|
Заходняя Беларусь у складзе Польскай дзяржавыDate: 2015-10-07; view: 900. Паводле Рыжскага мірнага дагавора Ў 1921 г. да Польшчы адышлі Гродзенская, усходнія раёны Віленскай і Заходнія раёны Мінскай губерняў. Акрэсленыя тэрыторыі атрымалі неафіцыйную назву «Заходняя Беларусь». У афіцыйных польскіх дакументах яны называліся «крэсы ўсходнія», што азначала ўсходнія ўскраіны Рэчы Паспалітай. На гэтай тэрыторыі пражывала прыкладна 3,4 млн чалавек, больш за 2,3 млн з іх з'яўляліся беларусамі. Землі былі падзелены на ваяводствы, паветы, гміны. Былі створаны Палескае, Навагрудскае, Віленскаеі Беластоцкаеваяводствы, а таксама польская адміністрацыя, падмацаваная густой сеткай паліцэйскіх устаноў — пастарункаў. Сацыяльна-эканамічнае становішча Заходняй Беларусі ў 1921-1939 гг. Заходняя Беларусь была аграрным прыдаткам прамысловых раёнаў Польшчы, рынкам збыту тавараў, крыніцай таннай сыравіны і рабочай сілы. Згортваліся традыцыйныя для Заходняй Беларусі галіны прамысловасці: гарбарная, тэкстыльная і інш., якія калісьці адыгрывалі значную ролю ў народнай гаспадарцы. Пераважала харчовая і дрэваапрацоўчая прамысловасць Жывёлагадоўчая накіраванасць сельскай гаспадаркі абумовіла развіццё вытворчасці масла і сыру, пашырэнне колькасці мясабойняў. Адзінай з традыцыйных галін прамысловасці, якая набыла значнае развіццё, была дрэваапрацоўчая. Уладарыў іншаземны капітал. У 1922 г. польскі ўрад прадаў англійскім і французскім прадпрымальнікам права на спілоўку Белавежскай пушчы і іншых лясных масіваў. Тытунёвая вытворчасць была перададзена ў арэнду італьянскім, а запалкавая — шведскім прадпрымальнікам.Найбольш буйнымі прадпрыемствамі Заходняй Беларусі былі запалкавая фабрыка ў Пінску, тытунёвая і фанерная фабрыкі ў Гродне, шклозавод «Нёман» у Лідскім павеце, фабрыка гумавых вырабаў у Лідзе. Прамысловай прадукцыі ў Заходняй Беларусі выраблялася ў 9 разоў менш, чым у Савецкай Беларусі, хоць па тэрыторыі і колькасці насельніцтва яны былі амаль што роўныя. Рабочыя ў Заходняй Беларусі працавалі па 12—14 гадзін у суткі, а іх заработная плата была ніжэйшая, чым на ўласна польскіх землях.У сельскай гаспадарцы была занята пераважная большасць насельніцтва — 85 %. Аднак памешчыкі, якіх было меней за 1 % ад колькасці жыхароў, валодалі больш як паловай усёй зямлі. У шэрагу батрацкіх гаспадарак зямлі зусім не было. Польскі ўрад пачаў сяліць на «крэсах усходніх» каланістаў — асаднікаў (былых польскіх вайскоўцаў). (Асадніцтва – надзяленне былых польскіх вайскоўцаў зямельнай маёмасцю на тэрыторыі Заходняй Беларусі.) Яны атрымлівалі бясплатна або за невялікую цану зямельныя надзелы па 15—45 га за кошт дзяржаўнай, сялянскай і часткова памешчыцкай зямель. Апошнія былі добра арганізаваны, узброены і выконвалі паліцэйскія функцыі адносна мясцовага насельніцтва. На тэрыторыі Заходняй Беларусі было расселена на хутарах каля 10 тыс. асаднікаў. Уласнасць асаднікаў яшчэ больш умацоўвалася пры аб'яднанні некалькіх дробных зямельных надзелаў збяднелых сялян у адзін участак і наступным гвалтоўным перасяленні беднякоў на хутары. Пад маркай ліквідацыі цераспалосіцы і далёказямелля польскі ўрад праводзіў так званую “камасацыю” – землеўпарадкаванне. Сялян прымушалі перасяляцца на хутары. Але каб наладзіць хутарскую гаспадарку, патрэбны былі вялікія сродкі, якіх беднякі і сераднякі не мелі. Таму пры камасацыі іх землі пераходзілі да кулакоў і асаднікаў.Сяляне Заходняй Беларусі пакутавалі ад малазямелля і беззямелля. У пачатку 30-х гг. сярод сельскага насельніцтва Заходняй Беларусі сяляне-беднякі складалі каля 70 %, сераднякі — 23%, заможныя сяляне, асаднікі, шляхта — больш чым 6%.У пошуках заробкаў збяднелыя сяляне ад'язджалі ў краіны Заходняй Еўропы, Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі. 3 1925 па 1938 г. з трох ваяводстваў Заходняй Беларусі на пастаяннае жыхарства ў іншыя краіны выехала больш за 78 тыс. чалавек. Грамадска-палітычнае жыццё ў Заходняй Беларусі ў 1920-1930 гады. Палітычны рэжым, які быў устаноўлены ў выніку дзяржаўнага перавароту 1926 г. у Польшчы, у тым ліку ў Заходняй Беларусі атрымаў назву «санацыя» («аздараўленне». Санацыя – назва палітычнага і эканамічнага рэжыму, які быў устаноўлены ў Польшчы, у тым ліку у Заходняй Беларусі, у 1926 г. кіраўніком Польскай дзяржавы Ю.Пілсудскім.). Гэта быў ваенна-аўтарытарны рэжым (рэжым асабістай улады, што абапіраўся на ваенную сілу) пад кіраўніцтвам Ю. Пілсудскага. На тэрыторыі Заходняй Беларусі дзейнічала польская тайная палітычная паліцыя, шматлікія суды і турмы. Цяжкае сацыяльнае і эканамічнае становішча дапаўнялася паліцэйскім тэрорам. Па ўсёй тэрыторыі “усходніх крэсаў” лютавалі карныя экспедыцыі, якія называліся “пацыфікацыяй” – уціхамірваннем. У час «пацыфікацый» паліцэйскія разбуралі хаты сялян, знішчалі іх маёмасць, учынялі масавае збіванне насельніцтва. Пасля такога разбою жыхарам вёсак забаранялася запальваць святло вечарам, збірацца групамі, хадзіць у іншыя вёскі. Вядучая роля ў правядзенні тэрору належала тайнай паліцыі – “дыфензіве”. Яна шырока карысталася метадамі правакацый, паклёпу, запалохвання і фізічных катаванняў. У 1934 г. па распараджэнні Пілсудскага быў створаны канцэнтрацыйны лагер у Бярозе-Картузскай. Адукацыя і культура Заходняй Беларусі ў 1920-1930 гады. Значны ўклад у развіццё адукацыі ў Заходняй Беларусі ўнёс адзін са стваральнікаў і старшыня БСРГ, кіраўнік ТБШ Браніслаў Адамавіч Тарашкевіч (1892—1938). Ён — аўтар першай «Беларускай граматыкі для школ», над якой працаваў у 1913—1918 гг. Стаў у будучым правадзейным членам Беларускай Акадэміі навук. У 1921 — 1922 гг. працаваў дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі. У 1922 г. быў абраны дэпутатам польскага сейма. Двойчы арыштоўваўся польскімі ўладамі. У турме ім быў зроблены пераклад на беларускую мову паэм Гамера «Іліяда» і А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш». Стаў ахвярай палітычных рэпрэсій, расстраляны як «польскі шпіён». Умовы развіцця культуры ў Заходняй Беларусі. Адукацыя і навука. Паводле ўмоў Рыжскага міру 1921 г. урад Польшчы абавязваўся надаць беларускаму і ўкраінскаму насельніцтву «правы, якія б забяспечвалі свабоднае развіццё культуры, мовы і выкананне рэлігійных абрадаў». Нацыянальным меншасцям гарантавалася права навучання на роднай мове, ужывання яе ў грамадскіх і дзяржаўны установах. На практыцы гэтыя правы пастаянна парушаліся. Праводзіўся курс на паланізацыю. Яна ўяўляла сабой сістэму мерапрыемстваў, які праводзіліся польскімі дзяржаўнымі органамі, культурнымі ўстановамі, каталіцкім духавенствам па распаўсюджванні польскай мовы і культуры, па асіміляцыі (далучэнні да палякаў) беларускага насельніцтва ў Заходняй Беларусі. Калі ў БССР камуністычнай партыяй у 1924 г. была падтрымана справа нацыянальна-культурнага адраджэння і абвешчана палітыка беларусізацыі, то ў Заходняй Беларусі даводзілася змагацца за права навучаць дзяцей на беларускай мове. Да захопу Польшчай Заходняй Беларусі тут працавала каля 350 беларускіх школ і беларускія гімназіі ў Навагрудку, Клецку, Радашковічах і Вільні. У 1938/39 навучальным годзе ў Заходняй Беларусі не засталося ні адной беларускай школы. Але і польскіх школ было недастаткова. Каля 13 % дзяцей школьнага ўзросту нідзе не вучыліся, 43 % насельніцтва ва ўзросце звыш 10 гадоў было непісьменным. Інтэлігенцыі з ліку карэннага беларускага насельніцтва налічвалася зусім мала. У дзяржаўных установах не дазвалялася карыстацца беларускай мовай. Беларусаў на дзяржаўную службу не бралі. Не было беларускіх тэатраў. Закрываліся нешматлікія клубы, бібліятэкі, хаты-чытальні, створаныя ў папярэднія гады беларускай грамадскасцю: Прагрэсіўныя газеты і часопісы канфіскоўваліся і закрываліся, іх рэдактараў садзілі ў турму. Супраць паланізацыі выступіла масавая легальная культурна асветніцкая арганізацыя — Таварыства беларускай школы (ТБШ, існавала ў 1921 —1936 гп). У 1928 г. яна налічвала амаль 30 тыс. чалавек Свае намаганні ТБШ засяродзіла на адкрыцці беларускіх народны. школ, клубаў-чытальняў, бібліятэк, выпуску беларускіх газет, падручнікаў, кніг. Гэта звычайна рабілася ў тых раёнах, дзе беларускамоўнае насельніцтва складала 25 % і болей. Заслуга Таварыства не толькі ў вялікай асветніцкай дзейнасці, але і ў тым, што яно ў цяжкіх умовах нацыянальнага прыгнёту падрыхтавала і выхавала значную колькасць беларускай творчай інтэлігенцыі. Гэта — грамадскі дзеяч, вучоны, аўтар беларускай граматыкі Браніслаў Тарашкевіч,збіральнік фальклору і песень, музыкант І кіраўнік народнага хору Рыгор Шырма,паэты Яўген Скурко(Максім Танк) і Валянцін Таўлай,пісьменнік Піліп Пестракі многія іншыя дзеячы культуры. ТБШ было забаронена ў 1937 г. У выніку курсу польскіх улад на паланізацыю ў 1938/39 навучальным годзе ў Заходняй Беларусі амаль не было беларускіх школ хаця колькасць непісьменных сярод беларускага насельніцтва складала ў 1939 г. амаль палову. Спынілася выданне беларускіх газет і часопісаў. Не дазвалялася карыстацца беларускай мовай у дзяржаўных установах і органах мясцовага самакіравання. За адкрыццё беларускай школы трэба было сабраць подпісы не менш як 40 бацькоў. А каб адкрыць польска-беларускую школу, дастаткова было 20 подпісаў за навучанне па-польску. Адной з праяў нацыянальнага ўціску стала парушэнне права на свабоду веравызнання і рэлігійная нецярпімасць польскіх улад да праваслаўнай большасці беларускамоўнага насельніцтва. 3 500 існаваўшых да 1924 г. у Заходняй Беларусі праваслаўных цэркваў больш за 300 былі пераўтвораны ў касцёлы. Важнае значэнне мелі навуковыя даследаванні па гісторыі і культуры беларускага народа. Гэтым займалася Беларускае навуковае таварыства, якое было заснавана ў 1921 г. і працавала ў Вільні. Сябры таварыства гуртаваліся вакол беларускага гісторыка-этнаграфічнага музея імя I. I. Луцкевіча з багатай бібліятэкай. Літаратура і мастацтва. Асноўным відам заходнебеларускай літаратуры з'яўлялася паэзія. Большасць літаратараў, якія падтрымлівалі КПЗБ, спалучалі сваю творчасць з удзелам у нацыянальна-вызваленчым руху. Сярод іх паэт Я. I. Скурко, вядомы пад псеўданімам М. Танк. Ён выдаў некалькі кніг вершаў («На этапах», 1936; «Журавінавы цвет», 1937), напісаў гераічную паэму «Нарач» пра паўстанне нарачанскіх рыбакоў. Польскія даследчыкі літаратуры параўноўвалі М. Танка з А. Міцкевічам. Сёння імя М. Танка прысвоена Беларускаму дзяржаўнаму педагагічнаму універсітэту. Паэзія і барацьба спалучаліся ў жыццёвым лёсе П. Пестрака. За сваю рэвалюцыйную дзейнасць ён правёў больш за 10 гадоў у польскіх турмах. У 1940 г, ужо пасля ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР, выдаў зборнік вершаў «На варце», прысвечаны барацьбе беларускага народа за сваё вызваленне. Літаратурнай дзейнасцю займаўся М. М. Касцевіч (псеўданім — М. Краўцоў), які з 1921 г. жыў і працаваў у Вільні. Перш за ўсё ён вядомы як аўтар верша «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». Гэты верш, пакладзены на музыку У. Тэраўскім, выкарыстоўваўся пад назвай «Ваяцкі гімн». М. Краўцоў перакладаў з рускай мовы творы М. Лермантава, М. Гогаля, Л. Талстога, М. Горкага, з украінскай — Т. Шаўчэнкі, з польскай — А. Міцкевіча, Г. Сянкевіча. Вялікай цікавасцю і павагай да гістарычнага мінулага вылучаецца ў жывапісе постаць выдатнага мастака, педагога, археолага Я. Драздовіча. Працуючы настаўнікам малявання ў беларускай гімназіі ў Навагрудку, ён стварыў малюнкі старадаўніх замкаў у Крэве, Гальшанах. а таксама іншых архітэктурных пабудоў Беларусі. Сваімі карцінамі «Космас», «Жыццё на Марсе», «Жыццё на Сатурне», «Жыццё на Месяцы» Драздовіч першым у беларускім мастацтве пачаў касмічную тэму. Ён з'яўляецца аўтарам насценных маляваных дываноў, якія сталі унікальнай з'явай у мастацтве славянскага свету і Еўропы ўвогуле. Калекцыя гэтых дываноў захоўваецца сёння ў Заслаўі, дзе Я. Драздовіч праводзіў археалагічныя раскопкі. Мастак стварыў графічныя партрэты славутых полацкіх князёў, шматлікія замалёўкі палескіх вёсак і іх жыхароў.«Беларускім Леанарда да Вінчы» назваў Я. Драздовіча яго сябра, вядомы мастак П. Сергіевіч. Вучань знакамітага мастака Ф. Рушчыца, ён у 1928 г. скончыў Віленскі універсітэт. У сваёй творчасці П.Сергіевіч адлюстроўваў краявіды роднай Браслаўшчыны, стварыў карціны на гістарычныя сюжэты, сярод іх — «Усяслаў Полацкі», «Беларусы», «Шляхам жыцця».Важную ролю ў заходнебеларускай культуры адыграў Р. Шырма — стваральнік беларускага народнага хору, харавы дырыжор. Ён запісаў больш за 2000 беларускіх народных песень. Пасля ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР Шырма на працягу 30 гадоў узначальваў Беларускі ансамбль песні і танца, які быў пераўтвораны ў Дзяржаўную акадэмічную харавую капэлу. Цяпер яна носіць яго імя. Барацьба працоўных Заходняй Беларусі за нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне. На тэрыторыі Заходняй Беларусі разгарнуўся рух супраць польскага прыгнёту. У першай палове 1920-х гг. ён меў пераважна форму ўзброенай партызанскай барацьбы. Ім кіравалі ў заходніх раёнах беларускія эсэры, а на ўсходзе — камуністы-бальшавікі. Колькасць партызан даходзіла да 6 тыс. чалавек. У 1924— 1925 гг. імі было праведзена каля 280 баявых аперацый. Найбольш вядомымі арганізатарамі партызанскай барацьбы на тэрыторыі Заходняй Беларусі былі камуністы К.П. Арлоўскі, С.А. Ваўпшасаў, В.3. Корж, А.М. Рабцэвіч. У 1925 г. у Заходняй Беларусі склалася сітуацыя, якая магла прывесці да ўзброенага паўстання. Для яго прадухілення польскі ўрад увёў на тэрыторыю Заходняй Беларусі вялікую колькасць рэгулярных войскаў. Было ўведзена надзвычайнае становішча ў краі. Усюды дзейнічалі ваенна-палявыя суды і лютавалі карныя экспедыцыі. Рэпрэсіямі і тэрорам польскім уладам удалося задушыць партызанскі рух на тэрыторыі Заходняй Беларусі. У 1926 г. у Польшчы адбыўся дзяржаўны пераварот, у выніку якога была ўстаноўлена ваенна-буржуазная дыктатура на чале з маршалам Ю. Пілсудскім. У сярэдзіне 1920-х гг. у нацыянальна-вызваленчым руху Заходняй Беларусі існавала некалькі палітычных кірункаў. Кірункі нацыянальна – вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі
Кіраўніцтва КПЗБ праводзіла курс на разгортванне партызанскага руху з мэтай змены палітычнай улады ў Заходняй Беларусі. КПЗБ змагалася супраць падпарадкавання краю іншаземнаму капіталу, за самавызначэнне Заходняй Беларусі і яе ўз'яднанне з БССР, за дэмакратычныя правы і 8-гадзінны рабочы дзень, канфіскацыю памешчыцкіх зямель і падзел іх без выкупу паміж сялянамі, скасаванне асадніцтва, супраць нацыянальнага прыгнёту, за школу на роднай мове, устанаўленне рабоча-сялянскай улады. Старшынёй ЦК КПЗБ з'яўляўся I. К. Лагіновіч, а сакратаром ЦК КСМЗБ стала ў 1924 г. В. 3. Харужая. БСРГ як масавая палітычная арганізацыя аб'ядноўвала больш за 100 тыс. чалавек. Праграма БСРГ прадугледжвала самавызначэнне Заходняй Беларусі, утварэнне рабоча-сялянскага ўрада, перадачу зямлі сялянам без выкупу, знішчэнне сістэмы асадніцтва. Узначальваў БСРГ вядомы беларускі вучоны, рэвалюцыянер і грамадскі дзеяч Б. А. Тарашкевіч. У 1927 г. была забаронена БСРГ. У гэтым жа годзе паліцыя расстраляла дэманстрацыю сялян у мястэчку Косава (Палескае ваяводства), якія выступілі супраць забароны БСРГ. Усюды дзейнічалі суды і карныя экспедыцыі. Сярод асуджаных былі кіраўнікі Грамады — Б. А. Тарашкевіч, С. А. Рак-Міхайлоўскі, П. П. Валошын і П. В. Мятла. На 12 гадоў турэмнага зняволення быў асуджаны кіраўнік БСРГ Б.А. Тарашкевіч. Перад судом паўсталі многія члены КПЗБ, сакратар ЦК КСМЗБ В. 3. Харужая. У гэтых умовах КПЗБ, каб пазбегнуць вялікіх ахвяраў, заклікала працоўных адмовіцца ад курсу на змену палітычнай улады шляхам узброенага паўстання і перайсці да іншых формаў барацьбы. С.В. Прытыцкі быў прыгавораны да пакарання смерцю за рэвалюцыйную дзейнасць і замах на правакатара. Прысуд быў заменены на пажыццёвае зняволенне. Асаблівае значэнне ў другой палове 1920-х гг. набыла дзейнасць беларускіх дэпутатаў-паслоў у польскім сейме, аб'яднаных у Беларускі пасольскі клуб. 3 сярэдзіны 1920-х гг. найбольш уплывовай сярод беларускіх дэмакратычных партый становіцца Беларуская хрысціянская дэмакратыя. У аснову яе дзейнасці была пакладзена тэорыя самабытнасці беларускай нацыі. Беларускі народ разглядаўся як бяскласавы, цалкам працоўны. Выстаўлялася патрабаванне самастойнасці беларускага народа на ўсіх яго этнаграфічных землях, аб'яднаных у незалежную дзяржаву, якая супрацьпастаўлялася БССР. БХД таксама выступала за перадачу зямлі без выкупу ва ўласнасць беззямельным і малазямельным сялянам, 8-гадзінны рабочы дзень, дэмакратычныя свабоды супраць аддзялення касцёла і царквы ад дзяржавы і за абавязковасць вывучэння рэлігіі ў школах. БХД мела падтрымку сярод насельніцтва пераважна каталіцкага веравызнання. У гады сусветнага эканамічнага крызісу 1929—1933 гг. яшчэ больш пагоршылася становішча працоўных Заходняй Беларусі. Шэраг забастовак рабочых мелі палітычны характар. Найбольш масавымі былі выступленні рабочых дрэваапрацоўчай прамысловасці, лесарубаў і возчыкаў у Белавежскай пушчы, а таксама ў Слонімскім павеце. (Прайшлі забастоўкі на прамысловых прадпрыемствах буйных гарадоў Заходняй Беларусі. Больш за 4 месяцы (кастрычнік 1932 - люты 1933 г.) баставалі 7 тыс рабочых і сялян, якія працавалі ў Белавежскай пушчы.) Былі выпадкі захопу прадпрыемстваў рабочымі. Яркай старонкай вызваленчай барацьбы ў вёсцы з'явілася ўзброенае выступленне сялян Кобрынскага павета ў жніўні 1933 г. Супраць паўстаўшых былі накіраваны карныя войскі і паліцыя ўсяго ваяводства. Карнікі знішчылі мястэчка Навасёлкі, у якім выступленні сялян былі найбольш актыўнымі. Больш як 30 удзельнікаў узброенага выступлення былі аддадзены пад суд, а 8 з іх пагражала пакаранне смерцю. Аднак на абарону сялян падняліся працоўныя Заходняй Беларусі і Польшчы. У Варшаве, Беластоку, Брэсце адбыліся масавыя палітычныя дэманстрацыі і забастоўкі пратэсту. Улады былі вымушаны адмовіцца ад вынясення смяротнага прысуду. Супраць аграрнай і падатковай палітыкі польскіх улад мужна змагаліся сяляне вёсак Заполле Карэліцкай гміны, Асташына Навагрудскага, Баранава Гродзенскага, Ляплеўка Брэсцкага паветаў. Усяго за 1931 — 1933 гг. адбылося больш як 460 выступленняў сялян, у якіх удзельнічалі 140—150 тыс. чалавек. У 30-х гг. вядучая роля ў барацьбе працоўных Заходняй Беларусі па-ранейшаму належала КПЗБ. У 1934 г. у яе шэрагах налічвалася 4 тыс. камуністаў, пры гэтым каля 3 тыс. членаў партыі пастаянна знаходзіліся ў турмах. У шэрагах КПЗБ былі выхаваны буйныя арганізатары рэвалюцыйнага руху — I. К. Лагіновіч, А. С. Славінскі, В. 3. Харужая, М. С. Арэхва, С. В. Прытыцкі, У. 3. Царук і інш. Прыход да ўлады ў Германіі Гітлера, прыняцце ў Польшчы ў 1935 г. новай канстытуцыі, ліквідацыя рэшткаў дэмакратычных свабод, зняволенне ў турмах і канцэнтрацыйным лагеры Бяроза-Картузская тысяч камуністаў і апазіцыйна настроеных людзей карэнным чынам змянілі палітычную сітуацыю. Многія палітычныя партыі і арганізацыі краін Еўропы, у тым ліку Заходняй Беларусі і Польшчы, сталі на шлях стварэння адзінага народнага антыфашысцкага фронту, фронту барацьбы супраць рэакцыі, фашызму і вайны. 1935 г. – паўстанне нарачанскіх рыбакоў. Дырэкцыя дзяржаўных лясоў, у кіраванне якой было перададзена возера Нарач, забараніла свабодную лоўлю рыбы. У выніку сяляне – рыбакі страцілі адзіную крыніцу свайго існавання. Забастоўка пачалася вясной 1935 г. У ёй удзельнічала каля 5 тыс. сялян з больш чым 40 навакольных вёсак. Сяляне выбралі забастовачны камітэт, стварылі дружыны самаабароны і не дапускалі штрэйкбрэхераў, праганялі варту. Дзякуючы настойлівасці забастоўшчыкаў, улады вымушаны былі пайсці на ўступкі. Калі сяляне пачалі лавіць рыбу, яны не адважыліся ўжыць рэпрэсіўныя меры. Барацьба працягвалася да 1939 г. Пра салідарнасць працоўных Заходняй Беларусі з рабочымі і сялянамі іншых краін у барацьбе супраць адзінага ворага — фашызму — яскрава сведчыць той факт, што 137 яе ўраджэнцаў змагаліся ў радах інтэрнацыянальных брыгад у Іспаніі. У 1930-я гг. у сувязі з прыходам да ўлады ў Германіі фашыстаў у Польшчы разгарнулася барацьба за стварэнне адзінага дэмакратычнага антыфашысцкага фронту. У 1935 г. КПЗБ распрацавала курс на супрацоўніцтва з прадстаўнікамі нацыянальна-дэмакратычнага кірунку ў вызваленчым руху. Дзякуючы гэтаму ўзрос аўтарытэт КПЗБ. Але ў 1938 г. па рашэнні Выканкома Камінтэрна КПЗБ была распушчана. Падставай для гэтага стала абвінавачанне ў тым, што кіраўнікі КПЗБ быццам бы з'яўляліся агентамі польскай палітычнай паліцыі. Напярэдадні роспуску КПЗБ былі рэпрэсіраваны яе кіруючыя работнікі, якія знаходзіліся ў Маскве і Мінску. Сярод іх I. К. Лагіновіч, В. 3. Харужая і інш. Добрае імя КПЗБ, яе кіраўнікоў і дзеячаў нацыянальна-вызваленчага руху было адноўлена ў 1956 г.
|