|
Узнікненне індустрыяльнага грамадства 5 pageDate: 2015-10-07; view: 544. Такім чынам, усе ўзброеныя сілы, у тым ліку паўтарамільённы Заходні фронт, размешчаны на Беларусі, зрабіліся рэальнай апорай новым органам улады, якія толькі пачалі фарміравацца. На пераходным этапе іх функцыі ўскладаліся на гарадскія і местачковыя грамадскія камітэты парадку (або бяспекі), створаныя на базе мясцовых самакіраванняў і прадстаўнікоў ад усіх пластоў насельніцтва і арганізацый. Замест скасаванай паліцыі і жандармерыі ахова правапарадку была ўскладзена на народную мiлiцыю. 4 сакавіка першы яе атрад, складзены ў Мінску з рабочых і служачых Усерасійскага земскага саюзу, узначаліў славуты змагар супраць самаўладдзя М. В. Фрунзе. Надалей, замест царскіх губернатараў і павятовых земскіх начальнікаў былі ўведзены пасады губернскіх і павятовых камісараў Часовага ўрада, якія занялі адпаведныя старшыні земстваў. Замест сялянскіх валасных упраў пачалося абранне ўсесаслоўных валасных камітэтаў. У выніку камісарыят Віцебскай губерні ўзначаліў Карташоў, Магілёўскай – Судзілоўскі, Мінскай – Самойленка. З цягам часу адной з характэрных прыкмет новага дэмакратычнага ладу стала тое, што вышэйшая адміністрацыя перастала прызначацца “звыш”, як гэта было пры цары, а стала абірацца ўсімі пластамі грамадства, аб'яднанага ў палітычныя і грамадскія арганізацыі. Судовая сістэма істотна памянялася. Зараз суддзі мусілі абірацца грамадскасцю. Асобныя законы (аб пакаранні смерцю, палітычных праследаваннях і інш.) і цэнзура скасоўваліся. Усе палітычныя зняволеныя атрымалі свабоду і амністыю. Усе рэлігійныя і нацыянальныя абмежаванні скасоўваліся. Асабліва шчыра віталі гэты закон яўрэі, якія да таго адчувалі жорсткі дыскрымінацыйны прэс царскага ўрада. Часовы ўрад пацвердзіў права палякаў на адраджэнне іх дзяржаўнасці пасля заканчэння вайны і склікання Устаноўчага сходу. Перамога рэвалюцыі абудзіла да грамадска-палітычнага жыцця шырокія пласты салдат і мясцовага насельніцтва. У мэтах згуртавання вайскоўцаў і працоўных для падтрымання парадку і прадухілення контррэвалюцыі ў гарадах і мястэчках сталі ўтварацца класавыя прадстаўнічыя арганізацыі – Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У сакавіку ў ліку першых яны ўзніклі ў Мінску, Гомелі, Бабруйску, Оршы, Віцебску. Крыху пазней, у красавіку-маі сталі фарміравацца Саветы сялянскіх дэпутатаў. Большасць Саветаў наладзіла выданне сваіх газет. Паступова менавіта Саветы сталі самымі масавымі і ўплывовымі грамадска-палітычнымі арганізацыямі, якія не толькі змагаліся за інтарэсы працоўных і салдат, а і дапамагалі органам Часовага ўрада. У ліку найбольш уплывовых рабоча-салдацкіх Саветаў былі Мінскі, Гомельскі, два Віцебскія, Магілёўскі, Бабруйскі, Аршанскі, Рагачоўскі, Полацкі і іншыя. Найбольш аўтарытэтным для ўсіх расійскіх Саветаў, у тым ліку і створаных на Беларусі, быў Петраградскі Савет (старшыня меншавік Чхеідзе). Характэрна тое, што яго лідэры паставілі сваё стаўленне да Часовага ўрада ў залежнасць ад адпаведнасці яго палітыкі інтарэсам так званай “рэвалюцыйнай дэмакратыі”, гэта значыць рабочых, салдат, сялян, іх партый і арганіза-цый. Формула “паколькі ўрад будзе выконваць патрабаванні дэмакратыі, пастолькі мы будзем яго падтрымліваць”. Такім чынам, фактычна дзейнасць урада ставілася пад кантроль Петраградскага Савета, які выяўляў прыкметы паралельнага органа ўлады. Так, ужо 14 сакавіка яго Выканаўчы камітэт “праз галаву” Часовага ўрада звярнуўся да працоўных ваюючых краін з заклікам да ўціску на свае ўрады з мэтай хутчэйшага заключэння міру. Са свайго боку, члены ўрада – кадэты абвінавацілі лідэраў Савета ў стварэнні двоеўладдзя. У далейшым гэта тэндэнцыя стала ўзрастаць, асабліва пасля сфарміравання ў чэрвені 1917 г. новага цэнтра “рэвалюцыйнай дэмакратыі” – Усерасійскага Цэнтральнага Выканаўчага амітэта Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў Беларусі з моманту свайго ўтварэння таксама падтрымалі Часовы ўрад і сваёй далейшай дзейнасці арыентаваліся на Петраградскі Савет. Вясною Саветы (усяго каля 40) на Беларусі дзейнічалі ва ўсіх губернскіх, павятовых гарадах і нават некаторых мясцечках. Сваю задачу яны бачылі ў арганізацыі і палітычнай асвеце рабочых і салдат, абароне іх інтарэсаў, а таксама ў падтрымцы органаў Часовага ўрада. Для ўтварэння Саветаў сялянскіх дэпутатаў, адбывалася іх зліццё і сумесная дзейнасць у адпаведнасці з курсам Петраградскага Савета і новых цэнтраў рэвалюцыйнай дэмакратыі – Усерасійскімі выканкамамі рабочых і салдацкіх, а таксама сялянскіх дэпутатаў. У адрозненне ад сталіцы, ніякіх прыкмет наяўнасці “двоеўладдзя” на Беларусі не назіралася. Намаганнямі Саветаў, земстваў, вясковай інтэлігенцыі ўдалося перасекчы спробы аграрнага руху. Сялянам тлумачылася сутнасць перамены ўлады, неабходнасць далейшай дапамогі фронту і чакання Устаноўчага сходу. У выніку сяляне абавязаліся прадаваць прадукты толькі дзяржаўным нарыхтоўшчыкам і тым падтрымліваць хлебную манаполію дзяржавы. Ажыццяўленню сялянскіх інтарэсаў спрыялі створаныя Саветы сялянскіх дэпутатаў. Першы на Беларусі сялянскі з'езд Мінскай і Віленскай губерні адбыўся 20-23 красавіка. Яго старшынёй быў абраны бальшавік М. В. Фрунзе. У мэтах прадухілення аграрнага руху і падрыхтоўкі да Устаноўчага сходу па распараджэнні Часовага ўрада з мая пачалі стварацца адмысловыя зямельныя камітэты, якім ставілася ў абавязак браць на ўлік усе землі, лясы, маенткі для меўшай адбыцца зямельнай рэформы. Рабочы рух таксама вызначаўся высокай актыўнасцю пад час утварэння Саветаў і прафесійных саюзаў. Ужо ў красавіку-маі, дзякуючы рабочым арганізацыям, асноўныя маса дзяржаўных і буйных прыватнаўласніцкіх прад-прыемстваў перайшла на 8-гадзінны працоўны дзень. Перамога рэвалюцыі абумовіла магчымасць ліквідаваць рэшткі царскіх парадкаў ва ўзброеных сілах. Пасля з'езда салдацкіх і рабочых Заходняга фронту, які адбыўся ў Мінску 7-17 красавіка, салдаты ўтварылі ўласныя (ад ротных да франтавога) камітэты, дамагліся дэмакратызацыі армейскага жыцця і ўраўнання ў правах з астатнімі грамадзянамі па-за службай. У цэлым, у сакавіку-красавіку армія была дастаткова моцнай і дысцыплінаванай, каб пачаць наступленне і прынесці доўгачаканы мір. Разам з тым па прычыне захаплення салдат антываеннымі лозунгамі і братаннямі, недаверу да камандзіраў і г. д. вызначылася небяспечная тэндэнцыя да зніжэння баяздольнасці рускай арміі. Актывізавалася дзейнасць адроджаных і зноў створаных агульнарасійскіх (РСДРП, ПС-Р, Канстытуцыйных дэмакратаў, якія сталі звацца Партыя народнай свабоды) і нацыянальных (яўрэйскіх, польскіх, беларускіх і інш.) партыйных арганізацый. Разам з імі пашырыліся ліберальныя, сацыялістычныя, сацыял-дэмакратычныя, нацыянальныя і інш. погляды на далейшыя шляхі грамадскага і дзяржаўнага развіцця, якія прапагандаваліся на шматлікіх мітынгах, сходах, з'ездах, на старонках газет. У выніку зноў створаныя дзяржаўныя і грамадскія структуры сталі актыўна папаўняцца членамі партый, што непазбежна вяло да палітызацыі іх дзейнасці, прычым, галоўным чынам ў напрамку першаступеннай рэалізацыі не агульных, а нацыянальных, класавых, партыйных і інш. інтарэсах. Такім чынам, ІІ руская рэвалюцыя поўнасцю знішчыла аджыты аўтарытарны рэжым і стварыла ўмовы для негвалтоўнага рэфармісцкага метада мадэрнізацыі палітычнай сістэмы Расійскай дзяржавы. Заўважым, што суадносіны грамадскіх сіл стваралі магчымасць вырашэння аграрнага, рабочага і іншых пытанняў шляхам рэформаў, уласцівых заходнееўрапейскай цывілізацыі – праз парламент і адпаведнае заканадаўства. Вельмі многае залежала ад таго, наколькі эфектыўнымі будуць абраныя Часовым урадам захады па мадэрнізацыі палітычнай сістэмы і змякчэнні сацыяльнай напружанасці. У абнаўленчы працэс уключылася амаль усё грамадства на чале з палітычнымі партыямі. Палітычнае становішча на Беларусі вясною 1917 г. характарызавалася поўным знікненнем ваенна-паліцэйскага рэжыму, ажыццяўленнем абвешчаных Часовым урадам свабод: слова, друку, сходаў, саюзаў і інш. Акрамя таго, армія і народ падтрымалі яго заклікі аб працягу вайны ў мэтах абароны рэвалюцыі і канчатковым вырашэнні наспелых сацыяльна-эканамічных, нацыянальных і іншых праблем толькі пасля склікання Устаноўчага сходу.
3. Як вядома, палітычная партыя ўтвараецца той ці іншай сацыяльнай супольнасцю з мэтай заваёвы або выкарыстання дзяржаўнай улады. Статус Часовага ўрада, які мусіў здаць паўнамоцтвы пастаяннаму ўраду, сфарміраванаму меўшым адбыцца Устаноўчым сходам, рабіў прывабным негвалтоўны, дэмакратычны шлях прыходу да ўлады кожнай супольнасці, арганізаванай у палітычную партыю. З усталяваннем у краіне дэмакратычнага рэжыму і ў адпаведнасцi з абвешчанымі ў Дэкларацыі ад 3 сакавiка 1917 г. свабодамі, у тым ліку свабодай саюзаў і арганізацый, паўсюдна пачалося аднаўленне ранейшых і стварэнне новых партыйных арганізацый. На Беларусі асобую актыўнасць выяўляў рабочы клас, салдаты, служачыя, інтэлігенцыя, чыноўнікі, прадпрымальнікі, памешчыкі, нацыянальныя групоўкі, у меншай ступені – сяляне. Перспектыва склікання ўсерасійскага Устаноўчага сходу арыентавала партыйныя арганізацыі на выкарыстанне негвалтоўных, парламенцкіх метадаў дасягнення сваіх мэт. Па палітычным спектры ўсе (агульнарасійскія і нацыянальныя) партыі, якія дзейнічалі ў 1917 г. і пазней, падзяліся на левыя, цэнтрысцкія і правыя (ліберальныя). Гэты падзел з'яўляецца даволі ўмоўным, паколькі ў працэсе рэвалюцыйнага абнаўлення грамадства і дзяржавы палітычная пазіцыя цэнтрыстаў была вельмі неўстойлівай і па шэрагу пытанняў яны мелі лева- і правацэнтрысцкую плыні. Вясной да Усерасійскіх левых партый адносіліся анархісты і бальшавікі (РСДРП(б); да цэнтрысцкіх – меншавікі (РСДРП) з Бундам, эсэры (ПС-Р), трудавікі і народныя сацыялісты; да правых – Партыя народнай свабоды (ПНС) “кадэты” і “Союз 17 октября” . У адрозненне ад агульнарасійскіх, нацыянальныя партыі больш увагі надавалі менавіта ўласным, а не агульным праблемам. Тыя з іх, якія дзейнічалі на Беларусі (без уліку латышскіх, літоўскіх, украінскіх і інш.), таксама можна класіфікаваць па палітычным спектры. Так, да польскіх левых належала Польская партыя сацыялістычная (ППС) “лявіца”; да цэнтра – Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПіЛ), Польская партыя сацыялістычная (ППС) “правіца”; да правых – народныя дэмакраты (НД). Яўрэйскія левыя складаліся з Аб'яднанай яўрэйскай сацыялістычнай рабочай партыі сацыялістаў-сіяністаў і сацыялістаў-тэрытарыялістаў (АЯСРП с.с. і с. е.), Яўрэйскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (ЯСДРП) Паалей Цыён; да цэнтру належалі Цэірэй Цыён, Фолкспартэй, Ахдус Ізраель; да правых – Альгемайне Цыён і інш. БСГ з'яўлялася левай партыяй; Беларуская народная партыя сацыялістаў (БНПС) – цэнтрысцкай; Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД) – правай партыяй. Найважнейшым пытаннем любой рэвалюцыi лiчыцца пытанне аб уладзе. Цэнтрамі палітычнага жыцця дэмакратычнай Расіі з'яўляліся сталічныя, а таксама губернскія і павятовыя гарады. Асноўную ролю ў ім адыгрывалі, як правіла, рабочыя, па партыйнай прыналежнасці – члены РСДРП (меншавікі або бундаўцы). Такім чынам, іх погляды на бягучыя падзеі з'яўляліся вызначальнымі для астатняй масы так званай “рэвалюцыйнай дэмакратыі”. Большасць сацыял-дэмакратаў, зыходзячы з ацэнкi рэвалюцыi як буржуазна-дэмакратычнай, падтрымала iдэю супрацоўнiцтва пралетарыята з буржуазiяй, а значыць i iдэю падтрымкi Часовага ўрада, у якім пераважалі кадэты. Такiя ж пазiцыi, хоць i па iншых меркаваннях, займалi ўсё палiтычныя партыi, акрамя бальшавiкоў, якiя, з прыездам Леніна, заклікалі не аказваць падтрымкі Часоваму ўраду, “як буржуазна памешчыцкаму”. На iх думку, улада павiнна была належаць Саветам рабочых i салдацкiх дэпутатаў. 18 красавіка міністр замежных спраў П. Мілюкоў у сваёй тэлеграме (ноце) на адрас саюзнікаў па Антанце запэўніў іх у няўхільным курсе Расіі на "перамоганоснае заканчэнне вайны”. Тым самым міністр праігнараваў імкненне "рэвалюцыйнай дэмакратыі" на дасягненне міру шляхам перагавораў. У адказ Петраградскі Савет, а пасля яго - іншыя Саветы і левыя партыі, рэзка асудзілі П. Мілюкова, а сам ён быў вымушаны падаць у адстаўку. У тых умовах у асяроддзі “рэвалюцыйнай дэмакратыі” ўзнікла і пашырылася ідэя аб сумесным (кааліцыйным) урадзе кадэтаў і сацыялістаў. Так, лідэр меншавікоў-абаронцаў Г. В. Пляханаў абазначыў тры важнейшыя задачы, якія паўсталі перад расійскай грамадскасцю: 1. “ахоўваць нашу свабоду, ахоўваць рэвалюцыю” 2. абавязак перад нашымі саюзнікамі і “барацьба да перамогі”; 3. аб дэмакратычнай уладзе “гэта павінна быць улада, умаца-ваная поўным даверам народа, ... а для таго неабходна, каб у складзе ўрада былі прадстаўнікі ўсіх пластоў насельніцтва, якія не зацікаўлены ў аднаў-ленні старога парадку. Патрэбна тое, што завецца кааліцыйным міністэрствам”. Неўзабаве ў Часовы ўрад (прэм'ер міністр Г. Я. Львоў) увайшлі прадстаўнікі меншавікоў, эсэраў і народных сацыялістаў (энэсаў). Тым не менш бальшавікі рэзка адмоўна аднесліся да ідэі кааліцыі і называлі прыхільнікаў супрацоўніцтва с буржуазнымі партыямі “згоднікамі” і нават здраднікамі. "Красавіцкі крызіс", акрамя іншага, адбіўся ў павышэнні актыўнасці бальшавікоў. Пад іх уздеяннем неабходнасць рэвалюцыйна-абаронніцкай вайны пераставала быць агульнапрызнанай, на франтах распаўсюдзіліся “братанні”, у тыле павялічылася колькасць дэзерціраў і г. д. Гэтыя і некаторыя іншыя негатыўныя працэсы на фронце і ў тыле набылі палітычную афарбоўку, калі ў іх з'яўленні сталі абвінавачваць партыю бальшавікоў, у тым ліку Леніна, як нямецкіх шпіёнаў. Чарговы палітычны крызіс наспеў у сувязі з падрыхтоўкай да летняга наступлення рускай арміі. Усведамляючы небяспеку страты баяздольнасці ўзброеных сіл, новы ваенны і марскі міністр А. Ф. Керанскі прыкладаў шмат намаганняў для таго, каб пераканаць армію і грамадства ў дасягненні міру праз ваенны разгром Германіі і яе саюзнікаў. Значную падтрымку ў прапагандзе палітыкі наступлення аказвалі ўсе палітычныя партыі, за выключэннем бальшавікоў. Рэальнае стаўленне палітычных сіл і ўсяго грамадства ў цэлым да вайны выявілася 18 чэрвеня, калі па закліку Усерасійскага з'езда Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў у многіх гарадах краіны адбыліся маніфестацыі і мітынгі. На Беларусі яны прайшлі ў губернскіх і асобных (Бабруйск, Гомель) цэнтрах пад лозунгамі падтрымкі Часовага ўрада і распачатага наступлення рускіх войск Паўднёва-Заходняга фронту. Бальшавіцкія антываенныя заклікі на тых маніфестацыях поспеху не мелі, затое на пазіцыях іх уздзеянне набылі разбуральныя наступствы. У выніку многія часці адмовіліся выконваць загад камандавання і выступіць супраць ворага. Наступленне рускіх войск Паўднёва-Заходняга фронту скончылася для іх катастрофай і мела наступствам узрастанне маральна-палітычнай напружанасці ў грамадстве. Сярод “рэвалюцыйнай дэмакратыі” прыкметна знізілася колькасць прыхільнікаў “рэвалюцыйнага абаронніцтва”, большая іх частка перамясцілася да левага яго крыла, патрабаваўшага ад Часовага ўрада рэальных крокаў да перагавораў аб дэмакратычным (без анексій і кантрыбуцый) міры і адначасова ўскладаўшага спадзяванні на міжнародную канферэнцыю сацыялістаў. На пазіцыі бальшавікоў і анархістаў у ваенным пытанні пераходзілі сацыял-дэмакраты-інтэрнацыяналісты і левыя эсэры. Правы фланг у пытанні аб міры і сродках яго дасягнення займалі кадэты, народныя сацыялісты, меншавікі-пляханаўцы і правыя эсэры. Наступны этап палітычнай барацьбы быў звязаны так званым “Ліпеньскім крызісам”, калі кадэцкія міністры ў знак нязгоды з палітыкай сацыялістаў у адносінах да Украінскай Рады пакінулі свае пасады; і калі спроба бальшавікоў і анархістаў Петраграда звергнуць “буржуазны” Часовы ўрад 3-5 ліпеня падштурхнула новы яго склад на чале з А. Керанскім да жорсткіх захадаў да ўмацавання дысцыпліны на фронце: уводзіліся пакаранне смерцю, забаранялася антыўрадавая агітацыя. У Мінску быў перапынены выхад бальшавіцкай газеты “Звезда”. Нягледзячы на тое, што падаўляючая большасць сацыялістычных партый і падначаленых ім Саветаў, камітэтаў, прафсаюзаў, асудзіла ўдзельнікаў путчу, тым не менш, па прынцыповых меркаваннях усе названыя арганізацыі выказалі заклапочанасць рэпрэсіямі па палітычных матывах, у тым ліку супраць бальшавікоў. Лідэры мясцовай і агульнарасійскай “рэвалюцыйнай дэмакратыі” беспадстаўна называлі асноўным віноўнікам крызісу менавіта буржуазію на чале з яе Партыяй народнай свабоды. У такіх умовах разрастанне анархіі на фронце працягвалася: салдаты адмаўляліся выконваць загады камандзіраў, пачасціліся “братанні” і выпадкі гвалту над афіцэрамі. Цвярозыя, не апантаныя псеўдарэвалюцыйнай фразеалогіяй грамадскія сілы, у асноўным саюзы афіцэраў, прафесійныя вайскоўцы, кадэцкая партыя ўскладалі вялікія спадзяванні ў справе павышэння баяздольнасці рускіх войск на вярхоўнага галоўнакамандуючага Л. Г. Карнілава. Але яго дамова са старшынёй-міністрам Часовага ўрада А. Керанскім аб замене бальшавізаванага гарнізона надзейнымі казацкімі і каўказскімі фарміраваннямі быў расцэнены ўсёй “рэвалюцыйнай дэмакратыяй” як спроба дзяржаўнага перавароту і ўсталявання ваеннай дыктатуры. Намаганнямі Часовага ўрада, палітычных партый, Саветаў, салдацкіх камітэтаў, Саюзу чыгуначнікаў, большасці вышэйшага камандавання і г. д. узнікшы 25-26 жніўня канфлікт скончыўся без кравапраліцця, а сам былы галоўнакамандуючы з прыхільнікамі склаў зброю і 1 верасня 1917 г. здаўся ўрадавай камісіі, якая прыбыла з Петраграду. У ліку важнейшых наступстваў гэтага канфлікту было і тое, што колькасць прыхільнікаў кааліцыі з буржуазіяй рэзка зменшылася, ідэя ваеннага шляху ў дасягненні міру была канчаткова дыскрэдытавана ў падаўляючай большасці расійскага грамадства, у тым ліку на Беларусі. Адначасова аўтарытэт бальшавікоў як змагароў за неадкладнае спыненне вайны і прыхільнікаў перадачы ўсёй ўлады Саветам істотна ўзрос. Як вядома, канчатковае пытанне аб уладзе і форме дзяржаўнага ўладкавання павінна было вырашацца парламенцкім шляхам, праз усенародныя выбары ва Устаноўчы сход, але яго скліканне адкладвалася на невызначаны час. Неўзабаве прадстаўнікі ўсіх палітычных партый былі ўключаны ў органы дзяржаўнай улады – губернскія і павятовыя камісарыяты. Летам-восенню адбыліся выбары ў гарадскія думы і земствы, галоўным чынам па партыйных спісах, якія прынеслі перамогу левым партыям – эсэрам і меншавікам. Такім чынам, шматпартыйная сістэма, што ўсталявалася ў краіне, рабілася асноўнай крыніцай фарміравання органаў улады. Пры тым раскладзе палітычных сіл левыя партыі мелі найлепшыя шанцы атрымаць большасць ва Устаноўчым сходзе. Бальшавікі таксама склалі свой выбарчы спіс у парла-мент, але адначасова яны ўзмацнілі ўсебаковую, у тым ліку канспіратыўную дзейнасць па падрыхтоўцы ўзброенага паўстання пад лозунгам “Уся ўлада Саветам”. Такім чынам, з вясны па восень усе палітычныя сілы ў сваім стаўленні да Часовага ўрада істотна разыйшліся: ад безумоўнай падтрымкі да ідэі яго гвалтоўнай ліквідацыі. Такія ж прынцыповыя разыходжанні назіраліся і ў адносінах да такіх надзённых грамадскіх і дзяржаўных пытанняў, як дасягненні міру, аграрнае, рабочае, нацыянальнае пытанні. Кожная партыя ўсведамляла, што рэалізацыя іх стратэгічных мэт у многім залежала ад таго, наколькі прывабнай для мас (як патэнцыяльных выбаршчыкаў) будзе палітычная праграма і тактыка кожнай з іх па азначаных праблемах. Што датычыць стаўлення да вайны, то вясной РСДРП, Бунд, ПС-Р, БСГ лiчылі яе абарончай і таму заклiкалі да яе працягу да заключэння ганаровага мiру, без анексiй i кантрыбуцый. Партыйныя арганізацыі і падначаленыя ім Саветы ўзялі актыўны ўдзел у падпісцы на аблігацыі, так званай Пазыкі Свабоды, для папаўнення збяднелага дзяржаўнага бюджэту. ПНС з'яўлялася прыхiльнiцай вайны да пераможнага канца. Яе пазіцыі падзялялі меншавікі-абаронцы (Г. Пляханаў) і народныя сацыялісты. Яны таксама ўзялі ўдзел у рэалізацыі ваеннай пазыкі. Толькі бальшавiкі працягвалі лiчыць вайну iмперыялiстычнай, патрэбнай, быццам толькi буржуазii i памешчыкам, і таму выступалі за яе неадкладнае спыненне. Пасля няўдалага летняга наступлення рускай арміі ў чэрвені-ліпені колькасць абаронцаў рэзка зменшылася. Бальшавіцкі лозунг неадкладнага спынення вайны сталi падзяляць меншавiкi-iнтэрнацыяналiсты i левыя эсэры. Усе сацыялісты чакалі, калі Часовы ўрад прыступіцца да перагавораў аб міры, але не дачакаліся, паколькі ў эканамічным плане ён трапіў у залежнасць ад краін Антанты, і наогул, не вельмі імкнуўся па палітычных меркаваннях узняць гэтае пытанне перад саюзнікамі. Нават пасля правалу летняга наступлення і дыскрэдытацыі Л. Карнілава як вярхоўнага галоўнакамандуючага па-ранейшаму прыхільнікамі дасягнення міру праз ваенны разгром Германіі і яе саюзнікаў з'яўляліся кадэты, меншавікі-пляханаўцы і народныя сацыялісты. Як вядома, аграрная рэформа была адкладзена да склікання Устаноўчага сходу, але задоўга да выбарчай кампаніі кожная з партый абвясціла ўласны зямельны праект (або аграрную частку праграмы). Кадэты выступалі за надзяленне сялян зямлёй з дзяржаўнага фонда ў прыватную уласнасць пры захаванні памешчыцкага землеўладання. Прадугледжвалася таксама перадача часткі памешчыцкіх зямель у дзяржаўны фонд, але толькі за пэўную кампенсацыю. Народныя сацыялісты (энэсы і трудавікі) прапаноўвалі ліквідаваць памешчыцкае землеўладанне (за кампенсацыю) і надзяляць сялян зямлёй па спажывецкай норме. Сацыял-дэмакраты лічылі мэтазгоднымі нацыяналізацыю зямлі і перадачу яе ў распараджэнне муніцыпалітэтаў (органаў кіравання). Лічучы сялян дробнай буржуазіяй, імкнуліся рэалізацыяй сваёй праграмы паспрыяць інтарэсам сельскіх пралетарыяў (батракоў). Правыя меншавікі (Г. Пляханаў і інш.) наогул лічылі, што не трэба адбіраць зямлі ў памешчыкаў, каб не “пладзіць новых жабракоў”. Сацыялісты-рэвалюцыянеры (эсэры) прапанавалі т. зв. праект “сацыялізацыі”: канфіскацыя памешчыцкай зямлі, лясоў і нетраў; надзяленне зямлёй тых, хто яе апрацоўвае па працоўна-спажывецкай норме з забаронай яе продажу і эксплуатацыі наёмнай сілы. Бальшавікі як сацыял-дэмакраты выступалі за нацыяналізацыю зямлі, але заклікалі да неадкладнай ліквідацыі памешчыцкага землеўладання і без склікання Устаноўчага схода, неадкладна перадаваць зямлю сялянскім камітэтам. Пасля І Усерасійскага з'езда Сялянскіх дэпутатаў, скліканага эсэрамі, былі створаны зямельныя камітэты, якія заняліся падрыхтоўкай аграрнай рэформы. Пры гэтым члены камітэтаў-эсэры не абмежаваліся толькі ўлікам зямлі і іншых багаццяў, а сталі перадаваць іх сялянам. У выніку ўжо з канца лета аграрны рух з лакальнага і стыхійнага стаў ператварацца ў арганізаваны. Акрамя таго, пад уздзеяннем бальшавіцкай прапаганды сяляне секлі лес, захоплівалі пашу, сенакосы, землі, не чакаючы Устаноўчага сходу. Вырашэнне рабочага пытання заключалася ў заканадаўчым усталяванні 8-гадзіннага працоўнага дня, сацыяльных гарантый і інш. Характэрна, што рабочыя абарончых прадпрыемстваў ужо ў красавіку-маі дамагліся сваіх патрабаванняў: утварылі прафсаюзы і фабрычна-заводскія камітэты. Да гэтага ж часу Часовым урадам быў падрыхтаваны законапраект аб фабрычна-заводскіх камітэтах. Па меры пагаршэння эканамічнай сітуацыі ўсе левыя партыі патрабавалі ад Часовага ўрада ўсталявання кантролю над вытворчасцю прадуктаў і іх размеркаваннем. Бальшавікі лічылі, што кардынальнае вырашэнне рабочага пытання, роўна як і іншых, немагчыма без звяржэння ўлады “буржуазнага ўрада” і перадачы яе Саветам. Да таго часу рабочыя павінны былі патрабаваць увядзення такога кантролю на кожным прадпрыемстве. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі шматнацыянальнае насельніцтва Расіі як былой “турмы народаў” атрымала магчымасць свабодна рэалізаваць свае нацыянальныя патрэбы. Ужо ў сакавіку менавіта яўрэі дамагліся ліквідацыі дыскрымінацыйнай палітыкі, набылі роўныя з астатнімі грамадзянамі правы. Найбольшую папулярнасць сярод яўрэйскіх працоўных набыў бундаўскі праект “культурна-нацыянальнай аўтаноміі”. Часовы ўрад і Петраградскі Савет далі гарантыю палякам у тым, што пасля перамогі над Германіяй будзе адроджана незалежная Польшча. Усе партыі мелі свае нацыянальныя праграмы, якія, акрамя кадэцкай прадугледжвалі, у перспектыве наданне народам нацыянальна-культурнай аўтаноміі ў складзе Расійскай федэратыўнай дэмакратычнай рэспублікі. Бальшавікі выказваліся за наданне кожнаму народу права на нацыянальнае самавызначэнне аж да аддзялення ад Расіі і ўтварэння ўласнай дзяржаўнасці. Такім чынам, з вясны па восень найбольшыя зрухі ў лозунгах і тактыцы партый вызначыліся ў пытанні аб вайне. Асноўная маса “рэвалюцыйнай дэмакратыі”, за выключэннем бальшавікоў, адкінула “абаронніцкі” погляд на яе, але па-ранейшаму выступала за мір без анексій і кантрыбуцый. Ацэнка зместу аграрных праграм дазваляе меркаваць, што памешчыцкае землеўладанне не мела перспектыў на далейшае існаванне. Вырашэнне рабочага пытання дасягнула значнага прагрэсу, але ва ўмовах узрастаўшага эканамічнага крызісу яшчэ заставалася вельмі вострым. Нацыянальнае пытанне таксама набывала рэальные перспектывы да станоўчага вырашэння. Гаворачы пра пазіцыі партый, варта адзначыць іх разрозненасць, шматварыянтнасць, захапленне ўласнымі праектамі, насуперак агульнадэмакратычным задачам. Даволі жывучым у цэнтрысцкай і правай плынях “рэвалюцыйнай дэмакратыі” заставалася ідэя кааліцыі сацыялістычных і буржуазных партый. У той самы час большасць левых (або сацыялістычных) партый непрыхільна ставіліся да ідэі Савецкай улады, лічучы, што пасля Устаноўчага сходу яны (Саветы) павінны саступіць месца дэмакратычна абраным органам самакіравання. Адносна далейшых перспектыў Расійскай дзяржавы ў большасці грамадскасці пераважала думка аб дэмакратычным, рэфармісцкім шляху яе развіцця, замацаваным Устаноўчым сходам.
4. Да восені 1915 г. расійская армія пад націскам кайзераўскіх войск была вымушана пакінуць Польшчу, частку Прыбалтыкі, Украіны і Беларусі. Уся эканоміка і людскія рэсурсы акупіраваных тэрыторый былі падпарадкаваны мэтам заваёўніцкай палітыкі Германіі. Разам з тым, каб забяспечыць лаяльнасць мясцовага насельнiцтва, акупанты, акрамя іншага, дазволiлi дзейнасць тых нацыянальных (польскіх, яўрэйскіх, літоўскіх, беларускіх) арганізацый, якія варожа ставіліся да царскага самаўладдзя. Так, у Вільні А. і І. Луцкевічы, Алаіза Пашкевіч (Цётка), В. Ластоўскі на базе камітэта дапамогі ахвярам вайны быў утвораны Беларускі народны камітэт, які ўзялі на сябе клопат арганізацыі нацыянальнага жыцця. У ліку яго першых дасягненняў стала адкрыццё беларускай школы, а восенню іх колькасць узрасла да 50. Выданнем падручнікаў і падрыхтоўкай настаўнікаў заняўся створаны ў Вільні Саюз беларускіх грамадскіх арганізацый. Замест закрытай царскім урадам “Нашай нівы” было арганізавана выданне новай газеты “Гоман” пад рэдагаваннем В. Ластоўскага. Публікацыя газеты здзяйснялася лацінскім і кірылічным шрыфтамі з разлікам на русіфікаваных і паланізаваных беларусаў. Кансалідацыі беларускага руху, прапагандзе беларускай асветы і культуры спрыялі таксама створаныя ў Вільні грамадскія арганізацыі “Навуковае таварыства”, “Беларускі настаўніцкі хаўрус”, тэатр, бібліятэка, кнігарня і іншыя ўстановы. Трапіўшы ў новыя ўмовы палітычнай дзейнасці, члены Беларускага народнага камітэта актуалізавалі праграмнае палажэнне БСГ аб нацыянальным самавызначэнні, адмовіўшыся ад ідэі нацыянальна-тэрытарыяльнай аўтаноміі. У выніку кантактаў з іншымі арганізацыямі было вырашана дамагацца “палітычнай незалежнасці Літвы і Беларусі ў іх апошняй гістарычнай форме Вялікага княства Літоўскага”. З гэтай нагоды ў снежні 1915 г. была створана «Канфедэрацыя Вялікага Княства Літоўскага» з удзелам прадстаўнікоў беларускіх, літоўскіх, польскіх і яўрэйскіх арганізацый. Як вынікала з апублікаванай у лютым 1916 г. праграмы канфедэрацыі, утварэнне на беларуска-літоўскіх землях, акупіраваных Германіяй і вызваленых з-пад юрысдыкцыі Расійскай імперыі, “незалежнай дзяржаўнай адзінкі” ў межах Віленскай і Ковенскай губерняў, беларускай і літоўскай частак Гродзенскай і Сувалкаўскай губерняў, літоўскай частка Курляндскай і часткі Мінскай губерняў) з сеймам у Вільні. Кіраўніцтва Беларускага народнага камітэта імкнуліся знайсці падтрымку на міжнароднай арэне. У красавіку 1916 г. яго прадстаўнікі, якія бралі ўдзел у Стакгольмскай канферэнцыі прыгнечаных народаў Расіі, у ліку іншых дэлегацый звярнуліся да прэзідэнта ЗША з просьбай аб дапамозе і абароне ад асіміляцыі. У чэрвені таго 1916 года патрэбы беларускага руху былі даведзены міжнароднай грамадскасці на III з'ездзе прыгнечаных народаў у Лазане. Праект стварэння ВКЛ дапаўнялася ідэяй Балтыйска-Чарнаморскай канфедэрацыі ў складзе Беларусі, Літвы, Латвіі, Украіны і Польшчы. У распаўсюджаным І. Луцкевічам і В. Ластоўскім мемарандуме, акрамя іншага, утрым-ліваўся заклік “забяспечыць Беларусі ўсе палітычныя і культурныя правы”. З цягам часу ідэя аднаўлення сумеснага Вялікага княства Літоўскага выклікала непрыязнь з боку літоўцаў з-за магчымасці асіміляцыі пераважаўшым беларускім насельніцтвам і неўзабаве была імі адкінута. Літоўскія дзеячы ўзялі курс на ўтварэнне ўласнай дзяржавы і зайшлі ў тым падтрымку акупацыйных улад. Польскія колы таксама не выказалі зацікаўленасці ў ім, паколькі спадзяваліся з дапамогай германскага кайзера адрадзіць сваю дзяржаўнасць і разглядалі Літву і Беларусь як неад'емную тэрыторыю былой РП. Як высветлілася, германскі ўрад не выказаў імкнення падтрымаць беларусаў, а аддаў перавагу літоўцам, якія ў студзені 1917 г. стварылі часовы дзяржаўны орган – Літоўскую Раду (Тарыбу). Нарэшце, ЗША і Антанта наогул не збіралася падтрымліваць нацыянальныя антыўрадавыя рухі саюзнай ім Расійскай імперыі. У пошуках шляхоў да нацыянальнага самавызначэння Беларусі віленскія дзеячы не абмяжоўваліся праектамі стварэння ВКЛ і Чарнаморска-Балтыйскага саюзу. Пасля распаду "Канфедэрацыі Вялікага княства Літоўскага" В. Ластоўскі выказаў ідэю аб мэтазгоднасці ўтварэння Беларусі як незалежнай суверэннай дзяржавы ў межах этнічнага пражывання беларускага народа. Ідэі нацыянальнай аўтаноміі ў складзе Расіі, федэрацыі з Літвой або Польшчай былі адкінуты канчаткова. З мэтай падрыхтоўкі да ўсталявання “вольнай дэмакратычнай рэспублікі Беларусь” ў Вільні была створана арганізацыя «Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі», якая распачала сваю дзейнасць толькі летам 1917 г.
|