Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Узнікненне індустрыяльнага грамадства 1 page


Date: 2015-10-07; view: 593.


Прамысловая рэвалюцыя, якая адбылася ў краінах Заходняй Еўропы і ЗША, абумовіла з'яўленне і распаўсюджанне буйной машыннай вытворчасці. У выніку за змену традыцыйнаму (аграрнаму) грамадству прыйшло новае, індустрыяльнае з такім узроўнем грамадска-эканамічнага развіцця, калі найбольшы ўклад у вытворчасць матэрыяльных каштоўнасцей уносіць прамысловасць. Гэта грамадству ўласціва ўсталяванне рыначнай эканомікі, урбанізацыя, наяўнасць асноўных сацыяльных груп – прадпрымальнікаў і наёмных работнікаў, усталяванне дэмакратыі, грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы.

Усталяванне індустрыяльнага грамадства ў Расійскай імперыі прайшло тыя ж этапы, што і на Захадзе. Да канца 90-х гг. ХІХ ст. яе фабрычна-заводская вытворчасць давала ўжо 85% прамысловай прадукцыі, што дало Расіі магчымасць разам з Англіяй, Францыяй, Германіяй і ЗША, увайсці ў пяцёрку самых развітых дзяржаў свету.

Разам з тым на этапе пераходу ад папярэдняй, аграрнай цывілізацыі да індустрыяльнай выявіліся адмоўныя фактары, якія тармазілі гэты працэс: па-першае, захаванне шматукладнай эканомікі перажыткаў феадалізму; па-другое, захаванне саслоўна-самадзяржаўнага ладу, які абмяжоўваў свабоду прадпрымальніцтва, развіцццё гандлю і прамысловасці; па-трэцяе, актыўнае ўмяшальніцтва царызма ў эканоміку, вялікая роля дзяржавы ў прамысловасці, фінансах і транспарце; нарэшце, значныя дзяржаўныя расходы на падтрымку саслоўя памешчыкаў і чыноўніцкага апарату.

Беларусь як частка агульнарасійскага палітычнага, сацыяльна-эканамічнага і культурнага арганізма ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стст. таксама адчувала ўздзеянне перамен, але ў меншай ступені. Так, прамысловая рэвалюцыя тут яшчэ не завяршылася, доля фабрычнай вытворчасці ў агульным аб'ёме валавой прадукцыі складала менш паловы (46,8%), а на прадпрыемствах цэнзавай прамысловасці налічвалася толькі 31 тыс. рабочых. Беларускія прамыславікі і прадпрымальнікі, у адрозненні ад маскоўскага, пецярбургскага уральскага, і іншых рэгіёнаў спецыялізавалася не на машыннай індустрыі, а на выпуску традыцыйнай (харчовай, будаўнічай, гарбарнай і г. д.) прадукцыі і на продажы сыравіны (лён, лес).

Працэс накаплення грашовых сродкаў мясцовымі купцамі для ажыццяўлення фінансава-крэдытных аперацый адбываўся марудней, што абумовіла вызначальную актыўнасць расійскага капітала. Аддзяленні Дзяржаўнага банка былі адкрыты ў губернскіх і асобных павятовых (Бабруйск, Гомель, Пінск) цэнтрах. У 1873 г. у Мінску пачаў сваю дзейнасць прыватны Камерцыйны банк. У 1874 г. у Мінску, Магілеве і Віцебску з'явіліся таварыствы ўзаемнага крэдыту. Усяго ў 1870-1914 гг. на Беларусі дзейнічала 9 банкаў і 48 аддзяленняў. На Беларусі дзейнічалі сумесныя руска-бельгійская (“Віцебскі трамвай”, фабрыка “Дзвіна”), руска-англійскія (пабудова чыгунак), руска-германскія (продаж лёну, лесу) акцыянерныя кампаніі. Мясцовых манапольных аб'яднанняў на Беларусі не існавала, за выключэннем Пінскай фабрыкі драўляных цвікоў для пашыву ботаў, которая належала сямейству Лур'е. Наогул асноўная маса шпалерных, папярова-кардонных, запалкавых, мэблявых і інш. прадпрыемстваў належала яўрэйскім прадпрымальнікам.

Дзякуючы развітай сістэме чыгуначных і рачных перавозак здзяйсняўся вялікі аб'ём тавараперавозак, які прывёў да паступовага заняпаду базараў і кірмашоў, і абумовіў узнікненне новых форм гандлю.

Эканоміка беларускіх губерняў, інтэграваных у агульнарасійскі рынак, не пакутавала ад дэфіцыту тавараў або іх перавытворчасці. Яна не адчувала камерцыйнай экспансіі з расійскага боку. На Беларусь увозіліся толькі тыя тавары, якія тут не вырабляліся (машыны, абсталяванне, метал, газа, соль, пшаніца), або не здабываліся (вугаль, нафта). Як вынікае з балансу грузаабароту беларускіх чыгунак, у 1913 г. на станцыі прыбыла 191 054 тыс. пудоў грузаў, адпраўлена 206 295 тыс. пудоў. У гэтай сувязі мала падстаў лічыць Беларусь расійскім сыравінным прыдаткам. Яе эканоміка мела пераважна аграрны характар, развівалася на сваёй традыцыйнай аснове, выкарыстоўвала дасягненні прамысловага перавароту і з'яўлялася самадастатковай.

Усё ж аднесці Расійскую імперыю да краін, дзе да пачатку ХХ ст. сфарміравалася класічнае індустрыяльнае грамадства, нельга. Нягледзячы на наяўнасць асноўных знешніх атрыбутаў (перавага ў прамысловасці фабрычна-заводскай вытворчасці, панаванне капіталістычнага рынку, існаванне банкаўскай сістэмы, узнікненне буржуазіі і пралетарыяту і г.д.), у эканоміцы і грамадскім жыцці краіны заставалася шмат рудыментаў папярэдняй, аграрнай цывілізацыі. Асабліва яскрава гэта выявілася на прыкладзе Беларусі. Працэс урбанізацыі быў дастаткова марудным: у гарадах пражывала каля 10% на-сельніцтва. Асноўную масу прамысловага рабочага класа складалі работнікі дробных прадпрыемстваў. У сельскай гаспадарцы панавала буйное памешчыцкае землеўладанне. Саслоўная структура яшчэ пераважала над сацыяльна-класавай. Эканамічнае дамінаванне асобных нацыянальных груп абмяжоўвалася палітыка-прававымі сродкамі. Аўтарытарная (манархічная) палітычная сістэма не пакідала шанцаў на ўтварэнне прававой дзяржавы і грамадзянскай супольнасці.

 

Лекцыя 9. Расійскі шлях палітычнай мадэрнізацыі ў працэсе стагнаўлення індустрыяльнай цывілізацыі

 

Пытанні

 

1. Буржуазныя рэформы 60-70-х гг. ХІХ ст.: асаблівасці іх

правядзення на Беларусі.

2. Шляхецкія паўстанні і іх уплыў на палітыку самаўладдзя

ў беларускіх губернях.

3. Ідэалогія лібералізму, народніцкі і сацыял-дэмакратычны рух

на Беларусі. Выспяванне нацыянальнай ідэі ў светапоглядзе

беларускіх народнікаў.

4. Афармленне агульнарасійскіх і нацыянальных партый.

5. Рэвалюцыя 1905-1907 гг. Пачатак парламентарызму.

6. Беларускі нацыянальны рух і “Наша Ніва”

7. Аграрная рэформа Сталыпіна i яе ўплыў на гаспадарку Беларусi

8. Палiтычнае становiшча ў краіне і на Беларусі (1907-1914 гг.)

 

1. Скасаванне прыгону з'яўлялася першым крокам Аляксандра IІ на шляху мадэрнiзацыi расiйскага грамадства па ўзору вядучых заходнееўрапейскiх краiн. Наступным гуманным актам царскага ўрада стала выданне закона 17 красавіка 1863 г. аб скасаванні пакаранняў шпіцрутэнамі, плёткамі, розгамі, забароне кляймення, прыкоўвання катаржаніна да тачкі і інш. Нарэшце, асноўнае месца ў сістэме захадаў па абнаўленні грамадскага жыцця павінна была адыграць судовая рэформа, прынятая ў лiстападзе 1864 г. Асноўныя яго прынцыпы: усесаслоўнасць, нязменнасць суддзяў, незалежнасць суда ад адмiніcтрацыi, вусны характар, спаборнасць i галоснасць судовага працэсу.

Пры разглядзе крымiнальных спраў прадугледжваўся ўдзел грамадскасці праз інстытут прысяжных засядацеляў. Iнтарэсы абвiнавачваемых абаранялi прысяжныя павераныя (адвакаты). Усталёўвалася сicтэма судовых устаноў: мiравы суд (1 суддзя), з'езд мiравых суддзяў, акруговыя суды (у губернях), судовыя палаты (некалькi губерняў). Вышэйшай судовай інстанцыяй быў cенат. Сенатары прызначалiся царом. Нагляд за судамi здзяйснялi пракуроры на чале з генерал-пракурорам (ён жа мiнiстр юстыцыi).

Нягледзячы на адзіны для ўсіх акруговы ўсесаслоўны суд, асобныя справы разглядалiся ў валасных (для сялян), духоўных (для царкоўнаслужыцеляў) i ваенных судах. На час вайны ствараліся ваенна-палявыя суды.

Мiравы суддзя павiнен быў быць не маладзейшым за 25 год, мець не менш 400 дзес. зямлi або валодаць нерухомасцю не менш за 15 тыс. руб., мець вышэйшую ці сярэднюю адукацыю або 3 гады стажу. Але спiс асоб для выбараў на пасаду суддзi павiнен быў зацвярджацца губернатарам, што супярэчыла прынцыпу незалежнасці суда ад адмiнiстрацыi.

Склад акруговага суда прызначаўся iмператарам па прадастаўленнi мiнiстра юстыцыi. У гэтым судзе таксама быў iнстытут прысяжных засядацеляў. Але пасля таго, як Пецярбургскi акружны суд вынес апраўдальны прысуд В.Засуліч, якая страляла ў граданачальніка Трэпава (1878), надалей усе справы падобнага кшталту перадаваліся ў судовыя палаты і нават ваенна-акруговыя суды.

На Беларусi судовая рэформа пачалася пазней, толькi ў 1872 г. Пры гэтым суддзi ў мiравых судах не абiралiся, а назначалiся мiнiстрам юстыцыi. Акруговыя (губернскiя) суды сталi стварацца з 1877 г. Пры гэтым у суддзi не дапускалi каталiкоў, а яўрэяў – i ў засядацелi. У 1883 г. была заснавана Вiленская судовая палата, якая разглядала справы жыхароў Вiленскай, Гродзенскай, Ковенскай i Мiнскай губерняў. Магілёўская губерня падпарадкавалася Кіеўскай, а Віцебская губерня – Пецярбургскай судовым палатам.

Пасля рэформы 1861 г. царызм сутыкнуўся з моцным iмкненнем дваранства атрымаць доступ да ўдзелу ў мясцовым кiраванні. З другога боку паслабленне празмернай цэнтралізацыі дзяржаўнай улады адпавядала духу рэформ, распачатых Аляксандрам ІІ. Для абрання земскіх органаў самакіравання былі сфарміраваны тры групы (курыі) выбаршчыкаў: прыватныя землеўладальнiкi, гарадскiя i сельскiя грамадствы пры першаступеннай увазе маёмаснага цэнзу. Такiм чынам, падаўляючую перавагу набывалi дваране. Прыняты ў студзенi 1864 г. рэформа мела на мэце заснаванне у губернях і паветах установы мясцовай эканомікі, асветы, медыцыны, падатковай сiстэмы і г.д., што, акрамя іншага, паслабляла прыгнёт царскіх чыноўнікаў і набліжала да ўлады сам народ. Па прычыне пражывання на Беларусі значнай колькасці яўрэяў і палякаў, апазіцыйна настроеных супраць царызму, ажыццяўленне земскай рэформы ва ўсходніх беларускіх губернях было адтэрмінавана да 1911 г., а ў заходніх – нават да 1917 г.

Гарадская рэформа, распачатая ў 1870 г., мела на мэце перадаць справы гарадскога жыцця ў распараджэнне калегіяльнага органа – думы. У мэтах яе абрання ўсе падаткаплацельшчыкі фарміравалі тры групы (курыі) выбаршчыкаў – ад багатых, сярэдніх і бедных жыхароў, кожная з якой выбірала сваю трэць прадстаўнікоў (гласных) у думу. Выканаўчым органам яе з'яўлялася ўправа на чале з гарадскім галавою – старшынёй, які зацвярджаўся губернатарам або нават міністрам унутраных спраў. Дума таксама не была поўнасцю самастойнай у сваёй дзейнасці. На яе рашэнні маглі паўплываць губернатар і сенат.

Гарадская рэформа адбылася на Беларусi на 5 год пазней, чым у Расіі, у 1875 г. Царскія ўлады зрабілі ўсё магчымае, каб абмежаваць удзел яўрэяў у абранні і рабоце думы. Нягледзячы на тое, что яны колькасна пераважалі ў гарадах, іх прадстаўнікамі ў самакіраванні былі адзінкі.

Паражэнне Расіі ў Крымскай вайне (1853-1856) паставіла ў парадак дня неабходнасць карэнных перамен у рускай арміі. У прыватнасці, выявілася неадпаведнасць 25-гадовага тэрміну салдацкай службы баяздольнасці арміі і сацыяльна-эканамічным інтарэсам дзяржавы. З прызначэннем Дз. Мілюціна на пасаду ваеннага міністра гэты тэрмін быў скарочаны да 16 год, быў палепшаны быт салдат, іх пачалі навучаць грамаце ў ротных школах. Афіцэрам забаранялася рукапрыкладства, а пакаранне салдат розгамі істотна абмяжоўвалася.

Сама ваенная рэформа пачалася ў 1862 г., калі ў рэкруты сталі браць больш мужчын, але тэрмін іх службы быў скарочаны да 6 год у сухапутных войсках і да 7 – на флоце. Сэнс гэтых навацый заключаўся ў тым, што людзі пасля службы ішлі ў рэзерв (запас) і ў выпадку ваеннай неабходнасці маглі быць мабілізаванымі ў войска. І па-другое, адслужыўшыя свой тэрмін рэзервісты мелі магчымасць абраць род далейшых заняткаў, зевесці сям'ю, гаспадарку. У новаўвядзенняў уся тэрыторыя падзялялася на 15 ваенных акруг, рэгулярнае войска было скарочана да 742 тыс. (на 34,4 %), а праз колькі часу ў запасе знаходзілася каля 500 тыс. дэмабілізаваных воінаў.

У 1864 г. для падрыхтоўкі афіцэрскіх кадраў былі заснаваны юнкерскія вучылішчы, якія замянілі сабой саслоўныя кадэцкія корпусы. Прааналізаваўшы прычыны перамогi Прусii ў вайне з Францыяй (1871), Мілюцін укараніў новы прынцып камплектавання рускай армii. Так, у адпаведнасці з Законам ад 11 студзеня 1874 г., уводзiлася ўсеагульная воiнская павiннасць мужчын ва ўзросце ад 21 да 41 год за выключэннем карэнных жыхароў Сярэдняй Азіі і Сібіры (чукчаў, якутаў). У войска не бралi таксама адзiных сыноў, кармiльцаў i г. д. Пасля службы дэмабілізаваны салдат ішоў у бестэрмiновы адпачынак, затым 5 год ён лічыўся ў запасе, да 41 года яго запісвалі ў апалчэнне, а пасля гэтага яго кар'ера абаронцы радзімы заканчвалася.

Тэрмiн службы салдат з вышэйшай адукацыяй складаў 6 месяцаў, выпускнікоў гiмназiй – 1,5 года, гарадскога вучылiшча – 3, пачатковай школы – 4 гады. Сярод афiцэраў былі татары, палякі, зато нiводнага яўрэя, за выключэннем ваенных урачоў. Такiм чынам, i царскае войска адчула ўздзеянне ліберальных рэформ. Характэрна, што новае войска, папоўненае адукаванымі людзьмі, выхаванае без розаг, у духу гуманнасці апраўдала спадзяванні рэфарматараў, калі з 1878 г. атрымала бліскучую перамогу над Турцыяй.

Школьная рэформа, прынятая ў 1864 г., абвяшчала магчымасць атрымання адукацыі на прынцыпе ўсесаслоўнасці. “Палажэнне аб пачатковых народных вучылiшчах” дазваляла iх адкрываць арганiзацыям i нават прыватным асобам. У выніку дзяржаўна-царкоўная манаполiя на народную асвету некалькі паслаблялася, але не знікла. Так, асноўнай задачай пачатковай школы заставалася “ўкараненне ў народзе рэлiгiйных i маральных паняццяў”, таму ў ёй выкладаўся “Закон Божы”, якi меў прыярытэт перад навучаннем грамаце, i чатырма арыфметычнымі дзеямі.

Сярэдняя школа набыла ўсесаслоўны статус i прадугледжвала платную адукцыю. Гiмназii падзялялiся на класiчныя i рэальныя (пазней, пераіменаваныя ў вучылiшчы). Вучэбная праграма класiчных гiмназiй была заснавана на гуманітарных дысцыплінах (гісторыя, старажытныя мовы і інш.), засваенне якіх дазваляла маладым людзям без экзаменаў паступаць ва універсітэты. Для паступлення ў тэхнічныя вну патрэбна было здаць экзамены на засваенне вучэбнай праграмы рэальнай гімназіі (вучылішчаў), якая базіраваліся на дысцыплінах прыродазнаўчага цыклу.

У 1863 г. была адноўлена аўтаномiя унiверсiтэтаў. За парэформенны час у дадатак да iснаваўшых у Маскве, Пецярбурзе, Варшаве, Казанi, Кiеве, Юр'еве, Гельсiнфорсе універсітэты адчынілiся ў Адэсе і Томску. Пасля закрыцця Горацкага земляробчага інстытута на тэрыторыі Беларусі вну не iснавала.

Ліквідаваўшы саслоўныя і нацыянальныя перагародкі ў адукацыі, царскія міністры па-ранейшаму разглядалі школу як сродак русіфікацыі ідэалагічнага выхавання, таму свецкіх навучальных устаноў на іншых мовах не існавала

Цэнзурная рэформа, абвешчаная 6 красавіка 1865 г., прывяла да пэўнай лібералізацыі ў галіне выдання і распаўсюджання літаратурных, навучальных і іншых твораў. Галоўнаму ўпраўленню па справах друку пры міністэрстве унутраных спраў надавалася права вызвалення ад папярэдняй цэнзуры арыгінальных сачыненняў (аб'ёмам звыш 10 друкаваных аркушаў), перакладаў (звыш 20 аркушаў), сталічнай прэсы, а таксама навуковых выданняў акадэміі і універсітэтаў. За парушэнне палажэнняў аб цэнзуры была ўсталявана судовая адказнасць. Так, у 1866 г. былі закрыты часопісы “Современник” і “Русское слово”. Нягледзячы на жорсткасць існаваўшага заканадаўства, грамадскасць Расіі набывала магчымасць публічнага выказвання сваіх думак і абмеркавання бягучых праблем ва ўласных, недзяржаўных выданнях. Адным з такіх выданняў зрабілася газета “Минский листок» (1886-1902).

У вынiку абвяшчэння рэформ расiйскае грамадства атрымала шанец прасунуцца наперад – ад абсалютнай манархі да прававой дзяржавы, дзе пануе адзіны закон для ўсіх людзей, незалежна ад іх салоўнай ці нацыянальнай прыналежнасці, веравызнання або маёмаснага стану. Але істотна наблізіцца да заходнееўрапейскай цывілізацыі Расіі не ўдалося.

З забойствам Аляксандра ІІ (1881) г. у краіне пачаўся перыяд жорсткай палітычнай рэакцыі. “Распараджэнне аб мерах да захавання дзяржаўнага парадку і грамадскага спакою і прывядзенні пэўных мясцовасцяў у стане ўзмоцненай аховы», выдадзенае 14 жніўня 1881 г., надавала права жандармерыі ў 10 губернях Расійскай імперыі дзейнічаць адпаведна сітуацыі, не падпарадкоўваючыся адміністрацыі і судам. Часовыя захады знайшлі працяг у курсе новага цара Аляксандра ІІІ (1881-1894) на “карэктыроўку рэформ” або ў так званых контррэформах. Так, законам ад 12 лютага 1887 г. уводзілася практыка закрытых судовых працэсаў і фактычна скасоўвалася публічнасць суда.

У 1884 г. царкоўнапрыходскія школы перадаваліся ў ведамства Сінода. Дзецям нiжэйшых саслоўяў (“кухаркіным дзецям”) забаранялася паступленне ў гiмназiю, а для навучэнцаў-яўрэяў быў уведзены абмежавальны працэнт. Пры паступленні ва унiверсiтэт патрабавалася характарыстыка аб дабранадейнасцi. У 1884 г. аўтаномія універсітэтаў была скасавана: рэктар і прафесарскі склад прызначаўся ўрадам. Плата за навучанне значна павышалася. Усе студэнты былі абавязаны насіць форму. З-за ўзмацнення цэнзуры былі закрыты многія выданні. У новым палажэнні аб земствах (1890) узмацняліся пазіцыі дваран. Новае Гарадавое палажэнне ад 11 чэрвеня 1892 г. істотна скарачала колькасць выбаршчыкаў з ліку бедных жыхароў.

Наогул, Александр ІІІ да канца свайго жыцця лічыў лібералізм “д'ябальскай задумай” і свята верыў у асобы рускі шлях, свабодны ад заходніх рэформ. На практыцы гэтая палітыка ўяўляла сабою спробу ўмацавання дзяржавы традыцыйнымі метадамі з апораю на выпрабаванае стагоддзямі дваранскае саслоўе.

На Беларусi ажыццяўленне названых рэформ і контррэформ мелi свае спецыфiчныя асаблiвасцi, абумоўленыя наяўнасцю тут моцнай антыцарскай апазіцыі, у тым ліку ў асяроддзі прывілеяваных саслоўяў. Невыпадкова таму, нягледзячы на часовы характар закона ад 14 жніўня 1881 г., усталяванае ў 10 губернях Расіі надзвычайнае становішча фактычна існавала тут да краху самаўладдзя ў 1917 г.

2. Пасля перамогi над Напалеонам у вайне 1812-1815 гг. да Расii адыйшла частка Польшчы разам з Варшавай, якая была вылучана ў так званае “Царства Польскае”. Нягледзячы на яго дастаткова аўтаномнае становішча ў складзе iмперыi (лiберальная палiтыка царскага намеснiка Канстанцiна, уласныя канстытуцыя, сейм, адмiнiстрацыя, рэлігія, войска, паліцыя, мова, сiстэма асветы, нават права чэканiць манету), польская шляхта марыла аб адраджэннi Рэчы Паспалітай у межах да 1772 г. і яе поўнай незалежнасці. Гэтая ж iдэя дамiнавала i ў шматлiкiх тайных таварыствах, што дзейнiчалi на Беларусi ў 1820-я гг. Свае спадзяванні на незалежнасць шляхта звязвала з прыходам на трон новага цара – Мікалая І, але ён адмовіўся мяняць статус Царства. Адзіным выйсцем з канфлікта магла быць пасрэдніцкая дзейнасць Францыі.

Падставай да ўсеагульнага паўстання ў Польшчы сталi чуткi, быцам цар збiраецца накiраваць размешчаныя на яе тэрыторыі войскі супраць Францыi, дзе выбухнула чарговая рэвалюцыя. Таму, у ноч на 29 лiстапада 1830 г. група радыкальна настроеных асоб напала на рэзiдэнцыю царскага намесніка. Адначасова выступiлi iнструктары i навучэнцы школы падхарунжых, у выніку 30 лiстапада Варшава была ў руках паўстанцаў. Канстанцiн адмовiўся выканаць iх патрабаваннi аб наданнi РП рэальнай незалежнасцi i пакiнуў Польшчу. 20 cнежня сейм апублiкаваў “Манiфест польскага народа” з заклiкам падтрымаць паўстанне, каб "вярнуць сваю незалежнасць і старажытную магут-насць" і дасягнуць "злучэння" са сваімі братамі, якія пакутуюць пад прыгнётам "пецярбургскага кабінета". Невыпадкова, адразу ж у Лiтву, Украiну i на Беларусь накiроўвалiся эмiсары. 29 студзеня 1831 г. быў сфарміраваны нацыянальны ўрад на чале з князем А. Чартарыйскім.

У сваю чаргу царскiя ўлады прынялi адпаведныя захады ў памежных з Царствам паветах – увялі ваеннае становiшча, узмацнілі гарнiзоны, выслалі недабранадзейную шляхту ўглыб Расii і інш. На пачатку лютага 1831 г. на тэрыторыю Польшчы ўступіла руская армiя. Паўстанцы былі вымушаны адступiць за Вiслу.

Каб прадухіліць далейшае разрастанне паўстання, Мікалай І выдаў указ ад 22 сакавіка 1831 г., скіраваны супраць “бунтаўшчыкоў”. Тыя, хто належаў да шляхты, падлягалі ваенным судам, іх сыны – аддачы ў кантаністы (будучыя рэкруты), а маёнткі – канфіскацыі. “Бунтаўшчыкам” з ліку падатных саслоўяў пагражала вайсковая служба ў Сібіры. У той самы час, калі сяляне кідалі зброю і вярталіся дадому, яны пазбаўляліся пакарання. Але ў траўні паўстанцкі рух ахапіў беларускія паветы – Ашмянскi, Браслаўскi, Вiлейскi, Дзiсенскi, Cвенцянскi, дзе cтваралiся мясцовыя ўрады (камiтэты) на чале з мясцовай шляхтай, праводзiлiся рэкруцкiя наборы ў атрады. Ксяндзы заклiкалi да “святой вайны” за радзіму.

Падрыхтоўкай да масавага паўстання на Беларусi i ў Лiтве заняўся Вiленскi паўстанцкi камiтэт, якi наладзiў сувязi з Варшавай i павятовымi камiтэтамi. Аднак яго кiраўнiцтва нават не здзейснiла спробы раззброiць трохтысячны царскi гарнiзон, а заняла абарончую тактыку. Рыхтуючыся да рашучай барацьбы, арганізатары паўстання абвясцілі аб фарміраванні "паспалітага рушання". У яго павінны былі ўступіць усе мужчыны шляхецкага саслоўя ад 18 да 45 гадоў, а таксама 1 рэкрут ад двух сялян або мяшчан.

19 чэрвеня аб'яднаныя сілы паўстанцаў у складзе 24 тыс. чал. на чале з галоўнакамандуючым Гелгудам спрабавалі штурмаваць Вiльню, але няўдала, і неўзабаве былі самі разгромлены. Рэшткі іх мусілі перайсці да партызанскай тактыкі барацьбы. Актыўны ўдзел у ёй бралi гарадская шляхта, чыноўнiцтва і студэнты універсітэта.

У чэрвенi-лiпенi ачагi паўстання мелi месца ў Пiнскiм, Мазырскiм, Рэчыцкiм, Навагрудскiм паветах, у Магiлёўскай i Вiцебскай губернях, але на пачатку жніўня ўсе яны былі ліквідаваны. Падаўленнем паўстання на тэрыторыi Польшчы кiраваў галоўнакамандуючы рускай армiяй Паскевiч. У ноч на 8 верасня 1831 г. ён дамогся капiтуляцыi ад паўстанцаў, якія так i не атрымалi спадзяванай дапамогi ад Францыi.

Паражэнне паўстання 1830-1831 гг. мела значныя палiтычныя, сацыяльна-эканамiчныя i культурныя наступствы, у першую чаргу, для польскага дваранства і каталіцкага духавенства. Як вядома, гэтае паўстанне па складу ўдзельнiкаў было пераважна шляхецкiм. У значнай ступені яго падтрымлівалі тыя жыхары, якія ўсведамлялі сябе палякамі. Роля сялянства ў паўстанні была нязначнай. Рэкрутаваныя ў паўстанцкія атрады сяляне не выяўлялі зацікаўленасці ў барацьбе і ўдзельнічалі ў ёй хутчэй за ўсё па волі гаспадара.

Натуральна, што хваля царскiх рэпрэсiй закранула ў першую чаргу менавiта шляхту i касцёл. Усе атрыбуты польскай аўтаноміі – канстытуцыя, сейм, войска i г. д., былі скасаваны, а Царства Польскае падзелена на губернi. Мiкалай I паставiў на мэце не толькi пакараць вiнаватых, але i падарваць палiтычную моц шляхты i касцёла i менавiта ў раёнах, адносна нядаўна далучаных да Расii – найперш на Беларусi. Менавiта з мэтай барацьбы супраць польскага i каталiцкага ўплыву i былi распачаты рэпрэсiўныя захады амаль ва ўсiх сферах жыццядзейнасцi мясцовага насельнiцтва.

Актыўны ўдзел у падаўленні паўстання і вырашэнні лёсу яго ўдзельнікаў браў гродзенскi, а затым і мінскі губернатар М. М. Мураўёў, па прозвішчу «Вешальнік”. У сваёй нянавісці да палякаў ён не спыняўся нават перад цялеснымі пакараннямі шляхты.

У 1831 г. М. Мураўёў забаранiў выкарыстанне Статуту ВКЛ спачатку ў Вiцебскай i Магiлёўскай, а затым i ў заходніх губернях. Яго месца заняў “Свод законов Российской иперии” Для “навядзення парадку” у 1832 г. быў створаны так званы Заходнi камiтэт. У лiку першых пастаноў камiтэта стала ўвядзенне рускай мовы ў дзяржаўнае справаводства замест польскай. Для ўмацавання дзейснасцi антыпольскiх захадаў урад ствараў спрыяльныя ўмовы для рускiх чыноўнiкаў, але да канца царавання Мiкалая I iх доля складала толькi пятую частку - 20%.

Да следства за ўдзел у паўстанні ў беларуска-літоўскіх губернях было прыцягнута 2878 чалавек. Сярод іх было 336 памешчыкаў, 103 прыватныя служачыя, 86 студэнтаў, 73 афіцэры, 6 аднадворцаў, 627 сялян. Усяго канфіскавана маёнткаў: у Віленскай губерні -118 (больш за 25 тыс. прыгонных мужчынскага полу); у Гродзенскай -70 (28,6 тыс.); у Мінскай - 22 (15,5 тыс.); у Віцебскай - 6 (15 тыс.) і ў Магілёўскай - адзін маёнтак (1,5 тыс.)2.

У час следства па справе паўстанцаў шляхта мусiла даказваць сваю невiнаватасць, даваць прысягу на вернасць цару i паведамляць аб крамоле. Тыя, хто каяўся ва ўдзеле ў паўстанні i не прынёс істотнай шкоды, атрымоўвалi амнiстыю. Хто адмаўляўся ад пакаяння – губляў маёмасць i высылаўся ў Сiбiр. Канфiскаваныя маёнткi на выгодных умовах прадавалiся і цягам часу тут з'явiўся пласт рускiх памешчыкаў дваранскага i чыноўнiцкага паходжання. Але новыя гаспадары тут, як правiла, не прыжывалiся, таму гэтая маёмасць здавалася ў арэнду мясцовым панам або яўрэйскiм купцам.

Паўстанне 1830-1831 гг. выявiла вызначальную ролю ў ім шляхты, асаблiва дробнай, так званай засцянковай. У гэтай сувязi аднавiўся распачаты яшчэ пры Кацярыне так званы “разбор шляхты”, у адпаведнасцi з якiм кожны шляхцiч мусiў дакументальна пацвердзiць сваю прыналежнасць да высакароднага саслоўя. Гэтым царызм праследаваў не толькi эканамiчныя, але i палiтычныя мэты. Пазбаўленыя дваранскiх прывiлеяў, яны набывалi cтатус падатковых пластоў - “грамадзян” або “аднадворцаў”, гэта значыць, былі абавязаны выконваць рэкруцкую і іншыя павiннасцi. Многiя з iх, страцiўшы сродкi да iснавання, былi вымушаны iсцi на дзяржаўную службу, аддаваць сыноў у рускiя кадэцкiя карпусы i iнш.

Падлягала перагляду ўся сiстэма адукацыi на Беларусi. Найперш, у 1832 г. быў закрыты Вiленскi унiверсiтэт як ачаг антырасiйскiх настрояў. Усе унiверсiтэцкiя каштоўнасцi (бiблiятэка, музей) былi перавезены ў Кiеў, дзе з 1834 г. пачаў працаваць унiверсiтэт iмя Уладзiмiра Святога. Каб заахвоцiць шляхецкую моладзь, у маскоўскiм i пецярбургскiм унiверсiтэтах вылучалася па 50 iмянных стыпендый. Створаная на базе медыцынскага факультэта Вiленскага унiверсiтэта Медыка-хiрургiчная акадэмiя ў 1842 г. была таксама зачынена за антыўрадавую дзейнасць яго навучэнцаў.

Асноўныя намаганнi царскага ўрада былi скiраваны на рэфармаванне сярэдняй i нiжэйшай адукацыi, якая ахоплiвала асноўную колькасць школ. Пасля паўстання iх колькасць зменшылася ўдвая. Закрывалiся таксама польскiя школы пры касцёлах. Каталiцкае духоўнае вучылiшча перамяшчалася з Вiльнi ў Пецярбург. Ва ўсiх школах забаранялася выкладанне польскай мовы. Усё навучанне стала весціся па-руску. Усё гэта i iншае вяло да вострага недахопу рускамоўных настаўнiкаў. У 1839 г. пэўную іх долю (17%) склалі пераехаўшыя на льготных умовах з Расіі, а асноўную масу складалi па-ранейшаму мясцовыя настаўнікі, а таксама праваслаўныя святары.

Важным накiрункам барацьбы ўрада супраць польскага ўплыву з'яўлялася канфесiйнае пытанне. Каталiцкая царква пераводзiлася на дзяржаўнае ўтрыманне, а яе маёнткi канфiскоўвалiся. За дапамогу паўстанцам 191 кляштар з 304 быў зачынены або ператвораны ў прыход. Ксяндзам забаранялася адлучацца ад сваiх прыходаў. Забаранялася адкрываць новыя, калi ў iх не набiралася 400 вернiкаў або 100 хат. У семiнарыях дазвалялася выкладаць толькi на лацiнскай або рускай мовах. Кантакты бiскупаў з Рымам дазвалялiся толькi з санкцыі Пецярбурга. На тэрыторыi Лiтвы i Беларусi дзейнiчала 4 бiскупствы – Вiленскае, Магiлёўскае, Мiнскае, Ковенскае, якія падпарадкоўвалiся мiтрапалiту, а яго рэзiдэнцыя размяшчалася ў Пецярбурзе. Вышэйшы орган кiравання - Рымска-каталiцкая калегiя з'яўлялася дзяржаўнай установай.

Што датычыць cамай масавай канфесіі беларусаў – грэка-рымскай або унiяцкай, то на тэрыторыi Лiтвы i Беларусi, то да 1830 г. тут дзейнічала ўжо 2 епархіі. Па прапанове царскага ўрада ў 1827 г. засядацель уніяцкага дэпартаменту Я. Сямашка падрыхтаваў праект па далучэнні уніяцтва да праваслаўя. Але гэта здзейснілася толькі 23 сакавіка 1839 г., калі Сінод прыняў пастанову аб далучэнні грэка-каталіцкай царквы да праваслаўнай. 30 сакавіка 1839 грэка-уніяцкая калегія была перайменавана ў Беларуска-Літоўскую на чале з арцыбіскупам Язэпам. Ён жа ўзначаліў створаную ў 1840 г. Літоўскую праваслаўную епархію ў сане арцыбіскупа Літоўскага і Віленскага. Характэрна тое, што фактычна здрадзіўшы уніяцтву, Я. Сямашка не толькі страціў павагу ў каталікоў, але і не знайшоў яе ў асяроддзі сваіх калег – праваслаўных іерархаў, ні нават у віленскага генерал-губернатара Назімава. Адчуўшы сваю зямную місію выкананай, мітрапаліў замовіў сабе магільны склеп, які быў пабудаваны яму ў 1849 г. у манастыры віленскіх мучанікаў.

Такiм чынам, факт удзелу ў паўстаннi 1830-31 г. насельнiцтва Беларусi i Лiтвы быў выкарыстаны царызмам для вынiшчэння ў гэтым рэгiёне вызначальнага ўплыву польскай шляхты, каталiцкага касцёла i унiяцкай царквы. Ускосна гэта палiтыка скiроўвалася на далейшае духоўнае развiццё беларускага народа ў напрамку зблiжэння з рускiм народам i праваслаўем.

З 1840 г. назвы “лiтоўскi”, “беларускi” сталi знiкаць з дакументальнага ўжытку. Замест iх з'явiлася назва “Паўночна-Заходнi край”. Менавiта з таго часу назва “Лiтва”, “лiтовец”, “лiтоўскi” стала замацоўвацца за тэрыторыяй i насельнiцтвам Ковеншчыны. Агульнанацыянальная назва “Лiтва” была страчана. Царызму было выгадна называць мясцовае насельніцтва любым iншым iменем, што аддзяляла б яго ад палякаў.

Што датычыць саміх палякаў, то, нягледзячы на шэраг знiшчальных захадаў урада, iдэя Рэчы Паспалiтай у iх духоўнай i практычнай дзейнасцi заставалася непарушнай. Пасля закрыцця універсітэта важнейшым нацыянальным навуковым цэнтрам зрабілася Віленская археалагічная камісія, якая ў многім падрыхтавала ідэйную глебу для чарговага паўстання за адраджэнне Рэчы Паспалітай.

Сацыяльна-палітычная напружанасць у Расійскай імперыі, выкліканая падрыхтоўкай і правядзеннем аграрнай рэформы, узмацнілася актывізацыяй польскага вызваленчага руху з мэтай адраджэння незалежнай Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. У 1861 г. яго ўдзельнікамі з'яўляліся розныя колы польскага грамадства, аб'яднаныя ў два лагеры – так званых белых і чырвоных. Да першых належалі арыстакраты, буйныя буржуа і каталіцкая вярхушка. Другія прадстаўлялі, у сваёй большасці, дробную шляхту, а таксама інтэлігенцыю і гарадскіх працоўных. Кожны з лагераў бачыў свой шлях да дасягненні мэты: белыя – праз маральнае (з дапамогай пратэстна-патрабавальных акцый) і міжнародна-дыпламатычнае ўздзеянне на царскі ўрад, а чырвоныя – праз узброенае паўстанне. Для кіраўніцтва барацьбой жыхароў былой РП супраць царызму летам 1862 г. у Варшаве быў створаны Цэнтральны нацыянальны камітэт (ЦНК). У распрацаванай ім праграме былі выстаўлены пункты аб паляпшэнні эканамічнага і сацыяльнага становішча сялян: перадачы атрыманых зямель ва ўласнасць без адбывання “часоваабавязаных адносін”, замене падушнага падатку падымным, а рэкрутчыны трохгадовай службай, аднаўленні уніяцтва.


<== previous lecture | next lecture ==>
Беларусь у вайне 1812 г. | Узнікненне індустрыяльнага грамадства 2 page
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 4.359 s.