|
Культура беларускіх зямель у сярэдзіне XIII – першай палове XVI ст.Date: 2015-10-07; view: 1017. Фарміраванне беларускай народнасці. Падчас уваходжання беларускіх зямель у склад ВКЛ паступова фарміруецца адзіная беларуская народнасць. Народнасцю называецца моўная, тэрытарыяльная, эканамічная і культурная супольнасць людзей, пераважна рабаўладальніцкай ці феадальнай эпохі, для якой характэрна сумеснае пражыванне на адпаведнай тэрыторыі, адноснае адзінства гаспадаркі, мовы, культуры, а таксама этнічная самасвядомасць. Асновай беларускай народнасці сталі славянскія племянныя саюзы крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў і часткова валынян, якія ў сваю чаргу ўвабралі многія элементы культуры папярэдняга фінскага і балцкага насельніцтва. Прычым асіміляцыя балцкіх (асабліва літоўскіх) элементаў працягвалася да ХІХ ст. З утварэннем ВКЛ ўсе часткі будучага беларускага этнасу ўпершыню апынуліся ў межах адзінай дзяржавы, што спрыяла іх далейшай моўнай, культурнай, эканамічнай кансалідацыі, а таксама ўзнікненню агульнай самасвядомасці. Акрамя таго, важнымі фактарамі фарміравання беларускай народнасці стала кансалідацыя нешматлікіх катэгорый насельніцтва ў сацыяльныя групы з агульнымі правамі і абавязкамі (напрыклад, мяшчане), умацаванне эканамічных сувязей, развіццё ўнутранага рынку, працэс цэнтралізацыі ВКЛ, неабходнасць барацьбы са знешнім ворагам. У ХІV–ХVІ стст. на жыхароў сучаснай тэрыторыі Беларусі распаўсюджваліся назвы “ліцвіны” (пераважна жыхары Заходняй Беларусі і Усходняй Літвы) і “русіны” (жыхары Усходняй Беларусі і Смаленшчыны). Назва “Белая Русь” упершыню згадваецца ў ХІІ ст., але толькі ў ХІІІ ст. яна ўжываецца ў дачыненні да ўсходняй часткі Беларусі і Пскоўшчыны. Развіццё мовы і літаратуры. Да сярэдзіны ХVІ ст. фарміруецца старабеларуская літаратурна-пісьмовая мова, якая істотна адрозніваецца ад стараславянскай сваімі арфаграфічнымі і нават лексічнымі рысамі. Пры Альгерду яна становіцца агульнадзяржаўнай (да 1696 г.), на ёй напісаны не толькі літаратурныя, але і найважнейшыя дзяржаўныя дакументы (Судзебнік 1468 г., першыя вайсковыя статуты (30-я гг. XVI ст.), Статуты ВКЛ (1529 г., 1566 г., 1588 г. і інш.). Гэта мова дзяржаўнага справаводства, а таксама зносін паміж рознымі этнічнымі групамі насельніцтва ВКЛ. З ХV–ХVІ стст. характэрнае для гутарковай беларускай мовы “дзэканне”, “цэканне”, “аканне”, цвёрдае вымаўленне “р” пачынаюць прасочвацца і ў афіцыйныя дакументы іўплываць на фарміраванне беларускай літаратурнай мовы. Станаўленне старабеларускай літаратуры непасрэдна звязана з этнічнымі працэсамі, што адбываліся ў ВКЛ. У ХІІІ – ХVІ стст. значную ролю на беларускіх землях пачынае адыгрываць рукапісная кніга, пераважна царкоўнага характару (пергаментныя Аршанскае, Мсціслаўскае, Лаўрышаўскае, Жыровіцкае евангеллі). У беларускай літаратуры месца былін займае новы эпічны жанр – гістарычныя песні, прысвечаныя барацьбе насельніцтва з іншаземнымі захопнікамі. У ХV ст. з'яўляецца новы жанр – перакладная літаратура як свецкага (“Александрыя”, “Троя”), так і царкоўнага характару (“Аповесць пра трох каралёў”, “Трыстан і Ізольда”, “Аповесць пра Бову” і г. д.). Яе існаванне – яркае сведчанне цесных культурных стасункаў ВКЛ з іншымі краінамі. ХV ст. адзначаецца ростам бібліятэчнай справы: на беларускіх землях ствараюцца буйныя прыватныя і царкоўныя кнігасховішчы. Рукапісныя кнігі ў іх адзначаюцца адмысловым афармленнем. Яркім прадстаўніком жанру царкоўнай аратарскай прозы на беларускіх землях стаў Рыгор Цамбалак, выбраны ў 1415 г. навагрудскім мітрапалітам. Значнае месца ў літаратуры ХV – пачатку ХVІ ст. належыць летапіснаму жанру. Сярод беларуска-літоўскіх летапісаў агульнадзяржаўнага характару варта адзначыць “Летапісец вялікіх князёў Літоўскіх” (каля 1430 г.), “Беларуска-Літоўскі летапіс 1446 г.”, якія падтрымлівалі цэнтралізатарскую палітыку вялікіх князёў. Складанай часткай апошняга з'яўляецца “Пахвала Вітаўту” – яркі ўзор панегірычнай літаратуры свайго часу. Найбольш поўна асноўныя падзеі палітычнай гісторыі ВКЛ (як легендарныя, так і рэчаісныя) да пачатку ХVІ ст. выкладзены ў “Хроніцы Быхаўца”. У другой палове ХVІ ст. летапісны жанр саступае першынство іншым накірункам літаратуры. Эпоха Адраджэння на Беларусі. У ХІV–ХV стст. у Заходняй Еўропе пачынае фарміравацца культура новага тыпу, дзе на першае месца выходзіць праблема зямнога прызначэння чалавека. Аснову гуманістычнай ідэалогіі складалі прынцыпы натуралізму, самастойнасці чалавека, абсалютнай духоўнай незалежнасці. Прадстаўнікі новай культуры называлі сваю эпоху Адраджэннем (Рэнесансам). У ВКЛ у канцы ХV ст. таксама пачынаюць з'яўляцца тэндэнцыі новага тыпу культуры, жыцця і светапогляду. Яны былі падрыхтаваны больш высокім узроўнем эканамічнага жыцця, пашырэннем кантактаў з Заходняй Еўропай, палітычнай цэнтралізацыяй, дзяржаўна-прававой стабілізацыяй грамадства. Аднак Адраджэнне на беларускіх землях мела і свае адметныя рысы. Перш за ўсё трэба адзначыць, што сацыяльнай апорай новай ідэалогіі было шляхецкае саслоўе, а не буржуазія, як у развітых краінах Еўропы; да таго ж у эканоміцы княства не сфарміраваліся раннекапіталістычныя адносіны. Распаўсюджванне рэнесансных ідэй замаруджвалася таксама моцным супрацьстаяннем з боку каталіцкай і праваслаўнай цэркваў. Не трэба таксама забывацца, што духоўная культура беларускай народнасці стваралася ў межах рознанацыянальнай і рознаканфесійнай дзяржавы – ВКЛ, а потым Рэчы Паспалітай. Самым славутым прадстаўніком беларускай культуры эпохі Адраджэння стаў пачынальнік ўсходнеславянскага кнігадрукавання доктар Францішак Скарына з Полацка (каля 1490 – каля 1551). Сапраўдны патрыёт, гуманіст, які бачыў выратаванне грамадства ў асвеце і маральным дасканальванні людзей, у Бібліі Скарына бачыў перш за ўсё крыніцу свецкіх ведаў. Таму менавіта Святое пісанне ён перакладаў на родную мову. Скарына стаў заснавальнікам жанру прадмоў, у якіх выказваўся наватарскі погляд на розныя сферы жыцця. Усяго ў Празе і Вільні Скарына надрукаваў 42 кнігі Бібліі. Яго дзейнасць дала моцны штуршок кнігавыдавецкай справе на ўсходнеславянскіх землях. Паэтам-гуманістам еўрапейскага маштабу можна назваць Міколу Гусоўскага (1470? – каля 1533). Сярод дзесятка вершаў і яго трох паэм асаблівае месца займае напісаная ў 1522 г. ў Рыме на лацінскай мове “Песня пра зубра”, у якой паэт уславіў родную прыроду, свабоднага чалавека і асудзіў войны. Рэфармацыя на Беларусі. XVI – XVII стст. сталі часам не толькі палітычных, але і сацыяльных і рэлігійных зменаў, якія ахапілі значныя колы грамадства не толькі ВКЛ і Рэчы Паспалітай, але і іншых краін. У канцы ХV – пачатку ХVІ ст. рымская каталіцкая царква ў Заходняй Еўропе ўступіла ў паласу працяглага крызісу, вынікам якога стаў другі вялікі раскол у хрысціянстве (першы адбыўся ў 1054 г. як афіцыйны падзел хрысціянскай царквы на каталіцкую і праваслаўную) – Рэфармацыя. Ідэолагамі першай хвалі еўрапейскай Рэфармацыі сталі Марцін Лютэр, Жан Кальвін, Ульрых Цвінглі. Яны заклікалі веруючых да барацьбы са злоўжываннямі ў каталіцкай царкве, вяртання да ідэалаў першапачатковага хрысціянства. Гэты рух быў падтрыманы ў Еўропе найшырэйшымі коламі грамадства: ад збяднелых сялян да кіруючых колаў свецкай улады. Моцны выбух на Захадзе не мог не аказаць пэўны ўплыў на рэлігійную сітуацыю ў ВКЛ. Афіцыйна пачаткам Рэфармацыі лічыцца заснаванне ў 1553 г. Першай кальвінскай суполкі (збору) у Бярэсці. Лютэранства ў ВКЛ было распаўсюджана пераважна сярод гараджан іншаземнага паходжання, прычым значна раней: у 1535 г. упамінаецца аб заснаванні ў Слуцку з дазволу князя Юрыя Алелькавіча першага лютэранскага збору на беларускіх землях. Шырокімі коламі насельніцтва на нашых землях быў падтрыманы кальвінізм. Ён вабіў людзей патрабаваннямі адмены царкоўных падаткаў і землеўладання, таннай царквой, суполкамі з самакіраваннем. Магнаты ў кальвінізме бачылі царкву, незалежную ад каталіцкай Польшчы і праваслаўнай Масковіі. Патронам кальвінісцкага руху на Беларусі стаў віленскі ваявода Мікалай Радзівіл Чорны (1515–1565). Ён ператварыў сваю рэзідэнцыю ў Нясвіжы ў цэнтр кальвінізму ў ВКЛ. Тут працавалі гімназія, друкарня, выдаваліся кнігі на старабеларускай і польскай мовах. Прыхільнікамі кальвінізму былі выдатныя дзеячы беларускай культуры Сымон Будны, Астафей Валовіч і Васіль Цяпінскі. Буйнейшымі цэнтрамі кальвінізму на беларускіх землях сталі Вільня, Брэст, Заслаўе, Навагрудак, Слуцк і іншыя гарады. Кальвіністы засноўвалі школы (у тым ліку для дзяўчынак), друкарні. Таленавітая моладзь на грошы мецэнатаў выязджала вучыцца ва універсітэты Заходняй Еўропы. У 1562–1565 гг. на беларускіх землях з кальвінізму ылучаецца радыкальны накірунак – антытрынітарызм (арыянства), патронам якога стаў Ян Кішка. Яго прадстаўлялі дзве плыні: 1) радыкальная, плебейска-сялянская, прыхільнікі якой адмаўлялі многія хрысціянскія дагматы, выступалі супраць вярхоўнай улады і дзяржаўных устаноў, нацыянальнага і рэлігійнага прыгнёту, за стварэнне бессаслоўнага грамадства; 2) памяркоўная, шляхецка-бюргерская. Арыянскія зборы не былі такімі багатымі як кальвінісцкія, але і яны імкнуліся адчыняць школы і друкаваць кнігі. Найбольшага поспеху арыяне дасягнулі ў Навагрудскім і Брэсцкім аяводствах. У Ашмянскім павеце, Заслаўі і Любчы былі заснаваны арыянскія друкарні. У арыянства перайшоў Сымон Будны. Гэты накірунак пратэстантызму вабіў многіх праваслаўных вернікаў. Акрамя таго, з'яўляліся блізкія да арыянства праваслаўныя ерасі. Так, у Полацку і Віцебску былі прыхільнікі збеглых з Расіі Феадосія Касога і папа Фамы. Прывілей Жыгімонта ІІ Аўгуста (1563) ураўноўваў пратэстантаў у правах з католікамі. Акт Варшаўскай канфедэрацыі 1573 г. аб свабодзе веравызнання, тэкст якога ўвайшоў у Статут 1588 г., абвясціў рэлігійны мір у Рэчы Паспалітай. Але паступова з другой паловы ХVI ст. колькасць пратэстантаў на беларускіх землях пачала змяншацца. Гэтаму спрыяла напужанасць многіх магнатаў змацненнем антыфеадальных настрояў сярод простых вернікаў, а таксама супрацьдзеянне каталіцкай царквы, якая праводзіла палітыку контррэфармацыі. Контррэфармацыя на Беларусі. Асноўную ролю ў контррэфармацыі на Беларусі, як і ва ўсёй Еўропе, адыгралі каталіцкія манаскія ордэны, асабліва ордэн езуітаў. У сваёй барацьбе з рэфармацыйнымі плынямі яго дзеячы галоўную ролю адводзілі ўсталяванню кантролю над навукай, літаратурай і мастацтвам, фарміраванню высокага ўзроўню адукацыі і выхаванню моладзі. У канцы 1569 г. па запрашэнні віленскага біскупа В. Пратасевіча езуіты з'явіліся ў Вільні. Манархі Рэчы Паспалітай, асабліва Стэфан Баторый (1576–1586), горача падтрымалі іх дзейнасць. У 1570 г. імі ў Вільні быў заснаваны калегіум, ператвораны ў 1579 г. ў акадэмію – першую вышэйшую навучальную ўстанову на тэрыторыі ВКЛ. Яе першым рэктарам стаў выдатны прамоўца і пісьменнік Пётр Скарга. Езуіцкая адукацыя адрознівалася высокім узроўнем, да таго ж яна была бясплатнай. Езуіцкі калегіум (а яны з цягам часу былі адкрыты ў Брэсце, Пінску, Наваградку, Гародні, Мінску, Віцебску, Слуцку, Магілёве і іншых гарадах; пры калегіумах працавалі друкарні і бібліятэкі) маглі наведваць дзеці, якія належалі да розных канфесій, але ў яго сценах яны рабіліся шчырымі прыхільнікамі каталіцызму. Езуіты кіравалі будаўніцтвам новых кляштароў і касцёлаў, займаліся дабрачыннасцю і аказвалі медыцынскую дапамогу насельніцтву (заснавалі першую на Беларусі аптэку ў Гародні). Свае красамоўныя пропаведзі яны часта прамаўлялі на беларускай мове, на ёй жа вялося выкладанне ў Полацкім калегіуме, перакладаліся свяшчэнныя кнігі. За пяць гадоў дзейнасці езуітаў толькі ў Вільні да каталіцызму вярнулася 6 тысяч чалавек. Дойлідства. У рэчышчы культурна-гістарычных працэсаў, што адбываліся ў ВКЛ у ХІV–ХVІ стст., развівалася беларускае дойлідства. Значны ўплыў на яго аказалі заходнееўрапейская каталіцкая і візантыйская праваслаўная традыцыі. Таму для гэтага перыяду характэрна эклектыка – спалучэнне розных стыляў. У сярэдзіне – другой палове ХІV ст. значны ўплыў на архітэктуру аказала готыка. Гэты стыль характарызуецца ўзнёслымі формамі, ажурнымі вежамі, спецыяльнай канструкцыяй сцен, вітражамі, вузкімі стральчатымі парталамі, багатым знешнім і ўнутраным дэкорам. Сярод культавых збудаванняў гатычныя рысы найбольш яскрава праступаюць у Траецкім касцёле (в. Ішкаладзь, Баранавіцкі раён), у касцёле в. Усялюб Гродзенскай вобласці. Вызначальнай асаблівасцю архітэктуры Беларусі ў гэты перыяд з'яўляўся яе абарончы характар. Будаваліся невялікія адна- і двухвежавыя замкі-кастэлі (у Лідзе, Крэве), а таксама шматвежавыя мураваныя замкі (у Наваградку, Гародні, Міры). Да нашых часоў захаваліся інкастэляваныя цэрквы-крэпасці канца ХV – пачатку ХVІ ст. ў Малым Мажэйкаве Лідскага і Сынкавічах Зэльвенскага раёнаў. Іх адметнай рысай з'яўляецца кампактнасць аб'ёму, высокі дах, вежы з байніцамі, дакладны ўнутраны падзел на культавую і фартыфікацыйную часткі. З прыходам на беларускія землі магдэбургскага права цэнтральныя плошчы гарадоў пачалі дапаўняць ратушы. Гатычны стыль гэтага перыяду спалучаўся з элементамі рэнесансу. Ужывалася тэхніка лускаватай і паласатай муроўкі. Выяўленчае мастацтва. У ХІV – ХVІ стст. у выяўленчым мастацтве ВКЛ асаблівую ролю адыгрывае іканапіс. Сярод найбольш распаўсюджаных – выявы Багародзіцы. Пачынае фарміравацца мясцовая школа жывапісу. Не ўдалося пакуль знайсці помнікаў манументальнага і партрэтнага жывапісу, але пісьмовыя крыніцы гэтага перыяду сведчаць аб высокім узроўні яго развіцця. З'яўлялася і скульптура, пераважна драўляная, якая амаль не захавалася да нашых дзён. У ХV– ХVІ стст. існавалі цэхі майстроў, што распісвалі храмы. У ХVІ ст. з'яўляецца свецкі жывапіс (партрэты-парсуны, пахавальны, сармацкі партрэты). Характэрная рыса беларускага арнаменту, якім аздабляліся рукапісныя кнігі, – спалучэнне расліннага, жывёльнага і фігурнага ўзораў. Такім чынам, у ХІV–ХVІ стст. даволі паспяхова ідзе працэс фарміравання нацыянальнай беларускай культуры, якая, абапіраючыся на ўласныя традыцыі,спалучала ў сабе галоўныя тэндэнцыі Захаду і Усходу.
|