Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Узнікненне індустрыяльнага грамадства 3 page


Date: 2015-10-07; view: 626.


Наогул лейтматыў артыкула скіроўваўся на папулярызацыю ідэі аўтаноміі Беларусі, прычым не ў складзе РП, а ў складзе Расейскай федэрацыі. Са свайго боку беларуская фракцыя абяцала ўсебаковае супрацоўніцтва з “Народнай воляй”. Так, у рэчышчы яе праграмы пракламавалася агульная мэта барацьбы – за “эканамічнае паляпшэнне краіны на пачатках навуковага сацыялізма”. Што датычыць “абуджэння Беларусі”, асноўныя спадзяванні ўскладалася на нацыянальную інтэлігенцыю. “Канешне, – гаварылася ў часопісе. – сярод люду яшчэ няма свядомага імкнення да федэрацыйнай незалежнасці ў такім выглядзе, як гэта ўяўляе сабе інтэлігенцыя, аднак неабходнасць незалежнасці выцякае сама па сабе з усведамлення людам сваёй адметнасці ад суседзяў; самастойнасць таксама абумоўленая эканамічнымі і кліматычнымі асаблівасцямі Беларусі, што значна адрозніваюцца ад умоў іншых краёў Расеі, – выцякае, нарэшце, з арыгінальнасці характару самой нацыі”.

Такім чынам, важнейшай заслугай членаў “сацыяльна-палітычнай групы беларусаў” і іх часопіса зрабілася абгрунтаванне і прапаганда ідэй аб самабытнасці беларускага народа і яго права на дзяржаўнасць (аўтаноміі) у складзе Расійскай федэрацыі. Тым самым яны спрыялі ўмацаванню самасвядомасці беларусаў і фарміраванню нацыянальнай ідэі.

 

4. Раней астатніх у агульнарасійскую партыю вылучыліся народнікі, якія істотна перагледзелі сваю праграму. З 1899 у Мiнску пад кiраўнiцтвам народнікаў – Л. М. Клячко (Радзiёнава), Р. А. Гершунi, К. К. Брэшка-Брэшкоўскай, А. Бонч-Асмалоўскага пачала дзейнiчаць “Рабочая партыя палiтычнага вызвалення Расii”, якая, у адрозненне ад iншых рабочых партый, грунтавалася на народнiцкiх прынцыпах і тактыцы індывідуальнага тэрору. Палітычная праграма партыі была выкладзена ў брашуры “Свабода” (1900). Неўзабаве ў складзе РППВР налічвалася каля 200 удзельнікаў, аб'яднаных у амаль 40 гурткоў. Члены партыі займалiся распаўсюджваннем нелегальнай лiтаратуры, але многага зрабiць не паспелi, бо ў тым жа 1900 годзе арганiзацыя была выкрыта “ахранкай”.

Рэшткі яе ўвайшлі ў Партыю сацыялiстаў-рэвалюцыянераў, якая аформiлася ў 1902 г. з былых народнiкаў. Яе сацыяльнай базай з'яўляліся ўсе працоўныя пласты – пралетарыят, сялянства, народная інтэлігенцыя. Эсэры выступалi cупраць самаўладдзя i памешчыцкага землеўладання, за федэратыўную дэмакратычную рэспублiку, за пабудову сацыялiстычнага ладу на аснове сацыялiзацыi зямлi i ўраўняльнага землекарыстання, распаўсюджвання кааперацыi.

Эсэры ў многiм захавалі традыцыi “Народнай волi”, у тым ліку тактыку індывідуальнага тэрору. Для выканання тэрарыстычных акцый мела “Баявую арганiзацыю” на чале з Р. А. Гершунi. Арганiзацыi ПС-Р мелiся ў Беластоку, Вільні, Віцебску, Гомелі, Мiнску. На Беларусi ў 1904 г. узнiкла асобная Паўночна-Заходняя Абласная арганiзацыя ПС-Р.

Расійскія сацыял-дэмакраты доўгі час знаходзіліся на ідэйным і тактычным раздарожжы. Яшчэ ў стадыi фармiравання партыі iх лiдэры шмат спрачалiся адносна таго, якiм метадам барацьбы рабочага класа варта надаваць перавагу – палiтычным або эканамiчным. Прыхiльнiкі Э. Бернштэйна лічылі, што рабочы клас павінен змагацца толькi за эканамiчныя патрэбы i павышаць свой культурны ўзровень, а барацьба за палiтычныя свабоды з'яўлялася прэрагатывай легальнай дзейнасці лiбералаў. Барацьбу супраць “эканамізму” ўзначалiлi Г. Пляханаў i У. Ленiн. Вялiкую ролю ў гэтым адыграла газета “Искра”, якая друкавалася ў Германіі, Англіі, Швейцарыі са снежня 1900 па кастрычнік 1905 гг. і нелегальна распаўсюджвался ў Расіі, у тым ліку ў 25 населеных пунктах Беларусi.

На пачатку новага стагоддзя наспела небходнасць cтварэння адзiнай сацыял-дэмакратычнай партыi. Пэўным чынам таму перашкаджаў Бунд, які вясной 1901 г. на сваiм з'ездзе абвясцiў сябе адзiным выразнiкам iнтарэсаў яўрэйскага пралетарыяту ў Расii і выступіў за свой аўтаномны статус у складзе РСДРП.

ІІ з'езд партыі адбыўся ў ліпені-жніўні 1903 г. у Бруселі і Лондане з удзелам 43 чал. Яго дэлегаты прынялі партыйную праграму, дзе фармулявалiся задачы буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыi (праграма-мiнiмум): звяржэнне самаўладдзя i ўсталяванне дэмакратычнай рэс-публікi, прадастаўленне народам Расii раўнапраўя i права на сама-вызначэнне i многае iнш.). Праграма-максімум лiчыла канчатковай мэтай ўсталяванне дыктатуры пралетарыяту і далейшую пабудову сацыялiзму.

Бундаўцы выставiлi патрабаванне пабудовы РСДРП па федэрацыйным прынцыпе, каб захаваць у новай партыi сваю самастойнасць, а калi iх не падтрымалi iншыя дэлегаты, то пакiнулi з'езд. Іх падтрымалі прадстаўнiкi Сацыял-Дэмакратыі Каралеўства Польскага i Літвы (СДКПіЛ), якiх не задавальняў пункт праграмы аб праве нацый на самавызначэнне.

Акрамя таго, i сярод тых, хто застаўся, пад час абмеркавання параграфа 1 Cтатуту аб тым, хто можа быць членам партыi, не было згоды. Большасцю галасоў была прынята фармулёўка Ю. В. Мартава, у адпаведнасцi з якой для членства ў РСДРП лiчылася дастатковым прызнанне праграмы, матэрыяльная падтрымка партыi i рэгулярнае асабiстае садзеянне ёй пад кiраўнiцтвам адной з партыйных арганізацый. У. Ленiн выказваўся за непасрэдны ўдзел кожнага ў працы партарганiзацыi.

Раскол дэлегатаў з'езда стаў вiдавочным у сувязi з выбарамi ў цэнтральныя органы партыi. Колькасць членаў рэдакцыi “Искры” па прапанове У. Ленiна было скарочана да трох (У. Ленiн, Ю. В. Мартаў, Г. В. Пляханаў). Па прычыне адмовы 15 дэлегатаў удзельнiчаць у выбарах ЦК, у яго ўвайшлi толькi прыхiльнiкi Ленiна, якія склалі большасць - адсюль “бальшавiкi і меншавiкi”. У далейшым прапанова Г. Пляханава ў мэтах прымiрэння бальшавiкоў i меньшавiкоў вярнуць у склад “Искры” ўсiх яе супрацоўнiкаў выклiкала выхад з рэдакцыi У. Ленiна. Але партыя па-ранейшаму называлася РСДРП. У сярэдзiне 1905 гг. у ёй налiчвалася 14 тыс. бальшавiкоў i 12,5 меншавiкоў. На Беларусi яе буйнейшыя арганiзацыi ў 1903-1904 гг. узнiклi ў Мiнску, Гомелi, Вiцебску, Барысаве, Бабруйску, Магiлёве, Мазыры, Полацку. Падпарадкоўвалiся яны Палескаму (Гомель) i Паўночна-Заходняму (Вiльня) камiтэтам.

На Беларусі, акрамя агульнарасійскіх, сталі дзейнічаць нацыянальныя партыі. Асаблівы непакой улад выклікала палітычная актыўнасць Бунда. Каб прадухiлiць уцягненне рабочых у палiтычную дзейнасць, урадавыя колы былі вымушаны выкарыстоўваць не толькі рэпрэсіўныя метады. Так, начальнiк Маскоўскага ахоўнага аддзялення палкоўнік Зубатаў праз сваiх агентаў на месцах скіроўваў рух яўрэйскіх працоўных на барацьбу за першаступеннае задавальненне іх матэрыяльных i культурных патрэб з тым, каб паралiзаваць дзейнасць рэвалюцыйных партый. У прыватнасцi, за адмову ад палiтычнай барацьбы (супраць цара i ўрада) палкоўнiк абяцаў не перашкаджаць рабочым праводзiць эканамiчныя стачкi. Упершыню гэтая практыка – так званы “палiцэйскi сацыялiзм” была выкарыстана у 1901 г., калі мясцовыя “зубатаўцы” з дапамогай паліцыі ў слесарных майстэрнях дамагліся зніжэння працоўнага дня да 12-гадзін. Гэтая перамога падштурхнула рабочых да аб'яднання вакол створанай у Мiнску Яўрэйскай незалежнай рабочай партыi (ЯНРП) на чале з былымі бундаўцамі М. Вiльбушэвiч i Р. Шахновiчам. У партыйным маніфесце абвяшчалася аб адмове ад палітычных мэтаў і імкненні пад лозунгам “хлеба і ведаў” узняць эканамічны і культурны узровень яўрэйскага пралетарыяту праз развіццё прафсаюзаў, кас узаемадапамогі, клубаў. У канцы 1901 г. да ЯНРП далучылася 15 рамесных прафсаюзаў з 20, якiя да таго часу ўваходзiлi ў Бунд. Яе суполкі ўзніклі ў Бабруйску, Вільні, Гродна, а таксама ў Адэсе, Нікалаеве, Херсоне і інш.

ЯНРП паспяхова спалучала сваю дзейнасць з прапагандай ідэалогіі ciя-нiзму, асноўнай мэтай якога з'яўлялася згуртаванне ўсiх яўрэяў свету i ўтварэнне ўласнай дзяржавы ў Палесцiне. У 1897 г. адбылося заснаванне сіянісцкай партыі, а ў 1902 г. у Мiнску нават адбыўся Усерасiйскi з'езд сiянiстаў. У вынiку барацьба памiж Бундам i ЯНРП рэзка абвастрылася. Характэрна, што i сам ўрад асудзiў дзейнасць Зубатава, якая супярэчыла iнтарэсам прадпрымальнiкаў, і адправіў яго ў адстаўку. Пазбаўленая падтрымкi ЯНРП у 1903 г. распалася. У выніку аўтарытэт Бунда стаў зноў узрастаць. Асноўныя яго намаганнi ў барацьбе за яўрэйскiх рабочых цяпер былi скiраваны супраць сiянiстаў.

Характэрна таксама, што да пачатку рэвалюцыi ў яўрэйскiм асяроддзi ўзнiклi новыя партыi – напалову сацыялiстычныя, напалову ciянiсцкiя: у iх лiку – Сацыялістычная яўрэйская рабочая партыя і Яўрэйская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя Паалей Цыён. Але, у параўнанні з Бундам, іх уплыў на рабочых быў невялікім.

З 1900 г. у Вiльні, Мiнску, Смаргоні дзейнiчалi невялiкiя групы Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага i Літвы, а з 1902 г. – Польскай партыі сацыялістычнай. У той час, як СДКПiЛ iмкнулася да супрацоўнiцтва з РСДРП, ППС адмаўляла iдэю польска-расiйскага рэвалюцыйнага саюза. Але ў пытаннi аб утварэннi незалежных дзяржаў СДКПiЛ лiчыла гэта недапушчальным. ППС была прыхiльнiцай самастойнай Польшчы. Тых з яе членаў, хто дзейнiчаў на тэрыторыi Заходняй Беларусi, не задавальняла iдэя Вялiкай Польшчы, вылучылiся ў асобную “ППС на Лiтве” i абвясцiлi сваёй мэтай барацьбу за палiтычную незалежнасць i дасягненне сацыялістычнага ладу. Гэта была партыя беларусаў, лiтоўцаў, палякаў, якiх усё яшчэ ядналi агульныя традыцыi ВКЛ.

Вызначальную ролю ў кансалідацыі беларускага народа, абуджэнні яко палітычнай свядомасці адыграла нацыянальная дэмакратычная інтэлігенцыя. У канцы ХІХ ст. у Мiнску сярод навучэнцаў гімназій утварыўся гурток па вывучэнню беларускіх нацыянальных праблем. У 1902 г. яго заснавальнiкi – браты Антон i Iван Луцкевiчы працягвалі гэтую дзейнасць у Пецярбургу, у студэнцкiм “Гуртку беларускай народнай асветы”. Зiмою 1902/1903 гг. члены гуртка (у тым лiку браты Луцкевiчы, Цётка, К. Каганец, А. Бурбiс, В. Iваноўскi, Ф. Умястоўскi) з удзелам моладзi Мiнска i Вiльнi за-снавалi “Беларускую рэвалюцыйную грамаду”. Прыкметны ўплыў на заснавальнікаў беларускай партыі аказвалі суполкі “ППС на Лiтве”, якiя абвясцiлi сваёй мэтай барацьбу за палiтычную незалежнасць краю i дасягненне сацыялicтычнага ладу. Урэшце з'езд БРГ, якi адбыўся ў 1903 г., пазіцыяніраваў сябе як сацыяльна-палiтычную арганiзацыю беларускага працоўнага народа. Як вынікала з яе праграмы, канчатковай мэтай абвяшчалася знiшчэнне капiталiстычнага ладу i пераход у грамадскую ўласнасць зямлi, сродкаў вытворчасцi i транспарту. Блiжэйшай задачай абвяшчалася звяржэнне самаўладдзя.

Нацыянальная часта праграма прызнавала самай пажаданай формай забеспячэння нацыянальнай свабоды ў эпоху капiталiзму “Беларускую незалежную дэмакратычную рэспублiку”. Меркавалася дамагацца палiтычнай аўтаномii Беларусi з сеймам у Вiльнi i культурна-нацыянальнай аўтаномii для этнiчных груп краю.

Аграрная частка праграмы прадугледжвала скасаванне прыватнай зямельнай уласнасцi, ураўняльнае землекарыстанне, прапагандавала апрацоўку зямлi ўласнымi без наёмнай працы сіламі. Праграма па рабочым пытаннi фактычна паўтарала змест адпаведнай часткі праграмы РСДРП. Па сутнасці, партыя не аддзяляла рабочых ад сялян. Партыйным лозунгам з'яўляўся слоган “Бедната ўсіх краін, яднайся”.

Такім чынам, у партыйнай праграме рэвалюцыйны дэмакратызм спалучаўся з народнiцкiм (сялянскiм) сацыялiзмам і нацыянальнымі ідэямі. Недзе памiж 1904 i 1905 годам БРГ прыняла назву Беларуская сацыялістычнага грамада (БСГ). З моманту свайго ўтварэння яна ўстла на рэвалюцыйны шлях барацьбы з самаўладдзем, за ўсталяванне ў Расіі федэратыўнай дэмакратычнай рэспублі­кі і самавызначэнне беларускага і іншых яе народаў. Роля БСГ сярод іншых партый, якія існавалі на Беларусі да 1905 г., у агульным рэвалюцыйным працэсе была невялікай.

5. Прычынамi рэвалюцыi з'яўвілiся абвастрэнне супярэчнасцей памiж самаўладдзем i грамадствам, памешчыкамi i сялянамi, буржуазiяй i пралетарыятам, царызмам i народамi нацыянальных ускраiн; няўдалы ход i вынiкi для Расii вайны з Японiяй. Галоўнымі ўдзельнiкамi падзей 1905-1907 гг. былi – рабочыя, iнтэлігенцыя, буржуазiя; у менш ступенi – сяляне, памешчыкi, чыноўнiцтва.

Пачаткам рэвалюцыi паслужыла “Крывавая нядзеля” – расстрэл 9 студзе-ня 1905 г. мiрнай манiфестацыi працоўных Пецярбурга, якiя на чале са свяшчэннікам Гапонам ішлi да цара з петыцыяй аб паляпшэнні іх становішча. У выніку ад салдацкіх куль загінула больш 1000 чал. У адказ абураныя рабочыя i прагрэсiўная iнтэлiгенцыя ў той жа дзень выйшлi на вулiцы сталiцы пад лозунгамi “Далоў самаўладдзе!”, “Няхай жыве рэвалюцыя”.

Акцыi салідарнасці пракацiлiся па ўсёй краiне. У іх удзельнічала каля 440 тыс. На Беларусі найбольш актыўна выступілі працоўныя Мінска, якія арганізавалі стачкі і дэманстрацыі пратэсту з 11 па 16 студзеня з удзелам 2 тыс чал., Гомеля­ – 12-19 студзеня з удзелам больш 8 тыс. чал., а таксама Брэста, Смаргонi, Мазыра, Полацка, Слонiма, усяго 31 населенага пункту. Арганiзатарамi выступленняў былi партыйныя камiтэты Бунда, РСДРП і ПС-Р. Працоўныя шэрагу гарадоў i мястэчак выкарыстоўвалі забастовачны рух для барацьбы за скарачэнне працоўнага дня і павелічэнне зарплаты.

Чарговым падставай для рэвалюцыйнага ўздыму зрабілася святкаванне 18 красавіка (па новым стылі – 1 мая) міжнароднага дня салідарнасці працоўных. Дэманстрацыi, маёўкi, сходкi з іх удзелам праходзiлi пад лозунгамi “Да-лоў самадзяржаўе!”, “Няхай жыве дэмакратычная рэспублiка!”.

У Пiнску дэманстрацыi cуправаджалiся перастрэлкай баявiкоў з палiцыяй. У Вiцебску на працягу красавiка былi арганiзаваны 4 дэманстрацыi i мiтынгі, адбывалiся сутычкi працоўных з войскамi i палiцыяй.

Летнi ўздым рэвалюцыйнага руху на Беларусi быў звязаны з рэпрэсiямi царскiх улад, якiя адбылiся ў Адэсе, Варшаве, Iванава-Вазнясенску, Лодзi. У адказ у 56 беларускiх гарадах i мястэчках адбылiся акцыi салiдарнасцi з ахвярамi расстрэлаў i арыштаў. У шэрагу месцаў (Ашмяны, Талочын) рабочыя стваралi дружыны i ладзiлi ўзброеныя дэманстрацыi.

Пад уздзеяннем рэвалюцыйных падзей сяляне прадпрымалі спробы дамагчыся паляпшэння свайго становiшча. Калі ў студзенi-сакавiку 1905 г. на Беларусi адбылiся 56, то красавiку-чэрвенi 237 cялянскiх выступленняў. У асноўным, яны ўяўлялi сабой патравы панскіх лугоў, парубкi лесу, зрэдку – падпалы i разгромы маёнткаў. У канцы ліпеня наспелі ўмовы ўтварэння Усерасійскага сялянскага саюза.

Забастовачны рух сельскіх пралетарыяў адбываўся пад уплывам агiтацыi мясцовых арганiзацый РСДРП, Бунда, ПС-Р, БСГ Найбольш масавай i арганiзаванай была забастоўка сялян-падзёншчыкаў i парабкаў, якая ў чэрвенi 1905 г. ахапiла амаль усе памешчыцкiя маёнткi Навагрудскага пав. Такiя ж забастоўкi летам 1905 г. назіраліся ў Бабруйскiм, Брэсцкiм, Ваўкавыскiм, Гродзенскiм, Мiнскiм, Рэчыцкiм і Слуцкiм пав.

У найменшай ступені рэвалюцыйныя падзеі закранулі царскую армію і флот, якія засталіся асноўнай апорай самаўладдзя. Паўстанні матросаў браненосца “Потёмкин” і крэйсера “Очаков” былі яркiмі, але не тыповымі эпiзодамі рэвалюцыі 1905 г. На Беларусі асобныя выступленні салдат адбыліся ў Мінску, Віцебску і інш. месцах і выяўляліся ў непадпарадкаванні камандзірам, спевах рэвалюцыйных песень, выкарыстанні чырвоных сцягоў.

Мікалай ІІ усведамляў неабходнасць выкарыстання не толькі сілавых метадаў падаўлення рэвалюцыі. У адказ на патрабаванні рэфармавання кiравання краiнай 6 жнiўня 1905 г. iм быў падпiсаны манiфест i распрацаванае міністрам унутраных спраў Булыгiным “Палажэнне аб выбарах у законадарадчую Дзяржаўную думу”. Паводле дакумента, азначаныя выбары павінны былі былі адбывацца ў некалькі этапаў, на аснове высокага маёмнага цэнзу выбаршчыкаў трох курый – сялянскай (42%), землеўладальніцкай (34 %) і гарадской (24 %) курый. Але гэтыя дакументы былi ўспрыняты большасцю грамадскасцi як палітычны манёўр. У выніку распачатай “левымі” агiтацыю за байкот “булыгінскай думы” выбары ў яе так і не адбыліся.

У вераснi ўзнялася чарговая хваля рэвалюцыйных выступленняў, а з арганізацыяй у кастрычнiку ўсерасiйскай палiтычнай стачкi пад лозунгамi звяржэння самаўладдзя i ўсталявання дэмакратычнай рэспублiкi яна дасягнула свайго найвышэйшага ўздыму. Стачка чыгуначнiкаў паралiзавала дзейнасць урада. У краіне актывізавалася дзейнасць Саветаў рабочых дэпутатаў, накшталт Пецярбургскага, Іванава-Вазнясенскага, якія выступалі як органы ўлады, альтэрнатыўныя царскім. На Беларусi ўсерасійскую акцыю падтрымалі працоўныя 32 гарадоў і мястэчак. Функцыі стачачных цэнтраў выконвалі аб'яднаныя партыйна-прафесійныя камітэты.

З далучэннем да ўсерасійскай стачкі Саюза чыгуначнiкаў дзейнасць царскага ўрада была паралiзавана. У выніку 17 кастрычніка Мiкалай II быў вымушаны абнародаваць чарговы Маніфест з “дараваннем” народу – дэмакратычных свабод і заканадаўчай Думы. 21 кастрычнiка абвяшчалася амнiстыя палiтычным зняволеным i iнш.

Прадстаўнiкi левых партый заклiкалi не верыць цару i працягваць барацьбу за звяржэнне самадзяржаўя i склiканне Устаноўчага сходу. Але сутыкненні з паліцыяй, якія адбываліся пад час стыхiйных дэманстрацый жыхароў, акрамя іншага сведчылі аб яшчэ моцным патэнцыяле царскага рэжыму. Так, 18 кастрычніка супраць дэманстрантаў Мінска была выкарыстана зброя (“Курлоўскі расстрэл”), у выніку чаго было забіта каля 100 і паранена ўтрая больш чал. Меліся ахвяры ў Віцебску і Гомелі.

Асноўная маса насельніцтва Расійскай імперыі ўспрыняла звесткi аб Манiфесце з энтузіязмам, як перамогу над царызмам і імкнулася выкарыстаць яе ў сваіх, найперш палітычных мэтах. Такім чынам, разлік цара на стабілізуючае ўздзеянне Манiфеста ў значнай ступені спраўдзіўся, бо грамадска-палітычнае жыццё павярнула ў рэфармацыйнае рэчышча. “Дараванне” народу Дзяржаўнай думы стварала спрыяльныя ўмовы для негвалтоўнай рэарганізацыі палітычнай сістэмы расійскага грамадства.

У гэтых буржуазiя, чыноўнiцтва, iнтэлiгенцыя, усе носьбіты ліберальнай ідэалогіі, якія не iмкнулiся да звяржэння манархii, а спадзявалася, абмежаваць яе канстытуцыяй, актывізавалі сваю дзейнасць.

Для дасягнення сваiх мэтаў гэтыя пласты грамадства стварылi дзве партыi – акцябрыстаў (“Союз 17 октября”) i кадэтаў (канстытуцыйных дэмакратаў). Пры гэтым у першую ўваходзiла праваліберальная, частка чыноўнікаў, памешчыкаў, гандлёва-прамысловай буржуазіі, якая ў пытаннi аб ўладзе прытрымлівалася памяркоўна-канстытуцыйных поглядаў і не выказвала самаўладдзю нiякай апазiцыйнасцi. Лідэрам стаў прадпрымальнік А. Гучкоў.

Канстытуцыйныя дэмакраты складалі левае крыло лібералізму. Сацыяльнай базай партыі з'яўляліся служачыя земстваў, творчая інтэлігенцыя, буржуазія, буйныя і дробныя землеўладальнікі. Яе ідэалам дзяржаўнага ўладкавання з'яўлялася манархія, абмежаваная парламентам. Кадэты выступалі за правы асобы, прыватную ўласнасць, вяршэнства закону. Яны мелі ўласную аграрную, рабочую і нацыянальную праграму і, у адрозненне ад сацыялістычных партый, абралі рэфармацыйны, негвалтоўны шлях яе рэалізацыі. Партыю ўзначаліў прафесар П. М. Мілюкоў.

У адпаведнасці з Маніфестам 17 кастрычніка ўсе існаваўшыя дагэтуль сацыялістычныя партыі (РСДРП – меншавікі і бальшавікі, Бунд, ПС-Р, БСГ, трудавікі і інш.) выйшлі з падполля і сталі дзейнічаць легальна.

Разам з тым пэўная дэмакратызацыя палітычнага жыцця выклікала непакой так званых “чарнасоценцаў” – кансерватыўных пластоў расійскага грамадства праваслаўнай веры – дваранства, чыноўніцтва, клерыкальных колаў, якія аб'ядналіся пад лозунгамі абароны Расійскай імперыі і яе традыцыйных каштоўнасцей «праваслаўя, самадзяржаўя, народнасці» вакол арганізацый “Саюз рускага народа”, “Саюза Мiхаiла Архангела” і інш. Да іх далучаліся маргінальныя асобы, рэлігійныя фанатыкі, шавіністы, авантурысты, гатовыя на ўсё, нават на фізічнае знішчэнне тых, хто на іх думку пагражаў трону і царкве. Арганізацыі чарнасоценцаў утварыліся і на Беларусі – у Віцебску, Глыбокім, Гомелі, Мінску, Оршы, Пінску. Аб'ектам іх барацьбы зрабіліся не толькі палітычныя дзеячы, а таксама людзі іншых нацыянальнасцей, у першую чаргу яўрэі. Пры падтрымцы паліцыі чарнасоценцы фактычна тэрарызавалі яўрэйскае насельніцтва ўсёй краіны. У Польшчы, Украіне, Малдавіі, Беларусі іх намаганнямі былі ўчынены яўрэйскія пагромы.

Але іх дзейнасць не знайшла падтрымкі той часткі расійскага грамадства, якое бачыла асноўную прычыну палітычнага крызісу не ў рэвалюцыянерах і іншародцах, а ў самадзяржаўі і вострых сацыяльна-эканамічных супярэчнасцях. Нават сяляне, апантаныя сакральнай верай у “цара-бацюхну”, не спадзяваліся атрымаць ад яго палёгкі ў жыцці і ўздымаліся на барацьбу супраць памешчыкаў. На Беларусі, у параўнаннi з вераснем, колькасць выступленняў павялiчылася з 17 да 154, а ў снежнi – нават 286, прычым, вырасла колькасць падпалаў i разгромаў панскiх маёнткаў.

Пад уздзеяннем рэвалюцыйных выступленняў маракоў Кранштадта і Севастопаля адбываліся хваляванні дысцыплінарнага батальёна ў Бабруйскай крэпасці, а таксама салдат Брэсцкай крэпасці, Баранавіцкага і Гродзенскага гарнізонаў.

7 снежня 1905 г. ў Маскве ў пачалася палiтычная стачка, якая перарасла ва ўзброенае паўстанне. Стачка была падтрымана ў Мiнску. У гэты ж час палiтычныя забастоўкi адбывалiся ў Баранавiчах, Гомелi, Мазыры, Пiнску, уся-го ў 28 гарадах i мястэчках Беларусi з удзелам каля 44 тыс. чал.

У некаторых гарадах (Мiнск, Баранавiчы, Гомель) сiтуацыя для ўзброенага паўстання была даволi спрыяльнай, але мясцовыя партыйныя лiдэры так і не заклікалі да яго, cпадзеючыся на поспех маскоўскага пралетарыяту.

Узброенае паўстанне ў Маскве не перарасло ў агульнарасiйскае i было падаўлена войскамi. Па прыгавору ваенна-палявых судоў шматлікія яго ўдзельнікі былі пакараны смерцю. Лідэр партыі бальшавікоў У. І. Ленін мусіў уцячы за мяжу. На вёску былі пасланы карніцкія атрады, якія жорстка расправіліся з удзельнікамі сялянскага руху. Такім чынам, узброеныя сілы заставаліся апорай самаўладдзя ў яго барацьбе супраць рэвалюцыі. Найбольш рашучым прыхільнікам яе працягу заставаўся рабочы клас, у тым ліку Беларусі. Так, на пачатку студзеня 1906 г. з нагоды гадавіны “Крывавай нядзелі” каля 23 тыс. рабочых 13 гарадоў Беларусi наладзілі палiтычныя стачкi. 14 студзеня 1906 г. па заданнi камiтэта ПС-Р I. Пулiхаў здзейснiў няўдалы замах на мінскага губернатара Курлова i па прыгавору Вiленскага ваеннага суда быў павешаны.

Не абмяжоўваючыся рэпрэсіўнымі захадамі, царызм ішоў насустрач той частцы грамадства, якая падзяляла ідэю парламентарызма. У адпаведнасці з законам ад 11 снежня 1905 г., перавага на выбарах у Дзяржаўную думу надавалася памешчыкам, якія мелі ў 3,5 раза больш галасоў, чым буржуазія, у 15 разоў больш, чым сяляне, у 45 разоў больш, чым рабочыя. Самі выбары не былі ўсеагульнымі (на іх не дапускаліся рабочыя, батракі, сдудэнты і інш.) і адбываліся ў некалькі этапаў, асобна па трох курыях – землеўладальніцкай, гарадской і сельскай.

Левыя партыi: РСДРП, ПС-Р і нацыянальныя сацыялістычныя партыі заклiкалi байкатаваць выбары, але яны ўсё ж адбылiся 26 сакавіка-20 красавіка 1906 г. i прынеслi перамогу кадэтам, якія занялі 179 дэпутацкіх месцаў з 478. У лiку 36 дэпутатаў ад 5 беларускiх губерняў было 10 памешчыкаў, 2 ксяндзы, 11 лiберальных iнтэлiгентаў (кадэтаў) і 13 сялян.

У думе былi створаны партыйныя фракцыi, пераважна, правага кшталту. Асноўная ўвага дэпутатаў прыцягвала зямельнае пытанне. Частка сялянскiх прадстаўнiкоў аб'ядналася ў фракцыю “трудавiкоў” i запатрабавала стварэння зямельнага фонду для надзялення сялян зямлёй па працоўнай або спажывецкай норме. Са сваёй праграмай вырашэння гэтага пытання выступілі кадэты, якія, акрамя іншага, настойвалі на недатыкальнасці прыватнага землеўладання.

Нарэшце, 20 чэрвеня 1906 г. быў абвешчаны дзяржаўны праект па аграрным пытанні, які выклікаў адмоўнае стаўленне да яго з боку дэпутатаў. Указам цара ад 8 лiпеня 1906 г. дума была распушчана за тое, быццам яна аказалася непрацаздольнаю і распальвала напружанасць у грамадстве. Адначасова абвяшалася аб падрыхтоўцы да новых выбараў.

Новы старшыня царскага ўрада і адначасова міністр унутраных спраў П. Сталыпiн узмацнiў рэпрэсii супраць рэвалюцыянераў, асабліва тэрарыстаў. Колькасць смяротных прысудаў, у тым ліку праз павешанне, рэзка ўзрасла, а словазлучэнне “сталыпiнскi гальштук” (г.зн, пятля) трывала ўвайшло ў тагачасны лексiкон.

У выніку царызму паступова ўдалося стабілізаваць сітуацыю і самому перайсці ў наступленне. Што датычыць становішча на Беларусі, то з пачатку рэвалюцыі колькасць эканамічных стачак тут знiзiлася ў два разы. Прадпрымальнiкi сталі часцей выкарыстоўваць лакауты і звальняць членаў прафсаюзаў, а надалей, каб сумесна процiстаяць рабочым, пачалi ствараць свае аб'яднанні.

У тых умовах сацыялiсты прыйшлi да меркавання аб неабходнасці выкарыстання парламенцкіх метадаў барацьбы за інтарэсы працоўных. Таму, на гэты раз яны не сталi байкатаваць выбары ў ІІ Думу, а актыўна ўключылiся ў выбарчую кампанiю. На Беларусi сацыялiсты поспеху не мелi, затое значную актыўнасць выявiлi чарнасоценцы i акцябрысты, якiя аб'ядналiся ў шавiнicцкi “Русский окраинный союз”. Iм процicтаялi польска-беларускiя ксяндзы – аўтанамiсты. Пасля выбараў у лютым 1907 г. з 518 дэпутатаў думы 222 належалі да сацыялiстаў, 98 – да лiберальнай буржуазiі, па партыйнаму складу – кадэты (98 месцаў). Беларускiя губернi прадстаўлялi 13 памешчыкаў, 3 святароў, 4 iнтэлiгентаў i 16 сялян. Такім чынам, замест “непрацаздольнай” першай Думы, склад другой быў у сваёй большасці “левы”. Неўзабаве жандармерыі стала вядома, быццам частка думцаў з ліку сацыял-дэмакратаў сустракаецца з салдатамі сталічнага гарнізона рыхтуе ваенную змову. 1 чэрвеня П. А. Сталыпін запатрабаваў адхіліць 55 указаных асоб ад удзелу ў думскіх пасяджэннях, а 16 – пазбавіць судовай недатыкальнасці. Невыкананне гэтага патрабавання дало падставы цару Указам ад 3 чэрвеня распусціць Думу і прызначыць у яе чарговыя выбары на падставе новага “Палажэння”.

Новае “Палажэнне аб выбарах у Думу” ад таго ж, 3 чэрвеня 1907 г., было складзена з мэтай мiнiмiзацыi ў ёй колькасці апазiцыйных элементаў. Яно надавала значную перавагу маёмным класам, у першую чаргу, вялiкарускаму дваранству праваслаўнага веравызнання. Супраць левых партый былi разгорнуты рэпрэсii, а сацыял-дэмакратычная фракцыя – арыштавана. Такім чынам, абяцанні Мікалая ІІ дэмакратычным шляхам стварыць заканадаўчы орган, былі адкінуты, і на гэтай падставе новы выбарчы закон ад таго ж 3 чэрвеня, па сутнасці, быў успрыняты прагрэсіўнай грамадскасцю як “Трэцячэрвенскi дзяржаўны пераварот”.

У выніку восеньскіх 1907 г. выбараў з 442 дэпутатаў да крайніх правых належала – 50, умерана-правых і вялікарускіх нацыяналістаў – 97, акцябрыстаў і блізкіх да іх – 154, «прагрэсістаў» – 28, кадэтаў – 54, трудавікоў – 13, сацыял-дэмакратаў – 19 і інш. З 36 дэпутатаў ад беларускіх губерняў большасць складалі памешчыкі і праваслаўнае духавенства, а па палітычным спектры – да крайне правых.

З разгонам II i пачаткам дзейнасцi ІІІ Думы перадавой грамадскасцi рабiлася вiдавочна, што рэвалюцыя пацярпела паражэнне. Царызм захаваў свае асноўныя пазiцыi i з апорай на кансерватыўныя пласты грамадства, на армiю i рэпрэсiўны апарат абрынуўся супраць свядомых рэвалюцыянераў, рабочага i сялянскага рухаў. Таму спрыяў зноў абраны дэпутацкі корпус Думы.

 

6. У 1905 г. БСГ выступала ў адзіным з іншымі сацыялістычнымі партыямі рэвалюцыйным рэчышчы. Агульнымi з эсэрамi намаганнямi яна ўдзельнічала ў арганiзацыі Беларускага Сялянскага саюза, далучалася да байкоту думы i многае iншае.

У студзенi 1906 г. у Мiнску на II з'ездзе БСГ былi прыняты новая праграма i арганiзацыйны статут, выбраны ЦК у складзе А. і І. Луцкевiчаў, В. Iваноўскага i А. Бурбiса. У праграме гаварылася, што партыя ставiць канчатковай мэтай замену капiталiстычнага ладу cацыялiстычным, а блiжэйшай задачай – звяржэнне самаўладдзя i ўтварэнне Расiйскай федэратыўнай дэмакратычнай рэспублiкi cа свабодным самавызначэннем i культурна-нацыянальнай аўтаномiяй народнасцей. Для Беларусi самавызначэнне павiнна было ўвасобiцца ў дзяржаўнай аўтаномii з соймам у Вiльнi.

У аграрным пытаннi складальнiкi праграмы ўжо аддалi перавагу не эсэраўскай сацыялiзацыi, а праекту ўтварэння Абласнога зямельнага фонду (накшталт мунiцыпалiзацыi), што адпавядала аўтаномii Беларусi. Усе важнейшыя пытаннi мусiў вырашыць Устаноўчы сойм для Беларусi i толькi пасля рэвалюцыйнага звяржэння самаўладдзя.

На чэрвеньскай (1906 г.) канферэнцыi БСГ яе ўдзельнiкi вырашылi працягваць байкот думы, але выкарыстоўваць яе магчымасцi ў мэтах рэвалюцыi.

Важная ўвага надавалася арганiзацыйнай структуры партыi i яе дзейнасцi. У абласцях належала стварыць заканспiраваныя абласныя камiтэты. У асяроддзi рабочых – таксама заканспіраваныя рабочыя камiтэты, а пры iх – Рабочыя саветы. Друкаваным органам БСГ стала газета “Наша доля”. Неафiцыйнымі рэдактарамі былі браты Луцкевiчы, Цётка, Ф. Умястоўскi i iнш. Першы нумар, які выйшаў 1 верасня 1906 г., пачынаўся з верша Цёткi “Наш палетак”. Тут жа змяшчалася рэвалюцыйная проза – “Прысяга над крывавымi разорамi”. У звароце “Да чытача” газета заклікала да барацьбы з народнай “цемнатой”. 5 нумароў з 6 былі канфiскаваны ўладамі, а 11 студзеня 1907 г. «Наша доля” была забаронена назаўсёды.

Рэпрэсіі царскіх улад прымусілі грамадоўцаў змяніць сваю агітацыйную тактыку. Так, 10 лiстапада 1906 г з'явiўся першы нумар “Нашай нiвы”, у якім вызначылася арыентацыя яе выдаўцоў на рэфармацыйны шлях дасягнення беларусамі сваіх інтарэсаў, у прыватнасці, праз Дзяржаўную думу. У снежнi 1906 г. газета надрукавала адпаведную праграму патрабаванняў беларусаў па аграрным пытаннi, мясцовым самакiраванні, падатковай сiстэме, народнай адукацыi. У далейшым “Наша Нiва” змагалася за свабоду слова, крытыкавала дэпутатаў у Думе ад беларускіх губерняў i iнш.

У перыяд рэвалюцыi БСГ дзейнiчала як левая неанароднiцкая партыя. У яе складзе налiчвалася прыкладна 2 тыс. чалавек. Яе ўплыў сярод рабочых амаль не адчуваўся. Мiнскi краёвы камiтэт БСГ разам з РСДРП, ПС-Р i Бундам уваходзiлi ў левы блок па выбарах у II Дзяржаўную думу. У канцы 1906 – пачатку 1907 г. БСГ выдала некалькi лiстовак i брашур рэвалюцыйна-дэмакратычнага зместу і ў далейшым згарнула свае падпольныя структуры. Кiраўнiцтва партыі засяродзiлася на працы ў “Нашай нiве”, якая і ўзначаліла нацыянальны рух беларусаў.


<== previous lecture | next lecture ==>
Узнікненне індустрыяльнага грамадства 2 page | Узнікненне індустрыяльнага грамадства 4 page
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.293 s.