Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Узнікненне індустрыяльнага грамадства 11 page


Date: 2015-10-07; view: 639.


Акупацыйныя улады не далі афіцыйнага дазволу на дзейнасць Народнага Сакратарыята, але і забараняць яе не сталі, што на той час у цэлым станоўча адбілася на беларускім палітычным жыцці. 21 лютага ў Мiнску пад рэдагаваннем ксяндза В. Гадлеўскага выйшла пераведзеная з Петраграда, беларуская газета “Кrynica”. 1 сакавiка выйшла “пазапартыйна-народная” газета “Белорусская земля”, праз тыдзень – “Беларускi шлях” (з удзелам П. Аляксюка, З. Бядулi, Я. Варонкi, А. Гаруна, Я. Лёсiка і інш.).

Важнай падзеяй у далейшай актывiзацыi Народнага Сакратарыята стала падпiсанне ленінскім урадам 3 сакавiка 1918 г. Брэсцкага мiрнага дагавору, у адпаведнасцi з якiм 4/5 тэрыторыi Беларусi, у тым лiку Мiнск, адыходзiла пад кантроль акупантаў. Такiм чынам, было парушана дадзенае Л. Троцкім абяцанне аб тым, што лёс Беларусi на перагаворах з немцамi не будзе вырашацца без удзелу самiх беларусаў. Таму адрыў края ад Расii аб'ектыўна ставiў у парадак дня патрэбу ў афармленнi яго нацыянальна-тэрытарыяльнага статусу. Як гаварылася ў другой Устаўной грамаце, выдадзенай 9 сакавiка, “Беларусь у рубяжох разсялення i лiчбеннай перавагi беларускага народу абвяшчаецца Народнаю Рэспублiкай”. У тым жа дакуменце прадугледжвалiся прынцыпы ўтварэння i iснавання дэмакратычнай дзяржавы, якiя набывалi сiлу неадкладна, да склiкання Устаноўчага Сойму Беларусi. Такім чынам, ІІ Устаўная грамата, па-сутнасці, з'явілася канстытуцыйным актам беларускай рэспублікі.

У сувязi з абвяшчэннем Беларускай Народнай Рэспублікі адбылося ўдасканаленне назвы органа заканадаўчай улады: Выканком Савета стаў звацца Радай Усебеларускага з'езда, а з 18 сакавiка – Радай БНР (старшыня I. Серада).

Мiж тым ратыфiкацыя савецкiм бокам 16 сакавiка Брэсцкага мiру, акрамя iншага, iстотна падарвала пераважаўшую ў асяроддзi Рады БНР iдэю федэрацыi з Расiяй i абумовiла неадкладнае афармленне дзяржаўнай незалежнасцi. Вынiкам пасяджэння Рады БНР 25 сакавiка 1918 г. стала прыняцце трэцяй Устаўной граматы. “Ад гэтага часу, – гаварылася ў ёй, – Беларуская Народная Рэспублiка абвяшчаецца незалежнай i вольнай дзяржавай”. Акрамя таго, у дакуменце вызначалася тэрыторыя рэспублiкi (Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская, Смаленская губ.) пацвярджалiся ранейшыя правы i вольнасцi, абвешчаныя ў папярэдняй грамаце, i выказвалася спадзяванне на дапамогу iншых народаў у ажыццяўленнi беларускіх ідэалаў.

Аднак большая частка палітычных арганізацый іншых нацыянальнасцяў варожа сустрэла абвяшчэнне незалежнай БНР, не ўяўляючы сабе магчымасці далейшага існавання па-за межамі Расіі. Германскiя вайсковыя улады не выявілі зацікаўленасці ў палітычных заявах беларускіх дзеячаў. У адпаведнасці з Брэсцкім дагаворам, Германія брала на сябе абавязак не падтрымлiваць на акупiраванай тэрыторыi нiякiх варожых Савецкай Расii палiтычных утварэнняў. Спроба асобных лiдэраў Рады (I. Серада, I. Варонка, Р. Скiрмунт, Я. Лёсiк, А. Аўсянiк, П. Аляксюк, П. Крэчэўскі) тэлеграмай, дасланай на адрас Вiльгельма II, заручыцца “абаронай Германскай Iмперыi” станоўчай мэты не дасягнула, затое выклiкала незадавальненне многiх дзеячаў i, як вынiк – крызiс кiруючых органаў рэспублiкi. У выніку Рада ператварылася ў каалiцыйны орган – “Мiнскае прадстаўнiцтва” з удзелам Р. Скiрмунта i iншых правых элементаў. БСГ, якая стварала аснову Рады, распалася на партыi беларускiх эсэраў, беларускiх сацыялiстаў-федэралiстаў i беларускiх сацыял-дэмакратаў.

У маi 1918 г. з-за ўзмацнення мiжпартыйнай барацьбы крызiс урадавых структур часткова завяршыўся фармiраваннем новага складу Народнага Сакратарыяту (Я. Варонка) i абнаўленнем Рады (старшыня Я. Лёсiк). Аб'ектыўна гэта паспрыяла паляпшэнню стаўлення акупантаў да кiраўнiцтва БНР, але ў самiм яго складзе не сцiхала фракцыйная барацьба. У лiпенi ўрад узначалiў Р. Скiрмунт, але прабыў на пасадзе старшынi ўсяго некалькi дзён. Чарговы каалiцыйны ўрад узначалiў I. Серада, тым не менш фракцыйнае процiстаянне ва ўладных структурах не перапынялася.

Чарговы этап развiцця БНР быў звязаны з Дадатковым (да Брэсцкага) дагаворам ад 27 жнiўня, заключаным памiж Германiяй i Савецкай Расiяй, паводле якога першая за велiзарную кампенсацыю (золата на суму 6 млрд марак, хлеб, сыравіна) абавязалася ўжо восенню пачаць вызваленне занятых тэрыторый. Гэты акт, акрамя iншага, значна пагаршаў перспектывы ўмацавання БНР, паколькi, Германiя брала на сябе абавязак “...нi выклiкаць, нi падтрымлiваць утварэнне самастойных дзяржаўных арганiзмаў у гэтых абласцях”.

Такая пазiцыя акупантаў у беларускiм пытаннi ўзмацнiла антыгерманскiя настроi i стымулавала дзейнасць палiтычных колаў, з'арыентаваных на уласныя сiлы. На iх аснове пачалося ўтварэнне блока беларускiх эсэраў i сацыялiстаў-федэралiстаў. У канцы верасня ўдасканальвалiся асновы канстытуцыйнага ўладкавання рэспублiкi. 11 кастрычнiка Народны Сакратарыят быў перайменаваны ў Раду Народных Мiнiстраў (старшыня А. Луцкевiч). У гэты ж дзень Рада зацвердзiла Часовую Канстытуцыю БНР.

У верасні-кастрычніку 1918 г.з пачаткам эвакуацыi германскiх войск з Беларусi пры адначасовым уступленнi ў вызваленыя раёны часцей Чырвонай Армii кiраўнiкi БНР мусiлi актывiзаваць дыпламатычную дзейнасць з мэтай пошуку падтрымкі заходнiх краiн. Але яна, роўна як i перамовы беларускiх эмiсараў з савецкiм бокам аб магчымасцi захавання незалежнасцi рэспублiкi, плёну не прынесла. Разлiк на ўласныя сiлы быў невялiкiм, паколькi ўзброеных фармiраванняў, здольных абаранiць яе, створана не было. Штаб камандавання германскай Х-й армii перад сваiм ад'ездам з Мiнска адмовiўся перадаць уладныя паўнамоцтвы як Радзе БНР, так i прадстаўнiкам зноў створанага “Дэмакратычнага краявога цэнтру”.

Рэвалюцыя ў Германii i скасаванне савецкiм урадам 13 лiстапада 1918 г. Брэсцкага мiру яшчэ больш ускладнiла ўнутрыпалiтычнае i мiжнароднае становiшча БНР. На думку беларускiх эсэраў i сацыялiстаў федэралiстаў, Беларусь патрэбна было ратаваць ад двух акупантаў – Германii i Расii, абапiраючыся толькi на ўласныя магчымасцi. На практыцы iдэя “трэцяй сiлы” cтала ўвасабляцца ў стварэннi партызанскiх атрадаў.

У лістападзе 1918 г. кiраўнiцтва ўрада БНР на чале з А. Луцкевiчам чарговы раз здзейснiла спробу дамовiцца з ленiнскiм СНК адносна незалежнасцi сваёй рэспублiкi, але безвынiкова. Перад пагрозай заняцця Беларусi Заходняй Чырвонай Армiяй ў апублiкаваных чацвёртай (9 лiстапада) i пятай (3 снежня) Устаўных граматах Рада БНР заклiкала беларускi народ да стварэння ўласных Саветаў, падпарадкаваных ёй, i да абароны рэспублiкi. Але наступленне Чырвонай Армii было дастаткова iмклiвым, а само насельнiцтва даволi далёкiм ад палiтыкi, каб гэтыя заклiкi прынеслi плён. Можна меркаваць, што кiраўнiцтва БНР таксама добра ўсведамляла гэтыя акалiчнасмцi, бо не рызыкнула застацца тут у якасцi арганiзатара абароны, а палiчыла лепшым эвакуiравацца ў Вiльню. З прыходам жа часцей Чырвонай Армii ва ўсiх населеных пунктах фармiравалiся ВРК i iншыя органы Савецкай улады.

Такiм чынам, утварыць БНР i забяспечыць яе суверэнную жыццядзейнасць не ўдалося. Як дзяржаўнае ўтварэнне яна знаходзiлася толькi ў стадыi фармiравання i iснавала ў надзвычай цяжкiх умовах германскай акупацыi, якая без адпаведных уладных iнстытутаў выключала магчымасць практычнага ажыццяўлення Устаўных грамат. Створаныя на месцах улады, занятыя ў асноўным гаспадарча-сацыяльнай сферай, былi пад поўным кантролем аку-пантаў.

Значна большых поспехаў, нават у параўнаннi з савецкай часткай Беларусi, удалося дасягнуць у галiне нацыянальнай асветы i культуры: тут працавалi беларускiя школы (ад 150 да 300), 5 гiмназiй, Свiслацкая семiнарыя, Мiнскi педагагiчны iнстытут, курсы беларусазнаўства, кансерваторыя, культурна-асветнiцкiя таварыствы, кнiжныя выдавецтвы, драматычныя i музычныя таварыствы i многае iншае.

У дыпламатычнай дзейнасцi дзеячы БНР iмкнулiся дамагчыся мiжнароднага прызнання. Консульскiя мiсii былi заснаваны ў Кiеве, Адэсе, Коўне. У друкарні, заснаванай у Берліне, было падрыхтавана і затым выдадзена каля 2 000 дыпламатычных пашпартаў. Яе дыпламаты наведвалi Германiю, РСФСР, Варшаву, Берлiн, Берн, Капенгаген, маючы пашпарты з дзяржаўнай сiмволiкай у выглядзе бела-чырвона-белага сцяга i герба“Пагоня”. З лiквiдацыяй БНР iдэя незалежнай беларускай дзяржавы не знiкла, а працягвала iснаваць у дзейнасцi яе дзеячаў-эмiгрантаў.

Такім чынам, БНР — гэта адзін з этапаў працяглага і супярэч-лівага працэсу барацьбы беларускага народа за нацыянальную дзяржаўнасць. Гэта была спроба ўпершыню заявіць аб праве на незалежнасць. Абвяшчэнне БНР аказала ўздзеянне на ход далейшых працэсаў на Беларусі, у тым ліку на утварэнне беларускай рэспублікі на рэвалюцыйна-класавай аснове.

7. Пасля перамогі бальшавікоў у барацьбе за ўладу, у тым ліку на Беларусі і Заходнім фронце, частка былых членаў БСГ (грамадоўцаў) пайшла на супрацоўніцтва з Савецкай уладай, спадзеючыся з яе дапамогай вырашыць злабадзённыя патрэбы беларускага народа. Такія ж настроі пераважалі сярод членаў нешматлікай Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі. Намаганнямі апошніх, а таксама былых грамадоўцаў, у адпаведнасці з ленінскім дэкрэтам ад 31 студзеня 1918 г. у Петраградзе пры Камісарыяце па справах нацыянальнасцяў (старшыня I. Сталін) СНК РСФСР быў утвораны Беларускі нацыяналь-ны камісарыят (Белнацком) пад старшынствам А. Чарвякова. З пераносам сталіцы ў Маскву аддзяленні Белнацкома існавалі ў Петраградзе, Смаленску, Віцебску, Саратаве.

У выніку лютаўскага 1918 г. наступлення германскай арміі тэрыторыя са-вецкай Беларусі зменшылася да 14 паветаў Віцебскай і Магілёўскай губерняў. У сакавіку-красавіку адбылося іх аб'яднанне са Смаленскай губерняй у Заходнюю вобласць РСФСР. Яе сталіца – Смаленск стала прытулкам эвакуіраваных з Мінска Паўночна-Заходняга камітэту РКП(б) і Абласнога выканаўчага камітэту Заходняй вобласці і фронта (Аблвыкамзах) і іх кіраўнікоў – А. Мяснікова, Калмановіча В. Кнорына, К. Ландэра, I. Алібегава і інш.). Натуральна, што з самага пачатку і да канца сваёй дзейнасці ў Смаленску гэтыя дзеячы, так званыя "абласнікі", па прынцыповых меркаваннях так і не памянялі свайго негатыўнага стаўлення да беларусаў і іх нацыянальных патрэб

Вясной на аснове БСДРП у Петраградзе, Варонежы, Казані, Маскве, Саратаве і іншых гарадах, дзе знаходзіліся беларускія рабочыя і бежанцы, узніклі Беларускія секцыі Расійскай камуністычнай партыі (бальшавікоў) як часткі мясцовых бальшавіцкіх арганізацый.

Белнацком сумесна з беларускімі секцыямі РКП(б) праводзіў разнастайную культурна-асветніцкую працу сярод сваіх землякоў: адкрываў школы і клубы, выдаваў літаратуру. Друкаваным органам Белнацкома з'яўлялася газета "Дзянніца" - першая беларускамоўная савецкая газета.

Факт абвяшчэння на акупіраванай тэрыторыі БНР выклікаў моцную агітацыйна-прапагандысцкую кампанію супраць яе арганізатараў з боку Белнацкома і беларускіх секцый РКП(б). Разам з тым факт заснавання БНР падштурхнуў лідэраў названых арганізацый патрабаваць ад СНК РСФСР утварэння Беларускай вобласці (замест Заходняй) у этнаграфічных межах "на правах самастойнасці ў сваім гаспадарчым і палітыка-адміністрацыйным жыцці”. З гэтай нагоды Белнацком звярнуўся ў Наркамнац РСФСР з «Праектам дэкрэту аб ўтварэнні Беларускай вобласці» як часовай “аўтаномнай палітычнай адзінкі” замест Заходняй вобласці і яе кіруючых органаў, якія ўзніклі “пры выпадковых акалічнасьцях з вайсковых арганізацый Заходняга фронту без удзелу свабоднага волевыяўленьня беларускага народу”. Адным з аргументаў на карысць ажыццяўлення праекта з'яўлялася неабходнасць стварэння “палітычнай процівагі Мінскай Радзе”.

Пасля таго, як 27 жніўня дэлегацыі РСФСР і Аўстра-Германскага блоку падпісалі адпаведны Дадатковы дагавор, дзеячы Белнацкома ізноў звярнуліся да кіраўніцтва Заходняй вобласці з прапановай аб яе пераіменаванні ў Беларуска-Літоўскую вобласць. Аднак кіраўніцтва Паўночна-Заходняга камітэта і Аблвыкамзаха выявіла да прапановы рэзка адмоўнае стаўленне, ўбачыўшы ў тым праявы шавінізму і пагрозу цэласнасці ўсёй Савецкай краіны. Такі ж лёс спасціг і прапанову беларускіх дзеячаў аб перайменаванні Заходняй вобласці ў Беларускую Камуну. У адказ "абласнікі" пагадзіліся назваць вобласць Камунай, толькі не Беларускай, а ізноў-такі Заходняй.

Беларускія секцыі РКП(б) уздымалі пытанне аб дзяржаўнасці Беларусі і па партыйнай лініі – перад Паўночна-Заходнім камітэтам, але безвынікова. Характэрна, што і бальшавіцкія губкамы Віцебска, Магілёва і Смаленска, паасобку і разам, не выказвалі зацікаўленасці не толькі ў самавызначэнні Беларусі, але і ў існаванні Заходняй вобласці. Такое стаўленне бальшавікоў было абумоўлена ўздзеяннем класава-інтэрнацыяналісцкіх лозунгаў, на фоне якіх ўсе астатнія, закранаўшыя нацыянальнае пытанне, асабліва, беларускае, здаваліся калі не сепаратысцкімі, то ва ўмовах меўшай адбыцца сусветнай пралетарскай рэвалюцыі яўна не своечасовымі. Не апошнюю ролю ў негатыўным стаўленні "абласнікоў" і іх прыхільнікаў да гэтай праблемы адыграла ідэалогія "заходнерусізму", у адпаведнасці з якой беларусы не лічыліся асобным этнасам, а толькі этнаграфічным адгалінаваннем народа рускага", і таму быццам не мелі правоў на ўтварэнне асобнай дзяржавы, нават на савецкім грунце.

У лістападзе адбыліся важнейшыя падзеі, якія паўплывалі на далейшы лёс Беларусі. Па-першае, у лістападзе 1918 г. нарэшце скончылася сусветная вайна. Траісты блок пацярпеў паражэнне і ленінскі ўрад з поўным правам дэнансаваў (абвясціў несапраўдным) ганебны Брэсцкі мір. У выніку паскорылася вызваленне акупіраваных тэрыторый, у тым ліку Беларусі, ад германскіх войск. Па-другое, 16 лістапада 1918 г. Польшча абвясціла аб аднаўленні сваёй дзяржаўнасці, і РСФСР афіцыйна прызнала яе суверэнітэт. Але ў ліку народаў, якіх ленінскі СНК заклікаў самім вызначыць свой лёс, беларусы не значыліся. Сваю незадаволенасць гэтым фактам З. Жылуновіч выказаў газетным артыкулам пад красамоўнай назвай: "Як жа з Беларуссю?".

13 снежня 1918 г. Мінскі губернскі ВРК накіраваў на адрас старшыні УЦВК Я. Свярдлова тэлеграму з прапановай уключыць у парадак дня меўшай адбыцца VI Паўночна-Заходняй канферэнцыі РКП(б) пытанне аб утварэнні Беларускай Рэспублікі, але А. Мяснікоў растлумачыў яе "як прыватнае меркаванне мясцовых савецкіх работнікаў". Ён жа накіраваў ліст на адрас Мінскага раённага камітэта РКП (б) і ваенрэўкома з патрабаваннем да газеты "Бедняк" "не дапускаць асвятлення на яе старонках пытання накшталт мяркуемай так званай Беларускай камуны, пазбягаць беларуска-рэспубліканскай хімеры".

Пры такім стаўленні партыйнага і дзяржаўнага лідэра Заходняй Камуны да ідэі беларускай савецкай дзяржаўнасці, не магло нават ісці гаворкі пра магчымасць яе ажыццяўлення сіламі Белнацкома і Беларускіх секцый РКП(б) без умяшальніцтва "звыш", гэта значыць, з ЦК РКП(б) і СНК РСФСР. І час для такога ўмяшальніцтва настаў, калі праблема беларускай дзяржаўнасці перастала быць толькі праблемай беларусаў, а яе вырашэнне магло ўмацаваць міжнароднае становішча Савецкай Расіі. Невыпадкова, што пад час ваенна-палітычнай актывізацыі Польшчы, якая абапіралася на Антанту, беларускім бальшавікам нарэшце было дазволена ўшчыльную прыступіцца да ажыццяўлення нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва. Так, на пачатку дваццатых чыслаў снежня 1918 г., пад час працы канферэнцый Беларускіх секцый РКП(б), яе ўдзельнікі палічылі мэтазгодным стварэнне Часовага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі і абралі Цэнтральнае бюро секцый у складзе З. Жылуновіча (старшыня), Ф. Балбекі, I. Няцецкага, М.Драка-Дракона, А. Чарвякова і Я. Дылы (кандыдат). Названаму бюро даручалася пасля VI Абласной канферэнцыі РКП(б) склікаць Усебеларускі з'езд камуністаў і стварыць адзіны для ўсіх партыйны цэнтр, у тым ліку з секцый і арганізацый, якія дзейнічалі ў падполлі на акупіраванай Беларусі.

Вынікі канферэнцыі мелі вызначальныя наступствы для лёсу ўсёй Беларусі і яго народа. Прынятыя на ёй дакументы ўважліва вывучаліся ў ЦК РКП (б), а 25 снежня з мэтай іх канкрэтызацыі і практычнага ажыццяўлення наркамнац I. Сталін сустрэўся з кіраўнікамі Белнацкома. Акрамя таго, апошнім было прапанавана скласці спіс кандыдатаў на зямяшчэнне пасад ва ўрадзе Беларусі. У той жа дзень І. Сталін ад імя ЦК паведаміў А. Мяснікову аб "ут-варэнні Беларускага савецкага ўрада", а таксама папрасіў яго адкласці пачатак канферэнцыі і прыбыць ў Маскву.

Вечарам, 25 снежня адбылося экстранае пасяджэнне членаў калегіі Белнацкома, прадстаўнікоў Цэнтральнага Бюро і Маскоўскага камітэта Беларускіх секцый. З. Жылуновіч паведаміў прысутным аб выніках перамоў з І. Сталіным і перадаў яго даручэнне аб фарміраванні Часовага рабоча-сялянскага ўрада. У спіс абраных кандыдатаў на пасады камісараў увайшло 15 чалавек. У выніку тайных выбараў старшынёй урада стаў З. Жылуновіч. Тэрытарыяльны склад будучай рэспублікі быў вызначаны 27 снежня на нарадзе І. Сталіна з А. Мясніковым і М. Калмановічам. У склад яе мусілі ўвайсці Гродзенская, Мінская, Магілёўская, Віцебская і Смаленская губерні, а Віленская губерня – адыйсці да Літвы. Права абвяшчэння Беларускай рэспублікі перадавалася ў кампетэнцыю VI Паўночна-Заходняй канферэнцыі РКП(б).

Названы форум распачаў сваю працу 30 снежня 1918 г. Яго ўдзельнікі абвясцілі сябе I з'ездам Камуністычнай партыі бальшавікоў Беларусі. Пытання аб утварэнні Беларускай рэспублікі ў парадку дня не было. У адпаведнасці з дырэктывай ЦК РКП(б), у даклад старшыні прэзідыума А. Мяснікова "Бягучы момант" быў уключаны пункт "Беларуская Савецкая Рэспубліка" з прапановай абвяшчэння Заходняй Камуны Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай. Матывацыя такога рашэння заключалася ў пошуку сродка для змякчэння ўдару міжнароднага імперыялізму па РСФСР. Дэлегаты амаль аднагалосна прагаласавалі за гэтую і наступную прапанову аб тэрыторыі Беларусі ў складзе Мінскай, Смаленскай, Магілёўскай, Віцебскай і Гродзенскай губерняў з прылеглымі да іх мясцовасцямі, населенымі ў сваёй большасці беларусамі.

Пры фарміраванні Цэнтральнага бюро КП(б)Б у яго склад было ўключана 13 былых членаў Паўночна-Заходняга абкама – у сваёй масе зацятых праціўнікаў ідэі беларускай дзяржаўнасці, і толькі два прадстаўнікі ад Беларускіх секцый, што выклікала рэзкія, але безвыніковыя пратэсты Жылуновіча. Працяг канфлікту меў месца на пасяджэннях 31 снежня і 1 студзеня ў сувязі з фарміраваннем Часовага ўрада ССРБ, калі яго старшыня запатрабаваў 10 месцаў з 17 для сваіх таварышаў па Белнацкому і Беларускіх секцыях РКП(б), а таксама катэгарычна выступіў супраць уключэння ў яго А. Мяснікова, М. Калмановіча і Р. Пікеля. Толькі пасля ўмяшальніцтва І. Сталіна працэдура стварэння ўрада скончылася ўваходам у яго 7 прадстаўнікоў Белнацкома і Беларускіх секцый, а таксама 9 прадстаўнікоў Паўночна-Заходняга абкома і Аблвыкамзаха - праціўнікаў беларускага руху.

Старшынёй Часовага работніцка-сялянскага ўрада быў зацверджаны З. Жылуновіч. Уначы, з 1 на 2 студзеня 1919 г. быў надрукаваны "Маніхвэст Часовага работніча-селянскаго Савецкага правіцяльства Беларусі-это на каком языке?", які абвяшчаў Беларусь "вольнай незалежнай Сацыялістычнай Рэспублікай", дэклараваў асноўныя палітычныя і сацыяльна-эканамічныя заваёвы і абгрунтоўваў неабходнасць іх абароны.

З прычыны ўтварэння ССРБ і пераходу ўлады да Часовага рабоча-сялянскага ўрада 3 студзеня 1919 г. Аблвыкамзах перапыніў сваю дзейнасць. 5 студзеня новы ўрад пераехаў са Смаленска ў Мінск. Але адсутнасць шырокай сацыяльнай базы ў стварэнні ССРБ, вызначальная роля ў ім былых “абласнікоў” і многае іншае змяншала значнасць той падзеі ў вачах усяго беларускага народа. Большасць беларускіх партый наогул не прызналі гэтай рэспублікі. Так, ЦК БПС-Р, займаючы незалежніцкія пазіцыі ў пытанні суверэнітэту дзяржавы, заяўляў, што ССРБ такой не з'яўляецца і таму разлічваць на іх падтрымку не можа. ЦК БСДП прытрымліваўся прыкладна такой жа тактыкі і таму адмовіўся супрацоўнічаць з бальшавікамі ў справе стварэння беларускай сацыялістычнай дзяржавы. Лідэры БПС-Ф выказаліся ў тым сэнсе, што БССР не можа быць незалежнай, а таму і не з'яўляецца паўнавартай дзяржавай. Характэрна і тое, што некаторыя бальшавіцкія арганізацыі зноў створанай рэспублікі бачылі ў факце яе абвяшчэння і існавання пагрозу адрыву ад РСФСР і таму патрабавалі вяртання ў склад апошняй беларускіх тэрыторый. Польшча таксама не прызнала БССР законна створанай дзяржавай, а крэатурай бальшавіцкай партыі.

Але аб'ектыўна ўтварэнне БССР мела вялікае значэнне. Упершыню беларускі народ набыў сваю дзяржаўнасць. З гэтага часу ў яго гісторыі пачаўся новы этап развіцця, звязаны з пабудовай сацыялістычнага грамадства.

У ліку тых, хто не прызнаў законным утварэнне БССР былі кіруючыя колы Польшчы, якая сама незадоўга да яе аднавіла сваю незалежнасць. Савецкая Расiя ў лiку iншых краiн прызнала яе суверэнiтэт i iмкнулася наладзiць з ёй добрасуседскiя сувязi. З прыбыццём у Варшаву лiдэра нацыянальна-вызваленчага руху Ю. Пiлсудскага ў яго руках засяродзiлася ваенная i цывiльная ўлада ў краiне. Часцi Чырвонай Армii, якiя рухалiся ўслед за адступаўшымi немцамi, не маглi не трывожыць палякаў, якiя таксама заяўлялi аб правах на тэрыторыі Беларусі, Літвы і Украіны, што калicьцi ўваходзiла ў склад Рэчы Паспалiтай. Гэтыя правы абгрунтоўвалiся вялiкiмi ўкладаннямi Польшчы ва “Ўсходнія крэсы” на працягу стагоддзяў; знаходжаннем тут польскага насельнiцтва; каталiцкiм веравызнаннем часткi iншага жыхарства. Так, 30 cнежня 1918 г. польскi мiнiстр замежных спраў абвiнавацiў ленiнскi ўрад у агрэсiўнай палiтыцы, маючы на ўвазе ўступленне Чырвонай Армii ў Лiтву i на Беларусь. Так, 5 студзеня 1919 г. яе часцi разбiлi сiлы польскай самааховы, якiя спрабавалi ўтрымаць Вiльню пад сваёй уладай, і польскi ўрад квалiфiкаваў гэтую акцыю як вайну, неафiцыйна распачатую супраць Польшчы.

Такiм чынам, ленiнскi ўрад, хоць i прызнаў яе суверэнiтэт, але ў пытаннi спрэчных тэрыторый, якiя калiсьцi ўваходзiлi ў Рэч Паспалiтую, застаўся на вялікадзяржаўных пазiцыях. Але ў далейшым пагроза ваеннага сутыкнення з Польшчай, падтрыманай Францыяй i Англiяй, прымусiла яго перагледзець тэрытарыяльны склад Беларускай i Лiтоўскай ССР з тым, каб, аб'яднаўшы iх, стварыць адну буферную дзяржаву, якая б “прыкрывала” РСФСР з захаду. Неўзабаве таму, ужо 16 студзеня ЦК РКП(б) па iнiцыятыве У. Ленiна прыняў пастанову аб вывадзе Смаленскай, Вiцебскай, Магiлёўскай i часткi Чарнiгаўскай губерняў з ССРБ i ўключэннi iх у склад РСФСР. Гэтая пастанова выклiкала нязгоду большасцi ўрада ССРБ, якая папракала бальшавiцкае кiраўнiцтва “ў цэнтралiзме-бракратызме” i выказалася за захаванне iснаваўшага статусу рэспублiкi. Але пазiцыя У. Леніна засталася нязменнай. Рэшткi ССРБ - Гродзенская i Мiнская губернi – мусiлi быць аб'яднанымi з Лiтоўскай ССР. З нагоды будучага новага дзяржаўнага ўтварэння на адрас ЦК лiтоўскiх камунiстаў Я. Свярдловым была адпраўлена адпаведная тэлеграма.

Ажыццяўленне новай мадэлi нацыянальна-дзяржаўнага будаўнiцтва запатрабавала адпаведных прававых працэдур з удзелам расiйскага i беларускага ўрадаў. З гэтай нагоды ў Мiнску 2-3 лютага 1919 г. быў склiканы I Усебеларускi з'езд Саветаў з удзелам 230 дэлегатаў. У парадку дня стаялi пытаннi: аб стаўленнi да савецкiх рэспублiк; аб бягучым моманце; даклад урада БССР; аб Канстытуцыi БССР; выбары ЦВК БССР i iншыя. Ганаровым старшынёй з'езда быў абраны I. Ленiн. Ад iмя Усерасiйскага ЦВК уздельнiкаў вiтаў яго старшыня Я. Свярдлоў, якi, акрамя iншага, агучыў пастанову ўзначальваемага iм органа “Аб прызнаннi незалежнасцi Беларускай Савецкай Сацыялiстычнай Рэспублiкi” i выказаў упэўненасць у стварэннi “дабрахвотнага i непарушнага саюзу працоўных усiх нацый, якiя насяляюць тэрыторыю былой Расiйскай iмперыi”. Дэлегаты прынялi дэкларацыi аб усталяваннi федэратыўных сувязей з РСФСР i аб'яднаннi Лiтвы i Беларусi ў адзiную дзяржаву на той падставе, што таго патрабуюць iнтарэсы сацыялiстычнай рэвалюцыi. 3 лютага з'езд прыняў Канстытуцыю БССР, зацвердзiў герб i сцяг рэспублiкi. У адпаведнасцi з Асноўным законам, адбылiся выбары вышэйшых орга-наў улады. У склад ЦВК (старшыня А. Мяснiкоў) увайшло 50 чалавек. У Вялiкi прэзiдыум ЦВК, на якi ўскладалiся функцыi пастаяннага ўрада, не трапiла нiводнага з былых камiсараў – членаў Белнацкома або Беларускiх секцый. Такiм чынам, новае кiраўнiцтва рашуча пазбавiлася ад прыхiльнiкаў нацыянальнай дзяржаўнасцi, хоць сабе i падзяляўшых iдэi дыктатуры пралетарыяту, сусветнай рэвалюцыi i г. д. Старшыня ЦВК А. Мяснiкоў, якi найбольш актыўна i паслядоўна змагаўся з “нацыянал-бальшавiзмам” i “сепаратызмам” дзеячаў Белнацкома i Беларускiх секцый, узяў рэванш i не хаваў нянавiсцi да былых паплечнікаў.

27 лютага ў Вiльнi на сумесным пасяджэннi ЦВК Лiтоўскай i Беларускай ССР было пастаноўлена аб'яднаць абедзве рэспублiкi ў Лiтоўска-Беларускую Савецкую Сацыялiстычную Рэспублiку (Лiтбел ССР). Яна мусiла скласцiся з Мiнскай, Гродзенскай, а таксама Вiленскай i Ковенскай губерняў са сталiцай у Вiльнi. У адмiнiстрацыйным плане рэспублiка складалася з паветаў, падпа-радкаваных цэнтру. Мiнская ж губерня разам з Вiлейскiм паветам на чале з ВРК набыла пэўную аўтаномiю. Аб'яднаны ЦВК ЛiтБел узначалiў К. Цыхоўскi, а Савет народных камiса раў – В. Мiцкявiчус-Капсукас. У вынiку склiканага ў Вiльнi 4-6 cакавiка 1919 г. сумеснага з'езда КП(б)Б i КП(б)Л адбылося аб'яднанне рэспублiканскiх арганiзацый у адну – Камунiстычную партыю бальшавiкоў Лiтвы i Беларусi на чале з В. Мiцкявiчусам-Капсукасам. Характэрна , што сярод партыйнага i савецкага кiраўнiцтва ЛiтБел не было нiводнага беларуса. Цэнтральнымi органамi друку КП(б)ЛiБ з'яўлялiся газеты “Звезда” (на рускай), “Мlоt” (на польскай), “Коmunistas” (на лiтоўскай) i “Stern” (на яўрэйскай). Выданне адпаведнай газеты на беларускай мове кiраўнiцтва дзяржавы не палiчыла мэтазгодным.

Мiж тым, прэвентыўныя захады ленiнскага i мясцовых бальшавiцкiх урадаў па ўмацаваннi сваiх заходнiх межаў плёну не прынеслi. Нягледзячы на тое, што ў склад вышэйшых органаў Лiтбел увайшлi палякi, (у прэзiдыум 4 з 7, у СНК 5 з 14), Польша па-ранейшаму, як i ў выпадку з БССР, лiчыла яе бальшавiцкай крэатурай, створанай без удзелу насельнiцтва. Урад ЛiтБел запэўнiваў Польшчу ў дружалюбнасцi i гатоўнасцi мiрнымi сродкамi ўрэгуляваць спрэчныя пытаннi, стварыўшы змешаную камiсiю. Наркам па замежных справах Г. Чычэрын звяртаўся ў Варшаву з прапановай аб правядзеннi пле-бiсцыту ў пагранiчных раёнах пры ўмове вываду адтуль польскiх жаўнераў, але станоўчага адказу не атрымаў.

На пачатку сакавiка 1919 г. памiж савецкiмi i польскiмi часцямi ўзмацнiлiся ўзброеныя сутычкi, якiя сталi набiраць характар ваенных дзеянняў. Жаўнеры захапiлi Брэст, Кобрын, Слонiм, Пiнск i сталi рыхтавацца да паходу на Вiльню. Урад Лiтбел прадпрыняў шэраг захадаў па ўзмацненнi Заходняй армii, перайменаванай ў Белiтармiю. З 8 красавiка рэспублiка абвяшчалася на ваенным становiшчы, у ёй пачалася мабiлiзацыя камунiстаў, камсамольцаў, рабочых. 18-19 красавiка ўсё кiраўнiцтва ў краiне перайшло да Савета абароны. Тым не менш, стрымаць працiўнiка не ўдалося i 21 красавiка 1919 г. ён захапiў Вiльню. Савет абароны мусiў пераехаць у Мiнск i адтуль здзяйсняў кiраўнiцтва рэспублiкай.

Акрамя ваенных мерапрыемстваў, урад актыўна займаўся гаспадарчымi i культурна-асветнiцкiмi пытаннямi. Набыла далейшае развiццё палiтыка “ваеннага камунiзму”. У прыватнасцi, уся прамысловасць, фiнансы, транспарт былi нацыяналiзаваны; нарыхтоўка сялянскiх харчовых прадуктаў адбывалася метадам харчразвёрсткi, здзяйсняўся прынцып “хто не працуе, той не есць”. Пры гэтым сяляне так i не атрымалi памешчыцкай зямлi, акрамя той, што захапiлi самi. Значная iх колькасць, асаблiва сераднякі, не мела права ўдзельнiчаць у выбарах Саветаў. Масавыя мабiлiзацыi, рэквiзiцыi, харчразвёрстка, дзейнасць надзвычайных органаў выклiкалi моцнае незадавальненне насельнiцтва Савецкай уладай i нежаданне яе абараняць.

Ва ўмовах польскага нацiску ваенна-палiтычнае становiшча Лiтбел рэзка пагоршылася. Дэкрэт УЦВК ад 1 чэрвеня “Аб аб'яднаннi Cавецкiх рэспублiк Расii, Украiны, Лiтвы, Латвii i Беларусi для барацьбы з сусветным iмперыялiзмам” сiтуацыi ў рэспублiцы не палепшыў. Каб пазбегнуць непажаданых наступстваў, Белiтармiя пераймяноўвалася ў 16-ю i падпарадкоўвалася адзiнаму савецкаму камандаванню. Пэўны недавер кiраўнiцтву рэспублiкi выказаў I. Сталiн, якi наведаў Мiнск у лiпенi 1919 г. У сваёй тэлеграме на iмя У. Ленiна ён прапанаваў расфармiраваць Савет абароны i ўрад Лiтбел, перадаўшы цывiльную ўладу губернскаму выканкому, а абарону тэрыторыi – узброеным сiлам РСФСР. Аргбюро пагадзiлася з лiквiдацыяй Савета абароны i ўрадавага апарату Лiтбел. Лiквiдацыя ўрада рэспублiкi была прызнана несвоечасовай. Але пасля захопу палякамi Мiнска 8 жнiўня Лiтбел фактычна прыпынiла iснаванне.

Да канца 1919 г. лiнiя Заходняга фронту стабiлiзавалася па рацэ Бярэзiна. Савецкая Расiя, якая на той час перажывала найвялiкшы ўзброены нацiск з боку Дзянiкiна i Калчака, была не ў стане аказаць дзейснай дапамогi бальшавiкам Лiтвы i Беларусi. Насельнiцтва ж былой Лiтбел трапiла пад уладу польскiх войск да лета 1920 г.

Польскi акупацыйны рэжым, якi ўсталяваўся на Беларусi пасля адступлення Чырвонай армii, уяўляў сабой шэраг захадаў палiтычнага, iдэалагiчнага, эканамiчнага кшталту, скiраваных на поўнае падпарадкаванне захопленай тэрыторыi. Усе савецкiя i партыйныя органы знiшчалiся, iх пастановы гублялi сiлу. Замест губерняў уводзiлiся акругi – Брэсцкая, Вiленская, Мiнская i iнш. Улада пераходзiла да акруговых, павятовых, валасных ваенных камiсараў. Асноўнай iх апорай з'яўлялiся вайсковыя часцi, а сярод цывiльнага насельнiцтва - мясцовыя палякi. Да выбараў органаў самакiравання ўла-да належала Грамадзянскаму ўпраўленню Усходнiх зямель (грамадзянскi камендант Асмалоўскi) пры галоўным камандаваннi польскай армii. Для ба-рацьбы з падполлем стваралiся органы палiтычнага вышуку. Ворагi рэжыму цi абвiнавачаныя ў сувязях з iмi, парушальнiкi пастаноў, неплацельшчыкi падаткаў i iншыя падлягалi жорсткiм пакаранням.

У лiку першых мерапрыемстваў, што здзейснiлi акупанты, былi арышты савецкiх, партыйных, iншых работнiкаў i актывiстаў, хто не паспеў эвакуiравацца або быў пакiнуты для нелегальнай працы. Дзейнасць партый i палiтычных арганiзацый левага накiрунку забаранялася пад страхам жорсткiх пакаранняў. Замест забароненых савецкiх i партыйных выданняў з'явiўся прыватны падцэнзурны друк. Усе публiчныя мерапрыемствы праводзiлiся з дазволу акупантаў.


<== previous lecture | next lecture ==>
Узнікненне індустрыяльнага грамадства 10 page | Узнікненне індустрыяльнага грамадства 12 page
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.84 s.