![]() |
Абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі.Date: 2015-10-07; view: 462. Частка дэпутатаў распушчанага па загадзе СНК Заходняй вобласці і фронту Усебеларускага з'езда правяла падпольнае пасяджэнне ў дэпо Лібава-Роменскай чыгункі. На ім былі створаны органы, якім даручалася працягваць барацьбу за ажыццяўленне ідэі беларускай дзяржаўнасці, -- Рада з'езда на чале з Я.Лёсікам, Выканаўчы камітэт Рады Ўсебеларускага з'езду (старшыня Я.Серада). Рада паставіла сваёй задачай падрыхтоўку ўзброенай барацьбы за ідэалы беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці. Ва ўмовах наступлення германскіх войскаў кіраўнікі Аблвыкамзаха ў ноч на 19 лютага 1918 г. пакінулі Мінск. Уладу ўзяў у свае рукі Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з'езда. 21 лютага 1918 г. ён звярнуўся да народа Беларусі з Першай Устаўной граматай, у якой абвясціў сябе часовай уладай на тэрыторыі Беларусі і абавязваўся склікаць Усебеларускі Устаноўчы з'езд. Да адкрыцця з'езду выканаўчыя функцыі новай улады ўскладваліся на Народны сакратарыят (урад). У грамаце абвяшчалася права беларускага народа, як і іншых народаў, на самавызначэнне. У той жа дзень, 21 лютага 1918 г., у Мінск увайшлі германскія войскі. Нямецкія салдаты занялі будынак, дзе размяшчаўся Народны Сакратарыят (урад), створаны Выканкомам Рады Усебеларускага з'езда. У пачатку сакавіка 1918 г. войскі Чырвонай Арміі спынілі наступленне германскіх войскаў, якія акупіравалі больш за 2/3 тэрыторыі Беларусі. 3 сакавіка 1918 г. у выніку мірных перагавораў у Брэст-Літоўску (цяперашні Брэст) паміж Савецкай Расіяй, з аднаго боку, і Германіяй, Аўстра-Венгрыяй, Балгарыяй, Турцыяй — з другога быў заключаны мірны дагавор. Беларуская дэлегацыя прысутнічала ў Брэст-Літоўску толькі як дарадца. Інтарэсы беларусаў у час мірных перагавораў не былі прыняты пад увагу ніводным з бакоў. Тэрыторыя Беларусі была падзелена па лініі Дзвінск — Свянцяны — Ліда — Пружаны — Брэст. Паводле ўмоў дагавора заходняя частка Беларусі (Гродзенская і частка Віленскай губерні) далучалася да этнічнай Літвы. Цэнтральная частка (Мінская і часткі Віцебскай і Магілёўскай губерняў) абвяшчалася акупіраванай тэрыторыяй. Усходнія раёны Беларусі заставаліся ў складзе Савецкай Расіі. Брэсцкі мірны дагавор фармальна завяршыў удзел Расіі ў Першай сусветнай вайне. Савецкая ўлада атрымала перадышку, неабходную для свайго замацавання. У лістападзе 1918 г., пасля паражэння аўстра-германскага блока ў Першай сусветнай вайне і перамогі лістападаўскай буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі ў Германіі, Савецкі ўрад скасаваў Брэсцкі мір. 10 снежня Чырвоная Армія заняла Мінск. Да сярэдзіны лютага 1919 г. Савецкая ўлада зноў усталявалася амаль на ўсей тэрыторыі Беларусі.
9 сакавіка 1918 г. Выканком Рады Усебеларускага з'езда прыняў Другую Устаўную грамату, у якой абвяшчаліся стварэнне на этнічнай тэрыторыі Беларусі Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), дэмакратычныя свабоды, роўнасць моў народаў Беларусі, скасаванне прыватнай уласнасці на зямлю і перадача яе без выкупу сялянам, 8-гадзінны рабочы дзень. Рада Усебеларускага з'езда, пераўтвораная ў Раду БНР, Прэзідыум Рады ўзначаліў І.Серада. 19 сакавіка Рада БНР прыняла закон “Аб вярхоўнай уладзе Беларускай Народнай Рэспублікі”, які замацоўваў за ёй функцыі заканадаўчага органа. у Трэцяй Устаўной грамаце 25 сакавіка 1918 г. абвясціла незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. 11 кастрычніка 1918 г. Рада зацвердзіла часовую канстытуцыю рэспублікі, якой узаконіла наступныя сімвалы БНР: герб «Пагоня» і бела-чырвона-белы сцяг. Сярод ініцыятараў абвяшчэння БНР былі А. I. Луцкевіч і А. А. Смоліч. Рада Беларускай Народнай Рэспублікі прэтэндавала быць заканадаўчым органам (да склікання Устаноўчага з'езда). Выканаўчым органам улады павінен быў стаць Народны сакратарыят (урад).
|