Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Узнікненне індустрыяльнага грамадства 4 page


Date: 2015-10-07; view: 630.


Пасля Трэцячэрвеньскага перавароту на Беларусi ўзмацнiўся нацiск вялiкадзяржаўнага шавiнiзму. Гэта адбiлася ў нормах прадстаўнiцтва на выбарах (каб зменшыць уплыў палякаў i яўрэяў) на карысць “рускай курыi”, да якой адносiлi i беларусаў. Царскiм уладам, праваслаўнай царкве, чарнасоценцам i акцябрыстам удалося павесцi за сабою большасць кандыдатаў беларускага сялянства. Прычына таго каранiлася ў нізкай нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа. Не апошнюю ролю адыгрывала і ўкараненне на Беларусі ідэалогіі заходнерусiзму (западноруссизма), якая адмаўляла самастойнасць i самабытнасць беларусаў як этнiчнай адзiнкi.

Прадстаўнiкi кансерватыўнага вялiкадзяржаўна-шавiнiстычнага кiрунку ў заходнерусiзме (Гаворскi і інш.) лiчылi этнiчныя прыкметы беларусаў вынiкам польска-каталiцкай эспансii.

Прыхiльнiкi лiберальна-памяркоўнага кiрунку (М. Каяловiч і інш.) прызнавалi пэўную гiсторыка-этнiчную адметнасць Беларусi, але выключалi мэтазгоднасць яе дзяржаўнага самавызначэння, варожа успрымалi праявы беларускага адраджэнскага руху і лічылі яго “польскай iнтрыгай”.

Удзельнікі чарнасоценна-акцябрысцкiх абвяшчалі Беларусь “Исконно русским краем”, а беларусаў далучалi да велiкаросаў (западнороссов).

У 1908 г. удзельнікі вялiкадзяржаўна-шавiнiстычныя групоўкi “Белорусское общество” абвінавачвалі “Нашу Нiву”, беларускi нацыянальны рух у сепаратызме, “мазепiнстве”, у польскiм i касцёльным утрыманстве. Са свайго боку яго члены заклікалі да аб'яднанне ўсiх прадстаўнiкоў беларускай народнасцi без адрознення саслоўя, звання i веравызнання на адной нацыянальна-культурнай платформе. Беларусы прызнавалiся самастойнай народнасцю, але iх роднай мовай абвяшчаўся “русский язык”. Невыпадкова, што пад уздзеяннем падобных ідэй шырокага настаўніцкага руху за навучанне беларусаў на іх роднай мове так і не ўзнікла.

Характэрна тое, што беларускi рух адчуваў уцiск i з польскага боку. З другога боку, прадстаўнiкi польскай арыстакратыi, iдэолагi “Вялiкай Польшчы”, таксама адмаўлялi самабытнасць беларускага народа, разглядалi Беларусь як “ускраiнную” частку колішняй польскай дзяржавы. Як i рускi ўрадавы i чарнасотнiцкi друк, польская прэса адмаўляла беларускаму этнасу ў праве на iснаванне; цкавала “Нашу нiву”, сцвярджала, быццам яна выдаецца на казённыя грошы i г. д. Такiм чынам, беларускi рух, як пiсалi пазней, трапiў “памiж молатам i кавадлам”.

Частка ўдзельнікаў польскага руху, у якім дамінавала так званая краёвая плынь, выступала з ідэяй яднання ўсіх этнасаў Беларусі і Літвы на глебе агульнасці інтарэсаў краю. Лідэры краёўцаў спрабавалі прапагандавалі палітычнае разуменне нацыі, пры якім галоўным крытэрыем нацыянальнай пры-належнасці з'яўляўся крытэрый грамадзянскай (дзяржаўнай) прыналежнасці. Кастанцыя Скірмунт пісала, што "Краёвая ідэя - гэта гармонія трох адвечных элементаў краю: літоўскага, польскага і русінскага на іх спрадвечнай Айчыне Літве і Беларусі; гэта згода гэтых элементаў у сумеснай грамадскай працы для агульнага дабра пры свабодным і самастойным культурным развіцці кожнага з іх”. Але гэтая ідэя актуалізавалася толькі з пачаткам сусветнай вайны.

Больш важнай для беларусаў праблемай з'яўляўся шавінізм, як рускі, так і польскі. Газета “Наша Нiва” з вялiкім напружаннем вяла барацьбу супраць іх. Яе выдаўцы з-за пагрозы рэпрэсій былі вымушаны адыйсці ад радыкальных ацэнак палітычнага і эканамічнага жыцця ў краіне і засяродзіцца на асветніцкіх праблемах: культурна-нацыянальным адраджэнні народа, барацьбе за мову, нацыянальную свядомасць i кансалідацыю беларусаў, незалежна ад веравызнання.

Газета друкавала шматлікія і разнастайныя матэрыялы беларускіх аўтараў. Упершыню са старонак “Нашай Нівы” у вершаваным творы Я. Купалы форме прагучала беларуская нацыянальная ідэя. Намаганнямі нашаніўцаў узнікла і пачала ўкараняцца беларуская літаратурная мова.

Такiм чынам, грамадска-палiтычнае жыццё на Беларусі ў паслярэвалюцыйны перыяд характарызавалася жорсткiм палiцэйскiм рэжымам, скiраваным як супраць агульнарасiйскiх партый, так i нацыянальных рухаў. Беларускi рух, акрамя iншага, падвяргаўся наскокам з боку рознага кшталту рускiх i польскiх шавiнiстаў. З перапыненнем дзейнасці БСГ менавiта “Наша Нiва” да пачатку І сусветнай вайны заставалася цэнтрам беларускага нацыянальнага руху і з поспехам вы-канала ўскладзеную на яе місію.

7. Царызм добра ўсведамляў патрэбу аграрнай рэформы, здольнай вырашыць сацыяльна-эканамічныя праблемы вёскі і стымуляваць сельскагаспадарчы сектар эканомікі ўсёй краіны. Яе ажыццяўленне дыктавалася і палітычнымі матывамі: неабходнасцю ўмацавання дзяржаўнага ладу i пазбаўлення рэвалюцыйных сiл шырокай сацыяльнай апоры. На ролю выразнікаў ся-лянскіх інтарэсаў, абарону інтарэсаў прэтэндавалі Усерасiйскi сялянскi саюз, ПС-Р і трудавікі, сялянскія абраннікі Думы, але праблема заставалася нявырашанай.

З другога боку, як выявiлi падзеi 1905-1907 гг., частка сялянства выступiла супраць памешчыкаў, але ў сваёй масе яно заставалася законапаслухмяным i спадзявалася на добрую волю цара. Скасаванне выкупных плацяжоў толькi падмацоўвала яго манархічныя ілюзіі. Невыпадкова, царскі ўрад выступіў з ініцыятывай ажыццяўлення аграрнай рэформы “зверху”, каб апраўдаць сялянскія спадзяванні і перасекчы ўсе спекуляцыі на гэты конт з боку дэструктыўных сіл. Яе ідэолагам і арганізатарам з'яўляўся прэм'ер-міністр П. А. Сталыпiн. На яго думку, здзяйсненне рэформы павiнна было адбыцца не за кошт памешчыцкага землеўладання, а, па-першае, шляхам разбурэння сялянскага абшчыннага землекарыстання з замацаваннем надзельнай зямлi ў прыватную ўласнасць; па-другое, праз высяленне (з фiнансавай дапамогай банкаў) сялян на хутары i адрубы; па-трэцяе, праз перасяленне сялян на землi Сiбiры i Далёкага ўсходу.

Пачатак рэформы быў пакладзены царскiм указам ад 9 лiстапада 1906 г., у адпаведнасцi з якiм кожны гаспадар надзельнай зямлi мог набыць яе ў асабiстую ўласнасць. Ва ўмовах існавання “цераспалосiцы” ён мог запатрабаваць ад грамады вылучэння яму аднаго цэлага ўчастка – водрубу або хутара па месцу яго жыхарства, калi ён збiраўся выязджаць з сяла. Указ ад 14 чэрвеня 1910 г. рабiў выхад сялян з абшчыны абавязковым. Гэтая рэформа закранала, у асноўным, тыя губернi, у тым ліку Вiцебскаую і Магiлёўскую, дзе пераважала абшчыннае землекарыстанне. Напярэдаднi Лютаўскай рэвалюцыi ў oбшчынным карыстаннi заставалася толькi 28,5 % зямель.

Сялянскi Пазямельны банк выдаваў крэдыт сялянам на набыццё хутарскiх гаспадарак. За 10 год рэформы тут узнiкла каля 128 тыс. хутароў (12 % гаспадарак).

Важнейшым накірункам вырашэння аграрнай рэформы стала асваенне сялянамі сельскагаспадарчых угоддзяў Сібіры і Далёкага Усходу. Пад час перасяленцкай кампаніі, арганізаванай пры фінансавай і тэхнічнай падтрымцы ўрада, з 1907 па 1914 год з Беларусi на новае месца жыхарства і працы выехала 335 366 чал., але па розных прычынах 36 544 чал. былi вымушаны вярнуцца. Разам з тым рэформа ўзмацнiла сацыяльнае расслаенне сялянства, галоўным чынам, на заможных гаспадароў і парабкаў.

У цэлым жа, сталыпiнская аграрная рэформа станоўча паўплывала на развiццё аграрнага сектару эканомікі. У тым ліку – сялянскай гаспадаркi. Да вайны пашырылася плошча пасяўных зямель (амаль на 11%), павялiчылася ўраджайнасць бульбы, збожжа, iльну, на 10% вырасла пагалоўе буйнарагатай жывёлы i свiней. Штогод з Беларусi вывозiлася 2 млн пудоў iльновалакна, 550 тыс. пудоў мяса, амаль 400 тыс. малочных прадуктаў i iнш.

Рост прадукцыйнасці сельскагаспадарчага сектару спрыяў ўздыму харчовай, гарбарнай, тэкстыльнай, прамысловасцi. На Беларусi тэмпы яе развiцця былi нават некалькi вышэйшымi за расiйскiя. Разам з пераважаўшай дробнай рамесна-саматужнай прамысловасцю значна прагрэсiравала фабрычна-заводская, валавая прадукцыя якой у 1913 г. узрасла ў параўнаннi з 1907 г. на 67,5%.

Тым не менш, рэформа так i не набыла свайго лагiчнага завяршэння. У многiм гэта было звязана з забойствам у верасні 1911 г. яе ініцыятара і ідэолага Сталыпiна. Па-другое, класава-палітычныя інтарэсы ўрада і землеўласнікаў пакінулі непарушным памешчыцкае землеўладанне і тым захавалі сялянскi зямельны голад на вёсцы, а разам з iм - i значную сацыяльную базу для рэвалюцыйнага руху.

 

8. Пасля паражэння рэвалюцыi 1905-07 гг. па Расii пракацiлася хваля рэакцыi. У выніку амаль усе левыя арганiзацыi левых партый перапынілі існаванне або былі вельмi аслаблены. Не апошнюю ролю ў гэтым адыгралі правакатары, накшталт лідэра “Баявой арганізацыі” ПС-Л. Е. Азефа. У асяроддзі сацыял-дэмакратаў узнікла плынь “ліквідатараў”, якія выступалі зд адмову нелегальнай падпольнай дзейнасцi. Бальшавiкi спалучалі розныя віды дзейнасцi. БСГ перапыніла сваё існаванне, а яе кiраўнiцтва згуртавалася вакол “Нашай нiвы”. Партыя кадэтаў таксама паступова губляла былы ўплыў на грамадскую думку. Іх правінцыяльныя арганізацыі распадаліся.

У 1907 г. на Беларусі польскія памешчыкі і ксяндзы патрабавалі скасавання дыскрымінацыйнай палітыкі ў адносінах да палякаў і касцёла. Створаная імі “Краёвая партыя Літвы і Беларусі” вяла вострую ідэйную барацьбу як з рускімі шавіністамі, так і беларускім нацыянальным рухам.

Рэпрэсіі царскіх улад супраць рабочага руху абумовіў яго паступовы заняпад. Дзейнасць прафсаюзаў забаранялася. Пакінутыя без партыйнага кіраўніцтва рабочы клас радзей выкарыстоўваў эканамічныя стачкі ў сваіх мэтах. З 1907 па 1910 гг. яны адбыліся ў 43 населеных пунктах Беларусі, а колькасць іх удзельнікаў скарацілася ў 21 раз і складала толькі 21, 6 тыс. чал. За гэты ж час не адбылося ніводнай палітычнай стачкі. У той час, як у буйных прамысловых раёнах імперыі ў 1911-1912 гг. у рабочым руху вызначылася пэўная тэндэнцыя да ўзрастання, на Беларусі яна была менш прыкметнай. Нават у красавіку, калі паўсюдна ў краіне разгарнулася кампанія салідарнасці з ахвярамі Ленскага расстрэлу рабочых залатых радовішчаў Сібіры, тут не адбылося палітычных выступленняў. Працоўныя Брэста, Вiцебска, Гродна, Мiнска, Слонiма, Смаргонi толькі звярнуліся ў Думу з рэзалюцыямі пратэсту. Дзень міжнароднай салідарнасці 1 мая таксама не выклікаў на Беларусі істотнай актыўнасці рабочых. Усяго з ліпеня 1910 да пачатку сусветнай вайны ў 1914 гг. тут у забастоўках узялі ўдзел толькі каля 19 тыс рабочых – нават менш, чым за папярэднія тры гады.

У выніку карніцкіх экспедыцый, а таксама пад уздзеяннем распачатай аграрнай рэформы колькасць сялянскіх выступленняў таксама значна зменшылася: са 161 ў 1907 г. да 92 у 1909 г. Усе яны не мелі дачынення да палітыкі, а закраналі эканамічную сферу сялянскіх інтарэсаў.

Такім чынам, у нацыянальных ускраінах імперыі ўздзеянне аўтарытарнага царскага рэжыму на ўсе галіны іх жыццядзейнасці было больш адчувальным. Як не парадаксальна, але менавіта ў сталіцы імперыі яшчэ існавалі рэшткі палітычных свабод, дэклараваных яшчэ Маніфестам 17 кастрычніка. Найбольш важнае дасягненне рэвалюцыі 1905-1907 г. увасобілася ў Дзяржаўнай Думе. Менавіта з ёй лібералы і памяркоўныя сацыялісты звязвалі спадзяванні на рэалізацыю класавых і агульнаграмадскіх патрэб.

Важнай прыкметай станоўчых змен на Беларусі стала доўгачаканае ажыццяўленне ў 1911 г. земскай рэформы, абвешчанай яшчэ пры Аляксандры ІІ. Але, па-першае, яна праводзілася толькі ў трох губернях з пяці ­– Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губ. Па-другое, парадак выбараў па нацыянальных курыях ("руская" і "польская") не дазваляў беларусам пастаяць за свае нацыянальныя і сацыяльныя інтарэсы.

Тое ж адбылося восенню 1912 г. пад час выбарчай кампаніі ў ІУ Думу, калі ўрад прыклаў шмат намаганняў, каб у ёй апынуўся лаяльны яму дэпутацкі корпус. Сапраўды, па свайму складу Дума мала адрознівалася ад папярэдняй. З 442 дэпутатаў 120 належала да нацыяналістаў і памяркоўна-правых, акцябрыстаў – 98, правых – 65, кадэтаў – 59, прагрэсістаў – 48, сацыял-дэмакратаў – 14 (6 з якіх з'яўляліся бальшавікамі), трудавікоў – 10 і інш. 36 дэпутатаў, абраных у беларускіх губернях па партыйнай прыналежнасці да правых і нацыяналістаў далучалася 27 чал., да акцябрыстаў – 3, краёўцаў (польска-беларуская група) – 6. У цэлым, спадзяванні ўрада на падтрымку з боку Думы не спраўдзіліся. Наадварот, у апазіцыю да яго перайшлі не толькі дэпутаты левых партый, але кадэты і акцябрысты. Пры гэтым не сціхала барацьба паміж думскімі фракцыямі. Бальшавікі імкнуліся “вырваць Думу з рук лібералаў”, меншавікі – “вырваць Думу з рук рэакцыянераў”. З пачаткам сусветнай вайны ўзаемаадносіны ўрада і парламента яшчэ больш пагоршылася. Нават акцябрысты і кадэты крытыкавалі яго за няздольнасць вырашэння бягучых праблем. Спробы дэпутатаў дамагчыся ад цара падпарадкаванасці урада Думе станоўчага выніку не далі. У выніку ўзраслі не толькі антыўрадавыя, але і антыманархічныя настроі.

 

 

Лекцыя 10. Палітычная мадэрнізацыя расійскага грамадства ва ўмовах сусветнай вайны і пасля звяржэння самаўладдзя

 

1. Беларусь ва ўмовах сусветнай вайны

2. Лютаўская рэвалюцыя і ўсталяванне новага ладу на Беларусі.

3. Дзейнасць органаўЧасовага ўрада і палітычных сіл вясной-

летам 1917 г.

4. Беларускі рух вясной-летам 1917.

 

1. На пачатку ХХ стагоддзя Еўропа ўяўляла сабой нестабільны ў палітычных адносінах рэгіён, асабліва пасля таго, як паміж яе буйнейшымі дзяржавамі – Англіяй, Францыяй і Расіяй – з аднаго боку, і Германіяй, Аўстра-Венгрыяй і Італіяй – з другога, былі заключаны ваенна-палітычныя пагадненні. Да блокаў (адпаведна) Антанты і Траістага саюза ў 1914 г. пэўным чынам далучаліся іншыя, менш уплывовыя краіны з розных канцоў свету. Кожны з блокаў, а ў iх межах – кожная з краін-удзельніц мелі ўласныя iнтарэсы, звязаныя, з усталяваннем гегемоніі на еўрапейскім кантыненце, кантролю над слабаразвiтымi краiнамi і калонiямі.

Усё ж найбольш ваяўнiчую палiтыку на мiжнародным узроўнi праводзiла Германiя, якая спадзявалася пераўзыйсці свайго асноўнага канкурэнта –Англiю, а таксама абыйсці Францыю, пацяснiць Расiю, замацавацца на Блiзкiм Усходзе i г.д. Але ў барацьбе за лiдэрства не збiралiся саступаць нi Англiя, нi Францыя, і таму імкліва ўмацоўвалі свой ваенны патэнцыял. Народы аўстра-венгерскай імперыі імкнуліся да незалежнасці ад габсбургскай манархіі і ператваралі Балканы ў рэгіён нестабільнасці. У адчуванні натуральнага распаду Асманскай імперыі еўрапейскія краіны актывізавалі сваю палітыку на Блізкім Усходзе. У прыватнасці, Расія спадзявалася на атрыманне або захоп чарнаморскіх праліваў Басфор і Дарданэлы.

Такiм чынам, вайна памiж буйнейшымi еўрапейскiмi дзяржавамi за лідэрства, калонiі, сферы ўкладання капiталу, рынкі збыту і г. д. зрабiлася непазбежнай. Характэрна, што ні адзін з процілеглых бакоў нават не прадпрымаў спроб па яе прадухіленні. На думку сацыяліста-рэвалюцыянера В. Чарнова, гэта была вайна “нацыянальных капiталiзмаў”, сутыкненне “двух iмперыялiстычных трэстаў”. Характэрна, што ні адзін з процілеглых бакоў нават не прадпрымаў спроб па яе прадухіленні.

Падставай для пачатку баявых дзеянняў паслужыла забойства 15 чэрвеня 1914 г. сербам Г. Прынцыпам ў Сараеве (Боснiя) нашчадка аўстра-венгерскага трона эрцгерцага Франца-Фердынанда. Ультыматум, прад' яўлены Аўстра-Венгрыяй на адрас Сербii, вельмi закранаў яе прэстыж i таму ён быў адхiлены. Расiя заявiла пратэст Аўстра-Венгрыi з прычыны аб'яўленай ёю вайны i 17 лiпеня пачала ўсеагульную мабiлiзацыю, паказваючы гатоўнасць абаранiць Сербiю.

Кайзер Вiльгельм II запатрабаваў ад Мiкалая II спынення мабiлiзацыi i, не дачакаўшыся cтаноўчага адказу, 19 лiпеня (1 жнiўня) 1914 г. аб'явiў вайну Расii, 21 лiпеня – Францыi. 22 ліпеня вайну Германіі аб'явіла Англія, а 10 жнiўня Японiя. Праз колькі часу ў баявыя аперацыі былі ўцягнуты 33 краiны з колькасцю насельнiцтва звыш 1, 5 млрд чал (75% насельнiцтва). Варта заўважыць, што народы ваюючых краiн з уздымам прынялi вестку аб вайне, спадзеючыся на хуткае і паспяховае яе заканчэнне.

Першымі баявыя дзеяннi пачалі войскі Германiі, якія 20 ліпеня перасеклі тэрыторыю Бельгiі i рушылі на Парыж. Каб ліквідаваць пагрозу захопу французскай сталiцы, па просьбе саюзнікаў рускiя арміі пад камандаваннем Самсонава і Рэненкампфа распачалi наступленне ва Усходняй Прусii. Ужо першыя баі выявілі сур'ёзную перавагу праціўніка ва ўзбраенні, тэхнічных сродках, ваенным мастацтве, вынікам чаго стаў поўны разгром абедзвюх рускіх армій. Летам наступнага, 1915 года германскія войскі захапілі Царства Польскае, большыя часткі Віленскай, Гродзенскай і асобныя паветы Мінскай губ. Руска-германскі фронт стабілізаваўся толькі да канца 1915 г.

Тэрыторыя Беларусі ўяўляла сабой суцэльную прыфрантавую зону з насельніцтвам каля 6 млн чал. Пераважная яго большасць з'яўлялася сялянамi i жыла ў вёсках. Буйнейшымi гарадамi з'яўлялiся губернскiя – Мiнcк (250 тыс.), Вiцебск (да 120 тыс.), Магiлёў (75 тыс.), а таксама павятовыя цэнтры – Гомель (100 тыс.), Бабруйск (50 тыс.), Полацк, Рагачоў . У iншых гарадах (Барысаў) колькасць насельнiцтва складала каля 20 тыс. i менш (Лепель).

Праваслаўнае насельнiцтва аб'ядноўвалася ў трох епархiях (Магiлёўскай, Мiнскай i Полацкай), каталiцкае – у адной (Магiлёўскай). Яўрэi ў сваёй масе спавядалi iудаiзм. Невялiкая колькасць насельнiцтва спавядала iслам, лютэранства i стараабраднiцтва.

Важным фактарам, якi паўплываў на сацыяльна-эканамiчнае становiшча Беларусi ваеннага часу, стала размяшчэнне на яе тэрыторыi прадпрыемстваў арганiзацый па абслугоўваннi фронту – Усерасiйскага Земскага Саюза (УЗС), Усерасiйскага Саюза Гарадоў (УСГ), Земска-Гарадскога Саюза (Земгара), Ваенна-прамысловага камiтэта (ВПК). Як правiла, на iх былi заняты рабочыя i служачыя, камандзiраваныя з цэнтральных губерняў Расii.

Другой прыкметаю ваенных перамен cтала прысутнасць у прамысловасцi эвакуiраваных разам з персаналам прадпрыемстваў з Польшчы, накшталт завода “Арсенал”, якi размясцiўся ў Гомелi. Але з-за імклівага адступлення рускай арміі большасць прадпрыемстваў было захоплена ворагам.

За час вайны на Беларусi большасць існаваўшых (79 са 134) выраблялі ваенныя заказы – боепрыпасы, адзенне, абутак і інш. Тыя, прадукцыя якiх не закранала патрэб фронту, нават зачынялiся. Аб'ём прадукцыі цэнзавай прамысловасці скараціўся ў 2,7 раза, прычым, выраб тавараў народнага спажывання складаў толькі шостую-сёмую частку ад даваеннага ўзроўню.

У сувязi з ваеннымi дзеяннямi значна ўзрасла роля Лiбава-Роменскай, Аляксандраўскай, Рыга-Арлоўскай i Палескай чыгунак. Асноўны цяжар па расчыстцы пуцей і дастаўцы дроў на станцыі ўскладаўся на сялянства.

Агульная колькасць рабочых, занятых у прамысловасцi, на абарончых прадпрыемствах, на чыгунцы i г. д. складала каля 270 тыс. Акрамя таго, недахоп рабочых рук абумовiў дастаўку на Беларусь многiх тысяч работнiкаў з Сiбiры, Сярэдняй Азii, Далёкага Усходу.

Частыя мабілізацыі негатыўна сказваліся і на стане сельскай гаспадаркі. Па прычыне недахопу працоўных рук скарачэнне пасяўных плошчаў штогод дасягнула ў 1916 г. 15%. Жорсткая харчовая палітыка царскага ўрада прымушала вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі прадаваць яе рэквізіцыйным службам па нявыгадных “цвёрдых” цэнах. З-за недахопу прадуктаў і грашовай інфляцыі іх кошт значна ўзрос і рабіўся недаступным для працоўных.

Агульнае цяжкае становішча пагаршаў рух бежанцаў. Па загаду царскіх улад жыхары тых раёнаў, якім пагражала германская акупацыя, былі вымушаны знішчаць сваю маёмасць, тэрмінова пакідаць месцы свайго пражывання і рухацца на ўсход. З-за неарганізаванай эвакуацыі насельніцтва, якая фактычна суправаджалася гвалтам, у беларускіх гарадах і вёсках скапліваліся тысячы бежанцаў, без сродкаў існавання і элементарных санітарных нормаў часовага пражывання. Да 1 лютага 1917 г. толькi ў Расii знай-шло прытулак звыш 1,1 млн жыхароў беларускiх губерняў. Адначасова на Беларусi асела да 0, 5 млн бежанцаў з акупiраваных германскай армiяй тэрыторый Цэнтрамi iх згуртавання з'яўлялiся грамадскiя камiтэты дапамогi ахвярам вайны, якія будаваліся па нацыянальнай прыкмеце, паасобку аб'ядноўваючы яўрэяў, палякаў, беларусаў, латышоў, лiтоўцаў i украiнцаў.

За час вайны ў расійскую армію было мабілізавана каля 13 млн чал., у тым ліку да 50% мужчын беларускіх губерняў. У 1916-1917 г. абаранялі Беларусь амаль 2 млн салдат і афіцэраў II, III i Х армiй Заходняга (галоўнакамандуючы А. Е. Эверт) i асобных часцей V i ХII армiй Паўночнага франтоў (галоўна-камандуючы М. У. Рузскi).

Яе прыфрантавая тэрыторыя ўваходзiла ў склад дзвюх ваенных акруг – Мiнскай (галоўны начальнiк Е. А. Раўш фон Траўбенберг) i Дзвiнскай (галоўны начальнiк Дз. П. Зуеў). На 1 красавiка 1917 г. у гарнiзонах МВА служыла каля 130 тысяч, а ў ДВА – 150 тысяч салдат i афiцэраў. Буйнейшыя гарнiзоны размяшчалiся ў Вiцебску, Мінску, Гомелі і іншых гарадах. За час вайны ад 40 да 50 % мужчынскага насельніцтва Беларусі было мабілізавана ў расійскую армію.

Цывільную адмiнiстрацыю ўзначальвалі губернатары (Мiнскай губернi – У. А. Друцкi-Сакалiнскi, Магiлёўскай – Дз. Г. Яўленскi, Вiцебскай – Б. М. Хiтраво).

Вайна пакінула моцны адбітак на жыццё мясцовага насельніцтва. Так, традыцыйна варожае стаўленне да яўрэяў з боку царызму i манархiчных арганiзацый у ваенны час было ўзмоцнена шэрагам дыскрымiнацыйных абмежаванняў, нават ў пытаннi прыёму на працу. Па сутнасцi, з пачаткам вайны яўрэi трапiлi пад нагляд ахоўных i контрразведачных службаў як патэнцыяльныя варожыя памагатыя.

Другая значная частка насельнiцтва – палякi – была прадстаўлена памешчыкамi, cялянствам, рабочымi, чыноўнiцтвам i г. д. У адрозненнi ад яўрэяў, палякi не адчувалi такога ўцiску з боку царскай улады. Так, у Мiнску ў 1916 – 1917 гг. iснаваў грамадскi сход “Оgnisko”, якi займаўся культурна-дабрачыннай дзейнасцю.

Беларускае насельнiцтва не вылучалася царызмам у асобную нацыянальную адзiнку, а праваслаўная яго частка мела роўны з “вялiкаросамi” статус. У вынiку масавых мабiлiзацый на фронт, найму працоўных з цэнтральных раёнаў Расii для абарончых прадпрыемстваў, размяшчэння эвакуiраваных з Польшчы i Прыбалтыкi прадпрыемстваў i ўстаноў, вымушаных мiграцый, бежанства i г. д. удзельная вага беларусаў у краi знiзiлася да 61,8%. Асноўная частка нацыянальна свядомых элементаў засяродзiлася ў бежанскiх камiтэтах Мiнскай i іншых губерняў, ва ўстановах па абслугоўваннi фронту.

На Беларусі быў усталяваны асобы рэжым кiравання i забеспячэння парадку жыццядзейнасцi ў адпаведнасцi, у першую чаргу, з iнтарэсамi абароны краiны i баяздольнасцi фронту. Ён выяўляў сябе ў iснаваннi надзвычайных законаў i ў вызначальнай ролi ваенных чыноў перад грамадзянскiмi; у забароне ўсялякага кшталту апазiцыйнай дзейнасцi, у тым лiку – забастовак эканамiчнага характару на абарончых прадпрыемствах, Так, у адпаведнасці з цыркулярам “Аб мерах да папярэджання i перапынення фабрычных забастовак”, яго парушальнiкi неадкладна звальнялiся i адпраўлялiся на фронт. Дзейнасць прафесiйных саюзаў забаранялася. Законы ваеннага часу прадугледжвалі ўвядзенне працоўнай павiннасцi на карысць фронта; жорсткае пакаранне за самагона-варэнне; практыку аблаў сярод насельнiцтва з мэтай затрымання дэзерцiраў i тых, хто ўхiляўся ад вайсковай службы; высылку “недабранадзейных” углыб Расii, абмежаванне магчымасцяў людзей выбiраць месца жыхарства i працы, збiрацца на сходы, нават перапiсвацца па пошце.

Iдэалагiчным забеспячэннем трываласцi ўсталяванага ваенна-палiцэйскага рэжыму займалiся цэнтральныя i мясцовыя ўстановы, падпарадкаваныя Сiноду, мiнiстэрству асветы i г. д. Мясцовыя ўлады ў сваiм iмкненнi забяспечыць адпаведны парадак i дапамогу фронту абапіралася на дзяржаўную iдэалогiю, якая ўвасобiлася ў лозунгу – “За цара, веру i айчыну”. З апорай на яго ў грамадскую свядомасць укаранялася неабходнасць усенароднай падтрымкi расiйскай армii, якую ўзначальваў сам Імператар, для давядзення “другой Айчыннай вайны” да “пераможнага канца” i “ганаровага мiру”. Iдэяй аб'яднання народа вакол цара ў барацьбе з ворагам была прасякнута ўся ваенная і цывільная прэса. Вайна, што працягвалася, называлася iмi не iнакш, як “Вялiкая Айчынная” або “Другая Айчынная”.

Асноўнай прычынай зніжэння патрыятычных настрояў з'яўляліся эканамiчныя цяжкасцi. Тым не менш большасць насельнiцтва ўсведамляла неабходнасць вайны. Разам з тым на Беларусi, як i паўсюдна, iснавалi пэўныя антываенныя настроi. Іх носьбітамі з'яўляліся прадстаўнікі левай плыні сацыялістаў, якія выступалі за паражэнне Расіі і за ператварэнне вайны з імперыялістычнай у грамадзянскую. Аб нежаданні ваяваць сведчылі ўцёкі салдат з фронта і ўхіленне ваеннаабавязаных ад прызыву ў армію. Аб тым жа сведчылі падзеі ў Гомелі ў кастрычніку 1916 г., дзе адбылося паўстанне салдат размеркавальнага пункту. У цэлым жа, узброеныя сілы заставаліся дастаткова баяздольнымі. На вясну-лета 1917 г. Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандавання распрацавала план наступлення рускай арміі, якое павінна было завяршыцца доўгачаканай перамогай

Нягледзячы на суровыя захады ваенных i праваахоўных органаў, на Беларусi цыркулявалi чуткi аб узросшым процicтаяннi царскага ўрада i Дзяржаўнай думы. Крытычныя водгукi на дзейнасць урада распаўсюджвалicя ў асяроддзi работнiкаў УЗС, УСГ і Земгара. У тым жа напрамку вялі прапаганду нешматлiкiя нелегальныя групы яўрэйскiх (Бунд, Паалей Цыён) i латышскiх сацыялiстаў.

Усё ж агульнае становiшча ў краі не выклiкала моцнай занепакоенасцi ўлад. Выпадкi аграрнага руху былі надзвычай рэдкімі і нiяк не звязвалiся з антыўрадавым. Традыцыйнымi метадамi (праз царкву, грамадскiя сходы) уладам удавася ўтрымлiваць працоўных ў рэчышчы законапаслухменства, падтрымкi дзяржаўнай палiтыкi дапамогi фронту i г. д. Што датычыць інтэлігенцыі і чыноўніцтва, то яго параўнальна высокi ўзровень адукацыi, лепшыя магчымасцi камунiкацыi і iнфармавання дазвалялi больш цi менш асэнсавана ставiцца да ўрадавай палітыкі і аказваць ёй садзеянне.

Такім чынам, асноўная маса насельніцтва Беларусі адкрыта не выказвала незадавальнення сваім становішчам і цярпліва выконвала свае грамадзянскія абавязкі. Чуткі аб хуткім заканчэнні вайны былі настолькі моцнымі, што дадому сталі вяртацца бежанцы Так, 25 лютага 1917 г. мінскі губернскі земскі сход разглядаў праект аб інвакуацыі 10 000 бежанцаў, а на адрас губернатара паступалі тысячы хадайніцтваў аб вяртанні дадому. Такім чынам, Беларусь зусім не нагадвала таго рэгіёну імперыі, дзе нарастала бура народ-нага гневу. На справе і зусім нечакана ім зрабілася расійская сталіца.

 

2. Лютаўская рэвалюцыя 1917 г. была абумоўлена комплексам нявырашаных пытанняў – аграрнага, рабочага, нацыянальнага, дзяржаўнага ўладкаван-ня. Велiзарныя людскiя, матэрыяльныя i маральныя страты, якiя цярпела расiйскае грамадства на працягу трох год вайны, вельмі моцна пахiснулі аўтарытэт манархіі і веру ў цара.

Пачатак рэвалюцыi быў звязаны з выступленнямi рабочых Петраграда за паляпшэнне свайго становiшча. 23 лютага тысячы людзей, галоўным чынам жанчын, выйшлi на вулiцы сталiцы з патрабаваннем хлеба. Іх падтрымалі рабочыя прадпрыемстваў, якія спынілі працу і аб'явілі забастоўкі пратэсту. Неўзабаве стыхійныя мітынгі ператварылiся ў масавыя дэманстрацыi пад палiтычнымi лозунгамi аб спыненні вайны і звяржэнні ўрада. 25-26 лютага салдаты гарнiзона адмаўлялiся страляць у дэманстрантаў, затым самі сталi далучацца да іх і агульнымі намаганнямі раззбройваць палiцыю i жандараў. Развiццё падзей выйшла з-пад кантролю ўрада i назаўтра cам ён быў арыштаваны паўстанцамі.

Такiм чынам, пратэстны рух сталічных працоўных, узмоцнены ўдзелам салдат, перарос ва ўзброенае паўстанне супраць царскага ўрада i абумовiў перамогу рэвалюцыi па ўсёй краіне. 27 лютага з удзелам дэпутатаў Дзяржаўнай думы i кiраўнiкоў Петраградскага Савета быў створаны новы орган ўлады – Часовы камiтэт (старшыня М. У. Радзянка), які звярнуўся да кіраўніцтва гарадскіх і земскіх самакіраванняў з адозвай аб падтрыманні грамадскага парадку.

Але для большасцi жыхарства Расiйскай iмперыi, тым больш для франтавiкоў, сутнасць падзей у Петраградзе заставалася невядомай. Імператара, які знаходзіўся ў Стаўцы (Магілёў), увесь час заспакойвалі, быццам у сталiцы адбываюцца хваляваннi на глебе недахопаў харчовага забеспячэння. Недаацэнка царом маштаба і значнасці гэтых “хваляванняў” у многім каштавала яму трона. Ранiцай, 28 лютага Мікалай ІІ выехаў з Магiлёва ў напрамку Царскага Сяла, але яго эшалон ужо за межамi Беларусi быў спынены i завернуты на Пскоў, дзе размяшчаўся штаб Паўночнага фронта. Там 2 сакавiка i адбылося яго адрачэнне ад трона на карысць брата Мiхаiла. Але апошнi адмовiўся заняць яго да часу, пакуль за тое не выкажыцца Устаноўчы сход.

У вынiку вышэйшая ўлада ў краiне перайшла да Часовага ўрада. 2 сакавiка быў сфармiраваны яго склад на чале з Г. Я. Львовым, куды ўвайшлi думскія дзеячы, у тым лiку 1 сацыялiст – А. Ф. Керанскi, якi заняў пасаду мiнiстра юстыцыi.

3 сакавiка была распаўсюджана Дэкларацыя Часовага ўрада, у якой абвяшчалася праграма яго дзейнасці, а таксама амнiстыя палiтычным зняволеным, скасаванне палiцыi i жандармерыi, наданне ўсiм грамадзянам дэмакратычных правоў і свабод.

Скасаванне самаўладдзя – асноўнае дасягненне Лютаўскай рэвалюцыі, якая мела палітычны характар. Аўтарытарная сістэма кіравання была разбурана, але інстытут прыватнай уласнасці застаўся непахісным: па-ранейшаму заставалася непарушным памешчыцкае землеўладанне, большасць фабрык, заводаў, банкаў належалі прыватным асобам. Але з наданнем усім грамадзянам роўных палітычных правоў і свабод узнікла магчымасць вырашэння наспелых грамадскіх і эканамічных праблем мірным, рэфармісцкім шляхам. Аптымістычнай падставай таму з'яўлялася шырокая падтрымка Часовага ўрада і яго палітыкі і ўзросшая актыўнасць усіх пластоў насельніцтва ў галіне абароны сваіх інтарэсаў.

Важна адзначыць, што нідзе па краіне, у тым ліку на Беларусі, не назіралася актыўнасці прыхільнікаў манархіі. Пасля адрачэння Раманавых ад трона вышэйшае ваеннае камандаванне, а таксама афіцэры і салдаты вызваляліся ад дадзенай цару прысягі і пакляліся ў вернасці Часоваму ўраду.


<== previous lecture | next lecture ==>
Узнікненне індустрыяльнага грамадства 3 page | Узнікненне індустрыяльнага грамадства 5 page
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.207 s.