Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Узнікненне індустрыяльнага грамадства 22 page


Date: 2015-10-07; view: 679.


Духоўнае жыццё таго часу адлюстроўвала складаны і супярэчлівы працэс барацьбы двух тэндэнцый: дэмакратычнай і кансерватыўнай. Выразніцай першай з'яўлялася інтэлігенцыя, якая бачыла ў сталіншчыне велізарную шкоду і выступала за дэмакратызацыю грамадскага жыцця. Другая тэндэнцыя выяўлялася ў дзейнасці партыйнай наменклатуры, заклапочанай захаваннем існуючай палітычнай сістэмы і яе ўмацаваннем. Сфармуляваная ІІІ Праграмай КПСС (1961) задача выхавання “новага чалавека”, якому нале-жала жыць пры камунізме, зрабілася абавязкам і сэнсам дзейнасці ўсіх творчых саюзаў СССР, у тым ліку і БССР. Ускладзеная КПСС-КПБ на майстроў літаратуры і мастацтва адказнасць узрасла яшчэ больш у сувязі з тэарэтычнымі навацыямі аб пабудове “развітога сацыя-лізму”, утварэнні “новай гістарычнай супольнасці – савецкага народа” і інш.

Так, ЦК КПБ сістэматычна склікаў нарады з удзелам творчай і навуковай інтэлгенцыі БССР для вызначэння актуальных задач і прыярытэтных напрам-каў яе дзейнасці, ідэалагічный карэкцыі літаратурнага, мастацкага і інш. працэсаў.

Адукацыйная палітыка ажыццяўлялася строга цэнтралізавана. Паводле Закона «Аб умацаванні сувязі школы з жыццём i аб далейшым развіцці сістэмы народнай адукацьн у СССР», прынятага ў снежні 1958 г., школьная адукацыя скіроўвалася на політэхнічнае навучанне і працоўнае выхаванне.

У 1959 г. была ўведзена абавязковая 8-гадовая адукацыя. Сямігадовыя школы сталі пераўтварацца ў васьмігадовыя, з дзесяцігадовых – агульнаадукацыйныя адзінаццацігадовыя з вытворчым навучаннем, але, паколькі такое навучанна забяспечыць не ўдалося, то яно зрабілася неабавяз-ковым, а з 1966 г. дзесяцігадовая сярэдняя адукацыя ізноў была адноўлена.

Для сірот і дзяцей са слабазабяспечаных у матэрыяльным плане сем'яў утвараліся школы-інтэрнаты. Гэтая сістэма навучання і выхавання сябе апраўдала, у 1965 г. налічвалася ўжо 128 такіх школ. Актывізавалі працу школы рабочай моладзі. У выніку з 1956 да 1965 г. сярэднюю адукацыю атрымалі каля 600 тыс. юнакоў i дзяўчат У 1972 г. у адпаведнасці з чарговай пастановай ЦК КПСС i Савета міністраў СССР, па ўсёй краіне, у тым ліку БССР, пачаўся пераход да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі. У 1985 г. яе атрымалі ўжо 170 тыс., на 20 тыс. больш, чым у 1965 годзе. У гэтай сувязі павялічылася колькасць моладзі, якая ішла на вытворчасць атрымаў-шы сярэднюю адукацыю. Таму школы рабочай моладзі сталі занепадаць. Калі ў 1965 г. там навучалася 136 тыс. чал., то ў 1985 г – 63 тыс.

Акрамя адукацыі, сярэдняя школа, галоўным чынам прах сістэму Навучальна-вытворчых камбінатаў, ставіла на мэце даць выпускніку пэўную прафесію.

Узросшая патрэба ў кваліфікаваных рабочых абумовіла стварэнне для іх падрыхтоўкі спецыяльных навучальных устаноў. Так, у 1959 г. усе рамесныя ,фабрычна-заводскія, чыгуначныя, механізацыі сельскай гаспадарк1 і іншыя вучылішчы былі пераўтвораны у гарадскія прафесійна-тэхнічныя вучылішчы (ГПТУ) i сельскія прафесіянальна-тэхнічныя вучылішчы (СПТУ).З 1961 па 1985 іх колькасць па рэспубліцы вырасла са 103 да 240, Колькасць навучэнцаў – з 62, 6 да 160, 4 тыс. Варта адзначыць, што сацыяльны статус рабочага чалавека быў невысокім, таму і ў ПТВ ішоў вучыцца далёка не лепшы кантынгент юнакоў і дзяўчат. Невыпадкова, каб узняць агульны ўзровень будучых рабочых, у 1970-я гг. у ПТВ, іх навучэнцам, акрамя прафесіі, забяспечвалася сярэдняя адукацыя.

Значна больш высокім аўтарытэтам карысталіся сярэдне-спецыяльныя навучальныя установы – тэхнікумы. У гэты ж час узнік новы тым сярэдне-спецыяльнай навучальнай установы – саўгас-тэхнікум. З 1960 г. па 1985 г. колькасць сярэдне-спецыяльных устаноў павялічылася са 102 да 139, а навучэнцаў у іх – са 139 тыс. да 160, 4 тыс.

У гэты перыяд імкліва развівацца вышэйшая школа. 1960-70-я гг. пачалі працу машынабудаўнічы (Магілёў), радыётэхнічны (Мінск), тэхналагічны лёгкай прамысловасці (Віцебск), машынабудаўнічы, тэхналагічны, (Магілёў), політэхнічны (Наваполацк) і інш. інстытуты. Гродненскі і Гомельскі педага-гічныя інстытуты былі пераўтвораны ва універсітэты.

Варта адзначыць, што сельскія школы па якасці сярэдняй адукацыі часта саступалі гарадскім і таму ў 1970-х гг. з мэтай збалансавання сацыяльнага складу студэнцтва, у ВНУ былі ўтвораны падрыхтоўчыя аддзяленні, якія рыхтавалі іх слухачоў да паступлення на першы курс.

У 1960 г. у БССР налічвалася 24 ВНУ з 59 тыс. студэнтаў. У 1985 г. гэтыя лічбы складалі адпаведна 33 i 182 тыс. Па колькасці студэнтаў на 10 тыс. насельніцтва БССР (164) БССР выйшла на першыя месцы ў Еўропе.

Буйнейшым навуковым цэнтрам рэспублікі па-ранейшаму заставалася АН БССР. Размяшчэнне ў рэспубліцы прадпрыемстваў машына-, станка- і прыборабудавання стымулявалі паскоранае развіццё фізіка-тэхнічных навук.

Дзякуючы распрацоўкам беларускіх геолагаў, у нетрах БССР былі знойдзены радовішчы калійнай солі, нафты, граніту.

За дасягненні ў галіне спектраскапіі, люмінесцэнцыі, квантавай электронікі і матэматыкі лаўрэатамі самай прэстыжнай на той час Ленінскай прэміі былі адзначаны М. Барысевіч, М. Яругін, У. Платонаў, Л. Кісялеўскі, У. Лабуноў і інш. 12 вучоным за дасягненні ў галінах сельскай гаспадаркі, машынабудавання, геалогіі, медыцыны і гуманітарных навук было прысвоена званне Герояў сацыялістычнай працы.

З 1965 па 1985 гг. колькасць вучоных вырасла ў 1,5 раза, і наша краіна па гэтаму паказчыку стала займаць трэцяе месца ў СССР. Рэспубліка набыла велізарны навуковы патэнцыял. Лепшыя сілы навукоўцаў былі заняты праблемамі абароны. Разам з тым ўкараненне распрацовак у эканоміку адбывалася вельмі марудна: затратны, экстэнсіўны характар эканомікі не стымуляваў з'яўлення тэхналагічных навацый.

Новы этап развіцця беларускай літаратуры характарызаваўся ў першую чаргу, пашырэннем яе тэматычнага дыяпазону, узмацненнем увагі да чалавека як асобы, з'яўленнем яркіх творчых імёнаў.

Найважнейшай умовай таго паслужыла выкрыццё сталіншчыны і дэмакратызацыя грамадскага жыцця. У час “хрушчоўскай адлігі” была рэабілітавана частка беларускіх пісьменнікаў – Ц. Гартны, М. Чарот, П. Галавач, М. Зарэцкі і інш. Выйшлі на волю і вярнуліся да працы С. Гpaxoycкi, У. Дубоўка, М. Федаровіч. З 1954 па 1966 гг. Саюз беларускіх пісьменнікаў узрос са 114 да 242 чал. Але ў планах КПСС органаў прызначэнне пісьменнікаў заставалася ранейшым: мастацкімі сродкамі ўслаўляць партыю, савецкі лад, сацыялістычныя дасягненні і інш.

Варта, аднак, адзначыць, што і пасля “хрушчоўскай адлігі”, нягледзячы на суцэльнае падпарадкаванне пісьменнікаў ідэалагічным структурам, нязмен-насці метаду “сацыялістычнага рэалізму”, іх поўнай матэрыяльнай залеж-насці ад дзяржавы, ранейшага, як у часы сталіншчыны, нізкапаклонства перад КПСС і яе правадырамі, мастакі слова публічна не выказвалі.

У цэнтры ўвагі літаратуры 1960-1970-х гг. з'яўляліся раманы І. Мележа якія склалі трылогію «Палеская хроніка». У адзін рад грунтоўных твораў аб жыцці народа ўваходзяць творы А. Чарнышэвіча «Засценак Малінаўка», А. Кулакоўскага «Сустрэчы на ростанях». Вялікай папулярнасцю карысталіся творы І. Шамякіна, “Сэрца на далоні”, «Крыніцы», «Трывожнае шчасце», “Атланты і карыятыды”.

Тэма Вялікай Айчыннай вайне зрабілася найважнейшай ва ўсіх літаратурных жанрах. Новае асэнсаванне ваенных падзей, аналіз псіхалогіі простага салдата, набліжэнне да праўды жыцця характэрны і для творчасці вядомага беларускага пісьменніка Я. Брыля. У сваім рамане «Птушкі і гнёзды» ён адным з першых увёў у беларускую ваенную прозу тэму духоўных каштоўнасцей і праблему выбару паводзін чалавека на вайне.

Прызнаным майстрам гэтага жанра з'яўляецца Васіль Быкаў (“Альпійская балада”, “Дажыць да світання”, “Жураўліны крык”, “Мёртвым не баліць” і іншыя). Ён адным з першых стаў раскрываць сутнасць чалавека на вайне, з яго вартасцямі і хібамі. У цыкле яго «партызанскіх» апо-весцей – «Круглянскі мост», «Сотнікаў», «Абеліск», «Воўчая зграя», «Пайсці i не вярнуцца», «Знак бяды» аўтар, як ніхто іншы да яго, здолеў адыйсці ад схематызму і закрануць рэальныя чалавечыя пачуцці як герояў, так і здраднікаў. У трылогіі І. Чыгрынава «Плач перапёлкі» рэалістычна перадзены драматызм падзей и чалавечых лёсаў на вайне.

Праўдзівае, а не плакатнае, асвятленне чалавечых лёсаў у час вайны ўласціва творам А. Адамовіча, І. Пташнікава, I. Чыгрынава і інш.

Сапраўднай падзеяй у беларускай літаратуры гэтага часу стаў выхад цэлага шэрагу твораў У. С. Караткевіча, якія ляглі ў падмурак новага гіста-рычнага жанру літаратуры. У іх ліку – раманы «Каласы пад сярпом тваім», «Кастусь Каліноўскі», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Хрыстос пры-зямліўся ў Гародні», «Чорны замак Альшанскі».

Адлюстраванне агульначалавечых каштоўнасцей праз асабістыя пера-жыванні герояў стала адной з галоўных тэм пасляваеннай паэзіі П. Броўкі у зборніках «Пахне чабор», «Далёка ад дому», «А дні ідуць…». З вялікай сілай выявіўся талент М. Танка ў зборніках вершаў «Нарачанскія сосны», «Прайсці праз вернасць”. Высокі патрыятызм і тонкая лірыка выдатна спа-лучаліся ў ваеннай тэматыцы паэтаў А. Куляшова і П. Панчанкі.

Славу прызнаных майстроў паэтычнага слова набылі сабе А. Вярцінскі, С. Грахоускі, Г. Бураўкін, Р. Барадулін, Н. Гілевіч, В. Зуёнак, А. Лойка і інш.

У 70-я – пачатку 80-х гадоў у літаратуру прыйшло новае пакаленне: Г. Далідовіч, А. Дудараў, С. Законнікаў, В. Іпатава, У. Някляеў і іншыя. Вельмі характэрна, што большасць з іх у сваёй творчасці стала звяртацца да розных падзей мінулага Беларусі. На жаль, многія творы беларускіх літаратараў даходзілі да чытача не на роднай мове. Характэрна, што з творчасцю В. Быкава і Ул. Караткевіча чытач знаёміўся ў перакладзе іх кніг на рускую мову.

На тэатральнай сцэне вызначылася ўстэйліва тэндэнцыя пераходу ад праблемы бесканфліктнасці, барацьбы добрага з лепшым і г. д. да рэальнага жыцця людзей. Пытанні маралі, унутранага свету чалавека выдатна асвятляў у сваёй творчасці пачынальнік новага этапу ў развіцці беларускай сатырычнай камедыі А. Макаёнак. Яго п'есы «Каб людзі не журыліся», «Лявоніха на арбіце», «Зацюканы апостал», «Трыбунал», «Таблетку пад язык», «Святая прастата», «Верачка», «Пагарэльцы», «Дыхайце ашчадна» выклікалі велізарную цікавасць публікі.

Высокі ўзровень драматургічнага майстэрства прадэманстраваў К. Крапіва ў сваёй п'есе “Брама неўміручасці”.

З пачатку 1980-х гг. заззяла зорка новага драматурга – А. Дударава, які паставіў п'есы "Выбар", "Вечар", "Радавыя". Іх героі прымушалі гледачоў думаць, разважаць, выхоўваць лепшыя чалавечыя якасці. За тыя ж вартасці прызнанне грамадскасці набыла п'есы А. Дзялендзіка «Выклік багам» і А. Петрашкевіча “Трывога”.

Разам з тым заняпад беларускамоўнай літаратуры адмоўна ўплываў на стан нацыянальнай драматургіі. Фактычна доўгі час толькі два тэатральныя калектывы з'яўляліся беларускамоўнымі – Я. Купалы і Я. Коласа.

У купалаўскай трупе выступалі народныя артысты Г. Гарбук, З. Стома, Л. Давідовіч, М. Захарэвіч, З. Браварская, М. Яроменка.

Коласаўцы ставілі п'есы пераважна беларускіх аўтараў. Вялікай любоўю гледачоў карысталіся народныя артысты З. Канапелька, У. Куляшоу, Г. Маркіна, I. Матусевіч, А. Трус. Дзяржаўны рускі драіматычны тэатр імя М. Горкага спецыялізаваўся на рускай і сусветнай класіцы, але часам таксама ставіў спектаклі па творах беларусюх пісьменнікаў. Славу тэатру складалі народныя артысты A. Kлімавa, Р. Янкоўскі, Ю. Сідарау, Ю. Ступакоў і інш.

Значнай падзеяй у культурным жыцці Беларусі з'явілася адкрыццё Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР і тэатра-студыі кінаакцёра ў Мінску, пабудова новага памяшкання драматычнага тэатра ў Гродне.

Цэнтрам падрыхтоўкі нацыянальных кадраў заставалася Белдаруская кансерваторыя. У 1948–1962 гг. яе ўзначальвалі, А. Багатыроў, у 1962–1982 – У. Алоўнікаў, у 1982-1985 – І. Лучанок. Дзякуючы высокапрафесійнаму складу Кансерваторыі, Колькасць беларускіх кампазітараў, песеннікаў, выканаўцаў расло год ад года. Расло і іх майстэрства. У 1960-1980-я гг. на беларускай сцэне былі пастаўлены многія ўзоры оперных класікаў – Ж. Бізэ, Ш. Гуно, П. Чайкоўскага, А. Барадзіна, М. Рымскага-Корсакава, М. Глінкі. Акрамя таго, беларускія аўтары сваёй творчасцю ўзбагацілі гэты від мастацтва. Так, Я. Цікоцкага напісаў оперу “Алеся”, А. Багатыроў – "Надзея Дурава", Г. Пукст – "Машэка". Асаблівым нацыяналь-ным гучаннем характа-рызаваліся оперы Ю. Семянякі, «Зорка Венера», прысвечаная жыццю і творчасці М. Багдановіча, і Дз. Смольскі – «Францыск Скарына».

Беларускі глядач пабачыў пастаноўкі балета “Падстаўная нявеста” і “Святло і цені” Г. Вагнера, “Князь-возера” на музыку В. Залатарова, “Мара” і “Альпійская балада”, “Тыль Уленшпігель” – Я. Глебава. У Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі БССР па лібрэта Ю. Семенякі была пастаўлена першая беларуская аперэта «Паўлінка».

Агульнавядомы творы кампазітараў-песеннікаў У. Алоўнікава "Радзіма мая дарагая" і "Лясная песня", а таксама "Песня пра Нёман" М. Сакалоўскага.

У ліку шматлікіх аўтарскіх твораў – кантата “Беларускія песні” А. Багатырова, араторыя “Званы” Я. Глебава, песні Лучанка і інш.

Набылі саюзную і міжнародную вядомасць Дзяржаўная харавая акадэ-мічная капэла БССР, Дзяржаўны народны хор, Дзяржаўны ансамбль танца, сімфанічны i народны аркестры. З 1970 г. пачаў сваю дзейнасць вакальна-інструментальны ансамбль «Песняры» на чале з У. Мулявіным, а з 1974 г. – ансамбль “Верасы” на чале з В. Раінчыкам. Значную частку іх песеннага рэпертуару займалі творы, прысвечаныя неўміручаму подзвігу савецкіх людзей у Вялікай Айчыннай вайне.

У пасляваенны перыяд надзвычай імкліва развіваецца нацыянальнае кіно. Кінастудыя “Савецкая Беларусь” пераехала з Ленінграда ў Мінск і набыла назву “Беларусьфільм”. У 1947 г. на экраны кінатэатраў выйшаў першы зняты на ёй мастацкі фільм “Новы дом”. Але найбольшыя творчыя дасягненні кінастудыі звязаны з распрацоўкай тэматыкі Вялікай Айчыннай вайны. Так, зняты ў 1949 г. У. Корш-Сабліным фільм “Канстанцін Заслонаў” стаў значнай падзеяй у культурным жыцці краіны і быў адзначаны Сталінскай прэміяй. У ліку такіх жа высокамастацкіх твораў варта назваць кінастужкі другой паловы 1950–1970-х гг. “Гадзіннік спыніўся апоўначы” (рэж. М. Фігуроўскі), “Трэцяя ракета” (рэж. Віктараў), “Альпійская балада”, “Я родам з дзяцінства” (рэж. М. Шпалікаў), “Іван Макаравіч” (рэж. І. Дабралюбаў), “Бацька” (рэж. Б. Сцяпанаў).

З іншых гістарычных падзей увагу кінематаграфістаў прыцягвала Кастрычніцкая рэвалюцыя і грамадзянская вайна – “Запомнім гэты дзень”, “Крушэнне імперыі”, “Хлеб пахне порахам” , “Масква-Генуя”.

Экранізаваліся вядомыя творы беларускіх пісьменнікаў, у тым ліку В. Быкава “Трэцяя ракета”, “Альпійская балада”, “Узыходжанне”, “Знак бяды”; I. Мележа – «Людзі на балоце», У. Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха», «Чорны замак Альшанскі». У многім дзякуючы кінематографу як найбольш запатрабаванаму на той час віду мастацтва, аб існаванні яркіх беларускіх літаратурных талентаў – У. Караткевіча, В. Быкава, А. Адамовіча і інш. стала добра вядома ў рэспубліцы і далёка за яе межамі.

Экранізацыя лепшых спектакляў беларускіх тэатраў, акрамя іншага, спрыяла ўзбагачэнню савецкай культуры, папулярызацыі такіх артыстаў, як Г. Макарава, П. Кармунін, Р. Янкоўскі, Г. Гарбук, В. Тарасаў, М. Яроменка і інш.

Жывапіс і скульптура БССР пасляваеннага перыяду выконвалі тыя ж функцыі, што і іншыя віды мастацтва, але ў найбольшай, чым іншыя, ступені былі ідэалагізаваны. Так, пасля пераадолення сталіншчыны, а затым і хру-шчоўскай адлігі многія героі перажытай эпохі, выкананыя рукамі мастакоў і скульптараў былі знішчаны, а ў лепшым выпадку – схаваны ў кладовых музе-яў, галерэй і г.д. Па-ранейшаму, мастакам, аб'яднаным у творчыя саюзы, даводзілася рабочая тэматыка, аб'емы, матэрыялы, тэрміны і г.д. Іх самастойнасць выяўлялася хіба што ў спосабах выканання дзяржзаказу.

У 1950-я гады беларускі цэх жывапісцаў папоўніўся за кошт маладых выпускнікоў маскоўскіх і ленінградскіх мастацкіх устаноў (М. Савіцкі, М. Данцыг, I. Стасевіч), а таксама выпускнікоў Беларускага тэатральна –мастац-кага інстытута (В. Грамыка, Л. Шчэмелеў, Б. Аракчэеў, I. Рэй). Большасць іх надавала перавагу жывапісу алеявымі фарбамі.

Па тэматыцы змест палотнаў разнастайнасцю не вызначаўся. Як правіла, гэта гістарычныя падзеі – «Кастусь Kaліноўскі» (А. Гугель i Р. Кудрэвіч), «Раніца ў Кастрычніку» (Н. Воранаў), «Паўстанне рыбакоў на возеры Нарач» (В. Цвірка), «Арганізацыя калгаса» (П. Крохалеў); Вялікая Айчынная вайна – «Канстанцін Заслонаў» (Я. Зайцаў); мірнае жыццё і стваральная праща – «Раніца» (М. Манасзон), «Горад абнаўляем», (А. Шаўчэнка), «Шахцёры Салігорска» (І. Стасевіч).

Паступова распаўсюджваюцца жанры пейзажу (В. Цвірка, У. Кудрэвіч, Ф. Дарашэвіч) і нацюрморту (М. Тарасікаў, А. Малішэўскі, В. Жолтак).

Абвешчаная ў Праграме КПСС (1961) перспектыва пабудовы камунізма запатрабавала ад савецкага мастацтва, у тым ліку ад жывапісцаў і скульптараў – актыўнага ўдзелу ў рэалізацыі важнейшай партыйнай задачы – выхаванні новага чалавека. Свой уклад у агульную справу беларускія майстры ўносілі праз услаўленне рэвалюцыйнага мінулага. Так, Н. Варана-вым была напісана карціна «Беларусь. За уладу Саветаў», М. Манасзонам –«І з'езд РСДРП», X. Ліўшыцам – «1-ы Усерасійскі з'езд Саветаў», Ф. Дара-шэвічам – «У. I. Ленін сярод першых чырвоных камандзіраў», А. Шыб-нёваым – «З Ле­ніным»),

Важнейшай рысай творчасці мастакоў другой паловы 1960 – 1980-х гг. стала ўслаўленне подзвігу народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Свае працы на гэтую тэму прысвяцілі Я. Зайцаў «Мая рэспубліка ў агні Айчыннай», В. Грамыка «Салдаты», «1941. Над Прыпяццю»), М. Данцыг («Партызанскае вяселле», А. Малішэўскі («Мы вернемся», I. Стасевіч «Суровае юнацтва»,

М. Залозны «Салдаты».

Асобае месца ў асвятленні гэтай тэмы займае творчасць М. Савіцкага. З яго карцінамі парызанскага цыклу “Блакада», «Пакаранне смерцю»; «Клят-ва», «Віцебскія вароты», «Партызанская мадонна», «Поле». Яшчэ большае эмацыянальнае ўздзеянне маюць напісаныя ім карціны з цыклу “Лічбы на сэрцы”, дзе знайшлі ўвазабленне дабро і зло, любоў і нянавісць, гераізм і здрада.

У азначаны час набываюць далейшае развіццё тэматычны жывапіс: родная прырода, свабодная праца, дом і сям'я. Лепшыя яго ўзоры ўяўляюць «Мае Палессе» Г. Вашчанкі, “Па родных мясцінах” В. Сумарава, М. Савіцкага “У полі”. Toнкім лірычным насіроем прасякнуты карціны М. Казакевіча «Юнац-тва» і Л. Шчэмелева «Вясна». Новым словам у беларускім жывапісе 1970-1980-х гг. з'яўляецца зварот да мінуўшчыны, які здзяйснялі У. і М. Басалыгі, А. Марачкін, У. Тоўсцік, Ф. Янушкевіч.

Партрэтны жанр пераважаў у творчасці Л. Дударэнкі, В. Пратасені, У. Стальмашонка, В. Сахнент, Л. Шчэмелева, Н. Шчаснай. Майстры пейзажу – Б. Звінагродскi, Ф. Дарашэвіч, А. Кроль, Г. Бржазоўскі, М. Даўгяла, I. Пушкоў умела перадаюць свае захапленне хараством прыроды

Аб дасягненнях беларускіх мастакоў выразна сведчаць узоры манумен-тальнага мастацтва: мазаічнае пано «Палёт» Г. Вашчанкі,

віт­раж на фасадзе i размалёука ў холе кінатэатра «Піянер» Я. Зайцава i I. Ц1ханава, мазаіка ў фае кінатэатра «Партызан» М. Данцыга і Б. Няпомняшчага, размалёука «Зямля Светлагорская» Г. Вашчанкі, мазаіка «Партызаны» А. Юшчанкі і інш.

Усталяваны ў 1954 г. у Мінску Манумент Перамогі (аўтар праекта Г. Заборскі, скульптары З. Азгур, А. Глебау, А. Бембель, С. Селіханаў) і запа-лены ў 1961 г. каля яго Вечны агонь сталі не толькі сімвалам, але і сапраўдным мастацкім шэдэўрам. У 1960–1970-я гг. праца беларускіх скульп-тараў і архітэктараў заставалася такой жа запатрабаванай грамадствам, паколькі практычна ўсе населеныя пункты Беларусі патрабавалі ўшанавання памяці яе сыноў і дачок, якія загінулі ў барацьбе з фашызмам. У ліку найбольш велічных помнікаў такога кшталту мемарыяльныя комплексы “Брэсцкая крэпасць-герой” (А. Бембель, У. Кароль, В. Волчак, В. Занковіч, Ю. Казакоў і інш.), «Хатынь» (С. Селіханаў, В. Занковіч, Л. Ле­він і інш.) і «Прарыў» у раёне г. п. Ушачы Віцебскай вобл. (скульпт. А. Анікейчык, Ю. Градаў, Л. Левін), помнік “Курган Славы Савецкай Арміі – вызваліцельніцы Беларусі (А. Бем­бель, А. Арцымовіч, А. Стаховіч)

У 1975 г. у Жодзіне адбылося адкрыццё помніка Н. Ф. Купрыянавай (А. Заспіцкі, І. Міско, М. Рыжанкоў), якая не дачакалася з вайны пяці сваіх сыноў.

Высокамастацкая манументальная скульпту­ра таксама ўвасобілася ў помніках У. I. Леніну ў Лепелі (I. Глебаў), Я. Купалу (А. Анікейчык, Л. Гумі-леўскі, А. Заспіцкі), Я. Коласу ( З. Азгур) у Мінску, Ф. Скарыне ў Полацку (А. Глебаў, I. Глебаў, А. Заспіцкі),

Лепшыя ўзоры станковай скульптуры прадстаўлены партрэтамі У. І. Леніна (З. Азгур), М. В. Фрунзе (А. Анікейчык і Л. Гумілеўскі), Я. К. Цікоцкага (І. Міско), М. Багдановіча (С. Вакара), М. М. Чуркіна (Г. Мурамцаў), К. П. Арлоўскага (У. Хмызнікаў).

У высокарганізаваным грамадстве духоўныя каштоўнасці (рэлігія, мараль, шэдэўры сусветнага і айчыннага мастацтва, агульначалавечыя і нацыянальныя трацыцыі і інш.) маюць большую значнасць, чым матэрыяльныя. У БССР, як і ва ўсім СССР, духоўнасць грамадзян асацыі-равалася са ступенню авалодання імі сацыялістычных каштоўнасцей (марксізм-ленінізм, сацыялістычная Радзіма, агульнанародная ўласнасць, калектывізм і таварысцкая ўзаемадапамога, “чалавек чалавеку – сябар, таварыш і брат, дружба народаў СССР і інтэрнацыяналізм і інш.), якія прапагандаваліся ў СМІ, літаратуры, мастацтве, падчас дзяржаўных святаў і юбілейных дат.

Лічылася, што ў нашай краіне самая адукаваная і высокамаральная моладзь, якая праз УЛКСМ непарыўна звязана з КПСС і гатова выканаць любую, пастаўленую задачу. Існаванне “несаюзнай” моладзі і нейкіх асобных яе інтарэсаў лічылася выключэннем, якое не заслугоўвала ўвагі. Так да пачатку перабудовы, за 20 год існавання Камісіі па справах моладзі ў Вярхоўным Савеце БССР яе члены не падалі ніводнага заканапраекту аб жыццёвых патрэбах юнакоў і дзяўчат. Не выклікала заклапочанасці ўсяго парламента (старшыні Прэзідыуму І. Шамякін, з 1985 – І. Навуменка) поўнае знікненне ў гарадах беларускіх школ, звужэнне сферы выкарыстання беларускай мовы, занядбанасць гістырычным мінулым, помнікамі і традыцыямі мінуўшчыны. Занятыя вырашэннем уласных праблем партыйная і камсамольская наменклатура разам з кіраўніцтвам творчых саюзаў не маглі прадпрыняць дзейсных захадаў супраць распаўсюджання ў нашай краіне элементаў заходняй культуры. Не дзіўня, што моладзь губляла давер да сацыялістычных каштоўнасцей і стварала ўласную субкультуру: павальна захаплялася айчыннай і замежнай музыкай (стылі “рок”, “поп”, “дыска”) і контрабанднымі “відакамі”; збівалася ў суполкі “панкаў”, “металістаў”, “рокераў”. Насуперак ачмурэлай атэістычнай прапагандзе, трэць юнакоў і дзяўчат удзельнічала ў рэлігійных абрадах.

На пачатку 1980-х гг. расчараванне савецкіх людзей сацыялістычнымі каштоўнасцямі адбілася і на пабытовым узроўні, калі ў грамадстве надзвычай пашырылася п'янства, наркаманія і г. д.

З пачаткам перабудовы, партыйныя ідэолагі трактавалі змест духоўнасці ў непарыўнай сувязі з марксізмам-ленінізмам і толькі пад уздзеяннем магутнага адраджэнскага руху былі вымушаны прызнаць вяршэнства агульначалавечых каштоўнасцей над класавымі (“сацыялістычнымі”), у тым ліку рэальную свабоду сумлення, неабходнасць беларускай мовы ў якасці дзяржаўнай і многае іншае. Але шматлікія пастановы партыйных пленумаў, выступленні СМІ (тэлебачанне, прэса, радыё) па ўмацаванні народнай духоўнасці мелі дэкларатыўны характар. Вызначаць гэты працэс, ажыццяў-ляць яго і кіраваць ім у ЦК КПБ ужо не было ні сіл, ні магчымасцяў. Па сутнасці, за словамі аб духоўнасці хаваліся тактычныя намаганні наменклатуры захаваць сваю ўладу і сацыялістычны курс развіцця.

Тая ж частка беларускага народа – інтэлігенцыя і проста грамадзяне, якія не атаясамлівалі духоўнасць з камунізмам, звязалі яе з нацыянальнымі патрэбамі – адраджэннем дзяржаўнага статусу беларускай мовы, арганіза-цыяй сістэмы беларускай адукацыі, пераадоленнем нацыянальнага нігілізму, развіццём нацыянальнай літаратуры, тэатра, музычнага і выяўленчанга мастацтва. На фоне разбуральных працэсаў у эканоміцы, сацыяльных узрушэнняў (беспрацоўе, п'янства, наркаманія, прастытуцыя, СНІД і інш.) аслаблення саюзнай дзяржавы праблема “духоўнага Чарнобылю” здавалася нацыянальна свядомым грамадзянам значна больш актуальнай, чым усе астатнія. Невыпадкова, што неаднолькавыя падыходы ўсіх палітычных і грамадскіх аб'яднанняў да вызначэння прыярытэтных накірункаў у палітыцы перабудовы абумовілі разнастайныя праявы духоўнага жыцця, супярэчлівыя вынікі і ацэнкі.

У ліку першых у БССР, хто скарыстаў спрыяльную палітыку перабудовы на карысць нацыянальных інтарэсаў, былі сябры шматлікіх гісторыка-культурных аб'яднанняў – “Талака” (Мінск), “Паходня” (Гродна) і інш., а таксама маладыя літаратары Саюза пісьменнікаў, якія арганізавалі ўласную суполку “Тутэйшыя”. Менавіта гэтыя суполкі, у партыйнай трактоўцы – “нефармальныя аб'яднанні” – абмяркоўвалі складаныя перыяды гісторыі, бралі ўдзел у святкаванні народных святаў “Гуканне вясны”, “Дзяды”, крытыкавалі сталінізм і г. д. Іх намаганнямі з'явіліся першыя, напалову легальныя друкаваныя выданні і лістоўкі. Менавіта яны паставілі ў парадак дня павышэнне статусу беларускай мовы. Таму ж паспрыялі змешчаныя ў адкрытым друку звароты (1986) і (1987) прадстаўнікоў творчай і навуковай інтэлігенцыі БССР на адрас Генеральнага сакратара ЦК КПСС М. Гарбачова. Ідэю аб яе дзяржаўнасці настойліва праводзіла газета Саюза пісьменнікаў “Літаратура i мастацтва”. Пасля таго, летам 1988 г. у ёй з'явіўся артыкул аб знойдзеных у Купрапатах парэштках ахвяр сталінізму, яе аўтарытэт значна ўзрос.

У 1988-1989 навучальным годзе ў многіх ВНУ БССР па рашэнні рэкта-ратаў стаў чытацца курс гісторыі Беларусі на беларускай мове. Нарэшце, павышэнню статусу беларускай мовы паспрыяла ўтварэнне ў чэрвені 1989 г. грамадскіх арганізацыі – БНФ “Адраджэнне” (старшыня З. Пазняк) і Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны (старшыня Н. Гілевіч).

Прапаганда беларускімі арганізацыямі беларускай мовы, герба “Пагоня”, бела-чырвонага-белага сцяга сустракала жорсткую крытыку і нават сілавыя захады з боку партыйнай наменклатуры, якую А. Адамовіч і В. Быкаў назвалі “антыперабудовачнай Вандэяй”. Але ўрэшце, напярэдадні выбараў у Вярхоўны Савета БССР, каб не адштурхнуць ад сябе электарат, КПБ была вымушана прызнасць справядлівасць патрабаванняў беларускіх арганіза-цый і ў снежні 1989 г. яна выказалася ў падтрымку беларускай мовы як дзяржаўнай, нацыянальнай школы і г. д.

Нарэшце, 26 студзенн 1990 г. зноў абраны парламент БССР прыняў за-кон "Аб мовах у Беларускай ССР", які надаў беларускай мове статус дзяр-жаунай. 20 верасня 1990 г. Вярхоўны Савет (старшыня М. Дземянцей) за-цвердзіў распрацаваную Саветам Міністраў Дзяржаўную праграму развіцця беларускай мовы i іншых нацыянальных моў. Ужо да гэтага часу ў сістэме дашкольнай і школьнай адукацыі адбыліся станоўчыя змены ў плане беларускамоўнага выкладання і выхавання. Іншая справа, што традыцыйная чыноўніцкая паспешлівасць у гэтым пытанні выклікалі справядлівыя пра-тэсты грамадзян.

Нягледзячы на сваю абмежаванасць, распачатая палітыка перабудовы ў плане дэмакратызацыі і галоснасці паспрыяла далейшаму прагрэсіўнаму развіццю беларускай літаратуры. У прыватнасці, на хвалі адноўленай палітычнай рэабілітацыі ахвяр сталінскага рэжыму да чытача вярнуліся забароненыя творы М. Гарэцкага, А. Гаруна, П. Галавача, У. Ластоўскага. З'явіліся повесці-успаміны С. Грахоўскага "Зона маучання", "З воўчым білетам", П. Пруднікава "Яжовыя рукавіцы", Ф. Аляхновіча "У капцюрах ГПУ", Б. Мікуліча "Апо­весць для сябе", у часопісе “Маладосць” былі надрукаваны ўспаміны Л. Геніюш “Споведзь”.

Значны літаратурны рэзананс выклікала Чарнобыльская катастрофа. З яе мастацкім асэнсаваннем выступілі Б. Сачанка “Родны вугал”, І. Шамякін з творам "Злосная зорка", В. Карамазаў – "Краем Белага шляху", В. Казько – "Выратуй i памілуй нас, чорны бусел", А. Адамовіч – "Апакаліпсіс па графіку", У. Някляеў – "Зона".

Пасля смерці У. Караткевіча (1984) эстафету гістарычнага рамана пра-цягнулі Л. Дайнэка з творамі аб беларускім сярэднявеччы – “Меч князя Вячкі", “След ваўкалака", "Жалезныя жалуды". Уважлівым даследчыкам і тонкім назіральнікам выявіў сябе У. Арлоў творамі “Дзень, калі ўпала страла” і «Асветніца з роду Усяслава» (1989). Велізарную папулярнасць заваяваў твор. К. Тарасава «Памяць пра легенды: беларускай даўніны галасы i абліччы» і інш. Важкі ўклад у вяртанне забытых іменаў унёс Э. Ялугін сваёй дакументальнай аповесцю “Без эпітафіі аб лёсе” Ц. Гартнага.

У тэме Вялікай Айчыннай вызначыліся тэндэнцыі адыходу ад павяр-хоўных, плакатных персанажаў, накшталт герояў І. Шамякіна “Зеніт”, да раскрыцця складаных характараў, адбітых у творах В. Быкава “Кар'ер”, “Сцюжа” і І. Новікава “Ачышчэнне”.

Новым словам у літатаруры канца 1980-х стала аповесць С. Алексіевіч “Цынкавыя хлопчыкі”, прысвечаная ахвярам вайны ў Афганістане.

Беларуская паэзія развівалася больш імкліва. Значная яе частка насіла публіцыстычны характар. У ліку лепшых аўтараў Н. Гілевіч, які прысвяціў нацыянальна-культурнаму адраджэнню свае кнігі паэзі «Повязь», «Як дрэва карэньнем», «Жыта, сосны й валуны». Зборнікі вершаў выдалі Р. Барадулін і В. Зуёнак. У 1988 г. Сапраўднай падзеяй у літаратурным сусвеце зрабілася выданне асобнай кніжкай легендарнай у 1970-х гг. ананімнай вершаванай паэмы “Сказ пра Лысую Гару”. Першыя тыражы твора па 30 тыс. экзем-пляраў быў былі раскуплены імгненна. Прычына таго не толькі ў талена-вітасці твору, але і ў рэалізме адбітых у ёй падзей.

Матывамі адраджэння прасякнута кніга паэзii «Міласэрнасць плаxi» Р. Барадуліна. Патрэбам беларускага адраджэння прысвячалі сваю творчасць маладыя паэты А. Сыс, С. Сокалаў-Воюш, Л. Рублеўская, А. Пісьмянкоў, Л. Дранько-Майсюк, Г. Булыка, А. Глобус, В. Шніп і інш.


<== previous lecture | next lecture ==>
Узнікненне індустрыяльнага грамадства 21 page | Узнікненне індустрыяльнага грамадства 23 page
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 3.384 s.