'ектыўныя і праўдзівыя звесткі, прыклады і факты аб дзейнасці Сталіна і яго акружэння толькі праз некалькі дзесяцігоддзяў пасля таго, як на тое з'явілася рэальная, канкрэтная магчымасць. А так, як і раней, як і ў даваенныя, і ў першыя пасляваенныя гады сродкі масавай інфармацыі жылі, так бы мовіць, сваім, выключна “савецкім”, жыццём. Абапіраючыся на нейкія ўяўныя “перавагі сацыялістычнай сістэмы гаспадарання і планавага вядзення эканомікі”, яны клікалі працоўныя калектывы “на заваяванне новых вышынь у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, на транспарце”, на “пабудову ў нашай краіне камуністычнага грамадства”… Тое ж, што гэта былі прывіды, завоблачныя фантастычныя ўяўленні і мары, ніхто не “бачыў” і нават не задумваўся. Газетныя старонкі “Звязды” і “Советской Белоруссии”, “Калгаснай праўды” і “Чырвонай змены”, усіх без выключэння абласных і раённых, шматтыражных і насценных газет з дня ў дзень заклікалі да далейшага развіцця прамысловасці, сельскай гаспадаркі, навукі і культуры. Так, гэта давала пэўны плён. Беларускі народ, змардаваны і знявечаны ваеннымі выпрабаваннямі 1941 –1945 гадоў, шмат і надзвычай плённа па-ранейшаму шчыраваў над аднаўленнем разбуранай вайной гаспадаркі. Былі і вялікія поспехі, і набыткі, і працоўныя рэкорды, і вынаходствы, і адкрыцці, і культурна-мастацкія поспехі… Сродкі масавай інфармацыі вельмі і вельмі часта заўважалі, ашчаджалі, прапагандавалі і распаўсюджвалі лепшыя набыткі і дасягненні літаральна ва ўсіх сферах грамадска-палітычнага, а больш за ўсё – сацыяльна-эканамічнага і культурнага жыцця. У выкананні планаў шостай пяцігодкі (1956 – 1960 гг.), напрыклад, многа цікавых і карысных адрасоў сапраўды перадавога вопыту выявілі і прадэманстравалі чытачам тая ж “Звязда”, абласныя газеты “Віцебскі рабочы” і “Гродненская правда”, раённыя “Перамога” (Смаргонь), “Чырвоны хлебароб” (Талачын), “За Савецкую Радзіму” (Вілейка), “Слава працы” (Капыль)… Рубрыкі “Праблемы шостай пяцігодкі”, “Шостая пяцігодка – наша кроўная справа”, “Усе сілы – на выкананне рашэнняў ХХ з'езда партыі”, “Райком: стыль работы”, “За ленінскі стыль у дзейнасці партарганізацыі”, “Зробім рух за камуністычныя адносіны да працы сапраўды ўсенародным”, “Па-ўдарнаму, па-камуністычнаму”, “На будоўлях пяцігодкі” і многія, многія іншыя наўрад ці патрабуюць расшыфроўкі і каменціравання… Сам дух партыйна-камуністычнай прапаганды, атмасфера “ўсеагульнага палітычнага і працоўнага энтузіязму і ўздыму” пранізвалі не толькі ідэалагічны і прапагандысцкі працэсы выхавання, але і па-сутнасці ўсё грамадска-палітычнае жыццё. Сам жа працэс дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі таксама па-ранейшаму не выпускаўся з поля штодзённай увагі і кантролю кіруючых, і перш за ўсё – партыйных структур самых розных узроўняў. Дзесяткі пастаноў ЦК КПСС: “Аб паляпшэнні кіраўніцтва масавым рухам рабочых і сельскіх карэспандэнтаў савецкага друку”, “Аб задачах партыйнай прапаганды ў сучасных умовах”, “Аб далейшым развіцці грамадскіх пачаткаў у савецкім друку і радыё”, “Аб павышэнні дзейснасці выступленняў савецкага друку” і інш.; пастановы ЦК КПБ: “Аб рэагаванні на крытычныя выступленні друку”, “Аб няправільных адносінах Рагачоўскага райкома КПБ да крытычных выступленняў раённай газеты “Камунар”, “Аб стане і мерах паляпшэння раённых газет рэспублікі”, “Аб рабоце калгасных і саўгасных шматтыражных газет”, “Аб паляпшэнні кіраўніцтва рабселькораўскім рухам”, “Аб стане і мерах паляпшэння масава-палітычнай работы ў рэспубліцы” і г.д., і да т.п. не даюць падстаў сумнявацца ў гэтым. У мэтах аказання тэарэтычнай дапамогі супрацоўнікам сродкаў масавай інфармацыі Цэнтральны камітэт КП Беларусі з 1958 года пачаў выдаваць часопіс “У дапамогу работнікам мясцовага друку”.
Эканамічныя рэформы 60-х гадоў ХХ стагоддзя і прапаганда іх у друку
У шасцідзесятыя гады ХХ стагоддзя ў эканамічным і сацыяльным развіцці Савецкага Саюза вызначыліся пэўны рост і дасягненні. Поўнасцю аднавілася работа практычна ўсіх прамысловых прадпрыемстваў, разбураных і знішчаных у гады Вялікай Айчыннай вайны, на новыя рубяжы выйшлі сельская гаспадарка, будаўнічы комплекс, транспарт і сувязь. Больш-менш стабілізавалася забеспячэнне працоўных прадуктамі харчавання і прадметамі першай неабходнасці, запрацавалі сацыяльная сфера і культурна-асветныя ўстановы. Праўда, у палітычным, ідэалагічным і выхаваўчым жыцці па-ранейшаму давалі аб сабе знаць уціск, заангажаванасць, рэгламентаванасць, недазволенасць… Сродкі масавай інфармацыі, як і раней, пастаянна атрымлівалі “кіруючыя і накіроўваючыя” ўказанні і ўстаноўкі з боку сваіх заснавальнікаў – адпаведных партыйных камітэтаў і органаў. Як сведчаць даследчыкі друку таго часу, “на далейшае ўмацаванне і развіццё друку, удасканаленне журналісцкага майстэрства, развіццё рабселькораўскага руху” былі накіраваны шэраг чарговых дакументаў ЦК КПСС: пастановы “Аб 50-годдзі газеты “Правда”, “Аб чарговых задачах ідэалагічнай работы партыі”, “Аб падрыхтоўцы да 50-годдзя Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі”, “Аб падрыхтоўцы да 100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна”, “Аб павышэнні ролі раённых газет у камуністычным выхаванні працоўных”; а таксама пастанова ЦК КПБ “Аб 50-годдзі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі” і іншыя. Эканамічным пераўтварэнням і новым набыткам народнагаспадарчага комплексу Беларусі ў значнай ступені спрыялі знойдзеныя і шырока выкарыстаныя ў той час новыя для беларускага друку формы і метады штодзённай дзейнасці. Шэфства рэспубліканскіх газет “Звязда”, “Советская Белоруссия”, “Сельская газета”, “Чырвоная змена”, “Знамя юности”, абласных – “Мінская праўда”, “Віцебскі рабочы”, “Гродненская правда”, “Заря” (Брэст), “Гомельская праўда”, “Магілёўская праўда”, дзесяткаў раённых перыядычных выданняў над асноўнымі новабудоўлямі і пускавымі аб'ектамі, найбольш важнымі для рэспублікі і адпаведных рэгіёнаў прадпрыемствамі і навукова-даследчымі ўстановамі; рэгулярнае, загадзя спланаванае правядзенне рэйдаў і аглядаў, праверак выканання планаў і сацыялістычных абавязацельстваў; семінары і тэматычныя лятучкі, наладжаныя для супрацоўнікаў сродкаў масавай інфармацыі непасрэдна на вытворчасці; пастаянна дзеючыя школы журналісцкага майстэрства пры Вышэйшай партыйнай школе пры ЦК КПБ і Саюзе журналістаў Беларусі, а таксама пры абласных і некаторых гарадскіх і раённых партыйных камітэтах; рэгулярныя прэс-канферэнцыі для журналістаў, што працавалі па канкрэтнай тэматыцы, – гэтыя і некаторыя іншыя формы і метады работы ўпершыню пачалі практыкавацца ў нашай рэспубліцы менавіта ў шасцідзесятыя – сямідзесятыя гады мінулага стагоддзя. І яны, несумненна, былі надзейным сродкам больш глыбокага і дасканалага асэнсавання і засваення тых эканамічных рэформаў, давалі вялікі эфект, з'яўляліся для супрацоўнікаў СМІ важнай крыніцай удасканалення журналісцкага майстэрства, папаўнення багажу і навыкаў творчай дзейнасці. Натуральна ж, з'явіліся на газетных старонках і новыя, адпаведныя часу, рубрыкі і раздзелы, нават цэлыя тэматычныя старонкі і развароты. “Старонка сацыялістычнага спаборніцтва”, “Правяраем выкананне абавязацельстваў”, “Звязда” на меліярацыі Палесся”, “На падшэфных будоўлях”, “Даў слова – стрымай яго!”, “Флагманы індустрыі”, “Рэйд-агляд”, “Партарганізацыя і рэформа”, “Выканаем сямігодку за чатыры гады!”, “Сямігодка – родная, кроўная справа кожнага савецкага чалавека”, “Ініцыятыва і вопыт” – гэта толькі асобныя назвы рубрык і старонак газет рэспублікі 60-х гадоў. У 60-я гады ў Беларусі выходзіла 171 газета: 11 рэспубліканскіх, 6 абласных, 11 аб'яднаных, 106 раённых, 2 гарадскія, 35 шматтыражных – агульным разавым тыражом 4 мільёны экземпляраў. Выдаваліся таксама 20 часопісаў і некалькі бюлетэняў, тыраж якіх складаў каля 2 мільёнаў экземпляраў. Гэтым жа гадам, на жаль, былі ўласцівыя і негатыўныя тэндэнцыі ў асвятленні шматграннай жыццядзейнасці беларускага грамадства. Уласна кажучы, гэта быў “грэх” усяго партыйна-савецкага друку. Перш за ўсё, жорсткія ўмовы і падыходы прад'яўляла да дзейнасці прэсы савецкая цэнзура – ці не адзіная ў той час на еўрапейскім кантыненце. Галоўнае ўпраўленне па ахове тайнаў у друку (Галоўліт) пры Савеце Міністраў Беларусі мела надзвычай вялікія паўнамоцтвы. Яго супрацоўнікі (чытай: вышэйшыя афіцэры органаў КДБ) кожны дзень перад здачай нумароў газет і часопісаў у друкарню для тыражавання ўважліва, у прамым сэнсе слоў – з чырвоным алоўкам у руках, чыталі і перачытвалі кожны артыкул, кожную нават невялічкую заметку і інфармацыю… Не дазволеныя для шырокай агалоскі факты і лічбы бязлітасна выкрэсліваліся імі, а рэдакцыям, якія “мелі намер выдаць тую ці іншую дзяржаўную тайну”, рабіліся заўвагі і папярэджанні. Калі такіх “вмешательств” на працягу года збіралася некалькі, маглі быць зроблены і кадравыя высновы ў рэдакцыйным калектыве… Пад дзяржаўна-партыйнай забаронай і строгім кантролем знаходзіліся не толькі асобныя лічбы і факты, але і цэлыя тэмы, напрамкі дзейнасці некаторых дзяржаўных службаў, органаў і арганізацый. Перш за ўсё гэта былі шматлікія негатыўныя з'явы ў жыцці грамадства ў цэлым. Многія правапарушэнні (у прыватнасці, правы чалавека ў грамадстве, абмежаванні ў свабодным перамяшчэнні грамадзян і іх выбары месца для жыхарства, палітычныя свабоды, сапраўдная свабода сходаў, мітынгаў, свабода друку і г.д.) таксама “не падлягалі” ў савецкім грамадстве не тое што шырокаму абмеркаванню ці адлюстраванню, а нават згадванню аб гэтых негатыўных праявах. Шмат было праблемных сітуацый і супярэчнасцей і ўнутры партыйных, савецкіх, гаспадарчых, прафсаюзных і камсамольскіх органаў і структур, ва ўзаемаадносінах іх паміж сабой, што таксама заставалася для радавога чалавека тайнай за сямю пячаткамі… З вялікай цяжкасцю, праз шматлікія цэнзарскія рагаткі прабівалі сабе дарогу на старонкі сродкаў масавай інфармацыі і такія напрамкі і тэмы, як невядомыя раней ці наўмысна скажоныя старонкі нашай шматпакутнай гісторыі, рэпрэсіі 30-х – 40-х гадоў, масавы калабаранцкі рух у гады Вялікай Айчыннай вайны, праследаванне за іншадумства… Затое па-ранейшаму хапала (нават зашмат было!) так званай палітычнай траскатні, словаблудства і словаслоўя, заздароўных панегірыкаў, заказных юбілейных артыкулаў і цэлых палос… Эканамічныя набыткі і дасягненні ў 60-я гады ХХ стагоддзя месца мелі, гэта – факт! Савецкаму ж грамадству, у тым ліку і беларускаму як аднаму са складнікаў той сістэмы, востра патрэбны былі і іншыя пераўтварэнні – перш за ўсё палітычныя, дзяржаўныя, сацыяльныя. Яны ж, вобразна кажучы, у дарозе яўна затрымліваліся…
|