Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






АГУЛЬНАЕ ПАНЯЦЦЕ АБ ТРОПАХ


Date: 2015-10-07; view: 1684.


Лекцыя 2

ВЫЯЎЛЕНЧЫЯ СРОДКІ МАСТАЦКАЙ ЛІТАРАТУРЫ

 

1. Агульнае паняцце аб тропах. Віды тропаў.

Слова «троп» паходзіць з грэчаскага tropos(паварот, зварот,

вобраз). Троп у сучаснай мове — гэта слова ці моўны выраз, ужытыя ў

пераносным значэнні. У тропах на аснове нейкіх агульных рыс

супастаўляюцца дзве з'явы, адна з якіх характарызуецца праз

прыкметы другой. Тропы вельмі распаўсюджаныя ў мове, і з многімі

пераноснымі значэннямі мы настолькі звыкліся, што нават не

заўважаем іх вобразнасці. Так адбываецца з дзеясловамі «хадзіць»,

«уставаць», «садзіцца» і многімі іншымі словамі, якія

першапачатковым сваім значэнні звязаны з чалавекам. Калі мы

гаворым: «сонца ўстае», «дзень надышоў», «дождж ідзе», то не

ўспрымаем гэтыя выразы як паэтычныя метафары, а хутчэй — як

будзённую рэальнасць. І ўсё ж, нягледзячы на велізарную колькасць

пераносных значэнняў у нашай штодзённай мове, асноўная сфера

бытавання тропаў — мастацкая літаратура, прычым паэзія ў большай

ступені, чым проза..

Адрозніваюць тропы простыя: эпітэт, параўнанне.

І складаныя: метафара, метанімія, сінекдаха, гіпербала, літота,

сімвал, алегорыя, іронія, гратэск, перыфраза.

Апрача таго, паводле значэння тропы падзяляюцца на два

тыпы:

1. Канкрэтна-пачуццёвыя, якія ўлічваюць рэальнасць адзнак і

могуць успрымацца з дапамогай асацыятыўных органаў пачуццяў —

зроку, слыху і г. д. Напрыклад: месяца рожкі, зялёнае мора травы і г.

д.

2. Умоўна-асацыятыўныя, якія вызначаюцца вялікай доляй

умоўнасці і апелююць да лагічнага мыслення, інтэлекту і ведаў

чалавека.

Царква — гэта нябёсаў сляза і праз купалы

Як праз вочы яе прыгажосць прасвечвае... (Збігнеў Яжына).

Альбо:

Я, сын восьмага месяца гэтага года,

Сплю на велічэзным іржэўніку забыцця (Сэфан Полам).

Умоўна-асацыятыўныя тропы надзвычай папулярныя ў

асяроддзі авангардных літаратурных школ. Але падобны від тропаў

вядомы даўно. Умоўна-асацыятыўная вобразнасць, напрыклад, была

шырока ўласцівая беларускаму фальклору. Сучасная паэзія, як беларуская, так і замежная, таксама вельмі часта аддае перавагу

гэтаму тыпу тропаў.

Вось прыклад умоўна-асацыятыўнай вобразнасці з беларускай

літаратуры:

Ты можаш быць

І мекельанджэлаўскім

Ударам кулака

У ашчэр

Яго славутага сатыра.

І можаш быць

Тым фігавым лістком,

За якім еўнухі.

(Максім Танк. Рыфма)

А гэта ўжо тэкст нямецкай паэтэсы таксама разлічаны на

ўмоўна-асцыятыўнае ўспрыманне:

Умураваныя чорныя аблачыны

Апошняя зорка няўтоеная

Вароны якія ляцяць на вячэру

Святло бы агонь што цалуе салому

Прасека ў рацэ за лодкай.

(Сара Кірш. Пераезд. У перакладзе А. Разанава)

2. Метафара – прынцып пабудовы і асаблівасці ўжывання.

Са складаных тропаў у сучаснай літаратуры найбольш

распаўсюджаныя метафара і метанімія. Метафара — слова

грэчаскага паходжання і азначае ў перакладзе перанясенне: гэта

значыць ужыванне слова ці выразу ў пераносным значэнні. Метафара

— гэта збліжэнне слоў альбо замена аднаго слова іншым на падставе

падабенства прадметаў, з'яў, на падставе супадзення іх некаторых

прыкмет.

Месяц вандруе па полі, па сінім,

зоры ў тым полі раскідвае жменяй.

Рунь залацістая ўсходзіць над імі,

сейбіт спыняецца ад захаплення.

(У. Дубоўка)

У дадзеным выпадку неба прыпадабняецца да поля, месяц да

сейбіта, а зоры да насення. Прыпадабненне адбываецца на аснове

наступных прыкмет: і неба, і поле — вялікі абшар прасторы, які

патрабуе пэўнага запаўнення, —гэта значыць дзеяння; поле вясной

засяваецца насеннем, на небе вечарам з`яўляюцца зоры, якія паводле

сваёй зрокава-дасягальнай формы нагадваюць насенне: такія ж

маленькія і такія ж шматлікія, практычна незлічоныя. Паколькінасенне рассявае сейбіт, а зоры з'яўляюцца на небе разам з месяцам,

значыць, месяц можа прыпадабняцца да сейбіта.

Тут мы маем прыклад зрокавай складанай разгорнутай

метафары. Аднак ёсць метафары больш простыя, якія называюць

лёгкімі, яны маюць у сваёй аснове выразнае падабенства адной,

дзвюх ці некалькіх прыкмет, лёгка ўспрымаюцца і прачытваюцца.

Напрыклад:

Мячы маланак пелі,

І навальніцы йшлі,

І гром весняным хмелем

Паіў абшар зямлі.

(У. Жылка)

Метафара «мячы маланак» заснавана на падабенстве чатырох

прыкмет: формы, колеру, спосабу дзеяння і выніку дзеяння —

маланка і меч маюць падобную прадаўгавата-вузкую форму клінка з

крыху загнутым канцом, па колеру маланка сваім серабрыста-

сталёвым адценнем таксама нагадвае меч, акрамя таго, ёсць

падабенства ў спосабе дзеяння — хуткасць, з якой прамільгае на небе

маланка, адпавядае хуткасці рухаў мяча ў руках спрактыкаванага

воіна. Падобным з'яўляецца і вынік гэтых дзеянняў: і ўдар мяча, і

ўдар маланкі скіраваныя на разбурэнне, яны нясуць знішчэнне і

смерць.

Маладыя літаратары вельмі часта надаюць залішне вялікае

значэнне метафарызацыі сваёй мовы. Вядомае выказванне, што

паэзія — гэта мысленне вобразамі, яны ўспрымаюць адназначна,

выводзячы на першы план слова «вобразнасць», і адкідаючы як

непатрэбны дадатак паняцце «мыслення». Пагоня за нечаканымі

параўнаннямі, нязвыклымі асацыяцыямі асабліва распаўсюджанай

была на пачатку ХХ ст. Многія вяршыняй паэтычнага майстэрства

лічылі ў тыя часы квяцістыя радкі маладнякоўцаў, кшталту наступнай

страфы У. Хадыкі:

Не літары, а д'яблы пекла —

Растуць і коцяцца ў радок,

Каб словамі, як шабляй, секла

Старога ходу перадок.

 

Каб точаным лязом метафар,

Прыняўшы дум маіх прамень,

Перада мной хадзіла шафа,

Як перад сонцам ходзіць дзень.

(У. Хадыка) Тут у пошуках новых нечаканых метафар збліжаны мала

падобныя прадметы і з'явы (лязо метафар, дум прамень), дзе

супадзенне адбываецца на аснове толькі адной прыкметы. Такога

плану метафары называцца нацягнутымі. Яны цяжкія для

ўспрымання і не даюць адэкватнага карціна-асязальнага

адлюстравання. Аднак не трэба думаць, што сучасная маладая

літаратура перажыла гэтую хваробу росту. Нацягнутыя метафары

якраз і з`яўляюцца адной з самых распаўсюджаных праблем

літаратара-пачаткоўца, а таксама журналіста пачаткоўца:

Я не веру, што ты закаханы.

Толькі дзе і калі б не была,

Дапаможа спаліць лёс паганы

Генератар святла і цяпла.

Да якой ты разеткі падкючан —

На зямлі ці ў нябёсах? Няўзнак

Я чырвонаю ружай калючай

Паўз драты твае вырасту так.

(Крыніца. 2002. № 72. -1)

Метафары, задзейнічаныя ў вершы, як бачыце, складаныя,

нацягнутыя і малазразумелыя. У выніку тэкст набывае парадыйнае

гучанне.

Існуе яшчэ паняцце састарэлых метафар, якія можна называць

літаратурнымі, ці агульнаўжывальнымі. Калісьці Генрых Гейне сказаў:

"Першы, хто параўнаў дзяўчыну з кветкай, быў вялікім паэтам, другі

— дурнем".

Тым не менш авалодванне майстэрствам літаратара-

прафесіянала цесна спалучана з уменнем выкарыстоўваць тропы.

Чым больш свежыя і нечаканыя метафары, тым больш арыгінальны і

запамінальны твор. Таму кожны з маладых паэтаў усялякім чынам

імкнецца стварыць яркую вобразнасць:

Вечнасць зрывае пялёсткі з ружы,

сее, нібы насенне,

па сухадолах людскія душы,

па чарназёмах каменні.

Гэта радкі з верша Анатоля Сыса "Марыя ", які ўвайшоў у

другую кнігу паэта "Пан Лес" (1989).

У сучаснай беларускай літаратуры аматарамі тропаў,

нечаканых, складаных метафар выступаюць і агульна прызнаныя

знакамітыя майстры слова. Напрыклад, Рыгор Барадулін, з якім сёння

мала хто ў свеце можа параўнацца ў прафесійным майстэрстве

валодання словам:

Зноў тлее ля ціхіх стрэх

Маладзічковы лучнік.

З даверлівай ласкай снег,

Як з матчыных рук ручнік.

 

Забыты санет саней

Звініць,

Не зважае на спех.

Не дыхай,

Як вяз з'іней, —

Абы не спалохаць снег!..

 

Сарвуцца зоры з арбіт,

Папросяцца на начлег.

І боязна

Крок зрабіць,

Вачыма абразіць снег.

(Паэтычны зборнік «Свята пчалы»)

3. Метанімія як разнавіднасць метафары. Роля метанімій

у тэксце.

Разнавіднасцю метафары з'яўляецца метанімія. Гэта збліжэнне

слоў альбо замена аднаго слова іншым на падставе сапраўднай сувязі

паміж прадметамі, якія гэтымі словамі называюцца. Напрыклад,

замест рэчыўнага слова ўжываецца слова абстрактнае «жабрацтва тут

жыве», замест «жабракі тут жывуць». Часам называецца вынік замест

прычыны: напрыклад, «барометр падае: трэба хутчэй звазіць сена»,

барометр падае — вынік, прычына — будзе навальніца.

Відаў метаніміі вельмі шмат. Пералічваць іх усе няма патрэбы. Істотна іншае. Тое, што ўдалая метанімія павінна быць абавязкова

новай, а акрамя таго павінна вельмі ярка падкрэсліваць сувязь паміж

прадметамі, асабліва калі мы гаворым пра прадметы, якія нельга

ўявіць малюнкава. Напрыклад, калі мы гаворым «Ён раззлаваўся», то

даём толькі павярхоўнае паведамленне, а не карціну. Калі ж мы

скажам «Ён заскрыгатаў зубамі» —гэтая метанімія ярка выяўляе самузлосць. Метаніміі ўжываюцца і ў прозе, і ў паэзіі. У якасці ўдалага

паэтычнага прыкладу ўжывання метаніміі прывяду верш Алеся

Наўроцкага «Каліна»:

Асенняй раніцай, асеннім днём

Гарыць каліна пад яе акном.

Глядзіць задумліва яна ўдалечыню

Ці грэе рукі ля таго агню?

Пайшла...

Не хоча ў бок мой нават паглядзець,

Пакінула мяне на тым агні гарэць.

Існуюць разгорнутыя метаніміі. Кожны твор, дзе

адлюстроўваюцца характары людзей, пэўны час і інш., уяўляюць

сабой разгорнутую метанімію. Калі мы апісваем гады вайны ці

рэвалюцыі, то замест пераліку ўсяго, што сталася, паказваем

некаторыя характэрныя прыкметы ці з`явы.

Апавяданне Якуба Коласа «Крывавы вір» — прыклад

разгорнутай метаніміі ў апісанні рэвалюцыі і грамадзянскай вайны.

Альбо раман І. Мележа «Людзі на балоце» — разгорнутая метанімія

часоў калектывізацыі.

4. Сімвал і алегорыя: агульная характарыстыка паняццяў.

Значнае месца сярод тропаў у сучаснай літаратуры займае

сімвал. Гэта асобны матыў альбо цэлы комплекс матываў у мастацкім

творы, які з`яўляецца знакам глыбока прыхаванага і таямнічага

зместу. Сімвал мае сваёй мэтай скіроўваць думкі чытача да гэтага

зместу. Сімвалам можа быць прадмет, персанаж, сітуацыя і г. д.

Выбар сімвалу вымагае двухступеннай семантычнай арыентацыі.

Гэта значыць, па-першае, неабходна размясціць вызначаны сімвал у

сферы вобразанага свету мастацкага твора, а па-другое, павінен

прысутнічаць момант распазнання ў гэтай цэласнай вобразанй

структуры знакаў, што нясуць зашыфраваныя значэнні.

Гэтая двухступеннасць збліжае сімвал з алегорыяй. Аднак

прынцыповай розніцай выступае тое, што ў алегорыі сувязь паміж

прадстаўленай з`явай і схаваным сэнсам з`яўляецца адпаведнаагульназразумелай і прадвызначанай, а ў сімвале гэтая сувязь мае

характар аднаразовы і неакрэслены.

Каб зразумець адрозненні сімвала і алегорыі, параўнаем два

творы: вершы «Вялікі атракцыён» А. Вярцінскага і «Снег» Янкі Купалы.

ВЯЛІКІ АТРАКЦЫЁН

Вялікая справа — дрэсіроўка,

кнут і пернік, цукар і прут,

іх нарміроўка і дазіроўка ... Паглядзіце, што робіцца тут!

Божа, што робіцца на арэне!

Сланы становяцца на калені.

Пад тую ж дудку танцуе конь,

леў паслухмяна лезе ў агонь,

мядзведзь лісліва б'е паклоны,

тыгр, як кот, ручны і пакорны...

Усе яны тут.

«І ты тут, Брут?»

Дрэсіроўка робіць цуд.

І ўсе на задніх лапках, на задніх,

ходзяць мякка, бы ў тапках хатніх.

Дзе кіпцюры іх?

Няма кіпцюроў.

На задніх лапках —

кароль звяроў,

цар джунгляў і гаспадар тайгі.

Божа, можна завыць ад тугі!

Ну, хай ужо малпа, хай ужо пёсік

ходзяць на задніх, задраўшы хвосцік.

Ім, як кажуць, і Бог вялеў.

А тут жа і слон, і конь, і леў...

Дзе сіла іх, іх веліч і гордасць?

Адно паслушэнства, адна пакорнасць,

адна гатоўнасць дагадзіць,

на задніх лапках лепш хадзіць ...

Хвала вам і слава, майстры дрэсуры! —

Вы не знімаеце тры скуры.

Вы левай — цукрам,

правай — хлыстом,

і вось ужо звер віляе хвастом.

Вы гэтаму — пугі,

другому — корма,

Таго, што не робіць прырода сама,

робіце вы сваёй методай,

асла з ільва, і муху з слана ...

...Глядзіце, глядзіце, узняўшы хобат,

слон кружыцца, круціцца, як робат!

Усе яны тут. " І ты тут, Брут?" Усіх звязала адна вяроўка.

Вялікая сіла — дрэсіроўка,

прут і цукар, пернік і кнут.

У гэтым прыкладзе мы маем справу з алегорыяй, якая падлягае

ў прынцыпе толькі адной інтэрпрэтацыі, але патрабуе ад чытача

адпаведнай эрудыцыі і ведання правілаў прачытання. Сцэна

дрэсіроўкі звяроў на цыркавой арэне выклікае адназначныя

асацыяцыі са становішчам людзей у таталітарным грамадстве.

Пазбаўленыя дэмакратычных свабодаў людзі, маральна і фізічна

залежныя ад уладных сілавых структур, трапляюць у становішча тых

жа звяроў пад кнутом дрэсіроўшчыка. Калі будуць дагаджаць —

атрымаюць «пернік» (матэрыяльныя даброты), а калі будуць

супраціўляцца — іх чакае «кнут» — усялякага роду рэпрэсіі і ганенні. У

выніку падобных сацыяльна-палітычных абставін людзі часта

змушаны паводзіць сябе неадэкватна свайму характару, нормам

маралі, чалавечаму прызначэнню. Так было на Беларусі ў часы

сталінскіх рэпрэсій, так было ў гады застою — калі і быў напісаны

гэты верш, так адбываецца ва ўсе часы і ва ўсіх грамадствах, дзе не

захоўваюцца правы чалавека.

Верш Янкі Купалы «Снег» — твор цалкам іншага плану.

Залягла, як пасцель,

Лебядзіная бель

На загон, на курган,

І кажан, і груган

Анямеў не на смех:

Гэта снег, толькі снег...

 

За старухай-зямлёй

Ты пасцель, дружа мой,

Узваліў на душу,

Як бы крыж на мяжу,

І ўжо рад не на смех:

Гэта снег, толькі снег...

Думкі, сэрца, паглёд

Абліў лёд, скаваў лёд.

Так спавіў, спавіў сам,

Каб лягчэй было там,

Дзе жыццё не на смех:

Гэта снег, толькі снег...

 

Ты і жыў, і любіў,

Ты не ўмёр — і забыў,

Каб нічога не дбаць,

Смела ўдаль паглядаць,

Быць самым не на смех...

Гэта снег, толькі снег...

 

Хтось — сваяк, не сваяк—

Як жыў, скончыўся так.

Прагудзеў поп і звон,

Ідзі з памяці вон:

Бой за хлеб не на смех!

Гэта снег, толькі снег...

 

Мо і лёгкія дні...

Не зачэпяць ані

Ні бяда, ні нуда,

Ні агонь, ні вада...

Само шчасце, сам смех!

Гэта снег, толькі снег…

Сімвал «снег» тут адчыняе мажлівасці розных прачытанняў і

тлумачэнняў. Прычым ніводнае з тлумачэнняў не будзе канчатковым,

да канца ясным і вызначаным. Адметнай уласцівасцю сімвала

з`яўляецца хісткасць і няпэўнасць значэння, якое трэба яму

прыпісваць. Сімвал нельга вытлумачыць, яго няпэўны змест нельга

перадаць ніякім іншым спосабам. Спроба пераказаць змест сімвала з

дапамогай якіх-небудзь іншых выяўленчых сродкаў прывяла б да

знішчэння найважнейшай рысы сімвалу — прадвызначанай

загадкавасці, таямнічасці.

Сімвалічнае адлюстраванне рэчаіснасці было ўласціва ўсім

літаратурам свету на ўсіх этапах іх развіцця. Але асаблівае значэнне

сімвалу надавала містычная паэзія, літаратура часоў барока і паэты-

рамантыкі. І, канешне, найбольш за ўсё сімвалізм — мастацкі накірунак, які ўзнік напрыканцы ХІХ ст. у Францыі. Пачынальнікам

яго быў Морыс Метэрлінк, які лічыў сваімі папярэднікамі Маларме,

Арцюра Рэмбо, Поля Верлена. У беларускай літаратуры сімвалізм быў

папулярны на пачатку ХХ ст. Сярод яго прыхільнікаў можна назваць

Купалу, Змітрака Бядулю.

Сімвал — адзін з самых распаўсюджаных тропаў і ў сучаснай

літаратуры. Ён папулярны як у паэтаў, так і ў празаікаў, як сярод

пісьменнікаў старэйшага пакалення, так і сярод моладзі. Можнапрыгадаць, напрыклад, аповесць «Ваўчыная яма» В. Быкава. Ці тэкст

З. Вішнёва «Трап для сусліка, альбо Некрафілічнае даследаванне

аднаго віду грызуноў».

5. Іронія як адна з разнавіднасцяў тропаў.

Тэкст З. Вішнева выяўляе папулярнасць у сучасных маладых

літаратараў яшчэ аднаго мастацка-выяўленчага сродка — іроніі.

Іронія — гэта ўласцівасць стылю, якая заключаецца ў супярэчнасці

паміж даслоўным значэннем выказвання і яго сапраўдным

значэннем, якое не выказваецца прама, але якое аўтар мае на мэце.

Сігналам іранічнага выказвання выступаюць інтанацыя,

міміка альбо кантэкст, апрача таго ўласцівае чытачу веданне

рэальных спраў і людзей, на якое разлічвае аўтар і на якое

спасылаецца. Іранічнае выказванне з'яўляецца сведчаннем

дыстанцыі, якую той, хто гаворыць, мае да значэння ўласнага

выказвання, а таксама да яго прадмета. Прыгадаем, напрыклад,

верш Ніла Гілевіча «Балада аб дваццаці шасці»:

Дваццаць шэсць іх было. Дваццаць шэсць.

Непахісных. Нязломных. Гартоўных.

Нездарма за кулісай ахоўнік

Аддаваў ім па-воінску чэсць.

 

На трыбуну, як на эшафот,

Чорны страх па чарзе іх выводзіў.

Дваццаць шэсць! І ніводзін, ніводзін

Не падвёў "змагара за народ"!

 

Як ні цяжка было, а змаглі

Устаяць, утрываць, не сарвацца

І не зганьбіць сябе — не азвацца

Мовай роднай бацькоўскай зямлі.

У залежнасці ад сітуацыі іронія можа служыць сатырычным

мэтам: быць формай жарту, складнікам пародыі, выразам здзеку,

з`едлівасці, сарказму. Майстрам іранічнага выказвання ў нашай

паэзіі быў Пімен Панчанка:

А навошта нам установы?

Каб пісаць кожны дзень пастановы.

А навошта нам пастановы?

Каб жылі і цвілі ўстановы.

Іронія можа быць звернута творцам таксама і супраць самога

сябе, сваіх творчых ініцыятыў. Тады яна называецца аўтаіронія.

Такім чынам, у залежнасці ад мэты і спосабу выказвання той

альбо іншы аўтар уважліва адбірае адпаведныя мастацка-выяўленчыя

сродкі, тропы. Наколькі вялікае значэнне для літаратара-

прафесіянала мае ўменне карыстацца тропамі, сведчыць гісторыя

літаратуры — творчая лабараторыя вялікіх пісьменнікаў, пра што вы

можаце пачытаць у артыкулах Яна Парандоўскага, І. Мележа і інш.


<== previous lecture | next lecture ==>
Лексічны запас і спосабы яго пашырэння. | Лекцыя 10.
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 3.787 s.