|
Лекцыя № 10Date: 2015-10-07; view: 597. Тэма: Да новай мадэлі грамадскага ўладкаваня. Шлях да суверэнітэту і дзяржаўнай незалежнасці (1985 – 2004 гг.) Пытанні: 1. Палітыка перабудовы і яе вынікі для Беларусі. 2. Шлях да суверэнітэту і дзяржаўнай незалежнасці Беларусі. 3. Пошук эфектыўных шляхоў сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на сучасным этапе.
Літаратура да лекцыі № 10: 1. Барыс А. Сучасныя партыі на Беларусі // Беларускі гістарычны часопіс. – 1995. - № 1. 2. Конституция Республики Беларусь 1994 г. (с изменениями и дополнениями). Принята на республиканском референдуме 24 ноября 1996 г. - Мн.; «Полымя», 2001. 3. Новейшая история Отечества. XX век. Под ред. А.Ф. Киселёва, Э.М. Шагина. – М., 1998. 4. Программа социально-экономического развития Республики Беларусь на 2001 – 2005 гг. 5. Соглашение о создании СНГ // Советская Белоруссия. – 1991. – 22 декабря.
№ 1. Дэмакратызацыя грамадска-палітычнага жыцця ў другой палове 80-х гг. была звязана з курсам на паскарэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця і дэмакратызацыю палітычнага жыцця. Ён быў абвешчаны ў 1985 г. новым кіраўніком ЦК КПСС М. Гарбачовым і атрымаў назву палітыкі перабудовы. Беларусь у той час набыла аблічча адной з самых кансерватыўных рэспублік, дзе па-ранейшаму існавала імкненне да захавання аўтарытарнага палітычнага рэжыму і супрацьдзеяння ў адносінах да рэформаў. Аднак палітычная актыўнасць насельніцтва рэспублікі нарастала па меры таго, як партыя, што з'яўлялася кіруючай у грамадстве сілай, губляла свае дзяржаўныя функцыі. Важным крокам на шляху пашырэння ролі народа ў жыцці грамадства з'явілася прыняцце ў 1988 г. Закона «Аб народным абмеркаванні важных пытанняў дзяржаўнага жыцця Беларускай ССР». У 1989 г. адбыліся выбары народных дэпутатаў СССР, якія ўпершыню праходзілі як свабодныя альтэрнатыўныя (гэта значыць, выбаршчыкі мелі магчымасць выбіраць з некалькіх кандыдатур адну). У сваю чаргу кожны кандыдат павінен быў непасрэдна сам удзельнічаць ў выбарчай кампаніі, распрацоўваць выбарчую платформу і прадстаўляць яе выбаршчыкам. У 1990 г. паводле новага выбарчага Закона былі праведзены выбары народных дэпутатаў у Вярхоўны і мясцовыяСаветы народных дэпутатаў БССР. Аднак ва ўмовах шматпартыйнасці большасць месцаў атрымалі прыхільнік Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ). У сваю чаргу прыхільнікі рэформаў утварылі ў Вярхоўным Савеце парламенцкую апазіцыю, якая была прадстаўлена групай дэпутатаў, чые погляды не супадалі з думкай большасці дэпутатаў. Адным з рэальных дасягненняў палітыкі перабудовы другой паловы 80-х гг. стала галоснасць — магчымасць адкрыта гаварыць праўду пра сваю гісторыю і сучаснасць, адкрыта выказваць крытычныя адносіны да ўлады і існуючай ідэалогіі (сістэмы поглядаў), рэалізаваць на справе абвешчаныя Канстытуцыяй БССР 1978 г. дэмакратычныя свабоды слова, друку, мітынгаў і шэсцяў. Такім чынам, у другой палове 80-х гг. быў зроблены выбар дэмакратычнага шляху развіцця, які азначаў новы этап мадэрнізацыі (пераўладкавання) грамадства, звязаны з рэфармаваннем палітычнай сістэмы сацыялізму пры захаванні аднапартыйнасці, замацаванай у Канстытуцыі. У БССР працягвала існаваць адзіная партыя — КПБ, якая захоўвала манапольнае права на кіраванне дзяржавай і грамадствам. Фарміраванне ў рэспубліцы шматпартыйнасці стала сведчаннем дэмакратызацыі грамадства, рэалізацыі на справе правоў грамадзян на аб'яднанне і ўтварэнне розных рухаў, саюзаў, палітычных партый, грамадскіх аб'яднанняў. Працэс зараджэння і фарміравання новых партый ў другой палове 80-х гг. (на Беларусі ён праходзіў у пачатку 90-х гг.) быў немагчымы без ліквідацыі ўсеўладдзя Кампартыі. Рост грамадскай і палітычнай свядомасці насельніцтва прывёў да ўзнікнення ў 1989 г. апазіцыйнага ў адносінах да КПБ грамадска-палітычнага руху Беларускі народны фронт за перабудову «Адраджэнне» (БНФ), які ў 1990 г. узяў курс на заваяванне палітычнай улады. У 1990 г. на XXXI з'ездзе КПБ было прынята рашэнне імкнуцца да захавання за партыяй ролі кіруючай і накіроўваючай сілы ў грамадстве. Імкненне партыйнага кіраўніцтва праявілася ў рашучым супрацьдзеянні ўзнікненню любых палітычных партый. Права на аб'яднанне ў форме палітычных партый, масавых рухаў, прафесіянальных саюзаў, жаночых, маладзёжных, дзіцячых, навуковых, культурна-асветніцкіх, фізкультурна-спартыўных і іншых аб'яднанняў і таварыстваў было замацавана прынятым у кастрычніку 1990 г. Законам СССР «Аб грамадскіх аб'яднаннях». Гэта садзейнічала разгортванню працэсу ўтварэння новых палітычных партый. У Беларусі ў 1990 - 1991 гг. сфарміравалася пяць палітычных партый, а на пачатак 1998 г. іх было ўжо 35. Аднак працэс фарміравання палітычных партый праходзіў вельмі марудна, а большасць створаных партый заставаліся невялікімі. Практычна на рубяжы 80 - 90-х гг. гэта былі аб'яднанні вузкага кола аднадумцаў, якія не мелі шырокай падтрымкі народа. Складванне шматпартыйнасці азначала канец манаполіі КПСС (КПБ) на ўладу. Была прадпрынята спроба рэфарміравання Кампартыі ў напрамку яе дэмакратызацыі і ператварэння ў партыю парламенцкага тыпу. Яе ўспрымалі па-рознаму. Калі для радавых партыйцаў такі напрамак для будовы партыі з'яўляўся адзіна магчымым і неабходным, то для партыйнага кіраўніцтва гэта азначала толькі прыстасаванне да новых умоў. У самой партыі ўзніклі розныя плыні. Многія камуністы выйшлі з яе радоў. Апошняй спробай вярнуць усё на старыя пазіцыі быў жнівеньскі путч (спроба дзяржаўнага перавароту) вярхушкі партыйна-дзяржаўнага кіраўніцтва ў 1991 г. ў Маскве. Яго няўдача паскорыла крах КПСС (КПБ). У сувязі з гэтымі падзеямі Вярхоўны Савет БССР 26 жніўня 1991 г. прыняў пастанову аб часовым прыпыненні дзейнасці КПБ, якая была адменена ў 1993 г. У сярэдзіне 90-х гт. адбылася актывізацыя дзейнасці палітычных партый. БНФ, што ўзнік як грамадска-палітычны рух у падтрымку палітыкі перабудовы з мэтай нацыянальна-культурнага адраджэння, аформіўся ў 1993 г. як палітычная паіртыя з антыкамуністычнай накіраванасцю. У 1996 г. была створана Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя «Народная грамада». Яе мэта - пабудова гуманнага, дэмакратычнага грамадства, заснаванага на шматукладнай эканоміцы, усталяванні прынцыпаў свабоды асобы, сацыяльнай справядлівасці, нацыянальна-культурнае адрад-жэнне Беларусі. У 1992 г. была створана Партыя камуністаў беларуская (ПКБ). Гэта адна з найбольш шматлікіх партый. Асновай яе дзейнасці з'яўляецца марксісцка-ленінская ідэалогія, а мэтай — пабудова грамадства сацыяльнай справядлівасці. У 1996 г. была створана Камуністычная партыя Беларусі (КПБ), якая абвясціла сябе палітычнай пераемніцай КПСС (КПБ). Партыя выступае за адраджэнне адноўленага СССР, за развіццё краіны па сацыялістычным шляху. У 1995 г. створана Аб'яднаная грамадзянская партыя (АГП). Партыя ставіць за мэту пабудову на Бсларусі прававой дэмакратычнай рэспублікі. Такім чынам, у рэспубліцы адбыўся пераход да шматпартыйнасці. Аднак наяўнасць значнай колькасці партый і аб'яднанняў не прывяла да радыкальных змен у грамадска-палітычным жыцці краіны. На 1 студзеня 2000 г. у Рэспубліцы Беларусь дзейнічала 20 палітычных партый. Іх дзейнасць рэгулюецца Законам «Аб палітычных партыях», прынятым у 1994г. У грамадска-палітычным жыцці рэспублікі важную ролю адыгрываюць таксама прафсаюзы і грамадскія аб'яднанні. Так, у 1991 г. утварыліся Свабодныя прафсаюзы Беларусі. У 1997 г. быў створаны Беларускі патрыятычны саюз моладзі (у 2002 г. рэарганізаваны ў рэспубліканскі). Галоўнай мэтай саюза з'яўляецца аб'яднанне патрыятычна настроеных юнакоў і дзяўчат для абароны правоў і законных інтарэсаў моладзі, для актыўнага ўдзелу ў пабудове грамадства сацыяльнай справядлівасці.
№ 2. Рух за дзяржаўны суверэнітэт Беларусі ўзмацніўся ў канцы 80-х – пачатку 90-х гг. XX ст. і быў звязаны з дасягненнем палітычнай незалежнасці і самастойнасці дзяржаўнай улады ва ўмовах палітыкі перабудовы. У ходзе яе ажыццяўлення нечакана для партыйнага і дзяржаўнага кіраўніцтва абвастрыліся нацыянальныя праблемы, якія, здавалася, былі вырашаны цалкам і назаўсёды яшчэ пры стварэнні СССР. У Беларусі рух за нацыянальнае адраджэнне прадугледжваў, перш за ўсё, карэннае пераўтварэнне Саюза ССР у сапраўды дэмакратычную прававую дзяржаву, заснаваную на добраахвотным аб'яднанні раўнапраўных суверэнных рэспублік. 27 ліпеня 1990 г. Вярхоўны Савет Беларускай ССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце рэспублікі. Гэта азначала, што Беларусь выбрала ўласны шлях развіцця, хоць і не выключала магчымасці аб'яднання разам з іншымі рэспублікамі ў новы саюз. У сакавіку 1991 г. адбыўся рэферэндум (усенароднае галасаванне) па пытанні захавання абноўленага СССР. Больш за 3/4 удзельнікаў рэферэндуму ў 9 з 15 савецкіх рэспублік выказаліся за захаванне СССР. Вярхоўны Савет БССР прыняў пастанову, у якой адзначалася мэтазгоднасць уваходжання БССР у склад Саюза ССР пры ўмове яго абнаўлення. Аднак надзеі забяспечыць суверэнітэт рэспублік і ў той жа час і захаваць СССР аказаліся нежыццяздольнымі. Гэтаму супрацьстаялі, з аднаго боку, патрыятычна настроеныя нацыянальныя рухі ў рэспубліках, якія патрабавалі поўнай незалежнасці, а з другога боку — партыйна-дзяржаўнае кіраўніцтва, якое стаяла за захаванне СССР як унітарнай дзяржавы. Такая дзяржава мае адзіны моцны кіруючы цэнтр, праводзіць адзіную палітыку. Працэс падрыхтоўкі новага Саюзнага дагавора быў прыпынены ў сувязі з падзеямі 1991 г. у Маскве, якія атрымалі назву жнівеньскага путчу — спробы дзяржаўнага перавароту, накіраванага супраць палітыкі перабудовы. Путч праваліўся. Пасля гэтага рух за дзяржаўны суверэнітэт значна паскорыўся. Афармленне дзяржаўнай незалежнасці Рэспублікі Беларусь было звязана з практычным замацаваннем суверэнітэту рэспублікі. 25 жніўня 1991 г. было прынята рашэнне Вярхоўнага Савета БССР аб наданні канстытуцыйнага Статусу Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР, прынятай 27 ліпеня 1990 г. На наступны дзень, 26 жніўня 1991 г., быў прыняты Закон “Аб забеспячэнні палітычнай і эканамічнай самастойнасці БССР”, згодна з якім усе прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы саюзнага падпарадкавання, што размяшчаліся на тэрыторыі рэспублікі, пераводзіліся ва ўласнасць Беларускай ССР. Прамое ўмяшанне цэнтра ў жыццё рэспублікі было спынена. 19 верасня 1991 г. Вярхоўны Савет прыняў Закон аб назве Беларускай ССР, у адпаведнасці з якім яна пачала называцца Рэспубліка Беларусь, а ў скарочаным варыянце - Беларусь. Была зацверджана новая дзяржаўная сімволіка: бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». 14 мая 1995 г. на рэферэндуме большасць насельніцтва нашай рэспублікі прагаласавала за ўвядзенне новых дзяржаўных сімвалаў рэспублікі, якія існуюць і сёння: герба і сцяга, які складаецца з дзвюх гарызантальна размешчаных палос - верхняй чырвонага колеру ў 2/3 і ніжняй зялёнага колеру ў 1/3 шырыні сцяга, з вертыкальна размешчаным ля дрэўка беларускім нацыянальным арнаментам чырвонага колеру на белым полі. 8 снежня 1991 г. кіраўнікі Расійскай Федэрацыі, Украіны, Беларусі ва ўмовах крызісу саюзнай улады і ўзмацнення руху саюзных рэспублік за суверэнітэт падпісалі ў Белавежскай пушчы Пагадненне аб спыненні існавання СССР і аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД). Яно было ратыфікавана (зацверджана) Вярхоўным Савеце гэтых рэспублік. Гэтае пагадненне атрымала ў гісторыі назву «Белавежскага». Адначасова была прынята пастанова аб дэнансацыі (скасаванні) дагавора аб утварэнні СССР ад 1922 г. Заснавальнікі СНД запрасілі іншыя рэспублікі былога СССР уступіць у Садружнасць. У выніку ў яе склад увайшлі 12 краін. Цэнтрам СНД была вызначана наша сталіца - г. Мінск. Узнікненне СНД было ўспрынята ў грамадстве неадназначна. 3 аднаго боку, распад СССР прывёў да рэзкага падзення ўзроўню жыцця насельніцтва, да шматлікіх нацыянальных канфліктаў у рэгіёнах былога СССР, а з другога — садзейнічаў афармленню незалежнасці рэспублік. Распад СССР і стварэнне СНД парадзілі ў грамадстве жорсткія спрэчкі аб тым, «хто вінаваты». Адзінага погляду па гэтым пытанні няма і яшчэ доўга не будзе, таму што на лёсе кожнага грамадзяніна гэта падзея адбілася па-рознаму, бо ў аснове СССР ляжалі глыбокі патрыятызм і дружба народаў савецкіх рэспублік. Аднак у агульнагістарычным сэнсе прычыны распаду СССР, магчыма, заключаліся ў тым, што ён з пачатку свайго заснавання ўяўляў утварэнне, якое трымалася на ўсеўладдзі КПСС. Яе падзенне абумовіла развал Саюза як унітарнай дзяржавы. Сёння СНД як аб'яднанне незалежных дзяржаў знаходзіцца ў пошуку найбольш прымальных для ўсіх удзельнікаў прынцыпаў новага аб'яднання. Распрацаваны і прыняты шэряг дакументаў, у тым ліку Статут СНД. Дзейнічае міжпарламенцкае аб'яднанне. Адначасова развіваюцца двухбаковыя адносіны паміж дзяржавамі, якія ўтварыліся на месцы былога СССР. У замацаванні суверэнітэту нашай краіны асобае месца займае Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, якая была прынята Вярхоўным Саветам 15 сакавіка 1994 г. Канстытуцыя суверэннай Беларусі стала важным крокам на шляху стварэння прававой дзяржавы, у якой забеспячэнне правоў і свабод чалавека з'явілася прыярытэтным кірункам усіх дзяржаўных органаў. Канстытуцыя ўстанавіла прэзідэнцкую форму дзяржаўнага кіравання, паводле якой Прэзідэнт з'яўляецца кіраўніком дзяржавы. У выніку праведзеных у рэспубліцы летам 1994 г. прэзідэнцкіх выбараў абсалютная большасць выбаршчыкаў (больш за 80%) аддалі свае галасы за Аляксандра Грыгоравіча Лукашэнку. У 2001 г. ён быў паўторна абраны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Аднак на шляху будаўніцтва маладой дзяржавы ўзніклі немалыя цяжкасці, якія былі звязаны з недакладнасцямі заканадаўства. У прыватнасці, недастаткова выразна праводзілася ў Канстытуцыі раздзяленне функцый і паўнамоцтваў паміж заканадаўчай і выканаўчай уладамі, што прывяло да абвастрэння ў другой палове 1996 г. унутрыпалітычнага крызісу ў краіне. 3 мэтай выхаду з яго Прэзідэнт рэспублікі А. Лукашэнка выступіў з ініцыятывай правядзення рэспубліканскага рэферэндуму па пытанні прыняцця новай рэдакцыі Канстытуцыі і па некаторых іншых пытаннях. Рэферэндум адбыўся 24 лістапада 1996 г. На рэферэндум было вынесена 7 пытанняў: чатыры — Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь і тры — Вярхоўным Саветам. Па сутнасці, галасаванне давала адказ на пытанне: «Каго падтрымае беларускі народ — Прэзідэнта ці Вярхоўны Савет?». За прыняцце Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 г. са змяненнямі і дапаўненнямі (новая рэдакцыя Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь), прапанаванымі Прэзідэнтам А. Лукашэнкам, прагаласавала больш за 5 млн. чалавек або 70,4 % выбаршчыкаў. За адабрэнне пытання аб перанясенні Дня незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі) з 27 ліпеня на 3 ліпеня (Дзень вызвалення Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў у Вялікай Айчыннай вайне) прагаласавала таксама большасць выбаршчыкаў.
|