Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Узнікненне індустрыяльнага грамадства 14 page


Date: 2015-10-07; view: 466.


Нарэшце, асноўнай сацыяльнай апорай генсака зрабіліся партыйцы новага прызыву. Не вельмі адукаваныя і спрактыкаваныя, яны з недаверам ставіліся да таварышаў-інтэлігентаў з дарэвалюцыйным стажам, затое вызначаліся гатоўнасцю выканаць любы загад. Менавіта да новых членаў партыі былі звернуты тэарэтычныя выкладкі І. Сталіна аб магчымасці пабудовы сацыялізму ў СССР, апублікаваныя ў артыкуле “Кастрычнік і тэорыя перманентнай рэвалюцыі Троцкага”. Гэтыя ж ідэі затым знайшлі падтрымку ў красавіку 1925 г. на ХV канферэнцыі УКП(б). Л. Троцкі звязваў пабудову сацыялістычнага грамадства ў СССР з перамогай сусветнай рэвалюцыі, але яго тэорыя не карысталася такой папулярнасцю, як сталінская.

З выгляду асноўнай прычынай супярэчнасцей, якія ўзніклі паміж былымі арганізатарамі Кастрычніка, з'яўляліся тэарэтычныя пытанні сацыялістычнага будаўніцтва, але на справе яны былі выкліканы барацьбой І. Сталіна і Л. Троцкага за аднасобную ўладу. Так, у 1926 г. з усіх членаў Палітбюро І. Сталін меў падтрымку рэдактара газеты “Правда” М. Бухарына, старшыні СНК СССР А. Рыкава, і старшыні УЦСПС М. Томскага, старшыні Рэвалюцыйнага Ваеннага савета К. Варашылава, В. Молатава, старшыні ЦВК СССР М. Калініна. Л. Троцкі абапіраўся на Р. Зіноўева і кандыдата ў члены Палітбюро Л. Каменева. Створаная імі “аб'яднаная апазіцыя” запатрабавала дэмакратызацыі партыі, а ў эканамічнай частцы – хутчэйшага развіцця цяжкой прамысловасці і ўзмацнення барацьбы з кулаком. У сваім звароце да ЦК апазіцыянеры нагадалі пра колішняе папярэджанне У. Леніна аб неадпаведнасці І. Сталіна займаемай пасадзе. Але большасць партыйнага апарату бачыла ў Сталіне меншае зло ў параўнанні з Троцкім і таму захавала прыхільнасць генеральнаму сакратару. Спроба Р. Зіноўева, Л. Каменева і Л. Троцкага знайсці падтрымку шараговых камуністаў у 1927 г., падчас святкавання 10-годдзя Кастарычніцкай рэвалюцыі скончылася адхіленнямі азначаных асоб ад высокіх пасад.

Аднак сталінскі курс на індустрыялізацыю і згортванне новай эканамічнай палітыкі не выключаў з'яўленне новых апазіцыянераў і нават адкрытых яго ворагаў. Як вынікала з прамовы Генеральнага сакратара на ліпеньскім (1928) Пленуме ЦК УКП(б) “Аб індустрыялізацыі і хлебнай праграме», варта было чакаць, што па меры прасоўвання савецкага народа па сацыялістычным шляху “супраціўленне капіталістычных элементаў будзе ўзрастаць, класавая барацьба будет абвастрацца”. За гэтым звычайным, на першы погляд, узорам сталінскай рыторыкі хавалася ўжо прынятае рашэнне аб выкарыстанні гэтай барацьбы для знішчэння сваіх палітычных праціўнікаў і ўмацавання аднасобнай улады. У гэтым напрамку ўжо працавалі створаная ім наменклатура, агітацыйна-прапагандысцкая машына, служба бяспекі і пракуратуры.

Узяты восенню 1929 г. партыйны курс на павелічэнне паказчыкаў вытворчасці прамысловай прадукцыі, паскарэнне тэмпаў індустрыялізацыі краіны, калектывізацыі сялянскіх гаспадарак не даваў запланаваных вынікаў. Прычына таго бачылася ў сабатажы і наўмыснай шкодніцкай дзейнасці. Выказаны І. Сталіным прагноз аб актывізацыі праціўнікаў сацыялізму знаходзіў пацвярджэнне. Працоўных пераконвалі ў тым, што аварыі, паломкі, эканамічныя няўдачы – нішто іншае, як справа рук шкоднікаў. Аб'ектам разгорнутай працяглай кампаніі па раскрыцці шкодніцкіх груповак у народнай гаспадарцы і сістэме кіравання зрабілася самая адукаваная і актыўная частка грамадства, здольная самастойна мысліць.

Сродкі масавай інфармацыі, прапагандысты і агітатары імкнуліся пераканаць савецкі народ у незлічонай колькасці праціўнікаў Савецкай улады. Пры тым на лаву падсудных сапраўды сталі трапляць не толькі “буржуазныя спецыялісты” або шкоднікі, а таксама і былыя “сацыял-здраднікі” – эсэры і меншавікі. Так, у 1930 г. было абвешчана аб “раскрыцці контррэвалюцыйнай арганізацыі” – “Працоўнай сялянскай партыі”, “шкодніцкай і шпіёнскай арганізацыі” па забеспячэння насельніцтва харчовымі прадуктамі, “Прамысловай партыі”, “Саюзнага бюро сацыял-дэмакратаў (меншавікоў). Характэр-на, што да пакарання смерцю прысуджалася толькі меншасць прыцягнутых да суда, а ў судовых працэсах удзельнічалі адвакаты.

З цягам часу нават гарантаваныя Канстытуцыяй 1924 г. куртатыя правы людзей былі жорстка абмежаваны “інтарэсамі дыктатуры пралетарыяту” і “рэвалюцыйнай мэтазгоднасці”. Характэрна, што разам са сфальсіфікаванымі органамі Аб'яднанага дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення (АДПУ) матэрыяламі аб так званых “ворагах народа” сустракаліся рэальныя справы, якія сведчылі аб спробе савецкіх і партыйных работнікаў перашкодзіць усталяванню сталінскай дыктатуры. Гэтыя сумленныя людзі аб'ядналіся вакол Сырцова і Ламінадзе (1930), Смірнова, Эйсманта і Талмачова (1932), а таксама ў групе М. Руціна (Саюз марксістаў-ленінцаў) (1932). Але ўсе яны былі арыштаваны і жорстка пакараны.

У снежні 1932 г. міліцэйскія сілы перадаваліся ў падпарадкаване АДПУ, а ў ліпені 1934 г. яно было пераўтворана ў Галоўнае упраўленне дзяр-жаўнай бяспекі (ГУДБ) і ўключана ў саюзна-рэспубліканскі Народны камісарыят унутраных спраў (НКУС) СССР. Пры ім засноўвалася Асобая нарада (АНА), якая на саюзным узроўні замацавала практыку пазасудовых прыгавораў. Ёй падпарадкавалася разгалінаваная сістэма “троек” у рэспубліках, краях, аблас-цях, гарадах з удзелам начальнікаў ўпраўлення НКУС, сакратароў парткамі-тэтаў і пракуроры. Усю карніцкую іерархію ўзначальваў І. Сталін, а непасрэд-ным выканаўцам яго волі ў 1934-1936 гг. з'яўляўся наркам унутраных спраў і начальнік ГУДБ СССР Г. Ягода.

Відавочна, што рэарганізацыя праваахоўных органаў была абумоўлена планаваннем Сталіным масавых рэпрэсій. Іх неабходнасць бачылася яму ва ўзросшай апазіцыйнасці з боку саміх камуністаў за фарсіраваную індустрыялізацыю, гвалтоўную калектывізацыю, пагаршэнне жыццёвага ўзроўню народа. Так, асобныя ўдзельнікі XVII з'езда УКП(б) (студзень-люты 1934). пры галасаванні за новы склад ЦК партыі 270 дэлегатаў выказалі недавер І. Сталіну і прапанавалі сакратару Ленінградскага абкама партыі С. Кіраву заняць вышэйшую партыйную пасаду. І калі 1 снежня 1934 г. Кіраў быў застрэлены прама ў будынку Смольнага, дзе размяшчаўся абкам, то, нягледзячы на здзейсненыя арышты ўяўных арганізатараў забойства Л. Каменева і Р. Зіноўева, сапраўднае імя арганізатара гэтага злачынства ў многіх не выклікала сумненняў. Прадуманасць гэтай акцыі вынікае, у прыватнасці, са зместу пастановы ЦВК і СНК СССР “Аб унясенні змен у дзеючыя крымінальна-працэсуальныя кодэксы саюзных рэспублік”, прынятай у дзень забойства. У адпаведнасці з ёй, любы абвінавачаны ў здзяйсненні тэрарыстычнага акта пазбаўляўся права на дапамогу адваката, не мог падаць хадайніцтва аб памілаванні, а прыгавор аб вышэйшай меры пакарання выконваўся неадкладна. Характэрна, што ў ліку ахвяр апынулася больш паловы (1108 са 1966) дэлегатаў “з'езда пераможцаў”, у тым ліку 98 членаў ЦК са 139. У сакавіку 1935 г. быў прыняты Закон аб пакаранні членаў сямей так званых “здраднікаў Радзімы”, у выніку чаго сотні тысяч грамадзян былі зняволены, пазбаўлены працы, выключаны з навучальных устаноў і г.д.

Апагеем дзейнасці рэпрэсіўнай машыны Сталіна зрабіліся так званыя маскоўскія судовыя працэсы над прадстаўнікамі колішняй партыйнай і дзяржаўнай эліты СССР, абвінавачанымі ў самых разнастайных злачынствах су-праць савецкага народа. Ход і вынікі гэтых працэсаў шырока асвятляліся і каментаваліся ў прэсе, кінахроніцы, на мітынгах і сходах. Іх палітычны сэнс заключаўся ва ўмацаванні аднаасобнай улады Сталіна, псіхалагічным падаўленні ўсіх нязгодных с бягучай палітыкай, згуртаванні ўсяго народа вакол правадыра, стварэнні атмасферы лютай нянавісці да выкрытых і тайных “ворагаў народа”.

Відную ролю ў ходзе тых судзілішчаў адыгрываў Генеральный пракурор СССР А. Вышынскі. Менавіта ён укараніў у судовую практыку правіла, паводле якога, асноўным доказам віны падсуднага з'яўлялася прызнанне ў злачынстве. Невыпадкова таму следчыя выкарыстоўвалі ўсе магчымыя спосабы, у тым ліку пыткі, каб “выбіць” з арыштаванага неабходныя паказанні. Пры гэтым і непрызнанне віны зусім не ўратоўвала яго ад “вышэйшай меры сацыяльнай абароны”. У ліку першых такі працэс адбыўся ў 1936 г. па сфабрыкаванай справе аб “Антысавецкім аб'яднаным трацкісцка-зіноўеўскім цэнтры” ў складзе Р. Зіноўева, Л. Каменева і інш., які скончыўся смяротнымі прысудамі абвінавачаным. У студзені 1937 г. суд разглядзеў справу аб так званым “Паралельным антысавецкім трацкісцкім цэнтры”. Яго ўяўныя члены былі расстраляны (Г. Пятакоў) або ( К. Радэк і Г. Сакольнікаў) загінулі ў турме.

Гэтыя сфальсіфікаваныя ад пачатку да канца працэсы служылі часткай кампаніі, скіраванай супраць былых ленінскіх саратнікаў, бальшавікоў з дарэвалюцыйным стажам, каб паказаць як тонка маскіруецца контррэвалюцыя і як заглыблены яе карані. Знішчэнне ўсіх тых, хто прама ці ўскосна, раней ці зараз меў дачыненне да непралетарскіх партый, непрацоўных класаў, усіх тых, на каго падаў цень падазрэння ў варожасці сацыялізму і г.д., было другім этапам рэпрэсіўнай палітыкі, якая мела характар дзяржаўнага тэрору.

У 1937 г. І. Сталін даў больш шырокае, чым у 1928 г., тэарэтычнае абгрунтаванне рэпрэсіўнай палітыкі. У сваім дакладзе на лютаўска-сакавіцкім (1937) пленуме ЦК УКП(б) «Аб асаблівасцях партыйнай работы і мерах ліквідацыі трацкісцкіх і іншых двурушнікаў» ён даводзіў, што “ў савецкім грамадстве па меры яго паспяховага прасоўвання да сацыялізму супраціўленне рэшткаў варожых класаў не змяншаецца, а набывае крайнія формы; таму і класавая барацьба не затухае, а больш і больш абвастраецца, перамяшчаючыся ў сферу рэпрэсіўных захадаў супраць тых, хто шкодзіць справе сацыялізму”.

Тым самым пачалася беспрэцэдэнтая хваля арыштаў служачых ўсіх устаноў, вайскоўцаў, дзеячаў культуры і іншых катэгорый грамадзян, галоўным чынам тых, чыя творчая або службовая біяграфія сфарміравалася ўжо пры савецкай уладзе. Асаблівы грамадскі рэзананс меў працэс чэрвеня 1937 г. па справе так званых удзельнікаў “ваенна-фашысцкай змовы ў Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі” – М. Тухачэўскага, І. Якіра, І. Убарэвіча і іншых вя-домых камандзіраў. Арышты герояў грамадзянскай вайны, маршалаў, генералаў не спыняліся да вайны.

Асаблівую актыўнасць і ініцыятыву ў “барацьбе з ворагамі народа” выявіў назначаны ў верасні 1936 г. наркам унутраных спраў СССР М. Яжоў. 30 ліпеня 1937 г. ён выдаў загад аб рэпрэсіраванні асоб (кулакоў, членаў антысавецкіх партый, былых жандараў і белагвардзейцаў і інш.), якія ўжо адбылі пакаранне, і ў залежнасці ад абставін маглі ізноў быць асуджанымі на 8-10 год або, наогул, расстралянымі. Характэрна, што павальныя арышты пракаціліся і сярод чэкістаў. У выніку ў 1937 г. колькасць арыштаваных узрасла амаль у дзесяць разоў. Усяго ў 1937-1938 гадах было арыштавана звыш паўтара мiльёна чалавек, з ix расстраляна ў 1937 годзе 353 074, а ў 1938 – 328 618 чалавек». Большасць ахвяр (да 70%) было прыцягнута па 58 (палітычным) артыкуле Крымінальнага кодэксу.

Масавыя арышты людзей запатрабавалі тэрміновага вырашэння іх лёсу. Невыпадкова таму шырокае распаўсюджанне набылі пазасудовыя органы – “тройкі” і нават “двойкі”, «асобыя нарады НКУС» і іншыя, дзе галоўным доказам вінаватасці арыштаванага былі яго прызнанні або іх адсутнасць. У сакавіку 1938 г. расстрэльныя прыгаворы напаткалі М. Бухарына, А. Рыкава, Г. Ягоду, Н. Крэсцінскага і многіх іншых членаў сфабрыкаванага “Антысавецкага праватрацкісцкага блока”. Ім інкры-мінавалі “здрадніцкую, шпіёнскую, дыверсійна-шкодніцкую, тэрарыстычную” і іншую варожую дзейнасць. Характэрна, што абвінавачваемыя публічна прызналі сваю віну.

Па сутнасці, ахвярамі сталінскіх рэпрэсій зрабіліся прадстаўнікі ўсіх гра-мадскіх, палітычных, сацыяльных, нацыянальных, прафесійных, канфесійных і г.д. пластоў і груп насельніцтва. Гэта, акрамя іншага, даказвае, што нават у пачатку 1930-х гг. усе яны выказвалі незадавальненне сталінскай палітыкай. Толькі пасля публічных судовых працэсаў, стварэння атмасферы падазронасці і шпіёнаманіі, адпаведнай ідэйнай апрацоўкі Сталіну і яго бліжэйшаму атачэнню ўдалося дамагчыся ад людзей аднадумства, аднадушша і высокапрадукцыйнай працы на карысць сацыялістычнай Айчыны.

Беларускі народ таксама адчуў на сабе ўздзеянне сталінскіх рэпрэсій. Іх пачатак быў падрыхтаваны вынікамі дзейнасці парткамісіі У. Затонскага, накіраванай у маі 1929 г. Палітбюро УКП(б) у БССР. У поле яе зроку трапілі тыя дзеячы культуры, навукі, а таксама служачыя савецкіх устаноў, якія да таго часу актыўна праводзілі палітыку беларусізацыі, у тым ліку наркам асветы БССР А. Баліцкі, прэзідэнт АН БССР У. Ігнатоўскі, пісьменнік З. Жылуновіч, літаратары Я. Купала і А. Дудар, старшыня ЦВК А. Чарвякоў і іншыя. Да распачатай кіраўніцтвам КП(б)Б кампаніі асуджэння так званага нацыянал-дэмакратызма як кулацкай ідэалогіі далучыліся работнікі спецслужбаў. У выніку 23 кастрычніка 1930 г. старшыня ДПУ БССР Р. Рапапорт паведаміў аб раскрыцці падпольнай арганізацыі нацдэмаў «Саюз вызвалення Беларусі» («СВБ»). Да гэтага часу было арыштавана 86 чал., у тым ліку акадэмікі В. Ластоўскі, Я. Лёсік, С. Некрашэвіч, прафессар А. Смоліч, пісьменнікі М. Гарэцкі, У. Дубоўка, Я.Пушча, былыя наркамы Дз. Прышчэпаў, А. Баліцкі, намеснік наркама А. Адамовіч і інш. Усе яны былі асуджаны на розныя тэрміны зняволення або высылкі за межы Беларусі. Значную ролю ў разгроме нацдэмаўшчыны адыграў І сакратар ЦК КП (б) Б К. Гей. У сваім даносе Сталіну ён указваў на Я. Купалу як на аднаго з завадатараў “СВБ”. Многія партыйцы за садзеянне нацыянал-дэмакратызму атрымалі спагнанні. 4 лютага 1931 г. выключаны з партыі У. Ігнатоўскі пакончыў жыццё самагубствам.

Як высветлілася, з разгромам “Саюза вызвалення” нацдэмаўшчына не была цалкам вынішчана і эстафету барацьбы супраць яе пераняў новы сакратар ЦК КП(б) М. Гікала. За яе ходам уважліва назірала бальшавіцкае кіраўніцтва краіны. Так, у пачатку 1933 г. газета “Правда” паведамляла аб актывізацыі кулацка-нацыяналістычных элементаў і наяўнасці класава чужых элементаў у культурных, навуковых і гаспадарчых установах БССР. Відавочна, што ў рэспубліцы наспела чарговая хваля рашучага наступлення на антыса-вецкія групоўкі. Невыпадкова, у лютым 1933 г. работнікі ДПУ паведамілі аб раскрыцці “контррэвалюцыйнай эсэра-прышчэпаўскай арганізацыі” ў Наркамземе БССР і Белтрактарацэнтры, якая рыхтавалася да ўзброенага паўстання. Па звестках старшыні ДПУ Закоўскага, яго падначаленымі было абясшкоджана 1,5 тыс. груповак, якія аб'ядноўвалі да 30 тыс. бандыцкіх элементаў.

Чарговым буйным поспехам работнікаў ДПУ стала выкрыццё контррэвалюцыйнай арганізацыі «Беларускі нацыянальны цэнтр», створанай польскімі спецслужбамі і перакінутымі з Заходняй Беларусі ў БССР для антысавецкай дзейнасці. У выніку па “справе БНЦ” было асуджана 97 чал., у тым ліку С. Рак-Міхалоўскі, А. Капуцкі, П. Мятла, І. Гаўрылік, І. Дварчанін. У ліку іншых “контррэвалюцыйных арганізацый”, выкрытых работнікамі ДПУ у 1933 г., былі “Польская арганізацыя вайскова”, “Беларуская народная Грамада і іншыя. Асноўнай мерай пакрарання прыцягнутых да адказнасці з'яўлялася высылка ў аддаленыя раёны Расіі. Усяго з канца 1920-х да сярэдзiны 1930-х гадоў у БССР было рэпрэсiравана звыш 46 тысяч чалавек, з якіх 13 тысяч – расстраляны.

Выступленне І. Сталіна на лютаўска-сакавіцкім (1937) Пленуме ЦК УКП (б), якое скіроўвала ўсіх партыйцаў на барацьбу супраць “ворагаў народа”, было прынята ўсімі партыйцамі краіны да неадкладнага выканання. Удзельнікі сакавіцкага (1937) Пленума ЦК КП(б)Б надалі гэтай праблеме цэнтральную ўвагу. Аб яе значнасці сведчыў факт выкрыцця народнага камісара ўнутраных спраў БССР Г. Малчанава як “члена контррэвалюцыйнай арганізацыі правых і здраднікаў Радзімы”. Зноў абраны першы сакратар рэспубліканскай партыйнай арганізацыі В. Шаранговіч паабяцаў апраўдаць давер Сталіна і выявіць усе факты «контррэвалюцыйнай падрыўной работы» на Беларусі. Член Бюро ЦК і старшыня СНК М. Галадзед у сваім выступленні нагадаў аб тым, што кожны камуніст павінен сам быць чэкістам і не ўскладаць спадзяванні па выкрыцці ворагаў на органы НКУС. Тым не менш менавіта на Галадзеда і была ўскладзена галоўная віна за недахопы ў барацьбе з рознага кшталту “двурушнікамі”, “шкоднікамі”. У маі ён сам быў вызвалены ад усіх пасад і неўзабаве арыштаваны. Звесткі аб арышце М. Галадзеда, а таксама былога камандуючага войскамі Беларускай ваеннай акругі І. Убарэвіча, якія былі даведзены дэлегатам XVI з'езда КП(б)Б (чэрвень 1937), выклікалі аднагалоснае адабрэнне прысутных. На тым жа з'ездзе І сакратар ЦК КП(б)Б В. Шаранговіч паведаміў аб падрыўной дзейнасці рознага кшталту ворагаў народа, якія апанавалі, па словах дакладчыка, практычна ўсе савецкія і партыйныя арганізацыі БССР. Старшыня ЦВК А. Чарвякоў, не вытрымаўшы незаслужанай крытыкі ў патуранні ворагам народа, застрэліўся ў службовым кабінеце. У сваёй рэзалюцыі дэпутаты запэўнiлі ЦК УКП(б) i правадыра партыi таварыша Сталiна, што «бальшавiкi Беларусi бязлiтасна разгромяць трацкiсцкiх, зiноўеўскiх, бухарынскiх, нацыянал-фашысцкiх шпіёнаў, шкоднiкаў, тэрарыстаў – агентаў германа-японскага i польскага фашызму”. Праз колькі часу ліпеньскі (1937) Пленум ЦК КП(б)Б назваў у ліку гэтых шпіёнаў М. Галадзеда, В. Шаранговіча, А. Чарвякова. Такім чынам, былыя заслугі ў выкрыцці “ворагаў народа” не ўратавалі саміх выкрывальнікаў ад смерці з ліку кіраўнікоў БССР.

На Беларусi ў 1935-1940 гадах за так званыя контррэвалюцыйныя злачынствы (артыкул 58) было прыцягнута каля 385 тыс. чалавек, з якiх больш чым 50 тыс. было расстраляна. Паводле аператыўных звестак, за 1937-1938 гг. гэтыя “злачынцы” запоўнілі мноства пад-польных антысавецкіх арганізацый: трацкiстаў, правых, нацыянал-фашыстаў, эсэраў, бундаўца-сiянiстаў, царкоўна-сектантаў, «польскай арганiзацыі вайсковай». Акрамя таго, паведамлялася аб незлічонай колькасці (такіх жа сфабрыкаваных) шпіёнскіх, дыверсійных і інш. арганізацый.

У верасні 1938 г. масавыя рэпрэсіі былі арганізавана спынены, а пазасудовыя органы (за выключэннем Асобай нарады НКУС СССР) распушчаны. І. Сталіну спатрэбіўся час, каб падвесці вынікі кампаніі і здзейсніць кадравыя перастаноўкі. У прыватнасці, замест М. Яжова, пераведзенага на іншую работу, пасаду народнага камісара ўнутраных спраў заняў Л. Берыя. Значную частку свайго часу новы нарком надаваў барацьбе з выпадкамі парушэння сацыялістычнай законнасці, пад якімі разумеліся выкарыстанне следчымі, недазволеных метадаў допытаў, арышты невінаватых і г.д. У выніку многія работнікі апарату НКУС, у тым ліку наркам БССР Б. Берман, таксама былі асуджаны. Зноў прызначаны першым сакратаром ЦК КП(б)Б П. Панамарэнка за-патрабаваў ад чарговага наркама унутра-ных спраў А. Наседкіна вызвалення ад працы ўсіх следчых, вінаватых у выкарыстанні незаконных метадаў допытаў, але безвынікова, бо дазвол на іх быў санкцыянаваны на самым высокім узроўні.

Самі рэпрэсіі працягваліся да вайны і нават пасля яе, але ўжо не ў такіх маштабах і з меншай колькасцю смяротных прысудаў. Іх асноў-ная палітычная мэта была дасягнута: імя і словы Сталіна набылі са-кральны змест для ўсіх грамадзян, незалежна ад яго сацыяльнага статусу, нацыянальнасці, узросту і г. д. З такім народам выкананне любой задачы на шляху сацыялістычнага будаўніцтва, вызначанага правадыром, здавалася магчымай. Пры гэтым свядомая стваральная праца будаўнікоў сацыялізма спалучалася з эксплуатацыяй міліёнаў зняволеных ГУЛАГа, ператвораных у дзяржаўных нявольнікаў. Толькі смерць Сталіна стварыла перадумовы для паслаблення створанага ім рэпрэсіўнага механізму. За перыяд існавання бальшавіцкай улады 1917 па 1953 гг. на тэрыторыі савецкіх рэспублік па палiтычных матывах было рэпрэсіравана звыш 10 мiльёнаў, а на тэрыторыi БССР — звыш 900 тысяч чалавек.

Усяго за 1930-1953 гг. па абвінавачанні ў контррэвалюцыйных дзяржаўных злачынствах пацярпела 3 778 234 савецкіх і замежных грамадзян. У лютым 1954 г. у адказ на запыт Прэзідыума ЦК КПСС аб асуджаных за "контрэвалюцыйныя злачынствы" стала вядома, што з 1921 па 1954 г. за іх было асуджана 3 777 380, з іх да вышэйшай меры пакарання былі прыгавораны 642 980 чал., зняволены 2 369 220 чал., да ссылкі і высылкі – 765 180 чал. Каля 2,9 млн былі асуджаны пазасудовымі органамі, каля 900 тыс. – судамі, ваеннымі трыбуналамі, Спецкалегіяй і Ваеннай калегіяй Вярхоўнага Суда. У сваёй падаўляючай большасці гэта былі людзі, адданыя сацыялістычным ідэалам і не меўшыя да шпіянажу, тэрарызму, шкодніцтва і інш. злачынстваў ніякага дачынення.

У БССР у 1935-1940 гг. ад палітычных рэпрэсій пацярпела больш як 85 тыс. грамадзян, з якіх 28 тыс. было расстраляна. Усяго з 1917 па 1953 гг. ахвярамі палітычных рэпрэсій стала каля 600 тыс. грамадзян. У іх ліку былі і тыя, хто актыўна змагаўся за Савецкую ўладу – В. Кнорын, М. Крылоў, К. Ландэр, М. Калмановіч, В. Фамін. Былі рэпрэсіраваны не толькі лепшыя людзі Савецкай краіны – пісьмен-нікі, навукоўцы, а і ўсё, напісанае імі. Так, у 1930-я гг. “Галоўліт” склаў спіс 651 аўтараў, кнігі якіх (за выключэннем адзінкавых экземпляраў, змешчаных у спецсховішчы) падлягалі знішчэнню. Акрамя таго, з бібліятэк выдалялі літаратуру, дзе прыгадваліся імёны Л. Троцкага, Р. Зіноўева, В. Кнорына, А. Чапвякова і іншых “ворагаў народа”. Сімвалам трагедыі сталінскіх ахвяр сталі сталі ўрочышча Курапаты каля Мінска, Бутава каля Масквы і іншыя месцы ў тагачасным СССР.

4. З разгромам мілітарысцкай Японіі скончылася ІІ сусветная вай-на. У верасні 1945 г. у СССР было скасавана надзвычайнае стано-вішча і скасаваны Дзяржаўны Камітэт Абароны. Адбывалася паступо-вая дэмабілізацыя абаронцаў Радзімы. На тэрыторыі вызваленых усходнееўрапейскіх дзяржаў – Польшчы, Чэхаславакіі, Венгрыі і інш. па просьбе іх урадаў заставаліся асобныя часці Чырвонай Арміі. Былыя саюзнікі СССР па антыгітлераўскай кааліцыі ўбачылі ў тым “камуністычную пагрозу” для цывілізаванага сусвету. ЗША нават не выключалі магчымасці выкарыстання супраць Савецкага Саюза ядзернай зброі. Узнікшая канфрантацыя атрымала назву “халоднай вайны”. Яна ў многім вызначыла не толькі міжнароднае становішча, але і паўплывала на ўнутранае жыццё Савецкай краіны, якое адбывалася за так званай “жалезнай завесай”, ва ўмовах непадзельнага панавання камандна-адміністрацыйнай сістэмы.

Характэрнай рысай грамадска-палітычнага жыцця першых пасляваенных год з'яўлялася высокі духоўны ўздым савецкіх людзей, выкліканы перамогай над фашызмам. Нягледзячы на жудасныя фізічныя і маральныя цяжкасці ваенных год, страту родных, блізкіх, сяброў і знаёмых, усе грамадзяне з энтузіязмам аднаўлялі разбураныя прадпрыемствы, калгасы, транспарт, жылыя дамы, бальніцы, навучальныя і навуковыя установы, актыўна ўдзельнічалі ў грамадска-палітычным жыцці. Па-ранейшаму, арганізуючую і кіруючую ролю адыгрывала партыя бальшавікоў, аўтарытэт якой за час вайны ўзрос яшчэ больш. Шэрагі мясцовых партыйцаў імкліва павялічваліся. Так, на пачатках 1945 г. у складзе КП(б)Б налічвалася 29 515, 1951 г. – 116 663, 1954 г. 129 585 камуністаў і кандыдатаў.

Партыйную арганізацыю БССР узначальвалі П. Панамарэнка, са студзеня 1947 г. – М. Гусараў, з ліпеня 1950 г. – М. Патолічаў. У рэспубліках на вышэйшыя партыйныя, савецкія, грамадскія пасады вылучаліся былыя кіраўнікі падполля і партызанскага руху, але па-ранейшаму, існавала строгая цэнтралiзацыя партыйнага жыцця. Толькі па волі генеральнага сакратара адбываліся вышэйшыя перамяшчэнні. Пры гэтым за ім заставалася права падвяргаць рэпрэсіям кожнага, незалежна ад партыйнага ці сацыяльнага статусу. Так, былі арыштаваны супругі старшыні Вярхоўнага Савета СССР М. Калініна і члена Палітбюро В. Молатава. У 1946 г. пагроза арышту навісла і над маршалам Г. Жукавым, абвінавачаным у банапартызме, але справа скончылася яго назначэннем на перыферыйную для пал-каводца з сусветнай славай пасаду. На пачатку 1950-х гг. бліжэйшымі даручэнцамі правадыра заставаліся Л. Берыя, Г. Малянкоў, М. Булганін, М. Хрушчоў.

Уся партыйная ўлада належала Генеральнаму сакратару І. Сталіну, які не адчуваў патрэбы ў парадах нават бліжэйшага атачэння. Дастат-кова сказаць, што чарговы ХІХ з'езд адбыўся пасля трынаццаці-гадовага перапынку, у кастрычніку 1952 г. Важнейшымі яго вынікамі стала пераіменаванне партыі з УКП(б) у КПСС. У зноў стораны замест Палітбюро Прэзідыум ЦК у дадатак да “старой гвардыі” з'езд па рэкамендацыі І. Сталіна ўключыў яшчэ 15 чал.

Такім чынам, заставалася існаваўшая раней сістэма фарміравання і функцыянавання партыйных органаў на чале са Сталіным. Варта адзначыць, што з разгромам фашызму аўтарытэт міжнародны аўтарытэт СССР значна ўзрос, а разам з ім – аўтарытэт яго кіраўніка, старшыні Савета Міністраў (1946) і Ге-неральнага сакратара УКП(б) генералісімуса Савецкага Саюза І. В. Сталіна. Нават у афіцыйным ужытку распаўсюдзіўся тытул тытул “Правадыр усіх часоў і наро-даў”. Яшчэ больш паказальна тое, што Перамога ў вайне асацыіра-валася з яго іменем. Аб тым, што “Сталін выйграў вайну”, можна па-чуць і ў нашы дні.

Усхваленне Сталіна як “Леніна сёння” з'яўлялася неад'емнай част-кай ідэйна-прапагандысцкай работы ўсіх партыйна-савецкіх і грамад-скіх арганізацый. Уздым яе прыпаў на снежань 1949 г., калі паўсюдна ў СССР і за яго межамі ішло святкаванне юбілею правадыра. Так, з гэтай нагоды адбылося 31 500 мiтынгаў з удзелам 3 млн чал, дзе выступіла каля 100 тыс. аратараў. У БССР, як i ў iншых саюзных рэспубліках, было падрыхтавана “Пiсьмо вялiкаму Сталiну ў слаўнае 70-годдзе дня нараджэння ад беларускага народа”. У яго ж гонар у 1952 г. у Мінску быў узведзены найвялікшы ў краіне манумент.

Выказванне савецкімі людзьмі ўсеагульнай любові да правадыра не ратавала іх ад рэпрэсій. Па-першае, іх адчулі на сабе жыхары прыбалтыйскіх рэспублік, Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, дзе пачалася калектывізацыя, а таксама высылкі ў Сібір “класава чужых элементаў”. Па-другое, былі рэпрэсіраваны сотні тысяч ваеннаслужа-чых-чырвонаармейцаў, якія ў свой час трапілі ў палон. Па-трэцяе, пад падазрэнне спецслужбаў трапілі практычна ўже жыхары часова акупіраванай фашыстамі тэрыторыі, у тым ліку члены мінскага пад-полля. Невыпадкова, надзвычайнымі паўнамоцтвамі былі надзелены работнікі Міністэрства ўнутраных спраў. У БССР рэспубліканскае міністэрства ўзначальваў кат беларускага народа генерал Л. Цанава. Па яго заданні пачаўся збор “матэрыялаў” на нацыянальнага героя С. Прытыцкага, на той час першага сакратара Гродзенскага абкама КП(б)Б.

Вяртанне да ранейшых метадаў кіравання выявілася ва ўзмацненні ідэйна-прапагандысцкай работы. Справа ў тым, што з вызваленчага паходу ў Еўропе вярнуліся савецкія воіны, якія між іншым расказвалі суайчыннікам аб высокім узроўні жыцця чэхаў, венграў, немцаў. На гэтым фоне жыццё савецкай вёскі выглядала ў лепшым выпадку несуразмерна горшым. Невыпадкова таму наспела неабходнасць у кампаніі па прапагандзе ўсяго савецкага. Усе зваротныя размовы, пагалоскі, сцвярджэнні кваліфікаваліся як нізкапаклонніцтва перад Захадам. Тых, хто цураўся савецкага, абзывалі “бязроднымі касмапалітамі” і жорстка крытыкавалі. У іх лік трапілі прыхільнікі так званага “вейсманiзма-мендэлiзма” i “марганiзма” – накірунку не прызнанай на той час у СССР навукі генетыкі. Насуперак iм савецкiя вучоныя Лысенка, Вiльямс, Мiчурын даказвалi, што не спадчын-насць, а ўмовы жыцця вызначаюць развiццё арганiзмаў, мяняюць iх прыроду і г. д. Акадэмік АН БССР Жэбрак у амерыканскім часопісе выказаўся супраць мiчурынскага напрамку у бiялогii. Таму 22 лiстапада 1947 г. над iм быў учынены “суд гонару” “за антыдзяр- жаўны i антыпатрыятычны ўчынак”.

У 1948 г. у агульных мэтах цэнтральны орган цэнзуры друку – “Галоўлiт СССР” распачаў перагляд лiтаратуры, асаблiва трафейнай. Палiтычна шкоднымi прызнавалася 185 кнiг, галоўным чынам з упамiнаннем “ворагаў народа”. У тым жа годзе, па прычыне абвастрэння савецка-югаслаўскіх адносін, з бібліятэк была адабрана лiтаратура пра югаславаў або іх лідэра І. Броз Цiта. Мiнiстр асветы БССР П. Саевiч па абвiнавачаннi ў супрацоўнiцтве з югаславамi быў асуджаны ваенным трыбуналам на 25 год турмы.

Савецкае мастацтва павінна было пастаянна выказваць сваю ідэйна-выхаваўчую функцыю. Тых, хто думаў інакш (і калі гэта не падпадала пад 58 артыкул), чакала жорсткае расчараванне і цкаванне на самым высокім узроўні. Аб павышэнні патрабаванняў да работнікаў мастацтва сведчылі, у прыватнасці, прынятыя ў жніўні 1946 г. пастановы ЦК УКП (б) "Аб часопісах "Звезда" і "Ленінград", "Аб рэпертуары драматычных тэатраў і мерах па яго паляпшэнні", у верасні “Аб кінафільме "Вялікае жыццё”, у 1948 г. "Аб оперы “Вялі-кая дружба”. У выніку, у “няміласць” трапілі Г. Ахватава, М. Зошчан-ка і інш. дзеячы. У БССР былі ізноў арыштава­ны і высланы за яе межы беларускія паэты С. Шушкевіч, С. Грахоўскі і інш.

У 1948 г. узнікла зусім незвычайная ва ўмовах сталінскага рэжыму хваля антысемітызму. Падставай для рэпрэсій супраць яўрэяў была сфальсіфікаваная “справа Антыфашысцкага яўрэйскага камітэта”. 13 студзеня 1948 г. у Мiнску быў забіты яго старшыня народны артыст СССР С. Мiхоэлс. Яшчэ большы грамадскі і палітычны рэзананс набыла так званая “справа ўрачоў”, якія быццам планавалі атруціць вышэйшых дзяржаўных асоб.

Уласцівая Сталіну падазронасць да бліжэйшага акружэння з узростам толькі ўзмацнілася. Гэтым можна растлумачыць судовую расправу над ленінградскімі партыйнымі кіраўнікамі; устараненне А. Паскробышава, які працаваў яго асабістым сакратаром на працягу 30 год, начальніка асабістай аховы М. Уласіка і інш. 22 лютага 1953 года ўсім упраўленням МДБ быў аддадзены загад аб звальненні з органаў усіх яўрэяў, незалежна ад займаемай пасады і вайсковага звання.

Усе кадравыя перамены ў Палітбюро (Прэзідыуме), іншых вышэйшых і мясцовых эшалонах улады жыхары Беларусі ўспрымалі без абмеркаванняў. Іх залежнасць ад саюзнай дапамогі па аднаўленні разбуранай гаспадаркі была вельмі вялікай. У палітычных адносінах іх становішча было не менш складаным. Для многіх з іх факт знаходжання на акупіраванай тэрыторыі ў 1941-1944 г. на доўгія дзесяцігоддзі зрабіўся важкай перашкодай на шляху атрымання дзяржаўнай узнагароды, заняцця той ці іншай пасады і г. д. Па вялікім рахунку, усе яны трапілі пад падазрэнне да органаў “Смерш”, МДБ і іншых і мусілі даказваць сваю невінаватасць. Невыпадкова тут, на Беларусі іх дзейнасць суправаджалася моцнай прапагандысцкай працай партыйных, савецкіх і камсамольскіх структур.


<== previous lecture | next lecture ==>
Узнікненне індустрыяльнага грамадства 13 page | Узнікненне індустрыяльнага грамадства 15 page
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 1.255 s.