|
Узнікненне індустрыяльнага грамадства 18 pageDate: 2015-10-07; view: 554. У 1958 г. быў распрацаваны сямігадовы (1959–1965) план развіцця народнай гаспадаркі СССР, галоўнымі задачамі якога з'яўляліся далейшы ўздым усіх галін эканомікі на базе пераважаючага росту цяжкай індустрыі, а таксама павышэнне жыццёвага ўзроўню народа. У адпаведнасці з планам беларускаму народу належала валавую прадукцыю прамысловасці рэспублікі павялічыць на 80%, у т. л. вытворчасць сродкаў вытворчасці на 88% і вытворчасць прадметаў спажывання на 77%. На ажыццяўленне планаў сямігодкі адводзілася 32 млрд. руб., сума роўная ўсім капіталаўкладанням за ўвесь час існавання БССР. У першую чаргу належала фінансаваць хімічную, аўтамабільную і трактарную прамысловасць, а таксама энергетыку. Ставіліся задачы павелічэння вытворчасці прадуктаў, пабудовы жылля і інш. Датэрмінова, у маі 1965 сямігадовы план быў выкананы. Аб'ём прамысловай вытворчасці павялічыўся ў 2,1 раза пры плане 1,8. Было пабудавана больш за 300 буйных прадпрыемстваў, у тым ліку прадпрыемстваў “вялікай хіміі” у Гомелі, Гродна, Магілёве, Наваполацку, Салігорску, Светлагорску. Сярэднегадавы прырост прамысловай прадукцыі дасягнуў 11, 4%, на 2, 6 % больш запланаванага. Вытворчыя поспехі рэспублікі дазволілі ей выйсці на 2 месца па здабычы торфу, вытворчасцi фанеры і iльняных тканiн; на 3 – па выпуску грузавых аўтамашын, трактараў, станкоў, цэменту, шкла. У БССР завяршылася фарміраванне прамысловага комплексу з развітым аўтамабіле-, трактара-, станка- і прыборабудавання, радыёэлектронікі, нафтапераапрацоўкі і хімічнай вытворчасці. З пабудовай Бярозаўскай, Васiлевiцкай i Мiнскай ЦЭЦ электраэнергетыка БССР вырасла ў 3,1 р. У асноўным было завершана стварэнне адзiнай Беларускай энергасiстэмы. Былi электрыфiкаваны 90 % калгасаў. На фоне прагрэсу, які назіраўся ў прамысловасці, праблемы сельскай гаспадаркі Беларусі сталі прадметам абмеркавання саюзнага кіраўніцтва. Так, з мэтай паляпшэння сітуацыі 21 лютага 1957 г. выйшла пастанова ЦК КПСС i Саўміна СССР «Аб захадах па ўздыме сельскай гаспадаркi БССР». Сярод iх – павышэнне закупачных цэн на сельгаспрадукцыю: жывёлу i птушку ў 5,5 разоў, малако i масла – у 2, бульбу – у 2,5 разы. Адначасова знiжаўся, а пазней зусім ліквідаваўся сельгаспадатак на сялян. У лiку мерапрыемстваў былi таксама: спiсанне нядоiмак з калгаснiкаў, павелiчэнне памераў прысядзiбных участкаў, скасоўвалася запазычанасць калгасаў дзяржаве, аднаўляўся прынцып паставак па колькасцi апрацоўваемай зямлi, павялiчваліся капiталаўкладаннi. З мэтай павышэння эфектыўнасці выкарыстання зямлi i тэхнiкi, урад СССР пастанавiў ў 1958 г. рэарганізаваць МТС у рамонтна-тэхнічныя станцыі (РТС). Справа ў тым, што поспехі краіны ў машынабудаванні дазвалялі забяспечыць сельгастэхнікай усіх земляробаў, таму МТС мусілі прадаць калгасам свае трактары і камбайны і абмежавацца толькі рамонтнымі работамі. Такім чынам 343 МТС, што існавалі ў БССР, рэарганізаваліся ў 156 РТС і 80 мясцовых аддзелаў. Аднак гэтая рэформа ў шэрагу выпадкаў не спрыяла ўздыму калгасаў, паколькi яны траплялi ў запазычанасць да фiнансавых органаў за набытую тэхнiку і былi вымушаны трацiць значныя сродкi на будаўнiцтва ўласных гаражоў, складоў паліва i г. Прычын крытычнага адставання сельскай гаспадаркі ад прамысловасці вельмі шмат. Так, значны ўрон харчовай праблеме нанесла кампанія па ліквідацыі асабістых гаспадарак жыхароў вёсак і пасёлкаў, што разгарнулася пад лозунгам набліжэння да камунізму. Вялікую шкоду калгаснай і саўгаснай вытворчасці нанеслі парушэнні ў палітыцы цэн на сельскагаспадарчыя прадукты, неабгрунтаваныя перабудовы органаў кіравання і крайні суб'ектывізм саміх кіраўнікоў, а таксама шматлікія ўказанні па агра- і заатэхніцы, структуры пасяўных плошчаў, што даваліся калгасам і саўгасам без уліку мясцовых умоў. Не апраўдаўся разлік М. Хрушчова на ўраджаі кукурузы і звязанае з ёю апераджэнне ЗША па малаку і мясе. Не апошнюю ролю адыгрывала і інтэрнацыянальная дапамога СССР краінам, якія сталі на шлях будаўніцтва сацыялізма. Нарэшце, цяжкая фізічная праца, нізкія закупачныя цэны на сельскагаспадарчыя прадукты, неразвітасць сельскай інфраструктуры і многае іншае зніжала цікавасць вяскоўцаў да калгаснага жыцця. У маштабе СССР экстэнсіўныя метады гаспадарання давалі 68,2% прыбытку, а сама эканоміка рабiлася ўсё больш затратнай. Здабываючая прамысловасць атрымлiвала 30% капiталаўкладанняў, а давала толькi 7% прадукцыi прамысловасцi. Прадукцыйнасць працы істотна адставала і ў пач. 60-х складала толькі 45% ад амерыканскай. Рост галін групы “А” (вытворчасць сродкаў вытворчасці) апярэджваў рост прадукцыі народнага спажывання (група “Б”) нават у большых памерах, чым было прадугледжана сямігадовым планам. У кастрычніку 1964 г. віна за ўсе эканамічныя і палітычныя хібы, якія накапіліся ў краіне, былі ўскладзены на тагачаснага І сакратара ЦК КПСС і старшыню Савета Міністраў СССР М. С. Хрушчова. На справе асноўныя прычыны ўзнікшых цяжкасцей не толькі ў яго суб'ектывізме і валюнтарызме, а ў адсутнасці рыначнага механізму рэгулявання эканомікай, заганнасці камандна-адміністрацыйнай сістэмы, зніжэннем асабістай зацікаўленасці працоўных у выніках сваёй працы і інш. У выніку азначаныя фактары выявілі сябе і пасля вызвалення М. Хрушчова ад пасад, калі першым сакратаром ЦК КПСС быў абраны Л. Брэжнеў, а старшынёй Савета Міністраў быў назначаны А. Касыгін. Улічваючы негатыўныя з'явы папярэдняга перыяду, яны ўсведамлялі неабходнасць павароту да рэфармавання эканомікі. Пачатак яго быў пакладзены сакавіцкім (1965) Пленумам ЦК КПСС, які прыняў пастанову «Аб неадкладных захадах па далейшым развіцці сельскай гаспадаркі СССР». У гэтым дакуменце былі пазначаны прычыны адставання вядучай галіны народнай гаспадаркі краіны і намечаны паступовыя захады па яе развіцці, а менавіта: змены ў сістэме нарыхтовак сельгаспрадукцыі. Калі раней іх аб'ёмы даводзіліся толькі на год і на яго працягу не аднойчы павышаліся, то зараз уводзіўся нязменны план нарыхтовак на 5 гадоў наперад. Па-другое, прадугледжвалася павышэнне закупачных цэн на сельгаспрадукцыю ў 1,5–2 разы. За кожную тону збожжа, якую здавалі звыш плана, уводзілася надбаўка ў 50 % ад закупачнай цаны. Усе абмежаванні па ўтрыманні хатняй жывёлы жыхарамі вёсак і пасёлкаў былі зняты. Па-трэцяе, у мэтах умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы вёскі было вырашана паставіць туды 1 790 тыс. трактароў, 1 100 тыс. аўтамабіляў і іншай тэхнікі, пабудаваць 200 рамонтных заводаў. Рашэнні сакавіцкага (1965) Пленума служылі арыенцірам і пры распрацоўцы далейшых задач. Так, вераснёўскі (1965) Пленум ЦК КПСС пастанавіў замест больш чым 100 абавязковых планавых паказчыкаў даводзіць толькі 8. Крытэрыем паспяховай працы калектыва мусіў лічыцца не аб'ём валавой прадукцыі, а аб'ём яе рэалізацыі. Акрамя таго, прадпрыемству зацвярджалася асноўная наменклатура прадукцыі, фонд зарплаты, сума прыбытку і рэнтабельнасці, аб'ём капіталаўкладанняў. Астатнія паказчыкі планаваліся самастойна; па-другое, пашырыць самастойнасць прадпрыемстваў на аснове гаспадарчага разліку Замест бязвыплатнага фінансавання капіталаўкладанняў у развіццё вытворчасці было вырашана перайсці да доўгатэрміновага крэдыту, што прымушала кіраўнікоў больш думаць над мэтазгоднасцю. У мэтай удасканалення сістэмы кіравання эканомікай былі ліквідаваны саўнаргасы і адноўлены галіновыя міністэрствы. На Беларусі ў кастрычніку 1965 г. замест аднаго саўнаргаса былі створаны 6 саюзна-рэспубліканскіх і 3 рэспубліканскіх міністэрстваў. Вынікі восьмай (1966-1970) пяцігодкі былі самымі вялікімі за ўвесь пасляваенны час. У 8-й пяцігодцы рэнтабельнасць прамысловай вытворчасці вырасла ў 1,5 разы, а гаспадарка БССР атрымала больш за 9 млрд. руб. прыбытку – на 5 млрд. больш, чым за папярэднія 5 гадоў. Аб'ём прамысловай вытворчасці павялічыўся амаль на 80% за-мест 70% па плану. Прырост вытворчасці сродкаў вытворчасці склаў 62 %, а прадукцыйнасць працы вырасла на 39 %. За пяцігодку, без уліку дробных, увайшлі ў строй 78 буйных прадпрыемстваў. На фоне даволі высокіх тэмпаў развіцця прамысловасці рэспублікі вылучаліся хімічная і нафтахімічная. Так, да 1970 г. увайшлі ў дзеянне новыя магутнасці на Полацкім нафтаперапрацоўчым заводзе, 1-я чарга Полацкага хімічнага камбіната, 2-і і 3-і калійныя камбінаты ў Салігорску, Гродзенскі хімічны камбінат, Светлагорскі завод штучнага валакна, Пінскі завод штучнай скуры, Брэсцкі дывановы камбінат, 1-я чарга Магілёўскага камбіната сінтэтычнага валакна і інш. Дзякуючы павышэнню дзяржаўнай увагі да сельскай гаспадаркі, яна дасягнула значных станоўчых зрухаў. Праца калгаснікаў і рабочых саўгасаў значна палегчылася. У 1967 г. усе калгасы, саўгасы і вёскі Беларусі былі электрыфікаваны. У 1971 г. у гаспадарках было занята 85,4 тыс. трактароў, 26,8 тыс. камбайнаў, 52,8 тыс. грузавых аўтамабіляў. Намаганнямі меліярацыі сельскай гаспадарцы было дадаткова забяспечана 1 млн га ўрадлівай глебы, што значна палепшыла збор збожжа, гародніны, кармоў. З мэтай паляпшэння глебы было правапнавана і ўгноена каля 3,4 млн га зямель. Тэхнічнае ўзбраенне сельскай гаспадаркі, электрыфікацыя і механізацыя вытворчых працэсаў, спецыялізацыя і інтэнсіфікацыя вытворчасці, укараненне ў вытворчасць дасягненняў навукі і перадавой практыкі, укараненне матэрыяльных і маральных стымулаў, размах сацыялістычнага спаборніцтва забяспечылі значны рост вытворчасці сельгаспрадукцыі. Восьмая пяцігодка была апошняй паспяховай пяцігодкай савецкага часу. У далейшым тэмпы роста вытворчасці працы і нацыянальнага даходу сталі зніжацца. Наступленне эканамічнага крызісу было адтэрмінавана рэзкім узрастаннем сусветных цэн на нафту і паступленнямі ў бюджэт СССР шматмільярдных даходаў ад яе продажу. Купленыя на іх за мяжой і рэалізаваныя ў СССР спажывецкія тавары стваралі ілюзію аб адносна высокім узроўні жыцця савецкіх грамадзян. Велізарныя сродкі былі патрачаны на набыццё прадпрыемстваў, абсталявання, тэхналогій, аднак нізкая эфектыўнасць іх выкарыстання (за выключэннем завода “Фіат” у Тальяці”) не дала магчымасці плённа выкарыстаць шанец для ўсебаковай тэхнічнай мадэрнізацыі. 180 млрд долараў, выручаных СССР за экспарт нафты, былі патрачаны, галоўным чынам, на патрэбы ваенна-прамысловага комплексу. Ва ўмовах “халоднай вайны” краіны Захаду не жадалі прадаваць нашай краіне перадавых тэхнікі і тэхналогій, а айчынныя дасягненні ў гэтых галінах былі адносна невялікімі. Так, тэмпы развіцця эканомікі ў 1981-1982 гг. склалі толькі 1,1%. У 1982 г. прырост рэальных даходаў на душу насельніцтва знізіўся да дзесятай долі працэнта, што сведчыла аб пачатку эканамічнага застою. Пасля смерці Л. Брэжнева (1982) спробы чарговых кіраўнікоў СССР Ю. Андропава (1982-1984) і К. Чарненкі (1985) палепшыць эканамічнае становішча істотнага плёну не прынеслі. Тэхнічная і тэхналагічная адсталасць пэўным чынам кампенсавалася чарговымі фінансавымі інвестыцыямі. Так, у гады наступных трох (1971-1985) пяцігодак капітальныя ўкладанні ў эканоміку Беларусі далі магчымасць павялічыць вытворчыя фонды ў 3,4 разы (з 15,2 да 52 млрд руб.). Галоўнай задачай дзесятай (1976-1980) пяцігодкі абвяшчалася барацьба за інтэнсіфікацыю грамадскай вытворчасці, але яна не была выканана. Экстэнсіўны шлях таксама ўжо не даваў ранейшага эфекту, бо нацыянальны даход узрос толькі ў 2,5 раза, а тэмпы росту вытворчасці сталі зніжацца. Сельская гаспадарка Беларусі мела пэўныя дасягненні. БССР, нягледзячы на адносна невялікія аб'ёмы сельгасугоддзяў, давала ў саюзны фонд 12% малака і 14% мяса. Але ў цэлым аграрная палітыка кіраўніцтва краіны аб'ектыўна вяла яе да заняпаду. Спробы фінансавых уліванняў праблемы не вырашалі. Калгаснае сялянства губляла зацікаўленасць у вынікаў калектыўнай працы. Механiзм гаспадарання, якi склаўся ў канцы 1920-х – 1930-я гг., заставаўся амаль нязменным. Ён не спрыяў iнтэнсiфiкацыi эканомiкi i прыкметна саступаў заходнiм дзяржавам, якія развіваліся ва ўмовах капіталістычнага рынку. Забеспячэнне тэмпаў росту прадукцыі прамысловасцi шляхам пабудовы новых прадпрыемстваў прыводзіла да распыленасці капітальных укладанняў, у выніку чаго павялічваліся аб'ёмы незавершанага будаўніцтва. Нізкая прадукцыйнасць працы, слабая фондааддача, вялікая энергаёмістасць прадукцыі, уціск камандна-адміністрацыйнай сістэмы, слабая зацікаўленасць працоўных у выніках сваёй працы, нізкі (у параўнанні з Захадам) узровень жыцця заставаліся характэрнымі рысамі сацыялістычнай сістэмы гаспадарання. Так, замест укаранення эканамічных рычагоў рэгулявання эканомікі (гаспадарчы разлік і інш.), цэнтралізаванае кіраванне ёю яшчэ больш узмацнялася. Пры гэтым, усе хібы гаспадарання замоўчваліся, а дасягненні перабольшваліся. У выніку механізм гаспадарання і кіравання эканомікай стаў ператварацца ў механізм тармажэння эканамічнага і сацыяльнага развіцця. Такім чынам, за пасляваенны перыяд эканоміка БССР як частка адзінага народнагаспадарчага комплекса СССР прайшла складаны этап свайго развіцця, які спалучаў у сабе два тыпы росту – экстэнсіўны і інтэнсіўны. Першы характэрызаваўся павелічэннем валавога ўнутранага прадукта (ВУП) за кошт колькаснага нарошчвання эканамічных рэсурсаў, што было выклікана спецыфікай сацыялістычнай сістэмы гаспадарання і асобымі ўмовамі пасляваеннай разрухі, пераважна сельскагаспадарчым характарам эканомікі БССР. Экстэнсіўны тып яе росту знайшоў яскравае ўвасабленне ў пабудове тысяч новых прадпрыемстваў і энергетычных магутнасцяў; стварэнні цэлых прамысловых галін – хімічнай, аўтамабіле-, і машына-, станка-будаўнічай і інш.; асваенні прыродных багаццяў (лес, торф, калійныя солі і інш.) асушэнні балот; павелічэнні парка сельскагаспадарчых машын і г. д. Дзякуючы экстэнсіўнаму фактару адбывалася значнае павелічэнне ВУП як ў БССР, так і СССР. Інтэнсіўны тып росту эканомікі, калі пад ім разумець перавагу атрыманага ВУП над колькасцю затрачаных рэсурсаў, знаходзіў адбітак у павышэнні вытворчасці працы, рацыянальным выкарыстанні сыравіны і матэрыялаў, энергазберажэнні, укараненні дасягненняў навукова-тэхнічнага прагрэсу. Асобныя аспекты інтэнсіфікацыі эканомікі выкарыстоўваліся ў гады сталінскіх пяцігодак, але ўсе яны надзвычай актуалізаваліся ўжо ў другой палове 1950-х гг. У выніку ў БССР, як і паўсюдна ў СССР, актывізаваўся рух брыгад і ўдарнікаў за камуністычныя адносіны да працы. У 1960-1970-я гг. тут узніклі новыя формы сацыялістычнага спаборніцтва: калектываў сумежных прадпрыемстваў, pyx за высокую культуру вытворчасці, навуковую арганізацыю працы, за прысваенне вырабам Дзяржаўнага знака якасці. Праводзіліся камуністычныя суботнікі, ударныя працоўныя вахты ў гонар 50-годдзя Кастрычніка, 50-годдзя ўтварэння БССР і КПБ, 100-годдзя з дня нараджэння У. I. Леніна і інш. Колькасць удзельнікаў гэтых рухаў ахоплівала амаль усіх працоўных, але вынікі кампаній не мелі тых эканамічнага эфекту, на які разлічвалі іх арганізатары. Партыйна-савецкае кіраўніцтва ўсведамляла, што экстэнсіўныя фактары развіцця народнай гаспадаркі сябе вычарпалі і таму пачынаючы з ХХІV (1971) з'езда КПСС ставілася задача аб неабходнасці яе пераводу на інтэнсіўныя рэйкі, але рэалізаваць задуманае не ўдалося. Па розных прычынах задача інтэнсіфікацыі эканомікі, якая прадугледжвала павышэнне прадукцыйнасці і фондаўзброенасці працы, паскарэнне аддачы ўкладзеных сродкаў, зніжэнне матэрыяла- і энергаёмістасці вытворчасці і г.д., так і засталася нявырашанай на працягу ўсяго савецкага часу. У выніку ў 1975-1986 гг. у СССР фактычна перапыніўся эканамічны рост, паколькі былі вычарпаны і экстэнсіўныя фактары (перапыніўся прыток рабочай сілы, замарудзіўся ўвод у дзеянне прадпрыемстваў, зменшылася фондааддача і паступленне нафтадолараў, зменшылася сельскагаспадарчая вытворчасць і інш.). Эканоміка стала набываць выразна затратны характар і патрабавала кардынальных рэформаў.
4. У сярэдзіне XX стагоддзя чалавецтва ўступіла ў паласу навукова-тэхнічнай рэвалюцыі (НТР), калі навука стала пераўтварацца ў вызначальны фактар вытворчасці. Яе галоўнымі накірункамі сталі комплексная аўтаматызацыя вытворчасці, выкарыстанне новых відаў энергіі, стварэнне новых канструкцыйных матэрыялаў і інш. СССР таксама ўключыўся ў выкарыстанне яе дасягненняў. Прынятая ХХІІ з'ездам КПСС Праграма пабудовы камунізма вылучыла шэраг прыярытэтных накірункаў навукова-тэхнічнага прагрэсу – поўная электрыфікацыя краіны, комплексная механізацыя работ з далейшым пераходам да аўтаматызацыі вытворчых працэсаў, шырокае выкарыстанне хіміі ў народнай гаспадарцы, укараненне лічыльна-вырашальнай тэхнікі і г. д. Своечасовае і правільнае вызначэнне прыярытэтных накірункаў НТП у многім абумовіла выхад нашай краіны на перадавыя пазіцыі ў навукова-технічным прагрэсе. Выкарыстанне першага ў свеце турбарэактыўнага пасажырскага самалёта «ТУ-104» (1956), запуск першага штучнага спадарожніка Зямлі (1957), здача ў эксплуатацыю атамнага ледакола «Ленін» (1960), палёт у космас Ю.А. Гагарына і інш. атрымалі заслужанае прызнанне ўсяго чалавецтва. Другая палова 1950-х гг. азнаменавалася ўмацаваннем прамысловага патэнцыяла БССР. На заводах і фабрыках укараняліся аўтаматычныя лініі іншая новая тэхніка. Істотна ўзрасла кваліфікацыя рабочых і ІТР. За 12 пасляваенных год колькасць інжынераў павялічылася з 5,1 тыс. да 13,7 тыс. чал., тэхнікаў – з 9,9 тыс. да 27,5 тыс. чал. З 1958 г. на прадпрыемствах прамысловасці, транспарту і будаўніцтва БССР пачалі стварацца арганізацыі Усесаюзнага таварыства вынаходнікаў і рацыяналізатараў, да канца года яны аб'ядноўвалі 21,8 тыс. чал. Цэнтрам навуковай думкі з'яўлялася Акадэмія навук БССР. У 1956 г. Распрацаваны Інстытутам фізікі і матэматыкі метад спектральнага аналізу металу быў укаранёны на Мінскім трактарным заводзе і дазволіў сэканоміць каля 700 тыс. руб. У 1957 г. прапанаваныя Фізіка-тэхнічнага інстытута АН БССР метады ўдасканалення вытворчасці далі эканамічны эфект каля 2 млн руб. Фінансаванню саміх навук надавалася значна меншая ўвага, чым вытворчасці, і яно складала толькі 2,2 % нацыянальнага даходу. Тым не менш беларускія навукоўцы дасягнулі поспехаў у вывучэнні фізікі цвёрдага цела, спектраскапіі, оптыкі, цепла- і масаабмену, атамнай энергетыцы, хіміі неарганічных злучэнняў і іншым важным напрамкам навукова-тэхнічнага прагрэсу. У аснову сямігадовага (1959-1965) плана для БССР былі закладзены паскораныя тэмпы развiцця вызначальных для эканомiкi галiн – энергетыкi, машынабудавання, хiмiчнай прамысловасці. У рэчышчы дасягненняў навукова-тэхнічнай рэвалюцы ў 1960 г. у сталіцы БССР пабачыла свет першая ў краiне ЭВМ “Мiнск-1”, у канцы 1962 г. з'явіў- ся першы беларускі халадзiльнiк “Мiнск -1”. А ў маi 1962 г. Iнстытут фiзiкi АН БССР запусцiў атамны рэактар (п. Сосны, пад Мінскам). На працягу 1950-1960-х гг. адбывалася пэўнае тэхнічнае ўдасканаленне прамысловай вытворчасці шляхам усталявання механізаваных паточных і аўтаматычных ліній, былі створаны сотні комплексна механізаваных і аўтаматызаваных участкаў. У 1970-1980-я гг. БССР ужо набыла трывалую славу флагмана прыборабудавання («Агат», завод імя С. Арджанікідзэ), электронікі («Інтэграл»), радыёэлектронікі («Гарызонт»). Асаблівых поспехаў дасягнула хімізацыя народнай гаспадаркі. Так, на базе Старобiнскага радовiшча калiйных i каменных соляў быў створаны калiйны камбiнат, здольны задавальняць 40% агульнасаюзных патрэбаў у калiйных угнаеннях. У 1963 г. пачаў дзейнiчаць Полацкi нафтаперапрацоўчы і Гомельскі суперфасфатны заводы, Гродзенскi азотнатукавы камбiнат. У Магiлёве распачалося будаўнiцтва буйнейшага ў краiне камбiната па вытворчасцi лаўсану. У 1960 г. былi пракладзены газаправоды Дашава-Мiнск, Шчорсы-Гомель, што забяспечыла палівам 11 буйных прамысловых цэнтраў рэспублікі. У 1964 г. у раёне Рэчыцы было знойдзена і пачало распрацоўвацца прамысловае радовішча нафты. За 1961–1970 гг. аб'ём хімічнай і нафтахімічнай прамысловасці павялічыўся больш чым у пяць разоў. У выніку Беларусь выйшла ў лiк буйнейшых хiмiчных рэгiёнаў СССР. У многім таму, што на мяжы 1960–1970-х гг. эканоміка БССР дасягнула свайго вышэйшага ўзроўню, паспрыяла беларуская навука. Варта адзначыць, што і беларускае кіраўніцтва на чале з П. Машэравым аказвала ёй значную ўвагу. АН БССР істотна павялічвала свае магчымасці па каардынацыі ўкаранення дасягненняў НТР у вытворчасць. За 1970-1980 гг. да 21 яе інстытута дадалося яшчэ 10, а таксама канструктарская і вопытна-эксперыментальная база. Разам з тым пры павелічэнні прыросту прамысловай вытворчасці амаль на 80% прадукцыйнасць працы як асноўны паказчык прагрэсу вырас толькі на 39 %. З гэтай нагоды на ХХІV з'ездзе КПСС даводзілася першаступенная патрэба ў інтэнсіфікацыі і паскарэнні навукова-тэхнічнага прагрэсу. Заклік старшыні з'езда «арганічна спалучаць дасягненні навукова-тэхнічнай рэвалюцыі з перавагамі сацыялізма» мог азначаць, што пад апошнімі варта мець на ўвазе тые ж дырэктыўнае планаванне гаспадаркі, цэнтралізацыю рэсурсаў, сацыялістычнае спаборніцтва. І нарэшце, універсальным сродкам рашэння ўсіх эканамічных і сацыяльных праблем абвяшчалася павышэнне кіруючай ролі партыі. Не дзіўна, што абвешчаны курс на інтэнсіфікацыю прыкметных станоўных вынікаў не даў. Аднак на чарговым ХХV (1976) з'ездзе КПСС яго Генеральны сакратар зусім некрытычна ацаніў вынікі сваёй працы. “Савецкія людзі ведаюць, – заяўляў Леанід Ільіч, – там, дзе партыя, там роспех, там перамога”. На справе спроба ўкаранення дасягненняў НТР у вытворчую сферу пры існуючай камандна-адміністрацыйнай сістэме ўжо здаўна давала збоі. На Пленумах ЦК і з'ездах КПСС сталі гаварыць аб заганнасці традыцыйных экстэнсіўных фактараў росту народнай гаспадаркі, але рашэнне праблемы бачылася толькі ў апрабаваных метадах. Таму дзесятая (1976-1980) пяцігодка так і не зрабілася “пяцігодкай эфектыўнасці і якасці”, а новая, адзінаццатая (1981-1985), як і ўсе папярэднія, выконвалася па-ранейшаму на экстэнсіўнай аснове. НТР, якая вычарпальна была скарыстана савецкімі навукоўцамі і практыкамі ў 1950-пачатку 1960-х гадоў, на другім яе этапе ў 1970-1980- я гг. амаль не атрымала далейшага развіцця. Укараненне сродкаў механізацыі і аўтаматызацыі адбывалася са значным спазненнем. Разам з перадавым узроўнем развіцця ВПК захоўваліся застарэлыя тэхналогіі і абсталяванне ў мностве іншых галін. У той час, як на Захадзе вынаходніцтва робататэхнікі, мікрапрацэсараў, кампутарных тэхналогій, касмічнай сувязі і інш. стварыла матэрыяльна-тэхнічны падмурак для постіндустрыяльнага (інфармацыйнага) грамадства, у СССР, у тым ліку БССР да сярэдзіны 1980-х гг. ручной працай былі заняты трэцяя частка рабочых у прамысловасці, больш паловы – у будаўніцтве, тры чвэрці – у сельскай гаспадарцы, усяго каля 50 млн працоўных. Партыйна-савецкаму кіраўніцтву не ўдалося пераадолець супярэчнасць памiж новымi магчымасцямi ў развiццi прамысловасцi, якiя адкрываў НТП, i cастарэлымi адмiнiстрацыйна-каманднымi формамi i метадамi кiравання, практыкай суцэльнай рэгламентацыi дзейнасцi ўсiх прадпрыемстваў. Яно не здолела своечасова вызначыць перспектыў развіцця навукі і тэхнікі на новым этапе НТР, не прыняла захадаў па рэарганізацыі гаспадарчага механізму для таго, каб вывесці эканоміку краіны з застою і надаць ёй новы імпульс да развіцця.
5. Паступовае запаволенне тэмпаў росту эканомікі было абумоўлена экстэнсіўным шляхам яе развіцця, панаваннем адміністрацыйна-каманднай сістэмай, унутры- і знешнепалітычнымі фактарамі. Сацыялістычная сістэма гаспадарання з манаполіяй на дзяржаўную ўласнасць, адміністрацыйна-каманднымі метадамі кіравання, дырэктыўным планаваннем і размеркаваннем прывялі да таго, што ў СССР адбылося адчужэнне працоўных ад сродкаў вытворчасці, адсюль узнікненне іх абыякавасці, безгаспадарчасці, незацікаўленасці ў выніках сваёй працы. Да важнейшых прычын, якія прывялі да заняпаду эканомікі варта аднесці слабую кампетэнтнасць кіраўніцтва ў эканамічных пытаннях, нежаданне праводзіць рэфармаванне сістэмы гаспадарання ў інтарэсах працоўных. Перыяд з 1970 па 1985 гг. быў для народнай гаспадаркі СССР, у тым ліку і БССР, супярэчлівым. З аднаго боку – ствараліся новыя галіны прамысловасці, уступалі ў дзеянне новыя прамысловыя прадпрыемствы і адначасова падалі тэмпы эканамічнага росту. Так, у 1971-1975 гг. сярэднегадавыя тэмпы прыросту нацыянальнага даходу БССР складалі 8,3 %, у 1981-1985 гг. – 5,6%, прадукцыі прамы-словасці, адпаведна, 10, 4 і 5, 4, а прадукцыйнасці працы – 7,4 і 5,3 %. Па-другое, сучасны ўзровень прамысловасці спалучаўся з захаваннем састарэлага абсталявання і тэхналогій ў іншых галінах, з захаваннем высокай долі ручной працы і адсталасцю сельскай гаспадаркі. Па-трэцяе, на фоне няўхільнага росту рэальных даходаў насельніцтва зніжаліся магчымасці ў набыцці спажывецкіх тавараў. Жыццёвы ўзровень людзей за 60-70 год Савецкай улады істотна палепшыўся. Нягледзячы на стратныя для іх грашовыя рэформы 1947 і 1961 г., іх пакупніцкая здольнасць год ад году ўзрастала. З прычыны пераважаўшага развіцця сродкаў вытворчасці, магутнасці лёгкай і харчовай прамысловасці былі не ў стане задаволіць попыт насельніцтва на спажывецкія тавары. Так, за 1971-1985 гг. грашовая маса павялічылася ў 3 разы, у той час як вытворчасць тавараў – толькі ў 2. Закупка тавараў за “нафтадолары”, галоўным чынам, у нашых таварышаў па сацыялістычным лагеры – Польшчы, Чэхаславакіі, ГДР праблемы не здымала. Нягледзячы на неаднаразовае павышэнне цэн на золата, крышталь, дывановыя вырабы, аўтамабілі і іншыя тавары, іх хранічна не хапала. У ашчадных касах узрастала колькасць укладаў, які абвяшчаўся савецкай прапагандай як паказчык росту дабрабыту грамадзян. Сацыёлагі называлі гэту з'яву “адкладзены попыт”. Тая ж сітуацыя складвалася і з прадуктамі харчавання. За 1965– 1985 гг. у сельскую гаспадарку было ўкладзена 670,4 млрд руб., але аддача ад інвестыцый была вельмі слабой. Так, за восьмую пяцігодку прырост склаў 21%, дзевятую – 13, дзесятую – 9, адзінаццатую – 6. Калі не лічыць часоў войн і рэвалюцый, тэмпы развіцця ў 1981-1982 гг. (2–3%) былі самымі нізкімі за ўсе гады Савецкай улады. Павелічэнне грашовых даходаў ва ўмовах зніжэння тэмпаў эканамічнага развіцця і прадукцыйнасці працы, рост грашовай масы стаў апераджаць вытворчасць тавараў. Стаўленне кіраўніцтва да сацыяльных патрэб насельніцтва па рэшткавым – што засталося ад цяжкой індустрыі – прынцыпе не дазваляла гэтыя грошы “атаварыць”. Другой негатыўнай з'явай у сацыяльнай сферы стала разбурэнне беларускай вёскі, якое адбывалася ў выніку перакосаў УКП(б)-КПСС у эканамічнай палітыцы. Толькі з прыходам да ўлады М. Хрушчова ў сялян узнікла магчымасць адчуць сябе не толькі грамадзянінам, але і чалавекам. Пасляваенная індустрыялізацыя толькі ўмацавала ў іх гэта пачуцце, паколькі жыццё і статус гарадскога жыхара зрабілася не толькі даступным, але і больш прывабным. Варта адзначыць, што ў канцы 1950-х- пачатку 1960-х і ў далейшы час ЦК КПСС ужо не разглядаў вёску як сродак ажыццяўлення індустрыяльных планаў. Калгаснае сялянства і рабочыя саўгасаў атрымалі падатковыя ільготы. З 1950 па 1965 г. у некалькі раз выраслі і рэальныя даходы калгаснікаў. А да 1970 г. аплата працы калгаснікаў павялічылася на 162%, у тым ліку грашовая больш, як удвая. У 1965 г. быў прыняты закон аб пен-сіях калгаснікам. Лепшыя гаспадаркі – калгас “Рассвет”, “Новы быт” прапагандаваліся ў мэтах умацавання калгаснага ладу. Да гэтага часу большая частка насельніцтва рэспублiкі па-ранейшаму жыла ў вёсцы, але за 10 год – з 1959 па 1970 г. – у горад выехала 465 тыс. сялян. І надалей, з 1970 па 1986 гг. колькасць сельскага насельніцтва скарацілася з 5 млн да 3,7 млн. Ужо ў сярэдзіне 1970-х гг. у калгаснай вёсцы праблема рабочых рук, асабліва механізатараў узмацнілася настолькі, што перадавая трактарыстка калгаса “Лагаза” Герой Сацыялістычнай працы Куніцкая выступіла з заклікам “Дзяўчаты, за трактар!” Але працэс адтоку вяскоўцаў у горад набыў незваротны характар. Да ліку сацыяльных праблем, выкліканых недальнабачнай палітыкай КПСС варта аднесці праблему жылля савецкіх, у тым ліку беларускіх працоўных. Нягледзячы на тое, што за часы сямігодкі амаль 2,7 млн грамадзян БССР атрымалі кватэры і пабудавалі дамы ў сельскай мясцовасці, яшчэ большая колькасць жадаючых былі вымушаны чакаць сваёй чаргі. Да сярэдзіны 1980 –х гг. амаль 30 % беларускіх сем'яў і адзінокіх грамадзян адчувалі патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Тое, што пераадолець жыллёвы крызіс ў тыя гады не ўдалося, толькі лішні раз сведчыць аб тым, што для тагачасных улад чалавек не ўяўляў сабой каштоўнасць толькі ў тым сэнсе, што з'яўляўся “вінцікам” сістэмы і выканаўцам разнастайных партыйных праектаў. Аб тым, што яны, гэтыя праекты былі ўтапічнымі, сведчаць распачатая барацьба супраць “неперспектыўных” вёсак, утварэнне аграрна-прамысловых комплексаў і “Харчовая праграма СССР” на тэрмін да 1990 г. і інш. Да сярэдзіны 1980-х гг. вынікі такой палітыкі выявіліся ў тым, што, зноў было ўведзена нарміраванне спажывання асобных прадуктаў пры пастаянных за імі чэргах. У выніку ў 1985 г. па ўзроўні спажывання на душу насельніцтва СССР займаў 77-е месца ў свеце. Спробы вырашыць харчовую праблему за кошт павелічэння закупак за мяжой істотных вынікаў не давалі. Таварны дэфіцыт меў распаўсюджанне і ў БССР. У меншай ступені ён закранаў прадукты харчавання. Дзякуючы адносна высокаразвітым мяса-малочнай жывёлагадоўлі, раслінаводству, садаводству, развядзенню птушкі і рыбы, вялікіх праблем набыцця гэтых прадуктаў не існавала. Нягледзячы на зусім невялікую долю сельскагаспадарчых угоддзяў БССР у маштабе ўсяго СССР, яе пастаўкі малака і мяса ў агульны фонд складалі, адпаведна, 14 і 12%. Наогул, пагаршэнне гаспадарчага развіцця жыхары Беларусі адчулі значна пазней, чым іншых рэспублік. Пасля перажытой вайны, якая здавалася ім настрашэннейшай з бед, а таксама ў сілу сваёй ментальнасці яны з аптымізмам глядзелі ў будучыню. Таму не толькі сацыяльнае, а і палітычнае становішча ў БССР на працягу гэтага перыяду заставалася дастаткова стабільным.
6. Напружаная, стваральная праца працоўных Беларусі не магла не пакінуць следа на навакольным асяроддзі. Актыўнае капітальнае будаўніцтва заводскіх карпусоў, жывёлагадоўчых ферм, дарог, трубаправодаў, жылых дамоў іншых аб'ектаў патрабавала соцень тысяч га зямельных плошчаў, мільёнаў кубаметраў гравію, гліны, вады. Аднаўленне народнай гаспадаркі, жылля, чыгуначных пуцей БССР запатрабавала каласальных аб'ёмаў лесу. Толькі на рамонт і рэканструкцыю шахт Данбасу пайшлі міліёны кубоў. Пад тысячы кіламетраў ліній электраперадач адводзіліся лясныя масівы, паша, ворная зямля. Няспыннымі тэмпамі ішла нарыхтоўка торфу і г. д. Нягледзячы на заканчэнне вайны, працоўны рытм заставаўся нязменным. Да 1954 г. яшчэ існавала крымінальная адказнасць за прагулы. Такім чынам, улада па-ранейшаму ставілася да прыроды і чалавека як да сродкаў дасягнення пастаўленых мэтаў.
|