|
Тэма 1 УВОДЗІНЫDate: 2015-10-07; view: 520. МІНСК - 2007 КУРС ЛЕКЦЫЙ ПА ДЫСЦЫПЛІНЕ “ ГІСТОРЫЯ ПІРАТЭХНІКІ “ ДЛЯ СТУДЭНТАЎ СПЕЦЫЯЛЬНАСЦІ “ РЭЖЫСУРА “ КАФЕДРЫ РЭЖЫСУРЫ АБРАДАЎ І СВЯТ
Пытанні: 1. Піратэхніка і яе месца сістэме выразных сродкаў свята. 2. Вогненыя дзеі народаў сусвету. 3. Вогнена-светлавыя дзеі і механізмы старажытнай Грэцыі і Рыма. 1.1. На сучасным этапе піратэхнічныя дзеі, феерверкі і піратэхнічныя шоў, спектаклі займаюць важнае месца ў свяце, з”яўляючыся ў яе структуры адным з самых яскравых і выразных сродкаў. Піратэхнічныя эфекты ( дымавыя, выбухова-гукавыя, вогненыя і вогнена-іскрыстыя ) часта выкарыстоўваюць як выразны элемент дэкору рознатэматычных святочных фрагментаў – урачыстае адкрыццё Алімпійскіх гульняў, мастацка-гістарычных дзей, святаў мастацтва, тэатралізаваных канцэртаў, шэсцяў, абрадава-рытуальных дзей, масава-гульнёвах праграм і г.д. Пры дапамозе піратэхнічных дзей, напрыклад выбуховых, можна зрабіць акцэнт на пачатак і завяршэнне ўрачыстага шэсця ці іншай дзеі, тоста ў святочным застоллі, раскрыць гукавую палітру бою ці дуэльных паядынкаў, даць старт спартыўным спаборніцтвам і т.п. Дымавыя эфекты на сучасных святах пры дапамозе самалётаў часта утвараюць прамалінейныя кампазіцыі, якія адлюстроўваюць сімволіку дзяржаных святаў краін, а вечарам дымавыя ці паравыя воблакі ставяць у паветры і лазернымі промнямі робяць на іх мастацкія кампазіцыі. Вогненыя эфекты з”яўляюцца элементамі дэкаратыўнага афармлення вогнішчаў на святах у дзіцячых летніках, на сустрэчах дзяцей і моладзі з з ветэранамі вайны, учас правядзення турыстычных злётаў, фестываляў бардаўскай песні, на народных святах каляндарнага цыклу і .д. Вогнена-іскрыстыя эфекты знаходзяць прымяненне ў любым свяце . Іх выкарыстоваюць і як асобнае дзеянне, і якасці мастацкай кампазіцыі, і як галоўны сродак дэкаратыўнага ці тэатралізаванага феерверку. Адметнай асаблівасцю сучасных беларускіх феерверкаў стала тэатралізацыя піратэхнічных дзей, што дае магчымасць засяродзіць увагу гледачоў на значнасці падзеі, адлюстраваць яе ў вобразна-сімвалічнай форме, аб”яднаць у адзінае драматургічнае цэлае святло, музыку, слова і пластыку, што аказвае вялікае ўздзеянне на прысутных, выклікае пазітыўныя эмоцыі, выхоўвае высока-эстэтычныя густы.
1.2. Агонь займаў і займае важнае месца ў жыцці чалавека. Карыстанне агнем упершыню дало чалавеку панаванне над пэўнымі сіламі прыроды, з'явілася адным з тых штуршкоў, якія паскараюць развіццё прагрэсу ўсяго чалавецтва. Агонь абаграваў і асвятляў жыллё, бараніў ад дзікіх жывёл, на ім гатавалі ежу. Вакол агнёў наладжвалі абрады, паляўнічыя пляскі, яго запальвалі ў гонар важнай падзеі ў жыцці плямён, выкарыстоўвалі ў марской справе ( на маяках, караблях). Яшчэ ў дагістарычныя часы палаючыя кастры і паходні з'яўляліся сродкам баявой піратэхнікі з мэтай перадачы вогненых сігналаў аб набліжэнні ворага, пачатку ваенных паходаў, баявых дзей. Тагачасныя людзі абагаўлялі агонь, успрыймалі яго як звышнатуральную сілу і таму не маглі растлумачыць прычын яго паходжання. Гэта з'явілася падставай для з'яўлення міфаў – выдуманых гісторый, якія ў вобразна-паэтычнай форме адлюстроўвалі паходжання розных з'яў прыроды. Старажытныя індусы, як адзначае беларускі этнограф С. Цярохін, лічылі, што бог агню Агні узнік з насення дрэва і з таго часу цудоўнае цяпло жыве ў кожным дрэве. Жыхарам Каралінскіх астравоў агонь па загаду бога агню Алафета прынесла птушка Мві. Палінезійскі паўбог Маўі, рызыкуючы жыццем, здабыў яго для людзей у падземным царстве. Міфы старажытнай Грэцыі даводзяць, што менавіта тытан Праметэй, насуперак волі Зеўса, украў у багоў агонь і, схаваўшы іскрынку ў сцябле расліны нарцек, стрыжневая мякаць якой доўга тлее, прынёс яго людзям(1). На усходзе Беларусі агонь называлі “пяруновым цяплом”, бо лічылі яго дарункам Пяруна – вярхоўнага бога язычніцкага пантэона ўсходніх славян. У Беларусі было распаўсюджана паданне, што агонь на зямлю трапляе з маланкі, а яны выскокваюць з-пад капытоў каня, на якім Пярун імчыцца па небе. Міфы і пісьмовыя крыніцы сцвярджаюць, што Пярун быў высачэзнага росту, з доўгай барадой, з
чорнымі валасамі, велічны, статны. Яго грымучы лук – каменны молат, часам вясёлка. Яго стрэлы – гэта маланкі. Імі ён разбівае варожыя войскі чорнабога. Яны нагрувашчваюць цяжэрныя хмары, каб засланіць сонца, сарваць месяц, сумясціць у хмары напітак жыцця – ваду. Але Пярун адным ударам разбівае хмары, і вызваленая вада льецца на зямлю. Нячысцікі бягуць на зямлю, але і тут іх наганяюць стрэлы Пяруна. У гонар уладальніка маланкі і грому ва ўсходняй Еўропе ў гаях пад вялікімі дубамі будавалі капішчы – свяцілішчы, дзе заўсёды гарэў нязгасны агонь – “ зніч ”. У Беларусі такія капішчы адкрыты археолагамі пад Полацкам, Віцебскам, Рагачовам. Ёсць звесткі, што ў цэнтры сучаснага Мінска, на беразе Свіслачы некалі знаходзілася старажытнае капішча і праіснавала дзесьці прыкладна да 1910 года. ( 1). У Вільні ў 1269 годзе галоўны храм Пяруны – капішча “ мела прамавугольную форму памерам 101 на 71 метр. У цэнтры пад вялічэзным разложыстым дубам узвышаўся ідал Пярун. Алтар – месца для ахвяр і модлаў – знаходзіўся на галереі з дванадцаццю прыступкамі, на якіх былі паказаны ўсе змяненні месяца па квадрах. У нішы гарэў зніч – нязгасны агонь. Пяруну ўзносілі хвалу, прыносілі ахвяры.” Капішчы Пяруна з'яўляліся першымі культавымі вогнена-светлавымі відовішчамі на тэрыторыі усходніх славян, балтаў і іншых народаў. Агонь як сімвалічны атрыбут уваходзіў у шматлікія святочныя абрады і рытуалы сонечнага культа, дзе ён атаясамліваўся з падабенствам сонца на зямлі. У Беларусі культавыя кастры запальвалі ў дні святкавання Каляд, Масленіцы, Гукання вясны, Вялікадня, Юр'я, Сёмухі, але найбольш яркай відовішчнасцю вогненых дзей выдзялялася Купалле – свята летняга сонцастаяння. У гэты дзень сяляне здзяйснялі рытуальны абход палеткаў з палаючымі паходнямі, запаленым колам на шасце, наладжвалі карнавалізаваную працэсію з палаючымі коламі да месца правядзення свята; па дарогах, на гасцінцах і вакол вёсак качалі вогненыя колы. На месцы святкавання праводзілі варажбу-пераступанне праз “промні сонца”, пускалі на ваду вянкі з палаючымі свечкамі, спальвалі пудзіла Мары, або чэрап каня
ці каровы. Удзельнікі ігрышчаў вакол кастроў праводзілі магічныя карагоды, прыгалі праз касцёр паасобку і папарна, варажылі шляхам кідання вянкоў у касцёр, скатвалі палаючыя колы ў рэчку. Менавіта Купалле стала месцам прымянення першага піратэхнічнага сродка беларусаў – растолчаных у ступе насенняў дзеразы – вечназяленай травяністай расліны накштал імху, якая сцелецца па зямлі. Напрыканцы свята ў дагараючы касцер, каб падтрымаць моц адыходзячага на зіму сонца, кідалі высушаныя споры гэтай расліны. Пры запальванні яны давалі эфект імгненна ўзлятаючых у вышыню вялізарных языкоў полымя, што аказвала на прысутных вялікае эмацыянальнае ўраджанне. Паступова страчваючы сваё культавае значэнне, святочныя кастры замацаваліся ў абрадах беларусаў як эстэтычны кампанент і сталі служыць у якасці вогненна-светлавога афармлення гульнёвых дзей народных святаў. У народаў сусвету вогненыя дзеі як рэлігійнага, так і свецкага характара увасаблялі ў розных формах. Даследчыкі лічаць, што адно з першых пісьмовых успамінаў аб прымяненні агню як відовішча датуецца 568 г. да н.э., калі рымскі цар Сервій Тулій заснаваў у гонар завяршэння сяўбы свята, у час якога ў кожнай вёсцы запальвалі вялікі касцёр і наладжвалі пляскі, песні, забавы. Яшчэ ў тыя далёкія часы кастру як атрыбуту свята часам надавалі сэнсавае і вобразнае рашэнне. Старажытнагрэчаскі гісторык Плутарх занатаваў святкаванне перамогі Паўла Эміля над македанянамі пры гары Алімп ў 168 г. да н.э.: “Пасля заключэння міра правадыр воінства запрасіў усіх грэчаскіх князёў і вельмож на шыкоўнае святкаванне, падрыхтоўка да якога доўжылася каля года, дзе пачаставаў іх і увесяліў народ, склаўшы вялікі касцёр, зроблены з рэшткаў зброі і здабычы ад пераможаных македанян, і падышоў да кастра з запаленым факелам, прыкладу яго паследавалі і іншыя ваенаначальнікі, запальваючы такія ж кастры перад сабой”. Вялікія Панафінейскія гульні, якія святкаваліся ў старажытнай Грэцыі ў ліпені месяцы раз у чатыры гады ў гонар багіні Афіны-Паллады, пачыналіся факельным бегам: ад алтара Любві ў прыгарадным гаі палаючыя факелы неслі да алтара Афіны на Акропале. Кажуць, што гэты бег заснаваў калісці сам Праметэй, падараваўшы людзям агонь. Бег з факеламі адбываўся цёмнай ноччу і быў самай эфектыўнай часткай свята. Антычная гісторыя захавала звесткі і аб святочных ілюмінацыях з запальваннем вялізнай колькасці свяцільнікаў. Грэкі і рымляне да свята Лампадарыё наладжавалі ілюмінацыі ў гонар багіні Мінеўры – за дастаўку елея, Вулкану – за вынаходніцтва свяцільнікаў. Праметэя ушаноўвалі за тое, што даў агонь людзям. Такія ж ілюмінацыі наладжвалі кожныя пяць год у дзень Фебры – маці Марса. Усе грамадзяне павінны былі мець перад сваімі дамамі запаленыя васковыя свяцільнікі, каб задобрыць багіню і прасіць у яе сына перамогу над ворагам. У гонар Цэцэры – супругі бога падземнага свету рымляне вясной наладжвалі факельныя святы, працэсіі з факеламі і свечкамі. Папулярнасць гэтага шэсця была настолькі вялікая, што, калі папа Галасій (492 – 496 г.г.) увёў у Іерусаліме замест язычніцкай дзеі дзень Эпіфаніі (дзень нараджэння Хрыста), адна з партый у рымскім сенаце патрабавала аднаўлення адмененага язычніцкага факельнага шэсця. Першага лютага увесь горад Рым быў запоўнены людзьмі, якія неслі васковыя свечкі і факелы ў гонар святога Фебруарыя. Вогнена-светлавыя дзеі часам насілі інфарматыўны характар. Так, рымляне ў пачатку свята Церэнціі ў гонар падземных багоў здзяйснялі запальванне факелаў, серы і смалы на Капітоліі і ў храме Апалона. У старажытных егіпцян адно з вогненых урачыстасцяў атрымала назву “Свята свецільнікаў”: іх запальвалі ў вокнах кожнай хаты, асвятляючы паселішча рознакаляровымі агнямі. Індусы ў часы Аляксандра Македонскага, як сведчаць літаратурныя крыніцы, майстэрскі валодалі мастацтвам упрыгожвання сваіх святаў вогнена-светлавымі эфектамі. У старажытным Рыме агонь часта з'яўляўся атрыбутам тэатралізаваных дзей. Так, рымскі гісторык і пісьменнік Светоній распавядае аб тым, што пасля аднаго з трыумфаў Цэзара вечарам жыхары Рыма былі надзвычайна уражаны незвычайнай ілюмінацыяй, мноствам запаленых факелаў, якія былі усталяваны на спінах ідучых сланоў і асвятлялі трыумфатару дарогу на Капітолій. У рымскім цырку у час гульняў існаваў народны звычай цкавання лісіц, якім да хваста прывязвалі факелы. 1.3. Рускі даследчык піратэхнікі А. А. Крылоў указвае, што па меры роста культурнага і тэхнічнага ўзроўня людзі ўдасканальвалі вогнена-светлавыя эфекты і не заўседы за лік чыста піратэхнічных сродкаў, але прымянялі тэхнічныя знаходкі, розныя механізмы. Лацінскі пісьменнік Кладзіян у 403 г. н.э., апісваючы праведзены феерверк, спачатку упамінае аб машынах і дэкарацыях, усталяваных у цырку, а ўжо затым аб чыста піратэхнічных элементах, бягучых агнях, якія выкручваліся па распісных дошках, не спальваючы іх, а затым хутка круціліся, утвараючы розныя кругі і вогненыя шары. Апісанне лацінскім паэтам Клаўдзіянам, які жыў пры двары імператара Ганорыя, даводзіць, што на амфітэатральных ігрышчах, пастаўленых у першы дзень 399 г., у феерверку выкарыстоўвалі розныя ракеты і вогненыя колы. У старажытныя часы акрамя ракет былі вядомы і піратэхнічныя апараты з рэактыўнымі рухавікамі. Адно з самых першых такіх прыстасаванняў – гэта “лятучы галуб”, створаны ў 360 г. да н.э. грэкам Архітам, сябрам Платона. Нажаль, тэхнічныя дадзеныя вынаходніцтва Архіта да нас не дайшлі, але сам факт існавання такой пірабалічнай спаруды сведчыць аб пачатку новага этапа ў развіцці піратэхнічнага мастацтва. ( 1) Такім чынам, агонь у дагістарычныя часы адыграваў важнейшую ролю як у матэрыяльным, так і духоўным жыцці чалавека, калектыва, грамадства. Культавыя і свецкія вогнена-светлавыя дзеі, з'яўляючыся адным з выразных сродкаў абрадавых і святочных урачыстасцяў, паступова удасканальваліся за кошт выкарыстання архітэктурна-дэкаратыўных элементаў і тэхнічных творчых знаходак, прымянення новых піратэхнічных вырабаў і саставаў, што павышала эфектыўнасць эмацыянальнага і педагагічнага ўздзеяння.
ЛІТАРАТУРА : 1. Гуд П.А. Мастацтва феерверкаў. Мн., 2007. 2. Гуд П.А. Огненная симфония. Из истории феерверков Белоруссии. – Дзержинск, 1997. 3. Гуд П.А. Беларускае купалле: кампазіцыя і семантыка абрадавых дзей. – Мн., 1997. 4. Крылов О.А. Основы фейерверочного искусства. – М., 1996. 5. Трапенок В.А., Антонова Л.А. От маленькой хлопушки до большого фейерверка. – СПб., 1996.
Тэма 2 “ Першыя крокі піратэхнікі краінах Еўропы, Азіі і Афрыкі. Вобразнасць і сімволіка пірадзей новага году ў Кітаі.
ПЫТАННІ:
1. Вынаходніцтва “ грэчаскага агню” і яго прымяненне. 2. Вынаходніцтва пораху і яго выкарыстанне ў абрадава-рытуальных дзеяннях Кітая і Індыі. 3. Піратэхніка як выразны сродак новага году ў Кітаі. 4. Першыя дэманстрацыі паветраных піратэхнічных вырабаў на грамадзянскіх і ваенных феерверках Кітая.
1.1. У эпоху ранняга сярэднявечча вогненыя сродкі прымянялі не толькі ў свецкіх, але і ў ваенных дзеях, дзе ўжывалі снарады як запальнага так і светлавога дзеяння. Карфагеняне, афіняне і рымляне пры аблозе крэпасцей выкарыстоўвалі балісты і катапульты, якія кідалі на ворага бочкі з запальнымі саставамі, а візантыйцы прымянялі і светлавыя зарады ( напрыклад, супраць славян у час аблогі г. Фесалонік ( 597 г.). У выніку шматвекавых вопытаў па пошуку і удасканальванню запальных саставаў піратэхніка паднялася на новы узровень. Падзеяй надзвычайнай важнасці стала вынаходніцтва ў 668 г. ў Візантыі “грэчаскага агню”, самай эфектыўнай тагачаснай зброі, якую стварыў механік і архітэктар Калінік з Геліяполісу ( візантыйская правінцыя на тэрыторыі сучаснай Сірыі ). Грэчаскі агонь – гэта піратэхнічны састаў двух тыпаў: першы меў якасці пораха і выкідваў з жалезных труб каменныя ядры; другі – здольны гарэць, выдзьмухвалі з доўгіх труб для абпальвання сухапутных войск. Даследчыкі выказваюць меркаванні, што асноўным саставам гэтага грэчаскага агню была смала і сера, часам сала; для жыдкага грэчаскага агню дабаўлялі нафту, альбо гэты састаў складаўся з нафты і негашанай вопны ці смалы і нафты. Гістарычныя дадзеныя сведчаць, што ўжо праз пяць год пасля вынаходніцтва грэчаскі агонь скарысталі ў марскім флоце для спальвання драўляных караблёў праціўніка. Першай яго ахвярай стаў арабскі флот: у 673 г. ён быў поўнасцю знішчаны візантыйцамі ў марской бітве пры Кізіке ( 1 ). Яшчэ праз пяць год імператар Візантыі Канстанцін IV Паганат паспяхова прымяніў новыя саставы баявой піратэхнікі супраць арабаў, якія асадзілі Канстантынопаль. Візантыйскі імператар Леў ІІІ (717-741 г.г.) у сваёй “Тактыцы” рэкамендаваў для “грэчаскага агню” усталёўваць вогнекідальныя трубы на носе трыер (марскіх караблеў) і гэта дало свой плен. У час араба-візантыйскай вайны (717-718 г.г.) арабскі флот ізноў быў спалены грэчаскім агнём каля Канстантынопаля і гэтыя звесткі не адзінкавыя. Шырокавядомым з'яўляецца той факт, што ў 941 г. кіеўскі князь Ігар распачаў вайну супраць Візантыі. Жудасныя вынікі гэтага пахода апісаны ў “Повести временных лет”: дзесяць тысяч караблёў Ігара высадзілі дэсант на паўночным узбярэжжы Малай Азіі, але грэкі падцягнулі сілы, скінулі дэсант у мора і скарыстаўшы “грэчаскі агонь”, спалілі рускія лодзіі. “Греки начали трубами огонь на лодьи русские пускать. И бысть видение страшно. Тогда много людей русских сожжено и потоплено греками, но некоторые, увидя оное, отступили и возвретися на Русь. Пришедшие же поведали об этом насчасти от огня, его же греки на судах своих имея, пушают и гибнут суда”. Разгром быў поўны.[2] Грэчаскі агонь ужывалі не толькі ў ваеннай справе, але і ў феерверках на ўрачыстых цэрымоніях, а таксама для іллюмінавання святочных дзей. Ен з'яўляўся манаполіяй і дзяржаўнай тайнай грэкаў многія ________________________________________________ стагоддзі, а затым стаў вядомы іншым еўрапейскім народам. Марк Грэк, які выдаў ў XIII стагоддзі сваю працу “Кніга аб агнях для спалення ворагаў” прыводзіць удасканалены састаў “грэчаскага агню”: адна частка вугля, адна частка серы і шэсць частак салетры. У многіх гістарычных працах указваеццца, што пад удзеяннем цесных узаемаадносін грэкаў з арабамі грэчаскі агонь, які меў некалькі саставаў, стаў набліжацца да пораха. Пачалося паралельнае развіццё гэтых сродкаў у двух народаў – грэкаў і арабаў. Арабскімі алхімікамі піратэхнічныя саставы, падобныя пораху, былі створаны яшчэ у VIII стагоддзі, гэтаму у значнай ступені выгадна садзейнічалі пастаянныя войны з Візантыяй, якія адбываліся ў гарах і нагор'ях Малай Азіі. Ужо ў 1118 г. маўры (народнасць, якая жыла ў Паўночнай Афрыцы і засвоіла арабскую культуру) прымянілі агнестрэльную артылерыю супраць іспанцаў пры асадзе Сарагосы. Вядомы арабскі вучоны Недж эд Дзін Гасан Альрам напісаў каля 1290 г. работу “Кіраўніцтва да мастацтва змагацца верхам і рознымі ваеннымі машынамі” дзе адзначае аб прымяненні арабамі салетры, пораха, а таксама дае шматлікія рэцэпты з запальнымі саставамі, якія атрымалі паэтычныя назвы і ужываліся не толькі ў баявых дзеях, але і ў феерверках: “сонечныя промні”, “луннае святло”, “кветка”. Такім чынам як бачым, што развіццю піратэхнікі садзейнічала алхімія, ад якой піратэхніка запазычвала эмпірычныя сумесі, выпадкова знойдзеныя пры правядзенні розных хімічных вопытаў. 1.2. Карэнны пераварот у развіцці піратэхнікі і феерверкаў стаў магчымы толькі дзякуючы адкрыццю пораху, у склад якога ўваходзілі салетра, вугаль і сера. Дакладных дадзеных аб месцы і часе вырабу пораху няма, але гісторыкамі агульнапрызнана, што ўпершыню порах з'яўвіўся ў Кітаі, затым стаў вядомы ў Індыі. Порах – гэта выбуховая сумесь, дзе кожны з кампанентаў мае сваю ролю: сера лёгка ўспламяняецца і гарыць, выдзяляючы цяпло; салетра пры гарэннні выдзяляе кісларод. Высокая тэмпература і кісларод – умовы для хуткага згарання вугля. Такой сумесі не патрэбен кісларод з паветра. Калі порах памясціць у цвердую абалонку, ўспламяніць праз невялікую адтуліну, то адбудзецца яго імгненнае згаранне – выбух, так як утварыўшыеся пры гарэнні газы разарвуць абалонку. Першае апісанне састава і рэцэпта гаручай сумесі з салетры, серы і вугалю звязваюць з імем даоскага алхіміка і ўрача Тан Сунь Сымяо (Сунь Сымо) (601-682 г.г.). У яго трактате “Цянь Цзінь Яофан”, упершыню надрукаваным у 1066 г. і перавыдадзеным ў 1307, 1544 і 1604 г.г., прыведзены састаў сумесі (40 частак салетры, 20 частак серы, 5 частак вуглю) адпавядае павольна згараючаму ракетнаму паліву, а не выбуховаму пораху. Феерверкі на аснове згараючых сумесяў былі вядомы ў Кітае і раней, пры дынастыі Сюй (589-818 г.г. да н.э.), а “вогненыя стрэлы” упамінаюцца як сродак абароны у летапісу “Трох царстваў” (181-234 г.г. да н.э.). Піратэхнічныя вырабы з сумесі гэтай солі і іншымі паліўнымі рэчамі і дабаўкам за некалькі стагоддзяў да нашай эры ўжывалі ў Кітаі для прыгатавання петард, порахавых ракет, рознастайных каляровых агнёў. Індусы сталі вынаходнікамі бенгальскага агню, ён стаў выразным сродкам урачыстых шэсцяў і феерверкаў, які ў тыя далёкія часы наладжвалі, галоўным чынам, у дні рэлігійных свят. Вынаходніцтва пораха ад яго вынаходніцтва да прымянення ў ваенных мэтах аддзяляе вялікі прамежак часу. Згодна кітайскіх летапісаў, пушкі ў іх былі вядомы ў VII стагоддзі. У іншых старажытных кітайскіх летапісах апісваюцца запальныя ядры і выбуховыя бомбы, якія выкідвалі з бамбукавых труб. У раннія перыяды кітайскай гісторыі ўжыванне пораху не атрымала, верагодна, дастатковага развіцця, таму што порах гэты быў вельмі слабы, але для ваенных мэт ужо былі прыдуманы запальныя ракеты. Вучоныя мяркуюць, што першае баявое прымяненне дымны порах атрымаў у азіяцкіх народаў у ракетах. Ракета таго часу уяўляла сабой стралу, ў галоўнай частцы якой знаходзіўся порахавы састаў, успламяняемы перад выпускам стралы. Лічаць, што гэты састаў прымяняўся не толькі як запальны сродак, але і як сродак павелічэння дальнасці палёту стралы. Першы даставерны факт шырокага ўжывання артылерыі ў Кітае адносіцца да XIIІ стагоддзя. У 1232 г. у вайне паміж кітайцамі і манголамі былі выкарыстаны вогнестрэльныя гарматы. Калі манголы асадзілі горад Кай-Фэнг-Фу, кітайцы абараняліся пушкамі, якія стралялі каменнымі ядрамі. Акрамя таго, былі ужыты выбуховыя бомбы, начыненыя порахам. Пры абароне горада Пнен-Кінг у 1259 г. кітайцы на манголаў пускалі ракеты, кідалі жалезныя ручныя гранаты і закладвалі міны. Так што Кітаю безумоўна належыць вынаходніцтва не толькі пораха, але і рознакаляровых піратэхнічных саставаў, порахавых ракет, выбуховых петард, мін, гранат, бомб, а таксама вогнекідальных сродкаў. (1)
1.3. На раннім этапе развіцця піратэхнікі самым яскравым відовішчам у свеце з'яўлялася свята Новага года ў Кітае. Гэтае свята, якое наладжвалі на працягу многіх тысячагоддзяў, надзвычайна ўражвае фантазіяй і тонкім мастацкім густам яго стваральнікаў. Якое месца займае піратэхніка і феерверкі ў структуры навагодніх святкаванняў кітайцаў, яскрава праглядваецца ў яго сціслым апісанні. У старажытным Кітае новы год святкаваўся па луннаму каляндару, што ў перакладзе на грыгарыянскі каляндар адбываецца не раней 21 студзеня і не пазней 19 лютага. Святкаванне доўжыцца амаль два месяца і складаецца с цэлага шэрага абрадава-рытуальных і свецкіх дзей. За тыдзень да Новага года жыхары Кітая здзяйснялі абрад праводзін на Неба боства хатняга ачага Цзаошэня (Цзаованя, Цзаодзюня), культ якога склаўся прыблізна ў III ст. да н.э. Пасля развітальнага абеда – ахвярапрынашэння, які складаўся з салодкіх страў, выяву бога пад аглушальныя разрывы хлапушак вынасілі на двор і спальвалі. У гэты перыяд святкавання новага года трэск феерверкаў не змаўкаў цэлыя ночы. Вуліцы і кварталы імкнуліся пафарсіць адзін перад другім у гэтым змаганні. Хлапушкі 1. Ивашкявичус А. “ Казимир Семенович и его книга “ Великое искусство артиллерии ”. – Вильнюс, 1971. – с. 4. запаўнялі порахам і сырой глінай. Продкамі гэтых хлапушак былі звычайныя ствалы бамбука, якія пры гарэнні з трэскам лопаюцца. Згодна народных павер'яў VI ст., такія хлапушкі павінны былі ў навагоднюю ночку адпугваць чорных дэманаў. Папяровыя порахавыя хлапушкі з кнотам увайшлі ў абіход кітайцаў з XI ст. У Кітае верылі, што разрывы хлапушак не толькі адганяюць злых духаў, але і прывабліваюць добрых бостваў. Гэты шумны начны феерверк у выглядзе рознакаляровых успышак і грукаце разнастайных петард дагэтуль з'яўляецца для кітайцаў сімвалам навагодніх святкаванняў. Мастацтва светлавога афармлення гістарычна выкрышталізоўвалася як мастацтва асвятлення, ілюмінацыі і піратэхнічнага відовішча, якое суправаджала розныя фрагменты святаў. У многіх раёнах Кітая да XX cт. дажыў старажытны звычай у ноч на Новы год запальваць у двары вялікі касцер, які быў сімвалам трыумфа святла і перамогі жыцця над змрокам і смерцю, усеагульнага ачышчэння света ў Новы год. На восьмы дзень – дзень зоркі, у большасці раёнаў Кітая здзяйснялі пакланенне зоркам, бо для кітайцаў зоркі – гэта жыллё духаў і герояў, здольных пастаянна уздзейнічаць на лёс людзей. Галоўным атрыбутам гэтага абрада былі асобыя лампадкі, напоўненыя духмяным маслам з чырвоным і жоўтым кнотам. У час абрада, калі гаспадар пачынаў адбіваць паклоны зоркам, на ахвярным стале і выкол яго запальвалі 108 лампад, што раўнялася сумме 12 месяцам, 24 паўмесячным перыядам і 72 пяцідзёнкам у кітайскім лунным годзе. Кульмінацыяй і адначасова фіналам святкавання новага года было свята ліхтароў,якому ужо бадай што паўтары тысячы год і якое адбываецца ноччу 13 чысла першага месяца. Звычай начной ілюмінацыі, які суправаджаў афіцыйнае пакланенне зорцы Вянеры, вядомы яшчэ з глыбокай старажытнасці – у перыяд праўлення дынастыі Хань. Але толькі з VI ст. адзначаны першыя упамінанні аб свяце Першай ночы (Юаньсяо), як аб масавым карнавальным начным гулянні. Сярэднявечныя гістарычныя хронікі і паданні апавядаюць аб асвятляўшых палацы знаці гігантскіх ліхтарах, упрыгожаных жамчужнымі ніцямі і тысячамі каштоўных камянеў, аб грандыёзных пікніках у парку імператарскага палаца, у час якіх па вадзе пускалі тысячы палаючых ліхтароў. Гэтае свята мае старажытныя вясковыя карані і адлюстроўвала агульную тэму урадлівасці. У гэты дзень у многіх абласцях пакланяліся духу, які абараняў поле ад саранчы, а ў правінцыі Цзян жыхары, назіраючы за выхадам юнакоў за межы вескі з паходнямі, па колеру агнёў варажылі аб надвор'е у будучым годзе: чырвоны колер прадвяшчаў засуху, белы – паводку. Падрыхтоўка да свята ў гарадах пачыналася за некалькі дзён да новага года:адкрываліся рынкі ліхтароў, якія прываблівалі тысячы пакупнікоў. Фантазія людзей распрацавала літары рознастайных традыцыйных арыгінальных канструкцый: у выглядзе вялікіх шароў, кубоў і іншых геаметрычных фігур: у відзе кітайскіх пагад, авечак, веераў, дамоў, зайцаў, малпаў, львоў, драконаў і г.д. Некаторыя ліхтары дагэтуль уяўляюць сабой цуд фантазіі, як, напрыклад, ледзяныя ліхтары – ледзяныя блокі, выразаныя ў форме чалавека, каней, якія скачуць. Сустракаюцца ліхтары нават больш складанай канструкцыі: напрыклад, знешняя паверхня ледзяной фігуры пакрываецца маладымі парасткамі пшаніцы. Спалучэнне свежай зеляніны маладой пшаніцы і халоднага белага святла, які ідзе скрозь лед, стварае прыгожае відовішча. Многазначнасць палаючых ліхтароў адлюстравана ў паўночнакітайскім павер'і, што ў ноч на 14-е чысло ліхтары гараць на вуліцы для дэманаў (душ памершых), у ноч на 15-е – для багоў, у ноч на 16-е - для людзей. У свята Першай ночы на рацэ пускалі чырвоныя і жоўтыя ліхтарыкі ў форме лотаса. Гэтыя ліхтары маглі лічыцца данінай богу ракі, або непрыкаеным душам. У той час тыя, хто жадаў сабе нашчадкаў, вылаўліваў плывучыя ліхтарыкі: жоўты ліхтарык прадвяшчаў нараджэння сына, чырвоны – нараджэнне дачкі. Справа гонару амаль што любой кітайскай сям'і – выставіць на агульны агляд які-небудзь асаблівы ліхтар. У многіх раёнах людзі хадзілі па вуліцах, трымаючы у руках бамбукавыя масты з ліхтарамі, альбо нават цэлай гірляндай ліхтароў. Амаль усе распаўсюджаныя ў XIX ст. тыпы ліхтароў былі вядомы яшчэ ў час праўлення дынастыі Сун (960-1278). Аднак, дагэтуль невычэрпная фантазія майстроў стварае ўсё новыя і новыя узоры ліхтароў у відзе караблёў, рыб, акварыумаў. Ствараюцца ліхтары, папяровыя цыліндры якія верцяцца ад цяпла палаючай унутры свечкі. 1.4. Адной з найпапулярнейшых забаў кітайцаў на свяце ліхтароў былі феерверкі. Калі ў першыя дні сустрэчы Новага года ўспышкі шуціх і ракет былі суправаджэннем розных цырымоній, то цяпер яны станавіліся падобна ліхтарам, самастойным відовішчам і, больш таго, мастацтвам, меўшым мільёны прыхільнікаў. Знаўцы адрознівалі два “стыля” феерверка: грамадзянскі і ваенны. Першы меў уласны стрыманы, някідкі, але вытанчаны падбор колераў, другі адрозніваўся бурным рытмам выбухаў, яскравым каскадам фарбаў, громкім гукам. Наладжвалі феерверкі на спецыяльных памостах, звычайна пасярод плошчы. Тут кожны аматар піратэхнікі мог прадэманстраваць сваё уменне: адна за другой узрываліся каробкі з порахам, з якіх выляталі вогненыя букеты і стрэлы, узляталі ўвысь рознакаляровыя ракеты, з аглушальным трэскам лопаліся гаршкі, выкідваўшыя на гледачоў снапы іскр. Вялікай папулярнасцю карысталіся ракеты з двайнымі зарадамі: першы зарад узрываўся на зямлі, другі – пасля таго, як ракета ўзлятала ў паветра. Бывалі і такія гірлянды з зарадаў, з якіх пры кожным выбуху па чарзе вывальваліся розныя карціны – краявіды, гуляючыя пары, іерогліфы і да т. п. У шэрагу раёнаў Кітая захаваўся старажытны, зафіксаваны ўжо ў эпоху праўлення дынастыі Сун, звычай будаваць на свяце ліхтароў памосты з фігурамі звяроў і багоў, з альтанкамі, пачадамі і іншымі спарудамі, вырабленымі з рознакаляровай паперы і асветленай ліхтарыкамі. У Чжэцзяне на такіх памостах наладжвалі сваеасаблівы парад багоў, якіх прадстаўлялі дзеці ў фантастычных касцюмах і ўсе гэта суправаджалася феерверкамі. Яшчэ з часоў дынастыі Хань любімым прадстаўленнем кітайцаў на свяце ліхтароў быў “танец дракона”. На гэтае шэсце выраблялі з бамбукавых прутоў тканіны і паперы вялізарнага дракона, у якога былі залацістыя, ці сінія вочы, срэбныя рогі, упрыгожаныя чырвонымі кістачкамі, доўгая зялёная барада і асвятлёная знутры свечкамі пастка з зубамі і чырвоным языком. Дракона прыводзілі у рух людзі, трымаўшыя яго на бамбукавых шастах. Цела гэтай пачвары было асвятлена шматлікімі свечкамі, усталёванымі па яго доўгаму каркасу. Наперадзе неслі залацісты мацерчаты шар – выяву сонца, якое дракон – сімвал воблака, імкнуўся праглынуць. Калі працэсія пачварай ішла па вуліцы, яе удзельнікамі выносілі з дамоў грошы, а дракон у адказ рабіў даравальнікам паклоны. У некаторых раёнах Кітая глядачы адкрывалі агонь па дракону маленькімі прымітыўнымі снарадамі – бамбукавымі трубачкамі, запоўненымі порахам і кавалкамі жалеза. Дракон у сваю чаргу, нападаў на натоўп і ў той жа час імкнуўся не папасці пад снарад. Гэтая гульня працягвалася да тых пор, пакуль дракон не развальваўся. Урэшце, дракона спальвалі. Паколькі дракон быў сімвалам урадлівасці, агонь, запалены ад агня гарэўшых на ім свечак, прыносілі ў дом, што павінна было спрыяць нараджэнню мужчын. Яшчэ адным папулярным прадстаўленнем на Новы год быў “танец львоў”, які прынеслі выхадцы з Сярэдняй Азіі і Персіі ў эпоху ранняга сярэднявечча. Фігуру льва рабілі з прутоў і тканіны, грыву – з каноплі: неслі яе звычайна два чалавека. У паўночным Кітае гледачам часта паказвалі бітву двух львоў, ці гульні львоў з шарам. У правінцыі Чуансі людзі, якія насілі льва, павінны былі як мага болей часу супрацьстаяць нападу гледачоў, рабіўшых бамбардыроўку звера хлапушкамі і петардамі. Свята ліхтароў заканчвала пару навагодніх забаў кітайцаў. Піратэхнічныя і феерверачныя вырабы, распрацаваныя і ўвасобленыя таленавітымі майстрамі – піратэхнікамі сталі адным з яскравейшых сродкаў выразнасці у структуры рознастайных рытуальных і забаўляльных дзей Новага года, ператварыўшы галоўнае ўсенароднае свята кітайцаў у сапраўдную сімфонію святла і агню.
ЛІТАРАТУРА: 1. Агренич А.А. От камня до современного снаряда. – М., 1954. 2. Гуд П.А. Мастацтва феерверкаў. – Мн., 2007. 3. Малявин В.В. Китайцы. // Календарные обычаи и обряды народов восточной Азии. Новый год. – М., 1985. 4. Прочко И.С. История артиллерии. – СПб., 1994. 5. Эберхард В. Китайские праздники. – М., 1997.
Тэма 3. “ Распаўсюджанне пораху і феерверкаў у Еўропе
ПЫТАННІ:
1. Першыя піратэхнічныя і феерверачныя дзеі Еўропы. 2. З”яўленне ў Еўропе пораху і агнестрэльнай зброі. 3. Узнікненне пірабалістычнай артылерыі на тэрыторіі Беларусі. 1.1. У XIII – пачатку XIV ст. ст., як сведчаць гістарычныя крыніцы, феерверкі на еўрапейскім абшары наладжваліся эпізадычна. Так, у 1254 г. у Францыі было наладжана свята з нагоды вяртання з крыжовага паходу караля Людовіка IX. Пасля вяртання з святой зямлі Палесціны кароль накіраваўся ў абатцтва Сен-Дэні, дзе прынёс ахвяры у некропалі. На наступны дзень адбылося ўрачыстае прыбыццё караля ў сталіцу: яго вітала працэсія, складзеная з духавенства і святочна апранутых парыжан: ноччу было арганізавана народнае гулянне з феерверкам. Гэты факт дае падставу для
меркавання, што еўрапейцы дастаткова поўна азнаёміліся з баявым прымяненнем гаручых сумесяў на аснове салетры ў час крыжовых паходаў у Палесціну ( 1250 г.) і прымянілі запазычаныя саставы ў святочных дзеяннях. У 1313 г. Філіп IV Прыгожы у сувязі з пасвячэннем яго сына ў рыцары наладзіў чатырохдзённае свята з многімі відовішчамі і забавамі, турнірам для дзяцей, інсцэніроўкай рая, танцамі і феерверкамі. У гэтым жа свяце пры ўедзе ў Парыж караля Філіпа IV Прыгожага на плошчы упершыню былі разыграны містэрыя “Страсці гасподні” з ужываннем вогненна-светлавых і піратэхнічных эфектаў. Лепшымі майстрамі па ўстройству феерверкаў у гэтыя часы па праву лічыліся італьянцы. Яны наладжвалі феерверкі на драўляных памостах, упрыгожаных статуямі і шырока выкарыстоўвалі ілюмінацыю. Статуі вывяргалі языкі полымя, а жывапісныя палютны ўяўлялі сабой транспаранты, падсвечаныя агнём. Шыкоўныя, дорага каштуючыя феерверкі наладжвалі, як правіла, у асоба ўрачыстых выпадках, такіх як каранацыя царствуючых асоб, іх дні нараджэнні, у дні галоўных рэлігійных святаў. У многіх святах былі выкарыстаны тэатральныя машыны, створаныя геніальным Мікола Перыколлі з Трыболло. Ён выкарыстоўваў вяртушкі – устройства з дрэва ў форме круга, на якім замацоўваліся цыліндрыкі з порахам, якія пры запальванні моцна круціліся і стваралі вогненыя кругі. Такім чынам, ужо пачынаючы с XIV ст. аб феерверках можна гаварыць, як аб відзе відовішчнага мастацтва Еўропы. У гэты час пры правядзенні феерверкаў сталі ўжываць розныя дадатковыя сродкі - архітэктуру і жывапіс. Будавалі спецыяльныя памосты для размяшчэння феерверачных фігур (такія памосты называлі феерверачным тэатрам), істотна пашырыўся арсенал феерверачных вырабаў, феерверк стаў адлюстроўваць сутнасць урачыстасці. Свецкая і ваенная піратэхніка ў тыя часы развівалася паралельна і адначасова, іх здабыткі выкарыстоўвалі ў розных святах і відовішчах. У італьянскай камедыі дэль артэ ў XV ст. была выкарыстана ў розных сцэнічных дзеях маніпуляцыі піратэхнічных агнёў: маленькія петарды, якія давалі паслядоўныя выбухі, а таксама “ фальгарэтта “ – маленькая ракета без стрыжня, што пры ўзлёце выдавала рэзкі свіст. У Італіі XV ст. ў час правядзення святаў, урачыстых цырымоній шырока ўжывалі і рознастайныя вогнена-светлавыя дзеі. Так, у 1459 г., калі папа Пій II вярнуўся ў Рым з кангрэсу ў Мантуе, увесь народ сустрэў яго факельным шэсцем, якое акружыла палац вялізным светавым колам. У рымскіх карнавалах XV ст. звычайнай карцінай былі факельныя шэсці вершнікаў, альбо калясніц. У Венецыі заместа калясніц у святочных урачыстасцях карысталіся цудоўна упрыгожанымі гандоламі. Сустрэча на Бунцытаўры герцагіні Эленарыі Беатрычэ д'Эстэ ў 1491 г. уяўляла казачнае відовішча, судзячы па дайшоўшаму да нас апісанню і расказам сучаснікаў. Сустрэчу двух знатных асоб суправаджалі цэлыя флатыліі гандол, розных судоў і барак, якія былі ўпрыгожаны дыванамі, гірляндамі палаючых факелаў і іскрыстых бенгальскіх агнёў. У пачатку XV ст. піратэхніку шырока выкарыстоўвалі ў рэлігійных святах. Так, у 1420 годзе італьянскі інжэнер Джавані дэ Фантанэ стварыў “ магічны ліхтар “ , праз які ўдавалася паказваць жудасных дэманаў, ведзьму з крыламі кажана, дзе дзве ракеты па баках стваралі калыхаючыйся рух, а канатная сістэма адказвала за сінхронны рух крылаў, хваста і рогаў. 1.2. XIV стагоддзе ў Еўропе стала векам з'яўлення пірабалістычнай артылерыі, заснаванай на прымяненні выбуховай сілы пораху. Менавіта з гэтым відам зброі ў Еўропе звязаны шматлікія святочныя піратэхнічныя дзеі з выкарыстаннем гукавых і светавых эфектаў. Цікава было б прасачыць, якім чынам порах і артылерыя з'явіліся ў Еўропе. Даследчыкі лічаць, што першым еўрапейскім вучоным, які апісаў методыку ачысткі салетры і прыгатавання з яе пораху, з'яўляецца англійскі манах Роджэр Бекон ( 1214 – 1294). Але галоўныя раздзелы ( 9-12) яго кнігі “ Ліст аб тайнах мастацтва і нікчэмнасці магіі “ ( “ Epistola de Secretus Operidus Artis et Naturae et de Nullitate Maria” “) тагачасныя людзі так і не змаглі прачытаць. Р. Бекон быў перакананы, што порах не павінен папасці ў рукі неадукаваных людзей, якія могуць нанесці шкоду сабе і іншым. Ён лічыў гэту сумесь настолькі небяспечным рэчывам, што зашыфраваў спосаб атрымання чорнага ( дымнага ) пораху і для яго сучаснікаў гэта інфармацыя засталася закрытай. Поўная расшыфроўка публікацыі Роджэра Бекона адбылася толькі ў канцы ХІХ ст. Таму ад першых запісаў рэцэпта пораху да яго шырокага прымянення прайшло даволі многа часу. Доўгі час у Еўропе вынаходнікам пораху і артылерыі лічылі Бертольда Шварца з Фрайбурга. Францысканскі манах Бертольд Шварц да свайго манаства быў майстрам залатых спраў і, верагодна, займаўся алхіміяй, з-за чаго яго абвінавацілі ў вядзьмярстве і пасадзілі ў турму. Але і там ён праводзіў свае хімічныя вопыты. Згодна легендзе, алхімік Бертольд Шварц у пошуках “ філасофскага каменя” пераціраў песцікам у ступцы сумесь салетры, серы і вугалю. У выніку трэння нечакана для самаго даследчыка адбыўся выбух порахавай сумесі, пры гэтым песцік пад дзеяннем парахавых газаў выляцеў са ступкі. Адсюль і ўзнікла думка аб выкарыстанні пораху для кідання снарадаў. Розныя крыніцы падаюць супярэчлівыя дадзеныя аб часе вынаходніціва Б.Шварцам пораху ( згубленая ў пазнейшыя часы хроніка горада Гета – 1313 г., апісанне ва ўніверсітэцкай бібліятэцы г. Фрайбурга – 1432 г., надпіс на мануменце ў гонар Б.Шварца ў г. Фрайбургу – 1353г.). Акрамя Бертольда Шварца вынаходнікамі пораху называлі і іншых сярэднявечных вучоных. Так, у сярэдзіне XIII ст. швабскі епіскап, філосаф і багаслоў Альберт фон Бальштэдт ( Альберт Вялікі) (1193-1282 г.г.) ў сваім сачыненні занатаваў рэцэпт пораху. Магчыма, Бертольд Шварц удасканаліў існаваўшы ўжо раней састаў, але роля гэтага адкрыцця была настолькі вялікая, што ўдзячныя нашчадкі ў XIX ст. паставілі яму помнік. Сучаснымі даследчыкамі пераконліва даказана, што ў Еўропе порах і агнестрэльная зброя з'явіліся толькі ў пачатку XIV ст. і што яны ўсходняга паходжання. Несумненна, што гэтыя піратэхнічныя ваенныя сродкі былі занесены ў Еўропу з Кітая і Індыі праз арабскія краіны. Арабскі вучоны Шаме эд Дзін Магамед у сваёй працы “Звесткі па розным галінам мастацтва” (1320 г.) сведчыць, што агнестрэльная артылерыя атрымала сваю назву ад вогнекідальнай модфы, уяўляўшай сабой ствол, прызначаны для накіравання выкідваемых дзеяннем пораха запальных рэчываў для “абпальвання ворага”. Маўры яшчэ ў 1118 г. ўжывалі гарматы пры аблозе Сарагосы, у першай палове XIV ст. пры іх дапамозе здзяйснялі аблогу іспанскіх гарадоў База, Мартас і Алікантэ, а ў 1342 г. прымянілі модфу пры абароне горада Альхезіраса ад войск іспанскага караля Альфонса XI. Стралялі з модфы невялікімі каменнымі ядрамі, якія арабы называлі бондок, што значыць арэх. Выстрал суправаджаўся “громам, маланкай і воблакамі дыма” і кідаў ядры да 200 м. Безумоўна, што такая гармата не магла прычыніць ворагу вялікай шкоды, таму што снарад, нават пры пападанні ў натоўп, выводзіў са строю ўсяго аднаго-двух чалавек і ўсё ж такі стральба з гэтай гарматы аказвала вялікае ўраджанне на прымхлівых іспанцаў і выклікала ў іх панічны жах. Іспанцы вымушаны былі зняць аблогу, таму невыпадкова, што звестка аб вогнестрэльнай стральбе хутка абляцела ўсю Еўропу. З Іспаніі агнестрэльная зброя распаўсюдзілася па ўсёй Заходняй, Паўднёвай і Цэнтральнай Еўропе. Ў Італіі артылерыя была вядома ўжо у 1326 г. Французы выкарысталі пушкі пры аблозе г. Пюн-Гійома у 1338 г. У бітве пры Крэссі ( 134 6 г. ) англічане паспяхова прымянілі пушкі супраць французаў. 1.3. На усходнеславянскіх землях з'яўленне пораху і агнестрэльнай зброі шэраг даследчыкаў датуюць 1184 г., грунтуючыся на успамінах Іпацеўскага летапісу. Сапраўды, у гэтым старажытнейшым помніку славянскай літаратуры занатавана наступнае: “Пошел бяше оканьный и треклятый Кончак со множеством Половець на Русь, похупся яко пленити хотя грады Рускые и пожещи огньм: бяше бо обрел мужа такового бесурменина, иже стреляше жывым огньм, бяху же у них луци тузи самострелыци, едва 50 муж можаметь напрящи”. (2) Дэталёвы аналіз гэтага успаміна паказвае, што, па-першае, тут ідзе размова аб прымяненні зброі не рускімі, а полаўцамі, а па-другое, аб прымяненні не вогнестрэльнай зброі, а вогнекідальных сродкаў (запальныя стрэлы або зарады з запальнымі сумесямі), якія да гэтага часу атрымалі параўнальна шырокае распаўсюджанне ў народаў усходу і апісаны ў шэрагу крыніц. Так што тэзісы даследчыкаў аб з'яўленні ў 1184 г. агнестрэльнай зброі усходніх славян можна лічыць беспадстаўнымі. На самой справе гэта падзея адбылася значна пазней у X1V ст., ў час першых сутычак беларуска-літоўскіх войск с крыжаносцамі. Тэўтонскі ордэн быў заснаваны нямецкімі рыцарамі – удзельнікамі крыжовых паходаў яшчэ у 1197 г. ў Палесціне. Паколькі тэутоны так і не змаглі дабіцца тут перамогі, то яны перанеслі сваю дзейнасць у Еўропу, дзе пад апекай рымскага папы Ганорыя III набылі землі ў Германіі, Італіі, заваявалі прускія землі (1283 г.) і затым пачалі наносіць удары Вялікаму княству Літоўскаму. У пачатку ХІV ст. ўжо быў створаны такі від зброі як мушкеты (1313 г.), нямецкі алхімік Бертольд Шварц вынайшоў агнестрэльную гармату пад назвай “бамбарда” ( 1350 г. ), якая мела выгляд ступкі, выраблялася з каванага жалеза, страляла каменнымі ядрамі і прызначалася для аблогі фартэцый. Крыжакі ўзялі артылерыю на ўзбраенне і ўжо праз чатыры гады пасля яе вынаходніцтва Ордэн валодаў паходнымі, абложнымі і марскімі гарматамі – бамбардамі. Хронікі і літаратурныя крыніцы гэтага часу раскрываюць эпізадычныя факты прымянення агнестрэльнай лёгкай зброі і артылерыі супраць Вялікага княства Літоўскага. ( 1 ). Так “Хроніка Літоўская і Жамойцкая” распавядае, што ў 1316 г. у бітве каля мястэчка Жэймы (Аўкштайція) конныя загоны Вялікага князя Літоўскага Гедыміна крыжакі сустракалі стральбой з ручніц, “которые того часу были вымышлены”. Але агнестрэльная зброя крыжакам не дапамагла і ўсе закончылася поўным разгромам Ордэна. 27 снежня 1377 г. “воі Хрыстовы” уварваліся ў Бельск і рынуліся на штурм замка. Крыжацкія гарматы білі ядрамі па сценах, лучнікі сыпалі стрэламі з запальнымі сумесямі. Лёс цвержы быў амаль вырашаны. Але абаронцы паранілі стралой удзельніка бітвы – будучага караля Англіі Рычарда II і ўстрывожаны комтур быў вымушаны зняць аблогу. 27 жніўня 1390 г. ордэнскае войска (52 тысячы вояў) пад Вільняй агнём гармат разбілі войска літвінаў і прымусілі іх адступіць да Трок. Затым крыжакі ўзялі ў аблогу Вільню, ўкапалі гарматы на бліжайшых пагорках каля Вышняга замка і сталі страляць па крэпасці. Але на пяты тыдзень аблогі ў ордэнцаў скончыўся порах для гармат і харчы. Крыжакі зналі аблогу. Вільня выстаяла. Пералічаныя факты яскрава сведчаць, што першыя знаёмствы усходніх славян – беларусаў з агнестрэльнай зброяй адбыліся на працягу 1316 - 1377 г. г.г. 1. Згодна дадзеных беларускага гісторыка Г. М. Сагановіча напачатку 1380-х гадоў у беларуска-літоўскай дзяржаве было асвоена прымяненне запазычанай у крыжакоў агнестрэльнай зброі (гармат), а затым і яе вытворчасць. Першае ўпамінанне аб баявых дзеях беларуска-літоўскай артылерыі датуюцца 1382 г. калі Вялікі князь Літоўскі Кейстут павёў сваё войска на прускі горад Юрбарг. Але ні катапульты, якія разбівалі сцены каменнямі, ні гарматы не дапамаглі яму авалодаць замкам: пакуль доўжылася аблога, з Прусіі з'явілася войска і пачало пагражаць літвінам з тылу. Кейстут адступіў. І ўсё ж, негледзячы на няўдачу пахода, 1382 год можна лічыць годам з'яўлення беларуска-літоўскай артылерыі. У Расіі першыя гарматы з'явіліся на сем гадоў пазней, у 1389 г. (у час княжэння Дзімітрыя Данскога). У Галіцынскім летапісу адзначаецца, што “Лета 6879 (1389) вывезли из немец на Русь арматы (гарматы – П. Г.) и стрельбу огненную, и от того часу уразумели в них стреляти”. ( 1 ). Такім чынам, можна лічыць даказаным, што артылерыя ўсходніх славян мае не азіяцкае, а заходнееўрапейскае паходжанне. У Вялікім княстве Літоўскім за кароткі перыяд была наладжана не толькі ўласная вытворчасць пораха і гармат, але і падрыхтоўка спецыялістаў “вогненай справы”. Ужо ў верасні 1384 г., калі Ягайла з войскам выступіў на крыжацкую цвержу Марыенвердэр, у яго абозе везлі абложныя машыны і гарматы, адлітыя на ліцейным двары ў Вільні. У час аблогі, па словах самога майстра Ордэна, літоўскія гарматчыкі – “людзі, што паказалі вялікае майстэрства ў гэтай справе”, палілі з гармат, крышылі замкавыя сцены і вежы. Марыенвендэр быў узяты. У 1390 г. бамбарды Ягайлавага войска абстрэльвалі крыжакоў, прыведзеных у замак Гародня маршалам Канрадам Валенродам. У выніку бесперапыннай стральбы бамбардаў мноства ордэнцаў было забіта і паранена. Гародня была вызвалена. Ітак, у войсках Вялікага княства Літоўскага порах і ўласная артылерыя з'явіліся ў 1382 годзе. Гэта была важнейшая падзея ў развіцці беларуска-літоўскай ваеннай справы і піратэхнікі. Першыя крокі на шляху баявой дзейнасці айчыннай артылерыі заклалі пачатак нашай піратэхнікі, далі імпульс далейшага развіцця творчасці і шырокага прымянення гукавых, а затым і светлавых піратэхнічных сродкаў у грамадскіх, рэлігійных і сямейных святах.
ЛІТАРАТУРА:
1. Гуд П.А. Мастацтва феерверкаў. – Мн., 2007. 2. Гуд П.А. Огненная симфония. Из истории фейерверков Белоруссии. –Дзержинск, 1997. 3. ПСРЛ. – М., 1979, Т. 32. 4. Сокольский В.М. Ракеты на твердом топливе. – М., 1963. 5. Сонкин М. Русская ракетная артиллерия. – М., 1952. 6. Сагановіч В.М. Войска Вялікага княства Літоўскага ў XV – XVII cт. ст. – Мн., 1994. 7. Чаропка В. Імя ў летапісу. – Мн., 1994.
|