Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Узнікненне індустрыяльнага грамадства 7 page


Date: 2015-10-07; view: 726.


Акрамя афіцыйнай ідэалогіі, агульнарасійскую вядомасць набылі так званыя “заходнікі” і “славянафілы”, якія па-свойму былі заклапочаны лёсам краіны. Першыя з'яўляліся прыхільнікамі выбару Расіяй шляху развіцця, па якім ішла Заходняя Еўропа і ЗША. А другія верылі ў свой, асобы шлях Расіі, неадрыўны ад самадзяржаўя, праваслаўя, традыцый саборнасці і г. д. У адрозненне ад паслядоўнікаў С. Уварава, якія разумелі пад народнасцю парадкі, уласцівыя толькі рускім, славянафілы шукалі рысы “народнага духу” ва ўсім славянстве. Неўзабаве на поглядах славянафілаў стала афармляцца ідэйна-палітычная плынь рускага нацыяналізму, якая, абапіралася на дваранска-памешчыцкую эліту, інтэлігенцыю і духавенства праваслаўнага веравызнання. Яе прадстаўнікі не вылучалі беларусаў у асобны этнас, а лічылі яго заходнім адгалінаваннем народа рускага. Самі беларусы яшчэ не мелі сваёй эліты, здольнай адкінуць усе падкопы вялікадзяржаўных шавіністаў. Што датычыць украінцаў, яны больш актыўна выступалі ў абарону сваіх нацыянальных інтарэсаў. Сапраўдным духоўным лідэрам украінцаў выявіў сябе народны паэт Т. Р. Шаўчэнка. А гісторык М. Кастамараў даказваў існаванне асобнай ад рускай маларасійскай народнасці.

З другой паловы ХІХ ст., дзякуючы дасягненням беларусазнаўства, кола прыхільнікаў думкі аб беларусах як самабытным народзе няўхільна пашыралася. Не менш важкі ўклад у гэтым накірунку ўнёс В. Дунін-Марцінкевіч. Яго літаратурныя творы ўзнялі значнасць беларускай мовы і надавалі ёй сілу неабвержанага аргументу на карысць нацыянальнай адметнасці беларусаў.

Яскравым паказчыкам таго ж стала “Мужыцкая праўда” і “Пісьмо з-пад шыбеніцы” К. Каліноўскага, дзе, акрамя іншага, адбілася імкненне часткі шляхты разам з сялянствам змагацца супраць царызму за сваю волю, школу, веру (уніяцтва) і інш. Разам з тым пад час паўстання 1863 г. на Беларусі нацыянальная самасвядомасць яго ўдзельнікаў пэўным чынам дыферэнцыравалася па прыкмеце вялікапольскіх і мясцовых мэтаў.

З падаўленнем паўстання і новай хваляй русіфікацыі фарміраванне ў беларусаў нацыянальнай самасвядомасці ізноў запаволілася. Тым не менш утварэнне ў Расіі індустрыяльнага грамадства, распаўсюджанне ліберальных, нацыяналістычных, сацыялістычных і іншых ідэалогій, уздым агульнаадукацыйнага ўзроўню спрыялі перарастанню этнічнай самасвядомасці народаў у нацыянальную, аб чым сведчыла іх ўсведамленне неабходнасці абароны сваіх інтарэсаў перад дзяржавай і больш перадавымі нацыямі. Вялікі ўклад у фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці ўнёс Ф. Багушэвіч. У другой паловы XIX ст. яшчэ існавалі рэгіянальныя назвы беларусаў (палешукі), канфесіянімы (рускія і палякі) і саманазва “тутэйшыя”, але этнонім «беларусы» стаў набываць усё большае распаўсюджанне.

Значныя сацыяльна-эканамічныя, грамадска-палітычныя і культурныя перамены, якія адбываліся ў 1860-1890-я гг. у Расійскай імперыі, паскорылі працэс пераўтварэння насяляўшых яе народнасцей у нацыі або ўстойлівыя супольнасці людзей, якія складваюцца гістарычна і ўзнікаюць на базе агульнасці тэрыторыі, мовы, эканамічнага жыцця і псіхічнага складу, што выяўляецца ў культуры. Пэўныя нацыястваральныя працэсы адбываліся і ў беларусаў, якія пражывалі ў Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскую і Мінскую губернях, а таксама асобных паветах Смаленскай, Чарнігаўскай губерняў. Паводле агульнарасійскага перапісу (1897), насельнiцтва Расii за 37 год (з 1860 па 1897 г.) вырасла на 52 млн (з 74 да 126 млн). За 40 парэформенных гадоў колькасць насельнiцтва Беларусі амаль падвоiлася і складала: 5 млн 408 тыс беларусаў, 3,1 млн рускiх, палякаў, украiнцаў, яўрэяў (13,8%), лiтоўцаў, латышоў. Характэрна, што 73% жыхароў Беларусі (у сучасных межах) назвалі сваёй роднай мовай беларускую.

Ва ўмовах непадзельнага панавання рускай мовы як дзяржаўнай выкарыстанне мовы беларускай абмяжоўвалася ў асноўным сялянскім асяроддзем. У сувязі з развіццём рыначных адносін, транспартных камунікацый, пашырэннем адукацыі і інш. адбывалася лексічнае ўзбагачэнне беларускай мовы, яе ўніфікацыя, пашырэнне сферы ўжытку. На пачатку ХХ ст. на базе гутарковай мовы стварыліся ўмовы для фарміравання (на базе мінска-маладзечанскага дыялекту) мовы літаратурнай. Яе заснавальнікі, у асноўным, інтэлігенты, аб'яднаныя вакол “Нашай Нівы”, у сваіх публікацыях абапіраліся на вусную народную творчасць і прапагандавалі яе. З цягам часу іх намаганнямі стала выпрацоўвацца ўласная, беларуская прававая, палітычная, эканамічная, навуковая і іншая тэрміналогія. Развіццю беларускай мовы перашкаджалі адсутнасць нацыянальнай школы, а таксама разгул заходнерусістаў і польскіх нацыяналістаў.

Скасаванне прыгоннага права ў 1861 г., ажыццяўленне аграрнай і іншых рэформаў стымулявалі ўсебаковую кансалідацыю беларусаў у сістэме агульнага эканамічнага жыцця і капіталістычнага рынку. Прыстасаванне памешчыкаў і сялян да новых умоў гаспадарання патрабавала перамен у іх адносінах на пачатках узаемнага інтарэсу. Сялянскае малазямелле і беззямелле вымагала ад сельскіх працаўнікоў большай мабільнасці: пошуку дадатковых крыніц заробку і новых месцаў пражывання. Гарадская і местачковая прамысловасць, якая да гэтага часу забяспечвалася пераважна яўрэйскай рабочай сілай, стала папаўняцца выхадцамі з вёскі. Адпаведна ў атрадзе шматнацыянальнага пралетарыяту павялічвалася праслойка беларусаў.

Умацаванне эканамічных сувязяў паміж прамысловымі цэнтрамі і аграрнымі ўскраінамі, паміж горадам і вёскай адбывалася ва ўмовах паляпшэння транспартных камунікацый, асабліва чыгунак – Маскоўска-Брэсцкай, Лібава-Роменскай, Палескай і інш). Губернскія (Вільня, Віцебск, Гродна, Магілёў, Мінск) і асобныя павятовыя цэнтры (Бабруйск, Баранавічы, Гомель, Орша, Пінск, Полацк, Рагачоў і інш.) з'яўляліся не толькі буйнымі гарадамі, але месцамі размяшчэння лакальных рынкаў, звязаных паміж сабою і інтэграваных у агульнарасійскі рынак.

Уцягванне гаспадаркі Беларусі ў рыначныя сувязі прывяло да змен у яе структуры. Высокія тэмпы развіцця набірала прамысловасць. Калі ў 60-я гг. XIX ст. яна толькі ўступіла да пераходу ад дробнатаварнай стадыі развіцця да індустрыяльнай, то ў канцы 90-х гг. у ёй пераважалі фабрыкі і заводы, заснаваныя на машыннай вытворчасці, у тым ліку з выкарыстаннем электрычнай энергіі. Разам з тым у структуры прамысловасці асноўнае месца займалі галіны, якія выкарыстоўвалі мясцовую сыравіну (вінакурэнне, дрэваапрацоўка, сілікатна-цагельная і гарбарна-абутковая вытворчасці). У пачатку 1880-х гг. сельскагаспадарчай вытворчасці пераважнае значэнне набылі малочная жывёлагадоўля і вырошчванне такіх культур як бульба, лён, цукар. Нягледзячы на поспехі ў прамысловасці, па-ранейшаму большая частка таварнай прадукцыі выраблялася буйнымі памешчыцкімі гаспадаркамі, якім належала да 55% зямлі. Сялянскія гаспадаркі таксама былі звязаны з рынкам, але большасць іх пакутвала ад малазямелля.

Нягледзячы на імклівае развіццё прамысловасці, гандлю, асветы, працэс урабанізацыі, уласцівы заходнееўрапейскім краінам, на Беларусі адбываўся значна павольней. У выніку колькасць гараджан была ў 10 разоў меншай колькасці жыхароў вёсак і мястэчак. Значнае, амаль удвая (з 3 млн у 1858 да 6, 5 млн чал. у 1897 г.) павелічэнне насельніцтва Беларусі не парушыла гэтых суадносін. Гарадскі рынак працоўнай сілы папаўняўся галоўным чынам за кошт саміх гараджан, таму масы сялян, штогод да 300 тыс. чал., з прычыны аграрнай перанаселенасці і малазямелля ў пошуках заробку адыходзілі на новабудоўлі, лесанарыхтоўкі і г. д. за межы беларускіх губерняў. На мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў узмацніўся выезд беларускага сялянства на Урал, у Сібір, на Далёкі Усход і нават за межы імперыі – у ЗША і Канаду. Такім чынам, беларусы не здолелі без страт захаваць нацыянальны генафонд.

Нават у паслярэформенны перыяд на Беларусі назіралася цеснае перапляценне сацыяльнай i нацыянальнай структур насельніцтва. Сялянства было прадстаўлена беларусамi; памешчыкi – у асноўным – палякамi i (у меншай ступені) рускiмi; купцы і рамеснiкi (галоўным чынам) яўрэямi; адміністрацыя, чыноўнiцтва – рускiмi; інтэлігенцыя – рускімі, яўрэямі, палякамі. З развіццём капіталістычных адносін у грамадстве адбывалася фарміраванне новых класаў – пралетарыяту і буржуазіі. Да першага адносілі людзей, пазбаўленых сродкаў вытворчасці і ў мэтах пошуку сродкаў для існавання вымушаных прадаваць сваю рабочую сілу ўладальнікам азначаных сродкаў – гэта значыць буржуазіі. З распаўсюджаннем марксізма пад пралетарыятам сталі разумець найбольш свядомую, арганізаваную і рэвалюцыйна настроеную частку прамысловых рабочых. Крыніцамі папаўнення пралетарыяту былі дзеці працоўных, рамеснікі, прадстаўнікі збяднелых прывілеяваных пластоў (купцы, шляхта), а таксама сяляне, якія папаўнялі шэрагі як гарадскіх, так і сельскіх рабочых – парабкаў (батракоў). Усяго напачатку ХХ ст. колькасць наёмных рабочых у эканоміцы Беларусі было занята каля 460 тыс. чал., у тым ліку ў прамысловасці 235 тыс., на чыгунцы – 25 тыс., у сельскай гаспадарцы і іншых сферах занятасці – 200 тыс. чал. Па нацыянальнай прыкмеце сярод гарадскі пралетарыят складаўся (пераважаўшай большасці) з яўрэяў, а таксама рускіх, палякаў, беларусаў і іншых.

Да класу буржуазіі належалі ўладальнікі прадпрыемстваў, банкаў, магазінаў і г. д., усіх тых, хто жыў на даходы ад выкарыстання наёмнай працы, змешчаных капіталаў, здадзенай у арэнду ўласнасці і г. д. Прамысловыя (51%), гандлёвыя (84,5%) і амаль усе банкаўскія капіталы знаходзіліся ў руках яўрэйскай буржуазіі. Так, паводле перапісу 1897 г. доля рускіх купцоў - 10,7 %, а беларускіх 1,7 %.

Зямельныя багацці знаходзіліся ва ўласнасці польскіх і рускіх памешчыкаў, якія ў сваёй большасці перайшлі на капіталістычны лад гаспадарання. Да буржуазii мае дачыненне і каля 12% вясковых яе прадстаўнiкоў – хутаран i адрубнiкоў, усяго каля 50 тыс. гаспадароў. Такім чынам, колькасць беларускай нацыянальнай буржуазii складала не менш за 1 млн чал. Яе нешматлікасць, эканамічная і палітычная слабасць у пэўнай ступені замаруджвала працэс кансалідацыі беларускай нацыі.

Беларуская інтэлігенцыя, як правіла, рэкрутавалася з асяроддзя збяднелай засцянковай шляхты, набыўшых адукацыю выхадцаў з вёскі і іншых пластоў насельніцтва, толькі ўставала на шлях свядомай барацьбы за інтарэсы свайго народа, у першую чаргу – за нацыянальную асвету. У неспрыяльных умовах (адсутнасць сваёй дзяржаўнасці, нацыянальных арганізацый, засілле вялікарускага і польскага шавінізму) гэтая барацьба з'яўлялася важнейшым кансалідуючым фактарам беларускага на­рода і спрыяла яго самасвядомасці.

У горадзе iснаваў кангламерат культур (яўрэйская, польская, руская), кожная з якiх развiвалася па-свойму і ва ўласным рэчышчы. Уласцівая бела-русам культура дамiнавалi толькi на вёсцы. Нават ва ўмовах фарміравання індустрыяльнага грамадства амаль нязменнымі тут заставаліся канструкцыя жытла і гаспадарчых пабудоў, адзенне, абрады, звычаі, фальклор, музычныя інструменты. Элементы новага ўвасабляліся ў выкарыстанні фабрычных прылад працы (плугі, сякеры, пілы), прадметаў хатняга інтэр'еру (лямпа, посуд, мэбля).

Нацыянальная своеасаблівасць беларускага народа атрымала працяг у выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве (ткацтва, вышыўка, пляценне, разьба па дрэве).

Такім чынам, беларуская культура па вялікім рахунку была прадстаўлена матэрыяльнымі і духоўнымі здабыткамі беларускіх сялян. Да гэтага ж часу выявілася і такая характэрная нацыі рыса як менталітэт. На думку прафесара Я. С. Яскевіч, беларусы ўвабралі ў сябе ўніяцкую схільнасць да кампрамісаў, героіку каталіцызма, строгую стрыманасць пратэстанцтва, праваслаўны калектывізм (саборнасць). Беларусы набылі такія высокамаральныя чалавечыя якасці, як талерантнасць, працавітасць, гасцепрыімства, шчырасць. Ім заўсёды былі ўласцівы разважлівасць, памяркоўнасць, непрыняцце гвалту як сродка дасягнення мэтаў.

Такімі ж рысамі нацыянальнай ментальнасці валодалі нешматлікія вышэйшыя пласты беларускага народа – захаваўшая нацыянальную ідэнтычнасць шляхта, святарства, інтэлігенцыя, служачыя, чый уклад у нацыястваральны працэс закранаў духоўную сферу (філасофска-палітычная думка, беларусазнаўства, літаратура), спрыяў уздыму нацыянальнай самасвядомасці і фарміраванню нацыянальнай ідэі.

Такім чынам, важнейшыя палітычныя мерапрыемствы царызма, здзейсненыя ў другой палове ХІХ ст. (скасаванне прыгону; аграрная, судовая, ваенная, школьная і інш. рэформы), а таксама станоўчыя наступствы ўздыму эканомікі (прамысловы пераварот, прагрэс у сельскай гаспадарцы) паскорылі нацыястваральныя працэсы ў Расійскай імперыі, у тым ліку на Беларусі, дзе пачала фарміравацца асобная беларуская нацыя з уласцівым ёй арэалам пражывання і сваеасаблівымі мовай, культурай і псіхалагічным складам. Але глыбокая інтэграванасць эканомікі і культуры Беларусі ў вялікарасійскі арганізм стрымлівала развіццё бела­рускай самобытнасці і фар­міраванне нацыянальна арыентаванай эліты. Акрамя таго, па прычыне неспрыяльных абставін (адсутнасць уласных дзяржавы, дзяржаўнай мовы і сістэмы адукацыі; у асноўным сялянскі склад беларусаў, нешматлікасць нацыянальнай буржуазіі, іх нізкі ўзровень нацыянальнай самасвядомасці; наяўнасць дзвюх рэлігій і г. д.; невысокі адукацыйны ўзровень большасці беларусаў, адсутнасць адзінай рэлігіі, непрызнанне царквой і касцёлам беларускага народа; незавершанасць складвання літаратурнай мовы і г. д.) гэты працэс, у параўнанні з іншымі народамі, быў больш складаным па часе і выніках. Тым не менш факт узнікнення беларускай нацыі натхніў яе лепшыя сілы на выкананне сваёй вызначальнай місіі – дасягненне нацыянальнай дзяржаўнасці. Ажыццяўленне гэтай мэты адбывалася па меры далейшага развіцця бела-рускай нацыіі ў першыя дзесяцігоддзі XX ст.

 

3. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай яе землі, уключаныя ў склад Расійскай імперыі, зрабіліся аб'ектам іх асваення царскімі уладамі. З усталяваннем новых органаў улады і парадку падаткаабкладання, раззбраеннем і роспускам канфедэрацый, арыштам варожа настроеных да Расіі асоб і г.д., жыццядзейнасць тутэйшага насельніцтва доўгі час заставаліся нязменнай. Заставаліся непарушнымі духоўнае (рэлігійнае) і культурнае жыццё, польскамоўнае асяроддзе, заканадаўства і інш. Што датычыць сістэмы адукацыі, то і яна, абапіраючыся на шматвяковыя традыцыі, захавала свае асаблівасці. Так, па-ранейшаму большасць свецкіх навучальных устаноў (Галоўная Літоўская школа, калегіумы і школ пры кляштарах) знаходзіліся ў веданні манаскіх каталіцкіх (езуітаў, францысканцаў, дамініканцаў, піяраў і інш.) і уніяцкага (базыльяне) ордэнаў. Іх навучэнцамі, у асноўным, з'яўляліся дзеці шляхты і гарадскіх вярхоў.

Яшчэ пасля першага падзелу РП кацярынінская адміністрацыя, імкнучыся да стварэння сацыяльнай апоры ў асноўнай масе хрысціянскага насельніцтва Беларусі, стала адкрываць усесаслоўныя “народныя школы” з рускай мовай навучання. Але цікавасць да іх выявілі толькі рускія ваенныя і цывільныя служачыя. Шляхта ж па-ранейшаму аддавала перавагу традыцыйным навучальным установам. Такая ж сітуацыя назіралася і пасля таго, як Беларусь канчаткова ўвайшла ў склад Расіі, да часу калі з прыходам на трон Аляксандра І (1801-1825) не ўзнікла патрэба ў адукацыйная рэформе ў маштабе ўсёй краіны. У адпаведнасці з загадам Міністэрства народнай асветы, на тэрыторыі пяці беларускіх, трох украінскіх губерняў і адной (Беластоцкай) вобласці была створана Віленская навучальная акруга, якой падпарадкаваліся ўсе навучальныя ўстановы на чале з Віленскім універсітэтам (1803). Аляксандр І даверыў пасаду куратара (попечителя) акругі польскаму князю А. Чартарыйскаму.

Усталяваная трохступенная сістэма народнай адукацыі прадугледжвала існаванне прыходскіх і павятовых вучылішч, а таксама губернскіх сямікласных гімназій. У ліку новаўвядзенняў былі адкрыты бясплатныя школы. Віленскі універсітэт з'яўляўся адначасова вучэбным, навуковым і вучэбна-адміністрацыйнай установай, дзе абіраліся дырэктары гімназій, наглядчыкі павятовых вучылішчаў і іншыя асобы. Пры універсітэце была адкрыта настаўніцкая семінарыя. Але Віленскі універсітэт быў больш прэстыжнай установай і нават па еўрапейскіх маштабах ён быў адным з буйнейшых. У 1804 г. у ім навучалася 290, а ў 1830 – больш за 1300 студэнтаў. Ён складаўся з 4 факультэтаў – фізіка-матэматычнага, медыцынскага, маральна-палітычнага (з багаслоўем), літаратурнага з прыгожымі мастацтвамі. Адукацыі спрыяла і створаная пазней Полацкая (1812-1820 гг.) езуіцкая акадэмія, а таксама Іўеўская іудзейская акадэмія.

Пасля выкрыцця дзейнасці таемных таварыстваў адбылася чарговая рэарганізацыя Віленскай акругі: пасля адхілення А. Чартарыйскага з пасады яе куратара ў навучальных установах узмацнілася выкладанне дысцыплін на рускай мове; гімназіі і школы Магілёўскай і Віцебскай губерняў адыйшлі ў падпарадкаванне Пецярбургскай навучальнай акругі з рускай мовай навучання. Але па-ранейшаму адукацыя заставалася саслоўнай: універсітэт і сямікласныя гімназіі – для шляхецкай і чыноўніцкай моладзі, трохкласныя павятовыя вучылішчы – для дзяцей мяшчан, аднакласныя прыходскія вучылішчы – сялян і гарадскіх нізоў.

У 1829 г. была сфарміравана Беларуская навучальная акруга ў складзе Віцебскай і Магілёўскай губерняў. У 1831 г. у яе склад далучылі вучылішчы і школы Мінскай губерні. Навучальным установам прадпісвалася выкладанне дысцыплін на рускай мове: "для доставлення юношеству Западных губерннй образовання в духе русском, необходнмо стараться, дабы русскнй язык посредством первоначального воспнтання сделать там народным". Але з-за недахопу кваліфікаваных настаўнікаў ажыццяўленне гэтай дырэктывы выклікала пэўныя цяжкасці.

Істотныя змены ў сістэме і змесце адукацыі адбыліся пасля падаўлення шляхецкага паўстання 1830-1831 гг. Так, за ўдзел у ім выкладчыкаў і студэнтаў Віленскага універсітэта 1 мая 1832 г. Мікалай І аддаў загад аб яго закрыцці. Медыцынскі факультэт быў ператвораны ў Медыка-хірургічную, а багаслоўскі – у Духоўную рымска-каталіцкую акадэмію. Але іх студэнты выказвалі такія ж антырасійскія настроі, невыпадкова таму першая ўстанова у 1842 г. была закрыта, а другая ў 1844 г. пераведзена ў Санкт-Пецярбург. Адзінай на Беларусі вышэйшай навучальнай установай з'яўляўся адкрыты ў 1848 г. у Горы-Горках Земляробчы інстытут.

Дзейнасць царскай адміністрацыі, скіраваная на ўсебаковую інтэграцыю беларускіх зямель, вымагала пастаноўкі пад кантроль ўсіх навучальных устаноў, незалежна ад сацыяльнага, нацыянальнага або рэлігійнай прыналежнасці іх навучэнцаў. Не абмяжоўваючыся толькі рэпрэсіўнымі захадамі ў адносінах да варожых імперыі польскіх колаў, мясцовыя ўлады спрыялі збяднелай шляхце ў навучанні іх дзяцей за дзяржаўны кошт, у тым ліку ў ваенных вучылішчах Полацка, Брэста і інш. Вядома, што іх выпускнікі ўжо з'яўляліся вернымі служкамі цара і Айчыны. Яшчэ большы ўздым адукацыі назіраўся ў імперыі ў часы Аляксандра ІІ (1855-1881). Што датычыць Беларусі, то і тут умежах адноўленай Віленскай акругі значна павялічылася колькасць навучальных устаноў, асабліва пачатковых – для сялянскіх дзяцей. Прычынай такой увагі да ніжэйшага саслоўся з'яўлялася імкненне царызма шляхам адукацыі ўмацаваць свой уплыў насуперак польска-каталіцкаму ў асноўнай масе беларускага насельніцтва. Гэтая палітыка асабліва ўзмацнілася пасля падаўлення паўстання К. Каліноўскага. Як казаў генерал-губернатар М. М. Мураўёў, “што не зрабіў рускі штык, тое зробіць руская школа” – было вышэй. Гора-Горацкі земляробчы інстытут за ўдзел у паўстанні яго студэнтаў быў закрыты.

Такім чынам, адукацыйная дзейнасць царскага ўрада на Беларусі праследавала пераважна палітычныя, антыпольскія мэты. Нягледзячы на вялікую патрэбу ў спецыялістах, ён стрымліваў магчымасці мясцовай моладзі атрымаць вышэйшую адукацыю ў сябе на радзіме. У выніку моцнай ідэйнай апрацоўкі навучанне шляхты ў сталічных і іншых універсітэтах істотна змяншала яе варожасць да царызма і ператварала ў законапаслухмяных падданых Яго Вялікасці.

Чарговая хваля русіфікацыі выявілася ў суцэльным звальненні настаўнікаў-палякаў і выцясненні польскамоўнага выкладання ў народных вучылішчах Віленскай акругі (за выключэннем Закона Божага для навучэннцаў-каталікоў). У 1864 г. у мэтах падрыхтоўкі кадраў для пачатковай школы адкрылі настаўніцкую семінарыю ў Маладзечна, затым у Полацку (1872), Нясвіжы (1875) і Свіслачы (1876).

Акрамя фарміравання ў навучэнцаў навыкаў чытання, пісьма і ліку, важнейшай функцыяй настаўніцтва з'яўлялася выхаванне ў навучэнцаў свядомай павагі да царскай дынастыі і праваслаўнай царквы, укараненне манархічных і вернападданіцкіх ідэй. У гэтай сувязі сістэме адукацыі надзвычай узрасла роля праваслаўнай царквы, якой у 1866 г. належала падаўляючая большасць навучальных, асабліва сельскіх устаноў. Так, у канцы стагоддзя 77 тыс.чал. набывалі адукацыю ў 999 народных вучылішчах, а амаль 140 тыс. – у 5 814 царкоўна-прыходскіх школах. У сістэме адукацыі панавалі пачатковыя прыходскія вучылішчы ў гарадах, а таксама народныя вучылішчы, царкоўнапрыходскія школы і школы граматы ў сёлах.

Поспехі ў эканоміцы станоўча ўплывалі на школьнай адукацыі. Так, з 1881 па 1889 г. колькасць пачатковых народных школ на Беларусі узрасла з 1 196 па 6 813, а вучняў, адпаведна, з 49,2 да 216, 1 тыс. У 1860-х гг. Брэсце, Вільні, Віцебску, Гомелі, Гродна, Магілёве, Мінску, Слуцку працавалі гімназіі; Бабруйску і Мазыры – прагімназіі; Мінску, Магілёве і Пінску – рэальныя вучылішчы. Сістэма жаночай адукацыі была прадстаўлена гомельскай гімназіяй і шэрагам прыватных навучальных уста-ноў васьмі гарадоў Беларусі. Да канца стагоддя колькасць сярэдніх устаноў узрасла да 20.

Нягледзячы на велізарныя зрухі ў сістэме адукацыі, паводле перапісу 1897 г., колькасць пісменных на Беларусі складала крыху больш за чвэрць (25,7%) яго насельніцтва. Высокі для бюджэта сялянскай і рабочай сям'і кошт адукацыі з'яўляўся асноўнай прычынай таго, што ў 1911 г. толькі 18, 4 % дзяцей школьнага ўзросту наведвалі пачатковыя навучальныя ўстановы.

Развіццё прамысловасці, чыгуначнага транспарту, фінансава-крэдытнай сферы, гандлю, сродкаў сувязі і інш. патрабавала прытоку адукаваных работнікаў, што абумовіла неабходнасць правядзення ў пачатку ХХ ст.чарговай адукацыйнай рэформы. У адпаведнасці з ёй, замест царкоўнапрыходскіх сла больш адкрывацца народных вучылішч, прафесійнае навучанне. У Віцебску (1910), Магілёве (1913), Мінску (1914) пачалі працу настаўніцкія інстытуты, якія давалі сярэднюю спецыяльную адукацыю. Навучэнцамі гімназій, рэальных вучылішчаў, інстытутаў былі галоўным чынам дзеці дваран і чыноўнікаў і ў значнай ступені – заможных гараджан. Пасля заканчэння азначаных устаноў выпускнікі мелі магчымасць набыць вышэйшую адукацыю ў Пецярбургу, Маскве, Казані, Кіеве, Харкаве, Адэсе, Юр'еве і іншых гарадах імперыі.

 

4. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай беларускія землі зрабіліся аб'ектам скрупулёзнага вывучэння з боку царскіх улад, у першую чаргу, з мэтай уліку матэрыяльных і людскіх рэсурсаў. Акрамя таго, розныя пласты расійскай грамадскасці выяўлялі да Беларусі пазнавальную і навуковую цікавасць. Да канца ХУІІІ ст. яе наведалі Кацярына ІІ і Павел І, К. Р. Дашкава і Г. Р. Дзяржавін і інш. У ліку першых свае ўражанні апублікавалі акадэмікі І. Ляпёхін і В. Севяргін. Цэнтры па вывучэнні Беларусі ўзніклі ў Пецярбургу, Маскве, а таксама ў Гомелі, Вільні, Полацку.

Такім чынам, у першай чвэрці XIX ст. пачаў вывучацца беларускі этнас, яго гісторыя і культура і тым былі закладзены асновы беларусазнаўства. Расійскі гісторык К. Калайдовіч на матэрыялах праведзеных у 1812-1813 гг. даследаванняў беларускай мовы надрукаваў артыкул "Аб беларускай гаворцы" і "Кароткі слоўнік беларускай гаворкі". У выніку працы энтузіястаў на чале з графам М.Румянцавым, было выяўлена шмат дакументальных гістарычных крыніц, частка якіх увайшла ў трохтомны "Беларускі архіў старажытных грамат”. Адным з піянераў беларусазнаўства, археалогіі, фалькларыстыкі і мовазнаўства быў З. Даленга-Хадакоўскі, аўтар твораў "Аб славяншчыне напярэдадні хрысціянства", а ў 1819 г. — "Пошукі ў дачыненні рускай гісторыі".

Таленавітыя даследчыкі беларушчыны працавалі ў Віленскім універсітэце: прафесар расійскай мовы І. М. Лабойка, прафесары-гісторыкі І.Даніловіч, І.Анацэвіч, М.Баброўскі. Але ў жніўні 1824 г. пасля следства над філаматамі Ю. Глухоўскі, І. Даніловіч, І. Лялевель, М. Баброўскі былі звольнены і высланы з Беларусі.

Пасля закрыцця Віленскага універсітэта вывучэнне беларускай мінуўшчыны не спыняецца, а нават набывае прыкметы вылучэння ў асобны прадмет даследавання. Для многіх яе аматараў важнай крыніцай ведаў сталі перыядычныя выданні "Аtеneum", "Rubon" і інш., дзе друкаваліся артыкулы па гісторыі і культуры Беларусі. Выдаўцамі тых часопісаў былі пісьменнік І. Крашэўскі, а таксама гісторык А. Кіркор. Патрэбам аматараў беларушчыны служылі творы М. Без-Карніловіча «Гістарычныя звесткі пра выдатныя мясціны на Беларусі...» (1855) і В. Турчыновіча "Агляд гісторыі Беларусі са старажытных часоў" (1857).

Важкі ўклад ў вывучэнне асобных месцаў Беларусі ўнеслі браты Тышкевічы, А. Кіркор, П. Шпілеўскі і інш. Нарэшце ў 1840 г. у Парыжы палітычным эмігрантам А. Рыпінскім быў выдадзены зборнік “Беларусь. Колькі слоў аб паэзіі простага люду...”. У 1840--1850-я гг. выйшлі ў свет фальклорныя працы беларускіх даследчыкаў "Сялянскія песні з-пад Нёмана і Дзвіны" (1837-1846) Я.Чачота, "Народныя песні пінскага люду" (1851) Р. Зянькевіча, "Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастыч-ных яе казках" (1853-1856) П. Шпілеўскага, "Беларускія народныя песні" (1853) Л. Паўлоўскай, "Беларускія прыказкі і прымаўкі" (1852).

Такім чынам, у першай палове XIX ст. беларусазнаўства зрабілася самастойнай галіной ведаў, якія ўвабралі ў сябе дадзеныя аб гісторыі, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў, іх мове, звычаях, традыцыях і інш.

Прапаганда дасягненняў беларусазнаўства пераходзіла ў практычную плоскасць: будзіла нацыянальную самасвядомасць, разбурала дагэтуль існаваўшыя перагародкі паміж рознымі пластамі беларускага народа, спрыяючы яго кансалідацыі і фарміраванню нацыянальнай ідэі.

Паўстанне на чале з К. Каліноўскім, акрамя іншага, не магло не прыцягнуць увагі міжнароднай, расійскай і польскай супольнасці да Беларусі і яе народа, што дало дадатковы стымул этнаграфічным даследаванням. Крапатлівая праца па збіранні і вывучэнні матэрыялаў аб беларусах, умовах і асаблівасцях іх пражывання, духоўных і матэрыяльных здабытках атрымалі прызнанне расійскай, што знайшло ўвасабленне ў стварэнні і дзейнасці Паўночна-Заходняга аддзялення Рускага геаграфічнага таварыства (1867-1875) з удзелам А. Семянтоўскага, П. Шэйна, Е. Раманава. Асноўны аб'ём даследчыцкай працы выконвалі мясцовыя навукоўцы. Так, І. Насовіч у ліку іншых буйных твораў выдаў грунтоўны “Слоўнік беларускай гаворкі” (1870). Актыўнай працай на ніве беларушчыны ў 1880-1890-х гг. вызначыліся М. Доўнар-Запольскі, М. Янчук, А. Багдановіч і іншыя. Прыкметным дасягненнем беларусазнаўства сярэдзіны 90-х гг ХІХ ст. зрабіўся твор М. Нікіфароўскага "Нарысы простонароднага жыцця-быцця ў Віцебскай Беларусі і апісанне прадметаў ужытку (обихода)". Шэраг іншых прац навукоўцы асвятляў духоўнае жыццё беларусаў.

Нягледзячы на велізарныя дасягненні ў вывучэнні беларускага народа, у пэўных колах навуковай грамадскасці з'явілася думка аб ім як заходнім адгалінаванні “рускага племені”. З гэтай нагоды славуты этнограф, фалькларыст і археолаг, аўтар шматтомнага “Беларускага зборніка” і больш 200 прац Е. Раманаў патраціў шмат энергіі у абарону пункта гледжання аб беларусах як самабытным народзе.

Шматлікія матэрыялы этнаграфічнага характару актыўна друкаваліся на старонках «Могилёвских губернских ведомостей», “Минского листка”, “Минских губернских ведомостей».

 

5. Пачатак беларускага нацыянальна-культурнага адраджэння звязваюць са збіраннем і вывучэннем вуснай народнай творчасці – абрадавай паэзіі, эпічных твораў, прыслоўяў і інш. Яго пачынальнікамі былі шляхцічы або выхадцы з іх – інтэлігенты, прысвяціўшыя сваё жыццё служэнню Айчыне, пад якой разумелі Рэч Паспалітую. Пры гэтым ураджэнцы Беларусі хоць і знаходзіліся ў рэчышчы польскай ідэі, але шмат увагі надавалі сваёй “малой радзіме”, яе гісторыі і культуры яе народа. Аб'ектам асаблівага вывучэння гэтых людзей зрабілася народная творчасць і “простая” мова, таму невыпадкова, што з-пад іх пер'яў выходзілі арыгінальныя літаратурныя працы, якія сведчылі аб існаванні на Беларусі самабытнага народа з багатай духоўнай культурай. Адна з такіх – "Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях" выйшла ў 1846 г. Але яе аўтар – Ян Баршчэўскі (1794-1851) яшчэ не “саспеў” для таго, каб напісаць свой твор на мове таго народа, чые казкі і паданні ён выкарыстаў. Тым не менш апрацоўка і прапаганда беларускага фальклору спрыяла ўзнікненню новай літаратурнай мовы і самой нацыянальнай літаратуры.

У ліку першых яе заснавальнікаў быў Я. Чачот (1796 - 1847), які выдаў шэсць зборнікаў "Вясковых песень з-над Нёмана і Дзвіны", у тым ліку адзін (апошні) на беларускай мове. Акрамя таго, Я. Чачот апублікаваў два фальклорныя зборнікі з уласнымі беларускімі вершамі і тым паклаў пачатак новай беларускай літаратуры.

А. Рыпінскі (1811-1900) таксама актыўна вывучаў духоўную спадчыну беларусаў. У 1840 г. у Парыжы ім была выдадзена этнаграфічна-фальклорная праца "Беларусь", якой ён, акрамя іншага, сцвярджаў, што «мова беларуская не ёсць маскоўская”.

У. Сыракомля (Людвік Кандратовіч) (1823-1862) як паэт, фалькларыст і краязнавец пісаў па-польску і па-беларуску. У 1856 г. падрыхтаваў «Кароткае даследаванне мовы і характару паэзіі русінаў Мінскай правінцыі», а таксама краязнаўчыя працы «Мінск: беглы агляд сучаснага стану Мінску» (1857) і «Нёман ад вытокаў да вусця» (1861). З'яўляючыся свядомым удзельнікам польскага вызваленчага руху, у сваёй творах аб беларускай зямлі і яе людзях аддаваў перавагу польскай мове. Але, на яго думку, беларуская мова мела такія ж правы на існаванне ў літаратурным жыцці, як і любая іншая. У. Сыракомля падаў прыклад таго, напісаўшы вершы "Добрыя весці" (1848) і "Ўжо птушкі пяюць усюды" (1861).


<== previous lecture | next lecture ==>
Узнікненне індустрыяльнага грамадства 6 page | Узнікненне індустрыяльнага грамадства 8 page
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.347 s.