|
Узнікненне індустрыяльнага грамадства 10 pageDate: 2015-10-07; view: 557. Па тым жа сцэнарыі 19 лістапада адбываўся II з'езд Саветаў Паўночна-Заходняй вобласцi. Нягледзячы на прадстаўніцтва дэлегатаў толькі трэці iснаваўшых Саветаў, арганiзатары-бальшавiкi ад iмя ўсёй Заходняй вобласцi вынеслi рэзалюцыi ў падтрымку СНК, яго дэкрэтаў i абралi Выканком з 35 чал. Больш прадстаўнiчым i вынiковым у сэнсе забеспячэння падтрымкi новага ўрада з'яўляўся II Франтавы з'езд з удзелам каля 700 дэлегатаў Заходняга фронту, у сваёй масе бальшавiкоў i левых эсэраў, якi адбыўся 20-25 лiстапада ў Мiнску пад старшынствам А. Мяснiкова. Дэлегаты выказалі падтрымку ленінскаму СНК, ухвалілі яго дэкрэты і абраны новы Выканкам са 100 чал. на чале з А. Мясніковым. Адно з важнейшых рашэнняў з'езда ўвасобiлася ў пастанове “Аб арганiзацыi Савецкай улады на Заходнiм фронце i ў вобласцi”. У адпаведнасці з ім 26 лiстапада адбылося першае пасяджэнне членаў выканкомаў трох папярэдніх з'ездаў, на якiм быў створаны вышэйшы орган улады – Абласны выканаўчы камiтэт Саветаў рабочых, салдацкiх i сялянскiх дэпутатаў Заходняй вобласцi i фронту (Аблвыкамзах) у складзе 187 чал. пад старшынствам М. Рагазінскага. Удзельнiкi пасяджэння таксама сфармiравалi, па ўзору агульнарасiйскага, рэгiянальны выканаўчы орган – Савет Народных Камiсараў Заходняй вобласцi i фронту (старшыня - К. Ландэр). Юрысдыкцыя СНК распаўсюджвалася не на ўсю свабодную ад акупацыi Беларусь, а толькi на Мiнскую i частку Вiленскай губерняў, а таксама на Заходнi фронт. У іншых губернскіх і павятовых цэнтрах Беларусі ўсталяванне ўлады ВРК і Саветаў мела свае асаблівасці і ад падзей у Мінску не залежала. Так, у Вiцебску Саветы не падтрымалi петраградскiх паўстанцаў, таму 27 кастрычнiка бальшавiкi з апораю на вайскоўцаў гарнiзона стварылi ВРК. Уладныя функцыi ўскладалiся на Рэвалюцыйны Савет салдацкiх дэпутатаў. Са стварэннем новага рабоча-салдацкага Савета да яго перайшла ўлада ў горадзе i павеце, а ВРК (старшыня Б. Пiнсан) заставаўся вышэйшым уладным органам губернi. Прысланы з Петраграда губернскi камiсар П.Салонка аддаў распараджэнне аб перавыбарах усiх Саветаў i зямельных камiтэтаў, якiя не прызнавалi новай улады. 11 снежня пачаў сваю працу Вiцебскi губернскi з'езд Саветаў з удзелам каля 500 чал., у асноўным бальшавiкоў i левых эсэраў. Дэлегаты выказалi падтрымку ленiнскаму СНК, а таксама сфармiравалi орган улады ў асобе губернскага Савета (старшыня В. Чунчын) з 65 чал., у тым лiку 55 бальшавікоў. На Магiлёўшчыне стварэнне органаў Савецкай улады зацягвалася з прычыны слабай апоры бальшавiкоў у губернскiм цэнтры. Па-другое, кіраўніцтва Стаўкі вярхоўнага галоўнакамандуючага на чале з генералам М. Духоніным адмовілася падпарадкавацца ленінскаму Савету Народных Камісараў і ператварылася ў цэнтр кансалідацыі яго палітычных праціўнікаў. Толькi са з'яўленнем тут атрадаў новага вярхоўнага галоўнакамандуючага М. Крыленкi, адбылося ўтварэнне 18 лiстапада леваэсэраўска-бальшавiцкага ВРК. Стаўка была ліквідавана, а генерал М. Духонін забіты. У далейшым касцяк бальшавiцкага i леваэсэраўскага кiраўнiцтва губернi складалi вайскоўцы Гомеля i Магiлёва. 15 снежня яны распачалi працу I з'езда Саветаў Магiлёўшчыны з удзелам 27 дэлегатаў ад паловы iснаваўшых Саветаў. Iх намаганнямi было створана Бюро з 7 чалавек, да якога пераходзiла часовая ўлада. Пастаянная ж улада ў асобе Выканкома Саветаў была сфармiравана 14 студзеня 1918 г. пасля правядзення губернскiх рабоча-салдацкiх i cялянскага з'ездаў. У яго прэзiдыум былi абраны: 4 левыя эсэры, у тым лiку старшыня М. Гольман, а таксама 3 бальшавiкi. Большасць дэпутатаў павятовых Саветаў выказвалi занепакоенасць падзеямi ў Петраградзе, якія пагражалі грамадзянскай вайной і зрывам Устаноўчага сходу. Яны былi перакананы ў неабходнасцi сфармiравання агульнасацыялiстычнага урада i разглядалi ленiнскi СНК як часовы орган. У гэтай сувязi cпробы бальшавiзаваных Саветаў падпарадкаваць cабе дзейнасць гарадскiх i земскiх самакiраванняў выклiкалi незадавальненне i ў шэрагу выпадкаў – рэзкае асуджэнне ўсiх сацыялiстычных партыйных, рабочых i iншых арганiзацый. Па сутнасцi, да канца 1917 года паралельна iснавалi дзве ўлады – дэмакратычна абраных самакiраванняў i надзеленых уладнымi паўнамоцтвамi Саветаў. У цэлым, адносiны, якiя ўсталявалiся памiж iмi (ўладамi) у розных мясцовасцях, характарызавалiся, як правiла, пастаяннай канфрантацыяй на палiтычнай глебе, узаемнымi абвiнавачваннямi ва ўзурпацыi ўлады i г. д. Паўстанне ў Петраградзе пачалося ў час, калi ў краiне адбывалася перадвыбарчая кампанiя ва Устаноўчы сход. Асноўная барацьба за галасы выбаршчыкаў на Беларусi i на Заходнiм фронце, разгарнулася памiж эсэрамi i бальшавiкамi. Прапаганда апошнiмi дэкрэтаў аб мiры i зямлi, пастановы аб скасаваннi пакарання смерцю, стварэнне “рабоча-сялянскага ўраду” i iншыя забяспечыла iм iстотную перавагу. Так, ад 4 акруг ва Устаноўчы сход трапiла: ад Вiцебскай – 6 бальшавiкоў i 3 эсэры; ад Мiнскай (адпаведна) – 9 i 4; ад Магiлёўскай – 2 і 12, ад Заходнефрантавой – 12 i 3. Нягледзячы на перамогу ў гэтых акругах бальшавiцкiх кандыдатаў, большасць выбаршчыкаў па ўсёй краіне аддала свае галасы за эсэраўскi спiс – 58 %, выказаўшы такiм чынам сваю прыхiльнасць рэфармiсцкiм метадам у вырашэннi наспелых праблем. З 715 дэпутатаў Устаноўчага сходу толькi 183 належалi да бальшавiкоў (супраць 412 эсэраў i мноства iншых, апазiцыйна настроеных дэпутатаў). Зразумела, што такія суадносіны сіл у парламенце ставілі крыж на заваёвах Кастрычніцкай рэвалюцыі. Невыпадкова У. Ленін, Л. Троцкі і іншыя бальшавіцкія лідэры распачалі актыўныя прапагандысцкія захады, скiраваныя на ўкараненне ў рабочыя і салдацкія масы пераканання аб прыярытэце дыктатуры пралетарыяту перад агульнарародным парламентам, на дыскрэдытацыю кадэцкiх i эсэраўскiх дэпутатаў Устаноўчага сходу. Грамадскасць выявіла прыхільнасць ідэі “Усенароднага парламента як гаспадара зямлі рускай”. І калі 5 студзеня 1918 г. падчас першага пасяджэння Я. Свярдлоў прапанаваў прысутным прагаласаваць за “Дэкларацыю правоў працоўнага i эксплуатуемага народа”, дэлегацкая большасць адхiлiла дакумент і тым самым не прызнала законнасць СНК і яго дэкрэтаў. У адказ бальшавіцкія і леваэсэраўскія дэпутаты ў знак пратэсту пакінулі залу пасяджэнняў. Дэкрэтам УЦВК, прынятым у ноч з 6 на 7 студзеня 1918 г. Устаноўчы сход быў распушчаны. Шанец на мірнае вырашэнне палітычнага крызісу быў страчаны. Улада засталася ў руках бальшавіцкага СНК, але краіна ўсё больш і больш уцягвалася ў грамадзянскую вайну. Такім чынам, ІІ з'езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў (25-26 кастрычніка 1917 г.), залажыўшы канстытуцыйныя асновы дзяржавы дыктатуры пралетарыяту, стаў важнейшым фактарам на шляху да пабудовы сацыялістычнага грамадства. Адначасова перамога Кастрычніцкай рэвалюцыі з'яўлялася перадумовай грамадзянскай вайны. Па меры паглыблення супрацьстаяння класавых і палітычных сіл бальшавіцкі рэжым здзяйсняў дыктатуру пралетарыята гвалтоўнымі метадамі, уключаючы адкрыты тэрор як супраць буржуазіі і памешчыкаў, так і супраць сацыялістычных партый. 4. Узброенае паўстанне ў Петраградзе супраць Часовага ўрада выклiкала непакой беларускіх дзеячаў за лёс Беларусі, якая так і не здолела набыць аўтаноміі. Акрамя таго, яе заходнія губерні пасля абвешчанага Дэкрэтам аб міры выхада Расіі з вайны пагражалі застацца пад германскай акупацыяй. Па гэтай прычыне 27 кастрычніка ў “Грамаце да Беларускага Народу” і звароце “Да ўсяго Народа Беларускага” выканкомы ВБР, Цэнтральнай Вайсковай Беларускай Рады i вайскоўцаў-беларусаў Заходняга фронту выступiлi з заклiкам “ўзяць у свае рукi ўпраўленне сваiм краем, каб здзейснiць свае неадкладныя гiстарычныя задачы”. З гэтай нагоды паведамлялася аб скліканні 5 снежня 1917 г. Усебеларускага з'езда для абвяшчэння Беларускай дэмакратычнай рэспублiкi, “спаянай з Вялiкаросiяй i iншымi суседнiмi Рэспублiкамi Расii на аснове федэрацыi”, і абрання ўласнага органа улады – Краёвай Рады. Другi цэнтр нацыянальных сiл утварыўся ў Петраградзе, дзе група беларускіх прадстаўнікоў, прыехаўшых на ІІ Усерасійскі з'езд сялянскіх дэпутатаў, аб'ядналася ў Беларускi Абласны камiтэт (БАК) пад старшынствам Я. Канчара. 17 лiстапада ў сваёй дэкларацыi БАК заявіў аб гатоўнасцi ўзяць на сябе арганiзацыю руху “ў мэтах стварэння гарантыi захавання i цэласнасцi аўтаномнай Беларусi”. Кіраўніцтва камітэта запэўніла камісара па справах нацыянальнасцяў СНК І. Джугашвілі (Сталіна) у прызнанні Савецкай улады і атрымала на патрэбы Усебеларускага з'езда 50 000 руб. Абвешчаная ленінскім урадам “Дэкларацыя правоў народаў Расii” давала беларускім дзеячам абгрунтаваныя падставы для будаўнiцтва нацыянальнай дзяржаўнасцi. У той самы час бальшавіцкае кіраўніцтва Аблвыкамзаха, Віцебскага і Магілёўскага губернскіх Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў негатыўна, з класавых і інтэрнацыянальных пазіцый ставілася да гэтай ідэі. Дэлегаты сталі з'язджацца ў Мінску ўжо ў першых чыслах снежня. На пасяджэннях 5-7 снежня яны абралi Cавет старэйшын(ці старшынь???), cтварылi секцыi i iнш. Праз тыдзень на з'ездзе сабралася самае вялiкае i шырокае з часу Лютаўскай рэвалюцыi прадстаўнiцтва ад арганiзацый i ўстаноў Беларусi i па-за яе межамi – усяго 1872 дэпутаты, з якiх 1167 мелi права рашаючага голасу. Асноўная маса дэлегатаў складалася з сялян. Сярод нешматлікай часткі партыйцаў пераважалі эсэры i грамадоўцы. 14 снежня быў абраны прэзiдыум (старшыня I. Серада), Рада ў лiку 60 чалавек i вызначаны парадак дня з'езда. Выказаная арганізатарамі з'езда патрэба ў нацыянальным вызначэнні беларусаў здавалася відавочнай і не выклікала пярэчанняў. Асноўныя спрэчкі разгарнуліся па пытанні аб форме дзяржаўнасці. Падаўляючая большасць дэлегатаў выказалася ў падтрымку праекта аб наданні Беларусі палітычнай аўтаноміі (з уласным органам улады – Краёвай Радай) у складзе Расійскай федэратыўнай рэспублікі. Краёвай Радзе (Савету рабочых, салдацкiх i сялянскiх дэпутатаў) належала склiкаць Беларускi Устаноўчы Сход i паслаць дэлегатаў на мiрную канферэнцыю. Такім чынам, існаваўшая з 26 лістапада ўлада Аблвыкамзаха і яго структур фактычна дэлегатамі не прызнавалася. Няўдалыя спробы бальшавікоў і іх памагатых раскалоць з'езд і сарваць планы па ўсталяванні нацыянальнай улады хоць сабе і на савецкай аснове выклікала радыкальныя захады СНК Заходняй вобласці і фронта. У ноч з 17 на 18 снежня да будынка пасяджэнняў быў падцягнуты ўзброены атрад на чале камiсара унутраных спраў Рэзаускага i начальнiка гарнiзона Крывашэiна. Паcля прыняцця дэлегатамі першага пункту рэзалюцыi з'езд быў аб'яўлены закрытым, а яго Прэзiдыум арыштаваным. Свае дзеянні СНК Заходняй вобласцi i фронту патлумачыў “жаданнем беларускага з'езда стварыць у краi сепаратна паралельную нацыяналiстычную ўладу i непадпарадкаваннем iснуючай уладзе Саветаў” . У далейшым прапаганда мусiравала надуманы тэзiс аб планах беларускiх дзеячаў адарваць Беларусь ад Расii або далучыць яе да Польшчы Такiм чынам, нягледзячы на дэклараванае ленiнскiм урадам права народаў на самавызначэнне, мінскія бальшавiкi зрабiлi ўсё магчымае для таго, каб прадухiлiць яго ажыццяўленне Усебеларускім з'ездам. Iдэйным абгрунтаваннем такой палiтыкi з'яўлялася прынцыповае палажэнне РСДРП (б) аб тым, што вырашэнне нацыянальнага пытання павiнна быць падпарадкавана найперш класавым iнтарэсам пралетарыяту i бяднейшага сялянства. На справе, любая актыўнасць нацыянальных арганiзацый, якая закранала манаполiю бальшавiкоў на ўладу, успрымалася iмi выключна негатыўна. У гэтай сувязі разгон Усебеларускага з'езда меў глыбокія наступствы. Па-першае, зрыў мінскімі бальшавікамі спроб беларускіх дзеячаў дамагчыся палітычнай аўтаноміі Беларусі ў складзе Расійскай федэратыўнай рэспублікі на доўгія дзесяцігоддзі замарудзіў працэс аб'яднання беларусаў і рускіх у адзінай дзяржаве; па-дру-гое, беларускія дзеячы не адмовіліся ад ідэі афармлення нацыянальнай дзяржаўнасці, але былі вымушаны ўзяцца за яе рэалізацыю на іншай – нацыянальна-дэмакратычнай аснове. 5. 5 лістапада ленінскі СНК, спадзеючыся на падтрымку Савецкай улады з боку палякаў, украiнцаў, латышоў i г. д выдаў пастанову аб дазволе фарміравання іх нацыянальных часцей. На Беларусі буйнейшым (да 25 тыс. конніцы і пяхоты) вайсковым злучэннем з'яўляўся І Польскі корпус на чале з генералам Ю. Доўбар-Мусніцкім. Але палітыка бальшавiкоў, якая грунтавалася на класавых i iнтэрнацыянальных прынцыпах, не магла не ўвайсцi ў канфлiкт з iнтарэсамi палякаў. Так, польскiя землеўладальнiкi не прызнавалi законнай сiлы дэкрэта аб зямлi і ў мэтах абароны сваёй маёмасці звярталіся за дапамогай да суайчыннiкаў-вайскоўцаў. А пасля спробы Доўбар-Муснiцкага ўратаваць ад арышту генерала Балуева, ВРК узбудзiў хадайнiцтва перад М. Крыленкам аб вывадзе польскiх часцей з Мiнска i расфармiраваннi корпуса. У сваю чаргу II з'езд салдат-палякаў Заходняга фронту (13-18 лiстапада), а таксама сход прадстаўнiкоў польскай грамадскасці (21 лiстапада) выказалiся за ўзмацненне працы па фармiраваннi польскiх часцей у мэтах абароны суайчыннікаў. На падставе вынесеных пастаноў у Быхаўскiм, Магiлёўскiм, Сенненскiм, Чэрыкаўскiм паветах легiянеры праганялi ўчотчыкаў, якія прыходзілі канфіскоўваць маёнткі, а таксама тэрырарызавалі сялян. Невыпадкова 23 лiстапада выканком Магiлёўскага Савета сялянскiх дэпутатаў вынес рэзалюцыю з патрабаваннем ад Стаўкi неадкладнага вываду з губернi польскай дывiзii. Вiцебскi камiсар Салонка запатрабаваў ад польскiх часцей у тэрмiн да 26 лiстапада “неадкладна прызнаць народную ўладу i не чынiць перашкод да пераходу зямлi працоўнаму сялянству”. Каб ліквідаваць перашкоды ў працы мясцовых органаў Савецкай улады, вярхоўнае камандаванне ўзброенымі сіламі аддало загад штабу І Польскага корпуса сканцэнтраваць свае часці ў раёне Рагачоў-Жлобін-Бабруйск. Але і перадыслакацыя не вырашала праблемы. Складвалася сiтуацыя, калi ў час развалу Заходняга фронту ў яго тыле заставалася дастаткова моцная групоўка польскiх войск, якая з цягам часу стала ўяўляць сабой пэўную пагрозу Савецкай уладзе. Таму 27 лiстапада М. Крыленка аддаў загад “Першаму Польскаму корпусу неадкладна прыступiцца да выбару палкавых, карпусных камiтэтаў”. Тым самым пад выглядам “дэмакратызацыі” бальшавікі імкнуліся раз-лажыць і знішчыць польскае злучэнне як баявую адзінку. У дадатак М. Крыленка распарадзiўся аб прыпыненнi працэсу фарміравання нацыянальных часцей і на гэтай падставе А. Мяснiкоў загадаў спынiць адпраўку палякаў у польскi корпус. Не пазней 13 снежня ён жа аддаў загад аб падпарадкаваннi названага корпуса Заходняму фронту i неадкладнай яго дэмакратызацыі па ўзору расiйскай армii. Але штаб корпуса адкрыта праігнараваў яго, спасыла-ючыся на прынцып неўмяшальніцтва ў свае справы. Яшчэ адным сродкам барацьбы супраць І Польскага корпуса ў адпаведнасці з загадам А. Мяснікова №8 ад 27 лістапада павінны былі зрабіцца – так званыя “Польскiя рэвалюцыйныя батальёны”, лаяльныя Савецкай уладзе. У канцы снежня 1917 г. абвастрэнне савецка-польскіх адносін запатрабавала адмысловага Камісарыята па польскіх справах на чале з С. Гельтманам. З гэтага часу палітыка Савецкай улады ў адносінах да варожых ім польскіх арганізацый стала больш ваяўнічай. Часці І Польскага корпуса, сцягнутыя ў трохкутнік “Рагачоў-Жлобін-Бабруйск”, адчувалі моцны недахоп харчавання а яго пошук правакаваў сутычкі з мясцовым насельніцтвам і з дробнымі савецкімі атрадамі. 4 студзеня 1918 г. у Мiнску сiламi “рэвалюцыйнага батальёна” былi арыштаваны асобныя члены Начполя – найважнейшага кіруючага цэнтра польскіх вайскоўцаў, а яго памяшканне заняў Камiсарыят па польскiх справах. У падтрымку гэтай i iншых антыпольскіх акцый бальшавiцкія газеты – “Звезда”, “Революционная Ставка”, “Советская правда” – прэса разгарнула моцную прапагандысцкую кампанiю. Шырока паведамлялася, быццам корпус – гэта панская польская армiя, якая ўстала на бок буржуазii; быццам польскі штаб абвясціў аб анексiі Магiлёўскай губерні ў склад манархiчнай Польшчы і інш. 12 студзеня генерал Ю. Доўбар-Муснiцкi накiраваў А. Мяснiкову тэлеграму з паведамленнем аб тым, што І Польскі корпус знаходзiцца “у стане вайны з рускiм народам”. У той самы дзень легіянеры пачалі баявыя дзеянні, 13 студзеня захапілі Рагачоў, а 23 – Бабруйск. У мэтах перасячэння кравапраліцця для перагавораў з камандаваннем корпуса з Петраграда на ст. Цялуша Бабруйскага пав. прыбыла дэлегацыя Наркамнаца СНК з удзелам польскiх сацыялiстаў. Выстаўленыя савецкiм бокам умовы спынення ваенных дзеянняў (свабода агiтацыi сярод салдатаў корпуса i сярод беларускага насельнiцтва ў мясцовасцях, занятых легiянерамi; дэмакратызацыя корпуса, яго неўмяшальнiцтва ў рашэнне аграрнага пытання) былi адхiлены. Пры гэтым штаб Доўбар-Мусніцкага не iшоў на абвастрэнне канфлiкту, а выкарыстанне зброі легіянерамі тлумачыў мэтамi самаабароны. Сваё бачанне прычын канфлікту штаб тлумачыў у шматлікіх лістоўках-зваротах да “рускiх салдат” i “братоў-беларусаў”, распаўсюджаных у зоне баявых дзеянняў і дасланых на адрас СНК ў Петраград, Магiлёўскi губернскi Савет, Стаўку, штаб Заходняга фронту. “Ведайце, што мы не хочам вайны, – гаварылася ў адной з тэлеграм тэлеграме, – але калi на нас будуць нападаць, мы будзем абараняцца да апошняй кроплi крывi” i г. д. [27]. Ва ўмовах, калі І Польскі корпус не выяўляў агрэсіўнасці, савецкае ваеннае кіраўніцтва прыдпрыняла шэраг захадаў па яго разлажэнні і прак-тычным знішчэнні. З гэтай нагоды, па-першае, 20 студзеня быў аддадзены загад аб яго расфарміраванні. Усе звольненыя мелi магчымасць паступiць на службу ў “зноў фармiруемую сацыялiстычную Чырвоную Армiю”; па-другое, усімі сродкамі агітацыі і прапаганды шэраговыя легіянеры заклікаліся паў-стаць супраць сваіх камандзіраў. Доўбар-Мусніцкі абвяшчаўся “па-за законам”; па-трэцяе, 21 студзеня быў аддадзены загад аб перапыненні забеспячэння корпуса харчовымі прадуктамі. Нарэшце, каб пазбавіць легіянераў маральнай і практычнай (харчовай) падмогі, усе члены Саюза зямельных уласнікаў, памешчыкі Магілёўскай губерні, кадэты і іншыя, на думку бальшавікоў, “контррэвалюцыянеры”, падлягалі зняволенню без указання тэрміну. У вынiку прадпрынятых захадаў часцi Польскага корпуса зменшыўся з 27 да 12 тысяч. Характэрна, што камандаванне i афiцэрства не чынiлi перашкод тым легiянерам, хто жадаў звольніцца, і з цягам часу ў гарадах узніклі скапленні тысяч такіх былых ваеннаслужачых. Вядома таксама, што частка iх папаўняла савецкiя атрады. Аднак нават пасля колькаснага змяншэння баяздольнасць корпуса заставалася даволі высокай, таму для канчатковай сілавой яго ліквідацыі савецкім кіраўнікам даводзілася фарміраваць дадатковыя сілы, узбройваць сялян Барысаўскага, Гомельскага, Ігуменскага, Рага-чоўскага, Слуцкага паветаў. Вялікую дапамогу Савецкай уладзе аказалі фарміраванні латышскіх стралкоў, якія 31 студзеня выбілі легіянераў з Рагачова. Апынуўшыся ў шчыльным акружэннi, генерал Доўбар-Муснiцкi выказаў гатоўнасць да перамiр'я пры умовах адводу савецкiх войск за лiнiю Рагачоў–Жлобiн – Мiнск і захавання зброі за корпусам. Прадпрынятая савецкім камандаваннем спроба канчатковай ліквідацыі рэшткаў корпуса скончылася поўным паражэннем савецкіх часцей пад Асіповічамі 19 лютага 1918 г. Развіццё падзей была абумоўлена парушэннем перамір'я і германскім наступленнем на Савецкую Расію. Далейшая дзейнасць корпуса ўзгаднялася з генералам Гофманам. Такім чынам, насуперак Дэкрэту аб міры, бальшавіцкая ўлада на Беларусі не здолела вырашыць канфлікт мірнымі сродкамі і фактычна ператварыла яго ў ачаг грамадзянскай вайны з людскімі ахвярамі і велізарнымі матэрыяльнымі стратамі. Распачаўшы ваенныя дзеяннi супраць Польскага корпуса, кiраўнiкi Стаўкi i Заходняга фронту, у адрозненне ад царскага i Часовага ўрадаў, ужо не баялiся страцiць у асобе палякаў стратэгiчнага саюзнiка ў барацьбе супраць Германii, паколькi спадзявалiся на заканчэнне вайны, на сусветную рэвалюцыю і г.д. Са свайго боку камандаванне корпуса бачыла яго прызначэнне не ў барацьбе з Савецкай уладай, а ў служэнні будучай незалежнай Польшчы. Аб тым, у прыватнасцi, сведчаць яго дабрахвотнiцкi прынцып камплектавання i пераважна абарончая тактыка вядзення баявых дзеянняў супраць савецкiх войск. Яшчэ больш катастрафічныя для Савецкай Расіі, у тым ліку Бела-русі, мела бальшавіцкая палітыка выхаду з вайны і дасягнення міру. Як вядома, адным з першых крокаў новай улады ў асобе II з'езда Саветаў стала прыняцце дэкрэта “Аб мiры”. У адпаведнасцi з дэкрэтам, ленінскі СНК прапаноўваў усiм ваяваўшым краiнам, i ў першую чаргу – Англii, Францыi i Германii, пачаць перагаворы аб заключэннi дэмакратычнага мiру. Дэкрэт аб мiры быў звернуты i да салдат расiйскай армii, якiя праглi рашучых урадавых захадаў па спыненнi вайны. 7 лістапада СНК запатрабаваў ад ваеннага камандавання расійскіх узброеных сіл прыступiцца да мiрных перагавораў з працiўнiкам. Але выконваўшы абавязкi вярхоўнага галоўнакамандуючага генерал М. Духонiн адмовiўся выканаць гэтае патрабаванне і таму быў адхілены ад пасады. Замест яго новым вярхоўным галоўнакамандуючым быў прызначаны член РСДРП(б) прапаршчык М. Крыленка. 12 лiстапада за Заходнафрантавы ВРК за нежаданне генерала П. Балуева ўступаць з немцамi ў перагаворы аб заключэннi перамiр'я таксама быў адхілены ад пасады. Новы галоўнакамандуючы Заходнім фронтам член РСДРП(б) падпалкоўнік Каменшчыкаў аддаў загад прыступiцца да перагавораў з немцамi. Стаўка вярхоўнага галоўнакамандуючага па-ранейшаму выказвала непадпарадкаванне ленінскаму СНК. Невыпадкова таму 13 лістапада прапаршчык М. Крыленка ў сваiм загадзе па армii i флоту абвясціў М. Духонiна “ворагам народа” і 19 лістапада з атрадамі рэвалюцыйных салдат і матросаў заняў Магілёў. Характэрна, што ўжо ў дзень забойства Духонiна, 20 лістапада у Брэст-Лiтоўску пачалiся мiрныя перагаворы, якія завяршыліся 2 снежня падпісаннем перамiр'я памiж Расiяй i краiнамi аўстра-германскага блоку. Асноўная маса расійскай грамадскасці, у тым ліку “рэвалюцыйная дэмакратыя” стрымана аднесліся да вестак аб перамір'і, бо звязвала дасягненне мiру, i не сепаратнага, не “шкурнага” (па словах В. Чарнова), а трывалага, дэмакратычнага, без анексiй i кантрыбуцый, на аснове самавызначэння народаў, выключна з Устаноўчым сходам. Нягледзячы на заклапочанасць расiйскага грамадства праблемай дасягнення рэальнага мiру, бальшавiцкая дзейнасць у гэтым напрамку з'яўлялася другаснай у параўнаннi з праблемай усталявання “Савецкай улады”. На фоне (а часцей – пад выглядам) “барацьбы за мiр” праз увядзеннe прынцыпу абрання каман-дзiраў была канчаткова разбурана старая сiстэма кiравання войскамi – ад Стаўкi вярхоўнага галоўнакамандавання да палкавых штабоў i нiжэй, а затым – i сама армiя. Яе наўмысны развал тлумачыўся не толькi адсутнасцю патрэбы ў шматмiльённых узброеных сiлах у сувязi з меўшым адбыцца заключэнем мiру, але i iх небяспекай для бальшавiцкага кiраўцтва ў выпадку, калi яно не выканала абяцання скончыць вайну. Уласна кажучы, поўная перамога Cавецкай улады cтала магчымай толькi пасля заключэння перамiр'я, калi частка бальшавiзаваных, а таксама абалваненых сацыялiстычнай фразеалогiяй вайскоўцаў, пакiнуўшых фронт, зрабiлася яе ўзброенай апорай у тыле. Гэтых сiл хапiла для таго, каб узначалiць вайсковыя злучэннi, запоўнiць кiраўнiцтва Саветаў i iншых уладных структур, cтварыць касцяк новых узброеных фармiраванняў (Чырво-най гвардыi, народна-сацыялiстычнай армii i г. д.), а таксама нейтралiзаваць дзейнасць апазiцыйных арганiзацый. “Зараз наша задача, – казаў М. Крыленка пасля падпісання перамір'я, – справiцца з ворагам мiру ўнутры сваёй краiны». Такім чынам, пытанне абароназдольнасцi краiны ўжо не належала да лiку злабадзённых, а асноўнае прызначэнне новых узброеных фармiраваняў заключалася ў барацьбе cупраць мясцовай апазiцыi. З гэтай нагоды, адначасова з роспускам старой армii бальшавіцкае кіраўніцтва iмкнулася захаваць асобныя яе часцi або зводныя каманды, што было вельмі цяжка здзейсніць, бо нават са складу Аблвыкамзаха дэзерціравала амаль палова дэпутатаў, а колькасць войск на Заходнiм фронце зменшылася да 150 тыс. штыкоў. На пачатку студзеня 1918 г. Мiнскi Савет пастанавiў сфармiраваць уласную Чырвоную гвардыю выключна з бальшавiкоў i левых эсэраў. Магчымасць стаць чырвонагвардзейцам набывалі тыя рабочыя, хто меў рэкамендацыю ад сацыялiстычных партый i прафсаюзаў, якiя прызнавалi ўладу Саветаў. У Віцебску фармiраваннем Чырвонай гвардыi займаўся ВРК. У яе шэрагi запрашалiся партыйныя рабочыя i сяляне. Беспартыйныя маглi запiсацца па рэкамендацыi 2 бальшавікоў. На такіх жа ўмовах адбывалася фарміраванне атрадаў у Полацку, Бабруйску і інш. гарадах. 15 студзеня СНК РСФСР абвясцiў аб стварэннi дабраахвотнай Рабоча-Сялянскай Чырвонай Армiі. Крытэрыямi адбору з'яўлялiся сацыяльнае паходжанне (працоўныя класы), адданасць Савецкай уладзе і iдэалам сацыялiзму, а таксама гатоўнасць iх абараняць. Патрэба Савецкай улады ў новай армii зрабiлася асаблiва злабадзённай у сувязi з пашырэннем i павелiчэннем ачагоў узброенага супраціўлення на Украiне, на Урале i г. д. На Беларусi пэўную небяспеку ёй уяўляў І Польскi корпус. На гэтым фоне пагроза з боку германскіх войск здавалася неістотнай. Бальшавiкi Беларусi падзялялi пазiцыю Л. Троцкага – “вайны не весці, міру не падпісваць, армію распусціць”, занятую iм на перагаворах у Брэст-Літоўску. На думку магiлёўскiх бальшавiкоў, разрыў мiрных перагавораў з'яўляўся адзiна магчымым правiльным крокам. Вынiкам недальнабачнай палiтыкi ленінскага ўрада стала аднаўленне аўстра-германскiмi войскамi маштабнага наступлення шырокiм фронтам ад Балтыйскага мора да вусця Дуная. Пры гэтым, яшчэ 16 лютага германскае камандаванне папярэдзiла Савецкi ўрад аб перапыненнi 18 лютага з 12 гадзiн дня перамiр'я. Але толькі 22 лютага быў распаўсюджаны зварот ленінскага СНК “Сацыялiстычная Айчына ў небяспецы”, якi меў на мэце ўзняць патрыятычны рух расiйскiх вайскоўцаў i ўсiх грамадзян супраць захопнiкаў. Гэты дакумент застаў Аблвыкамзах, СНК, iншыя дзяржаўныя i партыйныя ўстановы Беларусі ўжо ў Смаленску. Iх кiраўнiцтва нават не здзейснiла спробы арганiзаваць абарону Мiнска або эвакуiраваць матэрыяльныя каштоўнасцi. У iншых губернскiх i павятовых цэнтрах Беларусi для арганізацыі абароны спатрэбiлася ўтвараць надзвычайныя органы, накшталт Рэвалюцыйнага Штабу ў Віцебску. Пры гэтым бальшавiкi i левыя эсэры засталiся без падтрымкi iншых сацыялiстычных партый. 20 лютага ў Магiлёве быў створаны Вярхоўны ваенны Савет для барацьбы супраць нямецкага наступлення i ўнутранай контррэвалюцыi, праз 2 дні рэаргані-завны ў губернскі ВРК. З наблiжэннем працiўнiка бальшавiкi не здолелi аказаць яму дзейснага супрацiўлення, а іх эвакуацыя ператварылася ва ўцёкі. Спробы бальшавiкоў Полацка арганiзаваць абарону горада таксама не далі cтаноўчых вынiкаў. У Гомелi мясцовы Рэўком, атрымаўшы тэлеграму аб тым, што “немцы ўжо ў Рэчыцы, і па дарозе вешаюць бальшавiкоў”, эвакуiраваўся той жа ноччу. У вынiку сяляне навакольных вёсак, карыстаючыся безуладдзем, некалькi дзён запар рабавалі крамы i яўрэйскае насельніцтва. Разлiк бальшавiцкага кiраўнiцтва на масавае ўступленне працоўных у шэрагi Чырвонай гвардыi (затым – Чырвонай Армii) сябе не апраўдаў. Успрымаючы ўладу Саветаў як уладу бальшавiкоў, рабочы клас у сваёй большасцi не выказаў жадання ўдзельнiчаць нi ў грамадзянскай вайне, нi ў абароне “сацыялiстычнай Айчыны”. Па сутнасцi, нiдзе на Беларусi (акрамя, бадай, паўночнай Вiцебшчыны) працiўнiк не сустрэў сур'ёзнага супрацiўлення, паколькi ў бальшавiцкага кiраўніцтва не знайшлося для гэтага нi сiл, нi сродкаў. Германскае наступленне завяршыла канчатковае разлажэнне рэгулярнай Расiйскай армii на Заходнiм фронце. Брэсцкi мiр, падпiсаны 3 сакавiка, выратаваў бальшавiцкую ўладу ад поўнага краху. Цаной таму былi страты Расiяй велiзарнай колькасцi матэрыяльных каштоўнасцяў, зброi, харчовых прадуктаў. “Пахабны мiр” зрабiўся вынiкам такой жа “пахабнай” палiтыкi бальшавiкоў, заснаванай на разбуральнай сацыяльнай утопii, класавай варожасцi, адмаўленнi дэмакратычных каштоўнасцяў. Такое iх стаўленне да ўласнага народа, а таксама манiякальнае iмкненне распалiць сусветную рэвалюцыю справакавалі кайзераўскую Германiю да аднаўлення ваенных дзеянняў cупраць Расii. Варта заўважыць, што i “белы рух”, i распачатая Антантай iнтэрвенцыя, таксама адбывалiся пад лозунгам барацьбы з бальшавiзмам. 6. Пачатак грамадзянскай вайны і замежнай інтэрвенцыі яшчэ больш абвастрыў і актуалізаваў праблему беларускага нацыянальнага самавызначэння. Даведаўшыся аб германскім наступленні, кіраўніцтва Аблвыкамзаха, Паўночна-Заходняга абласнога камітэта РСДРП(б), штаба Заходняга фронта замест таго, каб мабілізаваць Чырвоную армію і ўсё насельніцтва на абарону ад агрэсара, занялося падрыхтоўкай да эвакуацыі ў Смаленск сваіх работнікаў, рэдакцый газет “Советская правда” і “Звезда”, дакументаў, каштоўнасцяў і інш. Таму ва ўмовах фактычнага безуладдзя 19 лютага 1918 г. у 15 гадзін на пасяджэнні Беларускай Цэнтральнай Вайсковай Рады, якая легалізавала сваю дзейнасць, было прынята рашэнне “з прычыны выразна выяўленага iмкнення Народнага Камiсарыята Заходняй вобласцi збегчы на ўсход, i з прычыны наблiжэння немцаў i анархii ў горадзе ўзяць на сябе ахову парадку i бяспекi ў Мiнску, а калi спатрэбiцца – то i ва ўсёй Беларусi, а таксама прапанаваць Выканаўчаму камiтэту Рады I Усебеларускага з'езда выканаць волю з'езда i ўзяць уладу ў свае рукi”. Да 22 гадзiн атрадам БЦВР ужо належала ўлада ў горадзе, а на занятым будынку губернатарскага дома былi вывешаны 2 нацыянальныя флагi з надпiсам “Няхай жыве Вольная Беларусь”. Пэўныя прэтэнзіі на ўладу ў Мінску выказвалі дзеячы “Польскай арганізацыі вайсковай”. Пасля ўступлення ў горад 21 лютага часцей І Польскага корпуса па дамоўленасцi з беларусамi палякi-вайскоўцы ўзялi пад свой кантроль толькі паўднёва-заходнюю яго частку. У гэты ж дзень Выканком Рады Усебеларускага з'езда абвясцiў Устаўную грамату да народаў Беларусi, у якой паведамлялася аб утварэнні Часовай народнай улады ў асобе Народнага Сакратарыяту ў мэтах абароны і ўмацавання заваёў рэвалюцыі. Устаўная грамата і яе змест апынуліся ў цэнтры ўвагi мясцовай грамадскасцi. Як адзначаў бундаўскi “Дэр Векер”, “беларускае пытанне займае зараз усю iнтэрнацыянальную дэмакратыю краю”, i са свайго боку заклiкаў “актыўна дапамагаць i садзейнiчаць рэвалюцыйна-дэмакратычным iмкненням беларускага Народнага Сакратарыяту ў справе склiкання Беларускага Устаноўчага сходу, якi павiнен выказаць волю народаў краю”. 22 лютага быў апублiкаваны спiс урадавага кабiнета (старшыня Я. Варонка) у складзе пяцi грамадоўцаў, шасцi эсэраў, аднаго народнага сацыялiста i аднаго паалейцыянiста. Але пасля акупацыі горада таго ж 22 лютага германскiмi войскамi ўлада Народнага Сакратарыята скончылася. 25 лютага немцы забралі яго памяшканне, канфіскавалі грашовыя сродкі і сарвалі нацыянальныя сцягі. У выніку беларускім дзеячам давялося прасіць у камандуючага 10-й армiі генерала Э.Фалькенгайна дазволу на дзейнасць па абароне нацыянальных iнтарэсаў.
|