Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Узнікненне індустрыяльнага грамадства 2 page


Date: 2015-10-07; view: 538.


Падпарадкаваным ЦНК цэнтрам падрыхтоўкі паўстання на Беларусі і ў Літве быў Лiтоўскi правiнцыяльны камiтэт. Вiкенцiй-Канстанцiн Калiноўскі (1838-1864), які ў кастрычніку 1862 г. узначаліў ЛПК, асноўную сілу ў барацьбе супраць царызму бачыў не ў шляхце, а ў беларускіх сялянах. Менавіта на іх і была разлічана газета "Muzуckaja prauda”.

Другой асаблівасцю дзейнасці К. Каліноўскага ў яго стасунках з ЦНК з'яўлялася імкненне абгрунтаваць правы беларускага народа на ўтварэнне асобнай дзяржавы і далейшыя яе ўзаемаадносіны з Польшчай на федэратыўных пачатках. Але варшаўскія чырвоныя пакінулі ўсе яго патрабаванні без увагі.

Між тым жандармерыі стала вядома аб падрыхтоўцы паўстання, таму ЦНК, каб не дапусціць яго зрыву, выступіў 10 студзеня 1863 г. з Маніфестам, у якім абвясціў сябе Нацыянальным урадам і заклікаў сваіх суайчыннікаў да ўзброенай барацьбы супраць цара. Са свайго боку ЛПК выдаў уласны маніфест, звернуты да “літоўцаў, беларусаў, жэмайцінаў і жыхароў іншых абласцей, занятых рускімі”, з заклікам падтрымаць польскае паўстанне. Па падабенству з ЦНК, ЛПК рэарганізаваўся ў Часовы ўрад Літвы i Беларусі, але ненадоўга, бо неўзабаве, 11 сакавіка быў заменены Аддзелам кiраўнiцтва пра-вiнцыямi Лiтвы пад старшынствам Гейштара. Каліноўскі прызначаўся на пасаду камісара гродзенскага ваяводства. Відавочна, лідэры лагеру белых стрымлівалі прыхільнікаў шырокага сялянскага паўстання.

Першыя паўстанцкія атрады, створаныя ў сакавіку-красавіку 1863 г., скіроўвалі сваю дзейнасць на ўздым антыўрадавай актыўнасці беларускага народа. Як прадстаўнікі новай улады паўстанцы разганялі або знішчалі царскіх чыноўнікаў, заклікалі сялян не выконваць дзяржаўных павіннасцей, тлумачылі ім змест аграрных дэкрэтаў, заклікалі ўступаць у атрады барацьбітоў за РП і г. д. Але разлік К. Каліноўскага на масавы прыток беларускіх сялян не спраўдзіўся. У Гродзенскай губерні іх доля сярод паўстанцаў складала больш за 33%, Віленскай – 27, Мінскай – 20, Магілёўскай – 13, Віцебскай – толькі 7%. У асноўнай масы сялян выклікаў недавер факт удзелу ў паўстанні мясцовых польскіх памешчыкаў і лозунг аднаўлення польскай дзяржавы. У выніку большасць сялянства Беларусі не падтрымала паўстанне. Мала таго, значная яго частка, асабліва ў Віцебскай і Магілёўскай губернях дапамагала ўладам лавіць паўстанцаў і граміла маёнткі польскіх паноў.

Асноўную масу барацьбітоў за незалежную Рэч Паспалітую складала малазямельная і беззямельная шляхта, чыноўнікі, інтэлігенцыя, студэнты і іншыя асобы. Летам агульная колькасць паўстанцаў, узброеных косамі, пікамі, паляўнічымі і часам трафейнымі стрэльбамі, складала каля 15 тыс. Ім процістаяла 40-тысячнае ўрадавае войска ў складзе 318 рот салдат, 48 эскадронаў кавалерыі, 18 казацкіх соцень і артылерыі.

Паўстанцы прытрымліваліся партызанскай тактыкі баявых дзеянняў, імкнучыся з найменшымі для сябе стратамі нанесці ўрон рэгулярнаму войску. Так, 24 красавіка атраду Звяждоўскага удалося выбіць праціўніка з павятовага цэнтра Горы-Горкі. Гэтая і іншыя паспяховыя аперацыі былі вельмі рэдкімі і мелі часовы характар. Але нават яны вельмі непакоілі царскі ўрад.

3 мая 1863 г. за фактычнае бяздзеянне ў адносінах да мяцежнікаў віленскі генерал-губернатар У. І. Назімаў, чалавек ліберальных поглядаў, прыхільнік мірнага вырашэння ўзнікшага крызісу, быў вызвалены ад пасады. Указам Імператара яго месца заняў генерал М. М. Мураўёў, прызначаны галоўным начальнікам Паўночна-заходняга края з надзвычайнымі, дыктатарскімі паўнамоцтвамі. Ён меў вопыт барацьбы з польскай шляхтай у 1830-1831 гг. і распрацаваная ім праграма дзейнасці на Беларусі і ў Літве прадугледжвала не толькі падаўленне паўстання, а і прадухіленне любых праяў антыўрадавай ба-рацьбы з боку польска-каталіцкага насельніцтва. Адпраўляючыся па месцу службы, М. Мураўёў паставіў перад сабой задачу выкараніць з грамадскага жыцця нацыянальныя, сацыяльныя і рэлігійныя асаблівасці края і наблізіць яго да ўзора звычайнай вялікарускай правінцыі. З гэтай нагоды ў Паўночна-Заходнім краі быў адначасова праведзены комплекс важнейшых мерапрыемстваў, у тым ліку прапагандысцкага кшталту. Так, сярод беларускага сялянства праз цэрквы і сельскія сходы распаўсюджваліся чуткі, быццам польская шляхта імкнецца аднавіць прыгоннае права і таму са зброяй у руках выступае супраць цара. Свой уклад у фарміраванне грамадскай думкі унёс мітрапаліт Я. Сямашка, які звярнуўся да паствы з заклікам захаванання вернасці рускаму цару і праваслаўнай веры.

Важным сродкам падаўлення антыўрадавых настрояў сярод беларускага сялянства паслужыў указ М. Мураўёва аб скасаванні “часоваабавязанага стану”, вяртанні адабраных у ходзе рэформы сялянскіх зямель, скарачэнні (на 20%) выкупных плацяжоў.

Вядома ж асноўным сродкам барацьбы з паўстаннем з'яўлялася фізічнае знішчэнне або паланенне праціўніка. На працягу вясны-лета ўрадавыя войскі падавілі лакальныя ачагі супраціўлення, знішчыўшы звыш 5 тыс. паўстанцаў. У баях і сутычках з імі загінула 826 салдат, 348 – памёрла ад ранаў, хвароб і прапала без вестак. Паўстанцамі было забіта некалькі соцень паліцэйскіх і чыноўнікаў. Усяго ж загінула 4 тыс. вайсковых і цывільных ахоўнікаў рэжыму.

Спачатку звесткі аб паўстанні ў Польшчы, Літве і на Беларусі выклікалі ў расійскім грамадстве ўсплёск вялікадзяржаўнага шавінізму. У тых умовах дзеячы “Зямлі і волі” не здолелі забяспечыць падмогу паўстанцам з боку расійскага сялянства. У сваю чаргу царскі ўрад, абапіраючыся на грамадскую думку, у красавіку і чэрвені, па-сутнасці, праігнараваў дыпламатычныя ноты Англіі, Аўстрыі, Італіі, Швецыі, Іспаніі, Партугаліі, Галандыі, Даніі, Асман-скай імперыі і папы Рымскага з патрабаваннем адкінуць сілавую палітыку ў польскім пытанні. У выніку за адносна кароткі час свайго кіравання М. Мураўёў прымусіў белую шляхту і вышэйшае каталіцкае духавенства адмовіцца ад падтрымкі паўстання. Уже 8 жніўня ён прыняў дэпутацыю віленскага шляхецтва з пакаяннем і выяўленнем пакорлівасці. Аўдыенцыя скончылася падпісаннем візіцёрамі вернападданніцкіх адрасоў на імя цара.

Расійская грамадская думка стала рэзка мяняцца ў процілеглы бок, як толькі лібералам і рэвалюцыянерам-дэмакратам стала вядома аб жорсткіх метадах падаўлення паўстання. Дазволенае Мураўёвым публічнае выкарыстанне смяротнай кары прама супярэчыла распачатаму рэфармаванню грамадства. Асаблівае абурэнне выклікалі выпадкі пакарання смерцю шляхты праз павешанне. Менавіта з гэтага часу за Мураўёвым замацавалася прозвішча “Вешальнік”, а губернатар Пецярбурга А. Сувораў публічна назваў яго «людаедам». Тым не менш пасля гэтага інцыдэнту, 22 сакавіка 1864 г. прыгавораны судом да растрэлу дваранін К. Каліноўскі па загаду Мураўёва быў павешаны ў Вільні, на Лукішскай плошчы.

Акрамя публічных пакаранняў смерцю ўдзельнікаў паўстанняў, сродкамі застрашэння іншых асоб і прадухілення іх далейшых “злачынстваў” зрабіліся: ваенна-палявыя суды, турэмнае зняволенне, катарга ці высылка. У выніку ў Паўночна-заходнім краі было пакарана больш за 15 тыс. чалавек, з якіх 123 – павешаны ці расстраляны, 3 776 чалавек высланы ў Сібір, 12 355 пастаўлены пад нагляд паліцыі.

Маёмасць асуджанай шляхты і святарства (зямля, маёнткі і інш.) канфіскоўвалася, а высланых пад нагляд – секвестравалася. Усё памешчыцкія маёнткі края, а таксама маёмасць каталіцкага духавенства была абкладзена 10 % падаткам. У той самы час, жыхары вёсак, якія дапамагалі паўстанцам, жорстка караліся: іх хаты спальваліся, а яны самі высылаліся ў глыб імперыі.

У выніку ў распараджэнне дзяржавы апынуліся вялізныя матэрыяльныя каштоўнасці, адабраныя ў шляхты і касцёла. Намаганнямі М. Мураўёва ў краі пачалося іх істотнае пераразмеркаванне на карысць памешчыцкаў і сялян праваслаўнага веравызнання. Батракі і беззямельныя сяляне таксама сталі надзяляцца зямлёю, адабранай ў памешчыкаў, якія ўдзельнічалі ў паўстанні. Сялянскаму банку было асігнавана 5 млн руб. для набыцця праваслаўнымі сялянамі секвестраваных зямель.

Вядома ж мерапрыемствы М. Мураёўва мелі на мэце не толькі і не столькі клопат аб дабрабыце беларускіх сялян. У іх асобе ён хацеў набыць сацыяльную апору ў барацьбе супраць эканамічнага панавання шляхты, а таксама сродак умацавання расійскай дзяржаўнасці, рэлігіі і культуры. Для барацьбы з бунтаўшчыкамі з ліку праваслаўных сялян у вясковай мясцовасці ствараліся ўзброеныя каравулы ад 60 да 100 чал. кожны, прычым за кошт шляхты.

У ліку новаўвядзенняў адміністрацыйнага характару варта адзначыць забарону ўсім мужчынам без дазволу ўлад пакідаць месцы пражывання далей за 30 вёрст, абавязак кожнага домаўладальніка паведамляць аб з'яўленні бунтаўшчыкоў, пастаянныя штрафы гаспадарам, западозраным у антыўрадавых настроях і г.д. Акрамя таго, як вынікала з матэрыялаў следства, каля 70% усіх удзельнікаў паўстання, прыцягнутых да суда, складала дробная каталіцкая па веравызнанні шляхта, занятая не толькі земляробствам, але і чыноўніцкай службай. З гэтай нагоды, усе тыя, хто выказваў спачуванне паўстанцам, вызваляліся з дзяржаўных пасад. Іх месцы мусілі заняць ураджэнцы расійскіх губерняў, зацікаўленыя высокімі (на 50%) акладамі і магчымасцямі хутчэйшай кар'еры, а таксама выхадцы з праваслаўнага сялянства.

“Найважнейшай, найцяжэйшай і першаступеннай справай у Паўночна-Заходнім краі з'яўляецца не ўтаймаванне мною польскага, па сутнасці, бяссільнага мяцяжа, – казаў М. Мураўёў, – а аднаўленне ў старажытным, спрадвек рускім Заходнім і Літоўскім краі яго карэнных, гістарычных, рускіх пачаткаў і бясспрэчнага, пераважаючага першынства над чужымі Расіі прышлымі элементамі”. У мэтах доказу рускага і праваслаўнага характару края па яго ініцыятыве была заснавана Віленская камісія для разбору і выдання старажытных актаў.

Звязаная з яго іменем другая хваля русіфікацыі суправаджалася выкараненнем польскай мовы з научальных устаноў, кнігавыдавецтва, тэатральных рэпертуараў, закрыццём каталіцкіх школ. Адзіная вышэйшая школа – Горы-Горацкі земляробчы інстытут за сувязь студэнтаў з паўстанцамі быў зачынены. Але амаль адначасова для праваслаўных дзяцей сталі адчыняцца шматлікія пачатковыя школы. М. Мураўёў быў упэўнены ў тым, “што не дарабіў рускі штык – даробіць руская школа”.

Мураўёў усведамляў, што важным фактарам уздыму нацыянальна-вызваленчага руху служыла каталіцкая царква. Невыпадкова таму, нягледзячы на сан, у ліку пакараных смерцю былі і ксяндзы. У выніку следства па справе паўстанцаў маёмасць многіх касцёлаў перададзена ў дзяржаўны фонд, самі яны былі зачынены, або пераўтвораны ў праваслаўныя храмы. Была зачынена цэлая Мінская дыяцэзія (епархія). Каля 30 тыс. каталікоў перайшло ў праваслаўе, галоўным чынам пад уздзеяннем урадавых рэпрэсій.

Адначасова прыкладаліся значныя намаганні па будаўніцтву новых цэркваў паводле прапанаванага Мура'ёвым праекту – так званых “мураўёвак”. Мітрапаліт Я. Сямашка аказаў матэрыяльную дапамогу праваслаўнаму духавенству, якое пацярпела ў час паўстання, аднавіў і пабудаваў некалькі цэркваў. У 1865-1866 гг. у Віленскай епархіі былі адкрыты 19 новых прыходаў.

Такім чынам, прадстаўнікі белых, што ўзначалілі паўстанне, не здолелі давесці яго да пераможнага канца. Пастаянныя рэарганізацыі паўстанцкага цэнтра ў Вільні, частыя змены ў кіраўніцтве, узаемны недавер – усё гэта і іншае не магло спрыяць поспеху агульнай справы. Хоць К. Каліноўскаму і былі перададзены паўнамоцтвы старшыні Выканаўчага аддзела Літвы, нават камісара варшаўскага ў Вільні, аднак для рэалізацыі сваёй праграмы ён ужо не меў ні часу, ні магчымасці. У ліку прычын паражэння на Беларусі – вузкая сацыяльная база паўстанцаў. Шляхецкіх сіл было недастаткова, каб звергнуць царскі рэжым. Сяляне не выказалі такога імкнення, наадварот, дапамагалі ўладам змагацца з паўстанцамі.

Спадзяванні на дапамогу заходніх дзяржаў таксама не спраўдзіліся.

Царскі рэжым выявіў сваю перавагу ва ўсіх сферах барацьбы з польскім нацыянальна-вызваленчым рухам – ваеннай, эканамічнай, знешнепалітычнай, нават ідэйнай, калі мець на ўвазе той факт, што праваслаўнае насельніцтва не прызнала “польскі ўрад” і яго праграму. Спробы К. Каліноўскага і яго паплечнікаў даказаць сялянам, што “дзела наша – не дзела панскае, а справядлівай вольнасці”, па вялікім рахунку практычнай карысці не прынеслі.

Разам з тым азначаныя падзеі 1863 г. на Беларусі не маглі не абудзіць нацыянальнай самасвядомасці сялянства, не маглі не прымусіць беларусаў задумацца аб сваім месцы сярод іншых народаў і іншых канфесій.

Асэнсаванне беларускай шляхтай прычын трагічных для іх вынікаў паўстання набліжала яе да мясцовага жыцця, да свайго народа, яго мовы і культуры. У новых умовах ў іх свядомасці лозунг самастойнай Польшчы спалучаўся з лозунгам самастойнай Беларусі. К. Каліноўскі ў сваіх “Лістах з-пад шыбеніцы”, заклікаючы свой народ да далейшага змагання за волю, выказаўся за ўтварэнне самастойнага ўрада для Літвы-Беларусі.

Пасля падаўлення паўстання і суда над яго ўдзельнікамі на Беларусі доўгі час, да Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. працягвалі дзейнічаць надзвычайныя законы. У выніку сацыяльна-эканамічныя і духоўна-культурныя пазіцыі польскага насельніцтва, асабліва, шляхты і касцёла былі істотна аслаблены. Планы К. Каліноўскага аб адраджэнні уніяцкай веры як нацыянальнай рэлігіі беларусаў засталіся невыкананымі. Праваслаўная царква не толькі захавала сваё пануючае становішча, але і істотна яго ўмацавала.

Канфіскаваныя і секвестраваныя землі паўстанцаў сталі здабыткам рускага дваранства і чыноўніцтва, а таксама праваслаўнага сялянства. Пры гэтым, прадпрынятыя М. Мураўёвым вясной 1863 г. аграрныя паляпшэнні паскорылі развіццё капіталістычных адносін у вёсцы.

Русіфікацыя края праз абмежаванні вывучэння і выкарыстання польскай мовы ў дзяржаўных установах, развіццё рускай школы, укараненне рускай літаратуры, замену польскага чыноўніцтва рускім, усё гэта і іншае спрыяла ўмацаванню расійскай дзяржаўнасці. Гэта з'яўлялася найбольш істотным і прыкметным наступствам шляхецкіх паўстаннях на Беларусі ў ХІХ ст.

 

3. У Заходняй Еўропе ў перыяд пераходу ад феадалізму да капіталізму і яго далейшага развіцця ўзнікла палітычная і ідэалагічная плынь – лібералізм, які выказваў інтарэсы прамысловай буржуазіі, якая патрабавала абмежавання правоў манарха парламентам, устанаўлення канстытуцыйнага ладу і ўдзелу ва ўладзе. Лепшай формай палітычнага ладу лібералы лічылі дэмакратыю, заснаваную на прызнанні прынцыпаў народаўладдзя, свабоду асобы і раўнапраўе грамадзян.

Прамысловы пераварот у Расіі адыграў важную ролю ў пераходзе ад феадалізму да капіталізму, станаўленні і развіцці індустрыяльнага грамадства. Разам з тым прамысловы пераварот патрабаваў палітычнай мадэрнізацыі. У той час, як заходні лібералізм у сваім развіцці абапіраўся на шырокі клас уласнікаў, у Расіі ролю апазіцыі і носьбіта ліберальнай ідэалогіі ўзяла на сябе інтэлігенцыя. Тыя рэформы, якія ажыццявіў Аляксандр ІІ, былі істотна “ўрэзаны” пасля яго смерці і не надавалі грамадзянам палітычных правоў. Самаўладная сістэма кіравання, наогул, заставалася непахіснай і не пакідала перспектыў для ўкаранення канстытуцыйных нормаў.

Таму ў асяроддзі расійскай інтэлігенцыі, а таксама служачых гарадскіх і земскіх самакіраванняў сталі ўзнікаць грамадскія аб'яднанні, якія ставілі на мэце прыняцце царскім урадам неабходных законаў. У канцы 1870-х гг. земскі дзеяч Цвярской губерні І. І. Петрункевіч у нелегальна выдадзенай брашуры, выказаў ідэю склікання Устаноўчага схода для распрацоўкі канстытуцыі. У той час ні адна з груповак не патрабавала знішчэння манархіі. Правая плынь лібералаў хацела спалучыць свае рэфармісцкія ідэі з кансерватыўнымі каштоўнасцямі (стабільнасць, рэлігійна-маральныя традыцыі). Так, адзін з іх – К. Кавелін сцвярджаў, што забеспячэнне грамадзянскіх правоў і свабоды асобы патрабуюць усебаковай падтрымкі з боку дзяржавы. Другі ліберальны кансерватар – Б. М. Чычэрын заклікаў да паэтапнага заканадаўчага ўвядзення канстытуцыі: найперш свабоды сумлення, слова, прэсы, затым – дэмакратычнага фарміравання ўрада.

У 1880 г. група маскоўскіх лібералаў уручылі міністру ўнутраных спраў М. Т. Лорыс-Мелікаву мемарандум, у якім было ўказана, што адзіным сродкам пазбегнуць беспарадкаў у краі­не, спыніць революцыйны рух і вывесці Расію на шлях мірнага прагрэсіўнага развіцця з'яўляецца забеспячэнне правоў кожнага асобнага чалавека, яго свабоды думкі і слова і склікання незалежнага Схода прадстаўнікоў земстваў з наданнем яму права “ўдзелу ў кантролі нацыянальнага жыцця”.

Пэўная частка інтэлігенцыі, заклапочаная паскарэннем грамадскага прагрэсу ў Расіі, звярнула ўвагу на патэнцыяльныя магчымасці сялянства, якое складала большасць насельніцтва. Тыя з інтэлігентаў (настаўнікі, урачы, інжынеры і інш.), хто ішоў “у народ” (сяліўся ў вёсках), каб узняць яго асветніцкі ўзровень, зваліся народнікамі. Адна іх плынь – ліберальнае народніцтва – выступала за ўдасканаленне асобы і пашырэнне яе правоў, а таксама за ўвядзенне канстытуцыі. Яго віднейшы ідэолаг М. К. Міхайлоўскі сцвярждаў, што галоўная задача грамадства заключаецца ў стварэнні ўмоў для развіцця асобы, лічучы яе ўзорам вымярэння грамадскага прагрэсу. Каб прадухіліць магчымы сацыяльны выбух, ліберальныя народнікі заклікалі да мірнай замены «самадзяржаўя цара самодзяржаўем народа» на аснове ўсеагульных выбараў, свабоды слова и свабоды сходаў.

З цягам часу з ліберальнага народніцтва вылучылася рэвалюцыйная плынь, якая лічылі сялянства рэвалюцыйным класам, а сялянскую абшчыну – гатовай ячэйкай будучага сацыялістычнага грамадства. Характэрнай рысай народнiцкай iдэалогii з'яўлялася перапляценне ідэй народаўладдзя з сялянскiм утапiчным сацыялiзмам. Яе прадстаўнікі ставілі на мэце падрыхтоўку ў Расіі сялянскага паўстання і звяржэнне самаўладдзя. Першая народнiцкая арганiзацыя “Зямля і Воля” была створана ў 1861 г. На Беларусi iдэi народнiцтва падзялялi К. Калiноўскi, В. Урублеўскi, З. Серакоўскi.

З-за спрэчак аб тактыкi сваёй дзейнасці народнікі і падзяляліся на тры групоўкі – бунтарскую, прапагандысцкую і змоўшчыцкую. Ідэолагам першай з'яўляўся М. Бакунiн, якi заклiкаў да неадкладнага ўсенароднага паўстання супраць царызму і памешчыкаў. Другая плынь народнiкаў падзяляла думку П. Лаўрова аб неабходнасцi грунтоўнай падрыхтоўкi да рэвалюцыi, але не шляхам палітычнай барацьбы, а прапаганды. Прыхiльнiкi П. Ткачова выступалi “за палiтычны пераварот з мэтай перадачы ўлады народу”. Яго павінна была здзейсніць асобная група рэвалюцыянераў.

Сярод народнiкаў пэўнай папулярнасцю карысталася група “Таварыства народнай расправы” пад старшынствам С. Нячаева, члены якой меркавалі, што ў барацьбе з самаўладдзем маральна ўсё, што спрыяе рэвалюцыі, нават тэрор, які быццам бы абуджае рэвалюцыйную iнiцыятыву мас.

Да 1874 г. большасць прапагандыстаў, што “хадзiлi ў народ”, была арыштавана i асуджана. Намаганнямі А. Міхайлава, Г. В. Пляханава і інш. у 1876 г. у Пецярбургу была адноўлена дзейнасць нелегальнага таварыства “Зямля i Воля”, у якім бралi ўдзел і студэнты з Беларусi – С. Кавалiк, А. Бонч-Асмалоўскi, І. Грынявiцкi, М. Судзiлоўскi i iнш.

У жнiўнi 1879 г. “Зямля i Воля” з-за ідэйных спрэчак раскалолася на “Народную волю” i “Чорны перадзел”. Апошнюю арганізацыю, якая абрала прапагандысцкі напрамак, падтрымлівала большасць народнiкаў Беларусі. На пачатку 1880-х гг. гурткi “Чорнага перадзелу” ўзнiклi ў Віцебску, Мiнску, Оршы, Слуцку. У Мiнcку выдавалася газета i пракламацыi.

Другая плынь рэвалюцыянераў (А. І. Жэлябаў, Н. І. Кібальчыч, А. Д. Міхайлаў, С. Л. Пяроўская, С. Н. Халтурын і інш.) аб'ядналася вакол “Народнай волi”, якая паставіла на мэце прымусіць царскі ўрад пайсці на дэмакратычныя реформы. Асноўным метадам палітычнага ўздзеяння на яго зрабіўся тэрарызм – фізічнае знішчэнне вышэйшых дзяржаўных асоб, у тым ліку манархаў. Прыхільнікі тактыкі індывідуальнага тэрору спадзяваліся гэтымі забойствамі выклікаць паралік органаў улады, анархію, а ўслед за ім – народную рэвалюцыю. У лiку ўдзельнiкаў “Народнай волi” былі выхадцы з Беларусi. Адзін з іх, І. Грынявіцкі 1 сакавiка 1881 г. кінуў бомбу ў Аляксандра II, смяротна параніўшы яго і сябе.

У студзенi 1882 г. была створана Паўночна-Заходняя арганiзацыя “Народнай волi”, якая аб'яднала большасць гурткоў Беларусi, у тым ліку Бабруйска, Вiльнi, Віцебска, Гродна, Магілёва, Мiнска, Оршы, Пiнска. Дзейнасць “Народнай волі” не прынесла тых вынікаў, на якія разлічвалі яе арганізатары і кіраўнікі. Царскі рэжым заставаўся дастаткова моцным, каб захаваць сітуацыю пад кантролем. Арганізацыі нарадавольцаў перажывалі крызіс. Да 1883 г. большасць іх было разгромлена, але асобныя баявiкi працягвалі дзейнасць. Так, у 1886 г. узнікла новая нарадавольчаская група. За падрыхтоўку да замаху 1 сакавіка 1887 г. на жыццё Аляксандра ІІІ яе кіраўнікі А. І. Ульянаў і П. Я. Шавыроў былі асуджаны царскім судом да павешання.

Узмацненне царскай рэакцыі, нежаданне кіруючых колаў пайсці насустрач грамадскасці па дэмакратызацыі дзяржаўнага ладу, вырашэнні эканамічных, сацыяльных, нацыянальных і іншых праблем абумовіла захаванне ў краіне нестабільнай палітычнай сітуацыі. На фоне крызісу народнiцкіх арганізацый у Расіі стала ўмацоўвацца новая рэвалюцыйнае вучэнне – марксізм. Яго сутнасць заключалася ў навуковым абгрунтаванні магчымасці сусветнай рэвалюцыі, звяржэння буржуазнага ладу, а пасля таго – ўсталявання дыктатуры пралетарыяту і пабудовы сацыялістычнага грамадства. Асноўную ролю ў рэвалюцыі павінен быў адыграць рабочы клас (пралетарыят). У адрозненне ад народнікаў, марксісты не лічылі сялянства рэвалюцыйным класам, тым не менш разглядалі яго як саюзніка ў сумеснай барацьбе супраць самаўладдзя.

Да марксістаў (або сацыял-дэмакратаў) далучыліся асобныя народнікі, у тым ліку Г. В. Пляханаў. У 1883 г. за мяжой, у Жэневе iм была створана група “Вызваленне працы” і напiсаны першыя праграмныя дакументы расiйскiх сацыял-дэмакратаў, а ў 1886 г. выдаў брашуру “Нашы рознагалоссi”, у якой палемiзаваў з народнiкамi.

На Беларусі асноўным асяроддзем распаўсюджання марксiсцкiх iдэй зрабiлiся яўрэйскiя працоўныя, якія ў набольшай ступенi пакутвалi ад галечы i ўцiску царызму. У 1884 г. у лiку першых пачаў працаваць гурток Абрамовiча ў Мiнску. У 1886 г. марксiзм, у асноўным яго эканамічную частку, вывучалi ўжо каля 130 рабочых.

З канца 1880-х на Беларусi ў асяроддзі рабочых з'явiлiся палiтычныя лiстоўкi, а ў 1892 г. у Вiльнi ўпершыню святкаваўся міжнародны дзень салі-дарнасці працоўных – 1 мая. У 1895 г. яго адзначылi таксама i рабочыя Мiнска. У той час у горадзе дзейнiчалi 2 сацыял-дэмакратычныя групы, якія ўзначальвалі Я. Гурвiч i C. Трусевiч. Пазней такiя ж гурткі ўзнiклi ў Вiльнi, Гродна, Смаргонi, Вiцебску, Гомелi. Паўставала праблема наблiзiць іх да рабочага руху праз паўсядзённую дзейнасць сацыял-дэмакратаў на фабрыках i заводах. Адзін з іх А. Крэмер раіў рабочым патрабаваць змяншэння працоўнага дня, павелiчэння заработнай платы, паляпшэння ўмоў працы. Ім рэкамендавалася ствараць стачачныя касы, каардынаваць сумесныя намаганні ў барацьбе за агульныя інтарэсы. Палітычныя лозунгі яшчэ прыкметна саступалі эканамічным.

На аснове рабочых гурткоў, як правіла па нацыянальнай прыкмеце, сталi стварацца сацыял-дэмакратычныя арганiзацыі. Узнiкшыя ў Польшчы ў 1882 і 1892 гг. партыі (адпаведна) “Пралетарыят” і “Polska Partyja Sozialistyсhna” сталі пашыраць свой уплыў і на Заходнюю Беларусь. Асаблiвай актыўнасцю вызначаўся Лiтоўскi рабочы саюз з аддзяленнямi ў Вiльнi, Мiнску i Смаргонi, якi арганiзоўваў эканамiчныя забастоўкi, cвяткаваў 1 мая і інш. У жніўні 1900 г. па ініцыятыве Ф. Э. Дзяржынскага адбылося аб'яднанне саюза с польскімі сацыял-дэмакратамі ў адзіную СДКПіЛ.

У буйнейшых прамысловых цэнтрах Расіі і Украіны таксама ўзніклі сацыял-дэмакратычныя арганізацыі, у тым ліку пецярбургскі “Саюз барацьбы за вызваленне рабочага класа” (1895) на чале з У. І. Ульянавым (Леніным).

Колькаснае павелiчэнне сацыял-дэмакратычных суполак яўрэйскiх рабочых стварыла ўмовы для ўзнiкнення масавай арганізацыі Бунд – Усеагульнага яўрэйскага рабочага саюза ў Лiтве, Польшчы i Расii (на чале з А. І. Крэмерам), які быў створаны ў Вiльнi ў 1897 г. Крыху пазней яго цэнтральны камітэт перабраўся ў Мiнск.

Бундаўцы ўсведамлялi, што без дапамогі расiйскага пралетарыяту iм не дамагчыся паляпшэння стану яўрэйскiх рабочых, тым больш – перамогi над царызмам. У выніку па ініцыятыве ЦК Бунда была прадпрынята спроба ўтварэння агульнарасійскай рабочай партыі. Так, 1-3 сакавiка 1898 г. у Мiнску адбыўся I з'езд сацыял-дэмакратаў Пецярбургскага, Маскоўскага, Кiеўскага i Екацярынаслаўскага “Саюзаў барацьбы за вызваленне рабочага класа”, Бунда і дэлегатаў ад кiеўскай “Рабочей газеты”.

Удзельнікі з'езда выбралі ЦК з 3 чал. (С. І. Радчанка, Б. Л. Эй-дэльман, А. І. Крэмер), прызналі “Рабочую газету” афiцыйным орга-нам партыi, прынялі рашэнне аб выпуску Манiфеста РСДРП. Гэты да-кумент быў напiсаны П. Струве i надрукаваны ў падпольнай друкарнi ў Бабруйску. Адразу пасля з'езда “Саюзы барацьбы” i сацыял-дэмакратычныя групы пачалi пераўтварацца ў партыйныя арганізацыі. Аднак партыя яшчэ не была створана, у прыватнасці, не былi прыняты статут i праграма. Пасля з'езда 8 з 9 дэлегатаў былi арыштаваны, а друкарню i чарговы нумар “Рабочей газеты” захапiла палiцыя.

Выспяванне нацыянальнай ідэі ў светапоглядзе беларускіх рэвалюцыянераў.

Пад уплывам народнiцкiх iдэй група студэнтаў-беларусаў Пецярбургскага унiверсiтэта стварыла Беларускую сацыял-рэвалюцыйную групу “Гоман”, якая мела сувязi ў Вiцебску, Мiнску i iнш. гарадах. Яна iмкнулася стаць цэнтрам арганiзацыi “Народнай волi” ў Беларусi. У 1884 г. групаю было выдадзена 2 нумары часопiса “Гомон”. Яго змест, акрамя іншага, сведчыў аб актывізацыі нацыятворчых працэсаў, якія адбываліся на Беларусі ў рэчышчы паслярэформеннага сацыяльна-эканамічнага і культурнага ўздыму.

Фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, якое адбывалася пад уздзеяннем яе нешматлікай патрыятычна настроенай шляхты, інтэлігенцыі, святароў, выхадцаў з сялян і г. д., патрабавала збірання, сістэматызацыі і прапаганды сваіх нацыяльных каштоў-насцей (фальклору, традыцый, гістарычных звестак і інш.) у мэтах стварэння ўласнай ідэалогіі. Яе светапогляднай асновай мусіла зрабіцца нацыянальная ідэя, якою прынята лічыць асэнсаванне тым ці іншым этнасам свайго паходжання, свайго месца сярод іншых этнасаў, сэнсу існавання і перспектыў далейшага жыцця. Натуральна, што, у адрозненне ад суседніх народаў афармленне беларускай нацыянальнай ідэі адбывалася з большымі цяжкасцямі, найперш, з прычыны нізкага ўзроўню нацыянальнай свядомасці беларусаў.

Тым не менш гэты працэс меў аб'ектыўныя перадумовы: укараненне духоўнага вопыту заходненеўрапейскай, польскай і рускай традыцый у культуры Беларусі (Я. Чачот, Я. Баршчэўскі, В. Дунін-Марцінкевіч, расійскія беларусазнаўцы) сацыяльна-філасофскія і гуманістычныя ідэі айчыннай філасофіі (Ф. Скарына, С. Будны, С. Полацкі), публіцыстычныя выступленні рэвалюцыянераў-дэмакратаў і народнікаў (А. І. Герцэн, М. Г. Чарнышэўскі, К. Каліноўскі).

Паўстанне 1863-1864 гг. скончылася паражэннем і жорсткімі рэпрэсіямі супраць яго ўздзельнікаў. Як высветлілася, барацьба палякаў за аднаўленне Рэчы Паспалітай было толькі часткай усерасійскага рэвалюцыйнага руху, скіраванага супраць самаўладдзя і памешчыцкага землеўладання. Гэты рух узначалілі прыхільнікі сацыялістычнай ідэалогіі – народнікі, чые арганізацыі ўзніклі паўсюдна ў імперыі. У агульнай народніцкай плыні ўзніклі асобы, якія надавалі асаблівую ўвагу нацыянальнаму пытанню і інтарэсам мясцовага, у тым ліку беларускага насельніцтва.

Важкі ўклад у развіццё нацыянальнай свядомасці беларусаў адыграла дзейнасць народніцкіх арганізацый “Чорны перадзел” і “Народнай волі”.

У 1879-1880 г. у асяроддзі студэнтаў Пецярбургскага універсітэта, выхадцаў з Беларусі, па ініцыятыве І. І. Грынявіцкага ўзнікла група “Гоман”, якая называла сябе “беларускай мясцовай фракцыяй” партыi “Народная воля”. У ліку яе арганізатараў былі А. І. Марчанка, Х. А. Ратнер, М. І. Стацкевіч, В. Б. Крупскі і іншыя. Гоманаўцы імкнуліся стварыць краёвую арганізацыю “Народнай волі” на Беларусі і ўзначаліць мясцовы рэвалюцыйны і нацыянальна-вызваленчы рух.

Найважнейшай заслугай групы ў справе абуджэння нацыянальнай свядомасці і ўздыму нацыянальнага руху стала выданне ў 1884 г. двух нумароў часопіса “Гомон. Белорусское революционное обозрение” фарматам 17,5 x 21,5 см у аб'ёме 38 старонак. Як адзначалася ў № 1 часопiса (студзень-люты 1884), “Гомон” ставiў на мэце служыць выразнiкам iдэй сацыяльна-рэвалюцыйнай групы беларусаў.

Ва ўступным артыкуле даецца агульная характарыстыка беларусам як “народнасці” ва ўмовах іх знаходжання пад “уладараннем Польшчы” і “панаваннем маскоўскага абсалютызму”. Звернута ўвага на захаванне імі сваёй самабытнасці і выказана ўпэўненасць, што гаротнае становішча “беларускай народнасці” будзе пераадолена, што абуджаная народная свядомасць выкліча вызваленчы рух пад лозунгам "Далоў эксплуатацыю, мы самі жадаем кіраваць сабою! Далоў чужыя рукі, Беларусь павінна быць для беларусаў, а не для чужых элементаў!” Важная роля ў гэтым руху надавалася дэмакратычнай беларускай інтэлігенцыі. І нарэшце аўтары публікацыі ўпэўнена заяўлялі аб праве беларусаў пры захаванні сваёй адасобленасці “заняць у Расіі такое ж месца, якое імкнуцца заняць іншыя больш ці менш буйныя народнасці”. Гаворка, такім чынам, ішла пра федэратыўнае ўладкаванне паслярэвалюцыйнай Расіі і аўтаномным статусе ў ёй Беларусі.

У другім нумары “Гомана”, які выйшаў у лістападзе 1884 г., былі змешчаны больш разгорнутыя характарыстыкі “нашай Радзімы” Беларусі як асобнай “краіны” і саміх беларусаў як “чыстага тыпу славянскага племені”, іх арыгінальнай мовы, узаемаадносін з палякамі і вялікаросамі. Аўтары публікацыі пераканаўча даводзілі аб самастойнасці і “вольным народапраўстве” Беларусі ў перыяд Полацка і працяглы час пасля злучэння “з Польшчай на пачатках федэратыўных”, а таксама аб прычынах заняпаду Радзімы. Пры тым аўтары абвяргалі “разважанні аб забітасці і выраджэнні” народа і з аптымізмам заяўлялі аб яго патэнцыяле ў барацьбе за свае інтарэсы.


<== previous lecture | next lecture ==>
Узнікненне індустрыяльнага грамадства 1 page | Узнікненне індустрыяльнага грамадства 3 page
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.207 s.