Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Савецка-польская вайна на тэрыторыі Беларусі


Date: 2015-10-07; view: 559.


Наступленне польскіх войскаў.У лістападзе 1918 г. адрадзілася Польская дзяржава. Яе кіраўнік Ю.Пілсудскі аб'явіў аб аднаўленні Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. У пачатку 1919 г. польскія кіруючыя колы пры падтрымцы Францыі і Англіі сталі на шлях ажыццяўлення сваіх намераў далучыць землі Украіны, Беларусі і Літвы да Польшчы. У лютым 1919 г. польскія войскі пачалі наступленне ў напрамках Вільня — Мінск і Кобрын — Пінск. Да лета 1919 г. яны занялі значную тэрыторыю Беларусі. Чырвоная Армія пакінула Вільню, Брэст, Мінск. Пагроза захопу навісла над Гомелем. I толькі на лініі ракі Бярэзіны фронт стабілізаваўся. Такое становішча захоўвалася да вясны 1920 г. Быў створаны Заходні фронт Чырвонай Арміі. Але арганізаваць значнае супраціўленне польскім войскам не ўдалося. Справа ў тым, што вялікія сілы Чырвонай Арміі ў гэты перыяд канцэнтраваліся на Усходнім фронце для барацьбы з войскамі А.В.Калчака. Гэты фронт савецкі ўрад лічыў у 1919 г. галоўным ва ўмовах грамадзянскай вайны, якая пачалася ў Расіі ў 1918 г. паміж рознымі палітычнымі сіламі. У эканамічнай сферы бальшавікі праводзілі палітыку «ваеннага камунізму». Яна пачалася з харчразвёрсткі, згодна з якой сяляне абавязаны былі здаваць дзяржаве па цвёрдых цэнах усе лішкі сельгаспрадуктаў для забеспячэння хлебам салдат Чырвонай Арміі. На практыцы па харчразвёрстцы ў сялян забіралі не толькі ўсе лішкі, але і частку неабходных для пражытку прадуктаў. Былі забаронены гандаль і рынак, уводзіліся ўсеагульная працоўная павіннасць і размеркавальная сістэма забеспячэння прадуктамі. Разам з гэтым праводзілася нацыяналізацыя буйной, сярэдняй і нават дробнай прамысловасці. Гэтыя мерапрыемствы балюча закраналі інтарэсы розных пластоў насельніцтва, выклікалі незадаволенасць сярод сялянства і яго паўстанні. Харчразвёрстка з'явілася галоўным элементам эканамічнай палітыкі, якая атрымала назву «ваеннага камунізму». Гэта палітыка прадугледжвала адзяржаўленне ўсіх сродкаў вытворчасці, жорсткую цэнтралізацыю сістэмы кіравання, забарону гандлю хлебам і ўвядзенне дзяржаўнай хлебнай манаполіі, нацыяналізацыю прамысловасці і іншыя мерапрыемствы, якія адпавядалі ўмовам ваеннага часу. Урад ЛітБел фактычна адмовіўся ад надзялення сялян зямлёй і захаваў памешчыцкія маёнткі для арганізацыі камун. За карыстанне памешчыцкай зямлёй сяляне павінны былі аддаваць чвэрць ураджаю. Адным з такіх выступленняў у паласе Заходняга фронту было падрыхтаванае эсэрамі паўстанне ў Гомелі, якое адбылося ў сакавіку 1919 г. Паўстанцы занялі Гомель і Рэчыцу. Захопленыя ў палон бальшавіцкія кіраўнікі былі расстраляны. Створаны для барацьбы з паўстанцамі ваенна-рэвалюцыйны штаб звярнуўся ў іншыя гарады з просьбай прыслаць войскі. 3 іх дапамогай паўстанне было падаўлена.

Акупацыйны рэжым. На занятай тэрыторыі Беларусі польскія ўлады ліквідавалі органы савецкага мясцовага кіравання, аднаўлялі памешчыцкае землеўладанне, усталёўвалі свае парадкі. Палітычныя к праціўнікі польскай улады падвяргаліся жорсткім рэпрэсіям. У культурным жыцці праводзілася палітыка паланізацыі. Зачыняліся беларускія школы і ўстановы культуры. Многія дзеячы беларускага нацыянальнага руху, шэраг настаўнікаў беларускіх школ былі арыштаваны і адпраўлены ў польскія турмы. 3 дзяржаўных устаноў, фабрык і заводаў звальняліся «непажаданыя» асобы. Ва ўмовах польскай улады неадназначна паводзілі сябе беларускія палітычныя групоўкі. Спачатку кіраўнікі БНР выступілі супраць прэтэнзій Польшчы на беларускія тэрыторыі. Улічваючы небяспеку з боку Польшчы, у снежні 1918 г. на нарадзе ў Гродне Рада БНР стварыла Савет Дзяржаўнай абароны на чале з В. Ю. Ластоўскім. Перад ім была пастаўлена задача арганізацыі барацьбы з польскімі войскамі, што наступалі з захаду, але 28 красавіка 1919 г. Ю. Пілсудскі выступіў з адозвай да насельніцтва былога Вялікага княства Літоўскага. Ён паабяцаў, што дасць яму магчымасць самому вырашаць свае нацыянальныя і рэлігійныя справы. I тады шэраг беларускіх партый і арганізацый узялі курс на супрацоўніцтва з польскімі ўладамі. Многія кіраўнікі беларускага нацыянальнага руху пайшлі на ўстанаўленне адносін з Пілсудскім, спадзеючыся, што з яго дапамогай можна будзе рэалізаваць у рэшце рэшт беларускую нацыянальную ідэю. Пасля таго як у жніўні 1919 г. Мінск быў заняты польскімі войскамі, Рада БНР на чале з Я. Лёсікам звярнулася да Пілсудскага з лістом, у якім змяшчалася просьба аб перадачы ёй улады ў Беларусі. Акрамя гэтага, старшыня ўрада БНР А. Луцкевіч уступіў у перагаворы з прэм'ер-мі-ністрам Польшчы I. Падарэўскім аб прызнанні БНР. Гэтага ж ён дабіваўся і на Парыжскай канферэнцыі, якая разглядала пытанне аб усходніх межах Польшчы. У верасні 1919 г. А. Луцкевіч у Варшаве пагадзіўся заключыць унію Беларусі з Польшчай пры ўмове прызнання польскім сеймам незалежнасці БНР. Ю. Пілсудскі адмовіўся ад гэтай прапановы і аддаў загад распусціць Раду БНР, а А. Луцкевіча інтэрніраваць (неўзабаве А. Луцкевіч з дапамогай ППС быў вызвалены). Радзе БНР было дазволена правесці сваю сесію. Пілсудскі спадзяваўся, што гэта сесія прыме рашэнне аб уніі Беларусі з Польшчай без ніякіх умоў. Ён нават пагадзіўся на стварэнне беларускага войска. 22 кастрычніка 1919 г. Ю. Пілсудскі падпісаў дэкрэт аб стварэнні двух беларускіх батальёнаў. Была створана Беларуская вайсковая камісія ў складзе П. Алексюка (старшыня), А. Прушынскага, С. Рак-Міхайлоўскага, Ф.Кушаля і інш. Галоўнакамандуючым быў прызначаны польскі афіцэр А. Канапацкі. Аднак вельмі хутка суровая рэчаіснасць развеяла надзеі аб немагчымасці дамовіцца з Ю. Пілсудскім. Стала ўзмацняцца апазіцыя да польскіх акупацыйных улад. Яе ўзначалілі беларускія эсэры. У верасні 1919 г. кіраўніцтва БПС-Р заявіла, што ідэю дзяржаўнасці Беларусі можа здзейсніць толькі Працоўны кангрэс, абраны беларускім народам. У кастрычніку 1919 г. ІДК БПС-Р заклікаў усе палітычныя партыі стварыць «агульны фронт» барацьбы за вызваленне Беларусі. Вострая палітычная барацьба паміж эсэрамі і прыхільнікамі польскай арыентацыі разгарнулася на сесіі Рады БНР у снежні 1919 г. Захапіўшы ініцыятыву, фракцыя эсэраў дабілася перавыбрання Рады БНР. Быў створаны і новы ўрад БНР на чале з В. Ластоўскім. У адказ польскія ўлады арыштавалі кіраўніцтва партыі эсэраў, у тым ліку і новага кіраўніка ўрада БНР В. Ластоўскага. БПС-Р вымушана была працаваць нелегальна. Прыхільнікі польскай арыентацыі стварылі Найвышэйшую раду, якая падтрымлівала ўрад А. Луцкевіча. Змена палітычнага курсу беларускіх эсэраў значна зблізіла іх з камуністамі. У снежні 1919 г. у Смаленску адбылася сумесная канферэнцыя прадстаўнікоў гэтых партый. Быў падпісаны дагавор, у якім камуністы і эсэры паабяцалі абараняць інтарэсы беларускага народа. Але намаганні Рады БНР аказаліся безвыніковымі. 8 сакавіка 1920 г. польскі ўрад афіцыйна заявіў што не збіраецца прызнаваць БНР.

Барацьба супраць польскага акупацыйнага рэжыму. Супраціўленне польскім інтэрвентам арганізоўвалі бальшавікі. Яны заняліся стварэннем партызанскіх атрадаў ва ўсходніх і падрыхтоўчай работай у заходніх раёнах Беларусі. У канцы жніўня 1919 г. ЦК КП(б)ЛіБ утварыў спецыяльны палітычны орган – Бюро па нелегальнай рабоце, якое займалася фарміраваннем партызанскіх атрадаў. На шлях супрацоўніцтва з Камуністычнай партыяй (бальшавікоў) Літвы і Беларусі стала Беларуская камуністычная арганізацыя (БКА) на чале з У. М. Ігнатоўскім. Яна адкалолася ад партыі беларускіх эсэраў і мела на мэце адраджэнне Савецкай улады ў Беларусі. Усе партызанскія атрады ў раёне Мінска дзейнічалі пад кіраўніцтвам БКА. У гады польскай акупацыі захоўвалася Савецкая ўлада ў «Рудабельскай рэспубліцы». Але ў студзені 1920 г. польскія войскі спалілі вёску Рудабелка. У час барацьбы з польскай інтэрвенцыяй славутым стала імя дзеда Талаша. У 1919 г. ва ўзросце 75 гадоў Васіль Ісакавіч Талаш (1844—1946) арганізаваў і ўзначаліў партызанскі атрад колькасцю каля 300 чалавек. Атрад дзейнічаў на тэрыторыі Беларускага Палесся. Гэтыя падзеі стапі сюжэтам для аповесці Я. Коласа «Дрыгва». У гады Вялікай Айчыннай вайны В.I.Талаш прымаў удзел у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У супраціўленне акупантам уключылася партыя беларускіх эсэраў (БПС-Р). Яна налічвала ў сваіх радах каля 20 тыс. чалавек. Пад яе кіраўніцтвам пачалі стварацца партызанскія атрады. Паўстанцкія і партызанскія атрады былі аб'яднаны ў адзіную цэнтралізаваную арганізацыю – “Народную ваенную самаабарону” (НВС), якая, па сутнасці, была зародкам беларускай нацыянальнай арміі. У снежні 1919 г. паміж бальшавікамі і беларускімі эсэрамі было заключана пагадненне аб стварэнні адзінага фронту барацьбы. Сувязным звяном паміж імі стала Беларуская камуністычная арганізацыя (БКА) на чале з У.Ігнатоўскім. А ў сакавіку 1920 г. быў распрацаваны сумесны план узброенага паўстання і створаны Беларускі паўстанцкі камітэт (БПК). Такі шырокі і арганізаваны рух супраціўлення паскараў вызваленне тэрыторыі Беларусі. 28 студзеня 1920 г. у вёсцы Гатава адбыўся першы, а 5 красавіка ў вёсцы Міханавічы другі з'езды партызан, на якіх была распрацавана тактыка барацьбы супраць ворага.

У сакавіку 1920 г польскія войскі пачалі новае наступленне. 25 красавіка 1920 г. урад Польшчы перарваў перагаворы з Савецкім урадам, адхіліў усе яго прапановы і разгарнуў наступленне сваіх войск па ўсім савецка-польскім фронце. У межах Беларусі Ю. Пілсудскаму ўдалося стварыць пяціразовую перавагу над войскамі Чырвонай Арміі. Над Савецкай уладай навісла сур'ёзная небяспека. Дзякуючы перакідванню войскаў з Усходняга на Польскі фронт і дзеянням антыпольскіх сіл на акупіраванай тэрыторыі Беларусі Чырвонай Арміі ўдалося спыніць польскае наступленне і 14 мая 1920 г. перайсці ў контрнаступленне. Аднак з – за недахопу сіл Чырвоная Армія была вымушана адступіць на зыходныя пазіцыі. Новае наступленне Чырвонай Арміі пачалося 4 ліпеня. У выніку яго 11 ліпеня быў вызвалены Мінск, 14 ліпеня — Вільня. Да жніўня 1920 г. была вызвалена ўся тэрыторыя Беларусі. Ва ўмовах паспяховага наступлення Чырвонай Арміі ЦК КП(б)ЛіБ 6 ліпеня 1920 г. выказаўся за аднаўленне беларускай савецкай дзяржаўнасці, якое падтрымаў і ЦК РКП(б). 7 ліпеня быў утвораны Мінскі губрэўком на чале з А.Чарвяковым, які аб'явіў аб пераходзе да яго ўсёй улады на свабоднай тэрыторыі Беларусі.30 ліпеня замест Мінскага губрэўкома быў утвораны Ваенрэўком Беларускай Рэспублікі. 31 ліпеня 1920 г. у Мінску была абвешчана Дэкларацыя аб незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі (ССРБ). Адбылося другое абвяшчэнне савецкай рэспублікі на тэрыторыі Беларусі. Гэты акт стаў важнай падзеяй у дзяржава ўтваральным працэсе ў Беларусі. Дэкларацыя пацвердзіла палажэнні Маніфеста Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі ад 1 студзеня 1919 г. У падрыхтоўцы і падпісанні Дэкларацыі аб незалежнасці ССРБ удзельнічаў старшыня БКА У. М. Ігнатоўскі. Беларускія эсэры, якія марылі аб прызнанні незалежнасці БНР, прыбеглі да адкрытай барацьбы з бальшавікамі. У жніўні 1920 г. ад польскіх акупантаў быў вызвалены Брэст. Савецкія войскі рушылі далей на захад, на тэрыторыю Польшчы. Войскі Чырвонай Арміі пад кіраўніцтвам М. М. Тухачэўскага дайшлі да прадмесцяў Варшавы. (Тухачэўскі пісаў: “...На штыках мы прынясём працоўнаму чалавеку шчасце і мір. Уперад, на Захад! На Варшаву! На Берлін!”). 3 прычыны недахопу сіл, слабага матэрыяльнага забеспячэння савецкія войскі пацярпелі паражэнне. Пад пагрозай акружэння яны вымушаны былі з вялікімі стратамі адступіць з тэрыторыі не толькі Польшчы, але і Заходняй Беларусі. Падзеі 1919—1920 гг. характарызуюцца гісторыкамі як польска-савецкая вайна. Яна азначала інтэрвенцыю Польшчы супраць Савецкай Расіі, ва ўмовах якой беларускі народ вёў справядлівую вызваленчую барацьбу. А наступленне Чырвонай Арміі на Варшаву з'яўлялася спробай распаўсюджвання пралетарскай рэвалюцыі па-за межамі Савецкай Расіі.

Рыжскі мірны дагавор. Ва ўмовах, калі польскія войскі ў выніку контрнаступлення занялі значную частку Беларусі, савецкі ўрад быў вымушаны пайсці на перагаворы аб міры. 12 кастрычніка 1920 г. у Рызе былі падпісаны папярэднія ўмовы міру. Далейшыя перамовы прайшлі ў лістападзе 1920 г. у г. Рызе паміж РСФСР і Украінай, з аднаго боку, і Польшчай - з другога. Польшча не прызнала паўнамоцтвы дэлегацыі ССРБ, якая прысутнічала ў Рызе. Кіраўніцтвам ССРБ было прынята рашэнне аб даручэнні дэлегацыі РСФСР прадстаўляць інтарэсы Беларусі на перагаворах. Паводле Рыжскага мірнага дагавора ад 18 сакавіка 1921 г. да Польшчы адыходзіла значная частка тэрыторыі Беларусі - 113 тыс. км з насельнштвам каля 4 млн чалавек. За БССР захавалася толькі 6 паветаў Мінскай губерні -- Мінскі, Барысаўскі, Бабруйскі, Ігуменскі, Мазырскі і Слуцкі, у якіх пражывала больш за 1,6 млн чалавек. Віцебская і Гомельская губерні, заходнія паветы Смаленскай губерні заставаліся ў складзе РСФСР. Граніца з Польшчай прайшла за 30 км на захад ад Мінску. Беларускую дэлегацыю так і не запрасілі на перагаворы ў Рызе, а А. Чарвякова, які павінен быў прадстаўляць Савецкую Беларусь, за стол перагавораў не пусцілі. Рада БНР выступіла з мемарандумам пратэсту супраць падзелу Беларусі на дзве часткі і паставіла пытанне аб удзеле сваіх прадстаўнікоў у перагаворах. У рэшце рэшт кіраўніцтвам БССР было прынята рашэнне аб даручэннні дэлегацыі РСФСР прадстаўляць інтарэсы Беларусі на перагаворах. II Усебеларускі з'езд Саветаў, які адбыўся ў снежні 1920 г. у Мінску, адобрыў гэтае рашэнне. Савецка-польская вайна 1920 г. была, з аднаго боку, інтэрвенцыяй Польшчы ў адносінах да Савецкай Расіі, ва ўмовах якой беларускі народ вёў вызваленчую барацьбу. Але, з другога боку, ідэя сусветнай сацыялістычнай рэвалюцыі прывяла да таго, што баявыя дзеянні былі перанесены на тэрыторыю Польшчы, што ўскладніла становішча Беларусі. Пры падпісанні Рыжскага міру была страчана значная частка беларускай тэрыторыі. Гэта паўплывала на ўмовы далейшага развіцця БССР.Не менш цяжкім было становішча ў галіне культуры, народнай адукацыі Беларусі. Тысячы дзяцей школьнага ўзросту не наведвалі школу. Але ўжо ў 1919—1920 гг. былі зроблены пэўныя захады, каб неяк наладзіць школьную справу. У студзені 1919 г. быў створаны Народны камісарыят асветы БССР. Будаваліся новыя, пераважна пачатковыя, школы, адкрываліся курсы па падрыхтоўцы настаўнікаў, былі створаны спецыяльныя камісіі па ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослага насельніцтва. У красавіку 1919 г. аднавіў работу Горы-Горацкі земляробчы інстытут. У жніўні 1920 г. было вырашана адкрыць у Беларусі універсітэт. У вызваленых раёнах Беларусі ў 1919—1920 гг. пакрыху наладжвалася жыццё ў сферы культуры. У гэты час у многіх гарадах, мястэчках, вёсках Беларусі былі адкрыты клубы, бібліятэкі, музеі. У снежні 1920 г. у рэспубліцы выдавалася 12 перыядычных выданняў. Пачало сваю дзейнасць Дзяржаўнае выдавецтва БССР. У верасні 1920 г. у Мінску адкрыўся Беларускі дзяржаўны драматычны тэатр. У Мінску працавала таксама тэатральная трупа на чале з драматургам, акцёрам і рэжысёрам У.Галубком. 13 – 17 снежня 1920 г. адбыўся ІІ Усебеларускі з'езд Саветаў. З'езд прыняў дадаткі да Канстытуцыі 1919 г. Вышэйшым кіруючым органам быў з'езд Саветаў, выканаўчым – Савет Народных Камісараў (СНК), які прызначаўся Цэнтральным Выканаўчым камітэтам, і складаўся з 15 камісараў. З'езд надаў ураду РСФСР права заключаць любыя міжнародныя пагадненні ад імя БССР.


<== previous lecture | next lecture ==>
Абвяшчэнне ССР Літвы і Беларусі. | Сацыяльна-эканамiчнае развiццё Беларусi у гады НЭПа.
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.003 s.