Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Узнікненне індустрыяльнага грамадства 16 page


Date: 2015-10-07; view: 566.


Нягледзячы на адмову ад сталінізму як ідэалогіі і практыкі савецкага будаўніцтва, партыйныя лідэры не адмовіліся ад камандна-адміністрацыйнай сістэмы, вынайдзенай Сталіным, і актыўна яе выкарыстоўвалі. Спроба закамуфліраваць яе з дапамогай ідэалагічных сродкаў, акцэнтуючы ўвагу толькі на дасягненнях, пры адсутнасці галоснасці, не даведзенай да лагічнага завяршэння працэсу рэабілітацыі ахвяр рэпрэсій, усё гэта і іншае не ўмацоўвала аўтарытэту КПСС і яго лідэраў.

Вярхі кіруючай партыі з часоў Леніна фарміравалі і фармулявалі адзіную для ўсіх савецкіх грамадзян ідэалогію. Наменклатура праз СМІ і нізавыя партыйныя і грамадскія арганізацыі - прафсаюзы, камсамол укаранялі яе ў масы. Па сутнасці, усё грамадска-палiтычнае жыццё было запраграмаваным і падкантрольным партыйным органам. Яно было моцна ідэалагізаваным ва ўсіх яго формах і праявах. Адной з мэтаў усёй ідэйна-выхаваўчай дзейнасці – натхніць працоўныя масы на пабудову матэрыяльна-тэхнічнай базы камунізма. Высокі працоўны рытм павінны былі забяспечыць заклікі аб датэрміновым выкананні пяцігодак, кампаніі (ініцыятывы, пачыны, ударныя вахты і г.д.), кампаніі: “60-годдзю ўтварэння СССР – 60 ударных тыдняў”, “Пяцiдзённае заданне – у чатыры днi”, “ХХVI з'езду партыi – 26 ударных вахт”, “40-годдзю перамогi ў Вялiкай Айчыннай вайне - наша ўдарная праца”. У БССР актыўна ўкараняўся “пачын” горкаўскiх аўтамабiлебудаўнiкоў - “Нiводнага адстаючага побач”.

Неад'емнай рысай грамадска-палітычнага жыцця часоў Л. Брэжнева і яго паслядоўнікаў з'яўлялася святкаванне шматлікіх “чырвоных датаў” і юбілеяў Кастрычніка, Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, утварэння СССР і БССР, УЛКСМ. Састаўной часткай гэтых мерапрыемстваў з'яўлялася ўзнагароджанне партыйных і дзяржаўных дзеячаў, перадавых работнікаў народнай гаспадаркі, культуры і інш. Толькi з 1982 па 1986 гг. у БССР ордэнамi i медалямi было адзначана 29 тыс. чал. Амаль кожны раз у лік узнагароджаных трапляў Генеральны сакратар ЦК КПСС (з 1977 г. яшчэ і Старшыня Прэзідыуму Вярхоўнага Савета), маршал Савецкага Саюза, чатыражды Герой Савецкага Саюза і Герой Сацыялістычнай працы Л. І. Брэжнеў, кавалер многіх іншых узнагарод.

Ва ўмовах “халоднай вайны” і адной з форм процістаяння дзвюх сусветных палітычных сістэм з'яўлялася ідэалагічная барацьба, таму ў СССР нават у перыяд развітога сацыялізма надзейнай ідэйнай зброяй з'яўляўся марксізм-ленінізм, развіты Брэжневым у шматтомніку “Ленинским курсом», працы Ю. Андропава “Учение Карла Маркса и некоторые вопросы социали-стического строительства в СССР”, К. Чарненкі «Актуальные вопросы идеологической и массово-политической работы партии».

Хібы ў міжнароднай палітыцы, адставанне ад перадавых сусветных дзяржаў, дэфіцыт прадуктаў спажывання, расчараванне грамадзян у сацыялістыч ных каштоўнасцях і многае іншае з савецкай рэчаіснасці мусіла кампенсавацца сістэмай ідэалагічнага выхавання ўсіх пластоў насельніцтва на чале з КПСС. У ліку яго прыярытэтных мэтаў ішла ўслаўленне партыі “як розуму, сумлення і гонару нашай эпохі”, савецкага народа, савецкага ладу жыцця, стваральнай працы і інш. У ідэйна-выхаваўчым механізме былі задзейнічаны прафесіяналы – ад цэлых навучальных устаноў да штатнага прапагандыста, ад Саюза пісьменнікаў – да паэта-песенніка. Усё мастацтва (музычнае, выяўленчае, тэатральнае і інш.) усе без выключэння грамадскiя навукi былi падкантрольны адпаведным структурам КПСС i ператвораны ў сродак iдэалагiчнага выхавання насельніцтва ўсіх узростаў.

Ідэалагічныя ўстаноўкі ўкараняліся ў жыццё з дапамогай сродкаў масавай інфармацыі – тэлебачання, радыё, прэсы - пастаянна, метадычна, разам і паасобку. Усе члены КПСС, кіраўнікі розных рангаў, работнікі асветы былі абавязаны выпісваць партыйныя ці ведамасныя газеты.

Існавалі пэўныя абмежаванні па азнаямленнi савецкіх грамадзян з дасягненнямi замежнага музычнага, выяўленчага i кiнамастацтва. Як правiла, пабачыць або пачуць у нашай краіне можна было толькi тыя творы, якiя не “ачарнялі савецкай рэчаіснасці”, або аўтары якiх з'яўляліся камуністамі ці сiмпатызавалi СССР. Характэрна, што для наменклатуры на гэты конт абмежаванняў не iснавала.

У савецкіх ідэалагічных матэрыялах праблема агульначалавечых каштоўнасцей нават не прыгадвалася, а мiжнародны рух супраць парушэння правоў чалавека ў СССР трактаваўся iдэалагiчнымi работнiкамi як iнспiраваны мiжнародным iмперыялiзмам. Уся iнфармацыя аб няшчасных выпадках у вытворчасці, авіякатастрофах, прыродных катаклізмах жорстка дазіравалася, або наогул замоўчвалася. Так, беларускія СМІ не паведамілі аб разгроме жыхарамі Слуцка будынку суда (1967), ахвярах выбуху цэху футараляў Мінскага радыёзавода (1972) і крушэння электрацягніка (1977) і многіх іншых.

Такое становішча, калі рэчаіснасць не адпавядала паведамленням савецкіх СМІ, давер да іх зніжаўся і людзі шукалі іншыя крыніцы інфармацыі, як правіла, на хвалях радыёстанцый Бі-Бі-Сі (Лондан), “Нямецкая хваля “Мюнхен”, “Голас Амерыкі” (Вашынгтон) і інш.

Антыкамуністычная дзейнасць заходніх спецслужб знаходзіла ўрадлівую глебу сярод часткі савецкай інтэлігенцыі, так званых “шасцідзесятнікаў”, паборнікаў правоў чалавека і іншых грамадзян, якія дэманстравалі сваю антыпатыю савецкай палітычнай сістэме, называлі сябе “ўнутранай апазіцыяй” або іншадумцамі (дысідэнтамі), распаўсюджвалі друкаваныя творы (так званы самвыдат) забароненых аўтараў і інш. У лік дысідэнтаў трапілі пісьменнікі Сіняўскі і Даніэль, А. Салжаніцын, Вайновіч, В. Аксёнаў, мастакі Э. Неізвесны, М. Шэмякін, акадэмік А. Сахараў. Са свайго боку праваахоўныя органы павялі супраць дысідэнтаў і распаўсюджвальнікаў забароненай літаратуры актыўную барацьбу. У 1969 г. выйшла пастанова ЦК КПСС "Аб павышэнні адказнасці кіраўнікоў органаў друку, радыё, тэлебачання, кінематаграфіі, устаноў культу­ры і мастацтва за ідэйна-палітычны ўзровень публікуемых матэрыялаў і рэпертуараў".

Шэраг дысідэнтаў быў змешчаны ў псіхіятрычныя лячэбніцы, асуджаны да зняволення або высланы за мяжу. Пры гэтым у савецкім грамадстве не сціхалі кампаніі (мітынгі, зборы подпісаў, калектыўныя заявы і г.д.) маральнага асуджэння дысідэнтаў і іншых. Варта адзначыць, што ў азначаны перыяд беларускае грамадства не вылучыла дысiдэнтаў або тых, хто хоць нейкiм чынам выказаў публiчную нязгоду з палiтыкай КПСС цi КПБ, за тое таксама актыўна ўдзельнічала ў кампаніях па іх асуджэнні.

Характэрнай з'явай 1970-першай паловы 1980-х гг. сталі ўцёкі савецкіх грамадзян за мяжу. Часцей за ўсё іх здзяйснялі людзі – артысты, дыпламаты, ваеннаслужачыя, якія пад час знаходжання ў той ці іншай капіталістычнай краіне адмаўляліся вярнуцца дадому. Гэтыя ўчынкі мелі вялікі міжнародны рэзананс і наносілі вялікі маральны ўрон СССР.

Не меншую шкоду прэстыжу краіны наносіла інспірыраваная КПСС хваля антысемітызму. Для яўрэяў былі ўведзены абмежаванні па прыёме на працу, прасоўванні па службовай лесвіцы і прыёме ў партыю, выездзе за мяжу. Асабліва адчувальнай хваля антысемітызму была на Беларусі, дзе спрадвек пражывала шмат яўрэяў. Тут юдафобія знайшла “навуковае” абгрунтаванне ў працы У. Бягуна “Ползучая контрреволюция» і вялікую папулярнасць у тых, хто iмкнуўся перакласцi сваю слабую кампетэнтнасць у эканомiцы i палiтыцы, на “сiянiсцкiя падкопы”. У выніку іх цкавання яўрэі былі вымушаны выязджаць у Ізраіль, Аўстрыю, ЗША, а наша краіна губляла высокакваліфікаваных спецыялістаў.

У 1964-1985 гг. сярод 15 саюзных рэспублік БССР уяўляла сабой даволі развіты ў эканамічным плане рэгіён. Яе магутная партыйная арганізацыя забяспечвала поўнае і своечасовае выкананне ўсіх задач, пастаўленых ЦК КПСС перад беларускім народам. Таму спрыяла працяглае – з 1965 па 1980 гг. знаходжанне на пасадзе І сакратара ЦК КПБ Героя Савецкага Саюза і Сацыялістычнай працы П.М. Машэрава, які карыстаўся глыбокай павагай усяго беларускага народа. Пад час вырашэння тых ці іншых праблем ён сыходзіў з партыйных інтарэсаў і шмат у чым спрыяў працэсу “росквіту і збліжэння нацый”, аддаючы перавагу інтэрнацыянальным і класавым каштоўнасцям перад нацыянальнымі і агульнароднымі. Так, на Красавiцкiм (1974) Пленуме ЦК КПБ, якi разглядаў пытанне “Аб далейшым павышэннi дзейснасцi iдэйна-палiтычнай работы ў святле рашэнняў ХХIV з'езда КПСС” П. Машэраў упікнуў навукоўцаў у тым, што “ў некаторых публiкацыях, у тым лiку аб народных паэмах “Энеiда навыварат”, “Тарас на Парнасе”, у працах аб Еўфрасiннi Полацкай, Сматрыцкiм, Зiзанii, праявiлiся адгалоскi пазакласавага аб'ектывiзму, iдэалiзацыя асобных багасловаў як выдатных асветнiкаў”. Акрамя таго П. Машэраў выказаўся супраць меўшага адбыцца ў тым жа годзе сiмпозiуму па праблеме этнагенезу беларусаў.

Аб беларускіх творчых калектывах “Песняры”, “Верасы”, “Харошкі” ведалі ў СССР і ў далёкім замежжы, але гэта была толькі знешняя бачнасць паспяховага вырашэння нацыянальнага пытання. На справе, у рэспубліцы колькасць беларускіх школ скарачалася, а ў гарадах яны зніклі наогул. Толькі 30% вучняў рускіх школ вывучалі беларускую мову, а ў Мінску нават – 10%.

Беларускай мовай пагарджалі і партыйная эліта, і інтэлігенцыя, і нават сялянства. Народу навязваўся вульгарны iнтэрнацыяналiзм, а па сутнасцi, нацыянальны нiгiлiзм. Гiсторыя народа падмянялася гiсторыяй партыi. Варта адзначыць, што i пасля трагічнай гібелі П. Машэрава (1980), калі ЦК КПБ узначальвалі Ц. Я. Кiсялёў (да 1983) i М. Слюнькоў (да 1986) сiтуацыя ва ўсiх сферах жыццядзейнасцi беларускага грамадства заставалася нязменнай. Курс ЦК КПСС на “росквiт i зблiжэнне нацый” даваў найлепшы плён менавіта на Беларусі.

Абсалютызацыя ідэі інтэрнацыяналізму ў спалучэнні са сталінскімі метадамі іх ажыццяўлення выразна выявілі сябе ў міжнароднай палітыцы СССР. Так, пасля падаўлення антыкамуністычных паўстанняў у Берліне і Будапешце, савецкія войскі разам з саюзнікамі па Варшаўскім дагаворы ў жніўні 1968 г. задушылі дэмакратычны рух у Чэхаславакіі. З увядзеннем у 1979 г. савецкiх войск у Афганiстан мiжнароднае становiшча СССР яшчэ больш пагоршылася, а “жалезны занавес” вакол яго зрабiўся яшчэ больш шчыльным. Мноства краiн байкатавала Алiмпiяду-80, якая праходзіла ў Маскве. Не палепшы-лася становішча і з прыходам на пасаду Генеральнага сакратара Ю. Андропава (з лiстапада 1982 па люты 1984). З улікам псіхафізічнага стану партыйнага кіраўніцтва наяўнасць у СССР велізарнай колькасці ядзернай зброі не выключала магчымасці іх выкарыстання.

Пасля таго, як у 1984 г. савецкі знішчальнік збіў паўднёва-карэйскі пасажырскі самалёт, многія краіны свету сапраўды атрымалі падставу лічыць СССР “імперыяй зла”.

Ю. Андропаў спрабаваў удасканаліць сістэму за кошт яе ачышчэння ад часткі карумпаванай наменклатуры і ўмацавання дысцыпліны ў грамадстве, але рабіў гэта сталінскімі метадамі, і не меў поспеху. Пасля яго смерцi i прыходам да ўлады К. Чарненкi (люты 1984-сакавік 1985 ) гэтая кампанiя сцiхла. Новы лiдэр заняў вышэйшую пасаду, будучы ў стане смяротнай хваробы, і як кіраўнік нічым істотным не вызначыўся. Частыя перабраннi кiраўнiцтва з асяроддзя старых “верных марксiстаў-ленiнцаў, пераiменаваннi ў iх гонар гарадоў i ўстаноў, у лепшым выпадку, не спрыялi павышэнню аўтарытэту партыi, а з другога боку, сведчылi аб пагаршэннi маральна-палiтычнага клiмату ў СССР.

Перыяд з 1964 па 1985 гг. часта называюць часам “застою”, страчаных магчымасцей, крызісу марксісцка-ленінскай ідэалогіі і сацыялістычнай сістэмы гаспадарання.

7. З сярэдзіны 1980-х гг. аўтарытэт улады аслабеў настолькі, што грамадзяне СССР усё больш адкрыта крытыкавалі вынікі кіравання краінай і нават саміх кіраўнікоў. У грамадстве ўзрастала ўсведамленне неабходнасці перамен да лепшага. Такія ж настроі ўзніклі нават у часткі членаў ЦК КПСС. У іх ліку быў таксама М. С. Гарбачоў, у сакавіку 1985 г. абраны Генеральным сакратаром ЦК КПСС. Менавіта з ім звязана новая эпоха ў гісторыі СССР – т. зв. перабудова, сутнасць якой спачатку мыслілася ў “творчай стваральнай працы па далейшым планамерным i ўсебаковым удасканаленнi сацыялiзму, а мэтай - у паскарэннi прагрэсу нашага грамадства”. Па яго ж ініцыятыве ў красавіку 1985 г. на Пленуме ЦК КПСС была выказана патрэба ў паскарэнні сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на аснове поўнага выкарыстання навукова-тэхнiчнага прагрэсу, структурнай перабудовы эканомiкi, павышэння стваральнай актыўнасцi людзей. Планавалася ў першую чаргу ўмацаваць працоўную дысцыпліну, павысіць прадукцыйнасць працы і г. д. Сур'ёзныя спадзяванні на паляпшэнне спраў у вытворчасці і духоўным жыцці ўскладаліся на заканадаўчыя акты ЦК КПСС і Саўміна СССР ад 7 і 16 мая 1985 г., скіраваныя супраць п'янства і самагонаварэння. Такім чынам, ніякіх стратэ-гічных або прафілактычных планаў па мадэрнізацыі грамадска-палітычнай сістэмы не абмяркоўвалася. Гаворка ішла толькі пра сацыяльна-эканамічную сферу жыццядзейнасці савецкага грамадства.

Першыя станоўчыя зрухі ў эканоміцы і грамадскім жыцці спарадзілі ўпэўненасць кіраўніцтва ў вызначальную сілу загада. Самі працоўныя выразнага энтузіязму да заклікаў аб паскарэнні не выказвалі, а антыалкагольную кампанію, ініцыіраваную членам Палітбюро Я. Лігачовым сустрэлі ў цэлым непрыхільна. Менавіта таму на XXVII з'ездзе КПСС (25 лютага - 6 сакавiка 1986), які пацвердзіў курс на паскарэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця СССР, гаворка пайшла аб неабходнасці свядомага, асэнсаванага ўдзелу ўсіх савецкіх людзей у абвешчаным партыяй курсе. У гэтай сувязі дэпутаты выказаліся за дэмакратызацыю грамадскага жыцця і яе неад'емны атрыбут – галоснасць.

З'езд выказаў сваю прыхільнасць сацыялістычным каштоўнасцям: з новай рэдакцыі партыйнай праграмы былі выдалены пункты аб пабудове асноў камунізму, а асноўная ўвага нададзена ўдасканаленню сацыялізма.

Моцнай перашкодай на шляху абвешчанага партыяй курса зрабілася Чарнобыльская катастрофа 26 красавіка 1986 г., якая, акрамя іншага, чарговы раз моцна дыскрэдытавала існуючую сiстэму кiравання i гаспадарання. Акрамя таго, ЦК КПСС, і КПБ хавалi iнфармацыю аб рэальных маштабах катастрофы. Святкаванне 1 Мая адбылося ва ўсіх савецкіх гарадах, у тым ліку Ківе, Мінску, Брагіне, Хойніках і г. д. Такім чынам, ідэалагічныя прыярытэты былі вышэйшымі за здароўе грамадзян.

Адным са спосабаў зняцця маральна-псіхалагічнай напружанасці ў грамадстве стала прадастаўленне старонак газет і часопісаў для выступлення простых грамадзян з крытычнымі заўвагамі, скаргамі, прапановамі і інш. матэрыяламі, якія закраналі аспекты ўлады. Абвешчаная палітыка галоснасці падмацоўвалася “звыш”, у публікацыях рэдактараў, упраўленцаў, навукоўцаў па праблемах сацыялістычнага будаўніцтва ў мінулым, асабліва ў 1930-я гг.

М. С. Гарбачоў свядома ішоў на развіццё галоснасці, будучы ўпэўненымі ў ачышчальнай сіле праўды і адкрытай, зразумелай людзям палітыкі. З яго дазволу ў снежні 1986 г. у Маскву са ссылкі вярнуўся ідэйны лідэр дысідэнтаў акадэмік А. Сахараў, што значна павысіла давер інтэлігенцыі да курса новага Генеральнага сакратара.

Між тым М. Гарбачоў і яго прыхільнікі з ліку членаў Палітбюро разумелі, што асноўнай перашкодай на гэтым шляху з'яўляюцца не столькі дысідэнты, колькі партыйная бюракратыя – неменклатура. На студзеньскiм (1987) Пленуме ЦК КПСС было адкрыта сказана, што за многiя цяжкасцi i недагляды, якiя сталi тормазам развiцця, неслі адказнасць кiруючыя органы партыi i дзяржавы, таму абвешчаную Перабудову партыя павінна пачаць з сябе. У выніку Пленум прыняў новую рэфарматарскую стратэгію аб'яднання сацыялізму з дэмакратыяй і рынкам – так званую “мадэль сацыялізма з чалавечым тварам”.

Лістападаўскі (1987) Пленум ЦК у сувязі са святкаваннем 70-годдзя Вялiкага Кастрычнiка прадпрыняў спробу асэнсаваць увесь шлях пабудовы сацыялізму і прыйшоў да высновы, што рэвалюцыйныя лозунгі: “Зямля – cялянам. Фабрыкi – рабочым. Улада – Саветам» у многім засталіся нерэалізаванымі”. Адсюль вынікаў чарговы лозунг : “Рэвалюцыя працягваецца”. З гэтай нагоды абвяшчалася рэформа палітычнай сістэмы, скіраванай на дасягненне паўнаўладдзя Саветаў, фарміравання механізмаў грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы. ЦК КПСС спадзяваўся скарыстаць усплёск грамадска-палітычнай актыўнасці для надання сацыялізму “новага дыхання”, каб, не мяняючы стратэгiчнага напрамку развiцця савецкага грамадства на пабудову камунiзму, актывiзаваць удзел людзей у практычнай рэалізацыі сацыяльна-эканамічных і палітычных задач.

У 1987 г. працэс развіцця галоснасці выклікаў небывалы ўздым грамадскай цікавасці да айчыннай гісторыі савецкага часу. Дзякуючы публікацыям навукоўцаў і жывых сведак падзей, сталі высвятляцца яе так званыя “белыя плямы” і не вядомыя раней або забытыя людзі і факты. У бібліятэках сталі адчыняцца “закрытыя” фонды, а ў архівах – “спецсховішчы”. Палітычную значнасць набылі выдадзеныя ў 1987 г. творы А. Рыбакова “Дзеці Арбата”, Д. Граніна “Зубр”, В. Дудзінцава “Белыя адзенні”, М. Булгакава "Сабачае сэрца", А. Платонава "Катлаван", Г. Ахматавай "Рэквіем" і інш., бо яны ламалі існаваўшыя ўяўленні аб савецкім ладзе як самым справядлівым у свеце. Асабліва моцнае ўздзеянне на грамадскую думку аказвалі дакументальныя творы А. Салжаніцына, В. Шаламава і інш.

1 лістапада 1987 г., у скверы Я. Купалы ў Мінску пад час святкаванне “Дзядоў” упершыню прагучала асуджэнне сталінскага тэрору. Кіраўніцтва краіны распарадзілася аб аднаўленні працы па рэабілітацыі ахвяр сталінскага рэжыму. Створаная камісія Палітбюро па дадатковым вывучэнні рэпрэсій 1930—1940-х гг. пастанавіла рэабілітаваць Л. Каменева, Р. Зіноўева, А. Рыкава, М. Бухарына, Л. Троцкага; прызнаць незаконнымі і асудзіць рэпрэсіі супраць так званых “кулакоў” і цэлых народаў, гвалтоўна выселеных з Каўказа і інш. рэгіёнаў органамі НКУС СССР. У ліку іншых быў рэабілітаваны і першы старшыня рабоча-сялянскага ўрада БССР Дз. Жылуновіч.

Як вынікала з прамовы М. Гарбачова на наступным Лютаўскім (1988) Пленуме ЦК КПСС «Рэвалюцыйнай перабудове — ідэалогію абнаўлення», змест запланаваных мерапрыемстваў выходзіў за межы эканамічных пытанняў, бо разам з фарміраваннем “новага мыслення” патрабавалася мадэрнізаваць палітычную сістэму. Аднак ацэнка распачатай у гэтым напрамку працы не была аднадушна станоўчай. Так, 13 сакавіка 1988 г. выкладчык хіміі Ленінградскага тэхналагічнага інстытута Н. Андрэева ў газетным артыкуле “Не могу поступаться принципами”, выказала сумненне ў неабходнасці перабудовы грамадскай свядомасці, паколькі гэта пагражала абясцэньваннем сацыялістычных ідэй. Аўтар у многім мела рацыю, але ва ўмовах татальнага асуджэння сталінізму папярэджанне Н. Андрэевай не было пачута, а артыкул быў названы маніфестам антыперабудовачных сіл.

Характэрна, што нават орган ЦК КПСС газета “Правда” адмежавалася ад гэтага артыкула. У нетрах самой партыі ўзніклі людзі, якія выступалі супраць яе манапольнага статусу ў савецкай палітычнай сістэме. Гэтая і іншыя праблемы зрабіліся прадметам абмеркавання ХІХ Усесаюзнай канферэнцыі КПСС, якая адбывалася ў Маскве 28 чэрвеня – 1 ліпеня 1988 г. і стала важнейшай палітычнай падзеяй года. Прынятыя канферэнтамі рэзалюцыі "Аб некаторых неадкладных захадах па практычным здзяйсненні рэформы палітычнай сістэмы краіны", "Аб ходзе рэалізацыі рашэнняў 27 з'езда КПСС і задачах па паглыбленні перабудовы", "Аб дэмакратызацыі савецкага грамадст ва і рэформе палітычнай сістэмы", "Аб галоснасці" і інш. былі скіраваны на ўтварэнне ў СССР “сацыялістычнай прававой дзяржавы” і грамадзянскай супольнасці на аснове ліберальных каштоўнасцей (прынцып падзелу ўлад, альтэрнатыўныя выбары, скасаванне цэнзуры, права чалавека і інш.).

Вынiкi працы ХIХ Усесаюзнай канферэнцыi паспрыялі ліквідацыі ўсіх перашкод на шляху перабудовы. Стымулюючым яе фактарам мусіла адбыцца перадача ўлады ад КПСС да Саветаў народных дэпутатаў. Вышэйшым органам дзяржаўнай улады мусіў стаць з'езд народных дэпутатаў СССР. Для таго ў снежні 1988 г. былі ўнесены змены ў выбарчую сістэму, якая б спрыялі абранню ў Саветы ініцыятыўных і зацікаўленых у агульнай справе людзей. У прыватнасці, права быць абранымі набывалі прадстаўнікі ўсіх грамадска-палітычных арганізацый – накшталт «Дэмакратычнай партыі Расіі», «Рэспубліканскай партыі Расійскай Федэрацыі», «Сацыял-дэмакратычная партыя Расіі», «Ліберальна-дэмакратычнай партыі». У многіх рэспубліках Савецкага Саюза, у тым ліку БССР, узніклі грамадскія рухі – народныя франты. Такім чынам, грамадства ўпершыню ў сваёй гісторыі набыло магчымасць дэмакратычным шляхам абіраць вышэйшы саюзны орган заканадаўчай ўлады ў складзе 2250 чал.

Перадвыбарчая кампанія адбывалася ў канкурэнтнай барацьбе. Усе кандыдаты мелі магчымасць выступіць перад выбаршчыкамі, у тым ліку па тэлебачанні. Праўда, яшчэ захоўваліся звычкі старых часоў – 399 з 1500 выбарчых спісаў заставаліся безальтэрнатыўнымі; адна трэць абіралася ад КПСС і падкантрольных ёй арганізацый і інш.

Агульныя выбары адбываліся 26 сакавіка 1989 г. У ліку дэпутатаў ад БССР былі абраны А. Адамовіч, У. Бядуля, Г. Бураўкін, В. Быкаў, У. Ганчарык, М. Дземянцей, А. Дабравольскі, А. Дубко, А. Жураўлёў, В. Кебіч, І. Лучанок, Я. Сакалоў і іншыя.

Скліканы 25 мая І з'езд народных дэпутатаў СССР стаў пастаянна дзеючым парламентам. Старшынём з'езда і Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР быў абраны М. С. Гарбачоў. Камуністычная большасць парламентарыяў не адмаўляла патрэбы ў палітычнай і эканамічнай мадэрнізацыі, але выступала за неабходнасць яе ажыццяўлення на сацыялістычнай аснове. Па ініцыятыве дэпутатаў, якія найбольш актыўна выступалі супраць памяркоўна-рэфармацыйнага курса з'езда, утварылася так званая “Міжрэгіянальная дэпутацкая група” на чале з Б. Ельцыным, Ю. Афанасьевым, Г. Паповым, А. Сахаравым і А. Мурашовым. У верасні 1989 г. члены МДГ распрацавалі комплекс неабходных да ажыццяўлення патрабаванняў – скасавання 6-га артыкула Канстытуцыі СССР аб "кіруючай ролі КПСС"; далейшай дэмакратызацыі выбарчай сістэмы; прыняцця дэмакратычнага закона аб друку, закона аб зямлі і ўласнасці.

Асобным пунктам платформы Міжрэгіянальнай групы было патрабаванне заключэння новага Саюзнага дагавора. Як вынікала з праграмных заяў рэспубліканскіх Народных франтоў, многія палажэнні Дагавора 1922 г. і вынікі палітыкі КПСС у 1930-1940-я гг. патрабавалі карэкціроўкі. Так, ІІ з'езд народных дэпутатаў СССР (12—24 снежня) па дакладу А. Якаўлева асудзіў пакт Молатава–Рыбентропа ад 23 жніўня 1939 г.). Быў таксама асуджаны ўвод савецкіх войск у Афганістан.

Такім чынам, Міжрэгіянальная дэпутацкая група аказала моцны ўплыў на фарміраванне агульнай праграмы дэмакратычнага руху ў Расіі, у тым ліку на працэс пазбаўлення ад ідэалогіі "гуманнага сацыялізма" або “сацыялізма з чалавечым тварам”, якая пераважала ў грамадскасці ў 1987-1988 гг. Пад ўплывам групы распрацоўваліся праграмы абвешчаных у кастрычніку 1989 г. Народнага фронта РСФСР і Міжрэгіянальнай асацыяцыі дэмакратычных арганізацый, а таксама выбарчага блоку "Дэмакратычная Расія". Нягледзячы на адносную малалікасць МДГ (12 % ад усяго дэпутацкага корпусу), значная колькасць яе патрабаванняў была прынята парламентам, у тым ліку патрабаванне аб выдаленні артыкула №6 з Канстытуцыі СССР. Так, 11 сакавіка 1990 г. Пленум ЦК КПСС вырашыў адмовіцца ад канстытуцыйных гарантый партыйнай манаполіі на ўладу і выказаўся за ўвядзенне ў краіне інстытута прэзідэнцтва. Трэці, нечарговы з'езд народных дэпутатаў (12-15 сакавіка 1990) выбраў М. Гарбачова Прэзідэнтам СССР і ануляваў артыкул 6 Канстытуцыі СССР.

Такім чынам шматпартыйная сістэма рабілася рэальнасцю. Але паступовае ўстараненне КПСС ад кадравых функцый разбурала меха-нізм дзяржаўнага кіравання. Справа ў тым, што на працягу доўгіх год менавіта партыя з'яўлялася тым падмуркам, на якім грунтаваліся ўсе ідэалагічныя, эканамічныя, палітычныя, культурныя працэсы. Замена існаваўшага парадку прызначэння на пасады сістэмай альтэрнатыў-ных выбараў кіраўнікоў ва ўстановах і арганізацыях яшчэ больш аслабіла патэнцыял КПСС і веру людзей у сацыялізм. Так, 26 кастрычніка 1990 г. мінскі палітклуб “Камуніст” звярнуўся “да членаў Кампартыі Беларусі, да ўсіх грамадзян рэспублікі, якія захавалі вернасць ідэалам Вялікага Кастрычніка” з заклікам “Ні кроку назад, таварышы”. Любымі сродкамі захаваць таталітарны рэжым – распаўсюджаннем цемрашальства, юдафобіі і іншай навалачы – такім было крэда органа ЦК КПБ “Политический собеседник».

Трансфармацыя палітычнай сістэмы і стварэнне новай уладнай структуры Прэзідэнцкага Савета (у складзе Старшыні Савета Міністраў, міністраў абароны, замежных спраў і старшыні КДБ) змяншала ўплыў Палітбюро ЦК КПСС, с другога боку – узмацняла апазіцыю з боку кансерватыўна настроеных кіраўнікоў дзяржапарата і міністэрстваў.

Нягледзячы на значныя поспехі ў дэмакратызацыі ўсіх бакоў жыццядзейнасці краіны ў 1989—1990 гг., эканамічны крызіс не зніжаў сваёй вастрыні і дыктаваў кожнай палітычнай групоўцы сваю лінію паводзін, што пагаршала сістэму кіравання краінай. Становішча пагаршалася ўзнікненнем міжнацыянальных – армяна-азербайджанскіх, абхазска-грузінскіх канфліктаў. Так, 11 сакавіка 1990 г. Вярхоўны Савет Літвы прыняў пастанову «Аб аднаўленні незалежнасці Літоўскай дзяржавы» і скасаваў юрысдыкцыю Кансты-туцыі СССР на сваёй тэрыторыі. Увод савецкіх войск у Вільнюс 23 сакавіка з мэтай захавання статус-кво поспеху не прынесла. Дэмакратычная грамадскасць СССР ацаніла ўрадавую акцыю як “правы паварот у палітыцы”.

З другога боку, імкненне асобных рэспублік да выхаду з СССР яшчэ раз нагадала зацікаўленым бакам аб неабходнасці перагляду ўмоў яго ўтварэння. Пачаткам абнаўленчага працэсу мусіла стаць прыняцце 12 чэрвеня 1990 г. Першым з'ездам народных дэпутатаў РСФСР пад старшынствам старшыні вярхоўнага Савета Б. Ельцына Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце. Услед за Украінскай ССР 27 ліпеня 1990 г. Дэкларацыю аб суверэнітэце БССР прыняў Вярхоўны Савет рэспублікі пад старшынствам М. Дземянцея.

Абвяшчэнне саюзнымі рэспублікамі ўласных суверэнітэтаў надавалі ініцыятарам перабудовы надзею на падпісанне новага Саюзнага дагавора. Як выявілі вынікі праведзенага 17 сакавіка 1991 г. у 9 рэспубліках рэферэндума, за захаванне СССР выказалася падаўляючая большасць (76%) іх грамадзян, у тым ліку беларускай рэспублікі. Сустрэча кіраўнікоў саюзных рэспублік пад старшынствам Прэзідэнта СССР М. Гарбачова 23 красавіка ў падмаскоўным Нова-Агарове давала аптымістычныя падставы меркаваць аб хуткім падпі-санні новага дагавора.

Такім чынам, за час знаходжання М. Гарбачова на пасадзе Генеральнага сакратара КПСС савецкая палітычная сістэма набыла істотныя змены, пры чым, не зусім такія, на якія разлічвалі сам ініцыятар перабудовы і яго бліжэйшае атачэнне. Па-першае, хоць са сталінізмам было пакончана назаўсёды, але пабудовы “сацыялізму з чалавечым тварам” не адбылося, а сацыяльна-эканамічнае становішча асноўнай масы насельніцтва пагоршылася. Па-другое, КПСС страціла канстытуцыйную гарантыю як кіруючая сіла грамадства і пе-ратварылася ў адну з многіх партый у шматпартыйнай сістэме. Марксізм-ленінізм як пануючая ідэалогія быў адкінуты. Яму на змену прыйшоў ідэйны плюралізм. Па-трэцяе, рэспубліканскія партыйныя арганізацыі, у тым ліку КПБ, сталі заяўляць аб сваёй самастойнасці. Пры гэтым многія з іх, у тым ліку КПБ, не падзялялі курса М. Гарбачова і абвінавачвалі яго самога ў здрадзе справе камунізму. Па-чацвертае, у зноў створаных на дэмакратычнай аснове Саветах усіх узроўняў – ад Вярхоўнага да сельскага – роля камуністаў па-ранейшаму заставалася вызначальнай. У выніку, змены да лепшага амаль не адбываліся. Па-пятае, распачатая дэмакратызацыя і спробы ўдасканаліць саюзны дагавор узмацнілі ў нацыянальных рэгіёнах цэнтрабежныя тэндэнцыі, што ў многім падрыхтавалі распад СССР. Дэкларацыя аб суверэнітэце БССР асаблівага энтузіязму ў кіруючых колаў рэспублікі не выклікала.

У выніку разам з яшчэ не знішчанай таталітарнай палітычнай сістэмай у СССР узніклі і набылі тэндэнцыю да ўзмацнення элементы дэмакратычнай сістэмы з уласцівымі ёй правамі і свабодамі людзей, шматпартыйнасцю, абіраемымі органамі ўлады, вяршэнствам закону, незалежнымі СМІ і г. д. У гэтых адносінах палітычнаму рэжыму БССР былі характэрны кансерватызм, канфрантацыйнасць, актыўнасць праваахоўных структур. Невыпадкова, что КПБ, якая ўвасабляла гэты рэжым, была названа “антыперабудовачнай Вандэяй”.

 

Лекцыя 14. Шляхі і метады будаўніцтва індустрыяльнага грамадства ў Савецкай Беларусі

 

Пытанні

1. Асаблівасці ажыццяўлення новай эканамічнай палітыкі (НЭП) у БССР.

2. Стварэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы індустрыяльна-аграрнага грамадства. Індустрыялізацыя. Калектывізацыя сялянскіх гаспадарак

3. Экстэнсіўныя і інтэнсіўныя фактары развіцця эканомікі БССР у складзе адзінага народна-гаспадарчага комплекса СССР.

4. Асноўныя тэндэнцыі індустрыяльнага развіцця БССР ва ўмовах разгортвання навукова-тэхнічнай рэвалюцыі.

5. Прычыны паступовага запаволення тэмпаў эканамічнага росту і ўзнікнення цяжкасцяў у сацыяльнай сферы.

6. Нарастанне экалагічных праблем, у тым ліку звязаных з Чарнобыльскай катастрофай.

 

1. Першая Сусветная вайна, рэвалюцыі 1917 г., а таксама нямец-кая і польская акупацыі Беларусі пакінулі разбуральны след у яе народнай гаспадарцы. У канцы 1920 г. а былой БССР узору 1 студзеня 1919 г. засталося толькі 6 паветаў Мінскай губ., з плошчай 52,3 тыс. кв. км. з насельніцтвам каля 1 600 тыс. чал.

З 715 прадпрыемстваў засталося толькі 235, большасць з якіх з-за адсутнасці сыравіны і паліва не працавалі. Аб'ём выпуску прадукцыі скараціўся ў 5 разоў. Чыгуначны і рачны транспарт амаль не дзейніча-лі. На пачатку 1921 г. у БССР налічвалася каля 30 тыс. рабочых, а іх заробак складаў 10-20% ад заробку даваеннага ўзроўню.У сельскай гаспадарцы пасяўныя плошчы скараціліся на трэць, колькасць коней – да 80%, буйнарагатай жывёлы – 65% ад даваеннага ўзроўню. У раз-ладжаным стане знаходзіліся фінансы. Пакупная здольнасць рубля на 1 студзеня 1920 г. у параўнанні з 1913 г. заняпала у 2 420 разоў.

Другім моцным фактарам, які абумовіў гаспадарчую разруху, з'яўляліся наступствы так званай палітыкі ваеннага камунізму з ула-сцівай ёй нацыяналізацыяй прамысловасці, працоўнай павіннасцю, харчовай дыктатурай і інш. Гэта палітыка давала кіруючай партыі магчымасць сканцэнтраваць у сваіх руках матэрыяльныя і людскія рэсурсы для таго, каб выстаяць і перамагчы ў грамадзянскай вайне. Сама назва “ваенны камунізм” павінна была азначаць, што ў Савецкай Расіі ўжо існуе нейкае падабенства камуністычнага грамадства. Так, ужо не існавала прыватнай уласнасці, эксплуататараў і эксплуатуемых, усе грамадзяне былі абавязаны працаваць і прытрымлівацца прынцыпа “хто не працуе – той не есць”. У ліку прыкмет камуністычнага грамадства было скасаванне платы за жыллё, транспарт, газеты, забарона прыватнага гандлю і абмежаванне грашовага абарачэння. Адзінкай аплаты працы зрабіўся “класавы харчовы паёк”, асобны для кожнай з чатырох катэгорый насельніцтва.


<== previous lecture | next lecture ==>
Узнікненне індустрыяльнага грамадства 15 page | Узнікненне індустрыяльнага грамадства 17 page
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.108 s.