|
Гістарыяграфія гісторыі Беларусі.Date: 2015-10-07; view: 666. Гістарыяграфія-літаральна апісанне гісторыі.Сэнс гэтага паняцця зводзіцца да наступнага:1)гісторыя гістарычнай навукі(накапленне гістарычных ведаў,рознае тлумачэнне гістарычных ,змена метадалагічных накірункаў у гістарычнай навуцы і інш.);2)сукупнасць гістарычных даследаванняў,прысвечаных пэўнай эпосе (гістарыяграфія эпохі феадалізму(капіталізму),тэме ці перыяду(гістарыяграфія гісторыі рабочага класа Беларусі XIX-XXстст.),ці сукупнасць гістарычных работ,аб'яднаных агульнымі рысамі:тэарэтычнымі(ліберальна-буржуазная,дэмакратычная,марксісцкая гістарыяграфія і інш.),нацыянальнымі(беларуская,расійская,украінская,польская гістарыяграфія). Першымі прафесійнымі гісторыкамі,якія заклалі падмурак канцэпцыі беларускай гісторыі,былі прафесары Віленскага універсітэта Анцэвіч,Баброўскі,Даніловіч,Ярашэвіч.Даніловіч упершыню апублікаваў Статут ВКЛ 1529 і іншыя крыніцы па гісторыі Беларусі.Ярашэвіч апублікаваў таксама фундаментальнае даследванне “Вобраз Літвы з пункту гледжання цывілізацыі ад найстаражытнейшых часоў да канца XVIIIст.”.Вывучэннем гісторыі ВКЛ,пошукамі і апрацоўкай матэрыялу для “Актов Западной России” займаўся Анацэвіч. Браты Тышкевічы з'яўляюцца пачынальнікамі беларускай археалогіі,Даленга-Хадакоўскі-заснавальнікам беларускай фалькларыстыкі і мовазнаўства,Нарбут-аўтарам дзевяцітомнай “Гісторыі літоўскага народа”,Кіркор-вучоным і грамадскім дзеячам,Чачот-збіральнікам і выдаўцом(на польскай мове)народных песень.Вывучэнне айчыннай гісторыі звязана з імем беларускага археографа Грыгаровіча.Ен сабраў і на сродкі графа Румянцава выдаў “Белорусский архив древних грамот”,быў аўтарам гістарычнага даследвання “Беларуская іерархія”,прымаў удзел у выданні “Актов Западной России”.Аўтарам навуковых твораў “Путешествие по Полесью и Белорусскому краю”, “Белоруссия в характеристических описаниях и фантастических сказках” быў пісьменнік-этнограф Шпілеўскі.У 1855 у Санкт-Пецярбургу Без-Карніловічам былі выдадзены “Исторические сведения о примечательных местах Белоруссии…”,тэрыторыю якой ен абмяжоўваў Віцебскай і Магілеўскай губернямі,астатнія беларускія землі называў Літвой. Важнай вехай у станаўленні і развіцці нацыянальнай гістарыяграфіі з'явілася кніга Ластоўскага “Кароткая гісторыя Беларусі”,якая ўбачыла свет у Вільні ў 1910г.Беларускі гісторык і этнограф Доўнар-Запольскі ў 1926г. падрыхтаваў фундаментальную працу “Гісторыя Беларусі”. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі вучоны-гісторык і дзяржаўны дзеяч Савецкай Беларусі Ігнатоўскі выдаў працы па айчыннай гісторыі і манаграфію пра паўстанне 1863-1864гг.Яго “Кароткі нарыс гісторві Беларусі” ў 1920 гг. з'яўляўся падручнікам па айчыннай гісторыі для вучняў школ,а ”Гісторыя Беларусі XIX-пачатку XXст.”вывучалася ў вышэйшых навучальных установах.У 1920 гг.публікаваліся таксама навуковыя працы Турука,Пічэты,Цвікевіча,Луцкевіча,Гарэцкага,Жылуновіча і інш.У пачатку 1930-х гг.некаторыя гісторыкі былі рэпрэсіраваны,а іх працы на доўгі час трапілі ў спецсховішчы. Дэмакратызацыя савецкага грамадства,якая пачалася з другой паловы 1950-х гг.,садзейнічала далейшаму развіццю беларускай гістарычнай навукі.У 1960-1980 гг. выйшлі ў свет манаграфіі,прысвечаныя актуальным праблемам айчыннай гісторыі,а таксама калектыўнай працы -двухтомная “История Белорусской ССР”(1961),пяцітомная “Гісторыя Беларускай ССР”(1972-1975),аднатомная “История Белорусской ССР” (1977). Шматвяковы шлях беларускага народа ад сівой даўніны да нашых дзен на ўзроўні дасягненняў сучаснай навукі адлюстроўвае “Энцыклапедыя гісторыі Беларусі”(у 6 тамах),выдадзеная ў свет у 1993-2003гг. У 1994-1995 Інстытут гісторыі Акадэміі навук Беларусі падрыхтаваў і выдаў “Нарысы гісторыі Беларусі”(у дзвюх частках),многія раздзелы якіх напісаны тэндэнцыйна і празмерна палітызаваныя. У 2000-2002 выйшаў у свет курс лекцый “Гісторыя Беларусі”(у дзвюх частках).Першая частка,створаная гісторыкамі Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Я.Купалы,утрымлівае матэрыялы ад старажытных часоў да канца XVIIIст.,другая частка,падрыхтаваная гісторыкамі Беларускага дзяржаўнага універсітэта,ахоплівае падзеі новага і найноўшага часу.У 2001г. гродзенскімі гісторыкамі выдадзены вучэбны дапаможнік “Гісторыя Беларусі з 1795 да вясны 1917г”.У 2004 апублікаваны вучэбны дапаможнік Чыгрынава “История Беларуси.С древности до наших дней”,прызначаны студэнтам ВНУ. У 2003 і 2006 выйшла ў свет Гісторыя Беларусі(у 2 частках) пад рэдакцыяй прафесараў Новіка і Марцуля,падрыхтаваная гісторыкамі кафедр гуманітарных дысцыплін ВНУ Мінска.На сенняшні дзень гэта адзіная ў рэспубліцы вучэбная кніга з грыфам падручніка для студэнтаў устаноў,якія забяспечваюць атрыманне вышэйшай адукацыі.
3.Першабытнае грамадства на тэрыторыі Беларусі У некаторых месцах паўднёва-усходняй Беларусі знойдзены аднолькавыя каменныя (крамянёвага) вырабы архаічнага выгляду, якія датуюцца 100 - 35 тысячагоддзямі да нашых дзён. У гэты час Еўропу засялялі людзі даволі прымітыўнага тыпу - неандэртальцы. Аднак яны ўжо маглі вырабляць з крэмню прылады працы, валодалі членападзельнай мовай, пастаянна карысталіся агнём, будавалі сховы-жытлы. Менавіта неандэртальцы і рабілі спробы асвоіць непрыветныя абшары на ўзбярэжжах Дняпра, Сажа і Прыпяці. Несумненныя сведчанні сталага засялення першабытным чалавекам паўднёвай Беларусі адносяцца да перыяду 27 - 24 тысячагоддзі назад, калі тут з'явіліся людзі сучаснага тыпу - краманьёнцы. Да гэтага часу адносяцца рэшткі доўгачасовых паселішчаў-стаянак, што захаваліся пад тоўшчамі земляных адкладаў у Юравічах Калінкавіцкага і каля Бердыжа Чачэрскага раёнаў. Асноўным заняткам краманьёнцаў было загоннае паляванне, асабліва на мамантаў. З костак мамантаў, жэрдак і скур яны будавалі доўгачасовае жыллё з агнішчамі пасярэдзіне, запасы ежы захоўвалі ў ямах, выкапаных у вечнай мерзлаце, цела сваё прыкрывалі скураной вопраткай, што было неабходна ў суровым клімаце. Тагачасныя людзі выраблялі разнастайныя прылады працы і зброю - драўляныя дзіды, да якіх часам мацаваліся крамянёвыя наканечнікі, крамянёвыя скрабкі для апрацоўкі скур, разцы для работы па косці, нажы, праколкі. Некаторыя вырабы, асабліва іголкі, былі касцяныя. Пераважна з косці вырабляліся ўпрыгажэнні для цела і вопраткі. Жыхары познепалеалітычных стаянак выпрацавалі сістэму рэлігійных вераванняў, звязаных пераважна з паляўнічай магіяй, жаночай плоднасцю, уяўленнямі пра замагільнае жыццё. Існавала і мастацкая творчасць - з біўняў маманта выразалі фігуркі людзей і птушак, наразнымі ўзорамі арнаментавалі касцяныя вырабы, з зубоў і ракавінак майстравалі пацеркі. Мастацтва ў старажытнасці было непарыўна звязана з рэлігіяй. Краманьёнцы, відавочна, былі арганізаваныя ў родавыя абшчыны, што аб'ядноўвалі у асноўным кроўных родзічаў. Важнае значэнне ў жыцці рода мела жанчына-маці, пра што сведчаць знаходкі жаночых статуэтак. Каля 18 тысячагоддзяў назад ледавік дасягнуў раёнаў сённяшніх Гродна, Вілейкі, Оршы. На Беларусі ўсталяваліся настолькі неспрыяльныя кліматычныя ўмовы, што край зноў цалкам абязлюдзеў. Аднак у хуткім часе пачалося імклівае пацяпленне і праз тры тысячагоддзі лёд пачаў адступаць ад нашага Паазер'я. Узгоркі і раўніны краю, зазелянелыя тундравай расліннасцю, запаланілі статкі паўночных аленяў. Склаліся спрыяльныя ўмовы і для чалавечага існавання. Першымі прыйшлі родавыя абшчыны паляўнічых на паўночных аленяў, згрупаваныя ў плямёны. Рэшткі іх жыццядзейнасці - жытлы, прылады працы, а таксама пахаванні, - якія вызначаліся ўзаемападабенствам, існавалі на пэўнай тэрыторыі і ў акрэсленым прамежку часу, вучоныя аб'ядноўваюць у археалагічныя культуры. Лічыцца, што такія культуры маглі адпавядаць плямёнам з блізкай мовай або падобнымі дыялектамі. Старажытнейшымі з гэтай трэцяй хвалі засялення тэрыторыі Беларусі былі плямёны лінгбійскай (названа па стаянцы ў мясцовасці Лінгбі ў Даніі) і грэнскай (па ўрочышчы Грэнск каля в.Ворнаўка на Кармяншчыне Гомельскай вобл.) культур. Першыя прыйшлі з тэрыторыі Польшчы 12 тысячагоддзяў назад і занялі значную частку заходняй Беларусі і паўднёва-заходняй Літвы. Другія прыкладна ў гэты ж час, а можа нават крыху раней, прасунуліся ка наша Падняпроўе з поўдня, з Украіны. Некалькі пазней, у канцы познепалеалітычнага часу, у заходняй і цэнтральнай Беларусі і на суседніх тэрьггорыях Польшчы, Украіны і Літвы запанавала насельніцтва свідэрскай культуры (па стаянцы ў мясцовасці Свідры Вельке пад Варшавай). Свідэрцы адьнралі вялікую ролю ў далейшым гістарычным развіцці земляў як Беларусі, так і паўднёва-ўсходняй Прыбалтыкі. Вымушаныя часта перамяшчацца ўслед за міграцыямі паўночных аленяў людзі канца палеаліту закладалі на зручных прыбярэжных участках, часам непадалёку бродаў, кароткачасовыя сезонныя пасяленні-стаянкі, дзе будавалі лёгкія жытлы тыпу сібірскіх чумаў. Яны ўдасканальвалі крамянёвыя вырабы, сярод якіх асабліва шмат было разцоў. Шырока выкарыстоўваліся рогі і косткі, з якіх майстраваліся пераважна сякеры і гарпуны. Апошнія ў асноўным ужываліся як паляўнічая зброя. Пры раскопках стаянак сустракаюцца чаранковыя ліставідныя наканечнікі стрэл. Гэта сведчыць пра з'яўленне і распаўсюджванне лука, які стаў эфектыўнай дальнабойнай зброяй пры паляванні. Лук быў першым механічным прыстасаваннем, вынайдзеным чалавекам. Дзякуючы яму магла весціся не толькі калектыўная загонная, але і індывідуальная здабыча дзічыны. Каля 10 тысячагоддзяў назад ледавік растаў нават у Скандынавіі. З канцом ледавіковай эпохі завяршыўся старажытнакаменны век. Пачаўся сярэднекаменны век - мезаліт. Клімат усё больш лагоднеў і к канцу мезаліту (6 тысячагоддзяў назад) стаў нават цяплейшым, чым зараз. Край пакрыўся лясамі, дзе было шмат дзічыны, тысячы азёр поўніліся рыбай, балоты сталі птушыным раем. Паўночныя алені, прызвычаеныя да холаду, адвандравалі на поўнач. За імі адышла частка мясцовага насельніцтва. Рэшта ж засталася, дастасоўваючыся да новых умоў, у лясной зоне. Пачалі паляваць на лясную і балотную жыўнасць, лавілі рыбу, для чаго выкарыстоўвалі не толькі вуды, гарпуны і розныя пасткі, але і сеткі. З дрэва выдзёўбвалі чоўны. У сярэднекаменны век, асабліва ў яго канцы, адбыўся росквіт збіральніцтва "дароў прыроды". У сярэдзіне мезаліту на землі Беларусі з поўдня і паўднёвага захаду пачало перасяляцца новае насельніцтва, якое карысталася прыладамі працы, састаўленымі з дробных рэтушаваных крамнёў, так званых мікралітаў. Ужывалі і буйныя крамнёвыя вырабы, найбольш сякеры. З позняга палеаліту паходзяць толькі два паселішчы, пакуль што выяўленыя археолагамі на паўднёва-ўсходнім ускрайку Беларусі. У канцы палеаліту і ў мезаліце край наш нарэшце быў заселены цалкам, праўда, пакуль што па берагах буйнейшых вадаёмаў. На Дняпры, Прыпяці, Нёмане і іх значных прытоках знойдзены дзесяткі стаянак гэтага часу.
Рухомае, часта неўладкаванае жыццё як позняга палеаліту, так і мезаліту адлюстравалася ў характары першабытнага мастацтва. Касцяныя вырабы гравіруюцца дынамічнымі, наструненымі выявамі мужчын-паляўнічых і звяроў, пакрываюцца ломанымі, трывожнымі лініямі арнаментаў. К канцу мезаліту, з развіццём большай аседласці, мастацкі стыль набывае больш размераны і спакойны характар. У 4-м тысячагоддзі да н.э. у развіцці першабытнага грамадства Беларусі пачынаецца заключны этап каменнага веку - неаліт. У гэты час, пераважна з нашчадкаў позне-мезалітычнага насельніцтва, пачынаюць фарміравацца супольнасці новакаменнага веку са сваёй адметнай матэрыяльнай і духоўнай культурай. Жыхары Беларусі навучыліся ляпіць гліняны посуд, які прызначаўся для гатавання ежы і захоўвання яе запасаў. У канцы эпохі ўжо выраблялі шліфаваныя каменныя прылады працы. Але галоўнае - у краі пачалі распаўсюджвацца прынцыпова новыя формы гаспадарання - земляробства і жывёлагадоўля. Яны значна папаўнялі запасы харчавання чалавека, рабілі яго больш незалежным ад прыроды. Усё гэта вяло да павелічэння колькасці жыхароў, а часам і да перанаселенасці і міграцый у пошуках урадлівейшых глеб. Змянялася матэрыяльная і духоўная культура, ускладняліся ўзаемаадносіны паміж чалавечымі калектывамі і асобнымі людзьмі. Праўда, у адрозненне ад Паўднёвай і Заходняй Еўропы на Беларусі земляробства і жывёлагадоўля засвойваліся і распаўсюджваліся запаволена. У азёрна-лясной Беларусі і без іх працяглы час хапала спажывы з палявання, рыбалоўства і збіральніцтва. Позненеалітычныя жыхары Беларусі гадавалі кароў, свіней, авечак і коз, коней. Сторажам пры статку і на паселішчы быў свойскі сабака. Першыя палеткі былі невялікія. Яны закладаліся на выгарынах сярод зараснікаў і апрацоўваліся палкамі або матыкамі. Вырошчвауся пераважна ячмень. З далейшым развіццём земляробства, асабліва на захадзе краю, запатрабавалася вялікая колькасць сякер для высечкі лясоў. Яны ж вырабляліся з высакаякаснага крэменю, які залягаў у зямной тоўшчы ў адкладах вапняку або крэйды. Такі крэмень пачалі здабываць шахтавым спосабам. Крэмнездабываючыя шахты на Беларусі вядомыя каля пасёлка Краснасельскі Ваўкавыскага р-на на ўзбярэжжах р.Рось. Большасць мясцовых гарняцкіх выпрацовак (а іх археолагамі выяўлены многія сотні) уяўляюць сабой вертыкальныя калодзежы глыбінёй у сярэднім да 2 - 3 м. Прабіўшыся праз крэйдавую тоўшчу і натрапіўшы на залежы крамянёвых камянёў-канкрэцый, старажытныя шахцёры пачыналі распрацоўваць іх пячорападобнымі падбоямі. Блізка размешчаныя выпрацоўкі нярэдка злучаліся праходамі-штрэкамі. Капанне шахтаў і здабыча крамянёвай сыравіны адбываліся з дапамогай розных прыстасаванняў - рагавых інструментаў, драўляных і касцяных лапат, кошыкаў і мяхоў, лесвіц. Здабытая сыравіна апрацоўвалася ў размешчаных побач майстэрнях. З яе выраблялася мноства дасканалых сякер, якія шляхам абмену распаўсюджваліся на ўсім паўночным захадзе Беларусі. Краснасельскія шахцёры валодалі зачаткамі геалогіі, выкарыстоўвалі эканомныя і бяспечныя прыёмы праходкі пароды. Яны валодалі высокім майстэрствам расколу, аббіўкі і даводкі (рзтушавання) крамянёвых вырабаў. Краснасельскія шахты - унікальнейшы помнік нашай першабытнасці, адзіныя на усім усходзе Еўропы.
Плямёны, што ў раннім неаліце засялялі тэрыторыю Беларусі, карысталіся вастрадонным посудам, аздобленым штампаваным арнаментам. Выяўляецца блізкасць і ў крамянёвым інвентары. Гэта сведчыць, што яны былі між сабою роднасныя. Матэрыяльныя сляды іх жыцця археолагі аб'ядноўваюць у шэраг культур. Захад Беларусі засялялі плямёны нёманскай культуры, усходняе Палессе - дняпроўска-данецкай, Магілёўшчыну і поўнач Гомельшчыны - верхнедняпроўскай культур. У Паазер'і панавалі носьбіты нарвенскай культуры (названа па стаянцы каля г.Нарва ў Эстоніі). Гэтыя археалагічныя культуры распаўсюджваліся і на суседнія тэрыторыі - паўночную і цэнтральную Украіну, паўночна-ўсходнюю Польшчу, паўднёва-ўсходнюю Прыбалтыку, некаторыя вобласці захаду еўрапейскай Расіі. У 3-м тысячагоддзі да н.э. у размераным гістарычным працэсе на тэрыторыі Беларусі наступілі радыкальныя змены. На ўзбярэжжы азёр і рэк нашай поўначы з-пад далёкай Фінскай затокі прасочваюцца групы насельніцтва з кругладонным тоўстасценным посудам, якіх лічаць далёкімі продкамі сённяшніх эстонцаў. Праўда, находнікі былі нешматлікія і праз некалькі стагоддзяў былі асіміляваныя тубыльцамі, надаўшы, аднак, мясцовай культуры своеасаблівасць. Прыкладна ў гэты ж час на захад Беларусі з тэрыторыі Польшчы пранікае насельніцтва цэнтральна-еўрапейскіх культур, якое валодала даволі развітымі формам земляробства і жывёлагадоўлі. З іх з'яўленнем распачынаецца і мясцовая горназдабываючая справа. Уплыў прышлага люду быў адчувальны і спрычыніўся да далейшага развіцця позненеалітычнага насельніцтва берагоў Нёмана і Верхняй Прыпяці. На Падняпроўі адчуваліся ўплывы з Волга-Окскага міжрэчча. Аднак тут, як і на Ніжняй Прыпяці, мясцовае насельніцтва стойка трымалася спрадвечных традыцый. У новакаменным веку паселішчы-стаянкі сталі большымі па памерах і шматлюднейшымі. Пра апошняе сведчаць тоўстыя напластаванні гумуснай зямлі з чарапкамі посуду, каменнымі вырабамі, вуголлем ад вогнішчаў, з рэшткамі наземных драўляных жытлаў. На сухіх поплаўных грудах або на ўчастках надрэчных тэрас пры рыбных старыцах і затоках, у прывусцях прытокаў стаянкі нярэдка ўтваралі скапленні. Любімымі мясцінамі пасялення жыхароў поўначы былі нізкія азёрныя берагі непадалёку пратокаў. З часам з увільгатненнем клімату такія стаянкі затапіліся, а затым пакрыліся тарфянымі адкладамі. Пад торфам у бескіслародным асяроддзі захаваліся не толькі рэчы з каменя і абпаленай гліны, але і вырабы з рога.костак і дрэва. Такія тарфянікавыя стаянкі з'яўляюцца невычэрпнымі скарбонкамі інфармацыі для археолага. У неалітычны час ужо праяўляецца нераўнамернасць у развіцці асобных рэгіёнаў. На поўдні раней з'явілася вытворная гаспадарка (земляробства, жывёлагадоўля), прышліфаваныя, а затым і цалкам загладжаныя сякеры, жніўныя нажы, трохкутныя наканечнікі стрэл. На поўначы на працягу ўсёй эпохі дамініравалі традыцыйныя для лясной зоны формы прысвойваючай гаспадаркі. Тут жа з-за адсутнасці мясцовых радовішчаў крэменю асабліва шырока апрацоўвалі косць і рог, з якіх выраблялі наканечнікі стрэл, кінжалы, гарпуны, рыбацкія кручкі, шылы, рубячыя прылады, а таксама ўпрыгажэнні - падвескі з зубоў жывёл, розныя арнаментаваныя пласцінкі. Па разрозненых і нешматлікіх знаходках, што трапілі ў рукі археолагаў, можна ўзнавіць некаторыя асаблівасці светапогляду тагачасных людзей, іх вераванняў, мастацкіх схільнасцяў, а таксама рысы сацыяльнай арганізацыі.
Рэлігійныя вераванні, як і светапогляд цалкам, па-ранейшаму вызначаліся залежнасцю чалавека ад ляснога і воднага асяроддзя, якое было крыніцай існавання. Адсюль браліся вытокі культаў звяроў і птушак. Пра гэта сведчаць знаходкі касцяных статуэтак ласёў, змей, чарапах. Асабліва былі распаўсюджаны пластычныя і гравіраваныя выявы качак. Культ качкі, а таксама бусла сярод беларусаў захоўваўся да навейшага часу. Роды і цэлыя плямёны вялі сваё паходжанне ад гэтых і іншых стварэнняў, лічылі іх сваімі татэмамі. Існаваў і культ продкаў. Найбольш слаўныя з іх з часам трансфармаваліся ў духаў-ахоўнікаў, а затым і божаствы. Іх скульптурныя выявы выразаліся з дрэва і косці. Знамянальна, што ўсе яны мужчыны. I гэта зразумела - менавіта ад мужчыны-паляўнічага залежаў дабрабыт роду і нават яго існаванне. Вера ў жыццё "на тым свеце" знаходзіла сваё адлюстраванне ў пахаваннях. Праўда, большасць неалітычных плямён Беларусі практыкавала пахавальныя абрады, якія не пакідалі слядоў магіл. Позненеалітычнае ж прышлае насельніцтва з-пад Віслы, як сведчаць адкрыцці на Гродзеншчыне і ў Польшчы, памерлых хавалі у ямах, нярэдка абстаўленых каменнымі плітамі. У такія "дамоўкі" нябожчыкам складалі і ахвяры - упрыгажэнні, посуд, забітых жывёл, а часам і людзей. Знаходкі на стаянках і ў пахаваннях арнаментаваных вырабаў, падвесак з зубоў жывёл і людзей сведчаць, што шэрагу прадметаў надаваўся магічны сэнс. Сістэмы вераванняў, напэўна, ужо былі распрацаванымі і даволі складанымі. Яны маглі ўвасабляцца у паданнях і міфах. Мабыць, яшчэ з каменнага веку паходзяць міфы аб сусветным патопе або аб сувязі качкі і качынага яйка з пачаткам сусвету. На абломку неалітычнага гаршка з Юравіч Калінкавіцкага р-на выгравіраваны выявы качкі і героя як раўнапраўных дзеючых суб'ектаў аднаго з такіх міфаў. Многія прадметы - сведчанні рэлігійных вераванняў - вылучаюцца высокімі мастацкімі вартасцямі. Асабліва гэта датычыць статуэтак. Некаторыя з іх настолькі дасканалыя, што могуць лічыцца скульптурнымі партрэтамі нашых далёкіх продкаў. Уражваюць гармонія і арнаменты на гліняным посудзе. Пра сацыяльнае ўладкаванне неалітычных жыхароў Беларусі мы ведаем вельмі мала. Тыя ж статуэткі могуць сведчыць, якое важнае значэнне ў родзе і племені займаў мужчына - здабытчык мяса. Гэта, як паказваюць зтнаграфічныя назіранні, было характэрна для многіх паляўнічых супольнасцяў. Кожная асобная стаянка магла належаць канкрэтнаму калектыву - роду. Скапленні стаянак з падобнай матэрыяльнай культурай, верагодна, вызначалі тэрыторыю распаўсюджвання племя. Згодна з этнаграфічнымі назіраннямі роды познекаменнага веку не толькі вялі супольную гаспадарку, але і супольна спажывалі яе плён, клапаціліся пра старых, нямоглых і дзяцей. Бронзавы і жалезны вякі на беларускіх землях У пачатку 2-га тысячагоддзя да н.э. жыхары Беларусі пазнаёміліся з першымі металічнымі рэчамі - спачатку меднымі, затым і бронзавымі. Такім чынам, у нашай першабытнай гісторыі наступіў бронзавы век, які працягваўся амаль паўтара тысячагоддзя. Аднак цэнтры старажытнай металургіі знаходзіліся далёка, таму медных і бронзавых вырабаў у край трапляла мала і цаніліся яны вельмі высока. Гэта былі пераважна ўпрыгажэнні, сустракаліся таксама сякеры, наканечнікі дзідаў, далоты і цяслы, шылы, зрэдку нават мячы. Пераважная ж большасць прылад працы і зброі па-ранейшаму выраблялася з крэмню. Больш таго, у яго апрацоўцы былі зроблены ўдасканаленні - наносілася доўгая струменьчатая рэтуш, ад чаго рэжучыя і колючыя краі рабіліся асабліва вострымі. У бронзавым веку шырока распаўсюдзілася ўмельства шліфаваць камень і высвідроўваць у вырабах з крышталічных парод адтуліны для рукаятак. Амаль на кожным паселішчы гэтага часу можна знайсці сякеры-кліны, сякеры і матыкі са свідраваннямі, булавы. Свідравальны станок стаў другім пасля лука механізмам, які вынайшаў чалавек. Адной з самых характэрных адзнак бронзавага веку на Беларусі стала паўсюднае з'яўленне пласкадоннага глінянага посуду. Значыць, у інтэр'еры жытла ўжо былі дашчаныя паліцы і сталы, а таксама агнішчы з роўным чэранем. Посуд стаў разнастайны. Вядомы гаршкі, збаны, міскі, кубкі, цадзілкі. Гэта сведчыць аб росце побытавай.культуры. Новая эпоха азнаменавалася значнымі поспехамі ў гаспадарцы. Земляробства і жывёлагадоўля з дапаможных заняткаў ператварыліся, асабліва ў пазнейшы час, у вядучыя. Патрэба у вялікай колькасці сякер для высечкі лясоў выклікала росквіт крэмнездабываючай справы на краснасельскіх шахтах. Больш распаўсюджанымі сталі прадзенне і ткацтва, пра што гавораць знаходкі гліняных праселак ддя верацёнаў і кроснаў, адбіткі тканіны і пляцёнкі на кераміцы. Земляробства і жывёлагадоўля, першабытная металургія і крэмнездабыча спрыялі зараджэнню маёмаснай няроўнасці, вылучалі мужчыну перад жанчынай у сацыяльна-гаспадарчым жыцці роду і племя. Ужо ў раннебронзавых пахаваннях з Дняпроўя сустракаюцца надзвычай багатыя пахаванні мужчын-ваяроў з вялікай колькасцю медных і бронзавых рэчаў, з імпартаванымі бурштынавымі і шклянымі упрыгажэннямі. Пры жыцці нябожчыкі, відавочна, займалі выключнае становішча сярод супляменнікаў, маглі быць першымі сярод старэйшым, военачальнікамі, мелі пэўную ўладу ў акрузе. Сімваламі такой улады маглі з'яўляцца каменныя булавы. Усё гэта дае магчымасць гаварыць аб існаванні сталага патрыярхальнага ладу і зараджэнні родаплемянной арыстакратыі. Бронзавы век - час узнікнення першых дзяржаў у Міжземнамор'і. Як бачым, і на Беларусі існавалі элементы пераддзяржаўнай грамадскай арганізаванасці. Назапашванне пэўных багаццяў, імкненне авалодаць самымі ўрадлівымі землямі або крамянёвымі радовішчамі вялі да пашырэння міжплемянных узброеных сутычак, якія маглі перарастаць у зацятыя і працяглыя войны. Стваралася зброя, прызначаная не на звера, а на чалавека, - мячы, баявыя сякеры, шыпастыя наканечнікі стрэл. Нераўнамернасць развіцця розных рэгіёнаў, попыт на карысныя выкапні, якія таксама залягаюць вельмі нераўнамерна, спрыялі развіццю абмену. З Беларусі ў Прыбалтыку ішоў крэмень, у адваротным кірунку - бурштын. Пераважна каўказскага і прыкарпацкага паходжання нашы першыя металы, а ўпрыгажэнні са шклопадобнай масы траплялі аж з усходніх берагоў Міжземнага мора. Новыя формы гаспадарання, з'яўленне прышлага насельніцтва вялі да змен і ў духоўным жыцці. У пачатку эпохі памерлых пачалі хаваць у магільных ямах, нярэдка насыпаючы над імі курганы. З сярэдзіны 2-га тысячагоддзя да н.э., пад уплывам земляробча-жывёлагадоўчых культаў, звязаных з абагаўленнем сонца і агню як жыватворных сіл, распаўсюджваецца звычай спальвання нябожчыкаў, які на Беларусі пратрымаўся больш за два з паловай тысячагоддзі - аж да ўсталявання хрысціянства. На некаторых стаянках знойдзены рэшткі адмысловых бажніц. Культавыя абрады ў іх ужо маглі практыкаваць "прафесіяналы" - язычніцкія святары. У бронзавым веку працягвала развівацца мастацтва. Багатымі арнаментамі пакрываўся посуд, у тым ліку і магічнымі фігуркамі плоднасці, агню і нябесных свяціл - трохкутнікамі, крыжамі, нават свастыкамі. Пашыраны былі ўпрыгажэнні з костак, бурштыну, медзі. Удзялялася ўвага дасканаласці формы і аздабленню прылад працы і зброі. У паўночнай Беларусі, дзе мацней трымаліся архаічныя традыцыі, з дрэва і косці выразалі выявы людзей, звяроў і птушак. Бронзавы век на Беларусі распачаўся з радыкальнай змены культурнай і этнічнай сітуацыі. У гэты час на прасторах ад Рэйна на захадзе да сярэдняй Волгі на ўсходзе і ад Швецыі і Фінляндыі на поўначы да цэнтральнай Украіны распаўсюдзіліся ваяўнічыя плямёны, так званыя шнуравікі, характэрнейшымі адзнакамі якіх былі баявыя лодкападобныя сякеры і посуд, аздоблены адбіткамі шнура. Шнуравікі трапілі і на нашу тэрыторыю. Мясцовае насельніцтва пачало паступова змешвацца з імі. У выніку ўтварыўся шэраг культур шнуравой керамікі. Найбольш прадстаўнічай і даследаванай з іх з'яўляецца сярэднедняпроўская, плямёны якой засялялі Беларускае Падняпроўе і суседнія раёны Украіны. Яскравым прыкладам уплыву шнуравікоў і распаўсюджвання набыткаў новай эпохі сталі плямёны паўночна-беларускай культуры. Пры вывучэнні іх стаянак, асабліва на Віцебшчыне, вызначана, што тутэйшыя жыхары пры захаванні традыцыі лепкі вастрадонных гаршкоў, вырабу інвентару, характэрнага для ляснога неаліту, трымаючыся рэлігійных вераванняў паляўнічых і рыбакоў, паступова вучыліся карыстацца плоскадонным посудам, шліфаваць і свідраваць камень, усё больш успрымалі магічную земляробчую сімволіку, і галоўнае - пазнаёміліся з першымі медна-бронзавымі рэчамі. З прыходам шнуравікоў аднавіліся колішнія сувязі між асобнымі рэгіёнамі Беларусі, а таксама з суседнімі землямі, і асабліва бурштынаноснай Прыбалтыкай. Змешванне прышлага насельніцтва з тубыльцамі на прасторах Еўропы вяло да паступовага фарміравання этнасаў, ад якіх вядуць паходжанне славяне, балты і германцы. К сярэдзіне 2-га тысячагоддзя да н.э. на поўдні Беларусі, а таксама на поўначы Украіны і на значнай тэрыторыі Польшчы сфарміравалася супольнасць плямён тшцінецкай культуры (названа па паселішчы каля Тшцінца ў Польшчы). Асобныя групы носьбітаў культуры дайшлі ажно да правабярэжжа Нёмана. Тшцінецкае насельніцтва жыло на даволі вялікіх паселішчах у паўзямлянках, вырабляла гладкасценны посуд, было знаёма з металургіяй бронзы. Пра заняткі вытворнымі формамі гаспадаркі сведчаць знаходкі костак свойскіх жывёл, крамянёвыя сярпы, зернецёркі. Лічыцца, што нашчадкі тшцінецкіх плямён месцамі прынялі ўдзел у фарміраванні старажытнага славянскага этнасу. У самым канцы бронзавага веку на тэрыторыі Беларусі пачынаюць утварацца культуры з гладкасценнай і заштрыхаванай керамікай, росквіт якіх адбыўся ў наступную эпоху. У 7 - 6-м стагоддзях да н.э. у гісторыі старажытнага грамадства Беларусі наступіла новая і надзвычай важная эпоха - жалезны век. Ён пачаўся са здабычы жалеза з балотнай і лугавой руды. Гэта сыравіна была шырока распаўсюджана, а яе перапрацоўка ў невялікіх домніцах не ўяўляла складанасці, таму жалеза хутка і амаль цалкам выцесніла камень. Медзь жа і бронзу пачалі выкарыстоўваць амаль выключна для ўпрыгажэнняў. Разнастайныя і эфектыўныя прылады працы, металічная зброя, развітыя жывёлагадоўля і падсечна-ворыўнае земляробства паскорылі гаспадарчае і грамадскае развіццё. Яшчэ больш павялічвалася маёмасная няроўнасць паміж родамі і нават асобнымі сем'ямі. Назапашваюцца багацці. Лішак прадуктаў ідзе на абмен. На Беларусь траплялі імпартныя тавары далёкіх краёў - з грэка-рымскага Прычарнамор'я, ад кельтаў Цэнтральнай Еўропы. У сваю чаргу край быў важным пасрэднікам у гандлі прыбалтыйскім бурштынам. Абмен быў пераважна натуральным - рэч за рэч. Аднак у якасці грошай маглі абарачацца і грэчаскія і рымскія манеты, асобныя знаходкі якіх і цэлыя скарбы трапляюцца на Беларусі. Надзейным спосабам захавання набытага ад разрабавання суседзямі стала будаванне вакол паселішчаў умацаванняў з зямлі і дрэва, што ператварала іх у гарадзішчы. Вёскі пачалі размяшчаць на цяжкадаступных узгорках, прырэчных мысах, абводзілі іх валамі і равамі, агарожвалі драўляным парканам або сцяной. За ўмацаваннямі гарадзішчаў знаходзіліся жыллёвыя і гаспадарчыя пабудовы, загоны для жывёлы. У жалезным веку тэрыторыю нашага краю засялялі плямёны розных археалагічных культур, якія розніліся між сабой характарам жылля, асаблівасцямі пахавальнага абраду, формай і арнаментацыяй посуду, упрыгажэннямі. Паўднёвы ўсход Беларусі і прылеглую частку Украіны займалі плямёны мілаградскай культуры (па гарадзішчы каля в.Мілаград на Гомельшчыне). Менавіта яны першыя і пазнаёміліся з жалезам. Мілаградцы жылі на гарадзішчах і ў неўмацаваных вёсках - на селішчах, дзе меліся зямлянкі з агнішчамі, наземныя збудаванні, ямы-склепы. Памерлых хавалі пад невялікімі курганамі або ў грунтовых магілах па абраду трупаспалення - крэмацыі. Для культуры мясцовага насельніцтва характэрны кругладонны посуд, гаршкападобныя праселкі для прадзення і ткацтва і іншы інвентар і ўпрыгажэнні з жалеза, медзі, шкла, керамікі. З культавых рэчаў, якія адначасова з'яўляюцца і творамі мастацтва, унікальнымі прадстаўляюцца гліняныя фігуркі коней. На жыццё мілаградцаў істотны ўплыў аказваў скіфскі свет паўночнага Прычарнамор'я. Грэчаскі гісторык Герадот, што жыў у V ст. да н.э., апісвае паўночных суседзяў скіфаў-неўраў. Некаторыя даследчыкі да гэтых неўраў і адносяць носьбітаў мілаградскай культуры. Тым больш што на Беларусі да сёння захаваліся назвы паселішчаў тыпу Наўры, Науране і да т.п. У 3-м ст. да н.э. мілаградская культура змянілася зарубінецкай (па могільніку каля в.Зарубінцы на Кіеўшчыне). Зарубінцы занялі гарадзішчы сваіх папярэднікаў, пашырылі іх і абнавілі ўмацаванні. Жылі таксама і на селішчах. Жытламі іх былі паўзямлянкі і наземныя будынкі. Крэміраваныя рэшткі нябожчыкаў хавалі ў невялікіх ямах. Характэрныя знаходкі на помніках зарубінецкай культуры - пласкадонны посуд, спружыністыя шпількі-запінкі. З разнастайных жалезных вырабаў асабліва былі пашыраны сякеры, жалезныя наканечнікі дзідаў і стрэл, сярпы, нажы. Зарубінцы і іх нашчадкі праіснавалі да сярэдзіны 1-га тысячагоддзя н.э. У 2-м ст. н.э. паўднёва-заходнюю Берасцейшчыну закранула міграцыя з узбярэжжа Балтыкі і Прычарнамор'я германскіх плямёнау готаў-гутаў, а таксама роднасных ім гепідаў. У пошуках новых земляў яны рухаліся старадаўнім бурштынавым шляхам з Віслы на Буг і рабілі, мабыць, разам з мясцовым славянскім насельніцтвам, рабаўнічыя паходы на суседзяў. Не выключана, што менавіта па гэтай прычыне яшчэ і сёння літоўцы сваіх паўднёвых суседзяў славян-беларусаў называюць гудамі, а наш край Гудзіяй.
Каля тысячагоддзя - з V ст. да н.э. па V ст. н.э. - цэнтральную і большую частку паўночна-заходняй Беларусі займалі плямёны культуры штрыхаванай керамікі, ці штрыхавікі,названай так па характэрным гліняным посудзе. Штрыхавікі жылі амаль выключна на гарадзішчах у вялікіх наземных хацінах слупнай канструкцыі. Памерлых хавалі па абрадзе, які не захоўваў слядоў магіл. Беларускае Падзвінне і верхняе Падняпроўе засялялі плямёны іншай культуры, аднак блізкай па сваім характары культуры штрыхаванай керамікі. Як штрыхавікі, так і днепра-дзвінцы адставалі ў сваім развіцці ад плямёнаў паўднёвай Беларусі. Так, яны запазніліся з авалоданнем жалезаробчай справы, таму на ранніх этапах сваёй гісторыі яшчэ шырока карысталіся каменнымі вырабамі. Больш увагі ўдзялялі паляванню, рыбалоўству, збіральніцтву, лясным промыслам. Адставалі яны і ў сацыяльным жыцці. Вялікія памеры жылля сведчаць пра захаванне архаічнай вялікай сям'і - роду, у той жа час на Палессі асноўнай гаспадарчай адзінкай становіцца невялікая сям'я. Сярод носьбітаў культур жалезнага веку Беларусі вучоныя шукаюць карані сучасных народаў. Найбольш спрэчным з'яўляецца этнічнае вызначэнне паўднёвабеларускіх культур. Мілаградцаў і зарубінцаў адносяць то да старажытных балтаў, то да славян, то да плямён невядомай мовы, што затым растварыліся сярод суседзяў. Аднак маецца шмат сведчанняў, што нашчадкі зарубінцаў ужо мелі сувязь са славяншчынай. Менш спрэчак праштрыхавікоў і днепра-дзвінцаў. Яны засялялі землі, дзе назвы большасці вадаёмаў балцкія, гэта значыць лета-літоўскія. Па гэтай прычыне большасць даследчыкаў насельніцтва жалезнага веку сярэдняй і паўночнай Беларусі лічаць продкамі сённяшніх латышоў і літоўцаў- У 455 г. вандалы зруйнавалі сталіцу калісьці непераможнай Рымскай імперыі. Дым пажараў абвясціў заняпад бліскучай антычнай цывілізацыі, заснаванай на рабаўласніцтве. Аднак агонь, што пажыраў палацы нобіляў і халупы гарадского плебсу, высвеціў набліжэнне новай эпохі ў еўрапейскай гісторыі - сярэднявечча. Беларусь таксама не мінулі тагачасныя бурлівыя падзеі. Развіццё гаспадаркі, масавага перамяшчэнні насельніцтва, уплыў суседніх супольнасцяў паступова трансфармавалі першабытны лад у феадальны. Аднак гэты працэс у нас зацягнуўся на некалькі стагоддзяў. 4.Пачатак рассялення славян на тэрыторыі Беларусі і славянізацыя балтаў Першыя звесткі пра славян адносяць да I-II ст. Пытанне радзімы славян застаецца нявырашаным. Мяркуюць, што ёй магло быць міжрэчча Віслы і Одэра. У ІІІУ стагоддзях пад уздзеяннем «вялікага перасялення народаў» славяне з захаду сталі рассяляцца па Ўсходняй і Паўднёвай Еўропе. Аб іх з'яўленні на паўднёвай тэрыторыі Беларусі сведчаць археалагічныя знаходкі так званай пражскай культуры. У VІ -VІІ ст. асноўнай тэрыторыяй іх пражывання быў басейн Прыпяці. Развіццё земляробства і адсутнасць міжплемянных сутыкненняў змяншала патрэбу ва ўмацаваных паселішчах - гарадзішчах, на змену якім прыйшлі селішчы. Славянскія сем'і будавалі жытло ў выглядзе паўзямлянкі, дзе размяшчалася печ, зробленая з каменю або гліны. Да іншых характэрных прыкмет славянскай культуры адносяць мову, неарнаментаваную кераміку карычневага колеру, выкарыстанне каменных жорнаў, абрад трупаспалення і пахаванне гліняных урн з попелам, як правіла, у курганных насыпах. У VІІІ-ІХ ст. у выніку каланізацыі славян тэрыторыі пражывання балтаў мясцовае насельніцтва было асімілявана, а праз стагоддзе тут сфарміраваліся новыя этнічныя славянскія супольнасці дрыгавічоў, радзімічаў і крывічоў. Дрыгавічы займалі поўдзень і сярэдзіну сучаснай Беларусі - ад Прыпяці да Заходняй Дзвіны. Іх пераважна славянская культура была аздоблена элементамі культуры балцкай (спіральныя пярсцёнкі, бранзалеты з выявамі змяіных галоў), а таксама запазычанымі назвамі рэк (Арэса, Лань, Цна). У назве «дрыгавічы» захаваліся сляды сінтэзу дзвюх культур: балцкі корань (палітоўску «drёgnas» - сыры, вільготны) і славянскі канчатак («ічы»). Радзімічы пражывалі паміж Дняпром і Дзясной, уздоўж рэк Сож і Іпуць. Яны запазычылі значна больш элементаў балцкай культуры (бранзалеты з выявамі змяіных галоў, спіралевідныя кольцы, касцяныя прывескі ў выглядзе качак). У назве «радзімічы» таксама захаваліся сляды сінтэзу дзвюх культур: балцкая аснова (палітоўску «radimas» - месцазнаходжанне) і славянскі канчатак («ічы»). Крывічы засялялі поўнач Беларусі і выходзіўшыя за яе межы раёны сучасных Пскоўшчыны і Смаленшчыны). Мова і культура крывічоў з'яўляліся славянскімі. Сляды балцкага субстрату захаваліся ва ўпрыгожаннях (бранзалеты з выявамі змяіных галоў, спіральныя пярсцёнкі, галаўны вянок і інш.). Верагодная версія паходжання назвы гэтай новай этнічнай супольнасці звязваецца з рэльефам мясцовасці (ад літоўскага «kreivas», «krеіvіs» - крывы, крывізна). У славян навакольныя землі, лясы, паша, водныя і іншыя ўгоддзі належалі суседскай абшчыне. Тут захоўваліся традыцыйныя спосабы здабычы ежы і сыравіны праз паляванне, рыбалоўства, збіральніцтва, але вырошчванне пшаніцы, жыта, проса, пшаніцы, грэчкі, лёну, каноплі і іншых культур давалі магчымасць стабільнага існавання ўсім суродзічам, таму земляробства ператварылася ў іх асноўны занятак. Пераход ад падсечнаагнявога да ворнага метаду апрацоўкі глебы, выкарыстанне сахі і конскай цяглавай сілы, жалезных сярпоў, кос, іншых прылад значна павысілі прадукцыйнасць працы, што абумовіла падзел і замацаванне пэўных участкаў абшчыннай ворнай зямлі за асобнымі вялікімі (патрыярхальнымі) і малымі сем'ямі. Развядзенне свойскай жывёлы - коней, кароў, коз, свіней, якое адыгрывала важную ролю ў гаспадарчай дзейнасці славян, таксама стала адбывацца сіламі асобных гаспадарак. Натуральна, што не ўсе яны былі аднолькава заможнымі або беднымі. У лепшым стане апынуліся тыя, каму даставаліся лепшыя ўчасткі, а таксама тыя, дзе было больш рабочых рук, дасканалых прылад працы, цяглавай сілы і г. д. У выніку адзіная абшчынная гаспадарка губляе прыкметы агульнасці і распадаецца на некалькі індывідуальных, сямейных. Адбываецца пераход ад родавай абшчыны да сямейнай (суседскай), заснаванай, галоўным чынам, на эканамічных сувязях і інтарэсах. Эканамічныя пераўтварэнні ў славян абумовілі ўсталяванне і замацаванне ў іх адпаведнай сацыяльнай арганізацыі. Вылучаліся вярхоўны правадыр, савет старэйшын, народны сход. Апошні складаўся з усіх мужчын, здольных насіць зброю. Менавіта сход, а не абіраемы правадыр вырашаў усе асноўныя пытанні, таму час, калі існаваў такі лад, мае назву перыяду ваеннай дэмакратыі, які заставаўся апошняй прыступкай на шляху да ўзнікнення дзяржавы. Такім чынам, на апошнім этапе першабытнаабшчыннага ладу насельніцтва Беларусі перайшло да вытворчай гаспадаркі і адпаведнай сацыяльнай арганізацыі, стварыўшы перадумовы для ўзнікнення дзяржавы і фарміравання адзінай усходнеславянскай супольнасці.
|