Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






РУСКІ ДРАМАТЫЧНЫ ТЭАТР


Date: 2015-10-07; view: 504.


У КАНЦЫ ХІХ – ПАЧАТКУ ХХ СТАГОДДЗЯЎ

Гэта самая тэатральная эпоха ў гісторыі рускай культуры. Тэатр адыгрываў вядучую ролю, распаўсюджваў свой уплыў на іншыя віды мастацтва. Для рускага тэатра – гэта эпоха ўзлётаў і падзенняў, наватарскіх творчых пошукаў і эксперыментаў. У гэтым сэнсе тэатр не адставаў ад літаратуры і выяўленчага мастацтва.

У авангардзе тэатральнага мастацтва знаходзіўся МХАТ на чале са Станіслаўскім і Неміровічам-Данчанка, з выдатнай трупай маладых акцёраў, у якую ўваходзілі В. Кніпер-Чэхава, М. Ліліна, У. Мейерхольд, В. Качалаў, І. Масквін, А. Вішнеўскі і інш. Усплёск тэатральнага мастацтва быў звязаны з супрацоўніцтвам тэатра з А. П. Чэхавым (“Чайка”), у 1898 г. новай старонкай у гісторыі тэатра і ва ўсім тэатральным мастацтве стала драматургія М. Горкага (першая п'еса “Мещане”, другая “На дне”).

Далейшы ўклад у сцэнічную інтэрпрэтацыю горкаўскай драматургіі звязаны з тэатрам Веры Фёдараўны Камісаржэўскай, якая пакінула імператарскую сцэну Александрыйскага тэатра і стварыла свой. Былі пастаўлены п'есы Горкага “Дачники”, “Дети солнца”. З 1906 г. становішча змяняецца. Гэта былі гады палітычнай рэакцыі, тэатр шукаў новыя формы існавання і самавыражэння. Але для многіх тэатраў гэта былі гады застою.

У 1905 г. К.С. Станіслаўскі адкрыў Тэатр-студыю на Паварской, дзе разам з Мейерхольдам вывучаў пастановачныя магчымасці новага мастацкага накірунку. Станіслаўскі пераконваецца ў неабходнасці выхавання новага акцёра, здольнага глыбока раскрываць “жыццё чалавечага духу”, пачынае вопыты па стварэнню “сістэмы”.

Новыя пошукі вяліся і ў Пецярбурзе ў тэатры В. Ф. Камісаржэўскай. Яна запрасіла галоўным рэжысёрам Мейерхольда. Ён аказаўся смелым эксперыментатарам у русле авангардызму, абвясціў ідэі “ўмоўнага тэатра”. У цэнтр ён паставіў творчую ідэйна-мастацкую канцэпцыю спектакля, прапанаваную рэжысёрам (дыктатура рэжысёра як у адносінах да акцёра, так і ў адносінах да аўтара п'есы). У ажыццяўленні рэжысёрскай канцэпцыі Мейерхольду павінен быў дапамагаць мастак. Ён павінен парушаць ілюзію верагоднасці, і ствараць у тэатры ўмоўнае афармленне, якое выяўляе рэжысёрскую ідэю. Рэжысёр імкнуўся дасягнуць амаль поўнай статуарнасці ігры акцёра. Гэта вяло да падмены жывога чалавека марыянеткай. Камісаржэўская растаецца з Мейерхольдам, яго запрашаюць на работу ў імператарскія тэатры, дзе ён прапаноўвае прынцып “традыцыйнага тэатра” (разнавіднасць “умоўнага”). Акрамя традыцыйнага тэатра ён прапаноўвае ідэю тэатра-балагана, маскі, марыянеткі, заснаванага на гратэске, як галоўным метадзе адлюстравання жыцця.

У 1914 г. у Маскве пад кіраўніцтвам Л.Я. Танрова пачынае працаваць Камерны тэатр, калектыў якога смела эксперыментаваў, а таксама захапляўся “гульнёй у тэатр”.

У гэты час працягваюць дзейнічаць народныя тэатры. Гэта Перасоўны тэатр П. П. Гайдэбурава (які прапагандаваў рэалістычную драматургію сярод самых шырокіх слаёў насельніцтва), тэатр В. Д. Паленава.

МХАТ, звяртаючыся да моднай драматургіі сімвалістаў, не забываўся і пра класіку (“Месяц в деревне” Тургенева, “Мнимый больной” Мальера і інш.). Станіслаўскі супрацоўнічае з мастакамі “Свету мастацтва” (Бенуа, Дабужынскім, Кустадыевым, Рэрыхам).

У гэты час сфарміравалася сістэма Станіслаўскага, на якой заснаваны рэалістычны тэатр. Сістэма Станіслаўскага прадстаўляе сабой навукова-абгрунтаваную тэорыю сцэнічнага мастацтва, метады акцёрскай тэхнікі. Сістэма адкрыла шляхі да стварэння спектакля як адзінага мастацкага цэлага, да выхавання сапраўднага мастака-акцёра і рэжысёра. Разам з тым, гэта была філасофія тэатра, якая вызначала яго высокія мэты і задачы ў гады застою. Сістэма Станіслаўскага аказала вялікі ўплыў на сучаснае тэатральнае жыццё, на развіццё сусветнага тэатра.

Цікавай з'явай тэатральнага жыцця Масквы былі тэатры-кабарэ, якія былі блізкія да народнага балагана. У 1908 г. акцёр МХАТа Мікіта Баліеў разам з некаторымі супрацоўнікамі тэатра адкрылі маленькі тэатр “Летучая мышь”, які стаў начным прытулкам мхатаўскіх акцёраў і быў цэнтрам маскоўскага начнога жыцця. Да закрыцця ў 1919 г. яго драматычны рэпертуар складалі кароткія скетчы, пародыі на знакамітыя творы, лубочныя сцэнкі. Лубок – спрошчаныя пераапрацоўкі казак, паданняў анекдатычнага характару.

Пецярбургскія кабарэ прываблівалі славутых прадстаўнікоў інтэлігенцыі, там больш увагі надзялялі лекцыям і чытанню вершаў, чым музычным нумарам і “жывым карцінам” (“Бродячая собака” Барыса Проніна).

Тэатральнае жыццё “срэбранага веку” было надзвычайна насычаным і разнастайным. У гэты час былі ажыццяўлены шматлікія мастацкія заваёвы, што дазволіла рускаму тэатру заняць перадавыя пазіцыі ў свеце.


<== previous lecture | next lecture ==>
АВАНГАРД | САВЕЦКІ ТЭАТР У 20-я – 30-я ГАДЫ ХХ СТАГОДДЗЯ
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.213 s.