|
Прамысловасць.Date: 2015-10-07; view: 695. Развіццё прамысловасці ў першай палове XIX ст. у Беларусі сведчыла аб тым, што тут побач з феадальным сацыяльна-эканамічным укладам узнікае капіталістычны . У 20-я гг. XIX ст. пачынаецца пераход ад мануфактурнай да фабрычнай вытворчасці.Уласнасць памешчыкаў на зямлю абумовіла тое, што найбольш буйныя прадпрыемствы фабрычнага тыпу былі заснаваны менавіта імі. Так, першыя суконныя фабрыкі належылі памешчыку Пуслоўскаму і былі пабудаваны ў мястэчках Хомск і Косава Гродзенскай губерні. На гэтых фабрыках ужываліся паравыя рухавікі, што лічыцца прыкметай прамысловага перавароту. Дарэчы, упершыню на беларускіх землях паравы рухавік з'явіўся ў гомельскім маёнтку графа Румянцава, дзе па яго загаду А. Сміт пабудаваў параход. Такім чынам, на Беларусі пачынаецца прамысловы пераварот – паступовы пераход ад мануфактуры да фабрыкі, ад ручной да машыннай працы. Машынная вытворчасць патрабавала высокакваліфікаваных майстроў. Таму прымусовая праца непісьменных прыгонных сялян, якая пераважала на памешчыцкіх прадпрыемствах, пачала паступова саступаць месца выкарыстанню кваліфікаванай вольнанаёмнай рабочай сілы на гарадскіх прадпрыемствах. Пачалося фарміраванне новых сацыяльных пластлў – буржуазіі (прадпрымальнікаў) і рабочых (вольнанаёмных працаўнікоў). Пасля вайны 1812 г. назіраўся хуткі рост гарадоў і іх несельніцтва – урбанізацыя. Тлумачыўся ён не столькі эканамічнымі фактарамі, у прыватнасці, развіццём прамысловасці і гандлю, колькі існаваннем “мяжы яўрэйскай аселасці” і перасяленнем у гарады яўрэяў з вёсак і памешчыцкіх маёнткаў. Важную ролю ў працэсе урбанізацыі на Беларусі адыгрывалі мястэчкі – населеныя пункты пераходнага ад вёскі да горада тыпу. Пераважная большасць іх належыла памешчыкам. Да сярэдзіны XIX ст. істотную ролю ў таварна-грашовых адносінах адыгрывалі кірмашы. Яны праводзіліся ў мястэчках і гарадах у пэўныя дні, звязаныя з царкоўнымі святамі. З цягам часу ў гарадах і больш значных мястэчках усё шырэй развіваўся пастаянны гандаль у крамах і магазінах. Развіццю рынкавых адносін і гандлю садзейнічала паляпшэнне шляхоў зносін. Яно было абумоўлена ўключэннем гаспадаркі Беларусі ва ўсерасійскі рынак. Важнае значэнне набыло будаўніцтва ці рэканструяванне каналаў, што злучылі рэкі басейнаў Чорнага і Балтыйскага мораў: Агінскага (Дняпра і Нёмана), Бярэзінскага (Дняпра і Заходняй Дзвіны), Днепра-Бугскага (Дняпра і Віслы). Шырокія дарогі, абсаджаныя з абодвух бакоў дрэвамі, так званыя гасцінцы, напрыклад, Маскоўска-Варшаўская шаша, звязалі беларускія гарады з еўрапейскімі і расійскімі. Такім чынам, прамысловасць Беларусі першай паловы XIX ст. канцэнтравалася ў асноўным у сельскай мясцовасці, была прадстаўлена ў асноўным дробнымі прадпрыемствамі, што належылі памешчыкам і мяшчанам.
№ 4. Палітычныя і эканамічныя супярэчнасці паміж буржуазнай Францыяй і феадальнай Расіяй прывялі гэтыя дзяржавы да вайны. Яшчэ напярэдадні шырокамаштабнага ваеннага сутыкнення расійска-французскія адносіны выклікалі абвастрэнне палітычнай сітуацыі на беларускіх землях. У лістападзе 1806 г. французскія войскі занялі “прускую” частку Польшчы, дзе было створана так званае Княства Варшаўскае. За падзеямі, якія там адбываліся, уважліва сачыла вышэйшае саслоўе заходніх губерняў Расійскай імперыі. Многія памешчыкі рушылі праз мяжу, разлічваючы на атрыманне дзяржаўных пасад. Узмацніўся прыток у польскія войскі шляхецкай моладзі з Беларусі і Літвы. Занепакоены гэтым царскі ўрад выдаў шэраг указаў аб канфіскацыі маёнткаў у асоб, якія самавольна выехалі за мяжу. Уцекачы пачалі вяртацца. У адказ Камітэт міністраў забараніў продаж і заклад такіх маёнткаў тэрмінам да двух гадоў. Адзначаныя меры прымаліся стрымана і асцярожна з-за магчымасці выклікаць лішнюю азлобленасць пануючага саслоўя і накіроўваліся пераважна на тое, каб не выкарыстоўваліся сродкі з маёнткаў для арганізацыі замежных атрадаў. Расійскі імператар разлічваў адцягнуць памешчыкаў заходніх губерніў ад французскага імператара Напалеона перш за ўсё палітычнымі контркрокамі ў “польскім пытанні”. Ён заявіў аб сваім жаданні аднавіць пад эгідай Расіі Вялікае Княства Літоўскае. Па даручэнню імператара ў 1811 г. князі М. Агінскі, К. Любецкі, і граф Л. Плятэр склалі праект “Палажэння аб праўленні аўтаномным Вялікім Княстве Літоўскім”, якое павінна было ахапіць усе тыя тэрыторыі, што дасталіся Расіі ад былой Рэчы Паспалітай у 1772 – 1807 гг. У процівагу Канстытуцыі Варшаўскага Герцагства нават прадугледжвалася паступовае, на працягу дзесяці гадоў, асабістае вызваленне сялян ад прыгоннай залежнасці. Аднак ажыццяўленне праекта адкладвалася і зацягвалася: кансерватыўна-нацыяналістычныя сілы ў вышэйшым расійскім кіраўніцтве бачылі ў ім спробу расчлянення і аслаблення імперыі. У чэрвені 1812 г. 600-тысячная армія французскага імператара Напалеона Банапартаўступіла (раён Клоўна) ў межы Расійскай імперыі, распачаўшы баявыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі, якая ўвайшла ў склад Расіі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай. Згодна падання, пры пераправе праз раку Нёман конь Напалеона скінуў свайго вершніка ў ваду, што было нядобрым знакам. Аднак, імператар, ахоплены ідэяй сусветнага панавання, быў настроены рашуча. Французскае войска складалася з прадстаўнікоў многіх падпарадкаваных Францыі народаў Еўропы. З імі ішлі таксама палкі, сфарміраваныя з перайшоўшых на бок Напалеона шляхціцаў з Літвы і Беларусі. Толькі князь Дамінік Радзівіл за свой кошт выставіў 3-хтысячны уланскі полк, які ўжо 16 чэрвеня 1812 г. урачыста ўступіў у Вільню. Першапачаткова французскі бок планаваў разграміць рускія арміі ў прыгранічных баях, асталяваца ў Вільні і вымусіць расійскага імператара Аляксандра I (1801 – 1825 гг.) пайсці на заключэнне міру. Аднак, гэты план не ажыццявіўся. У чэрвені – ліпені 1812 г. адбыліся жорсткія баі пад Кобрынам, Мірам, Салтанаўкай, Астроўна, Полацкам і ў іншых месцах. Рускія арміі (1-я – генерала М. Барклая дэ Толі, штаб знаходзіўся ў Вільні, 2-я – генерала П. Баграціёна, штаб – у Ваўкавыску), адступіўшы, аб'ядналіся пад Смаленскам. Разбіць іх на тэрыторыі Беларусі не ўдалося. Летам 1812 г. праходзілі абарончыя баі. У абарончых баях пад Полацкам (мястэчка Клясціцы) вызначыўся адзін з лепшых кавалейрыйскіх генералаў рускай арміі Я. Кульнеў, атрад якога атрымаў перамогу над французскімі войскамі. Смяротна паранены ядром, генерал загадаў перад смерцю зняць з сябе мундзір з баявымі крыжамі (узнагародамі), каб праціўнік не даведаўся аб такой буйной страце. Ядро, якім быў паранены Кульнеў, было пакладзенана на яго магілу, што знаходзіцца на месцы апошняга бою генерала. Пад Магілёвам (вёска Салтанаўка) значныя сілы французскай арміі скаваў корпус генерала М. Раеўскага. Прыкладам гераізму для салдат стаў учынак самога генерала, які разам з непаўналетнімі сынамі падняў сваіх воінаў на атаку. У баях пад мястэчкам Мірвызначылася Надзея Дурава, якая з 1806 г. служыла ў Гродзенскім уланскім палку. У час вайны была ардынарцам (памочнікам) камандуючага арміяй М. Кутузава. У гісторыю яна ўвайшла пад імем «кавалерист-девица», таму што выдала сябе за мужчыну, каб прыняць удзел у вайне супраць французскіх захопнікаў. Чатырохмесячную асаду вытрымала ў час абарончых баёў Бабруйская крэпасць, за сценамі якой П. Баграціён забяспечыў сваім салдатам неабходны адпачынак. Для даведкі: Першы этап будаўніцтва крэпасці завяршыўся якраз напярэдадні вайны 1812 г. У крэпасці ў 1823 г. адбылася спроба ўзняць узброенае паўстанне. Аднак афіцэрам-змоўшчыкам не ўдалося арыштаваць імператара Аляксандра I у час агляду войскаў. Яны былі разжалаваны ў салдаты і апынуліся ў крэпасці, якая стала для іх турмой. Пазней падобную спробу зрабілі дзекабрысты – дваране-рэвалюцыянеры, якія ў снежні 1825 г. узнялі на Сенацкай плошчы ў Санкт-Пецярбургу паўстанне супраць самадзяржаўнай улады. Яна таксама закончылася няўдачай. У час вайны 1812 г. пры будаўніцтве ўмацаванняў на рацэ Прыпяць вызначыўся ўраджэнец Віцебскай губерніі К. Шыльдэр, якога называюць “ракетным генералам”. Паводле яго праекту ў Пецярбургу ў 1834 г. была пабудавана падводная лодка-ракетаносец, якая апярэдзіла “Науцілус”, вядомы з фантастычнага рамана Жуля Верна “20 тысяч лье пад вадой” (у рамане плаванне пачынаецца ў 1870 г.). Шыльдэр упершыню ў свеце выкарыстаў для запальвання пораху электрычны разрад. Да сённяшніх дзён, калі пры запуску ракет гучыць каманда “Запальванне”, гэта значыць, што спрацоўвае сістэма, прапанаваная героем вайны 1812 г., нашым таленавітым земляком К. Шыльдэрам. Зразумеўшы, што план маланкавага разгрому расійскай арміі праваліўся, Напалеон схіляўся да думкі закончыць баявыя дзеянні ў Віцебску і пачаць тут мірныя перагаворы з Аляксандрам I. Аднак французская армія магла захаваць сваю баяздольнасць толькі рухаючыся наперад. Барадзінская бітва (26 жніўня 1812 г.), захоп Масквы і адступленне з яе. Кіраўніцтва рускай арміяй у гэты час ажыццяўляў фельдмаршал М. Кутузаў, лёс якога быў звязаны з беларускай зямлёй. Двойчы (у 1799 – 1800 і 1809 – 1811 гг.) ён быў Віленскім ваенным губернатарам. Пад яго камандаваннем пачалося выгнанне французскіх захопнікаў. У час адступлення французскай арміі восенню 1812 г. баявыя дзеянні другі раз пракаціліся па беларускай зямлі. 23 кастрычніка быў вызвалены Полацк, 26 кастрычніка– Віцебск, 4 лістапада – Мінск. Рашаючая бітва адбылася 9 лістапада пад Барысавам (каля вёскі Студзёнка), дзе пры пераправе праз Беразіну на другі бераг трапіла толькі 1/10 частка “вялікай арміі” Напалеона. Французы страцілі тут больш 20 тысяч салдат і афіцэраў. 22 лістапада каля Маладзечнабыў разбіты яе апошні арганізаваны атрад. У Смаргоні, пераапрануўшыся ў мундзір літоўскага ўлана (лёгкі коннік або вершнік), знешне падобны да французскай ваеннай формы, Напалеон тайна пакінуў армію і ад'ехаў у Парыж. У канцы снежня 1812 г. менш 30 тысяч французскіх салдат былі выцеснены за межы Беларусі. Згодна з вобразным выказваннем “Ад вялікага да смешнага адзін крок”, якое прыпісваецца Напалеону, паход у Расію з мэтай дасягнуць сусветнага панавання ператварыўся для яго ў цяжкае паражэнне. Вайна прывяла да масавых ахвяр сярод 4-хмільённага насельніцтва беларускіх зямель (страціла мільён сваіх жыхароў). Як адзначаў беларускі гісторык У. Ігнатоўскі, “Беларусь зрабілася нейкай сусветнай трупярняй. На кожны кіламетр дарогі, па якой армія Напалеона адыходзіла з Масквы, прыходзілася больш за 100 трупаў. У Беларусі пачаўся голад, эпідэміі...”. Віцебск, Полацк, Мінск, Гродна і інш. населеныя пункты былі разрабаванымі і спаленымі. Напрыклад, у Мінску ў 1811 г. налічвалася 11200 жыхароў, а ў канцы 1812 г. – толькі 3480. У Віцебску ў пачатку 1812 г. было 7800 жыхароў мужчынскага полу, а ў 1813 г. – толькі 2415. У выніку вайны скарацілася амаль напалову пагалоўе дамашняй жывёлы і пасяўныя плошчы. Згодна з народнымі паданнямі, недзе ў балотах Беларусі застаюцца тыя багацці, што былі нарабаваны французскімі захопнікамі ў час паходу ў Расію.
Становішча Беларусі ў час вайны характарызавалася тым, што тут сутыкнуліся арміі дзвюх вялікіх дзяржаў. Польская і апалячаная беларуская шляхта спадзявалася на аднаўленне Напалеонам Рэчы Паспалітай і Вялікага княства Літоўскага. Уся Беларусь, апрача паўднёвых паветаў, кантралявалася французскім ваенным камандаваннем. Напалеон знайшоў тут нямала прыхільнікаў сярод тых шляхціцаў, якія шчыра паверылі ў абяцанні імператара адрадзіць іх былую дзяржаўнасць і таму сустракалі французскія войскі як вызваліцеляў ад расійскіх захопнікаў. 1 ліпеня 1812 г. у Вільні загадам Напалеона была ўтворана Часовая камісія ўрада ВКЛ на чале з мясцовым памешчыкам Станіславам Солтасам, дзейнасць якой пашыралася на Віленскую, Гродзенскую, Мінскую губерні і Беластоцкую вобласць. Ад гэтых марыянетачных урадаў патрабавалася перш за ўсё забяспечваць усім неабходным і нават папаўняць рэкрутамі “Вялікую армію”, што расчароўвала шляхту адносна Напалеона. Агульнавядомай стала заява Напалеона, якую ён зрабіў дэлегацыі мясцовай шляхты ў Вільні: трэба «хлеба, хлеба і хлеба». Войскі расійскай арміі былі ўкамплектаваны рэкрутамі, набранымі таксама і з беларускіх губерняў на 20-гадовы тэрмін службы. Іх колькасць была значна большай у параўнані з тымі жыхарамі Беларусі, што знаходзіліся ў складзе войскаў Напалеона. Напрыклад, у 1-й арміі шэсць дывізій былі ўкамплектаваны ўраджэнцамі беларускіх губерняў. У пачатку вайны сялянства Беларусі звязвала з прыходам Напалеона надзею на вызваленне з-пад прыгону, бо ў суседняй Польшчы асабістая залежнасць сялян ад памешчыкаў была Напалеонам ліквідавана. Аднак Напалеон не пайшоў на вызваленне беларускіх сялян. А бясконцыя рэквізіцыі (прымусовае адабранне маёмасці і жывёлы на карысць арміі) і марадзёрства (рабаўніцтва) выклікалі масавае супраціўленне сялянства, а таксама гарадскіх жыхароў. У такіх умовах у Беларусі разгарнуўся партызанскі рух. Сяляне стыхійна ператвараліся ў партызан, нападаючы на асобных салдат і фуражыраў. Вядомы партызанскія атрады вёсак Стараселле, Мажаны, Есьманы і Кляўкі у Барысаўскім, Варонкі ў Дрысенскім паветах і інш. Асаблівую актыўнасць у барацьбе з французскімі войскамі праявілі жыхары вёскі Жарцы пад Полацкам. Частка іх была ўзнагароджана крыжамі і медалямі. Пасля вайны ўзнагароджаныя сяляне адмовіліся выконваць паншчыну, палічыўшы сябе вольнымі, за што атрымалі пакаранне бізунамі. А іх паны пры гэтым прыгаворвалі: “Вось табе вольнасць, вось табе крыж”. Аляксандр I яшчэ ў снежні 1812 г. аб'явіў амністыю (дараванне) усім жыхарам заходніх губерняў, хто ўдзельнічаў у вайне на баку Напалеона, а ў 1814 г. выдаў маніфест аб вяртанні магнатам і шляхце, якія прынеслі прысягу на вернасць расійскаму імператару, канфіскаваных (канфіскацыя – прымусовае адабранне маёмасці) зямель. Аднак для сялян нічога зроблена. Такім чынам, у барацьбе расійскай і французскай імперый за Беларусь (першая, каб утрымаць і працягваць эксплуатаваць нашы землі, а другая, каб падпарадкаваць іх з той жа мэтай сабе) яе жыхары аказваліся па абодва бакі змагання розных сіл. Менавіта з гэтай прычыны вайна 1812 г. набывала тут характар грамадзянскай.
№ 5. Грамадскі рух і палітыка царызму.Ліквідацыя дзяржаўнасці Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага, ідэі Французскай рэвалюцыі канца XVIII ст., падзеі вайны 1812 г. аказалі вялікі ўплыў на развіццё грамадскай думкі Беларусі. Шляхецкая інтэлігенцыя, вучнёўская моладзь аб'ядноўваліся ў гурткі і таварыствы для выпрацоўкі і дасягнення сваіх сацыяльных і нацыянальных ідэалаў. Яны былі ідэйна і часта арганізацыйна звязаны з грамадскім рухам у Польшчы, кантактавалі з перадавымі людзьмі Расіі дзеля барацьбы супраць агульнага ворага — царскага самадзяржаўя. Першай тайнай арганізацыяй у Літве і Беларусі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай стала Віленская асацыяцыя 1796 — 1797 гг., якая мела адгалінаванні ў Мінску, Брэсце, Кобрыне, Ашмянах. Асноўнай яе мэтай з'яўлялася аднаўленне ранейшай дзяржавы на аснове Канстытуцыі 3 мая 1791 г., для чаго вялікія спадзяванні ўскладаліся на дапамогу Францыі. За кароткі час свайго існавання, да раскрыцця царскімі ўладамі, асацыяцыя не паспела набраць сілу, але карысталася папулярнасцю сярод шляхты. У 1817г. па ініцыятыве студэнтаў Віленскага універсітэта Адама Міцкевіча, Тамаша Зана, Яна Чачота было створана "Таварыства філаматаў" (аматараў навук), якое мела аддзяленні (філіялы) у Свіслацкай гімназіі, Полацкім піярскім вучылішчы і іншых навучальных установах. Яны прапагандавалі сярод навучэнцаў і насельніцтва ідэі роўнасці і свабоды. Асаблівую ўвагу члены таварыства ўдзялялі ідэе маральнага ўдасканалення чалавека, філаматы лічылі неабходным стварыць сістэму народнай адукацыі, вывучалі матэрыяльную і духоўную культуру, сялянскі быт, фальклор. Будучае Беларусі філаматы бачылі ў ліквідацыі прыгонніцтва, увядзенні канстытуцыйнай формы кіравання. У Віленскім універсітэце дзейнічаў і рад іншых таварыстваў і гурткоў. У 1820 г. Т. Зан стварыў студэнцкую культурна-асветную арганізацыю “Прамяністыя”, дзе гучалі ты ж ідэі, што і ў філаматаў. Калі гэта таварыства, якое існавала легальна, было забаронена, яно пераўтварылася ў тайную арганізацыю філарэтаў (любіцеляў дабрачыннасці), праіснаваўшую да 1823 г. Пасля таго, як у 1823 г. у Віленскай гімназіі на класнай дошцы з'явіўся надпіс “Да здравствует конституция 3 мая”, таварыствы філаматаў і філарэтаў былі раскрытымі. Спецыяльны камітэт прыгаварыў 20 членаў гэтых арганізацый да высылцы ў гарады цэнтральных губерній Расіі. Т. Зан, Я. Чачот, А. Сузін прыгаворваліся да турэмнага зняволення з наступнай высылкай на Урал. У 1819 г. у Свіслацкай гімназіі ўзнікла “Таварыства любіцелей навук”. У пачатку 20-х гг. тут было арганізавана таварыства пад назвай “Заране”. У вышэйшым піярскім вучылішчы ў Полацку дзейнічала “Таварыства філарэтаў”. Усе гэтыя арганізацыі вялі прапаганду ідэй свабоды і роўнасці. Уваходзілі прадстаўнікі збяднелай шляхты, мелкіх чыноўнікаў і небагатага духавенства. На Беларусі жылі і дзейнічалі ў складзе раскватараваных тут расійскіх войск многія дзекабрысты — М.М. Мураўёў, А.А. Бястужаў(Марлінскі), К.Г. Ігельстром, С.І. Трусаў і інш. У 1823 г. быў распрацаваны так званы бабруйскі план паўстання: арышт цара і яго світы ў час агляду войск у Бабруйскай крэпасці, але з-за непадрыхтаванасці і рознагалоссяў у кіраўніцтве дзекабрысцкімі арганізацыямі не быў ажыццёўлены. 24 снежня 1825 г. таварыства "Ваенныя сябры" сарвала цырымонію прысягі на вернасць Мікалаю I у Асобным літоўскім корпусе, размешчаным на Беласточчыне. У лютым 1826 г. дзекабрысты Палтаўскага палка спрабавалі захапіць Бабруйскую крэпасць. Гэтыя першыя рэвалюцыянеры хоць і спачувалі сялянам, але не лічылі іх рэальнай сілай і не абапіраліся на іх у сваёй дзейнасці. У сярэдзіне 20-х гадоў тайныя таварыствы на Беларусі былі разгромлены. Многіх удзельнікаў арыштавалі і саслалі ў аддаленыя губерніі. Было забаронена навучанне жыхароў Літвы і Беларусі ў замежных універсітэтах і ў Польшчы, у чыноўнікаў бралася падпіска аб няўдзеле ў тайных арганізацыях. Шэраг мер быў прыняты ў адносінах да навучальных устаноў і моладзі, узмацнілася цэнзура замежнага і мясцовага друку. Аднак поўнасцю спыніць грамадска-палітычны рух царскі ўрад не мог. У лістападзе 1830 г. у Варшаве пачалося шляхецкае паўстанне, кіраўнікі якога ставілі галоўнай мэтай аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Вясной 1831 г. у руках паўстаўшых аказалася Літва і шэраг паветаў Заходняй Беларусі. Паўстанне развівалася тут у многім стыхійна, хоць і існаваў Віленскі цэнтральны паўстанцкі камітэт. Сяляне і мяшчане мабілізоўваліся ў атрады пераважна пад прымусам і не былі зацікаўлены ваяваць без вырашэння сваіх сацыяльных праблем. У той жа час царскія ўлады абяцалі ім вызваленне ад паноў-паўстанцаў. Кульмінацыяй падзей стала бітва за Вільню 19 чэрвеня 1831 г., у якой аб'яднаныя паўстанцкія сілы краю разам з прысланым у дапамогу польскім корпусам не змаглі дасягнуць перамогі над царскімі войскамі. Летам 1831 г. асобныя выступленні адзначаліся ў паўднёвых паветах Беларусі, але ў цэлым паўстанне на беларускіх землях пайшло на спад і ў жніўні было задушана. Многія яго ўдзельнікі былі адда-дзены пад суд. У шляхціцаў канфіскоўваліся маёнткі, асоб недваранскага паходжання аддавалі ў салдаты ці ссылалі ў Сібір. Сваіх маёнткаў пазбавіўся цэлы шэраг прадстаўнікоў фамілій, якія валодалі тысячамі прыгонных: Агінскія, Пля-тэры, Пшаздзецкія, Радзівілы, Сапегі, Чартарыйскія і інш. Толькі частка ўладальнікаў змагла атрымаць "дараванне". На тэрыторыі Беларусі (у сучасных межах) у 1837 г. лічыліся канфіскаванымі 115 маёнткаў з 38544 сялянамі мужчынскага полу. Пасля працяглай барацьбы ва ўрадавых сферах яны ў масе сваёй папоўнілі дзяржаўны фонд. Шляхецкія рэвалюцыянеры са свайго боку таксама ўлічылі ўрокі паўстання. Іх рух, асабліва ў 40-я гады, дэмакратызаваўся і радыкалізаваўся, набыў антыпрыгонніцкі характар. У ім удзельнічала ўсё больш прадсгаўнікоў разначыннай інтэлігенцыі, якая імкнулася павесці за сабой сялянскія масы. Шляхецкая паўстанцкая эміграцыя, што асела пераважна ў Францыі, першапачаткова не губляла надзей на аднаўленне ваенных дзеянняў і засылала на Беларусь сваіх эмісараў. Сярод іх быў ураджэнец Слонімшчыны Міхаіл Валовіч (1806 — 1833), які ў сакавіку 1833 г. тайна вярнуўся на радзіму, сфарміраваў у асноўным з сялян уласнай вёскі невялікі атрад і ажыццяўляў партызанскія дзеянні ў Слонімска-Наваградскай акрузе. Мэтай сваёй барацьбы ён лічыў вызваленне сялян і абвяшчэнне Беларусі і Літвы дэмакратычнай рэспублікай. Аднак ужо ў маі “экспедыцыя Валовіча" была ліквідавана ўладамі. Студэнт Медыка-хірургічнай акадэміі ўраджэнец Піншчыны Франц Савіч (1815 — 1845) заснаваў у 1836 г. у Вільні “Дэмакратычнае таварыства", члены якога прапагандавалі ідэі дружбы народаў у барацьбе супраць царызму, стаялі за вызваленне сялян і надзяленне іх зямлёй. "Ліцвін, валынец, падайце ж мне рукі... Царам— на згубу, панам — для навукі", — заклікаў Савіч у сваім вершы "Дзе ж тое шчасце падзелася?.." Праз тры гады ўдзельнікі гэтага таварыства былі арыштаваны. У 1846 — 1849 гг. у Вільні, Мінску, Гродне, Лідзе, Ашмянах і іншых гарадах існавала тайная арганізацыя "Саюз свабодных братоў", якая налічвала каля 200 членаў. Вялася прапаганда сярод салдат і афіцэраў мінскага гарнізона, выраблялася зброя. На развіццё грамадскага руху мелі вялікі ўплыў палітычныя падзеі, пёрш за ўсё рэвалюцыі 1848 — 1849 гг. у Заходняй Еўропе, і толькі прысутнасць вялікай колькасці царскіх войск прадухіляла на беларускіх землях масавыя выступленні. Беларуская нацыянальна-дзяржаўная ідэя ў грамадскім руху канца XVIII— першай паловы XIXст. яшчэ не аформілася, але калі дзекабрысты наогул ігнаравалі нацыянальныя правы беларускага і іншых народаў Расійскай імперыі, то ўдзельнікі гурткоў і арганізацый, створаных на мясцовай, хаця і моцна спаланізаванай глебе, праяўлялі так званы "літоўскі сепаратызм", любілі родны край, што пры збліжэнні іх з беларускай сялянскай масай стварала неабходныя перадумовы для фарміравання такой ідэі і выдзялення яе як самастойнай у недалёкай будучыні.
|