Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Узнікненне індустрыяльнага грамадства 8 page


Date: 2015-10-07; view: 622.


Такім чынам, творам пачатку XIX ст. уласцівы рамантызм, якому характэрны свет пачуццяў, і сентыменталізм з яго павагай да духоўных і маральных каштоўнасцей.

В. Дунін-Марцінкевіч (1807-1884) як пісьменнік, паэт, драматург у большай ступені, чым яго папярэднікі, выкарыстоўваў у сваёй творчасці народную гаворку. Выдадзенае ў 1846 г. у Вільні лібрэта оперы "Сялянка” адбіла тыповую на той час карціну, калі паны гаварылі на польскай мове, а сяляне – на беларускай. Паэма "Гапон" (1855) – гэта ўжо першы цалкам беларускамоўны твор В. Дуніна-Марцінкевіча, але ў далейшых зборніках аўтара "Вечарніцы і Апантаны" (1855 г.), "Цікавішся? Прачытай!" (1856 г.), "Дудар беларускі, або Усяго патроху" (1857 г.) вершы, апавяданні і аповесці публікаваліся на абедзвюх мовах. Тым не менш беларускамоўныя творы ляглі ў падмурак нацыянальнай літаратуры. Цяга аўтара да беларускага фальклору, жывой народнай мовы знайшла яскравае ўвасабленне ў перакладзе твора класіка польскай паэзіі А. Міцкевіча “Пан Тадэвуш”. У многім намаганнямі В. Дуніна-Марцінкевіча народная мова губляла зняважлівы статус мужыцкай і знаходзіла ўсё больш выразны ўжытак у літаратурным працэсе. Аб тым жа сведчаць паэмы невядомых аўтараў(???) “Энеіда навыварат” і “Тарас на Парнасе” (сярэдзіна ХІХ ст.), выхад першай газеты на беларускай мове “Мужыцкая праўда” (1862-1863), асобных твораў К. Каліноўскага (1864)

Такім чынам, у першай палове XIX ст. намаганнямі мясцовай шляхецкай інтэлігенцыі быў закладзены падмурак беларускамоўнай літаратуры, але жорсткая палітыка царскіх улад на Беларусі, выкліканая паўстаннем 1863-1864 гг., акрамя іншага, істотна запаволіла развіццё беларускай літаратуры. У канцы 1860-х нешматлікія яе здабыткі папоўніліся паэмамі В. Дуніна-Марцінкевіча "Пінская шляхта" (1866) і "Залёты" (1870).

На рубяжы 1880-1890-х гг. на Беларусі з'явілася новая кагорта беларускіх інтэлігентаў шляхецкага паходжання, якія ў літаратурнай форме паспрабавалі ўзняць годнасць роднай зямлі і яе народа. А зрабіць гэта было даволі цяжка, паколькі цэнзура прапускала ў друк толькі тыя беларускія творы, якія адносіліся да фальклорнага жанру. Сама ж беларуская мова афіцыйна не прызнавалася.

Толькі напачатку 1890-х гг. у Кракаве пад псеўданімам Мацей Бурачок выйшаў у свет беларускамоўны твор «Дудка беларуская» (1891), а ў Познані пад псеўданімам Сымон Рэўка з-пад Барысава – «Смык беларускі» (1894), надрукаваныя лацініцай. Іх аўтарам быў Ф. Багушэвіч (1840-1900) – у поўным сэнсе першы беларускі паэт і пісьменнік. Асноўным і пастаянным аб'ектам яго творчасці з'яўляўся беларускі мужык, прыгнечаны панам і чыноўнікам. Пафас яго вершаваных зборнікаў быў звернуты непасрэдна да самога селяніна, яго годнасці і нацыянальнай свядомасці. Пры гэтым аўтар пераканаўча даводзіў, што тая мова, на якой напісаны вершы і вядзе размову беларускі народ, не “мужыцкая”, а такая ж “людская і панская” як і іншыя. Відавочна, прадмова да “Дудкі беларускай” выходзіла за межы ўласна паэзіі. Заклік Ф. Багушэвіча да чытачоў шанаваць сваю мову, яго словы аб шматвяковай гісторыі народа, спробы вызначэння тэрыторыю Беларусі ў геаграфічнай прасторы і тлумачэння яе назвы ўялялі сабой абрысы нацыянальнай ідэі. Такім чынам, Ф. Багушэвіч выступаў не толькі літаратарам, а змагаром за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне беларускага народа.

Беларускі паэт А. Гурыновіч (1869-1894) са сваім клопатам аб лепшый будучыні народа быў паслядоўнікам Ф. Багушэвіча. За сваё зусім кароткае жыццё ён істотна паспрыяў станаўленню беларускай літаратурнай мовы. Акрамя публікацыі ўласных вершаў лірычнага і грамадска-палітычнага зместу, паэт пераклаў на беларускую мову творы А. Пушкіна, М. Някрасава, А. Міцкевіча, А. Ажэшкі, I. Франко.

Свой істотны ўклад у развіццё літаратуры ўнеслі К. Кастравіцкі (Карусь Каганец), Ф. Тапчэўскі і першы беларускі байкапісец А. Абуховіч. Я. Лучына (I. Неслухоўскі) (1851-1897) пісаў свае шматлікія творы пра народ і для народа. Яго кнізе беларускіх вершаў “Вязанка” (1903), якая выйшла ў Пецярбургу, а таксама паэмам «Паляўнічыя акварэлькі», «Гануся», «Андрэй», «Віялета» ўласцівы тонкі лірызм, любоў да простага люду і Бацькаўшчыны. Такжа плённа і натхнёна Я. Лучына пісаў вершы на рускай і польскай мовах.

Такім чынам, адметнай рысай культурнага жыцця Беларусі ХІХ ст. з'яўлялася развіццё нацыянальнай літаратуры і беларускай мовы. Яе фарміраванне адбывалася пад уплывам польскага нацыянальна-вызваленчага і агульнадэмакратычнага руху. Таму яна ўвабрала ў сябе прагрэсіўныя элементы рускай, польскай і украінскай культур і з'яўлялася шматмоўнай.

Развіццё беларускай літаратуры ўвабрала ў сябе ўсе тагачасныя мастацкія стылі – рамантызм, сентыменталізм і рэалізму. Намаганнямі плеяды мясцовых патрыётаў у іх літаратурных творах рабіўся акцэнт на асаблівасцях “малой радзімы” і яе народа. Беларуская мова стала набываць самабытную каштоўнасць і стала гучаць у арыгінальных вершах. Дзякуючы намаганням В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, А. Гурыновіча, Я. Лучыны і некаторых іншых патрыётаў беларускай зямлі, у другой палове ХІХ ст. беларуская мова паступова пазбаўлялася непрывабнага статусу “мужыцкай”, актыўна выкарыстоўвалася ў нацыянальнай паэзіі, прозе і драматургіі і стала закладваць падмурак утварэнню мовы літаратурнай. Пад уздзеяннем нацыястваральных працэсаў, якія адбываліся ў 1870-1890-х гг., беларуская літаратура фарміравала нацыянальную самасвядомасць і адыгрывала кансалідуючую ролю. Канчатковае фарміраванне беларускай літаратурнай мовы завяршылася ў пачатку ХХ стагоддзя.

6. З 1803 па 1832 гг. аддзяленне прыгожых мастацтваў факультэта літаратуры і мастацтва Віленскага універсітэта заставалася адзіным цэнтрам падрыхтоўкі мастакоў, скульптараў і гравёраў на Беларусі. Вялікім аўтарытэтам у навучэнцаў карысталіся прафесары Ф. Смуглевіч і Я. Рустэм. Пасля закрыцця універсітэта (1832 г.) здольная моладзь мусіла ехаць у Пецярбург.

Асноўным напрамкам мастацтва канца XVIII - першай паловы XIX ст. быў класіцызм. Ранейшая перавага ў ім рэлігійнай тэматыкі ўжо не задавальняла тых мастакоў, якія былі цесна звязаны з Рэччу Паспалітай, яе гісторыяй і людзьмі. Невыпадкова таму ў першай пал. XIX ст. гістарычны і партрэтны жанры сталі пераважаць у беларускім жывапісе. Новы мастацкі стыль – рамантызм толькі спрыяе адбіццю нацыянальнага ідэала.

Да ліку лепшых прадстаўнікоў партрэтнага жанру першай паловы ХІХ ст. адносяць І. Аляшкевіча (1777-1830), аўтара партрэтаў А. Міцкевіча, А. Чартарыйскага, Г. Ржавускага, Л. Сапегі, М. Радзівіла.

Адыход ад канонаў класіцызму быў уласцівы таксама мастакам віленскай школы, у тым ліку В. Ваньковічу (1800-1842) – аўтару рэалістычных партрэтаў паэта А. Міцкевіча і піяністкі М. Шыманоўскай; карцін «Напалеон каля вогнішча», «Дзева Марыя Вострабрамская», «Мадонна з дзіцем»; шматлікіх партрэтаў-мініяцюр. Адным з лепшых прадстаўнікоў партрэтнага жывапісу быў І. Хруцкі (1810-1885). За карціну “Старая, якая вяжа шкарпэткі”, мастак атрымаў малы залаты медаль Акадэміі. Напісаныя ім партрэты жонкі, мітрапаліта Я. Сямашкі і інш. былі высока ацэнены грамадствам. У 1839 г. яму было прысуджана званне акадэміка жывапісу.

Выдатна спалучаў элементы партрэтнага і батальнага жанраў, і разам з імі – класічнага і рамантычнага стыляў мастак Я. Дамель (1780-1840). Яго карцінам "Смерць Глінскага ў няволі", "Вызваленне Касцюшкі з цямніцы", "Адступленне французаў праз Вільню ў 1812 г." "Цар Аляксандр I падпісвае ў Вільні амністыю", “Хрышчэнне славян” уласціва пэўная гераізацыя падзей, пафаснасць, пачуццё годнасці за старонкі слаўнай гісторыі.

Гістарычны жанр распрацоўваў таксама мастак, этнограф і кампазітар Н. Орда (1807-1883). Але яшчэ большага поспеху ён дасягнуў у жанры пейзажу. Карціны «Лагойск», «Крыжоўка», «Руіны замка ў Лідзе», «Мір», «Нясвіж», «Белая Вежа», а таксама больш 500 акварэляў і малюнкаў з натуры прынеслі яму вялікую вядомасць.

Да майстроў пейзажнага жывапісу Беларусі першай паловы XIX ст. належаў В. Дмахоўскі (1805-1862). Яго творы – "Радзіма", "Возера Свіцязь", "Заход сонца", “Начлег” вылучаюцца сярод іншых сваімі велічнымі і паэтычнымі кампазіцыямі, вытанчонасцю малюнка.

Майстрам бытавога жанру быў выпускнік Пецярбургскай акадэміі мас-тацтваў Н. Селівановіч (1830-1918). Найбольш вядомымі яго творамі былі псіхалагічны партрэт “Пастух”, "Дзеці на двары", "У школу", "Дзяўчынка", Н. Селівановіч браў удзел ў афармленні інтэр'ера Ісакіеўскага сабора ў Пецярбургу. За мазаічную кампазіцыю "Тайная вячэра" яму было прысвоена званне акадэміка.

На Беларусі цэнтрам прафесійнай прафесійнай падрыхтоўкі мастакоў зрабілася створаная ў 1866 г. Віленская рысавальная школа на чале І. Трутнева???, вядомага мастака і патрыёта беларускай зямлі. Пэўны ўплыў на беларускіх майстроў жывапісу аказвалі рускія мастакі, якія пэўны час пражывалі на Беларусі. Так, І. Я. Рэпін плённа працаваў у сваім маёнтку Здраўнёва на Віцебшчыне. У 1899 г. яго творы ў экспазіцыі іншых мастакоў-перасоўнікаў выстаўляліся ў Мінску. І. Я. Рэпін дапамог некалькім здольным мастакам набыць прафесійную адукацыю ў сталіцы.

У 1890-я гг. былі заснаваны мастацкія школы В. Мааса ў Мінску і Ю. Пэна ў Віцебску, у пачатку ХХ ст. – у Магілёве. У 1890-я гг. пачаўся творчы шлях славутагага беларускага жывапісца В. Бялыніцкага-Бірулі (1872-1957). Напісаная ім у 1892 г. карціна “З аколіц Пяцігорска” была набыта Траццякоўскай галерэяй.

Далучэнне Беларусі да Расійскай імперыі супала ў часе са зменамі ў архітэктурных стылях. Так, разам з познім (віленскім) барока, з уласцівай яму пампезнасцю, ляпнінай, скульптурнымі ўпрыгожван-нямі і інш. узнікае мода на класіцызм, які вылучаецца з іншых стыляў геаметрычнасцю ліній і аб'ёмаў (квадрат, ромб, трохкутнік, куб, шар), выкарыстаннем антычных формаў. Рысы пераходнага ад барока да класіцызму стыляў спалучылі ў сабе палацы ў Ружанах, Шчорсах, Дзярэчыне, сабор Св. Іосіфа ў Магілёве і інш.

Палац-рэзідэнцыя графа М. Румянцава і сабор Пятра і Паўла ў Гомелі, Прэабражэнская царква ў Чэрыкаве, касцёл у Шчучыне і інш. ужо не захоўвалі рэшткаў барока. Па такім жа класічным прынцыпе праектавалася далейшае развіццё беларускіх гарадоў (прамавугольная сістэма планіроўкі, кампазіцыйная вось, грамадскі цэнтр, плошчы і вуліцы).

Але класіцызм не зрабіўся пануючым стылем. З сярэдзіны XIX ст. яго паступова замяняе рамантызм з уласцівай яму эклектыкай – спалучэннем розных стыляў. Ідучы насустрач пажаданням заможных заказчыкаў, архітэктары спалучалі ў адным праекце элементы готыкі, рэнесансу, барока і г. д. Так, касцёл святой Варвары ў Віцебску выкананы з элементамі готыкі, царква на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці ў Візантыйскім стылі і г. д..

Прыкметнай з'явай у архітэктуры Беларусі канца XIX – пачатку ХХ стст. стала распаўсюджанне новага мастацкага стылю – мадэрн з уласцівым яму пераплеценнем ліній, асіметрыяй, багатым дэкорам. Ім аздабляліся чыгуначныя вакзалы, банкі, даходныя дамы і інш.

Антыпольская палітыка царызму пакідала свой адбітак на развіцці архітэктуры. Так, пасля паўстанняў 1830-1831 гг. і 1863-1864 гг. будаўніцтва каталіцкіх храмаў было запаволена, а уніяцкіх – зусім перапынена. Пры гэтым частка зачыненыя храмы перадаваліся ў карыстанне праваслаўнай канфесіі. Хваля русіфікацыя на Беларусі, распачатая пасля падаўлення паўстання К. Каліноўскага, паўплывала на пашырэнне колькасці праваслаўных храмаў (“мураўёвак”) у так званым неарускім або псеўдарускім стылі.

У пачатку XIX ст. у маёнтках буйных магнатаў працягвалі дзейнічаць прыватныя тэатры з прыгоннымі артыстамі. Неўзабаве сцэнічнае мастацтва стала набываць камерцыйны характар. Але ў 1830-я гг. у губернскіх і буйных павятовых цэнтрах пачынаюць з'яўляюцца тэатры прыватнай антрэпрызы, якія ладзілі гастрольныя выступленні ў навакольных гарадах, мястэчках. Вялікую папулярнасць мелі ў той час тэатральная трупа Мараўскага з Вільні, Саламеі Дзешнер з Гродна, Кажынскага з Мінска. У іх рэпертуары былі п'есы заходнееўрапейскіх і рускіх аўтараў.

У адпаведнасці з тэатральнай рэформай ў 1846-1847 гг. дзейнасць вандроўных труп забаранялася, а ў губернскіх гарадах засноўваліся пастаянныя тэатры на чале з адмысловымі дырэкцыямі.

Пачатак беларускага нацыянальнага тэатра быў пакладзены членамі музычна-драматычнага гуртка на чале з В. Дуніным-Марцінкевічам, якія 23 верасня 1841г. арганізавалі паказ камічнай оперы «Рэкруцкі яўрэйскі набор». Музыку для яе напісалі С. Манюшка і К. Кжыжаноўскі, а лібрэта – В. Дунін-Марцінкевіч. 9 лютага 1852 г. у гарадскім тэатры мінскія аматары паставілі наступную камічную оперу «Ідылія» (“Сялянка”). У далейшым гурткоўцы ставілі яе ў Бабруйску, Нясвіжы, Слуцку.

Разам з нацыянальным тэатрам узнікла і пачало развівацца нацыянальнае музычнае мастацтва. Яго заснавальнікам з'яўляўся славуты кампазітар, аўтар музыкі “Сялянкі” С. Манюшка (1819-1872). Цэнтрамі музычнага жыцця Беларусі з'яўляліся Мінск, Віцебск, Гродна, Магілёў, Бабруйск, Пінск. У рэпертуары прафесійных труп і музыкантаў-аматараў былі творы заходнееўрапейскіх, рускіх і беларускіх кампазітараў. На Беларусі добра ведалі музычныя творы заходнееўрапейскіх кампазітараў. Сярод мясцовых аўтараў асобай папулярнасцю карыстаўся Міхал Клеафас Агінскі, які сачыніў больш 60 музычных твораў, у тым ліку паланэз «Развітанне з Радзімай». Неўміручую славу пакінулі пасля сябе кампазітары С. Манюшка і Ф. Міладоўскі, збіральнік беларускага фальклору і кіраўнік імператарскіх тэатраў В. Казлоўскі.

Барацьба царскіх улад, распачатая пасля падаўлення паўстання 1863-1864 г. і скіраваная супраць польскага ўплыву на Беларусі, закранула і тэатральнае мастацтва. У выніку, усе польскамоўныя сцэнічныя пастаноўкі былі забаронены. Малады беларускі тэатр таксама перыпыніў сваё існаванне.

Выразнай рысай тэатральнага мастацтва на Беларусі ў 1860-90-я гг. стала развіццё аматарскіх гурткоў у Горках, Рагачове, Навагрудку, Пінску, Барысаве, Слуцку, Клімавічах Брэсце, Полацку, Слоніме, Лідзе, Бабруйску, Вілейцы, Ашмянах. У Мінску, у памяшканні Дваранскага сходу артысты- аматары ставілі драматычныя п'есы. А 5 чэрвеня 1890 г. у горадзе быў узведзены будынак пастаяннага тэатра.

У рэпертуары пераважалі п'есы дэмакратычнага характару, у жанры крытычнага рэалізму, напісаныя М. Гогалем, А. Сухаво-Кабыліным, А. Астроўскім і інш.

Вялікі ўклад у станаўленне беларускага музычнага мастацтва ўнеслі этнографы і фалькларысты, у тым ліку П. Шэйн. Выдадзены ім трохтомнік “Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края" (1887-1902) утрымліваў шмат самых разнастайных песень. У 1880-1890-я гг. убачылі свет зборнікі М. Янчука "Белорусские песни Минской губернии" і А. Чэрні "Песни белорусские". Песеннае багацце беларуса знайшло асвятленне ў даследваннях П. Шпілеўскага, А. Дабравольскага, П. Бяссонава.

З цягам часу дасягненні беларусазнаўства, акрамя іншага, выйшлі за межы іх навуковага выкарыстання і зрабіліся здабыткам творчай музычнай інтэлігенцыі. Дзякуючы ёй, беларускія песні ўздымаліся да вяршынь духоўнай культуры. Яны ўключаліся ў рэпертуар прафесійных артыстаў і дэманстраваліся ў канцэртных залах Расіі і замежжа. Беларускія песенныя матывы гучалі ў творах рускіх кампазітараў М. Рымскага-Корсакава, М. Мусаргскага, А. Глазунова.

Станоўчае ўздзеянне на развіццё духоўнай культуры аказвалі аб'яднанні аматараў музыкі і прыгожых мастацтваў, якія дзейнічалі ў Мінку, Гродне, Віцебску, Полацку, Брэсце, Бабруйску. Іх намаганнямі адбывалася прапаганда лепшых узораў культуры, выяўленне мясцовых талентаў, укараненне у грамадства высокіх мастацкіх густаў. Таму ж спрыялі гастролі у беларускія гарады славутых расійскіх майстроў – С. Рахманінава, Ф. Шаляпіна, аркестра рускіх народных інструментаў пад кіраўніцтвам Андрэева.

Паказчыкам уздыму музычнага мастацтва на Беларусі варта назваць з'яўленне мясцовых прафесійных музыкантаў-кампазітараў – Ф. Міладоўскага, М. Ельскага, І. Глінскага, М. Чуркіна і В. Залатарова. Пэўныя перспектывы ў плане павелічэння іх колькасці звязваліся і з адкрыццём у 1894 г. першай музычнай школы ў Мінску.

Наогул, другая палова XIX ст. была важным перыядам у развіцці беларускага выканаўчага вакальнай і музычнай культуры. Праўда, па прычыне невялікай колькасці беларускай інтэлігенцыі, доля ў ім уласна беларускага нацыянальнага мастацтва была яшчэ невялікай. Разам з тым, той факт, што беларуская песня трапіла ў сферу высокага мастацтва, акрамя іншага, сведчыў аб паскарэнні працэсу кансалідацыі беларускай нацыі.

Такім чынам, палітыка расійскага самадзяржаўя ў галіне культуры на беларускіх землях характарызавалася імкненне абмежаваць уздзеянне польскамоўнай асветы і каталіцкай веры на хрысціянскае насельніцтва. Па прычыне забароны беларускага друку да 1889 г. на Беларусі не выйшла ніводнага мастацкага твора на мове падаўляючай большасці яе насельніцтва. У той самы час царызм усебакова спрыяў пашырэнню і ўкараненню рускай асветы, праваслаўя, дзяржаўнай ідэалогіі, іншых маральных каштоўнасцяў. Важнейшай з'явай у культурным жыцці Беларусі ў ХІХ ст. стала фарміраванне беларускай літаратуры і беларускай літаратурнай мовы, што абумовіла паступовую кансалідацыю духоўных сіл народа і фарміраванне беларускай нацыі.

 

7. Эканамічны ўздым Расійскай імперыі, які назіраўся ў пачатку ХХ ст., стварыў магчымасць для вырашэння шэрагу ўрадавых сацыяльных праграм, у тым ліку ў галіне народнай адукацыі. У выніку на Беларусі да пачатку вайны колькасць пачатковых школ узрасла больш, чым у 3, 5 – з 1314 да 4784, а навучэнцаў – у 3 (з 106 196 да 304 745).

Станоўчыя зрухі ў паляпшэнні адукацыйнай сферы тлумачыліся і ўтварэннем земстваў у Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губернях, якія ўзялі на сябе частку гэтай справы. Колькасць царкоўна-прыход-скіх школ і школ граматы хоць і набыла тэндэнцыю да скарачэння, але да 1914 г. яшчэ заста-ва-лася даволі значнай – 2 643 устаноў з колькасцю навучэнцаў каля 130 тыс. Але, нягледзячы на дзейсную адукацыйную палітыку ўрада, у 1911 годзе толькі 18,4% дзяцей школьнага ўзросту маглі наведваць школу. Узросшы прэстыж адукацыі, недахоп месцаў у школах прымушалі бацькоў іншыя шляхі навучання сваіх дзяцей – з дапамогай хатніх настаўнікаў або ў так званых “тайных школах”. Царскія ўлады вялі ба-рацьбу супраць нелегальных навучальных устаноў. Так, у Слуцкім павеце за тры рэвалюцыйныя гады было ліквідавана 72 тайныя школы.

Беларускія настаўнікі разумелі важнасць навучання дзяцей на іх роднай мове. Паводле Закона Расійскай імперыі (1906), па прычыне прыналежнасці беларусаў і ўкраінцаў да адзінага рускага народа ім забаранялася мець іншамоўныя навучальныя ўстановы, а католікам-беларусам належала вывучаць Закон Божы не на польскай, як раней, а на рускай мове.

Украінскія і беларускія дзеячы няспынна выступалі за адкрыццё нацыянальных школ. У Пецярбургу з выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца», у 1905 г. выйшлі першыя буквары для беларускіх дзяцей на лацінцы (укладальнік В. Іваноўскі) і кірыліцы (К. Каганец). А. Пашкевіч (Цётка) выдала кнігі – “Гасцінец для малых дзяцей”, “Беларускі лемантар", "Першае чытанне для дзетак беларусаў". Тым не менш ні ўрадавая палітыка, ні пануючая грамадская думка аб беларусах не пакідала перспектыў на хуткае ўтварэнне пачатковай беларускай школы. Беларуская мова па-ранейшаму ігнаравалася як свецкімі, так і духоўнымі (каталіцкімі і праваслаўнымі) структурамі.

Што датычыць устаноў сярэдняй адукацыі, то ў 1905 г. на Беларусі дзейнічала 10 мужчынскіх і 12 жаночых гімназій, адно камерцыйнае, пяць рэальных вучылішч, адна мужчынская прагімназія і каля 60 прыватных навучальных устаноў з агульнай колькасцю 22 810 навучэнцаў. Да пачатку сусветнай вайны колькасць устаноў адукацыі гэтага кшталту перавышала 120 адзінак, а навучэнцаў – 31 000.

Развіццё буржуазнага грамадства і капіталістычных адносін запатрабавала пашырэння сеткі спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Да пачатку XX ст. яна ўключала школы і вучылішчы па падрыхтоўцы спецыялістаў ніжэйшага звяна для харчовай, лесагаспадарчай і лёгкай прамысловасці, чыгункі і інш. У пачатку XX ст. у прыватных і дзяржаўных навучальных установах Ма-гілёве, Гродна, Мінску, Віцебску можна было атрымаць прафесію фельчара-акушэра. З 1909 г. і да пачатку вайны зубалячэбную школу ў Мінску скончылі 420 чал.

Павелічэнне колькасці школ запатрабавала ўдасканалення сістэмы падрыхтоўкі настаўнікаў. Так, для патрэб ніжэйшай пачатковай школы былі адкрыты новыя настаўніцкія семінарыі – дзве мужчынскія – Рагачоўская і Гомельская, а таксама тры жаночыя – Аршанская, Барысаўская і Бабруйская. Пэўную колькасць настаўнікаў выпускалі праваслаўныя духоўныя семінарыі Віцебска, Магілёва, Мінска. Для навучальных устаноў больш высокага ўзроўню прызначаліся адкрытыя гэтых жа гарадах настаўніцкія інстытуты. У 1911 г. пачало дзейнічаць Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута, якое давала студэнтам няпоўную вышэйшую адукацыю.

Такім чынам, напярэдадні вайны ў сярэднеспецыяльных навучальных установах вучылася каля 1 400 чал.

Адсутнасць на Беларусі вышэйшых навучальных устаноў прымушала выпускнікоў гімназій, рэальных вучылішч, настаўніцкіх інстытутаў набываць вышэйшую адукацыю ў іншых рэгіёнах імперыі. І далёка не ўсе, хто атрымліваў яе, вяртаўся ў родныя мясціны. У сваю чаргу выпускнікі расійскіх вну, якія накіроўваліся ў беларускія губерні, складалі асноўны касцяк мясцовай інтэлігенцыі і безумоўна звязвалі сябе з рускай культурай. Па сваім стаўленні да нацыянальнага пытання большая яе частка стаяла на вялікадзяржаўных пазіцыях.

Уласна беларуская інтэлігенцыя Беларусі, якая да сярэдзіны ХІХ ст. пачала складвацца з прадстаўнікоў збяднелай шляхты, у пачатку ХХ ст. стала папаўняцца за кошт выхадцаў з вёскі, якія здолелі атрымаць дастаткова грунтоўную адукацыю, каб свядома ўстаць на барацьбу за нацыянальныя ідэалы.

Пачатак ХХ ст. выявіў узрастанне цікавасці грамадства да асветы, навукі і культуры. Існуючыя на той час навуковыя ўстановы – Беняконская сельскагаспадарчая (Віленская губ.) і Балотная станцыя ў Мінску – не маглі задаволіць яго патрэб. Менавіта таму інтэлігенцыя, чыноўніцтва, прафесійныя навукоўцы, проста энтузіясты губернскіх і буйных павятовых (Гомель, Брэст, Бабруйск) гарадоў гуртаваліся ў культурна-асветныя таварыствы педагагічнага, медыцынскага, прыродазнаўчага і інш. кшталту. Сваё прызначэнне яны бачылі не толькі ў прапагандзе ведаў, але і ў агульным павышэнні маральнага ўзроўню грамадства. Намаганнямі інтэлігенцыі ў Мінску была створана першая публічная бібліятэка імя А. Пушкіна (1900). Да 1917 г. на Беларусі выходзіла каля 20 прыродазнаўчых выданняў – па медыцыне, балотазнаўстве, лесаводстве, чыгуначным транспарце і г.д.

Не зніжалася ўвага да вывучэння Беларусі. У Віцебску і Смаленску працавалі вучоныя архіўныя камісіі, у Вільні – Паўночна-Заходні аддзел Рускага геаграфічнага таварыства, у Магілёве – Таварыства вывучэння Беларускага краю. У губернскіх гарадах былі адкрыты краязнаўчыя музеі. У 1912 г. узнікла Мінскае таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі.

Адной з прычын павышэння цікавасці грамадства да культуры беларускага народа і яго мінуўшчыны стала развіццё этнаграфія і краязнаўства. Па-ранейшаму вялікі ўклад у вывучэнне і папулярызацыю духоўнай культуры беларускага народа ўносілі навукоўцы, якія яшчэ ў мінулым стагоддзі набылі вялікую вядомасць. У 1912 г Е. Раманаў завяршыў 9-томнаге выданне "Беларускага зборніка" – свайго кшталту энцыклапедыі жыцця і побыту беларускага сялянства. Узбагацілі беларускую фалькларыстыку і этнаграфію М. Доўнар-Запольскі і І. Сербаў.

Сусветную вядомасць прынесла Я. Карскаму фундаментальнае выданне пад назвай «Беларусы» (тры тамы ў сямі частках). Даследуючы беларускую вусную народную творчасць, прасачыў яе эвалюцыю з паганскіх часоў да ХХ стагоддзя. На багацейшым фактычным матэрыяле Я. Карскаму ўдалося пераканаўча даказаць этнічную самабытнасць беларускага народа.

Нарэшце важнейшым дасягненнем навукі стала выданне В. Ластоўскім у 1910 г. “Кароткай гісторыі Беларусі” – першага твора аб беларускай мінуўшчыне. У выніку з'яўлення ў друку азначаных твораў Е. Раманава, М. Доўнар-Запольскага, Я. Карскага, В. Ластоўскага грамадская цікавасць да беларускай культуры і гісторыі і да самога народа значна ўзрасла. Разам з тым расстаноўка сіл у ідэйнай барацьбе па беларускім пытанні істотна змянілася на карысць шчырых прыхільнікаў ідэі самастойнага шляху развіцця беларусаў. Такім чынам, дасягненні этнаграфіі, фалькларыстыкі, гісторыі як сістэма навуковых поглядаў спрыялі ўмацаванню нацыянальнай свядомасці, асэнсаванню свайго месца паміж іншымі народамі і перспектывы далейшага развіцця.

Ва ўмовах фарміравання беларускай нацыі здабыткі беларусазнаўства, жывая энергія членаў навуковых таварыстваў і асобных энтузіястаў з'яўляліся каталізатарам гэтага працэсу, значным сродкам абуджэння самога народа на шляху да барацьбы за нацыянальную школу, сацыяльную свабоду і палітычную самастойнасць.

Дэмакратычныя заваёвы рэвалюцыі 1905 г. далі магчымасць беларускім дзеячам распачаць барацьбу за нацыянальна-культурнае адраджэнне беларускага народа, яго афіцыйнае і грамадскае прызнанне, сацыяльнае і палітычнае вызваленне. У ліку самых істотных перашкод на шляху да рэалізацыі азначаных мэтаў з'яўлялася нізкі ўзровень нацыянальнай самасвядомасці большасці беларускага народа; забарона беларускай мовы як сродка навучання і прадмета вывучэння ў школах, незапатрабаванасць яе ў міжнацыянальных стасунках; незамацаванасць беларускай літаратурнай мовы.

У тых умовах памяняць моўнае становішча да лепшага маглі толькі су-месныя намаганні патрыятычнай інтэлігенцыі, аб'яднанай вакол адзінага каардынуючага нацыянальнага цэнтра. Яго функцыі ўзяла на сябе рэдакцыя газета “Наша Ніва”. Выкарыстаўшы павучальны вопыт першай легальнай беларускай газеты “Наша Доля” (1 верасня-1 снежня 1906 г.) зачыненай царызмам за антыўрадавыя выступленні, нашаніўцы пазбягалі рэвалюцыйных мэтаў і засяродзілі сваю энергію на збіранне нацыянальных сіл беларускага народа, на адраджэнне яго былой славы і годнасці.

На ўсім працягу свайго існавання з 1906 па 1915 гг., ад першага і да апошняга нумара важнейшая ўвага надавалася абароне права беларускага народа на выкарыстанне і развіццё сваёй мовы і нацыянальнай культуры. Змястоўныя тэарэтычныя доказы беларускай самабытнасці, прапаганда гістарычных звестак і дасягненняў беларусазнаўства, масавая падтрымка суайчыннікаў з усіх куткоў Расійскай імперыі, далёкага і блізкага замежжа, усё гэта і іншае выклікала шалёную нянавісць рускіх і польскіх шавіністаў, а таксама мясцовых беларусаў, апантаных заходнерусізмам або польскай ідэяй.

Пазіцыя “Нашай Нівы” выклікала незадавальненне і царскіх улад, якія забаранілі настаўнікам і вучням Віленскай акругі, святарам, а таксама дзяржаўным служачым, яе выпіску. Вялікарускія і “вялікапольскія” шавіністычныя выданні, кожнае са сваімі абвінавачаннямі, таксама ўсімі сіламі імкнуліся дыскрэдыдатаваць яе і пазбавіць народнай падтрымкі. Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы сваёй дзейнасці, газета да сваіх чытачоў думку аб еднасці ўсіх беларусаў – і праваслаўных, і католікаў, незалежна ад веравызнання, і з гэтай нагоды метадычна прапагандавала ідэю ўтварэння беларускай школы, увядзення роднай мовы ў навучальныя ўстановы, царкву і касцёл.

Выступленні “нашаніўцаў” падтрымалі тыя, хто падзяляў яе погляды на мову як вышэйшую нацыянальную каштоўнасць. У выніку старонкі газеты сталі запаўняцца не толькі карэспандэнцыяй з месцаў, а натхнёнымі вершамі і апавяданнямі. Так, з 1906 па 1909 гг. "Наша ніва" надрукавала творы 61 паэта і 36 празаікаў. Нашаніўцы пастаянна пашыралі сферу выкарыстання друкаванага беларускага слова. Так, з 1910 г. яны сталі выдаваць "Беларускі каляндар", з вясны 1912 г. – сельскагаспадарчы часопіс “Саха” (рэдактар А. Уласаў), са снежня 1913 – штомесячнік для моладзі “Лучынка” (рэдактар А. Пашкевіч)

За амаль 9-гадовы час існавання “Наша Ніва” здзейсніла велізарную культурна-асветніцкую, ідэйную, інтэграцыйна-кансалідуючую працу. Змагаючыся за пашырэнне сферы выкарыстання беларускай мовы, газета значна ўзняла яе статус як мовы новай беларускай літаратуры. На яе старонках раскрылі свой талент Я. Купала, Я. Колас, Цётка, М. Гарэцкі, М. Багдановіч і інш.

Менавіта ў надрукаваных тут у 1907 г. радках Я. Купалы ў паэтычнай форма выкрышталізавалася нацыянальная ідэя. І менавіта “Наша Ніва” выкрывала антыбеларускія захады “заходнерусістаў” і польскіх шавіністаў, заклікала беларусаў розных канфесій да яднання.

Газета з'яўлялася адзіным цэнтрам прапаганды беларускай культуры, фарміравання сістэмы духоўных каштоўнасцяў беларусаў, агітацыі за стварэнне беларускай школы мастацтваў.Змешчаныя ў “Нашай Ніве” матэрыялы па гісторыі Беларусі спрыялі абуджэнню гістарычный памяці беларусаў і ўмацаванню нацыянальнай свядомасці, натхнялі да збірання і умацавання традыцый і звычаяў. У практычным сэнсе “Наша Ніва” у многім паспрыяла заснаванню нацыянальнага прафесійнага тэатра, школы беларускай музыкі, танца.

“Наша Ніва” як ніякая іншая – па мове, зместу, прызначэнні – была народнай газетай. Яна вяртала народу гістарычную памяць, узняла яго мову да ўзроўню паэзіі, наблізіла час, каб ён мог “людзьмі звацца”.

Пачатак ХХ стагоддзя – час канчатковага фарміравання беларускай літаратурнай мовы. Беларускія літаратары абапіралася на здабыткі сваіх папярэднікаў – В. Дуніна-Марцінкевіча, К. Каліноўскага, Ф. Багушэвіча, Я. Лучыны, А. Гурыновіча і інш. Яны перанялі і развілі ідэі сацыяльнага вызвалення народа, сцвярджэння яго годнасці, прызнання яго мовы і заваёвы права на вольнае развіццё. Гэтыя ідэі, адбітыя ў паэзіі, прозе, крытыцы і публіцыстыцы, азнаменавалі пачатак нацыянальнага адраджэння.

Развіццю беларускай літаратуры істотна паспрыяла скасаванне абмежаванняў на друк іншамоўных твораў, заснаванне беларускіх выдавецтваў, накшталт «Загляне сонца і ў наша ваконца», а таксама агульнарасійскі рэвалюцыйны рух. У ліку першых свае зборнікі вершаў "Скрыпка беларуская" і "Хрэст на свабоду" выдала А. Пашкевіч (Цётка).


<== previous lecture | next lecture ==>
Узнікненне індустрыяльнага грамадства 7 page | Узнікненне індустрыяльнага грамадства 9 page
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.699 s.