Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






ПЯЧАТКА ІЗЯСЛАВА


Date: 2015-10-07; view: 812.


Ізяслаў Уладзімеравіч (другая палова 979 — 1001, Полацак) — полацкі князь з 986 па 1001 год, унук Рагвалода, сын Рагнеды Рагвалодаўны і Ўладзімера Святаславіча.

Чацьверты па старшынстве сын Уладзімера Святаславіча. Паводле меркаваньняў некаторых даследчыкаў, адзінае дзіця Рагнеды. У 985—986 гадах пасля замаху Рагнеды на жыцьцё Ўладзімера Ізяслаў па навучэнні маці сімвалічна, з мечам у руках, выступіў на яе абарону. Гэтае заступніцтва ўразіла Ўладзімера, ён звярнуўся па раду да сваіх баяраў, якія параілі яму вярнуць Ізяслава разам з маці ў Полацак. Згодна з крыніцамі Ўладзімер заснаваў для Ізяслава новы горад — Ізяслаўль (цяпер Заслаўе). Полацкі князь Ізяслаў, відаць, вёў актыўную ўнутраную і знешнюю дзейнасць, бо ў Ноўгарадзе падчас археалагічных раскопак 1954 года знойдзена ягоная пячатка. Памёр у 1001, пакінуўшы ад невядомай жонкі двух сыноў — Усяслава і Брачыслава.

Пячатка шмат ў чым унікальная. Найстаражытнейшы помнік пісьменства ва Усходняй Еўропе. Выканана на незвычайных для гэткіх помнікаў матэрыялах, звычайна пячаткі адціскаліся на круглых металічных балванках і прывешваліся да грамат на шнурках, гэтая ж пячатка адціснутая на палосцы свінцу і была прывешаная да граматы на скураным дзягужку.

На аверсе змешчаная мадыфікаваная выява «Трызуб» з надпісам «ΝΖAC**OΖO» (верагодна «ΝΖACΛΑOZO»). Рэверс без выявы з надпісам «ГРΑΔ*****» (верагодна «ГРΑΔΠΛΤСΚ»). Памеры у шырыню 38 міліметраў, у даўжыню 24—30 міліметраў. Таўшчыня палоскі 11 міліметраў, у месцы адбітка 8 міліметраў.


 

Пячатка Ізяслава (986—1001), аверс

 

Пячатка Ізяслава (986—1001), рэверс


БАРЫСАВЫ КАМЯНІ І РАГВАЛОДАЎ КАМЕНЬ

 

3 даўніх часоў увагу навукоўцаў-даследчыкаў манументальных помнікаў матэрыяльнай культуры беларускага народа прыцягвалі велізарныя валуны з высечанымі на іх крыжамі і надпісамі «Господи помози рабу своему Борису». Гэтыя камяні атрымалі назву Барысавых. Вядома 7 такіх помнікаў. 5 у рэчышчы Заходняй Дзвіны (Полацк, Друя, 3 каля Дзісны), 2 на сушы — паміж Оршай і Коханавам, каля вёсак Дзятлава Аршанскага і Галошаўка Талачынскага раёнаў, так званы Рагвалодаў камень, і каля в. Высокі Гарадзец Талачынскага раёна.

 

Да ўвядзення хрысціянства ў 10 ст. камяні былі паганскімі фетышамі. Неўраджай і голад у пачатку 12 ст. на Падзвінні прывялі да адыходу ад хрысціянства, вяртання да паганскіх вераванняў і шанавання камянёў, каля якіх калісьці маліліся аб ураджай. Каб сінтэзаваць паганскія і хрысціянскія вераванні, а таксама ўвекавечыць сваё імя, полацкі князь Барыс Усяслававіч, які быў вельмі набожны, загадаў высякаць на камянях крыжы, формай падобныя на крыж з «Галгофай», і хрысціянскія надпісы з імем Барыса. Яго імя выбіта на 6 камянях (лічаць, што надпісы зроблены ў маі 1128 года, у дні Барысаглебскіх святаў).

 

Барысаў камень каля в. Высокі Гарадзец у 1888 г. даследаваў беларускі этнограф, фалькларыст, археолаг Е.Р. Раманаў. У зборніку «Старажытнасці: Працы імператарскага Маскоўскага археалагічнага таварыства» (Т. 13, в. 1. М, 1889, на рус. мове) ён пісаў: «Па знешнім выглядзе камень уяўляе з сябе глыбу чырвонага граніту квадратнай формы з няправільнымі вугламі; заходні, правы вугал амаль не мае слядоў апрацоўкі. Чатырма бакамі сваімі камень размешчаны да чатырох бакоў свету, і даволі правільна. Цяжарам сваім ён уціснуў зямлю на 1/2 аршына і ўзвышаецца над узроўнем ямы на 1 арш. 2 вяршкі. 3 бакоў камень даў моцныя расколіны ў гарызантальным напрамку, асабліва ў заходняй частцы. Паверхня гарызантальная і амаль гладкая, але ў некаторых частках укрытая імхом, дзе-нідзе рассыпаецца жарствою, а паўночная частка паверхні сколатая, у шырыню, ад краю, на 2—3 чвэрці, у глыбіню на 2—3 вяршкі. Увогуле, паверхня моцна папсаваная, між іншым, і ад таго, што начлежнікі, якія пасвяць коней, паляць на камені свае вогнішчы. Пры ўсім тым, лёгка можна заўважыць, што ва ўсю даўжыню каменя высечаны васьміканцовы крыж. Контур крыжа ў некаторых частках бачны выразна, у іншых ён зусім згладжаны... Вакол крыжа, па краях паверхні каменя, высечаны буйныя (некаторыя да 5 вяршкоў) славянскія літары» (с. 192—193).

 

Е.Р. Раманаў даследаваў надпіс і склаў ацалелыя літары ў тэкст «Господі помозі рабу своему Борісу». У літаратуру помнік увайшоў пад назвай Высокагародскага каменя. Сярод мясцовага насельніцтва камень быў вядомы як «Кравец» і «Сцяпан», з ім звязана паданне, нібыта ў незапамятныя часы камень валодаў цудоўнай здольнасцю шыць сукенкі. Варта было прынесці увечары сукно або іншую тканіну і сказаць: «Сцяпан, сшый мне жупан!», і да раніцы адзежына была гатовая... Але адна жанчына ўздумала пасмяяцца з яго, прынесла сукно і папрасіла камень сшыць «ні тое, ні сёе». Раніцай узяла сукенку, але яна была сапсаваная: адзін рукаў на патрэбным месцы, а другі прышыты да палы ўнізе. 3 тых часоў «Кравец» перастаў шыць. У 1898 г. над каменем была пабудаваная капліца. У 1936 г. камень узарвалі...

 

На Рагвалодавым камені (мясцовыя назвы Аршанскі, Барысаглебскі, Уладзімірскі) высечанае імя Рагвалода Барысавіча: «В лето 6679 (1171) месяца мая в 7 день доспен крест сей. Господи помози рабу своему Василию в крещении именем Рогвалоду сыну Борисову». У 1794 г. пра гэты помнік паведаміў Ц.С. Мальгін у творы «Зярцала расійскіх гасудароў». Захавалася шмат паданняў пра Рагвалодаў камень. Паводле аднаго з іх — гэта акамянелая жывёліна, калісьці камень быў на чатырох нагах і меў галаву. Мясцовы млынар адсек «галаву» і перарабіў на жорны, якія самі змалоліся ў пясок і перамалолі ўсё багацце і сям'ю млынара. Паводле другога падання, пад каменем знаходзілася магіла князя Васіля (Рагвалода), які загінуў тут у бітве. Паводле трэцяга — на гэтым месцы адбылася бітва паміж Рагвалодам і друцкімі князямі. Рагвалод перамог і ў гонар перамогі загадаў высечы на камені крыж з надпісамі. Паводле чацвёртага — Рагвалод, вяртаючыся з паходу, адпачываў тут з дружынай і яму прысніліся бацька-нябожчык Барыс з братам Глебам. У гонар гэтага быў пастаўлены камень-помнік, названы Барысаглебскім. У 1807 г. над каменем была пабудаваная Барысаглебская царква (у 1812 г. знішчаная французамі), у 1830 г. узведзеная капліца. Ёсць звесткі, што ў 1913 г. камень быў яшчэ на месцы. Далейшы лёс яго невядомы.

 


<== previous lecture | next lecture ==>
Лекцыя І. Першыя помнікі пісьменства на тэрыторыі сучаснай Беларусі | КРЫЖ ЕФРАСІННІ ПОЛАЦКАЙ
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.082 s.