|
Беларусь у вайне 1812 г.Date: 2015-10-07; view: 648. 3. Грамадска-палітычнае жыццё ў першай палове ХІХ ст. 4. Развіццё сельскай гаспадаркі, прамысловасці і гандлю. Рэформа П. Кісялёва. 5. Крызіс феадальна-прыгонніцкай сістэмы.
1. З канца XVIII ст. пачынаецца новы перыяд у гісторыі Беларусі. У выніку трох падзелаў РП амаль усе беларускія этнічныя землі з насельніцтвам больш за 3 млн чал. увайшлі ў склад Расійскай імперыі. Гэтыя падзеі адбывалiся пры жыццi i прамым удзеле iмператрыцы Кацярыны II (1762-1796). Мерапрыемствамi, звязанымi з “асваеннем” новых зямель займалiся таксама i яе нашчадкi на царскiм троне – сын Павел I і ўнукі Аляксандр I і Мікалай І. Кацярына ІІ была асабiста ўпэўнена ў тым, што далучэнне Беларусi i Украiны да iмперыi – гэта акт гiстарычнай справядлiвасцi. З гэтай нагоды яна загадала выбiць памятны медаль з надпiсам “Отторженная возвратихъ”. Уся далейшая палітыка Кацярыны ІІ і яе спадкаемцаў на царскім троне ў адносінах беларускіх зямель абапіралася ў асноўным на мірныя, непрымусовыя метады кіравання, з разлікам на супрацоўніцтва са шляхтай і законапаслухменства падатковых пластоў насельніцтва. У ліку першых аб'ектаў гэтай палітыкі паўсталі рэшткі старой дзяржаўнасці. З гэтай нагоды ўсе жыхары Беларусі (за выключэннем сялян) мусілі прысягаць на вернасць імператрыцы. Тыя са шляхты, хто адмаўляўся зрабіць гэта, на працягу трох месяцаў быў вымушаны прадаць маёмасць і выехаць за межы імперыі. Іншым фактарам, які перашкаджаў грамадзянам былой РП адчуць сябе падданымі новай дзяржавы, быў стары адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел на ваяводствы, паветы, староствы і інш. Невыпадкова амаль адразу гэтыя адзінкі набывалі расійскія назвы – намесніцтвы, губерні, паветы і інш. Пры гэтым царскія чыноўнікі пераносілі з польскіх на расійскія карты назвы асобных гарадоў – Брэст, Гродна, Мінск, Навагрудак. У 1796 г. толькі па ім зразумелым матывах Беларусь падзялялася на тры губерні – Беларускую (губернскі цэнтр – Віцебск), Мінскую (губернскі цэнтр – Мінск) (патлумачыць, чаму не Менск) і Літоўскую (губернскі цэнтр – Вільня). У 1801 г., у адпаведнасці з чарговай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай, тут утваралася 5 губерняў – Віленская, Гродзенская, Мінская, Віцебская, Магілёўская і (крыху пазней) Сма-ленская на чале з цывільнымі губернатарамі. У ваенных адносінах азначаныя губерні групаваліся ў 2 генерал-губернатарствы – Беларускае (штаб-кватэра ў Смаленску) і Літоўскае (штаб-кватэра ў Вільні). Такім чынам, з аднаго боку, тэрміны “Беларусь, беларускі” набывалі афіцыйнае прызнанне, а з другога – у грамадскую думку ўкаранялася памылковае перакананне аб Літве як чужароднай беларусам зямлі. Адміністратыўныя пераўтварэнні скіроўваліся не толькі на ўсталяванне на Беларусі расійскіх уладных структур, але і на ліквідацыю рудыментаў ранейшага дзяржаўнага ладу. Так, паўсюдна прыпынялася дзейнасць канфедэрацый, а іх вайсковыя фарміраванні раззбройваліся і распускаліся. Для шляхты і мяшчан уводзілася пашпартная сістэма. У 1797 г. для ўсяго насельніцтва скасоўвалася пакаранне смерцю, зносіліся месцы экзекуцый (шыбеніцы, эшафоты і інш.). Разам з тым забаранялася бадзяжніцтва і жабрацтва. Усталяванне новай сістэмы органаў кіравання і правапарадку ўскладнялася вострым недахопам чыноўнікаў, якія б ведалі спецыфіку мясцовага жыцця. Царскі ўрад даволі лаяльна ставіўся да польскай (і паланізаванай) шляхты, нават да той, якая адмаўлялася прысягаць або ўдзельнічала ў антырасійскіх канфедэрацыях. Тыя са шляхты, якія прысягалі “Яе Вялікасці”, не толькі захоўвалі сваю маёмасць, але маглі разлічваць на набыццё статусу, роўнага з расійскімі дваранамі. Так яно і здарылася. У 1787 г. на гэта саслоўе былі распаўсюджаны “все оному свойственные выгоды по всему пространству империи Российской», зафіксаваныя ў “Грамаце на правы, вольнасці і перавагі высокароднага дваранства” (1785). За шляхтай захоўвалася прапінацыйнае права (вінная манаполія). Так, у 1796 г. ёй належала 7,5 тыс. бровараў з гадавой вытворчасцю 2 562 тыс. вядзёр гарэлкі. Акрамя таго, царскі ўрад дазволіў шляхце карыстацца ранейшымі тытуламі (князь, граф, барон) і ганаровымі званнямі (гетман, маршалак, кашталян і інш.). Па-другое, ёй дазвалялася выкарыстанне нацыянальнага касцюму з халоднай зброяй. Нарэшце практычна не абмяжоўвалася іх каталіцкае веравызнанне і выкарыстанне польскай мовы ў справаводстве. Характэрна тое, што на Беларусі захоўваў сваю сілу Статут ВКЛ (1588), а разам з ім сістэма мясцовага кіравання і судовых органаў. Разам з тым, замест колішніх сеймікаў, шляхта мусіла аб'ядноўвацца ў губернскія і павятовыя дваранскія сходы, якія з'яўляліся крыніцай і інструментам вылучэння кадраў на дзяржаўныя пасады – управы, палаты, суды і г. д. Колькасна шляхецкае саслоўе складала да 12% ад усяго насельніцтва Беларусі, у той час як расійскае дваранства толькі 1-3 %. У выніку ўрад Кацярыны ІІ прыступіўся да так званага “разбору шляхты”. Паводле яго ўказа, шляхцічы былі абавязаны прадставіць пасведчанне свайго высакароднага паходжання ў выглядзе адпаведных дакументаў ці выпісак з вялікакняскіх або каралеўскіх грамат. Тыя, каму не ўдалося даказаць свайго шляхецтва, пазбаўляліся дваранскіх прывілеяў, у тым ліку права валодаць прыгоннымі сялянамі, і пераводзіліся ў падатковыя катэгорыі “ганаровых грамадзян” або “аднадворцаў”. Такім чынам, ураду ўдалося павялічыць колькасць падатковага насельніцтва і, акрамя таго, знізіць антырасійскую актыўнасць дробнай шляхты. Але канчаткова “разбор шляхты” удалося завяршыць долькі напрыканцы жыцця Мікалая І. Адным з накірункаў царскай палітыкі на Беларусі з'яўлялася насаджэнне рускага памешчыцкага землеўладання. Акрамя таго, былыя дзяржаўныя і касцёльныя землі, маёнткі ўдзельнікаў антырасійскіх паўстанняў і нацыяльна-вызваленчага руху перадаваліся чыноўнікам. \Значныя зямельныя падараванні атрымалі царскія фаварыты – Галіцын у Прапойскім, Зорыч – у Шклоўскім, Сувораў у Кобрынскім староствах i iнш. Усяго за 1772-1801 гг. дваранам было падаравана 250,4 тыс. рэвізскіх душ. У прыватныя рукi траплялі і тыя сяляне, якiя не ведалі прыгону, жыло на дзяржаўных землях i плацiла чынш. Пры гэтым памешчыкі набылі права прадаваць сялян без зямлі. Былой шляхце і новым памешчыкам належала 87% сялян, большасць якіх выконвала павіннасці, выгадныя гаспадару. Як правіла, гэта былі традыцыйныя паншчына, аброк, згоны, шарваркі, старажоўшчына і інш. Дзяржаўныя сяляне (7,5 %) былі асабіста вольнымі, плацілі аброк у скарб, маглі запісацца ў іншае саслоўе, змяніць месца жыхарства. Але ў новых умовах іх становішча пагоршылася, паколькі чыноўніцтва атрымала магчымасць арэнды маёнткаў разам з дзяржаўнымі сялянамі. 3, 5 % сялянства належала царкве і выконвала на яе карысць разнастайныя павіннасці. У ліку іншых катэгорый сялянства былі агароднікі і бабылі (кутнікі). Першыя мелі жытло і існавалі за кошт агарода, а другія не мелі нават уласнага прытулку і жылі выпадковымі заробкамі ў памешчыка або заможнага суседа. Вольныя сяляне ўяўлялі сабой “вольных хлебаробаў”, вызваленых памешчыкамі, былых панцырных або путных баяр, якія былі асабіста свабоднымі і плацілі дзяржаўныя падаткі. У вынiку, у новых умовах Беларусь ператварылася ў самую прыгоннiцкую ўскраiну iмперыi. У к. XVIII – пач. XIX ст. у сувязі з пашырэннем сельскагаспадарчай і мануфактурнай вытворчасці норма эксплуатацыі прыгонных сялян істотна ўзрасла. Праўда, пры Паўле I памешчыкам надавалася магчымасць абмежаваць паншчыну 3 днямі на тыдзень, або як пры Александры I, наогул, вызвалiць сялян ад прыгону, але памешчыкi не спяшалiся выконваць просьбы i парады манархаў. Ды і сам імператар не быў у гэтым пытанні паслядоўным, калі даў дазвол на заснаванне, у тым ліку, у Віцебскай і Магілёўскай губернях, так званых ваенных пасяленняў. У выніку спроба ўрада ўмацаваць абароназдольнасць краіны за кошт прыгонных сялян, якія былі вымушаны спалучаць прыгон з вайсковай службай, толькі пагоршыла іх цяжкое становішча. Пэўныя змены адчула мяшчанскае саслоўе Беларусі. Па-першае, магдэбургскае права перастала існаваць, а разам з ім – і пэўная незалежнасць ад дзяржавы. Па-другое, паводле расійскага заканадаўства, асноўнымі населенымі пунктамі краіны прызнаваліся горад і сяло (вёска), але ніяк не мястэчкі, таму на Беларусі буйнейшыя з іх былі аднесены да гарадоў, а астатнім надаваўся статус сяла. Пры гэтым іх жыхары, акрамя шляхты і духавенства, маглі быць залічаны ў прыгонны стан. Але трапіўшы ў новыя ўмовы развіцця мястэчкі не заняпалі, а ў сваім развіцці нават прасунуліся наперад, аб чым сведчыць ператварэнне асобных з іх (Бешанковічы, Зельва, Свіслач, Це-ляханы, Шклоў) у вядомыя цэнтры гандлю, дзе існавалі не толькі рынкі, а і кірмашы. Шэраг прыватных гарадоў і мястэчак, якія зрабіліся адміністрацыйнымі цэнтрамі, былі выкуплены ўрадам, у тым ліку Ашмяны (1843), Слуцк (1846). А Друя, Сянно і Нясвіж заставаліся ў прыватнай уласнасці магнатаў да 50-х гг. ХІХ ст. Расійскі ўрад не быў паслядоўным у вызначэнні статусу беларускіх гарадоў: Браслаў, Брэст, Мсціслаў і Навагрудак зрабіліся павятовымі цэнтрамі. Полацк і Слонім ў пачатку ХІХ ст. знізілі статус губернскіх гарадоў на павятовыя. Да канца 30-х гг. XIX ст. на Беларусі налічвалася 43 гарады, па нацыянальнай прыкмеце – польскія, яўрэйскія, рускія, але ніяк не беларускія. Нарэшце, у адпаведнасці з “Граматай на правы і прывілеі гарадам Расійскай імперыі” (1785), у горадзе ствараліся выбарныя органы кіравання: распарадчы – гарадская дума і выканаўчы – шасцігласная дума, у якую выбіраліся прадстаўнікі (“гласныя”) ад кожнага з 6 разрадаў: “ганаровых грамадзян”, “купцоў”, “іншагародніх і замежных гасцей”, “цэхавых”, “абывацеляў” і “пасадскіх”. Пры гэтым, ва ўсіх гарадах зніклі юрыдыкі, і ўсе гараджане падпарадкоўваліся адзінаму заканадаўству. Агульны нагляд за жыццём гарадоў здзяйснялі царскія чыноўнікі – граданачальнікі і паліцмайстры. Асноўнымі катэгорыямі гараджан былі купцы і мяшчане. Купцы не падлягалі рэкруцкаму набору, плацілі падатак у залежнасці ад абвешчанага капіталу і аб'ядноўваліся ў гільдыі (першую, другую і трэцюю). Мяшчане выконвалі падушную, рэкруцкую, дарожную, пастойную і інш. павіннасці. Характэрным напрамкам палітыкі царскага ўрада на беларускіх і іншых землях былой РП з'яўляляўся нацыянальна-рэлігійны і сацыяльна-палітычны прыгнёт яўрэйскага насельніцтва. Указам Кацярыны ІІ ад 23 чэрвеня 1794 г. была ўсталявана так званая мяжа яўрэйскай аселасці, у адпаведнасці з якой яўрэям забаранялася выязджаць у вялікарускія губерні. Ім жа забаранялася жыць у вёсках, валодаць зямлёй і займацца земляробствам. Яны былі абавязаны выселіцца ў гарады і мястэчкі, згуртавацца ў адмысловую абшчыну – кагал (існаваў да 1844 г.) і забяспечваць сваё існаванне ва ўмовах жорскага падатковага і паліцэйскага прэсу. Тыя з яўрэяў, хто жадаў запісацца ў мяшчане або купцы, мусіў плаціць за дазвол двайную цану. Але нават ва ўмовах жорсткай дыскрымінацыі ім удавалася пацясніць сваіх канкурэнтаў-іншаверцаў. Так, калі ў 1803 г. у Мін-скай губерні купцоў-хрысціян налічвалася 297, а купцоў яўрэяў – 248, то ў 1857 г., адпаведна 319 і 2 627. У гарадской эканомiцы захавалася цэхавая арганiзацыя. Рамесная вытворчасць значна пераўзыходзiла мануфактурную. Прычым, вотчынныя мануфактуры ўсё яшчэ значна перабольшвалi колькасць купецкiх (буржуазных) Шырокае выкарыстанне працы прыгонных сялян на вотчынных прадпрыемствах складалi моцную канкурэнцыю купецкiм. Таму попыт на рабочую сiлу гарадскiх i местачковых рабочых, у сваёй масе - яўрэяў, быў нiзкiм. Адсюль i суцэльнае панаванне ў беларускiх гарадах яўрэйскiх рамеснiкаў, саматужнiкаў, купцоў, асоб “вольных” i iншых прафесiй, што давала шанец яўрэям выжыць Новае ў аблiччы беларускiх гарадоў выявiлася таксама ў тым, што сюды ўзмацнiўся прыток рускага чыноўнiцтва, дваранства, адстаўнога афiцэрства, праваслаўнага святарства, зацiкаўленых ва ўзбагачэннi. Адным з галоўных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі на Беларусі з'яўлялася ўсталяванне дзейснай падатковай сістэмы. Таму, у прыватнасці, спрыялі гарадская рэформа і “разбор шляхты”. У ліку новых падаткаў уводзіліся падушны і земскі зборы. Рэкруцкая павіннасць заключалася ў адпраўцы на пажыццёвую вайсковую службу здольных да яе маладых людзей. І калі ў самой Расіі колькасць іх на 1000 чал. падатковага насельніцтва складала 6-8, то на Беларусі – удвая больш. У адрозненне ад вялiкарускага падатковага насельнiцтва, мясцовыя сяляне, рамеснiкi i купцы плацiлi падаткi не папяровымi рублямi - асiгнацыямi, а срэбранай манетай, што больш узбагачала царскую казну. Палітыка царскага ўрада на беларускіх землях скіроўвалася на інтэграцыю іх патэнцыялу ў агульнарасійскае эканамічнае, грамадскае, духоўнае і культурнае жыццё, вядома ж, найперш, у інтарэсах пануючага праваслаўна-дваранскага класу. Невыпадкова, значная колькасць шляхты, як польскай, так i беларускай, не пакiдала iдэi адраджэння Рэчы Паспалiтай або ВКЛ. Варта таксама заўважыць, што адносна лiберальная палiтыка Паўла I i Аляксандра I ў адносiнах да тутэйшай шляхты не пазбавiла апошнюю патрыятычных пачуццяў i iмкнення да аднаўлення сваёй дзяржавы, аб чым, у прыватнасцi, cведчаць падзеi 1794 і 1812 года на Беларусi. Аб тым жа сведчыць і той факт, што царызм не шкадаваў сродкаў на ўмацаванне арміі, будаўнiцтва ваенных крэпасцей у Бабруйску, Барысаве, Дынабургу, Мiнску, Рагачове. Можна сказаць, што палiтыка царызму на далучаных землях - гэта палiтыка “бiзуна i пернiка”. Патрабаваннi манархаў да сваiх губернатараў аб ашчадным стаўленні да простага жыхарства – гэта адно, а зусiм iншае – “разбор шляхты”, канфiскацыя яе маёмасцi, уцiск на унiятаў, барацьба супраць жабракоў i бадзяг, лiквiдацыя маг-дэбургскага права i мястэчак, масавая раздача сялян новым гаспадарам увядзеннем падушнага падатку, рэкруцкай i пастойнай павiннасцяў i г. д. Што датычыць працоўнага насельнiцтва, дробнапамеснай шляхты, яўрэйскага жыхарства, то iх становiшча, безумоўна, значна пагоршылася. Інакш не магло і быць, паколькі асноўным прыярытэтам царскай палiтыкi на Беларусi з'яўляўся не дабрабыт насельнiцтва, а iнтарэсы расiйскага дваранства i праваслаўя. 2. Напрыканцы ХVІІІ – пач. ХІХ стагоддзя ўвага міжнароднай супольнасці была прыцягнута не толькі да падзелаў РП, але і да імклівага росту магутнасці Францыі на чале з Напалеонам Банапартам. Заснавальнік новай імператарскай дынастыі і таленавіты ваеначальнiк Напалеон І здолеў падпарадкаваць сабе ўсю Заходнюю Еўропу, за выключэннем Англii. Паводле Тыльзіцкага міру (1807) Францыя ў абмен на ўдзел Расіі ў блакадзе англічан перадала ёй Беласточчыну. З польскіх зямель, адваяваных у Прусiі, па загаду Напалеона было створана падпарадкаванае яму Варшаўскае герцагства на чале з саксонскім каралём Фрыдрыхам Аўгустам. Пасля вызвалення польскіх зямель з-пад аўстрыйскай акупацыі тэрыторыя герцагства ўзрасла са 103 да 155 тыс. км², а насельніцтва з 2, 6 да 4, 3 млн чал., а само яно ператварылася ў плацдарм для падрыхтоўкi нападу на Расiю. На гэты шлях Напалеона штурхала польская шляхта, спадзеючыся на аднаўленне РП. У складзе французскай армii палякi сфармiравалi цэлы корпус (60–70 тыс. чал.) на чале з генералам Юзафам Панятоўскiм. Ваяўнічыя настроi шляхты Герцагства Варшаўскага падзялялі Пацы, Радзiвiлы, Сапегі, якія пражывалі на Беларусі. Са свайго боку Аляксандр І быў прыхільнікам дыпламатычнага шляху вырашэння ўсіх спрэчных пытанняў. Але сумесныя расiйска-французскiя перагаворы не здолелi прадухiлiць наспелага ваеннага сутыкнення. Напалеон здолеў сканцэнтраваць на мяжы з Расіяй 600-тысячнае войска, у якое, акрамя французаў, мабілізаваў салдат з заваяваных ім краін. 10 чэрвеня 1812 г. Францыя аб'явiла вайну Расii, 12 чэрвеня яе армiя ў колькасцi 300 тыс. чал. фарсiравала Неман ў раёне Коўна. Ужо 16 чэрвеня ёю без бою была захоплена Вiльня, праз 10 дзён – Мiнск. Напрамкi магчымага наступлення заваёўнікаў прыкрывалiся трыма рускiмi армiямi. У іх ліку I армiя (120 тыс. чал.) на чале з генералам Барклаем дэ Толi, якая размяшчалася ў Літве; II армiя (каля 50 тыс. чал.) на чале з генералам Баграцiёнам – на Беларусі; ІІІ армiя (44 тыс. чал.) на чале з генералам Тармасавым – на Валыні (Украіна). Звычайна Напалеон iмкнуўся разбiць варожыя сiлы ў адной, генеральнай або ў некалькiх бiтвах, а затым прад'явіць варагуючаму боку свае ўмовы міру. У выпадку з Расіяй гэтая добра апрабаваная тактыка сябе не апраўдала, бо рускія арміі адступалі ўглыб краіны. Летам да іх далучылася каля 14700 рэкрутаў з Беларусi. На яе тэрыторыi моцныя ар'ергардныя баi адбылiся пад Клясцiцамi, Мiрам, Салтанаўкай. 4-5 жнiўня пад Смаленскам Напалеон выйграў першую буйную бiтву, але войскі рускiх яшчэ ўяўлялі грозную сілу. Іх баявы дух значна ўзрос, калі вярхоўным галоўнакамандуючым быў прызначаны генерал М. I. Кутузаў. 26 жнiўня 1812 г. адбылася генеральная бітва пад Барадзiно з удзелам 134 тыс. французскіх і 155 тыс. рускiх салдат і афіцэраў. Абодва бакі панеслі велізарныя страты, адпаведна, каля 50 тыс забiтых i параненых французаў, – 46 тыс. рускiх. Гэта была першая бiтва, у якой Напалеон не перамог, але наступальная ініцыятыва заставалася за ім. Рада рускага камандавання, якая адбылася ў сяле Філі, прыняла нялёгкае рашэнне адступіць і здаць ворагу старажытную сталіцу без бою. “Страта Масквы яшчэ не азначае страты Расii” – сказаў М. I. Кутузаў і аддаў загад адвесці войскі ў раён вёскі Таруціна. 2 верасня пачалася французская акупацыя амаль пазбаўленай жыхароў і спаленай Масквы. Між тым, на акупіраванай тэрыторыі Беларусі французы ў кантакце з мясцовай шляхтай паспрабавалі ўсталяваць пэўныя ўладныя структуры. Яшчэ ў чэрвені, жыхары Вільні сустракалi Напалеона як вызвалiцеля. За яго абяцанне аднавiць ВКЛ шляхта абавязалася сфармiраваць 100-тысячнае войска, а таксама забяспечваць французаў прадуктамі i фуражом. 1 лiпеня быў абвешчаны загад аб стварэннi ў Вільні Часовага ўрада ВКЛ (на чале маршалкам Солтанам) з падуладнымі яму Вiленскай, Гродзенскай і Мiнcкай губернямі, а таксама Беластоцкай вобласцi. Неўзабаве тут адбыўся адмiнiстрацыйны падзел паводле французскага узору на дэпартаменты, дыстрыкты, кантоны. У гарадах ствараліся мунiцыпалiтэты, у весках — самакiраваннi. Функцыi палiтычнага кiраўнiка ўрада ўскладалiся на iмперскага камiсара Бiньёна. Ваенная ўлада (а са жнiўня – старшынства ў Часовым ўрадзе) ускладалася на генерал-губернатара Лiтвы Гогендорпа. Яму ж падпарадкоўвалiся губернатары з лiку французскiх генералаў: Лебрэн (Гродзенская губ.), генерал Бранiкоўскi (Мiнcкая губ.). Агульнае ж кiраўнiцва ад iмя Напалеона ўскладалася на мiнiстра замежных спраў Марэ. У лiпенi вайсковая камiсiя Часовага ўрада на чале з А.Сапегам прыступiла да стварэння мясцовых узброеных сiл. На фармiраванне 5 палкоў пяхоты i 4 палкоў кавалерыi Напалеон загадаў выдаткаваць 500 тыс. франкаў. Пяхота фармiравалася з рэкрутаў, а шляхта забяспечвала iх адзеннем i запасам прадуктаў. З цягам часу у войску ВКЛ было сабрана каля 15 тыс. пяхоты і вершнікаў. У склад войска ўвайшоў лёгкі кавалерыйскі полк са шляхецкай i студэнцкай моладзi, артылерыйская батарэя, эскадрон беларускiх татар Ахматовiча. Князь Д. Радзiвiл за свой кошт сфарміраваў полк уланаў у 3 тыс. чалавек. Ён жа быў прызначаны шэфам мясцовых жандараў для падтрымання парадку. У мэтах аховы парадку ў Магілёве быў створаны атрад стражы з 400 чал. Галоўнай задачай акупацыйных (ваенных i грамадзянскiх улад) было харчовае i фуражнае забеспячэнне. З цягам часу рэалiзацыя яе набыла гвалтоўныя рабаўнiцкiя формы. У вынiку шматлiкае гарадское насельнiцва (Вiльнi, Вiцебска) сутыкнулася з голадам. У адказ на злоўжыванні французскiх фуражыраў сяляне сталі брацца за зброю. Асаблiвай актыўнасцю вызначылiся сяляне в. Трасцянкі Iгуменскага павета, якiя стварылi партызанскi атрад i ваявалi супраць ворага, а таксама супраць шляхты, якая яму дапамагала. Такiя ж партызанскiя атрады былi створаны сялянамi вёсак Стараселле, Мажаны, Ясмоны Барысаўскага і Жарцы Полацкага паветаў. Размах дзеянняў партызанскiх атрадаў залежаў ад падзей на фронце, але асоба актыўна яны адбывалiся ў час адступлення французаў. Узяўшы Маскву, Напалеон не дачакаўся прапаноў аб мiры. У той час, як яго армiя галадала і разам з дысцыплінай губляла кіраванне, рускае войска ў Таруцiна папаўнялася сiламi, боезапасамі і прадуктамi. Руская армія не дапусцiла французскага пранiкнення ў паўдневыя раёны краіны, прымушаючы акупантаў адступаць па імі ж разбуранай старой смаленскай дарозе ва ўмовах лютага марозу i голаду. Асобыя часці і групы вайскоўцаў падвяргаліся нападам казацкіх фарміраванняў і партызанскіх атрадаў. Склады харчавання ў Смаленску былі разрабаваны першымі салдатамі, якія дасягнулі горада. Правіянт і фураж, назапашаныя акупантамі і іх наймітамі ў Мінску і Віцебску, былі захоплены войскамі Вітгенштэйна і Чычагава. Асноўныя баi разгарнулiся на тэрыторыi Беларусi. Спроба рускiх палкаводцаў акружыць рэшткi французаў у раене Мiнска i Барысава поўнасцю не ўдалася, але 14-16 лiстапада пры пераправе праз Бярэзiну французаў спасцігла сапраўдная катастрофа, да 30 тысяч чалавек тут знайшлі сабе магілу. 23 лiстапада ў Смаргонi Напалеон пакінуў войскі і з'ехаў у Парыж. Пасля Маладзечна супрацiўленне французаў амаль перапынiлася. Беларускае войска неахвотна замагалася на баку Напалеона. Іх спроба спыніць рускіх пад Слонiмам і Вільняй скончыліся вялікімі для сябе людскімі стратамі. Рэшткi ацалелай беларускай пяхоты адыйшлi разам з Ю. Панятоўскiм у Польшчу i Прусiю. Такім чынам, “Вялікая Французская армія” перастала існаваць. Рускія войскі страцілі каля 200 тыс. салдат і апалчэнцаў. На Беларусі ахвярамі вайны стаў кожны чацвёрты жыхар, асабліва гараджане, колькасць якіх з-за голаду і хвароб зменшылася ўдвая-утрая. Нягледзячы на страты і разбурэнні ў народнай гаспадарцы, царскі ўрад не змяншаў цяжар павіннасцей з сялян. Нямногія з тых, хто вызначыўся ў барацьбе супраць ворага, былі выкуплены ўрадам з прыгону або ўзнагароджаны медалямі. Усе астатнія па-ранейшаму пастаўлялі рэкрутаў, бралі войскі на пастой, плацілі шматлікія падаткі, цяжка працавалі на паноў. Такім чынам, разлік сялян на скасаванне прыгону пасля вайны не спраўдзіўся. У пач. 1813 г. руская армія перайшла дзяржаўную мяжу і рушыла на Захад. Па агульных падліках на студзень 1813 г. Францыя страціла ў Расіі больш за 550 тыс. дасведчаных байцоў, звыш 1200 гармат і амаль усю гвардыю. Але Напалеону ўдалося ізноў сабраць велізарную армію, каб паспрабаваць узяць рэванш за няўдалую кампанію 1812 г. У выніку вайна ў Еўропе набыла яшчэ больш востры характар. Толькі ў канцы сакавіка 1814 г. рускія войскі разам з саюзнікамі ўступілі ў Парыж. Напалеон быў звергнуты і высланы на востраў Эльба ў Міжземным моры. 1 кастрычніка 1814 г. у Вене адкрыўся кангрэс еўрапейскіх манархаў, каб вызначыць пасляваенныя граніцы на карысць саюзнікаў – пераможцаў напалеонаўскай Францыі. Так, паводле падпісанага 9 чэрвеня 1815 г. “Заключнага акту”, Герцагства Варшаўскае пераходзіла да Расii. Хоць Аляксандр I абвяшчаў сябе “каралем польскім”, палякі набывалі так званую “канстытуцыйную хартыю” і разам з ёй істотную аўтаномію (уласны сейм, паліцыю, суд, мову). Кіраванне Царствам Польскім здзяйсняў Адміністрацыйны савет на чале з братам імператара Канстанцінам. Такім чынам, з разгромам напалеонаўскай Францыі другая пасля паўстання Т. Касцюшкі спроба палякаў аднавіць сваю дзяржаўнасць пацярпела няўдачу. Нягледзячы на адносна спрыяльныя для польскай шляхты ўмовы далейшага ўнутрыпалітычнага існавання, у яе асяроддзі ідэя аднаўлення незалежнай, у межах 1772 г. Рэчы Паспалітай па-ранейшаму працягвала дамінаваць. Што датычыць Расіі, то набытыя ёй новыя тэрыторыі і высокі міжнародны аўтарытэт кампенсавалі шматлікія матэрыяльныя страты, панесеныя ў вайне супраць Напалеона. 3. Падзеі, звязаныя з войнамі Напалеона і ўдзеле ў іх шляхты, надалі значны імпульс грамадска-палітычнаму жыццю ў заходняй ускраіне Расійскай імперыі. Адным з цэнтраў яго заставалася Вільня. Няўдалыя спадзяванні мясцовага насельніцтва на адраджэнне ВКЛ і РП не знізілі яго антырасійскіх настрояў. Студэнцтва універсітэта стварала спрыяльнае асяроддзе для фарміравання нацыянальнай самасвядомасці, патрыятызму, вольналюбівых ідэй. У залежнасці ад кола інтарэсаў, якія аб'ядноўвалі маладых людзей, узнікалі таварыствы, як даступныя для ўсіх жадаючых у іх удзельнічаць, так і патаемных (нелегальных). Да першых належала так званае “Таварыства шубраўцаў (гультаеў). Яго сябры ставілі на мэце з дапамогай сатыры змагацца за прыстойнае маральнае чалавека. Таму служыла газета “Ведамасцi брукавыя” (1815-1822), якая карысталася вялікім поспехам у грамадскасці горада. 1 кастрычніка 1817 г. па ініцыятыве А. Міцкевіча, Ф. Малеўскага, А. Петрашкевіча, Ю. Яжоўскага было створана «Таварыства сяброў карыснай забавы”. Пры ўдзеле Я. Чачота і Т. Зана яно было пераўтворана ў «Таварыства філаматаў» (аматары навук; тыя хто імкнецца да ведаў). Паводле статуту з 272 правіл, мэтаю таварыства была самаадукацыя і самаўдасканаленне яго членаў. Яго ўдзельнікі імкнуліся шляхам адукацыi прынесці карысць Айчыне, якой лічылі РП. Філаматы вывучалі працы французскіх асветнікаў, гісторыю і духоўную культуру роднага краю. Філаматы пісалі творы па навуковых праблемах, літаратурныя сачыненні, вялі дыскусіі аб прачытаных кнігах. Пад уплывам прафесара універсітэта І. Лялевеля члены таварыства захапіліся грамадска-палітычнай тэматыкай. Да іх далучыліся будучыя змагары за незалежную РП І. Дамейка, М. Рукевіч і інш. Нягледзячы на нешматлікасць (каля 20 чал.) філаматаў, іх уплыў распаўсюдзіўся на студэнтаў і гімназістаў, а таксама паспрыяў узнікненню новых – легальных і нелегальных –таварыстваў. У 1820 г. па ініцыятыве найбольш актыўных філаматаў – Адама Мiцкевiча, Яна Чачота і Тамаша Зана было створана так званае “Таварыства прамянiстых”, у якое ўвайшло 168 чал. Паводле статуту, яно мусіла клапаціцца аб павышэнні маральнага і інтэлектуальнага ўзроўню студэнтаў, але ўвага да яго з боку гарадской моладзі ўзрасла да такой ступені, што будынак універсітэта стаў для “прамяністых” цесным. У выніку частка іх пасяджэнняў была перанесена за горад, на лона прыроды. І прамяністыя, і іх прыхільнікі карысталіся дасягненнямі народнай культуры, папулярызавалі гістарычнае мінулае і г. д. Такім чынам, іх дзейнасць выйшла далёка за межы універсітэта, што паслужыла фармальнай падставай для яе перапынення кіраўніцтвам універсітэта. Але кіруючае ядро “філаматаў” і “прамянiстых” утварыла новую, на гэта раз тайную суполку – “Таварыства фiларэтаў” (аматараў дабрадзейнасцi) пад старшынствам Т. Зана, якое дзейнічала ва універсітэце з 1820 па 1823 гг. Філарэты выказвалі прыхільнасць ідэі адраджэння РП. На гэтай аснове будавалася ўся іх навукова-асветніцкая праца, прапаганда і агітацыя. У мэтах канспiрацыi таварыства падзялялася на пяць cекцый, якiя ў сваю складаліся з гурткоў. Кола філарэтаў пашыралася за кошт новых членаў, прычым, не толькі студэнтаў, інтэлігентаў, прагрэсіўнай шляхты і інш. Усяго арганізацыя налічвала 200-300 чал. Такія ж таварыствы ўзніклі ў асяроддзі навучэнцаў Віцебска, Полацка і Беластока. Яшчэ ў 1822 г. Аляксандр I выдаў указ аб забароне тайных арганізацый на тэрыторыі Царства Польскага і заходніх губерняў. У чэрвені 1823 г. пад кіраўніцтвам сенатара Навасільцава была створана следчая камісія ў Віленскай навучальнай акрузе. У 1823 г. паліцыя Вільні выявіла дзейнасць тайнай арганізацыі і ў выніку працяглага, больш чым год, следства пад суд трапіла 108 чал., з якіх 20 былі прыгавораны да турэмнага зняволення з далейшай ссылкай (Т. Зан, А. Сузін, Я. Чачот) і высылкі ў глыб Расіі (А. Міцкевіч). Нягледзячы на пэўную нацыянальна-патрыятычную скіраванасць віленскіх тайных таварыстаў, іх дзейнасць уяўляла сабой частку агульнарасійскага руху, скіраванага супраць неабмежаванага самаўладдзя і прыгнёту народу. Так, у асяроддзi рускай элiты, якой з'яўлялася дваранства, узнiк моцны рух за рэфармаванне дзяржаўнага ладу i грамадскага жыцця. У далейшым яго ўдзельнiкi ўвайшлi ў гiсторыю пад назвай “дзекабрыстаў”. На пачатку 1820-х гг. у краiне склалiся два буйнейшыя тайныя таварыствы – Паўночнае ў Пецярбургу на чале з М. Мураўёвым i Паўднёвае – у Тульчыне (Украiна) на чале з П. Пестэлем. Размяшчэнне на тэрыторыi Беларусi расiйскiх ўзброеных сiл (Лiтоўскi корпус) стварала спрыяльную глебу для ўзнiкнення афiцэрскiх тайных суполак, звязаных з Паўночным або Паўднёвым таварыствамi. На Беларусi ў розны час жылi i дзейнiчалi М. Мураўёў, М. Лунiн, Я. Абаленскi i iнш. Планы дзекабрыстаў мала закраналi нацыянальнае пытанне. Так, кiраўнiк Паўднёвага таварыства прытрымлiваўся iдэi непадзельнай Расii. Для Царства Польскага рабiлася пэўнае выключэнне. Каб прыцягнуць польскую шляхту да сумеснай барацьбы, П. Песцель згаджаўся на перадачу РП Вiленскай, Гродзенскай, часткi Мiнскай губерняў. У распрацаванай ім «Русской правде» было запісана, што беларусы не могуць быць самастойнымі, з-за слабасці сваёй ніколі не змогуць стварыць асобных дзяржаў, а таму, маўляў, «усе яны павінны адмовіцца ад права асобнай народнасці”. М. Мураўёў у сваёй “Канстытуцыi” прадугледжваў федэратыўны лад Расii ў складзе асобных тэрыторый па ўзору ЗША. Лiтоўска-беларускiя землi планавалася ўключыць у дзве дзяржавы: Заходнюю (сталiца Вiльня) i Дняпроўскую (сталiца Смаленск). Члены Паўднёвага таварыства С. Мураўёў-Апостал, М. Бястужаў-Румiн i iнш., якiя служылi ў Бабруйску, распрацавалi план дзяржаўнага перавароту. Пачатак яго звязваўся з арыштам Аляксандра I, яго брата Мiкалая i ўсёй свiты ў час меўшага адбыцца наведвання імі бабруйскай крэпасцi. Меркавалася прымусiць цара адрачыся ад трону i прыняць канстытуцыю. Арышт цара павiнен быў зрабiцца сiгналам для выступленняў у Маскве, Пецярбургу i iнш. Але “Бабруйскi план” не знайшоў падтрымкi ў змоўшчыкаў і інспекцыя Аляксандрам I бабруйскай крэпасці 13 верасня 1823 прайшла без эксцэсаў. Свае планы адносна расійскага самаўладдзя будавала і польская шляхта. Так, у 1820-х гадах у Царстве Польскім група афiцэраў стварыла так званае “Патрыятычнае таварыства”, якое мела свой Статут, Цэнтральны камiтэт, а таксама 7 правiнцыяльных аддзелаў, у тым лiку Лiтоўскi з цэнтрам у Вiльнi. Асноўнай мэтай усёй арганiзацыi з'яўлялася адраджэнне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. У Лiтоўскi правiнцыяльны камiтэт уваходзiлi К. Радзiвiл, генерал Вайнiловiч, граф Солтан і інш. Члены таварыства шукалі прыхільнікаў у Лiтоўскiм корпусе, стваралi ар-енал зброi ў Вiльнi, але з-за правалаў у Варшаве былі вымушаны перапыніць сваю дзейнасць. Пасля разгрому паўстання на Сенацкай плошчы 14 снежня 1825 г. следству стала вядома аб кантактах дзекабрыстаў з Патрыятычным таварыствам і асобныя яго члены былі асуджаны. У 1821-1826 гг. у Беластоцкай i Свiслацкай гiмназiях дзейнiчала тайнае таварыства культурна-асветніцкага накірунку “Заране” ў ліку 50 чал. на чале з Ф. Ляховiчам. Яны ставілі на мэце ўдасканаленне сваіх характараў, фармі-раванне грамадскіх густаў, захаванне польскай мовы, што, на іх думку, магло паспрыяць адраджэнню Рэчы Паспалітай. Каб абуджаць патрыятычныя пачуцці, заране насілі прозвішчы славутых суайчыннікаў (Баляслава Харобрага, Стэфана Баторыя, Юзэфа Понятоўскага). У 1825 г. Ф. Ляховіч даведаўся аб існаванні ў Беластоку “Таварыства ваенных сяброў” прыняў рашэнне наладзіць з ім сувязі. Гэтае таварыства ў складзе 45 чал. узнікла па iнiцыятыве былога фiламата М. Рукевiча, і афіцэраў асобага (ці асобнага?)Лiтоўскага корпуса капiтана К. Iгельстрома і паручыка А. Вягелiна. Паводле прынятага статута, мэтаю таварыства абвяшчалася “асвета сябе і іншых, узаемная дапамога і агульнае дабро” і г. д. Наогул, асветніцкі характар арганізацыі значна пераважаў над палітычным. Да восені 1825 г. беластоцкія “Заране” дзейнічалі ў складзе “Таварыства ваенных сяброў”, але затым пакінулі яго. Неўзабаве дзейнасць і беластоцкіх і свіслацкіх заран перапынілася. Адгалоскi паўстання сталічных дзекабрыстаў мелі месца Беласточчыне i ў Бабруйску. Пасля няўдалай спробы сарваць прысягу Мiкалаю I салдат Лiтоўскага пiянернага батальёна 24 снежня 1825 г. у м. Браньск на Беласточчыне былi пакараны кіраўнікі і шэраговыя члены “Таварыства ваенных сяброў” Рукевiч, Вягелiн, Iгельстром. Такім чынам, тайныя таварыствы на Беларусі былі закрыты ўладамі або перасталі існаваць па іншых прычынах. Тыя веды, духоўныя каштоўнасці і ідэі, якія прапагандаваліся філаматамі, філарэтамі, заранамі і інш., спрыялі ўмацаванню польскай нацыянальнай свядомасці і патрыятызму. Наколькі моцнымі былі наступствы дзейнасці таварыстваў, сведчылі падзеі паўстання ў Польшчы, Літве і Беларусі (1830-1831) пад лозунгам адраджэння РП у межах 1772 г. 4. Феадальнае землеўладанне, якое ўсталявалася на тэрыторыі Беларусі яшчэ ў часы ВКЛ і ахоплівала амаль 75% ад усіх зямель, набыло далейшае развіццё ў Расійскай імперыі. Па занятасці насельніцтва і аб'ёму прадукцыі сельская гаспадарка адыгрывала вядучую ролю ў эканоміцы Расіі, у тым ліку і Беларусі. Асноўнымі пастаўшчыкамі хлеба на ўнутраны і знешні рынак з'яўляліся памешчыкі. Ім жа належала асноўная частка ворных зямель з працаваўшымі на іх прыгоннымі сялянамі. Асновай панскай гаспадаркі з'яўлялася ворнае земляробства. Га-лоўную вытворчую сілу складалі прыгонныя, колькасць якіх у 1795 г. дасягала 84,4 % усіх сялян. Пры гэтым у заходніх раёнах больш актыўна выкарыстоўвалася праца парабкаў. Апрацоўка панскіх палёў адбывалася сялянскімі коньмі і інвентаром. У 1840-1850-х гг. у фальварках і маёнтках сталі ўкараняцца новыя метады апрацоўкі глебы, выкарыстоўвацца першыя сельскагаспадарчыя машыны Са збожжавых культур большае распаўсюджанне мела азімае жыта, яравыя ячмень і авёс. З кожнага пасеянага зерня збіралася 3 або 3,5. У канцы ХІХ да традыцыйных тэхнічных культур – лёну і канопляў далучылася бульба. Вытворчасць збожжа набывала таварны характар. Да канца XVIII ст. буйныя гаспадаркі пастаўлялі на рынак каля 75 % жыта, 45-55 % - ячменю, аўса, гароху, бульбы. У сярэдзіне ХІХ ст. пасевы цукровых буракоў ўзраслі да 2400 дзесяцін, а ўраджайнасць узрасла ў 6 разоў. Жывёлагадоўля таксама з'яўлялася важнай галіной сельскай гаспадаркі і доля ў ёй пагалоўя кароў, свіней, авечак, якое належала панам, была даволі значнай. Акрамя мяса-малочнай жывёлагадоўлі, у Мінскай і Гродзенскай губ. пашырылася развядзенне мерыносавых авечак у мэтах вытворчасці і нарыхтоўкі танкаруннай воўны для суконных мануфактур.З-за недахопу сродкаў на пакупку адзення, абутку, прамысловых і харчовых прадуктаў сяляне былі вымушаны разводзіць на ўласным падвор'і адпаведныя культуры (лён, каноплі, тытунь, буракі і інш.) Ураджай збожжавых (сам–2-3) быў горшым, чым у панскай гас-падарцы. Акрамя таго, невялікія памеры зямельных надзелаў (12-15 дзес. – у заходніх паветах Беларусі, і нават 8-12 – у астатніх) пры руціннай тэхніцы і тэхналогіі землеапрацоўкі, высокі ўзровень эксплу-атацыі і іншыя фактары не маглі задаволіць патрэбы вясковых працаў-нікоў у хлебе. Невыпадкова, у другой палове ХІХ ст. найважнейшым харчовым прадуктам сялянскай сям'і зрабілася бульба. Каб знайсці сродкі на падтрыманне жыццядзейнасці сям'і і выплату падаткаў селянін быў вымушаны ў вольны ад сельскагаспадарчых работ час займацца хатнімі (ткацтва, ганчарства, бандарства і інш.) і адхожымі промысламі. Частка памешчыкаў займалася продажам лесу, што патрабавала рабочых рук. Будаўнічыя, дарожныя і іншыя работы з дазволу пана давалі магчымасць сялянам палепшыць стан сваёй гаспадаркі. Памешчыкі прагрэсіўных поглядаў давалі сялянам магчымасць праявіць ініцыятыву ў пошуку заробку і не душылі іх дадатковымі падаткамі. У выніку хатняе рамяство, адхожыя промыслы, сувязь з рынкам давала магчымасць асобным сялянам забыць пра беднасць. Такім чынам, нават у асяроддзі прыгонных сталі з'яўляцца заможныя гаспадары-сяляне, які мелі магчымасць браць у арэнду памешчыцкую або дзяржаўную зямлю, і нават выкарыстоўваць наёмную працу сваіх аднавяскоўцаў. Але ў цэлым па прычыне поўнай залежнасці селяніна ад памешчыкаў яго ўцягненне ў працэс фарміравання капіталістычных адносін адбываўся значна павольней. Узрастанне эксплуатацыі працы парабкаў было звязана з інтэнсіфікацыяй працэсу абеззямельвання прыгонных сялян. Па меры ўцягнення паноў у рынак, доля сялянскіх зямель у іх маёнтках (фальварках) скарацілася з 2/3 да 1/3 і нават менш, а колькасць агароднікаў, халупнікаў і бабылёў, наадварот, стала ўзрастаць. Гэты працэс стаў няспынным і разбуральным у сувязі з павелічэннем памешчыцкай вытворчасці таварнага хлеба, што патрабавала ўключэння ў сева-зварот дадатковых, за кошт сялян, пасяўных плошчаў. Адпаведна ў паноў узрастала патрэба ў павелічэнні адпрацовачнай павіннасці, што выклікала перавод аброчных прыгонных у паншчынныя, і неўзабаве, да сярэдзіны ХІХ ст. іх колькасць узрасла з 77 да 97%. Селянін павінен быў адпраўляць 6 разоў на тыдзень аднаго з членаў сваёй сям'і на панскія палеткі. Захоўваліся ўсе ранейшыя формы павіннасцяў (праца ў маёнтку, аброк і інш.). Асобныя паны пасля сельскагаспадарчых работ адпраўлялі сваіх прыгонных на заробкі ў горад, на будаўніцтва, на рубку і сплаў лесу і г. д. Акрамя павіннасцей на карысць сваіх гаспадароў, сяляне былі абавязаны выплочваць дзяржаве падушны падатак і земскі збор (5-7 руб. з двара), пастаўляць у войска рэкрутаў (1 селяніна з 200 двароў), даваць прытулак і харчаванне прысланым на пастой салдатам, перавозіць ваенныя грузы і інш. Збядненне і разбурэнне сялянскіх гаспадарак вяло да ўзрастання сацыяльнай напружанасці на вёсцы. Так, з 1800 па 1839 г. адбылося 160 выступ-ленняў сялян 200 паселішчаў Беларусі. Пры гэтым у 37 выпадках выкарыстоўваліся войскі. Асноўная маса выступленняў насіла негвалтоўны характар і адбывалася ў форме падачы скаргаў на свавольства памешчыкаў або царскай адміністрацыі, на цяжар павіннасцей і інш. Былі выпадкі, калі сяляне тысячамі ўцякалі ад сваіх гаспадароў у суседнія губерні. Так, у пачатку 1840-х гг. пад уздзеяннем чутак аб магчымасці пазбавіцца ад прыгону сяляне цэлымі вёскамі рухаліся на неабжытыя землі Крыму, Бесарабіі, на Каўказ. Царскім войскам даводзілася выкарыстоўваць цялесныя пакаранні ўцекачоў. У 1847 г. сяляне Віцебскай губерні, паддаўшыся чуткам аб вызваленні ад прыгону будаўнікоў Мікалаеўскай чыгункі, тысячамі рушылі ў раён Пецярбурга. Для спынення стыхійнага руху і пакарання яго ўдзельнікаў былі выкліканы войскі. У выніку звыш 4 тыс. сялян былі высечаны розгамі, а звыш 100 асуджана ваенна-палявым судом да турэмнага зняволення. Прыкметай узнікнення новых, капіталістычных адносін можа лічыцца павелічэнне долі вольнанаёмных рабочых. Але ўладальнікамі мануфактур, як правіла, з'яўляліся памешчыкі. Значны прыбытак панам давала вінакурства, прадукцыя якога на 90% спажывалася на ўнутраным рынку. Акрамя бровараў, занятых вытворчасцю гарэлкі, у маёнтках засноўваліся ткацкія, шкляныя і іншыя прадпрыемствы, на якіх выкарыстоўвалася праца прыгонных сялян. З 1796 па 1860 г. на Беларусі іх колькасць узрасла з 51 да 70, а іх валавая прадукцыя - у 2,1 раза. Колькасць фабрык таксама павялічылася з 2 да 12 пры ўзрастанні валавой прадукцыі ў 5,6 раза, але сярод рабочых былі як вольнанаёмныя, так і прыгонныя. Тым не менш выкарыстанне паравых рухавікоў і наёмнай працы ў панскай гаспадарцы сведчыў аб пачатку фарміравання капіталістычнага ўкладу ў нетрах феадалізму. У гэты час наёмная праца толькі спадарожнічала прыгоннай. Да часу купецкая (капіталістычная) мануфактура, размешчаная ў горадзе, не магла канкурыраваць з вотчыннай, якія існавалі ў маёнтках паноў-прадпрымальнікаў. На прадпрыемствах скарыстоўвалася як паншчынная праца прыгонных, так і наёмная праца (сваіх сялян і пабочных асоб). У першай палове ХІХ ст. у выніку адмысловай палітыкі царызма ў дачыненні яўрэяў насельніцтва беларускіх гарадоў і мястэчак узрасло ў 4 разы і дасягнула 320 тыс. чал. Вялікая колькасць таннай рабочай сілы стымулявала павелічэнне колькасці рамесных майстэрань і мануфактур, актывізавала гандлёвыя сувязі паміж горадам і вёскай. Характэрна, што ў гэты час беларускія рамяство і гандаль пачалі імкліва выцясняцца яўрэйскім. У гарадах з'явіўся штодзённы лавачны гандаль харчовымі прадуктамі і прамысловымі таварамі, а таксама ўтвараліся штотыднёвыя кірмашы. Прадукты сельскай гаспадаркі, а таксама лён, пянька, лес з'яўляліся асноўным таварам, які вывозіўся купцамі за межы Беларусі. Такім чынам, умовы рынку выводзяць на першыя ролi ў гаспадарчым жыццi тых, хто меў грошы, але не схаваныя ў куфэрак або скарбонку, а змешчаныя ў банк пад пэўны працэнт прыбытку або ў вытворчасць і продаж пэўнай прадукцыі. Уладальнiкi банкаў, як правiла, былыя купцы, крэдытавалі тых, хто гарантаваў вяртанне пазыкі з працэнтамi. У лiку апошніх была частка памешчыкаў, якiя iмкнулiся пераўтварэння сваіх натуральных гаспадарак у таварныя. Тыя з іх, якiя патрацiлi грошы на мадэрнiзацыю гаспадаркi, мелi шанец атрымаць прыбытак i надалей павялічваць абаротныя сродкі. Такім чынам, капiтал гэта – каштоўнасць (грошы, аблігацыі, акцыі), якая не спажываецца, не трацiцца, а шляхам абарачэння прыносiць прыбытак у тым цi iншым эквiваленце. Больш актыўна капітал дзейнiчае ў галiне прамысловасцi, там, дзе ёсць прадпрыймальнiкi i рынак наёмнай рабочай сiлы, дзе памiж работадаўцамi i работнiкамi існуе эканамiчная зацікаўленасць. Нягледзячы на розную колькасць даходу, атрыманага прадпрымальнікам і наёмным рабочым у выніку сумеснай вытворчай дзейнасці, новая сістэма з'яўлялася больш прагрэсіўнай у параўнанні з феадальна-прыгонніцкай. Царскі ўрад усведамляў важнасць удасканалення гаспадарчага і сацыяльнага становішча сялян. Так, мiнiстр дзяржаўных маёмасцяў П. Кiсялёў выказаў клопат аб тых беларускіх сялянах, якія належалі казне. У вынiку у 1839 г. выйшла распрацаванае ім “Палажэнне аб кiраваннi дзяржаўнымi маёнткамi ў заходнiх губернях i Беластоцкай вобласцi”, паводле якой стваралася ўстойлівая сістэма кіравання дзяржаўнымі сялянамі. Па-другое, у адпаведнасці з “люстрацыяй (апісаннем) дзяржаўных уладанняў” з 1844 г. сяляне пераводзіліся з паншчыны на аброк, для іх усталёўваўся сярэдні памер зямельнага надзелу і ўчастка лесу, засноўваліся бальніцы і хлебныя склады. Па-трэцяе, арандатары не мелі права чыніць суд над дзяржаўнымі сялянамі. Такім чынам, становішча апошніх мусіла палепшыцца. Што датычыць становішча прыватнаўласніцкіх сялян, то аб іх лёсе павінны былі паклапаціцца іх непасрэдныя гаспадары. Для пачатку памешчыкам было пастаўлена ў абавязак скласці інвентары – гаспадарчыя апісанні сваіх маёнткаў. У 1840 г. Камітэт па справах заходніх губерняў прыступіўся да выпрацоўкі ўмоў рэформы, якая прадугледжвала памер сялянскіх надзелаў і аб'ём павіннасцей. На падставе закона ад 15 красавіка 1844 г. ажыццяўленне рэформы пачалося пры ўдзеле інвентарных камітэтаў і да 1848 г. абавязковыя нормы (інвентары) былі ўведзены ва ўсіх памешчыцкіх маёнтках Беларусі (за выключэннем яе усходніх губерняў). У 1855 г. Дзяржаўны Савет пастанавiў, каб памешчык вылучыў на кожную рэвiзскую душу па 3,75 дзесяцiны зямлi. Памер паншчыны з цяглага двара вызначаўся 3 мужчынскiмi i 3 жаночымi днямi на тыдзень. Усе іншыя адпрацоўкi скасоўвалiся. Тым не менш, новыя правiлы ўводзiлiся толькi ў дзесятай частцы ўсiх памешчыцкіх маёнткаў, ды і то вялікай карысці сялянам не прыносілі. Памешчыкі непрыхільна сустрэлі рэформу, яе ажыццяўленне зацягнулася да 1857 г. і фактычна не закранула асноў феадальнай сістэмы.
5. На месцах частка памешчыкаў пачынала ўсведамляць, што існаваўшая прыгонніцка-паншчынная сістэма гаспадарання з'яўляецца перашкодай. Яны лічылі, што экстэнсіўныя метады гаспадарання (пашырэнне пасяўных плошчаў, у тым ліку за кошт абшчынных, павелічэнне падаткаў і павіннасцей) сітуацыі не палепшаць, што патрэбны іншыя спосабы развіцця эканомікі, найперш, па заходнееўрапейскаму тыпу, калі адбываецца выкарыстанне зацікаўленых у выніках сваёй працы наёмных рабочых, новых агратэхналогіі і машын. У мэтах пошуку і прапаганды прагрэсіўных спосабаў гаспадарання асобныя памешчыкі аб'ядналіся ў Беларускае вольнае эканамічнае таварыства. Але аднаго жадання асобных, нават перадавых памешчыкаў, якія станавіліся на шлях капіталістычных метадаў гаспадарання, было мала. Агульныя тэндэнцыі развіцця сельскай гаспадаркі абумоўлівала буйное землеўладанне. Вялікая колькасць прыгоннага сялянства дазваляла весці гаспадарку па-старому, не баючыся разарэння. У 1859 г. на Беларусі 4,4 % шляхты валодалі 44, 2 % ад усёй панскай зямлі. Сярэдняя шляхта (23, 3 % ад агульнай колькасці), якой належала па 100 - 500 душ прыгонных, мела 39 % зямлі; ва ўласнасці дробнай шляхты з колькасцю прыгонных менш за 100 душ) – знаходзілася 16,8% панскіх зямель. Найбольш цяжкое становішча адчувалі сяляне дробнай шляхты, якая не мела іншых спосабаў павысіць таварнасць сваіх гаспадарак, акрамя ўмацавання падатковага і адпрацовачнага прыгнёту сваіх прыгонных, а таксама скарачэння іх зямельных надзелаў. Невыпадкова, у другой палове 50-х гг. XIX ст. у маёнтках Беларусі было звыш 200 тыс. беззямельных сялян-бабылёў і агароднікаў. Удзельная вага прыгонных сялян за палову стагоддзя скарацілася з 84,8 да 70, 9 % і працягвала скарачацца далей. Да канца 1850-х гг. адсталасць пануючых феадальна-прыгонніцкіх адносін адмоўна адбілася на скарачэнні пасеваў збожжа ў 1,4 раза, зніжэнні агульнай ўраджайнасці збожжавых культур (да сам–2,8). Так, калі ў першым дзесяцігоддзі XIX ст. іх збор дасягаў 16 млн чвэртак (1 чвэртка = 209,91 літра), то ў канцы 1850-х - 9 млн чвэртак. Да сярэдзіны ХІХ ст. прыкметы крызісу феадальна-прыгонніцкай сістэмы выявіліся ў скарачэнні прыросту насельніцтва вёскі, зніжэнні прадукцыйнасці працы, павышэнні сацыяльнай напружанасці на вёсцы. Памешчыцкiя гаспадаркі, заснаваныя на бясплатнай працы прыгонных, вялiкага прыбытку не давалі, траплялі ў залежнасць ад крэдытораў і разбураліся. Для памешчыкаў iснавалі два спосабы палепшыць свае справы – павялiчыць падаткi і паншчыну; пашырыць сваю пасяўную плошчу за кошт сялянскіх надзелаў або зацікавіць сваіх прыгонных у выніках іх працы. Часцей ажыццяўляўся першы спосаб. У вынiку падрывалася сама феадальна-прыгонніцкая сiстэма. Такім чынам, феадальна-прыгонніцкія адносіны, якія да гэтага часу панавалі ў эканоміцы і сацыяльным жыцці Расійскай імперыі, набылі прыкметы разлажэння. Разам з тым у іх нетрах сталі з'яўляцца парасткі новага, больш прагрэсіўнага капіталістычнага укладу, заснаванага на эксплуатацыі працы вольнанаёмных рабочых як у горадзе, так і вёсцы, актывізацыі ўнутранага і знешняга рынку, росце таварнасці сельскай гаспадаркі. І перадавой грамадскасці, і уладам было відавочна, што прыгоннае права ператварылася ў сапраўдны тормаз на шляху развіцця краіны. У Бельгii i Англii ўжо будавалася метро, а ў Расii толькi праектавалася чыгунка. Нарэшце, няздольнасць рускiх паруснiкаў процiстаяць англа-французскiм параходам, агульная тэхнiчная адсталасць абумовiла катастрафiчны для Расii ход Крымскай вайны. Такiм чынам, наспела патрэба ў лiквiдацыi прыгоннага права i ператварэння сялян у свабодных вытворцаў. Вiдавочна, што гэтая неабходнасць узмацнялася патрэбай карэннага рэфармавання сацыяльна-эканамічнага жыцця ўсё Расii, каб назаўсёды не застацца на задворках Еўропы. Якім мог быць шлях выхаду з гэтага крызісу – рэфармацыйным або рэвалюцыйным – у многім залежала ад новага цара – Аляксандра ІІ.
Лекцыя 8. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў складзе Расійскай імперыі ў другой палове ХІХ ст. Пытанні 1. Скасаванне прыгоннага права. Шляхі развіцця капіталістычных адносін. 2. Прамысловы пераварот на Беларусі і яго асаблівасці. Месца эканомікі Беларусі ў агульнарасійскім рынку. 3. Сацыяльная палітыка самадзяржаўя 4. Фарміраванне пралетарыяту і буржуазіі. Узнікненне індустры- яльнага грамадства
1. У ХІХ стагоддзі патрэбу ў скасаванні прыгону ўсведамлялі не толькі прагрэсіўныя дваране і разначынцы, але і самі расійскія манархі. Поўнае юрыдычнае бяспраўе рускага селяніна, яго фактычнае рабскае становішча, гвалт і здзек над ім гаспадара і г. д. выклікала крытыку ўсёй заходнееўрапейскай цывілізацыі. Як вобразна казаў шэф жандараў граф Бенкендорф, прыгоннае права з'яўлялася парахавым пограбам пад дзяржавай, маючы на ўвазе магчымасць новага сялянскага паўстання. Тым не менш Павел І, Аляксандр І і Мікалай І як выразнікі волі памешчыкаў абмежаваліся касметычным рамонтам прыгонніцкай сістэмы замест таго, каб зламаць яе. Шэраг канкрэтных захадаў у гэтым напрамку стаў магчымым з прыходам на трон Аляксандра II (1855-1881) – чалавека еўрапейскай адукацыі і лiберальных поглядаў. У сакавiку 1856 г. ён выступiў перад маскоўскiм дваранствам з прапановай аб скасаваннi прыгоннага права. Асноўныя спрэчкi павялiся адносна спосабаў вызвалення сялян – з зямлёй цi без яе. Важнае месца ў спрэчках займалі пытанні – ад чыйго iмя, калi i дзе пачынаць рэформу. Напярэдаднi сялянскай рэформы цар цесна супрацоўнiчаў з вiленскiм генерал-губернатарам У. Назiмавым. Створаны ў 1857 г. Сакрэтны камiтэт «для обсуждения мер по устройству быта помещичьих крестьян» вырашыў распачаць яе менавiта тут, у Заходнiм краi таму, што, па-першае, праведзеная тут iнвентарная рэформа пэўным чынам падрыхтавала адпаведную глебу; па-другое, пачатак рэформы мог зменшыць уздзеянне польскага нацыянальна-вызваленчага руху на беларускiх сялян; нарэшце, менавiта мясцовыя памешчыкi раней за ўсiх распрацавалi праекты рэформы. Да гэтага часу на Беларусі пражывала каля 3,3 млн чал., з якіх да 90% з'яўляліся сялянамі. Вядома ж мясцовыя памешчыкі праз праз створаныя ў лiстападзе 1857 г. з дазволу цара губернскiя камiтэты (20 чал.) уключыліся ў падрыхтоўку па скасаванні прыгону. Пры гэтым Вiленскi, Гродзенскi, Ковенскi камiтэты выказалiся за вызваленне сялян без зямлi. Зразумела, што там, дзе землi былi лепшымi i яны давалi большы прыбытак, памешчыкi iмкнулiся захаваць іх за сабой. Калі царскія ўлады прызналі неабходным вызваленне сялян менавiта з зямлёй, адразу ж узнiкла тэндэнцыя да згону сялян на горшую зямлю, пераводу іх у стан дваровых, агароднікаў, кутнікаў. Так, прыкладна 30% прыгонных сялян з'яўляліся дваровымі і пры ўмове вызвалення із без зямлі гублялі сродкі да існавання. Нарэшце, 19 лютага 1861 г. закон аб скасаваннi прыгоннага права быў надрукаваны ў выглядзе Манiфеста i “Палажэнняў 19 лютага”, дзе асвятлялiся ўсе правы i абавязкi сялян. У манiфесце асобна падкрэслiвалася, што адмена прыгоннага права адбылася па iнiцыятыве “высакароднага дваранства”. Тут жа ўказвалася, што на працягу 2 год (да 1863) сяляне павiнны былi выконваць асноўныя павiннасцi на карысць паноў, каб даць iм магчымасць кампенсаваць страту работнікаў i часткi маёмасцi. У агульных палажэннях указвалася сiстэма кiравання вёскай, збору падаткаў, адносiн сялян з уладамi. Аграрная рэформа адбывалася на аснове 17 заканадаўчых актаў, агульных i мясцовых палажэнняў i правiлаў, апублiкаваных у сакавiку-траўні 1861 г. Паводле Агульнага палажэння, уласнiкам зямлi заставаўся памешчык i частка яе адводзiлася для надзялення сялянства, але за выкуп. На працягу 10 год селянiн абавязаўся апрацоўваць свой надзел i, акрамя таго, выконваць пэўныя павiннасцi на карысць пана: у Вiцебскай i Магiлёўскай губ. - 40 мужчынскiх i 30 жаночых дзён у год або 8 рублёў чыншу. Да часу поўнага выкупу яны лiчылiся часова абавязанымi i маглi пакiнуць пана толькi з яго дазволу. У Магiлёўскай i Вiцебскай губернях памер надзелаў вагаўся ад 4 да 5 дзесяцiн (па вышэйшай норме) на 1 душу да 2-1 (па нiжэйшай норме) дзесяцін. У выніку ў адной сялянскай гаспадарцы было 7-12 дзесяцін зямлі, конь або два валы. Тут жа захоўвалася абшчыннае землекарыстанне i “кругавая парука”. У Мiнскай, Вiленскай i Гродзенскай, дзе пераважала падворнае землекарыстанне, зямля (10-12 дес.) засталася за сялянамi, хаця памешчык меў права абрэзаць iх надзелы, калi зямлі ў яго заставалася менш, чым раней. Павiннасцi скарачалiся на 10% – не болей 3 руб. чыншу і 23 дзён адпрацоўкi з дзесяцiны. Уводзілася калектыўная адказнасць, так званая, “кругавая парука” для выплаты дзяржпадаткаў i падушнай подацi. Лес пераходзiў ва ўласнасць пана; выганы, сенажаць, паша – заставалася у агульным карыстанні. Выкупная сума вызначалася праз шасціпрацэнтную капiталiзацыю гадавога чыншу. Калi чынш з сялянскага надзела за год складаў 6 руб. у год, то агульная сума, якую селялiну трэба было заплацiць, складала 100 рублёў (6 р. – 6%, 100 р. – 100%). Калi селянiн атрымоўваў поўны надзел, то мусiў адразу выплацiць 25%, калi няпоўны, то 20%. Астатняе плацiла дзяржава, а выкупныя плацяжы збіралася спагнаць на працягу 49 гадоў па цэнам, часам утрая вышэй за рынкавыя. Рэакцыя сялян Беларусі на “Маніфест” і “Палажэнні 19 лютага”, як і паўсюдна ў краіне, была адмоўнай, галоўным чынам, з-за выкупных плацяжоў на зямлю. Атрыманая свабода без зямлі імі не ўспрымалася як вышэйшая каштоўнасць. Яны былі схільныя верыць чуткам, што сапраўдную свабоду ад іх схавалі. На глебе агульнага незадавальнення ўмовамі вызвалення ад прыгону да ліпеня 1861 г. на Беларусi адбылося 370 выступленняў. Шляхі развіцця капіталістычных адносін у аграрным сектары. Ліквідацыя прыгоннага права нанесла магутны ўдар на феадальнай сістэме, але не знішчыла яе да канца, паколькі непахісным заставался яе аснова – памешчыцкае землеўладанне. Сялянам належала толькі 33, 4% зямель, прычым, не ў якасці прыватнай уласнасці, а на ўмовах абшчыннага ці надзельнага карыстання да яе поўнага выкупу. Па сутнасці, у тых умовах развіццё капіталістычных адносін на вёсцы павінна было пайсці не па амерыканскім (прыватная уласнасць на зямлю, магчымасць наёмнай працы, фермерская гаспадарка), а прускім (абшчыннае ці цямельнае карыстанне, феадальныя перажыткі) шляху. Пасля скасавання прыгону i аграрнай рэформы сялянства некаторы час заставалася ў становiшчы часоваабавязаных i выконвалi тыя ж павiннасцi, што i раней. Пры гэтым больш заможная яго частка працавала на пана, скарыстоўваючы ўласны iнвентар i рабочую жывёлу. Тыя хто не меў сельскагаспадарчых прылад працы, выконвалi працу на млынах, у панскiм двары i г.д. Незацiкаўленасць сялян у вынiках сваёй працы, нiзкая культура землеапрацоўкi не спрыялі ўздыму памешчыцкiх гаспадарак. Тыя з паноў, хто не здолеў прыстасавацца да новых ўмоў, паступова трапляў у залежнасць ад банкаў, прадаваў зямельныя ўчасткi, у тым лiку заможным сялянам. У памешчыцкiх маёнтках назiралiся 2 сiстэмы гаспадарання – адпрацовачная i капiталiстычная (з выкарыстаннем наёмнай – гадавой i падзённай працы і панскага iнвентару). Гэта былi гаспадаркi з высокай канкурэнтаздольнасцю i з'арыентаваныя на рынак. У канцы 70- х – пачатку 80 гг. ХІХ ст. з-за паступлення з Заходнюю Еўропу вялікіх партый збожжа з Паўночнай i Паўднёвай Амерыкі цэны на яго істотна знізіліся. Гэта стала прычынай пераарыентацыi памешчыцкiх гаспадарак Беларусі на малочную жывёлагадоўлю. Такiм чынам, з'явiлася малочна-таварная спецыялiзацыя, а разам з ёй – новыя пароды жывёл, павелічэнне пагалоўя ў 2 разы i больш. Другiм напрамкам развiцця панcкiх гаспадарак стала пашырэнне плошчаў бульбы i выраб з яе спiрту. Калі ў канцы ХIХ cт. на Беларусi дзейнiчала 404 вiнакурнi (бровары), то на пач. ХХ ст. – больш за 500. З iншых спецыялiзацый варта адзначыць iльнаводства (Вiцебскай i Вiленскай губ, а таксама (на некаторы час) авечкагадоўля - на Гродзеншчыне i Мiншчыне. Беларускія памешчыкі лепш за суседзяў прыстасоўваліся да рыначных умоў. Па-ранейшаму, агульная эканамічная тэндэнцыя развіцця іх гаспадарак – арыентацыя на рынак, пашырэнне вытворчасці і яе спецыялізацыя. У ліку ўзорных памешчыцкіх гаспадарак капіталістычнага тыпу канца ХІХ-пачатку ХХ стст. называліся маёнткі Г. Э. Чапскага, Л. Ф. Наркевіча-Іодкі, К. І. Свяціцкага, О. Ю. Свіды, Р. А. Скірмунта, Б. К. Залескага, М. В. Ястржэмб-кага, С. А., П. С. і П. Л. Ваньковічаў. Аграрная рэформа 1861 года не зняла сацыяльнай напружанасцi на вёсцы. 1 сакавіка 1863 г. царскі ўрад, усведамляючы небяспеку пашырэння сацыяльнай базы паўстання К. Каліноўскага, выдаў указ аб лiквiдацыi становiшча “часоваабавязаных”, са знiжэннем выкупных плацяжоў на 20%. У жнiўнi 1863 г. беларускаму сялянству вярнулi землi, страчаныя iм да рэформы. Гэтая акцыя не знiшчыла сялянскае малазямелле, а разам з ім праблему занятасці. Так, да канца ХІХ ст. у 5 заходнiх беларускіх губернях налiчвалася 182, 2 тыс. парабкаў, з якiх 80, 6 тыс. былі заняты ў земляробстве, i 18, 4 – у жывёлагадоўлi, а астатнія – працавалі на лесанарыхтоўках, будоўлях, рамонтных і іншых работах. Са скасаваннем прыгоннага права развіццё капіталізма ў сельскай гаспадарцы адбывалася больш імкліва, чым у Расіі. Экстэнсіўныя метады гаспадарання набывалі тэндэнцыю да прагрэсу. Паводле А. Луцкевіча, частка сялян пачынае скарыстоўваць чытырохполле, удасканаленыя прылады працы, нават штучныя ўгнаенні. З другога боку, узрастала незадаволенасць той часткі вясковых працоўных, які не маглі пракарміцца са свайго надзелу. Чарговы ўздым сялянскага руху адбываўся ў 80-гг ХIХ cт. У форме захопаў зямель, парубак лесу, барацьбе за сервiтутныя землi, супрацiўлення уладам, але і ён не падштурхнуў урад да вырашэння аграрнага пытання. Рэформа 1861 паскорыла развіццё капіталізму ў сельскай гаспадарцы, аднак пераход да капіталістычнай сістэмы гаспадарання адбыўся не адразу. Набытая сялянамі асабістая свабода без зямлі мала што значыла. Тых, невялікіх надзелаў зямлі, якія атрымалі сяляне па рэформе, не хапала для існавання іх сем'яў. Выхадам са становішча з'яўлялася арэнда ў пана пэўнай яе колькасці на ўмовах адработкі, гэта значыць працы арандатара са сваім інвентаром і цяглавай сілай на полі гаспадара. Такім чынам, замест скасаванай паншчыны ўзнікала новая адработачная сістэма, па сутнасці, тая ж феадальная павіннасць з тым толькі адрозненнем, што ў новых умовах селянін быў вымушаны сам, па эканамічных прычынах, звяртацца да пана. Аднак гэтая сістэма не магла быць устойлівай з-за нізкай прадукцыйнасці працы такога работніка на панскім полі. Другая сістэма – капіталістычная, больш адпавядала часу, бо ў яе аснове ляжала праца работніка (падзённага, сезоннага, пастаяннага), нанятага гаспадаром на ўмовах аплаты па якасці і колькасці зробленага з прадастаўленнем жывога і мёртвага інвентару. Памеры гэтай аплаты, як правіла, дыктаваў не работадаўца, а рынак. Капіталістычная сістэма замацавалася ў Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях, а на астатняй тэрыторыі Беларусі распаўсюдзілася змешаная – адработачна-капіталістычная сістэма. Як і планавалі землеўладальнікі, за імі засталася асноўная маса зямель, у сярэднім больш за 1000 дзесяцін, у той час як на 1 сялянскі двор прыпадала 12-13 дзес. Характэрная рыса землеўладання на Беларусі, асабліва ў Мінскай губерні, – наяўнасць магнацкіх латыфундый Вітгенштэйна, Радзівіла, Патоц-кіх і інш. Разам з тым землеўладанне перастае быць строга саслоўным, паколькі з разарэннем не здолеўшых прыстасавацца да капіталістычнага ладу памешчыкаў іх землі шляхам продажу (у тым ліку “з малатка”) сталі пераходзіць да купцоў, мяшчан і нават сялян. Царскі ўрад як апора і выразнік інтарэсаў, найперш, рускага праваслаўнага дваранства імкнуўся падтрымаць яго, прадаючы яму па ільготных цэнах землі на Беларусі пасля падаўлення паўстання К. Каліноўскага. Такім чынам мясцовае рускае дваранства, без уліку Магілёўскай губ., удвая (з 1,8 да 3, 6 млн дзесяцін) павялічыла свае ўладанні. Адначасова ўрад забараніў продаж зямлі ў значных памерах памешчыкам- і сялянам-католікам (больш 60 дзес.), а таксама яўрэям, з тым зменшыць іх эканамічную апору і палітычную актыўнасць. Прыстасаванне памешчыцкіх гаспадарак да рыначных умоў адбывалася не толькі праз пошук новых форм узаемаадносін з сялянамі, а і праз удасканаленне тэхнікі і тэхналогіі землеапрацоўкі. Асаблівая ўвага надавалася вырошчванню збожжавых культур, якія карысталіся вялікім попытам у Расіі, Польшчы, Прыбалтыцы і за межамі імперыі. Невыпадкова ў 60-80-я гг. ХІХ ст. продаж збожжа жыта, аўса, ячменю зрабіўся асноўнай крыніцай даходаў беларускіх памешчыкаў. Беларускія сяляне ўключаліся ў капіталістычны рынак вельмі марудна і з вялікімі цяжкасцямі. Каб пражыць толькі за кошт уласнай гаспадаркі сялянскай сям'і патрабавалася не менш 20 дзес. зямлі. Але большасць сялянства такіх участкаў не мела. І без таго невялікія надзелы зямлі (у сярэднім 8-12 дзес.) скарачаліся пасля таго, як жанатыя сыны ладзілі асобную ад бацькоў гаспадарку. Зямля павінна была выкарыстоўвацца сялянамі як мага больш прадукцыйна, каб мець магчымасць пражыць самім і атрымаць сродкі для выплаты падаткаў, удасканалення прылад працы, утрымання жывёлы. У выніку да канца ХІХ ст. на сялянскіх участках на 23,9 % павялічыліся пасевы збожжавых, тэхнічных і кармавых культур, а іх ураджайнасць узрасла напалову. Рэзка павялічыліся зборы бульбы (у 4,6 раза) і ільну (на 82,5%). З агульнага аб'ёму сельска-гаспадарчых прадуктаў, якія ішлі на рынак, сяляне пастаўлялі 25% збожжа, 75% ільну, значную частку бульбы і інш. Як правіла, больш паспяхова развіваліся гаспадаркі з надзельным землекарыстаннем, якія менш залежалі ад абшчыны і мелі больш свабоды ў арганізацыі вытворчасці. Менавіта ў іх межах адбываўся рост (на 50%) пагалоўя буйнарагатай жывёлы, выкарыстаўвалася элітнае насенне і ўдасканаленыя прылады працы. Асноўная ж маса хлебаробаў Магілёўшчыны і Віцебшчыны, дзе існавала абшчыннае землекарыстанне, не мела такіх магчымасцяў і не мела перспектыў выбіцца з галечы. Цераспалосіца, калектыўная адказнасць за выкананне павінннасцяў і падаткаў (“кругавая парука”), канфлікты з панамі з-за сервітутаў і г.д. згуртоўвалі паміж сабою членаў абшчыны і тармазілі развіццё капіталістычных адносін. У вёсках, населеных сялянамі-абшчыннікамі, захаваўся ўвесь колішні гаспадарчы ўклад: традыцыйныя метады землеапрацоўкі, руцінныя прылады, вытворчасць прадукцыі для яе спажывання, а не на продаж. Становішча сялянскіх гаспадарак ускладнялася падаткамі (грашовымі зборамі) і павіннасцямі на рамонтныя, дарожныя, адміністрацыйныя, ветэрынарныя і многія іншыя патрэбы. Акрамя земскіх грашовых збораў, сяляне выконвалі дарожную, падводную (фурманачную) і паліцэйскую павіннасці. З ператварэннем зямлі ў аб'ект куплі-продажу ўзнікла і ўзмацнілася тэндэнцыя да істотнага павелічэння (часам, на дзесяткі дзесяцін) сялянскіх уладанняў. Так, у Мінскай губ. з 1861 па 1876 г. 110 сялян набылі ўчасткі па 50-100 дзесяцін, а 66 – купілі маёнткі. У далейшым гэтаму працэсу, а разам з ім і станаўленню ўсесаслоўнага землеўладання паспрыяў заснаваны царскім урадам у 1882 г. Сялянскі банк. Характэрна, што сялянскае землеўладанне з 1882 па 1902 гг. узрасло за кошт былога памешчыцкага на 1,7 млн дзес. (у 3,3 раза). Такім чынам, група заможнага сялянства (з надзелам звыш 20 дзес.) павялічылася на 17%, склаўшы прыкладна дзесятую частку ад усіх вясковых працоўных. Менавіта з яе асяроддзя стала ўзнікаць так званая сельская (або дробная) буржуазія, гэта значыць клас, які эксплуатаваў працу наёмных рабочых – батракоў (парабкаў). У 1880-я гг. у гаспадарцы сельскай буржуазіі працавала ўжо не менш 55 тыс. батракоў. Дадатковы прыбытак давала здача зямлі ў арэнду, трыманне млыноў, кузняў, а таксама ліхвярства – пазыка грошай або хлеба пад працэнты. Тыя, хто браў у сельскай буржуазіі зямлю ў арэнду, або пазыку пад працэнты, як правіла, займаў ніжэйшую прыступку ў сялянскай сацыяльнай лесвіцы і належаў да беднаты. Гэтая група была самай шматлікай: у параўнанні з заможным (або сельскай буржуазіяй) (8-10%) і сярэднім (30-32%) сялянствам яна складала каля 60% усіх дробных вытворцаў, у сваёй большасці абшчыннікаў. Варта адзначыць, што ў найбольш складаным становішчы знаходзіліся тыя сяляне, якія пазбавіліся не толькі зямлі, а і гаспадаркі (хаты, жывёлы, птушкі і г. д.), і былі вымушаны наймацца на працу да больш заможных суседзяў або памешчыкаў да любых умовах. Крызісная сітуацыя, выкліканая паніжэннем рыначных цэн на збожжа, з цягам часу прывяла да пэўных перамен у спецыялізацыі сельскай гаспадаркі Беларусі. Так, на змену вытворчасці збожжа прыйшлі малочная жывёлагадоўля. Асноўным рэгіёнам вырошчвання ільну зрабіліся Віленская, Віцебская і Магілёўская губерні, а ільно валакно ішло на патрэбы ўнутраных губерняў, а таксама прадавалася за мяжой – у Германіі і Аўстра-Венгрыі. Вытворчасць пянькі была наладжана ў Магілёўскай губерні, а асноўнымі замежнымі яе пакупнікамі з'яўляліся Германія і Англія. Шырокае распаўсюджанне атрымала бульба як сыравіна для вінакурнай прамысловасці. Такім чынам, у паслярэформенны перыяд у грамадстве і аграрным сектары эканомікі Беларусі адбыліся значныя змены, звязаныя з развіццём капіталістычных адносін, фарміраваннем бессаслоўнага землеўладання, спецыялізацыяй рэгіёнаў, сацыяльнай дыферэнцыяцыяй сялянства. У цэлым жыццё беларускага народа, у сваёй падаўляючай большасці – сялянства, значна палепшылася, але не настолькі, каб зніклі пакінутыя ў спадчыну ад прыгону малазямелле, беднасць, культурная адсталасць і іншыя сацыяльныя праблемы класавага грамадства.
2. З канца ХУІІІ ст. і па 60-я гг. ХІХ ст. колькасць насельніцтва гарадоў і мястэчак павялічылася ў 4 разы і склада 320 тыс чал. (10%), але гэта было звязана ў першую чаргу не з развіццём прамысловасці, а з царскай палітыкай па ажыццяўленні мяжы яўрэйскай аселасці. У пачатку ХІХ ст. у прамысловасці Беларусі яшчэ пераважала дробная рамесная вытворчасць. Мясцовыя майстры займаліся традыцыйнымі відамі рамяства – апрацоўкай металу і скур, пашывам адзення і абутку. У гарадах і мястэчках існавала цэхавая арганізацыя. Але з цягам часу яна ўваходзіла ў супярэчнасць з развіццём рыначных адносін і сама адчувала неабходнасць перамен. Змяншалася карпаратыўная замкнёнасць і манапалізм. Калектывы рамесных майстэрань пашыраліся за кошт наёмных рабочых і вучняў. Частка рамеснікаў пашырала сваю вытворчасць да памераў мануфактуры, накшталт той, як суконная каля Гродна (1795) і шкляная ў Рагачоўскім павеце (1797), на кожнай з якіх іх працавала па 40 чал. Мануфактуры па панаванні ручной тэхнікі набліжаліся да дробнатаварнай вытворчасці. У той самы час мануфактура — гэта прадпрыемства, заснаванае на эксплуатацыі наёмных, асабіста свабодных рабочых, і менавіта гэта ставіць яе ў адзін рад з капіталістычным прадпрыемствамі – мануфактурай або фабрыкай. У 20-я гг. ХІХ ст., у адрозненне ад капіталістычных прадпрыемстваў, дзе працавалі выключна наёмныя рабочыя, на Беларусі назіраецца імклівае развіццё вотчынных мануфактур. Так, у Крычаўскім графстве працавалі канатная і парусінавая, а ў Дубровенскім старостве – суконная і гадзіннікавая мануфактуры, якія належалі графу Р. Пацёмкіну. У шклоўскім маёнтку працавалі гарбарная, канатная, парусінавая, суконная і шоўкаткацкая мануфактуры, якія належалі графу С. Зорычу. У гомельскай эканоміі граф М. Румянцаў валодаў шматлікімі мануфактурамі (заводамі) па выпуску тэкстыльнай, металічнай, скураной, сілікатнай, харчовай і іншай прадукцыі. Тэкстыльная прамысловасць у к. XVIII – пач. XIX ст. развівалася найбольш стабільна: да 20-х гг. XIX ст. пераважала вытворчасць палатна, а пазней – сукна. У ліку лепшых мануфактур Беларусі былі Альбярцінская суконная фабрыка В. Пуслоўскага (Слонімскі павет) і Парэцкая суконная фабрыка памешчыка А. Скірмунта (Пінскі павет). З 20-х гг. XIX ст. менавіта ў тэкстыльнай прамысловасці пачынаецца выкарыстанне паравых машын і ўзнікае фабрыка як якасна новы тып прадпрыемства, дзе асноўныя вытворчыя аперацыі забяспечваліся не ручной працай, а механічнымі станкамі. Першае такая фабрыка па выпуску сукна з'явіліся на пачатку 20-х гг. ХІХ ст. у мястэчку Хомск (Кобрынскі па-вет) і належала слонімскаму памешчыку В. Пуслоўскаму. У 1823 г. на ёй размяшчаліся 44 ткацкія станы, паравы, вадзяны і конскі рухавікі, а таксама працавалі трое майстроў-іншаземцаў і 481 рабочы з прыгонных сялян. У той жа час у Косаве (Слонімскі пав.) працавала яшчэ адна суконная фабрыка В. Пуслоўскага, забяспечаная паравым рухавіком. Высокія цэны на вырабы з жалеза і попыт на металічныя вырабы стымулявалі развіццё мясцовай металургіі. За час з 1828 па 1860 г. аб'ём яе прадукцыі ўзрос з 5,3 тыс. да 245 тыс. пудоў. Лепшыя прадпрыемствы гэтай галіны размяшчаліся ў Ашмянскім (маёнтак Храптовіча ў Вішневе), Барысаўскім, Чэрыкаўскім (завод Бенкендорфа ў Старынках) паветах. Варта адзначыць, што галоўнай галіной ўсёй прамысловасці дарэформеннай Беларусі было вінакурства. Па меры асваення вырабу гарэлкі з цукру і бульбы, тэхнічныя ўдасканаленні (паравыя машыны) закраналі і гэту галіну. Мукамольная прамысловасць таксама адчувала ўздзеянне тэхнічнага прагрэсу. Першыя паравыя млыны з'явіліся ў 1841 г. спачатку ў Магілёве, затым у Пінску і Віцебску. І калі ў 1796 г. на Беларусі 1184 млыны перамалолі 843 тыс. пудоў збожжа, то ў 1860 г. іх колькасць узрасла да 1834, а гадавы перамол да 2 956 тыс. пудоў. Такім чынам, развіццё буйной прамысловасці Беларусі ў дарэформенны перыяд адбывалася вельмі марудна. Па-першае, існавала цэхавая сістэма і пераважала дробная рамесная вытворчасць. У 1858 г. у гарадах налічвалася 15,6 тыс. рамеснікаў, а з улікам мястэчак – прыкладна 32-33 тыс., у сваёй масе (да 65%) яўрэяў. У 1860 г. у Беларусі налічвалася 7,8 тыс. дробных капіталістычных прадпрыемстваў, на якіх працавала 23,4 тыс. наёмных рабочых. У ліку іншых прадпрыемстваў існавалі мануфактуры, пераважна, вотчынныя. У 1860 г. капіталістычныя мануфактуры Беларусі склалі 0,5% колькасці прамысловых прадпрыемстваў, канцэнтравалі 7,7 % рабочых і давалі 7,4% прадукцыі ўсёй прамысловасці. У ліку мануфактур гэтага часу (капіталістычных і вотчынных) было 54 тэкстыльных, 35 харчовых, 28 сілікатных, 15 гарбарных, 8 металаапрацоўчых, якія ўсе разам давалі 48% аб'ёму прамысловай прадукцыі. На іх працавала 4,7 тыс. рабочых. Першыя капіталістычныя фабрыкі былі пабудаваны ў 1845 г. у Магілёве (мукамольна-крупяная) і ў Беліцы, пад Гомелем (цукровая). Са з'яўленнем фабрык доля мануфактур у прамысловай вытворчасці пачынае зніжацца. Так, у 1860 г. на фабрыках працавала ўдвая менш рабочых, затое аб'ём вырабленай імі прадукцыі на 20% пераўзыходзіў мануфактурную. Як і ў іншых краінах Еўропы, прамысловасць Расіі перажыла якасна новую перамену – так званы прамысловы пераварот, сутнасць якога заключалася ў выцясненні ручной працы комплексам машын і механізмаў. Гэты працэс прыпадае на 1850-я гг. і пачынаецца ў цэнтральных губернях у тэкстыльнай прамысловасці на аснове перапрацоўкі прывазной (з Сярэдняй Азіі) бавоўны. На Беларусі гэты працэс узнік у суконнай і харчовай прамысловасці, якія развіваліся на мясцовай сыравіне. У 1860 г. паравыя машыны працавалі на 76 прадпрыемствах амаль ва ўсіх галінах прамысловасці Беларусі, але але некаторыя прадпрыемствы яшчэ заставаліся прыгоннымі. Прыкметны рост фабрычна-заводскай вытворчасці стаў назірацца толькі пасля скасавання прыгоннага права. У сілу гістарычных і эканамічных прычын, на Беларусі не не магло адбыцца хуткага выцяснення дробнай прамысловасці буйною. Па-першае, яўрэйскія рамеснікі не мелі сродкаў да заснавання мануфактур і абсталявання іх паравымі рухавікамі. Па-другое, на Беларусі не было карысных выкапняў (жалеза, вугалю, нафты) для развіцця машыннай індустрыі. Невыпадкова тут пераважалі прадпрыемствы па пераапрацоўцы мясцовай сыравіны (харчовай, тэкстыльнай, гарбарнай, драўлянай і інш.). Тым не менш і на Беларусі ў 90-х гг. ХІХ ст. меў месца інтэнсіўны ўздым мануфактурнай і фабрычнай прамысловасці, які, акрамя іншага, абумовіў зніжэнне ролі дробных прадпрыемстваў народнай гаспадарцы. У дынаміцы росту новых прадпрыемстваў рамесныя майстэрні хоць і раслі колькасна (з 20 тыс. у 1860 г. да 58 тыс. у канцы ХІХ ст.), але саступалі мануфактурам (рост са 140 да 760) і яшчэ больш імкліва (у 15 разоў) капіталістычным фабрыкам і заводам (рост з 76 па 1137). Характэрнай рысай 1870-1880-х гг. стала актыўнае ўключэнне расійскага і замежнага капіталу ў гаспадарку беларускіх губерняў, у прыватнасці, у будаўніцтва чыгунак, што, акрамя іншага, паспрыяла будаўніцтву новых прадпрыемстваў. Нягледзячы на тое, што палову ўсіх прамысловых прадуктаў давалі дробныя і сярэднія прадпрыемствы з колькасцю рабочых на кожным менш 50 чал., у 90-я гг. ХІХ ст. вызначылася тэндэнцыя да павышэння ролі буйных капіталістычных прадпрыемстваў. У 1889 г. дала першы ток электрастанцыя ў Добрушы. Пад уплывам прамысловага перавароту адбывалася пераабсталяванне прадпрыемстваў: замест паравых рухавікоў сталі ўсталёўвацца рухавікі электрычныя. У 1898 г. на сродкі руска-бельгійскага акцыянернага таварыства ў Віцебску быў пушчаны трамвай, адзін першых у імперыі. Германскі капітал актыўна ўдзельнічаў ў заснаванні большасці леса- і льнагандлёвых фірм. Актыўнае пранікненне расійскага фінансавага капіталу, заснаванне ім крэдытна-банкаўскіх устаноў – усё гэта і іншае спрыяла развіццю капіталізма ў прамысловасці. Неўзабаве і на Беларусі сталі з'яўляцца буйныя фабрычна-заводскія прадпрыемствы, якія да пачатку 1890 г. далі амаль палову ўсёй прамысловай прадукцыі. Сярод іх дзейнічала 9 буйных з больш чым 500 рабочымі на кожным. У іх ліку – iльнопрадзiльная фабрыка “Дзвiна” (Вiцебск), тытунёвая фабрыка Шарашэўскага (Гродна). У Мінску да буйных прадпрыемстваў адносіліся: машынабудаўнічы і чыгунаметалургічны завод Якабсана, Ліфшыца і К°, машынабудаўнічы завод “Тэхнолаг”; у Пінску — дрэваапрацоўча-фанерная, запалкавая і тытунёвая фабрыка; у Гомелі — запалкавая фабрыка; у Брэсце — чыгуналіцейны і механічны заводы; у Магілёве — піваварныя заводы Лекерта. Такім чынам, прамысловы пераварот на Беларусі завяршыўся ў канцы 90-х гг., аб чым, у прыватнасці, сведчыў велізарнае (у 37 разоў) павелічэнне аб'ёму фабрычнай прадукцыі. Найбольш імкліва развівалася на Беларусі развіваліся традыцыйныя віды прамысловасці – харчовая (+вінакурэнне), дрэваапрацоўчая (+запалкі і папера), тэкстыльная, маталаапрацоўчая, будаўнічая (+цэгла і шкло) і гарбарная прамысловасць. Менавіта таму па прычыне пераважаўшай спецыялізацыі беларускай прамысловасці па перапрацоўцы мясцовай сельскагаспадарчай, лясной і мінеральнай сыравіны тут не сфарміравалася такіх буйных цэнтраў як Пецярбург і Масква і інш., а прамысловы пераварот адбыўся на 10 гадоў пазней, чым у Расіі. Месца эканомікі Беларусі ў агульнарасійскім рынку. Як вядома, “збіральнікі Русі”, у тым ліку ўсе Раманавы, ніколі не разглядалі Беларусь як тэрыторыю іншаземнай дзяржавы, а выключна як сваю “исконную”, таму ніколі не ставіліся да яе з пункту гледжання заваёўнікаў. Па меры падзелаў РП і ўключэння Беларусі ў склад Расійскай імперыі на далучаных землях адбываліся пэўныя пераўтварэнні, якія закранулі і эканамічную сферу жыццядзейнасці мясцовага насельніцтва. Як вядома, новыя ўлады правялі перапіс насельніцтва, улік зямель, маёнткаў і інш. Неўзабаве адбыліся скасаванне ўнутраных мытаў, уніфікацыя мер вагі і грашовай сістэмы. Канфіскацыя маёмасці шляхты, якая не жадала прысягаць на вернасць Кацярыне ІІ, мела хутчэй палітычны падтэкст, чым эканамічны інтарэс. Тая ж шляхта, якая выканала гэтае патрабаванне, захоўвала ўсе свае ранейшыя званні, тытулы, маёмасць, а таксама набывала правы расійскіх дваран. Імкнучыся ўлагодзіць шляхту і прыцягнуць яе да супрацоўніцтва, царызм захаваў за ёй ранейшыя саслоўныя ільготы, у тым ліку, права на выраб і продаж гарэлкі. Акрамя таго, з узнікненнем Царства Польскага (1822-1850) на мяжы з ім быў заснаваны мытны кантроль, што надавала польскай шляхце і буржуазіі значную эканамічную самастойнасць. Разам з тым, у мэтах прадухілення канкурэнцыі з боку яўрэйскіх купцоў і рамеснікаў іх магчымасці гандлю ў Расіі былі абмежаваны адпаведным указам 1791 г. У далейшым мяжа яўрэйскай аселасці зрабілася даволі празрыстай. Яна перастала распаўсюджвацца на купцоў першай гільдыі, асоб з вышэйшай адукацыяй, былых іўдзеяў, якія прынялі хрысціянства. Што датычыць паступлення на расійскі рынак беларускіх рамесных і сельскагаспадарчых вырабаў, то ніякіх абмежаванняў з расійскага боку на гэты конт не існавала. У выніку, беларускія тавары – скуры, лён, каноплі, смала, палатно, сукно, гарэлка бесперашкодна траплялі рухаліся ў Расію, а ў зваротным напрамку паступалі вырабы з жалеза, сельскагаспадарчыя машыны, паркаль, пшаніца, селядцы. Беларусь, размешчаная паміж Пецярбургам – Рыгай – Дынабургам – Масквой – Украінай – Царствам Польскім, уяўляла сабой важны ў геапалітычным плане рэгіён, здольны зрабіцца не толькі ваенным фарпостам імперыі, але і плацдармам прасоўвання яе эканамічных інтарэсаў на заходнееўрапейскі рынак. У гэтым сэнсе царызм разглядаў Беларусь не калоніяй, а арганічнай часткай сваёй дзяржавы. З гэтай нагоды на заходніх межах будаваліся крэпасці, у гарадах засноўваліся гарнізоны, у шэрагу месцаў ладзіліся ваенныя пасяленні. Менавіта дзяржаўныя органы ўзяліся за ўдасканаленне існаваўшых і пабудову новых сродкаў зносін, найперш, Агінскага, Аўгустоўскага і Днепра-Бугскага каналаў. Пры гэтым інтарэсы ўлад перасякаліся з інтарэсамі прадпрымальнікаў. У 1824 г. на р. Сож быў апрабаваны першы параход, пабудаваны на грошы графа Румянцава, а да 1860 г. на беларускіх рэках іх ужо было 20. У 1830-х гг. параходная кампанія Бабруйска атрымала дзяржаўны прывілей на 10 год, абавязуючыся наладзіць перавозку пасажыраў па Бярэзіне і Дняпры. У першай палове XIX ст. гандаль ажыццяўляўся ў асноўным па водных шляхах. Большасць грузаў па-ранейшаму перамяшчалася на парусных суднах і плытах і яго аб'ёмы пастаянна раслі. Так, калі ў 1844 г. іх было правезена на суму 8, 8 млн руб., то ў 1860 г. – ужо на 18 млн руб. Асноўным экспартным таварам з'яўляўся лес, які звычайна сплаўляўся ў порты Балтыкі. У 1823 г. праз Беларусь працягнуліся шашэйныя дарогі: Брэст-Варшава, у 1849 – Масква-Брэст, у 1855 г. – Віцебск-Смаленск, Пецярбург-Кіеў, Масква-Рыга. У 1850 г. была пабудавана шаша Магілёў-Бабруйск. Наяўнасць камунікацый спрыяла гандлёвым сувязям паміж рэгіёнамі Расійскай імперыі. Да скасавання прыгону лавачны гандаль на Беларусі толькі зараджаўся, а асноўнай арганізацыйнай формай гандлёвых адносін з'яўляўся кірмаш. Самымі вядомымі зяўляліся Бешанковіцкі, Гомельскі, Зельвенскі, Мінскі, Прыбораўскі і Свіслацкі кірмашы. Кошт прывезеных тавараў у 1845 г. на буйнейшы з іх – Зельвенскі склаў 1 млн руб., а ў 1851 г. – нават 1 598 237 руб. Расійскія купцы прывозілі паркаль, шоўк, галантарэю, фабрычнае абсталяванне; украінскія – соль, цукар, іншыя прадукты харчавання. Да сярэдзіны ХІХ ст. значна змяніўся спажывецкі і вытворчы рынак Беларусі, у прыватнасці, удвая ўзрасла колькасць гандлёва-прамысловага насельніцтва, значна павялічылася колькасць дзяржаўных сялян і памешчыкаў-прадпрымальнікаў. Усе гэтыя катэгорыі насельніцтва былі больш сацыяльна мабільнымі, чуйна рэагавалі на патрэбы рынку, актыўней уцягваліся ў таварнаграшовыя адносіны, імкнуліся атрымаць выгоду ад палітыкі новых улад. Унутраны гандаль сканцэнтраваны не толькі ў гарадах, але і ў масе дробных мястэчак, населеных пераважна яўрэямі. Менавіта яўрэі былі асноўнымі пасрэднікамі як паміж памешчыкамі і аптовымі купцамі, так паміж сялянамі і жыхарамі гарадоў. У любым выпадку аграрнае насельніцтва мела магчымасць збываць на мясцовых рынках усё, што толькі давала сельская гаспадарка, і набываць патрэбныя яму прадукты. Да часу рэформ эканоміка Беларуси забяспечвала ўласны ўнутраны рынак і займала пэўны сектар усерасійскага рынку. Яна мела экспартна-арыентаваную вытворчасць, валодала дастаткова дасканалай для свайго часу рынкавай інфраструктурай і дастаткова развітай сеткай шляхоў зносін. Патрэбы ўнутранага беларускага рынку часткова пакрываліся за кошт увозу тавараў з Польшчы, Украіны, Расіі. У паслярэформенны перыяд Беларусь як эканамічны рэгіён прыцягвае большую ўвагу расійскага ўрада і прыватнага прадпрымальніцтва. Пад час рэзкага зніжэння кошту хлеба на заходнееўрапейскіх рынках урад праводзіў пратэкцыянісцкую палітыку з мэтай абароны гандлёвых інтарэсаў рускіх памешчыкаў, а таксама прыняў шэраг захадаў супраць умацавання польска-каталіцкага землеўладання на Беларусі. Паляпшэнне стану транспартных камунікацый спрыяла міжрэгіянальнаму гандлю. Па-ранейшаму вялiкую значнасць захоўвалi водныя артэрыi, па якiх хадзiла да 700 судоў, у тым ліку каля 200 параходаў. Але ў 60-70 гг. ХІХ ст. рэзка ўзрастае значнасць чыгуначных камунікацый. Пры гэтым з ініцыя-тываю іх будаўніцтва, у тым ліку на Беларусі, выступае дзяржава. Першая чыгуначная лінія, якая ў 1862 г. перасекла тэрыторыю Беларусі, звязала Пецярбург і Варшаву, але з-за малой працягласці (50 вёрст) яна не адыгрывала прыкметнай ролі ў эканоміцы края. У 1866 г. на Дзвінска-Полацка-Віцебскім участку пачала дзейнічаць Рыга-Арлоўская чыгунка і г. д. Усе яны будаваліся прыватнымі акцыянернымі кампаніямі, з удзелам замежнага, у тым ліку англійскага капіталу, і да канца ХІХ ст. былі выкуплены дзяржавай. У ліку самых значных магістраляў на Беларусi былі Рыга-Арлоўская, Маскоўска-Брэсцкая, Лiбава-Роменская, Палеская, Пецярбургска-Адэская і інш. У выніку ў 1870 г. працягласць чыгуначных ліній складала ўжо 302 км, у 1902 г. – 2752 км., а напярэдадні І сусветнай вайны – каля 3 800 км. Па гэтым паказчыку беларускія губерні займалі першыя месцы ў Расійскай імперыі. Пранікненне расійскага капіталу назіралася таксама ў банкаўска-крэдытнай сферы і сродках сувязі (тэлеграф, тэлефон). Мясцовыя прадпрымальнікі фарміраваліся з купецкага асяроддзя і адкрывалі запалкавыя, мэблевыя, фанерныя, шпалерныя фабрыкі, а таксама друкарні. У далейшым беларускія купцы (у сваёй падаўляючай большасці яўрэі) заняліся і прамысловым бізнесам. Такім чынам, скасаванне прыгоннага права паскорыла развіццё мясцовай прамысловасці, транспарту і гандлю, узмацніла таварнасць сельскай гаспадаркі, паспрыяла большай інтэграцыі беларускай эканомікі ва ўсерасійскі рынак. Беларускія тавары актыўна спажываліся цэнтральнымі расійскімі губернямі. Прадукцыя запалкавых фабрык Пінска, Мазыра, Барысава, Навабеліцы, Койданава, Вішнева, Рэчыцы, Слоніма, Бабруйска знаходзіла збыт у Ромнах, Растове, Палтаве, Адэсе, Харкаве, Варшаве, Баку, Кішынёве. Папера і кардон – ў Кіеве, Екацерынаславе, Рызе, Беластоку. Вырабы шкляной і керамічнай прамысловасці — у Маскве, Кіеве, Адэсе. У канцы XIX ст. у Беларусі ўжо склаліся мясцовыя (абласныя) рынкі з цэнтрамі ў Мінску, Віцебску, Магілёве, Гомелі, Гродне, Брэсце і Пінску. Галоўным гандлёвым цэнтрам Беларусі ў гэты час стаў Мінск. Сюды паступалі прамысловыя тавары з Маскоўскага і Пецярбургскага раёнаў, з Польшчы. Тут жа гандлявалі збожжам, малочнымі прадуктамі, мясам, рыбай і г.д. Асаблівую вядомасць і папулярнасць у меў буйнейшы ў імперыі мінскі спецыялізаваны кірмаш па продажы лесаматэрыялаў з абаротам 20 млн руб. Тавары, якія вырабляліся ў Гомельскім раёне — папера, запалкі, цэгла, кафля, аконнае шкло, вяроўкі, канаты і г.д., — вывозіліся нават за межы Беларусі. З Гомеля частка лесаматэрыялаў і дроў адпраўлялася воднымі шляхамі ў Адэсу, Екацерынаслаўскую і Кіеўскую губерні, а частка – па чыгунцы у Рыгу, Лібаву, Пецярбург. З сельскагаспадарчых прадуктаў, якія прыбывалі на гомельскі рынак, пераважала ўкраінскае збожжа. Магілёў з'яўляўся цэнтрам рэгіянальнага гандлю сельскагаспадарчымі і ляснымі матэрыяламі. Праз Оршу ў Мінскую і Смаленскую губерні паступалі лес, збожжа, пянька, яблыкі і іншыя тавары. На аршанскім рынку прадаваліся хлебныя прадукты, соль, газа, нафта, будаўнічыя матэрыялы. Лес і прадукты льнаводства, якія вырабляліся ў Віцебскім раёне, вывозіліся большай часткай за мяжу. Прывозілі ж сюды пшанічную муку і цукар з Украіны. Праз Гродна ажыццяўляўся гандаль з Польшчай, Літвой і замежнымі краінамі. Тавары гродзенскага рынку – лесаматэрыялы, аржаная і бульбяная мука, спірт, малочныя прадукты – ішлі ў Мінск, Вільню, Маскву, Пецярбург. Пінск служыў размеркавальным цэнтрам збыту прамысловых тавараў і лясных грузаў, якія перапраўляліся з басейнаў Дняпра і Прыпяці ў сістэмы Нёмана і Віслы. Такім чынам, Беларусь з'яўлялася часткай усерасійскага рынку. Яе гандлю была характэрна перавага вывазу сельскагаспадарчых прадуктаў, драўніны і іншых матэрыялаў. У той жа час яна служыла рынкам збыту прамысловых тавараў (інструментаў, машын) збожжа (пшаніцы) і цукру, якія ўвозіліся з іншых раёнаў Расіі. Нягледзячы на буйныя перамены ў эканоміцы, звязаныя з завяршэннем прамысловага перавароту і пачаткам утварэння індустрыяльнага грамадства, Беларусь яшчэ заставалася пераважна аграрным рэгіёнам Расійскай імперыі. Гэта, аднак, не можа служыць паказчыкам яе адсталасці і залежнасці ад больш развітых рэгіёнаў.
3. З часоў Кацярыны ІІ ў расійскім заканадаўстве ўсе насельніцтва краіны падзялялася «па адрозненні правоў» на чатыры «станы» (саслоўі): дваранства, духавенства, гарадскія і сельскія абывацелі. У сваю чаргу гарадскія абывацелі падзяляліся на саслоўі ганаровых грамадзян, купцоў, мяшчан, цэхавых рамеснікаў, а сельскія – уключалі саслоўі сялян, казакоў і іншародцаў. Саслоўны пачатак быў пакладзены ў аснову ўсяго мясцовага кіравання і судовай справы і тым самым ён атрымаў агульнадзяржаўную значнасць. У першай трэці XIX ст. склаліся тры новыя саслоўі: ганаровыя грамадзяне, казацтва і іншародцы, у якое, акрамя іншых, уключылі і яўрэяў. Саслоўнае грамадства ўяўляла сабой іерархічную сістэму ўзаемадзеяння розных груп насельніцтва іх падпарадкаванасці манархічнай дзяржаве. Саслоўі падзяляліся на прывілеяваныя (дваранства, духавенства, ганаровыя грамадзяне, купцы) і непрывілеяваныя (сяляне, мяшчане, рамеснікі, казакі, іншародцы). Першые вызваляліся ад уплаты асабістых падаткаў, рэкруцкай павіннасці, цялесных пакаранняў. Выхаваныя на прывілеях вышэйшыя класы грамадства вельмі непрыхільна сустрэлі царскі рэскрыпт ад 11 студзеня 1874 г. аб усеагульнай ваеннай павіннасці. Узамен яе купцы нават абавязваліся за свой кошт утрымліваць інвалідаў. З часоў ВКЛ на працягу стагоддзяў дваранства (шляхта) было галоўным прывілеяваным саслоўем, якое займала большасць пасад у органах дзяржаўнага і мясцовага кіравання, у войску. Да 70-х гг. ХІХ ст. захоўвалася выдадзеная Кацярынай ІІ дваранам «вольнасць і свабода». І толькі рэформы Аляк-сандра ІІ істотна пахіснулі іх саслоўныя перавагі ў судовай, ваеннай, адукацыйнай і інш. галінах. Разам з тым роля дваранства ў дзяржаўным, грамадска-палітычным і духоўным жыцці істотна не зменшылася. Зацікаўлены ў падтрыманні яго высокага статусу і эканамічнай моцы царскі ўрад выдаў указ ад 25 мая 1899 г. аб праве дваран усталёўваць часовазапаведныя (?ГЭТА ЯК) маёнткі, якія не маглі адчужацца, драбіцца, а павінны былі перадавацца ў спадчыну аднаму з дзяцей. Саслоўе дваран не было аднародным. Яно складалася як з патомных дваран, так і асабістых, гэта значыць тых, хто атрымаў дваранскае званне за вайсковую або цывільную службу ў адпаведнасці з “Табеллю аб рангах”. На Беларусі пытанне аб прыналежнасці да патомных дваран часткі шляхты ставілася пад сумненне яшчэ з часу падзелаў РП і мела працяг у другой палове ХІХ ст.:пасля чарговага “разбору шляхты”, выкліканага паўстаннем 1863 г., колькасць польскіх і беларускіх дваран рэзка скарацілася (з 5,1 да 2,4%). Духавенства таксама з'яўлялася неаднародным, але больш закрытым саслоўем, прычым, нехрысціянскія святары ў яго не ўваходзілі. Прававое становішча духавенства ўсіх хрысціянскіх вызнанняў у пэўнай ступені адрознівалася. Асабліва важнае становішча займала праваслаўнае святарства, якое, акрамя рэлігійных, выконвала ідэалагічную, адміністрацыйную (вядзенне метрычных кніг) функцыі і здзяйсняла пэўны кантроль за маральнасцю і ладам мыслення сваіх прыхажан. Духоўнае саслоўе, (белае і чорнае духавенства) у 60—70-х гг. XIX в. было вызвалена ад абявязковай спадчыннай службы: дзеці святароў атрымалі права патомных і асабістых ганаровых грамадзян, доступ да свецкай адукацыі, магчымасць паступлення на дзяржаўную службу. Устойлівасці гэтага саслоўя і ў к. XIX - пач. XX ст. спрыяла захаванне прывілеяў (вызваленне ад ваеннай службы, шэрагу падаткаў і павіннасцей) і адначасова рэгламентацыя іх правоў (забарона абрання прамысловых заняткаў і г. д.). Купцы ўваходзілі ў склад з трох, затым (1863) дзвюх гільдый. Для заможных сялян і мяшчан пераход у купецкае саслоўе не толькі вызваляў ад цялесных пакаранняў, але і даваў права на пашпарт і свабоду перасоўвання. Да канца ХІХ ст. колькасць асоб купецкага звання павялічылася, асабліва ў заходніх і паўднёвых губернях. Пры гэтым асноўная маса складалася з яўрэяў. Атрыманне купецкіх пасведчанняў давала ім права на жыхарства па-за мяжой аседласці. Паводле перапісу 1897 г., сярод купцоў пяці беларускіх губерняў было 84,5 % яўрэяў, 10,7 - рускіх і толькі 1,7 % беларусаў (усяго 317, з якіх 9 належала да ІІ гільдыі, а да І – ніводнага). Тыя купцы, хто плаціў гільдзейскі падатак, набывалі выключныя правы на буйны гандаль і прамысловасць. Асобы, якія захоўвалі купецкае званне на працягу 10–12 год, а таксама іх дзеці, пераходзілі ў саслоўе ганаровых грамадзян. Сюды ж траплялі дзеці асабістых дваран, духавенства, выпускнікі вышэйшых навучальных устаноў, а таксама прадстаўнікі свабодных прафесій – вучоные, мастакі і г.д. Мяшчане існавалі за кошт гандлю, промыслаў, рамяства. Пры гэтым толькі запісаныя ў цэхі рамеснікі маглі прадаваць свае вырабы. Такім чынам, купцы, рамеснікі, мяшчане былі ў большай або меншай ступені залежнымі людзьмі, прадпрымальніцкая дзейнасць якіх рэгламентавалася законам. Але ў канцы XIX в. пад уздзеяннем капіталістычных адносін мяшчанскае саслоўе губляла былыя асаблівасці, якія адрознівалі яго ад звычайных гарадскіх жыхароў. Як вядома, да 1861 г. найбольш бяспраўным было становішча прыгонных сялян. Да канца XIX ст. гэтае саслоўе сярод насельніцтва Беларусі ў 6 387 тыс. чал. заставалася самым шматлікім (92, 1%) і ў прававых адносінах рабі-лася больш аднародным. Паступоваму сціранню саслоўных адрозненняў спрыялі скасаванне прыгоннага права; скасаванне падушнай подаці і ўвядзенне дзяржаўнага пазямельнага падатку і падатку з нерухомасці ў гарадах, пасадах і мястэчках; увядзенне ўсеагульнай вайсковай павіннасці ў 1874 г., якой падлягала зараз усе мужчынскае насельніцтва з 20-гадовага ўзросту, у тым ліку дваран (за выключэннем асоб духоўнага звання і іншародцаў); законы 1863 і 1865 г. аб свабодзе гандлёва-прамысловай дзейнасці, і асабліва «Палажэнне аб дзяржаўным промыславым падатку» 1898 г., якое дазваляла ўсім асобам, незалежна ад саслоўнай прыналежнасці, займацца гандлем і прамысловасцю. Акрамя таго, па закону ад 12 сакавіка 1903 г. была скасавана кругавая парука для большай часткі сялян, а паводле маніфесту ад 11 жніўня 1904 г. канчаткова скасаваны цялесные пакаранні. Абвяшчэнне маніфестам 17 кастрычніка 1905 г. «грамадзянскай свабоды на пачатках сапраўднай недатыкальнасці асобы, свабоды сумлення, слова, сходаў і саюзаў», стварэнне заканадаўчай Дзяржаўнай Думы і прадастаўлення выбарчых правоў усім «класам насельніцтва» было значным крокам ад саслоўнай да грамадзянскай супольнасці. Згодна Найвышэйшаму Указу ад 5 кастрычніка 1906г., былі зніжаны цяжкасці, звязаныя з выхадам з сельскага грамадства (хоць сама прыпіска да грамадства, як адзін з паказчыкаў саслоўнасці, яшчэ заставалася), зняты пашпартныя абмежаванні для сялян і мяшчан (хоць у рэальным жыцці яны працягвалі існаваць). Саслоўны лад, абумоўлены шэрагам заканадаўча аформленых правоў і абавязкаў асобных груп насельніцтва, замацаваных за імі сацыяльных функцый, працягваў існаваць: захоўваліся саслоўныя арганізацыі і саслоўнае самакіраванне, саслоўны пачатак у мясцовым кіраванні ў адносінах сялян г. д таксама працягвалі існаваць. Нават пры выбарах у Дзяржаўную Думу маёмасны прынцып спалучаўся з саслоўным. Такім чынам, у другой палове XIX – пач. XX стст. у саслоўным ладзе расійскага, у тым ліку беларускага грамадства, адбываліся два рознанакіраваных працэсы: з аднаго боку, ішла уніфікацыя (падабенства ў правах і абавязках) саслоўяў, з другога – працэс яго разлажэння. Саслоўная структура грамадства як рудымент аджытога феадальнага ладу паступова саступала месца новай, класавай, з уласцівымі ёй катэгорыямі прыватнай уласнасці, наёмнай працы, ролі ў вытворчасці і размеркаванні грамадскага прадукту. Асноўныя грамадскія супольнасці новага, капіталістычнага ладу ўвасобіліся ў класах буржуазі і пралетарыту. Развіццё капіталістычных адносін ламала саслоўныя перагародкі Расійскай імперыі. Для буйной буржуазіі, большасць якой на Беларусі складалася з яўрэяў, дасягненне фінансавай свабоды стварала своеасаблівы трамплін да свабоды палітычнай. Яшчэ больш небяспечным для фактарам зрабілася фарміраванне рэвалюцыйнага класа – пралетарыяту, які пагражаў не толькі старой феадальна-саслоўнай сістэме, але і існаванню самаўладдзя. 4. Фарміраванне буржуазіі і пралетарыяту. Узнікненне індустрыяльнага грамадства. Па меры развіцця капіталістычных адносін у прамысловасці і сельскай гаспадарцы фарміраваліся два новыя грамадскія класы: буржуазія і пралетарыят. Слова “буржуазія” паходзіць з французскага “bourgeoisie”, запазычанага з позднелацінскага burgus – “умацаваны горад”, і азначае пануючы клас капіталістычнага грамадства, які валодае ўласнасцю на сродкі вытворчасці і існуе за кошт эксплуатацыі наёмнай працы. Як вядома, пераход ад мануфактуры да фабрыкі быў вырашальным этапам у фарміраванні класа буржуазіі. У ходзе прамысловага перавароту склаўся і стаў пануючым пласт буйных прадпрымальнікаў, які выцесніў на другі план панаваўшых раней прадстаўнікоў гандлёвага капітала. У Расіі гэтаму працэсу спрыяла самадзяржаўе праз пратэкцыянісцкую мытную палітыку, казённые заказы, гарантаваныя прыбыткі і г. д. У ліку арганізатараў першых на Беларусі капіталістычных прадпрыемстваў былі прадстаўнікі дваранскага і купецкага, і ў меншай ступені – мяшчанскага і сялянскага саслоўяў. Пасля скасавання прыгоннага права памешчыкі прыстасоўвалі свае маёнткі да умоў капіталістычнага гаспадарання або здавалі сваю зямельную ўласнасць у арэнду (наём) і набывалі якасці (прыкметы), уласцівыя буржуазіі. Тыя ж прыкметы новага ў сацыяльным абліччы дваран-памешчыкаў назіраліся ў выпадках, калі яны арганізовалі ў сваіх маёнтках або ў населеных пунктах прадпрыемствы с выкарыстаннем наёмнай рабочай сілы. Так, у 90-я гг. ХІХ ст. ім належала 343 мануфактуры і фабрыкі, або 46% з існаваўшых на Беларусі. Да пачатку XX ст. налічвалася 495 вінакурных і піваварных заводаў не менш за 3 тыс. млыноў, асноўная маса якіх належала памешчыкам. Яны ж валодалі і сотнямі масларобчых, сыраварных і іншых прадпрыемстваў. На Беларусі дваранства, як правіла, не парывала са сваім класам і цаніла сваю прыналежнасць да вышэйшага саслоўя. Таму асноўнай крыніцай фарміравання буржуазіі з'яўлялася купецтва і разбагацеўшыя рамеснікі. У паслярэформенный перыяд да гэтага класа сталі далучацца заможныя сяляне, якія выкупалі ў збяднеўшых памешчыкаў іх землі і прамысловыя аб'екты. Самай шматлікай часткай буржуазнага класу з'яўляліся яўрэйскія купцы і мяшчане. З цягам часу менавіта яўрэйскай буржуазіі належаў 51% фабрык і заводаў, большасць прыватных газет і крэдытна-фінансавых устаноў. Доля беларускай буржуазіі сярод гарадскога (местачковага) насельніцтва складала 15% (50,5 тыс. чал. з 335,3 тыс. усёй прамыслова-гандлёвай буржуазіі). У межах адзінага буржуазнага класа адрозніваюць сельскую буржуазію. Яе ўзнікненне адбылося ў парэформенны перыяд у асяроддзі заможнага сялянства, якое здолела скарыстаць у сваіх мэтах рынак працоўнай сілы былых прыгонных сялян. Да 1897 г. сельская буржуазія складала каля 9 % усяго сялянскага саслоўя (463,5 тыс. чал. з 5 073,1 тыс). Па памерах уласнасці, формах гаспадарання сельская буржуазія падзяляецца на дробную, сярэднюю і буйную. Прадстаўнікі дробнай буржуазіі складалі 8% ад усяго сельскага саслоўя (418 тыс. чал.) У гаспадарцы дробнага буржуа плошча ворнай зямлі складала ад 20 да 60 дзес., колькасць коней – не менш 3. У яго ж гаспадарцы мела месца выкарыстанне простых сельскагаспадарчых машын і механізмаў. Доля сярэдняй буржуазіі набліжалася да 1% (каля 44,5 тыс. чал). Гаспадарка сярэдняга буржуа складалася з ворнай зямлі плошчай ад 60 да 500 дзесяцін, не менш 6 коней, а таксама сельскагаспадарчых машын. Ва ўладанні 140 сямей (каля 1000 чал.), якіх адносяць да буйной сельскай буржуазіі, знаходзілася 675, 4 тыс. дзес. зямлі, у тым ліку 315 латыфундый. Сярэдняя і буйная аграрная буржуазія фарміравалася з заможнага сялянства, купцоў, ганаровых грамадзян. Уся вытворчасць і перапрацоўка сельскагаспадарчых прадуктаў забяспечваліся выкарыстаннем наёмнай працы парабкаў. Такім чынам, агульная колькасць прадстаўнікоў прамысловай (335,3 тыс) і аграрнай (463,5 тыс. чал.) буржуазіі дасягала 800 тыс. 4. Зараджэнне капіталістычных адносін у прамысловасці адбілася ў з'яўленні новага грамадскага класа – пралетарыяту. Гэтым тэрмінам прынята называць асабіста свабодных людзей, якія існавалі ў эпоху капіталізму выключна за кошт продажу сваёй рабочай сілы. Да пралетарыяў адносяць як гарадскіх, так і сельскіх рабочых (парабкаў). Больш шырокая назва пралетарыяту – рабочы клас. Яшчэ да аграрнай рэформы, у 1860 г. у прамысловасці Беларусі налічвалася каля 41,5 тыс. наёмных рабочых, з якіх 3,1 тыс. працавалі на фабрыках і 4,7 – на мануфактурах. Пасля скасавання прыгону ў 1861 г. працэс фарміравання пралетарыяту значна паскорыўся і асабліва ў гарадах. Асноўнай яго крыніцай з'яўляліся мяшчане і ў меншай ступені – збяднелыя вяскоўцы. З цягам часу пралетарыят стаў папаўняцца патомнымі рабочымі, колькасць якіх у 1897 г., складала ў яго агульнай масе каля 20%. Усяго ж на мяжы ХІХ і ХХ стст. у прамысловасці, на чыгуначным транспарце і ў дэпо было занята каля 260 тыс. рабочых, па ўсіх прыкметах пралетарыяў. Становішча (заробак, умовы працы, сацыяльныя выплаты) прамысловага пралетарыяту залежала ад многіх акалічнасцяў: ад кваліфікацыі работніка, тыпу прадпрыемства, месца яго размяшчэння, галіны вытворчасці, рыначнай кан'юнктуры і інш. Адпаведна лепшым яно было ў рабочых буйных прадпрыемстваў, якія знаходзіліся пад наглядам фабрычнай інспекцыі. Ёй падпарадкоўваліся так званыя цэнзавыя прадпрыемствы – тыя, што мелі не менш чым 16 рабочых пры наяўнасці механічнага рухавіка або не менш за 30 рабочых пры яго адсутнасці. Паводле закона ад 29 чэрвеня 1882 г., на фабрыках і заводах забаранялася выкарыстанне працы дзяцей ва ўзросце менш за 12 гадоў, начной работы непаўналетніх (да 17 гадоў) і жанчын. Працоўны дзень для 12-15-гадовых падлеткаў абмяжоўваўся 8 гадзінамі. Закон ад 3 чэрвеня 1886 г. забараніў фабрыкантам прымаць на працу рабочых без пашпартоў. Рабочыя не мелі права баставаць, патрабаваць скарачэння працоўнага дня і павелічэння заработнай платы. За парушэнне закона прадугледжвалася сістэма пакаранняў, у тым ліку турэмнае зняволенне. Паводле закона ад 2 чэрвеня 1897 г. з 1 студзеня 1898 г. для дарослых мужчын усталёўваліся максімальны працоўны дзень (11,5 гадзін), нядзельныя (52 дні) і святочныя (17 дзён) адпачынкі на працягу года. Характэрна, што на Добрушскай папяровай фабрыцы з мая 1894 г. існаваў упершыню ў Расійскай імперыі ўсталяваны 8-гадзінны працоўны дзень. Гасападары няцэнзавых прадпрыемстваў, мануфактур, рамесных майстэрань у мэтай атрымання найбольшых прыбыткаў жорстка эксплуатавалі рабочых, выкарыстоўвалі жаночую і дзіцячую працу. Рабочыя ўсіх прадпрыемстваў адчувалі аднолькавыя цяжкасці ў час эканамічных крызісаў, якія суправаджаліся масавымі звальненнямі, беспрацоўем. Дзейсным сродкам выхаду са складанага становішча рабілася эканамічная і палітычная барацьба. У агульнай 460-тысячнай арміі пастаянных наёмных рабочых асобае месца займалі сельскія пралетарыі. Першымі іх прадстаўнікамі сталі былыя дарэформенныя парабкі, якія набылі асабістую свабоду і ў новых умовах атрымалі магчымасць з большай для сябе карысцю прадаваць сваю рабочую сілу. Другой крыніцай сельскіх пралетарыяў сталі дваровыя людзі – былыя прыгонныя, якія пасля вызвалення не атрымалі зямлі і, як правіла, былі вымушаны шукаць сродкі для існавання, прадаючы рабочую сілу ў гаспадарскім маёнтку або ў заможных сялян. Група сельскіх пралетарыяў узрастала і за кошт членаў іх сем'яў. Так, у 1897 г. у маёнтках і заможных сялянскіх гаспадарках Беларусі было занята 22 300 дзяцей да 15 гадоў. Развіццё капіталістычных адносін на вёсцы значна пашырала сацыяльную базу для фарміравання сельскага пралетарыяту. Самай масавай яе крыніцай былі бедныя (беззямельныя і малазямельныя) сяляне. Так, з 1877 па 1905 гг. колькасць гаспадарак з надзелам да 15 дзесяцін узрасла ў два разы і склала 487,2 тысячы або 84,5% ад усіх. Такім жа няспынным быў працэс узрастання бясконных і малаконных сялянскіх гаспадарак: з 1888 па 1900 гг. – на 33,7% да 399,9 тысяч або 60,9% ад усіх. У асяроддзі збяднелага сялянства ўзніклі парабкі на пастаяннай аснове і падзённыя (ад слова “дзень”) рабочыя. Першыя, як правіла, рэкрутаваліся з беззямельных, другія – з малазямельных, мала- і бясконных сялян. Такім чынам, у 1897 г. у беларускіх губернях налічвалася 182,2 тыс. пастаянных парабкаў, што складала 37% агульнай колькасці наёмных рабочых і слуг. Іх было адносна няшмат, крыху больш за 5% працаздольнага сельскага насельніцтва, але менавіта яны складалі аснову сельскагаспадарчага пралетарыяту. Сельскімі пралетарыямі або паўпралетарыямі з'яўляліся сямейныя рабочыя, якія ў абмен на прададзеную рабочую сілу атрымоўвалі ардынарыю (прадукты харчавання) і карысталіся гаспадарскім участкам зямлі, Менш распаўсюджаная, зато больш прагрэсіўная форма капіталістычных адносін на вёсцы, увасобілася ў куплі-продажы працы бессямейных рабочых, якія наймаліся гаспадаром на ўмовах харчовага ўтрымання і грашовай аплаты. Акрамя пастаянных парабкаў, існавала катэгорыя сезонных і падзённых рабочых (да пачатку ХХ ст. каля 400 тыс. чал.), паслугі якіх выкарыстоўваліся ў час найбольш напружаных сельскагаспадарчых работ (сяўба, касьба, жніво і г.д.). Часцей за ўсё гэтыя работы з'яўляліся для іх дадатковым сродкам падтрымання сваіх бедных гаспадарак. З класавага пункту гледжання гэтыя сяляне ўяўлялі сабой паўпралетарыяў, бо ў іх асобах спалучаліся рысы як наёмных работнікаў, так і дробных гаспадароў. Такім чынам, пастаянны, сезонны і падзённы наём адбіў прагрэсіўныя тэндэнцыі ў развіцці капіталізму ў сельскай гаспадарцы. Разам з тым працэс фарміравання на вёсцы пралетарыяту ў часе, колькасна і якасна саступаў адпаведнаму працэсу ў прамысловасці. Па прычыне адсутнасці заканадаўчай базы, прававое і эканамічнае становішча сельскагаспадарчых наёмных рабочых (заработная плата, працягласць працоўнага дня, жыллёвыя ўмовы, медыцынскі нагляд) было цяжэйшым за становішча іх гарадскіх братоў па класу. Характэрнай рысай пралетарыяту Беларусі парэформеннага перыяду з'яўляўся шматнацыянальны склад прамысловых пралетарыяў. 60% іх складалi яўрэi, 17% – беларусы, 10% – палякi, 10% – рускiя, каля 4% – латышы, лiтоўцы i ўкраiнцы. Пры гэтым яўрэі не дапускаліся да работы на чыгунках і казённых прадпрыемствах. Сельскія пралетарыі вызначаліся падаўляючай перавагай беларусаў.
|