Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Крывічы,радзімічы,дрыгавічы.


Date: 2015-10-07; view: 4719.


Па-рознаму выводзяць гісторыкі назву "крывічы": ад прозвішча старэйшага роду Крыў (Крыва), што найбольш верагодна,- ад слоў "крэўныя" (блізкія па крыві, у сэнсе параднёныя), ад імя язычніцкага першасвяшчэнніка Крыва - Крывейтэ, ад "крывізны" гарыстай мясцовасці і інш. Даследчыкамі вывучаліся на тэрыторыі рассялення крывічоў-палачан гарадзішчы і паселішчы ў Віцебску, Полацку, Лукомлі. Але найбольш значны матэрыял па гісторыі насельніцтва выяўлены ў Віцебскай вобласці ў курганных могільніках. Дакладна ўстаноўлена, што для полацкіх крывічоў характэрна археалагічная культура доўгіх курганоў Паўночнай Беларусі, у якой прысутнічае шмат элементаў матэрыяльнай культуры ўсходніх балтаў. Смаленскія крывічы вельмі блізкія да полацкіх па мове і культуры. Таму ў этнаграфічных адносінах яны звычайна разглядаюцца як полацка-смаленская група плямён. У некаторых пісьмовых крыніцах старажытныя курганы названы "валатоўкамі". На Віцебшчыне сярод мясцовага насельніцтва такая назва распаўсюджана дагэтуль. Паводле народных паданняў, тут як быццам пахаваны волаты (волат - персанаж беларускай міфалогіі, асілак высокага росту). Назва "валатоўкі" пашырана на поўначы Беларусі і ў сумежных раёнах Смаленшчыны, Пскоўшчыны, Латвіі, у мінулым каранных землях крывічоў.

 

Могільнікі крывічоў другой паловы 1-га тысячагоддзя складаюцца з доўгіх (валападобных), падоўжаных і круглых у плане насыпаў вышынёй 1-2 м, у якіх змешчаны рэшткі крэмацыі памерлых. У Віцебскай вобласці вывучаны курганы V-VII стст. атокінскага варыянта банцараўскай культуры. На беразе возера Сенніца ў Гарадоцкім раёне каля в. Дарахі выяўлена і 1 курганных могільнікаў трох перыядаў: трэцяй чвэрці 1-га тысячагоддзя н.э. банцараўскай культуры, IX ст. з крэмацыяй памерлых і канца X - пачатку XI ст. з трупапалажэннем.

 

Фарміраванне крывічоў - вынік асіміляцыі прышлымі славянамі мясцовых балцкіх і заходняфінскіх плямён, паступова славянізаваных. Гэта пацвярджаюць выразныя археалагічныя матэрыялы. Курганныя могільнікі полацкіх крывічоў VIII-X стст. даследаваліся на Віцебшчыне каля вёсак Баркі, Глінішча, Рудня (Полацкі раён), Бяскатава, Вышадкі, Смалькі (Гарадоцкі раён). Трупаспаленне амаль заўсёды знаходзілася пад насыпам, на гарызонце. Часта перапаленыя косці сабраны ў неглыбокай ямцы, зверху якой змешчаны перакулены ўверх дном невялікі ляпны гаршчок [6]. Большасць курганоў бедньы на інвентар ці зусім яго не маюць. Зрэдку сустракаюцца курганы з вялікай колькасцю пашкоджаных агнём упрыгожанняў, распаўсюджаных у балтаў, характэрных таксама для культуры смаленскіх доўгіх курганоў: бронзавыя трапецападобныя падвескі, шыйныя грыўні, бранзалеты, маністы, у якіх чаргуюцца шкляныя сінія пацеркі з бронзавымі спіралепадобнымі трубачкамі-пранізкамі - дэталямі вянкоў, што насіліся на галаве, касцяныя птушкі. Славянскімі рысамі курганоў IX-X стст. з'яўляюцца абрад трупаспалення і наяўнасць ляпных гаршкоў з акруглым плячом у верхняй частцы тулава, якое захавана і ў кераміцы, зробленай пазней на ганчарным крузе.

Курганныя могільнікі VIII-IX стст. адлюстроўваюць другую стадыю ці хвалю славянскай каланізацыі ў Беларускім Падзвінні. Але гэта не прывяло да канчатковай славянізацыі насельніцтва. Лета-літоўскія элементы ў культуры доўгіх курганоў Паўночнай Беларусі, як і на Смаленшчыне, займаюць значнае месца. Каланізуючы лясную зону, уступаючы ў цесную сувязь з мясцовым насельніцтвам, славяне перанялі ў большай ці меншай ступені культурна-этнаграфічныя асаблівасці балтаў, унаследавалі элементы іх матэрыяльнай культуры. Новая этнічная супольнасць, якая фарміравалася ў працэсе змешвання славян з мясцовымі балтамі, была, відаць, славянамоўнай.

У канцы X ст. паяўляюцца круглыя курганы з пахавальным абрадам трупапалажэння, які канчаткова выцесніў крэмацыю. Такія помнікі вывучаліся археолагамі каля вёсак Пуцілкавічы, Бельчыца, Чарневічы, Лісна, Сінчукі, Кублішчына, Плусы і іншых у Віцебскай вобласці [7]. Для полацкіх і смаленскіх крывічоў у XI-XII стст. характэрны пэўны тып упрыгожанняў - бранзалётападобныя драцяныя кольцы з завязанымі канцамі дыяметрам 5-11 см, якія насілі жанчыны каля скроняў на павязцы.

Акрамя скроневых бранзалетападобных кольцаў ёсць іншыя этнавызначальныя прыкметы ў матэрыяльнай культуры крывічоў-палачан. Для іх касцюма характэрна шматлікасць упрыгожанняў - гэта падковападобныя спражкі (фібулы), зааморфныя бранзалеты, вітыя шыйныя грыўні з петлепадобнымі канцамі, пазалочаныя шкляныя пацеркі, мноства бразготак, пласціначныя падвескі-конікі. Характэрнай рысай жаночага касцюма крывічоў былі маністы, у якіх пацеркі спалучаліся з металічнымі бразготкамі.

У Беларускім Паазер'і пры раскопках курганоў у пахаваннях выяўлены тыпова балцкія галаўныя вяночкі - вайнагі, якія састаўляліся са спіральных пранізак пры дапамозе бляшак, звычайна з ціснёным арнаментам. Падобныя вяночкі знойдзены ў Браслаўскім, Міёрскім, Талачынскім, Шклоўскім раёнах. Да некаторых вайнагаў падвешваліся скроневыя кольцы, якія лічацца славянскімі ўпрыгожаннямі.

Своеасаблівасцю вызначаецца таксама касцюм крывічоў-мужчын. Аб шматлікасці яго ўпрыгожанняў сведчаць падковападобныя спражкі (фібулы), лірападобныя спражкі, пярсцёнкі, абшыванне адзення і галаўных убораў металічнымі пранізкамі.

У летапісе крывічы названы пад 859 г. Паводле летапіснага паведамлення, яны плацілі даніну варагам. У 862 г. крывічы разам з плямёнамі прагналі варагаў за мора, адкуль яны прыйшлі. Аднак потым, як паведамляе летапіс, чудзь, наўгародскія славяне, крывічы заклікалі да сябе нарманскіх князёў. Тут гаворыцца пра Полацк, пра тое, што заснавалі яго крывічы, а варагі (нарманы) у ім прышлыя. Нагруднае жаночае ўпрыгожанне жыхароў Пауночнай Беларусі XI ст.Вялізнае аб'яднанне крывічоў у канцы 1-га тысячагоддзя распалася на групы - полацкую, смаленскую, пскоўскую (паводле назваў іх галоўных гарадоў).

Крывічы прымалі ўдзел у паходах князя Алега (907) і Ігара (944) супраць грэкаў. На аснове племяннога княжання крывічоў-палачан склалася буйное Полацкае княства - самастойная моцная сярэднявечная дзяржава на тэрыторыі Беларусі. Насельніцтва Полацкай зямлі і прадстаўнікі мясцовай дынастыі князёў названы "крывічамі" ў летапісах пад 1127,1129,1140, 1162 гг. Да яе належалі гарады Полацк, Віцебск, Менск, Лукомль, Браслаў, Ізяслаўль (Заслаўе), Лагойск, Орша, Копысь, Барысаў. У старажытных летапісах насельніцтва Полацкай зямлі называецца таксама "палачанамі". Летапісцы лічылі, што гэта назва паходзіць ад назвы ракі Палата - правага прытоку Заходняй Дзвіны, ля вусця якой заснаваны першапачатковы Полацк. Палачане - група плямён, што вылучылася з крывіцкага аб'яднання з цэнтрам у Полацку, ад якога атрымала першапачатковую сваю назву. У XI-XII стст. і ў больш познія часы палачанамі называлі жыхароў Полацка або ўсёй Полацкай зямлі.

На славяна-балцкім сумежжы ўзнік тапонім "крывічы", размешчаны ланцугом на заходняй ускраіне Полацкай зямлі. Ад этноніма "крывічы" паходзяць назвы вёсак у Зэльвенскім, Іўеўскім, Салігорскім, Глыбоцкім, Пінскім, Докшыцкім, Ашмянскім, Мядзельскім, Смаргонскім раёнах Беларусі.

Тапанімічныя даныя сведчаць аб тым, што крывічы-палачане ў IX- XI стст. праніклі ў Верхняе Панямонне. Тут на паўночным захадзе сучаснай ; беларускай тэрыторыі фіксуецца асноўная колькасць тапонімаў, утвораных ад этноніма "крывічы". Гэты этнонім успрымаўся менавіта ў этнічным сэнсе ў адрозненне ад назвы "палачане", якая была палітыка-геаграфічным абазначэннем крывіцкага насельніцтва з іх цэнтрам у Полацку.

Дрыгавічы - гэта адно з усходнеславянскіх летапісных племянных аб'яднанняў, што ў IX-XIII стст. займала вялікую тэрыторыю сучаснай Беларусі і ў пазнейшым часе разам з крывічамі і радзімічамі з'явілася асновай для фарміравання беларускай народнасці. Дрыгавічы рэдка згадваюцца ў старажытных пісьмовых крыніцах. У самым аўтарытэтным і даставерным старажытным летапісе - " Аповесці аб мінулых часах" ("Повесть временных лет") яны пачынаюць упамінацца ў шэрагу летапісных плямён (паляне, драўляне, севяране, славене), у яе ранняй, не датаванай частцы. Найбольш ранні ўпамін гаворыць аб рассяленні славян, што прыйшлі з Падунаўя: "...те же словене пришедше седоша по Днепру и нарекошася поляне, а друзии деревляне, зане седоша в лесех, а друзии седоша межи Припетью и Двиною и нарекошася дреговичи, а инии седоша на Двине и нарекошася полочане, речкы ради, яже втечь в Двину, именем Полота, от сея прозвашася полочане".

У прыведзеным паведамленні летапісца перш за ўсё трэба звярнуць увагу на месцы рассялення асобных летапісных плямён. Яны паказаны летапісцам на вялікім абшары (што сведчыць аб шырокім кругаглядзе аўтара) і прыстасаваны да мясцовасці ў агульных рысах, па выразных геаграфічных арыенцірах. Для дрыгавічоў гэта гучыць вельмі прыблізна - "...седоша межи Припетью и Двиною..."

Другая акалічнасць першага летапіснага ўпаміну дрыгавічоў заключаецца ў тым, што змешчаны яны ў ліку несумненна славянскіх плямён. Гэта адразу вызначае іх этнічнае паходжанне і прыналежнасць. Дадзенаму важнейшаму пытанню прысвечаны і другі летапісны ўпамін дрыгавічоў: "...се бо токмо словенеск язык в Руси - поляне, деревляне, новегородьци, полочане, дьрьговичи, северо, бужане, зане седять по Бугу, послеже (не) волыняне..." Крыху ніжэй летапісец зноў пералічвае плямёны ўсходнеславянскага сусвету: "...и живяху в мире поляне, и деревляне, и северо, и радимичи, и вятичи, и хорвата, дулеби же живяху по Бугу, где ныне волыняне, а уличи, тиверци седяху по.Бугу и по Днепру..."

Як паказваюць летапісныя паведамленні, летапісец вялікую ўвагу ўдзяляў этнічнаму вызначэнню плямён як аднаму з важнейшых і актуальнейшых у гісторыі плямён і народаў крытэрыю. Такая ўвага летапісца да гэтага пытання дае нам магчымасць і на сённяшні дзень вызначыць этнічныя карані і этнічную прыналежнасць нашых продкаў і адпаведна сучасных нашчадкаў і сучаснага насельніцтва Беларусі.

У адным з ранейшых летапісных паведамленняў летапісец зноў згадвае дрыгавічоў у адным шэрагу з найбольш развітымі ўсходнеславянскімі плямёнамі:"... И по сеи братьи (кіеўскія князі Кій, Шчэк, Харыў і сястра іх Лыбедзь. - ПЛ.) почаша держати род их княжение в полях, а в деревлях свое, а дрьговичи свое, а словене свое в Новегороде, а другое на Полоте, иже и полочане, от сих же и кривичи,... также северо..."

Такім чынам, на падставе летапісных паведамленняў старажытнейшым насельніцтвам Паўднёвай, Цэнтральнай і Заходняй Беларусі з'яўляліся дрыгавічы, якія паходзілі ад старажытных славян, што прышлі з Падунаўя, належалі да ўсходнеславянскай моўнай групы ("...се бо токмо словенск язык..."), займалі значную тэрыторыю сучаснай Беларусі ("...межи Припетью и Двиною...") і былі ў ліку найбольш развітых усходнеславянскіх плямён (мелі сваё "княжение"). Прыведзенымі вышэй паведамленнямі летапісца практычна вычэрпваюцца звесткі пісьмовых крыніц аб дрыгавічах. Іх кароткі, урыўкавы характар не дазваляе стварыць поўнага ўяўлення аб жыцці гэтага летапіснага племені і прымушае шукаць і выкарыстоўваць даныя іншых крыніц. Такімі крыніцамі на землях рассялення дрыгавічоў з'яўляюцца археалагічныя помнікі, матэрыялы даследавання якіх значна дапаўняюць пісьмовыя паведамленні. Археалагічныя даныя сталі асноўнай крыніцай ведаў аб тэрыторыі рассялення дрыгавічоў, іх сацыяльна-эканамічным развіцці, гаспадарцы, развіцці культуры, культурных і эканамічных сувязях з суседнімі і аддаленымі землямі. На тэрыторыі рассялення дрыгавічоў засталіся шматлікія археалагічныя помнікі - курганныя могільнікі, селішчы, гарадзішчы, вывучэнне якіх працягваецца на працягу XIX-XX стст. Раскопкі курганных могільнікаў дрыгавічоў дазваляюць вылучаць характэрныя для іх рысы пахавальнага абраду.і інвентару. Па іх распаўсюджанні акрэслена тэрыторыя рассялення дрыгавічоў, што значна ўдакладняе агульныя паведамленні летапісу. Пахавальныя курганы дрыгавічоў круглыя ў плане і маюць паўсферычную форму. Ля падножжа яны абкружаны невялікай канаўкай. Часцей за ўсё іх вышыня 1-1,5 м і дыяметр 9-12 м. Аднак бываюць курганы вышынёй 0,15-0,20 м, дыямётрам 3,5-4 м і вышынёй да 3 м, дыяметрам 17-18 м. У кожным кургане звычайна выяўлена адно пахаванне. Аднак сустракаюцца і па тры нябожчыкі ў адным кургане.

Звычайна ў могільніку некалькі дзесяткаў курганоў. Буйныя могільнікі ў некалькі соцень курганоў сустракаюцца рэдка (каля в. Мохаў - 620 курганоў, в. Рычоў - 270, в. Лянеўка - 300, в. Валасовічы - 267, в. Марулін - 500). Могільнікі часта разворваюцца і нават поўнасцю зносяцца.

 

Найбольш ранні пахавальны абрад дрыгавічоў - трупаспаленне. Зверху вогнішча і рэшткаў спалення насыпалі курган. Часам рэшткі спалення памяшчалі ў гліняную пасудзіну-урну, ставілі яе у насыпе кургана. Датуецца гэты пахавальны абрад канцом X - пачаткам XI ст. Пахаванні вельмі бедныя на інвентар, бо рэчы гінулі ў вогнішчы.

 

З прыняццем хрысціянства язычніцкі (паганскі) звычай крэмацыі нябожчыка змяняецца трупапалажэннем. Звычайна нябожчыка клалі галавой на захад на дзённую паверхню зямлі, ачышчаную рытуальным вогнішчам, і паверх яго насыпалі курган. Часам нябожчыка змяшчалі на земляной падсыпцы, а ў больш познія часы - у падкурганнай магіле.

 

Пахаванні з трупапалажэннем значна багацейшыя на інвентар, пакладзены нябожчыку ў магілу. Звычайна гэта самыя неабходныя ў жыцці рэчы, што, на думку родзічаў, будуць неабходныя памерламу і на тым свеце. Часцей за ўсё клалі гліняныя гаршкі, нажы, жаночыя ўпрыгожанні. Зрэдку сустракаюцца прылады працы (сярпы, сякеры), узбраенне (коп'і). Некаторыя знаходкі вельмі карысныя ў вызначэнні асобных рыс жыцця дрыгавічоў. Манеты ў складзе жаночых упрыгожанняў даюць даволі блізкую дату пахавання, у тым ліку і час пахавальнага абраду.

 

Асобныя жаночыя ўпрыгожанні ўласцівы толькі жанчынам пэўнага племені. Па іх распаўсюджанні можна вызначыць тэрыторыю рассялення гэтага племені больш канкрэтна і дэталёва, чым агульных і недакладных паведамленнях летапісу. Для дрыгавічоў характэрным упрыгожаннем з'яўляліся вялікія металічныя пацеркі, ажурныя (з дроту) або суцэльныя цыліндрычнай ці авальнай формы (радзей - круглыя), упрыгожаныя напаянымі шарыкамі металічнай (срэбранай) зерні. Іх называюць буйназярністымі і прызнаюць этнавызначальным прадметам дрыгавічоў. Іх насілі па адной альбо некалькі штук у складзе нізкі пацерак. Яны былі распаўсюджаны па ўсёй тэрыторыі дрыгавічоў, а часам і за яе межамі, куды траплялі гандлёвым шляхам або як здабыча ў час ваенных набегаў ці захопу ў палон жанчын-дрыгавічанак.

 

На падставе распаўсюджання дрыгавіцкіх этнавызначальных пацерак тэрыторыя рассялення дрыгавічоў выглядае наступным чынам: на поўначы мяжа (паласа) іх рассялення праходзіць ад Заслаўя на Лагойск і Барысаў, адкуль паміжрэччы Бярэзіны і Друці ідзе ў напрамку на Рагачоў (Кісцяні, Задруцце); на ўсходзе мяжа з радзімічамі праходзіць у асноўным па Дняпры да нізоўяў Прыпяці; на поўдні мяжа з палянамі і драўлянамі (да Гарыні) пралягае блізка ад сучаснай дзяржаўнай граніцы, а на левабярэжжы Гарыні з валынянамі верагодней за ўсё па лініі Роўна - Луцк; на захадзе дрыгавічы засялялі левабярэжжа Нёмана і Сярэдняе Пабужжа (да Драгічына Надбужнага).

 

Мяркуючы па распаўсюджанні найбольш ранніх дрыгавіцкіх курганоў з абрадам трупаспалення і найбольш ранняй ляпной керамікай, можна сказаць, што рассяленне дрыгавічоў на асноўную іх тэрыторыю адбывалася з поўдня, у асноўным па цячэнні рэк. Раннія пахаванні дрыгавічоў вядомы на Дняпры, Бярэзіне, у Панямонні, Сярэднім Пабужжы. На правабярэжжы Прыпяці выяўлены таксама помнікі славянскай пражскай культуры (VI-VII стст.) і славянскай культуры Лукі-Райкавецкай, што змяніла яе (VIII-X стст.), на якіх прасочваецца паслядоўны працэс развіцця бытавой керамікі ад VI да IX-X стст. Дрыгавіцкі гліняны посуд, несумненна, паходзіць ад керамікі паселішчаў тыпу Лукі-Райкавецкай (Хатомель, Гарадзішча, Радасць, Дружба), што дазваляе гаварыць аб генетычным паходжанні дрыгавічоў ад насельніцтва культуры Лукі-Райкавецкай, а праз яе - ад папярэдняга насельніцтва пражскай культуры тыпу Карчак.

 

Асноўная частка насельніцтва дрыгавічоў пражывала ў сельскай мясцовасці на селішчах і гарадзішчах. У X-XI сгст. у дрыгавічоў пачынаюць узнікаць гарады (Тураў - 980 г., Берасце - 1019 г., Меньск - 1067 г., Шнек - 1097 г., Случаск -1097 г., Клечаск - 1127 г., Гародня - 1127 г., Драгічын Надбужны - 1142 г., Рагачоў - 1142 г., Мазыр - 1155 г.). Да X-XI стст. адносіцца ўзнікненне Наваградка, Ваўкавыска, Слоніма. У XIII ст. узнікаюць Камянец (1276), Кобрын (1287). Узнікненне і развіццё гарадоў з'яўляецца яркім сведчаннем высокага ўзроўню эканамічнага і сацыяльнага развіцця дрыгавічоў.

 

Аснову гаспадаркі дрыгавічоў складалі земляробства і жывёлагадоўля. Аб гэтым сведчаць матэрыялы археалагічнага вывучэння курганоў, селішчаў, гарадоў. Земляробствам і жывёлагадоўляй займалася насельніцтва сельскіх паселішчаў і гарадоў. Разам з тым раскопкі Турава, Брэста, Пінска, Мінска, Давыд-Гарадка, Гродна, Навагрудка, Ваўкавыска, Слоніма, Клецка, Слуцка сведчаць аб высокім узроўні мясцовага жалезаапрацоўчага, ювелірнага, касцярэзнага, скураапрацоўчага, дрэваапрацоўчага і ганчарнага рамёстваў. Мясцовыя майстры выраблялі жалеза і сталь, рабілі наварку на рэжучы край жалезных вырабаў (сярпы, сякеры, нажы, нажніцы), складаную слясарную падгонку дэталяў складаных вырабаў (замкі, ключы), выраблялі прылады працы (сярпы, косы, сякеры, нажы, нажніцы і т.д.), узбраенне (наканечнікі дзід, стрэл), прадметы хатняга ўжытку. У матэрыяльнай культуры археалагічных помнікаў дрыгавічоў у першую чаріу звяртае на сябе ўвагу арыентаванасць мясцовай вытворчасці на выраб прылад працы, інструментаў і прадметаў паўсядзённага ўжытку, а не раскошы і аздабленняў. Другая характэрная рыса - агульнасць сыравіны, тэхналагічных працэсаў і ўзораў вырабаў у дрыгавічоў з шырокім колам усходнеславянскіх плямён X-XIII стст. Знаходкі прадметаў мясцовага і замежнага паходжання сведчаць аб гандлёвых сувязях з Валынню, Сярэднім Падняпроўем, Паўночным Прычарнамор'ем, Прыбалтыкай (валынскія праслачкі, кіеўскія шкляныя бранзалеты, прычарнаморскія амфары, прыбалтыйскі бурштын і т.д.). Дрыгавічы займаліся таксама паляваннем, рыбалоўствам, прадзеннем, ткацтвам.

Аб высокім узроўні сацыяльнага развіцця дрыгавічоў сведчаць існаванне свайго "княжання" яшчэ да ўключэння ў склад Кіеўскай Русі ў X ст., вылучэнне дрыгавіцкіх зямель у Тураўскае княства пры першым жа падзеле Кіеўскай Русі Уладзімірам Святаславічам (вялікі князь кіеўскі) у 988 г., існаванне мясцовай дружыны ў тураўскіх князёў. Сацыяльную няроўнасць пацвярджаюць бедныя і багатыя інвентаром курганныя пахаванні.

На падставе летапісных паведамленняў і матэрыялаў археалагічных раскопак дрыгавічы паўстаюць як адно з найбольш развітых ўсходнеславянскіх плямён, што знаходзіліся на шляху інтэграцыі ўсіх усходнеславянскіх плямён у адзіную супольную ўеходнеславянскую народнасць. Радзімічы.

 

У летапісе паведамляецца, што радзімічы, як і вяцічы, прыйшлі з прапольскіх зямель ("родимичи бо и вятичи от ляхов"), назву сваю атрымалі ад імя Радзім, які ўзначальваў іх, і рассяліліся ў Пасожжы ("седоста Радим на Сьжю"). Летапісец адзначае, што жылі ў міры паміж сабой паляне, драўляне, севяране, радзімічы і іншыя плямёны. Але побыту радзімічаў, таксама як вяцічаў і севяран, ён дае адмоўную характарыстыку з пункту гледжання хрысціянскай маралі. Жылі яны ў лясах быццам дзікуны, спажывалі брудную ежу, было ў іх брыдкаслоўе перад бацькамі і нявесткамі. На язычніцкіх "бесаўскіх ігрышчах" танцавалі і спявалі, выкрадалі сабе жонак, якіх мелі па дзве-тры. Летапісец, відаць, згусціў фарбы, супрацьпастаўляючы "дзікунскі" побыт радзімічаў і іншых жыхароў лясной паласы побыту кіеўскіх палян.

 

Цікавыя звесткі паведаміў летапісец пра пахавальныя звычаі:" А калі хто паміраў, тварылі трызну над ім... спальвалі мерцвяка, а потым, сабраўшы косці, укладвалі ў малы сасуд і ставілі на слупах пры дарогах, што робяць вяцічы і цяпер. Гэтага ж звычаю трымаліся крывічы і іншыя паганыя, што не ведаюць закону Божага, а самі сабе ўстанаўляюць закон..."[1]

 

З летапіснага паведамлення, датаванага 885 г., мы даведваемся, што ў канцы IX ст. радзімічы плацілі даніну спачатку хазарам (Хазарскаму каганату), а потым кіеўскаму князю Алегу. У радзімічаў існавала свая племянная вярхушка і ваенная арганізацыя. У 907 г. яны ўдзельнічалі ў паходзе на грэкаў у складзе рознаплемяннога войска князя Алега. Пасля смерці Алега радзімічы, мабыць, адмовіліся падпарадкоўвацца кіеўскаму князю. Летам 984 г. ваявода кіеўскага князя Уладзіміра, якога празвалі Воўчы Хвост, на р. Пяшчань перамог войска радзімічаў і яны былі канчаткова ўключаны ў склад Кіеўскай дзяржавы.

 

Летапісец лакалізаваў радзімічаў на р. Сож. Больш дакладна тэрыторыю іх размяшчэння можна акрэсліць з дапамогаю археалагічных матэрыялаў. Вывучэнне старажытнасцей радзімічаў пачалося ў XIX ст. Але першая абагульняючая праца па іх гісторыі была апублікавана Б. Рыбаковым у пачатку 30-х гадоў XX ст. і не страціла значэння да нашага часу [2].

 

У пасляваенныя гады вывучэнне радзімічаў было працягнута археолагамі. Накоплены археалагічны матэрыял даў магчымасць удакладніць тэрыторыю іх рассялення. Радзімічы займалі прастору ў міжрэччы Дняпра і Дзясны па берагах Сожа і яго прытокаў. На поўначы граніца іх рассялення праходзіла на поўдзень ад Гарадка, Мсціслава, Чавус, Новага Быхава. Тут іх межы шчыльна сутыкаліся з межамі крывічоў. На паўднёвы ўсход ад радзімічаў жылі севяране. На захадзе граніца заходзіла на правы бераг Дняпра і сутыкалася з межамі дрыгавічоў. Граніца паміж радзімічамі і вяцічамі праходзіла на захад ад р. Судасць.

 

Курганы радзімічаў маюць паўсферычную форму, сярэднюю вышыню 1-1,5 м, дыяметр 6-10 м. Могільнікі налічваюць звычайна некалькі дзесяткаў насыпаў, зрэдку некалькі соцень курганоў. Курганны могільнік каля в. Гадзілавічы налічваў да 400 насыпаў. Яго лічаць некропалем старажытнага Рагачова.

 

Курганны могільнік каля в. Дзям'янкі Добрушскага раёна пакуль адзіны на тэрыторыі радзімічаў некропаль, які існаваў на працягу некалькіх соцень гадоў (VII-XII стст.). Раннія пахаванні зроблены па абрадзе трупаспалення на месцы насыпання кургана або непадалёку ад яго. Зрэдку нябожчыка спальвалі ў зрубавай дамавіне.

 

З XI ст. у радзімічаў пахавальны абрад трупаспалення паступова пачаў змяняцца трупапалажэннем у дамавінах, калодах або трупах. Перад пахаваннем месца ачышчалі агнём альбо тут рассыпалі прынесены попел. Пахаванні зроблены на гарызонце і ў падкурганных ямах. Звычайна хавалі аднаго нябожчыка ў кургане, здараліся і двайныя пахаванні [3]. Нябожчыкаў змяшчалі галавой на захад, але сустракаецца і ўсходняя арыенціроўка, якая ў радзімічаў трапляецца часцей, чым у іншых усходніх славян. У мужчьінскіх пахаваннях апрача гліняных гаршкоў знаходзілі нажы, крэсівы, паясныя кольцы і спражкі. Аснову галаўнога жаночага ўпрыгожання складалі сяміпрамянёвыя скроневыя кольцы, якіх насілі ад аднаго да васьмі. Характэрнай асаблівасцю жаночага касцюма з'яўляюцца шкляныя рознакаляровыя пацеркі ў спалучэннях з ' прывескамі рознай формы. Так, у кургане каля в. Шапчыцы Рагачоўскага раёнаў жаночым пахаванні выяўлены тры ніткі дробнага бісеру, дзве ніткі шкляных пацерак і адна нітка срэбраных металічных прывесак з выявай галавы быка. Шыйныя грыўні радзімічанак мелі розную форму (пласціначныя, кручаныя, ромбападобныя, з заходзячымі адзін за другі канцамі). Срэбраныя арабскія манеты X ст. іншы раз выкарыстоўваліся ў якасці прывесак. Рэдкая для курганных старажытнасцей знаходка - гліняная льячка, у якой плавілі каляровы метал, знойдзена ў кургане каля в. Юдзічы Рагачоўскага раёна. Гэта было пахаванне ювеліра. З рэдкіх знаходак неабходна нагадаць бязмен з кургана каля в. Гадзілавічы. У кургане каля в. Каласы ў скураным мяшэчку, які насіўся на поясе нябожчыцы, знаходзілася пяць шыракарогіх лунніц, бронзавы пярсцёнак і 143 шкляныя дробныя пацеркі. Гэта асобна пакладзены дар памёршай. У навуцы даўно абмяркоўваецца пытанне аб ляшскім паходжанні радзімічаў. У наш час спецыяльна і шырока даследаваны заходнеславянскі ўплыў на раннесярэднявечную Беларусь паводле рэчавых крыніц. Устаноўлена, што такі ўплыў адбываўся на працягу VIII-XIII сгст. у розных формах і ахопліваў непасрэдна ці ўскосна практычна ўсю тэрыторыю беларускіх зямель. Спачатку пераважалі этнічныя кантакты VІІ-X і нават XI стст., якія не выключаў магчымага перасялення груп заходніх славян. Аднак арэал радзімічаў не вылучаецца пераважнай прысутнасцю заходнеславянскіх элементаў у параўнанні з іншымі абласцямі Беларусі. Ён нават саступае ў гэтых адносінах заходнім раёнам міжрэчча Дняпра і Нёмана, басейна Заходняга Буга і Панямоння, якое знаходзілася на паграніччы з Польскай дзяржавай і яцвягамі.

Цяпер даказана, што папярэднікамі радзімічаў у Пасожжы былі плямёны калочынскай культуры V-VIII стст. Генетычная сувязь паміж культурамі гэтых дзвюх іруп насельніцтва не прасочваецца. А вось на паўднёвым усходзе Беларусі добра адчуваецца ўплыў славянскай раменскай культуры VIII-X стст., у сувязі з чым выказана меркаванне, што прарадзіму радзімічаў трэба шукаць на тэрыторыі раменскай культуры

Зародкі ўсходнеславянскіх народаў на землях радзімічаў узнікаюць у канцы 1-га тысячагоддзя н.э.: Гомель, Чачэрск, Крычаў, Прупой (Слаўгарад). Выказваюцца меркаванні, што Гомель мог выконваць ролю племяннога цэнтра радзімічаў. У выніку шырокага археалагічнага вывучэння Гомеля ўстаноўлена, што паселішча калочынскай культуры на яго тэрыторыі існавала ў VI-VII стст. Яно ўключала невялікае гарадзішча каля ўпадзення рэчкі Гамеюк у Сож і значны неўмацаваны пасёлак. У VIII-X стст. на паселішчы адбылася змена жыхароў. Замест плямён калочынскай культуры сюды пранікла іншае славянскае насельніцтва. Паселішча ў Гомелі пачало выконваць ролю племяннога цэнтра радзімічаў. У X-XI сгст. вакол яго пачынае засяляцца сельская акруга. У XII ст. Гомель ператвараецца ў буйны ваенна-адміністрацыйны цэнтр Ніжняга Пасожжа і ў цэнтр хрысціянскай культуры. У XII - пачатку XIII ст. Гомель быў самы буйны горад у Пасожжы [6].

 

На тэрыторыі радзімічаў размяшчаўся добра вывучаны археолагамі феадальны замак канца XI - першай паловы XIII сг. каля в. Вішчын, дзе знойдзены багаты скарб. Неўмацаваныя паселішчы вывучаліся на берагах р. Покаць каля в. Нісімкавічы Чачэрскага раёна.

Аснову эканомікі радзімічаў складала земляробства, аб чым сведчаць матэрыялы раскопак сельскіх і гарадскіх паселішчаў. У радзімічаў былі развіты разнастайныя рамёствы, сярод якіх першарадным з'яўлялася кавальскае. Аб гэтым можна меркаваць па знаходках на паселішчы X ст. горна для атрымання жалеза каля в. Нісімкавічы і кавальскіх вырабаў з прымяненнем складаных тэхналогій.

Аб сувязях радзімічаў сведчаць імпартныя рэчы: бронзавая чаша, якая выраблена на Ніжняй Эльбе (в. Зборау), фігурка конніка са Скандынаўскіх дзяржаў (в. Калодзецкая), шкляны оранзалет візантыйскай вытворчасці (каля г. Чавусы). Унікальны для тэрыторыі Беларусі скарб, у які ўваходзілі 7 шыйных срэбраных грыўняў XII ст., вырабленых у гарадской ювелірнай майстэрні, знойдзены каля пасёлка Козі Рог Буда-Кашалёўскага раёна. Большасць упрыгожанняў з каштоўнага металу, якія ўваходзяць у склад унікальнага скарба, схаванага ў XIII ст. на тэрыторыі замка каля в. Вішчын, таксама не мясцовага паходжання.

З тэрыторыі радзімічаў вядомы манетным скарбы, сярод якіх ёсць раннія (IX-X стст.). У15 пунктах у пахаваннях радзімічаў знойдзены арабскія срэбраныя манеты X-XI стст. У двух пунктах выяўлены срэбранікі кіеўскага князя Уладзіміра канца X ст., што выклікае выключную цікавасць нумізматаў. У часы феадальнай раздробленасці (з канца XI ст.) тэрыторыя радзімічаў была падзелена паміж чарнігаўскімі і смаленскімі князямі. Пры гэтым асобныя населеныя пункты ў выніку міжусобнай барацьбы неаднаразова пераходзілі з рук у рукі. У летапісе радзімічы названы ў апошні раз пад 4 1169 г. як этнаграфічная адзінка ўсходняга славянства.

5.Станаўленне раннефеадальных дзяржаўных ўтварэнняў усходніх славян.

Грамадскі лад славян у VIІVIII стст. уяўляў сабой пераход ад ваеннай дэмакратыі да класавай супольнасці з элементамі палітычнай улады ў асобе народнага сходу, вярхоўнага правадыра і савета старэйшын. Народны сход складаўся з усіх свабодных мужчын, здольных насіць зброю, які абіраў вярхоўнага правадыра. У сваю чаргу ён абапіраўся на родаплемянную знаць і воінаўдружыннікаў.

Крывічы, дрыгавічы і радзімічы ў сваім развіцці прайшлі перыяд ваеннай дэмакратыі. Яны былі аб'яднаны не столькі сваяцкімі адносінамі, колькі тэрытарыяльнымі, эканамічнымі і палітычнымі сувязямі. Гэтыя племянныя супольнасці і іх землі ўяўлялі сабою свайго кшталту протадзяржавы, якія ў летапісе азначаюцца як «княжанні». Паводле «Аповесці мінулых гадоў" у сярэдзіне ІХ ст. іх мелі паляне, драўляне, славене, а таксама дрыгавічы і палачане з цэнтрамі ў Кіеве, Ноўгарадзе, Полацку, Смаленску, Тураве і інш.

Утварэнне адзінай дзяржавы ва ўсходніх славян звязваюць з варажскім племенем «русь», якое, было запрошана славенамі, крывічамі, чуддзю і вессю на княжанне, каб прыпыніць усобіцы і ўсталяваць парадак. Летапісец Нестар паведамляе, што варагі прыбылі ў 862 г. на чале з конунгам Рурыкам і яго братамі. Эканамічныя і палітычныя прычыны абумовілі аб'яднанне Падняпроўя і Паволхаўя. Гэта адбылося пасля таго, як у 882 г. пераемнік Рурыка Алег забіў кіеўскіх князёў Аскольда і Дзіра і ператварыў Кіеў у сталіцу ўсёй дзяржавы.

Такім чынам Русь як адзіная дзяржава ўсходніх славян узнікла ў ІХ ст. У працэсе ўсебаковай жыццядзейнасці, спачатку ў гарадах, затым у вёсках адбывалася нівеліроўка племянных асаблівасцяў, далейшая асіміляцыя балтаў і іншых этнічных супольнасцей. Таму ж спрыялі рэформы кіравання аб'яднанымі землямі. З канца Х ст. па волі Ўладзіміра на пасаду мясцовага князя мог прэтэндаваць толькі яго сын або іншы блізкі родзіч, але ніяк не прадстаўнік тамтэйшай знаці.

Кіеўская Русь:агульнае і мясцовае.Полацкае,Тураўскае і іншыя княствы на заходніх землях Русі.

У IXст.было некалькі цэнтраў,вакол якіх гуртаваліся ўсходнеславянскія племянныя саюзы.На поўначы –гэта Ноўгарад і Полацк,на поўдні-Кіеў.Пазней яны аб'ядналіся і ўтварылі адну дзяржаву-Кіеўская Русь.Этнічныя супольнасці дрыгавічоў,радзімічаў і крывічоў,што былі тады на тэрыторыі сучаснай Беларусі,таксама ўвайшлі ў склад гэтай дзяржавы.Радзімічы перасталі плаціць даніну хазарам,крывічы-варагам.

Шэраг беларускіх гісторыкаў,спасылаючыся на факты саперніцтва,узброенай барацьбы паміж асобнымі княствамі(напрыклад,Полацкім іКіеўскім),што ўзніклі на тэрыторыі ўсходніх славян,на тое,што былі перыяды,калі гэтыя княствы з'яўляліся самастойнымі дзяржавамі,сцвярджаюць,што Кіеўскай Русі як адзінай дзяржавы,так як і адзінай старажытнарускай народнасці,не існавала.Гэта,маўляў,выдумка расійскіх дваранскіх гісторыкаў.

Пагадзіцца з такім падыходам нельга.Так,Кіеўская Русь,як і ўсякая раннефеадальная дзяржава,не была нейкім маналітам.Сапраўды,паміж асобнымі княствамі былі спрэчкі,супярэчнасці,барацьба і г.д.Разам з тым,гісторыя сведчыць,што было і шмат агульнага,што яднала іх у адну дзяржаву.Можна выдзеліць наступныя аб'ектыўныя фактары:

1)Фактычна ўсе мясцовыя князі знаходзіліся ў васальнай залежнасці ад вялікага (кіеўскага)князя,хоць і былі асобныя перыяды,калі тое ці іншае княства выходзіла з-пад такой залежнасці.

2)Кіеўская Русь валодала ўсімі прыкметамі дзяржаўнай улады і кіравання,заканадаўчай,выканаўчай,судовай уладамі,адпаведнымі ,няхай яшчэ і не зусім дасканалымі,органамі.

3)Агульнымі былі вечавыя традыцыі кіравання,вырашэння грамадскіх праблем.

4)Існавалі даволі цесныя гандлевыя,эканамічныя сувязі.

5)Была агульная зацікаўленасць у сумеснай барацьбе са шматлікімі знешнімі ворагамі(сцепнякі,варагі,балты)

6)Агульнай была старажытнаруская мова,хоць і існавалі яе мясцовыя асаблівасці,тое ж самае можна сказаць і аб культуры ў цэлым.

7)Вельмі важным яднаючым фактарам было адзінства хрысціянскай-праваслаўнай веры,якую нярэдка звалі рускай.

8)Быў адзіны тып горада,яго планіроўкі,ладу жыцця.

9)Склалася і адзіная этнічна-дзяржаўная назва-Русь.Кіеўляне,палачане,наўгародцы,піняне,пскавічы і інш.разам з тым былі і русічамі(русамі,русінамі і г.д)

10)Нарэшце,як правіла,князі розных княстваў Кіеўскай Русі былі звязаны між сабой і кроўна-роднаснымі сувязямі.Яркі прыклад:Полацкая дынастыя князеў-Ізяславічы,Кіеўская- Яраславічы.Ізяслаў і Яраслаў-родныя браты.Бацька іх-кіеўскі князь Уладзімір Святаславіч,маці-Полацкая князеўна Рагнеда,дачка Рагвалода.

По́лацкае кня́ства — усходнеславянскае дзяржаўнае ўтварэньне (фэўдальная дзяржава) са сталіцай у горадзе Полацку. Узьнікла на базе племяннога княжаньня полацкіх крывічоў з прыкметным уплывам групаў іншаземнага насельніцтва, перш за ўсё балтаў[1]. Існавала ў 9—14 стагодзьдзях і ахоплівала (за часамі найвышэйшага ўздыму) поўнач сучаснай Беларусі, а таксама Ніжняе Падзьвіньне (прыдзьвінскія тэрыторыі сучаснай Латвіі). У склад княства, акрамя Полацку, уваходзілі такія гарады, як Віцебск, Друцак, Менск, Ізяслаў (цяпер Заслаўе), Лагойск, Барысаў, Брачыслаў (цяпер Браслаў), Кукенойс (цяпер Кокнэсэ) ды іншыя. У наш час, паводле наяўных гістарычных зьвестак, Полацкае княства разглядаецца ў якасьці вытоку беларускай дзяржаўнасьці, увасабленьня ідэі незалежнасьці беларускага народу. У летапісах XII ст. Полацкае княства не лічылася Русьсю. Напрыклад Аповесьць мінулых часоў нават супрацьпастаўляе «Рускай зямлі» Полацкую і Смаленскую.У пісьмовых крыніцах жыхары Полацкага княства да другой паловы XII ст. выступалі пад старой племянной назвай — крывічы. акладную дату ўзьнікненьня княства вызначыць цяжка. Першы пісьмовы ўспамін пра Полацак датуецца 862 годам у зьвязку з раздачай Рурыкам гарадоў сваім дружыньнікам. У Лаўрэнцеўскім летапісы паведамляецца: У лета 862 прыняў уладу Рурык і пачаў раздаваць мужам сваім гарады: гэтаму Полацак, гэтаму Растоў, іншаму Белавозера. І па тых гарадох варагі — прышлыя, а першае насельніцтва ў Ноўгарадзе — славене, у Полацку — крывічы, у Растове — меры, у Белым возеры — весь, у Мураме — мурамы, і ўсімі тымі валодаў Рурык

 

У скандынаўскіх сагах пра Полацак паведамляецца як пра моцнае ўладаньне, якое мела свайго князя Палтэса. Князь Палтэс — мітычная асоба, але пра тое, што ў Полацку рана былі вялікія князі, гаворыцца ў Аповесьці мінулых часоў[7].

 

Уладзімер і Рагнеда, 1770

 

Першы вядомы полацкі князь — Рагвалод, незалежны ад Кіева. Гісторыкі спрачаюцца пра ягонае паходжаньне: адныя называюць яго славянінам (Валадар Рогу), іншыя — варагам (Рунгвальд). Аднак, у кожным разе, гэта дазваляе зрабіць выснову пра княжаньне ў Полацку мясцовай дынастыі, а ня кіеўскага намесьніка.

 

У Аповесьці мінулых часоў пад 980 годам паведамляецца, што Рагвалод «имяше власть свою в Полотьске». У Лаўрэнцеўскім летапісы больш падрабязна тлумачыцца, што Рагвалод «держащю и владеющю и княжащю Полотьскую землю». Тут падкрэсьліваецца поўная незалежнасьць Полацкай зямлі, якой «валодаў», г. зн. кіраваў князь Рагвалод. З князем Рагвалодам зьвязаныя драматычныя падзеі міжусобнай барацьбы на Русі. У 972 годзе, пасьля сьмерці князя Сьвятаслава Ігаравіча, пачалася барацьба за ўладу між ягонымі сынамі: Ноўгародзкім князем Уладзімерам ды Кіеўскім князем Яраполкам. Абодва бакі намагаліся атрымаць падтрымку ад Полацкага княства. З гэтай мэтай Уладзімер прапанаваў Рагвалоду аддаць за яго сваю дачку Рагнеду. Яму адмовілі, што азначала пераход на бок Кіева, тады Уладзімер захапіў ды спаліў Полацак, забіў Рагвалода ды гвалтам узяў Рагнеду сабе ў жонкі. Мясцовая полацкая дынастыя была, такім чынам, зьнішчаная.

Неўзабаве пасьля хрышчэньня Русі сын Рагнеды ад Уладзімера Ізяслаў атрымаў ад бацькі Полацкую зямлю, дзе для яго збудавалі горад Ізяслаў. Пазьней Ізяслаў пераехаў у Полацак і аднавіў Полацкае княства, але цяпер у ім ужо кіравала дынастыя Ізяславічаў — нашчадкаў Рурыка. У 1003 годзе пачынаецца княжаньне Брачыслава Ізяславіча. За яго кіраўніцтвам Полацак несупынна намагаўся пазбавіцца залежнасьці ад Кіева. У 1020 годзе Брачыслаў учыніў напад на Ноўгарад, абрабаваўшы горад, але на зваротным шляху быў разьбіты кіеўскім князем Яраславам. Той прымусіў Брачыслава падпарадкавацца Кіеву, атрымаўшы за гэта ў валоданьне Віцебск ды Усьвят. 1044—1101 гады былі часам найвышэйшага ўздыму Полацкага княства, калі ім кіраваў Усяслаў Брачыславіч. Першыя гады свайго кіраваньня ён не сварыўся зь Яраславічамі, але зь сярэдзіны 1065 году ізноў распачаў барацьбу з Кіевам за першынства на ўсходне-славянскіх землях. Усяслаў учыніў напады на Пскоў ды Ноўгарад. У 1067 годзе на рацэ Няміга пад Менскам адбылася бітва з войскам Ізяслава Яраславіча, у якой палачане пацярпелі паразу. Пазьней, у часе мірных перамоваў, Усяслава па-здрадніцку захапілі ў палон і кінулі ў вязьніцу ў Кіеве. Але прабыўшы там некалькі месяцаў, ён быў вызвалены народам і абраны кіеўскім князям. Аднак Ізяслаў, з дапамогай Польшчы, вярнуў сабе ўладу спачатку ў Кіеве, а потым, у 1069 годзе, авалодаў і Полацкам, выгнаўшы Ўсяслава ды паставіўшы замест яго на княжаньне свайго сына Мсьціслава. Ужо ў 1071 годзе Ўсяслаў вярнуўся ў Полацак і, нягледзячы на шэраг паразаў ад Ізяслава, здолеў там утрымацца. У 11 стагодзьдзі Полацкая зямля сфармавалася як моцная дзяржава ва Усходняй Эўропе. Полацак быў стольным горадам гэтага буйнога княства, якое мела сваю княскую дынастыю, моцнае войска, даволі разьвітую гаспадарку і значныя дасягненьні ў галіне культуры. У 1050-я гады тут быў збудаваны грандыёзны Сафійскі сабор, які сымбалізаваў сілу і незалежнасьць ПолацкуПасьля сьмерці Ўсяслава Чарадзея Полацкае княства ўваходзіць у пэрыяд фэўдальнай раздробленасьці. Зь яго вылучаюцца Віцебскае, Друцкае, Менскае ды іншыя. Уласна Полацак атрымаў Давыд Усяславіч. Амаль адразу ж між князямі пачынаецца барацьба.

 

У 1127 годзе кіеўскі князь Мсьціслаў Уладзімеравіч учыніў выправу на Полацак, захапіў яго ды выслаў усіх полацкіх князёў у Бізантыю. Але ўжо празь пяць гадоў у Полацак ізноў прыйшоў князь з Ізяславічаў: Васілька Сьвятаславіч. Пасьля яго сьмерці пачалася чарговая барацьба за горад між прадстаўнікамі віцебскай, менскай ды друцкай лініяў нашчадкаў Усяслава Чарадзея. Паступова ў Полацку зацьвердзілася Віцебская лінія, але час ад часу Полацак трапляў у залежнасьць ад Смаленску, які ставіў сваіх намесьнікаў.

[рэдагаваць]

У Вялікім Княстве Літоўскім

 

Герб Полацкага княства з Маскоўскага Тытулярніка (1672)

 

Літоўскія плямёны былі заходнімі суседзямі Полацкага княства. Прыкладна зь сярэдзіны 12 стагодзьдзя пачынаюцца і ўзмацняюцца напады літоўцаў на Полацaк. Полацaк разам зь іншымі княствамі ў адказ зьдзяйсьняе паходы супраць Літвы.

 

На пачатку 13 стагодзьдзя ў Полацку ды Літвы зьяўляецца агульны вораг — крыжакі. Зьяўленьне крыжакоў прыйшлося на час княжаньня Вальдэмара. Крыжакі заснавалі крэпасьць Рыга, чым перакрылі магістральны гандлёвы шлях да Скандынаўскіх краінаў. Адтуль пачалася экспансія крыжакоў у сфэру ўплыву Полацку, Ніжняе Падзьвіньне перайшло да крыжакоў.

 

Герб Полацкага ваяводзтва з Сэнатарскай залі (каля 1720)

 

У такіх умовах палачане ўсё часьцей выступаюць у зьвязе зь літоўцамі супраць крыжакоў. З пачатку 1240-х гадоў (паводле іншых крыніцаў — яшчэ з 1190-х) у Полацку зацьвердзіліся літоўскія князі. Як дакладна гэта было зроблена — шляхам узброенага захопу ці пагадненьня — невядома. З гэтага часу Полацак удзельнічае ў спрэчках літоўскіх князёў. Датай уваходжаньня Полацку ў склад Вялікага Княства Літоўскага лічыцца 1307 год, калі ў Полацку пачаў княжыць брат Віценя Воін.

У канцы 14 стагодзьдзя Полацкае княства было скасаванае, а пазьней замест яго ўтварылася Полацкае ваяводзтва. Дзяржаўны лад Полацкага княства прайшоў на працягу стагодзьдзяў паступовую трансфармацыю. Калі пры Ізяславе й Рагвалодзе Веча, імаверна, ня мела палітычнай ролі. Ужо пры Брачыславе яно атрымала вылучнае значэньне. Пра гэта сьведчыць Эймундава сага: «Дайце мне час параіцца з маімі мужамі, бо яны даюць мне грошы, а я толькі іх трачу». Такім чынам, ужо ў 11 стагодзьдзі Веча палачанаў атрымала надзвычай важнае значэньне.

Існавала таксама і Рада князя. Рада ня мела яўна акрэсьленых паўнамоцтваў. Князь вырашаў з Радай усе пытаньні, што меў вырашаць сам. Апроч таго, Рада ня мела акрэсьленага складу. Князь запрашаў на раду да сябе ўсіх, каго пажадае. Але ўсе ж найбуйнейшых герархаў царквы і палацавых службоўцаў.

Асобамі цэнтральнага кіраваньня былі ключнік, падвойскі, тысяцкі, пасаднік (пра яго паведамляе толькі Тацішчаў), цівун ды інш. Тысяцкі кіраваў войскамі — земскім апалчэньнем. Ключнік адказваў за гаспадарскую дзейнасьць і зьбіраў падаткі. Падвойскі сачыў за выкананьнем пастановаў князя і Веча. Цівуны былі прадстаўнікамі князя на вызначаных тэрыторыях і кіравалі імі ад яго імя.

У 12 стагодзьдзі узрастае роля Веча. Да ягоных прэрагатываў пачалі адносіць абраньне і выгнаньне князя, заключэньне міра і абвяшчэньне вайны. За князем застаецца судовая і вайсковая ўлада. Войска князя складалася з дружыны і земскага апалчэньня. Дружына падзялялася на дзьве часткі: «старэйшую» (баляры) і «малодшую» (отракі, дзецкія). Старэйшая Дружына мела вылучны ўплыў на князя, баляры ўваходзілі ў склад Рады, часта выступалі супроць князя. Малодшая дружына была важным апірышчам князя ў барацьбе з балярамі і Вечам. У канцы 12 — пачатку 13 стст. у Полацку фармуецца рэспубліка. Яе можна называць Вечава-тэакратычнай. Улада канцэтруецца вакол япіскапа, зь якіх у крыніцах згадваецца Якаў (1300 г). Князі ў Полацку маглі і быць, але ў крыніцах ня згадваюцца. Зноў яны зьяўляюцца ў сталіцы Крыўі толькі ў часе княжаньня Гедзіміна.

Полацкае княства ўзьнікла і разьвівалася на шляху з варагаў у грэкі, гандлявала прадукцыяй сельскай гаспадаркі. Да Балтыйскага мора хадзілі гандлёвыя караблі. У Полацку, Віцебску, Менску ды іншых гарадох канцэнтраваліся рамесьніцкія майстэрні.Полацак быў адным з найважнейшых культурных ды рэлігійных цэнтраў у рэгіёне. У 992 годзе тут заснавалі Полацкую япархіі, збудавалі некалькі цэркваў. З імем Эўфрасіньні Полацкай зьвязаныя збор і перапіс кніг, будова манастыра, названага потым Эўфрасінеўскім. Для Эўфрасіньні Полацкай ювелір Лазар Богша зрабіў знакаміты крыж, які быў нацыянальнай сьвятыняй. У сярэдзіне 11 стагодзьдзя збудаваны Сафійскі сабор. У Полацку, імаверна, вялося летапісаньне, але Полацкі летапіс не захаваўся. З разьвіцьцём Вільні ў 14 стагодзьдзі Полацак згубіў значэньне цэнтру. У сярэдзіне 16 стагодзьдзя ў Полацку збудаваны езуіцкі калегіюм, які меў істотнае адукацыйнае значэньне. У другой палове 18 стагодзьдзя Полацак нават зрабіўся сталіцай езуітаў.

Тураўскае княства было прамым пераемнікам Дрыгавіцкага князявання, цэнтар якога не вядомы. Увогуле невядома, які горад быў цэнтрам дрыгавічоў. Тураў быў заснаваны блізу 950 году (найверагодней, 946) князевічам Турам, братам Рагвалода. Тур быў першым князем, які пераўтварыў князяваньне ў княства. Паводле народнага паданьня, Тур і Рагвалод з войскам прайшлі ўздоўж Дняпра, і спыніляся ля ўпадзеньня Прыпяці ў гэтую раку. Далей Рагвалод, прыкрываючы Тура, застаўся тут, а Тур пайшоў уздоўж Прыпяці, знайшоў выгоднае месца і заснаваў горад. Ён дзейнічаў выключна ў хаўрусе з братам Рагвалодам Полацкім, але чамусь не прыйшоў яму на дапамогу ў 976 годзе, відаць, з-за раптоўнасьці нападу Ўладзімера. Пракнязяваў ен да 988 году, калі ў Пінску над Дрыгавіччынай быў пасаджаны Сьвятаполк І Тураўскі. Народнае паданьне пасьля Тура называе Ўладыку, але гэта — тытул япіскапа. Відаць, пры малалетнім Сьвятаполку ад яго імя ўладарыў япіскап, хоць гэта пярэчыць зьвесткам аб заснаваньні япіскапіі.

Святаполк І быў актыўным уладаром. Відаць, яго сталіцаю спачатку быў Пінск, бо аб гэтым кажа «Жыцьцяіс Барыса і Глеба». Відаць, пазьней ён зрабіў абодва гарады сваей сталіцай. Ён імкнуўся забясьпечыць незалежнасьць ад Кіева, дзеля чаго ўступіў у шлюб з дачкой Баляслава І. У 1005 годзе ён заклаў у Тураве япіскапію, і па названых у ёй гарадох можна меркаваць аб тэрыторыі княства. Яно займала большую частку сучаснай Беларусі. Але ў 1015 годзе Сьвятаполк заняў і кіеўскі пасад, але князяваньне ў Тураве пакінуў за сабою. Княства прымала актыўны ўдзел у барацьбе братоў, так, у Тураве Сьвятаполк набіраў сабе вояў, а пазьней Яраслаў заняў нейкі горад Сьвятаполка, якім, відаць, быў Тураў ці Пінск.

Далей падзеі разьвіваліся наступным чынам. Яраслаў даў Тураў Ізяславу блізу 1045 году, і Ізяслаў І князяваў тут і пасьля заняцьця Кіева. Гэта паказвае на значнасьць Турава ў той час, але ён паступова заняпаў. Пазьней ім валадарыў Сьвятаполк ІІ Тураўскі, сын Ізяслава. Але пазьней князі імкліва зьмянялі адзін аднаго. У рэшце рэшт, княства згубіла амаль палову земляў: Берасьце, Мазыр, Панямоньне.

У 1156 годзе ў Тураве замацаваўся прадстаўнік дынастыі Сьвятаполчычаў Юры. Ён узяў курс на здабыцьцё незалежнасьці. У адказ кіеўскія князі зрабілі паход на Тураў і Пінск у 1158 годзе, але гэтыя гарады выстаялі. У 1162 годзе незалежнасьць Турава была прызнаная. Пасьля гэтага з Турава выдзяляюцца Пінскае, Слуцкае, Клецкае, Дубровіцкае і, магчыма, Гарадзенскае і Давыд-Гарадоцкае княствы.

На жаль, аб дзяржаўным ладзе Тураўскага княства нам вядома мала. З жыцьцяпісу Кірылы Тураўскага нам ведама, што ў горадзе мела вялікую ўладу Веча, якое мела ўплыў на выбар япіскапа. Апроч таго, ў горадзе быў пасаднік, што ўказвае на асаблівасьці разьвіцьця ў Тураве грамадзка-палітычнага ладу.

Аб развіцці культуры можна меркаваць па дзейнасьці Кірылы Тураўскага. Апроч таго, існуе меркаваньне, што ў Тураве таксама быў катэдральны Сафійскі сабор.

Былі на беларускіх землях і іншыя княствы.Напрыклад,Новагародскае. Навагрудскае княства, Новагародскае княства – удзельнае княства ў Панямонні ў XIII – XIV стст. Цэнтр – г. Новагародак. Навагрудскі князь Ізяслаў упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1237 (1236?) г., калі галіцка-валынскі князь Даніла Раманавіч «наведе… Литву Миндога Изяслава Новогородьского» на князя Конрада Мазавецкага. На падставе гэтага запісу лічыцца, што побач з Міндоўгам у барацьбе з мазавецкім князем удзельнічаў і Ізяслаў, які быў у саюзных або васальных адносінах з Данілам Раманавічам. Пазней княства ўваходзіла ў склад уладанняў Міндоўга, Рамана Данілавіча, Войшалка, у 1-й палове XIV ст. – удзел чына Гедзіміна Карыята (разам са Слонімам і Мсцібавам). Нейкі ўдзел меў у княстве сын Карыята Фёдар. У канцы XIV ст. вялікі князь Вітаўт зняволіў, а пасля выгнаў Фёдара з ВКЛ. З таго часу княства канчаткова перайшло да велікакняжацкага дамена, у Новагародку сядзелі намеснікі вялікіх князёў.Новагарадок заснаваў у Xiст.Яраслаў Мудры як фарпост у барацьбе з яцвягамі.У сярэдзіне XIIст. у змяніўшыхся гістарычных умовах гэта княства ,што ў свій час знаходзілася ў васальнай залежнасці ад Кіева,пазней ад галіцка-валынскіх князеў,адыграла важную ролю як цэнтр фарміравання ВКЛ-вялікай і магутнай сярэднявечнай дзяржавы,у склад якой увайшлі і ўсе астатнія беларускія землі.

 


<== previous lecture | next lecture ==>
Усходнеславянская супольнасць | АУРУ ТАРИХЫ
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.048 s.