Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Акупацыя фашысцкай Германіяй Беларусі. Акупацыйны рэжым.


Date: 2015-10-07; view: 847.


Акупацыйны рэжым у Беларусі – гэта сістэма палітычных, эканамічных, ваенных і ідэалагічных мер, накіраваных на ліквідацыю савецкага грамадска-дзяржаўнага ладу, рабаванне нацыянальных багаццяў і рэсурсаў, заняволенне і знішчэнне беларускага народа. Акупацыйны рэжым з'яўляўся сродкам правядзення ў жыццё палітыкі германскага фашызму ў адносінах да заваяваных тэрыторый і народаў.

Згодна з нямецкім генеральным планам “Ост”, землі Беларусі і прылеглых тэрыторый павінны быць каланізаваны і ў перспектыве ўвайсці ў тэрыторыю Германіі з карэнным насельніцтвам. Дзеля гэтага 25 % беларусаў, якіх акупанты лічылі блізкімі да арыйскай расы, планавалася анямечыць, астатніх выселіць або знішчыць.

Фашыстамі быў уведзены новы адміністратыўны падзел, які парушаў тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі. Паўднёвыя яе землі адыходзілі да рэйхскамісарыята “Украіна”, заходняя частка Беларусі ўвайшла ў склад усходняй Прусіі, Віцебская, Магілёўская, амаль уся Гомельская і некаторыя раёны Мінскай і Палескай абласцей уключаліся ў зону так званай “вобласці армейскага тылу” групы армій “Цэнтр”, цэнтральная ж частка рэспублікі, уключаючая 77 раёнаў, была аднесена да генеральнай акругі “Беларусь” рэйхскамісарыята “Остланд”. Вышэйшым органам кіравання на тэрыторыі Беларусі з'яўляўся Генеральны камісарыят, які ўзначальвалі спачатку В. Кубэ, затым К. Готберг.

Адміністратыўны апарат акупантаў у асноўным складаўся з нямецкіх служачых. У якасці дапаможных мясцовых устаноў фашысты стварылі гарадскія і раённыя ўправы на чале з начальнікамі раёнаў або бургамістрамі гарадоў. На месцах ствараліся воласці на чале са старшынямі, ў вёсках прызначаліся старасты. Работу мясцовых грамадзянскіх органаў улады кантралявалі шэфы – “камісары”,”каменданты”, “зондэрфюрэры” і інш. У кіраўніцтве захопленымі тэрыторыямі акупанты абапіраліся на рэпрэсіўны апарат: пяць ахоўных дывізій, якія дыслацыраваліся на тэрыторыі Беларусі, асобныя карныя, так званыя нацыянальныя батальёны, спецыяльныя падраздзяленні – айнзатцкаманды і зондэркаманды, СС, гестапа, а таксама на паліцэйскія фарміраванні.

Гітлераўцы таксама імкнуліся выкарыстаць у сваіх мэтах людзей, якія былі не задаволены савецкай уладай, або эмігрантаў, якія знаходзіліся да яе ў апазіцыі. Людзей, якія супрацоўнічалі з акупантамі, пазней сталі называць калабарантамі. З ліку гэтых калабарантаў акупанты стваралі нацыяналістычныя арганізацыі: Беларуская народная самапомач на чале з І. Ермачэнкам, Саюз беларускай моладзі (М. Ганько, Н. Абрамава), Раду даверу, якая затым у 1943 г. была пераўтворана ў Беларускую Цэнтральную раду (Р. Астроўскі), Беларуская краёвая абарона, але ў іх склад была ўцягнута нязначная частка насельніцтва.

Стрыжнем акупацыйнага рэжыму стала палітыка генацыда. На Беларусі было створана 260канцэнтрацыйных лагераў, дзе загінулі 1,4 млн.чалавек. Толькі ў канцлагеры Трасцянец каля Мінска было знішчана 206 тыс. вязняў. Існавала больш за 100гета. Адно з найбольш буйных гета знаходзілася ў г. Мінску, там загінула каля 100 тыс. яўрэяў, а ўсяго ў Беларусі гітлераўцы растралялі больш за 700 тыс.беларускіх яўрэяў. Пад выглядам барацьбы з партызанамі фашысты ажыццявілі за гады вайны 140карных аперацый, у асноўным супраць мірнага насельніцтва. Былі спалены разам з жыхарамі628 вёсак, а ўсяго за гады акупацыі гітлераўцы знішчылі ў Беларусі больш за 2,2 млн. савецкіх грамадзян і ваеннапалонных.Каля 400 тыс.чалавек, пераважна беларускай моладзі, былі адпраўлены на прымусовую работу ў Германію, трэцяя частка з іх там і загінула.

Акупанты пачалі прамое рабаванне захопленых тэрыторый. У Германію было вывезена больш за 90% станочнага і тэхнічнага абсталявання, каля 22 тыс. аўтамашын, трактараў, камбайнаў, вялікая колькасць лесу, жывёлы, прадуктаў харчавання. На астаўшыхся прамысловых прадпрыемствах быў устаноўлены 10-12-гадзінны рабочы дзень у спалучэнні з мізэрным заробкам. За правіннасці, сабатаж адміністрацыя мела права адпраўляць рабочых у канцлагеры.

У сельскай мясцовасці гітлераўцы спачатку захавалі калгасы і ўвялі ў іх прымусовую працу. Пазней яны былі перайменованы ў “абшчынныя гаспадаркі”, а з чэрвеня 1943 г. акупанты пачалі перадаваць зямлю ў прыватную ўласнасць, але ўвялі нормы абавязковых паставак, якія дасягалі да паловы вырашчанага ўраджаю.

3. Баявая дзейнасць партызан і падпольшчыкаў

Барацьба супроць акупантаў пачалася ва ўмовах хуткага наступлення нямецка-фашысцскіх войскаў. На захопленай ворагам тэрыторыі стваралася сетка падпольных цэнтраў, арганізацый і груп. Па задумцы партыйнага і камсамольскага кіраўніцтва, пакінутыя ў тыле ворага камуністы і камсамольцы павінны былі з'явіцца тым палітычным ядром, вакол якога належыла гуртавацца тым, хто змагаецца з акупантамі. У Мінску ўжо ў другой палове 1941 г. падпольшчыкі ўзрывалі склады са зброяй і ваеннай маёмасцю, цэхі і майстэрні па рамонту баявой тэхнікі, вырабу харчавання. Апрача дыверсій і баявой дзейнасці, падпольшчыкі ўжо з першых месяцаў акупацыі сабаціравалі розныя мерапрыемствы. Метады іх дзейнасці былі самыя розныя: утойванне сваіх прафесій, псаванне абсталявання і інструменту, невыхад на працу, хаванне ўраджаю, інвентару і інш.

Кіравалі партызанскім і падпольным рухам на Беларусі падпольныя абкамы і райкамы партыі, абкамы і райкамы камсамола.

Мінскае падполле было адным з найбольш актыўных. У 1942 г. асноўнымі напрамкамі яго дзейнасці была агітацыйная праца, дыверсіі, збор разведвальных звестак для партызан і інш. У сакавіку-красавіку 1942 г. немцам удалося нанесці сур'ёзны ўдар па мінскім падполлі, калі ў турмах апынулася каля 400 чалавек. Сярод іх І.Казінец, Г.Сямёнаў і іншыя. У верасні-кастрычніку акупанты абрушылі новы ўдар па мінскаму падполлю, зноў былі арыштаваны сотні ўдзельнікаў і глава гарадскога камітэту КП(б)Б І.Кавалёў. Большчасць арыштаваных загінула ў турмах, была павешана ці растраляна. Але і пасля другога правалу, падполле працягвала сваю дзейнасць.

У Віцебску ў 1941-42 гг. дзейнічала 56 падпольных груп. Адной з іх кіравала В.Харужая, якую ў 1942 г. фашысты схапілі. Шырокі размах набыў падпольны рух у Асіповічах, Барысаве, Бабруйску, Оршы, Жлобіне, Мазыры і іншых населеных пунктах. Вялікай актыўнасцю вызначаліся падпольшчыкі на чыгуначным транспарце. Фактычна не засталося ніводнай станцыі, дзе не дзейнічалі б падпольныя групоўкі.

Ні на адзін дзень не спынялася антыфашысцкая барацьба ў акупаваным Магілёве. Вясною 1942 г. каля 40 груп (больш за 400 чалавек) аб'ядналіся ў “Камітэт садзейнічання Чырвонай Арміі”. Дзякуючы пільнасці, надзейнай канспірацыі і ўдалай структуры арганізацыі магілёўскаму падполлю доўгі час удавалася пазбягаць масавых правалаў і арыштаў.

Паражэнне немцаў пад Масквой аднавіла веру ў сілу Чырвонай Арміі, у яе здольнасць аказваць належнае супраціўленне ворагу. Усё гэта істотна паўплывала на настроі насельніцтва і актывізацыю савецкага падполля і партызан. Аднак партызанскія групы па-ранейшаму пазбягалі адкрытага сутыкнення нават з невялікімі нямецкімі атрадамі і накіроўвалі больш намаганняў на арганізацыйнае ўзмацненне, пашырэнне баз і сістэмы забеспячэння, шукалі павялічэння свайго ўплыву сярод насельніцтва, праводзілі больш мэтанакіраваную дыверсійную дзейнасць.

У першыя дні лютага 1942 г. контрнаступленне Чырвонай Арміі, пачаўшаяся ад Масквы, дасягнула паўночна-усходніх рубяжоў Беларусі, дзе дзейнічала некалькі невялікіх партызанскіх атрадаў. Такім чынам, зона партызанскай барацьбы і аператыўны абшар Чырвонай Арміі часова злучыліся, стварыўшы ўмовы для ўзаемадзеяння. Менавіта тады савецкае ваеннае і палітычнае кіраўніцтва прыняла рашэнне аб выкарыстанні партызанскага руху на Беларусі і ўключыла яго ў агульныя стратэгічныя планы вядзення вайны. Праіснаваўшыя да канца верасня 1942 г., так званыя “Суражскія вароты” (“Віцебскія вароты”) шырынёю каля 40 км. былі выкарыстаны для актывізацыі партызанскай барацьбы, перасылкі на акупаваную тэрыторыю вялікай колькасці дыверсійных груп і партызанскіх атрадаў, перапраўкі зброі, радыястанцый, лістовак, тэхнікі і інш. У адваротны бок была перапраўлена значная колькасць жыхароў і харчавання.На Беларусь пераправілі вялікую колькасць спецыялістаў для пабудовы палявых партызанскіх аэрадромаў. За ўвесь перыяд акупацыі іх было пабудавана каля 50. Гэтыя аэрадромы і ў наступны перыяд дазвалялі працягваць пастаўку ваенных грузаў, вывозіць параненых, пошту і г.д.

Умаі 1942 г. быў створаны Цэнтральны штаб партызанскага руху пры Галоўным камандаванні Чырвонай Арміі пад кіраўніцтвам першага сакратара ЦК КПБ(б) П.К. Панамарэнкі, а ў верасні 1942 г. – яго тэрытарыяльны аддзел – Беларускі штаб партызанскага руху (узначаліў яго П.З. Калінін). Такім чынам, толькі вясною 1942 г. былі створаны неабходныя матэрыяльныя і арганізацыйныя ўмовы для развіцця партызанскага руху на Беларусі.

У выніку паспяховых баявых аперацый партызанскіх фарміраванняў на значнай тэрыторыі Беларусі была ліквідавана нацысцкая ўлада і ўтвораны партызанскія зоны. Найбольш буйнымі зонамі былі Акцябрска-Любанская, Барысаўска-Бягомльская, Клічаўская, Полацка-Лепельская, Расонска-Асвейская, Івянецка-Налібоцкая і інш. Да канца 1943 г. 20 партызанскіх зон кантралявалі 60% тэрыторыі БССР. У партызанскіх зонах аднаўлялася бальшавіцкая ўлада; гаспадарчыя рэсурсы падпарадкоўваліся патрэбам барацьбы з германскімі акупантамі.

Палітыка генацыду, праводзімая акупацыйнымі ўладамі, садзейнічала росту падтрымкі партызан сярод мясцовага насельніцтва. У 1943-1944 гг. партызанскі рух набывае масавы характар. Да лета 1944 г. у складзе партызанскіх фарміраванняў налічвалася каля 370 тыс. чалавек.

Буйнейнай акцыяй партызанскага руху ў Беларусі была т.зв. “рэйкавая вайна” – правядзенне адначасовага масавага разбурэння чыгуначных камунікацый у розных рэгіёнах Беларусі. У ходзе акцыі партызаны разбуралі чыгуначныя шляхі, пускалі пад адхон эшалоны, узрывалі чыгуначныя станцыі, масты. Было знішчана каля 90% чыгункі БССР. “Рэйкавая вайна” праходзіла ў тры этапы. У час першага этапа, які працягваўся з жніўня да верасня 1943 г. (акцыя праходзіла ў падтрымку наступлення Чырвонай арміі пад Курскам), партызаны пусцілі пад адхон 836 варожых эшалонаў, узарвалі 184 чыгуначных масты, пашкодзілі сотні кіламетраў чыгуначнага палатна. У выніку другога этапа, які атрымаў назву “канцэрт” і працягваўся з верасня да лістапада 1943 г. (акцыя праходзіла ў падтрымку наступлення Чырвонай арміі ва ўсходніх раёнах Беларусі), было ўзарвана 90 тыс. чыгуначных рэек, 1041 эшалон, 72 чыгуначных масты. Трэці этап пачаўся ў чэрвені 1944 г.,напярэдадні аперацыі “Баграціён”. У выніку яго былі паралізаваны важнейшыя чыгуначныя магістралі на тэрыторыі Беларусі, што аблегчыла савецкім войскам вызваленне рэспублікі ад акупантаў.

Важнай часткай антыфашысцкага руху ў Беларусі 1941-1944 г. з'яўляўся яўрэйскі рух супраціўлення,які праявіўся ў правядзенні антыфашыцкай прапаганды ў гета, уцёках з гета, сабатажы лагерных мерапрыемстваў, дыверсійнай працы, узброеных паўстаннях і партызанскім руху.

Акрамя савецкага партызанскага і падпольнага руху, на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі таксама іншыя антыфашысцкія арганізацыі.

Актыўна дзейнічала польскае падполле, якое падпарадкоўвалася польскаму эмігранцкаму ўраду ў Лондане. Яго буйнейшай арганізацыяй, якая стварыла сетку партызанскіх атрадаў, з'яўлялася Армія Краёва (АК). На тэрыторыі Беларусі найбольш значныя сілы АК знаходзіліся на Навагрудчыне. АК выступала за аднаўленне незалежнасці Польшчы ў межах 1939 г. У 1941 – 1943 гг. польскае падполле знаходзілася ў саюзе з савецкім. Пасля разрыву ў красавіку 1943 г. адносін паміж СССР і польскім эмігранцкім урадам АК перайшла да тактыкі барацьбы супраць “двух ворагаў” – Германіі і СССР. Разам з тым летам 1944 г., у перыяд наступлення Чырвонай арміі, некаторыя атрады АК прынялі ўдзел у баях за Вільню. Усяго ў атрадах Арміі Краёвай у перыяд акупацыі ў Заходняй Беларусі налічвалася каля 14 тыс. чалавек.

 

4. Вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

У ходзе Сталінградскай бітвы(жнівень 1942 – люты 1943 гг.) і перамогі на Курскай дуге (лета 1943 г.) савецкія войскі не толькі здзолелі выстаяць пад націскам нямецкага наступлення, але і перайшлі ў контрнаступленне. Менавіта з лета-восені 1943 года пачынаецца новы, завяршальны этап у ходзе вайны – перыяд выгнання немецкіх захопнікаў, вызываленне акупаванай тэрыторыі СССР і еўрапейскіх народаў. Контрнаступленне савецкіх войскаў ад Курска і Белгарада перарасло ў агульнае наступленне на ўсім савецка-германскім фронце. Найбольш паспяхова яно разгортвалася на Украіне, дзе ў верасні была вызвалена ўся левабярэжная частка Украіны, быў фарсіраваны Днепр, а ў пачатку лістапада 1943 года вызвалена сталіца – Кіеў.

Восенью 1943 г., у ходзе паспаховага наступлення савецкай Арміі на Украіне, пачалося і вызваленне тэрыторыі Беларусі. 23 верасня 1943 г. войскі 13-й арміі Цэнтральнага фронта вызвалілі першы раёны цэнтр Гомельскай вобласці – Камарын. 26 верасня 3-я і 50-я арміі Бранскага фронта вызвалілі першы раёны цэнтр Магілёўскай вобласці – Хоцімск. 28 верасня – Мсціслаў, 30 верасня – Крычаў. 26 лістапада 1943 г. – першы абласны цэнтр – Гомель, куды пераехалі кіруючыя органы рэспублікі, БШПР.

Удалымі ў восень 1943 – зіму 1944 гадоў наступальнымі аперацыямі на тэрыторыі Беларусі магчыма лічыць вызваленне Мазыра і Рагачова. Пры іх правядзенні найбольш выразна праявілася супрацоўніцтва частак арміі і партызан, якія не тролькі дапамагалі наступаючым войскам, але і ўключаліся ў склад дзеючай арміі.

Аднак з сярэдзіны красавіка 1944 года савецкія войскі спынілі наступальныя аперацыі, перайшлі ў жорсткую абарону. Пачалася падрыхтоўка да правядзення масштабнай аперацыі па вызвалені Беларусі.

Да лета 1944 г. становішча на савецка-германскім фронце склалася на карысць Чырвонай Арміі, якая пачала ўтрымліваць стратэгічную ініцыятыву. План разгрому нямецкай групы армій “Цэнтр” быў абмеркаваны ў Стаўцы Вярхоўнага Галоўнакамандавання і зацверджаны ў канцы мая 1944 г. Гэта аперацыя ўвайшла ў гісторыю пад назвай “Баграціён”. Планам прадугледжвалася нанесці магутныя наступальныя ўдары сіламі 4 франтоў: 1-га Прыбалтыйскага, 1-га, 2-га і 3-га Беларускіх (камандуючыя – генералы І.Х. Баграмян, К. К. Ракасоўскі, Г. Ф. Захараў, І. Д.Чарняхоўскі), Дняпроўскай ваеннай флатыліі, Першай арміі Войска Польскага і авіяцыі далёкага дзеяння. Важная роля надавалася непасрэднаму ўдзелу ў бітве беларускіх партызан.

Перад пачаткам Беларускай аперацыі сілы чатырох франтоў Чырвонай Арміі налічвалі звыш 1 млн. 430 тыс. чалавек баявога складу, каля 32 тыс. гармат і мінамётаў, 5 тыс. танкаў, каля 5 тыс. самалётаў. У тыле нямецкай групы армій “Цэнтр”, акрамя гэтага, знаходзілася 150 партызанскіх брыгад і 49 асобных атрадаў, якія мелі сувязь з Беларускім штабам партызанскага руху і павінны былі прытрымлівацца агульнага стратэгічнага плану.

Да пачатку бітвы ў чэрвені 1944 г. лінія фронту на Беларускім напрамку праходзіла на ўсход ад Віцебска, Оршы, Магілёва, Бабруйска і ўяўляла сабой від выступа альбо дугі – ад Полацка на поўначы да Ковеля на поўдні, звернутай выпуклай часткай на ўсход. На “беларускім выступе” былі сканцэнтраваны 63 дывізіі і 3 брыгады праціўніка, якія налічвалі з тылавымі часцямі звыш 1 млн. 200 тыс. чалавек. Яны мелі на ўзбраенні 9,5 тыс. гармат і мінамётаў, каля 900 танкаў. Наземныя нямецкія войскі падтрымлівала каля 1350 самалётаў.

Аперацыя “Баграціён” пачалася 23 чэрвеня 1944 г. Галоўныя сілы 1-га Прыбалтыйскага, 2-га і 3-га Беларускага франтоў пасля магутнай артылерыйскай падрыхтоўкі перайшлі ў наступленне на Віцебскім, Магілёўскім і Аршанскім напрамках. На другі дзень пачалі наступ і войскі 1-га Беларускага фронту. Дзеяннямі франтоў каардынавалі прадстаўнікі Стаўкі ВГК маршалы А.М.Васілеўскі і Г.К.Жукаў. 24 чэрвеня лінія абароны гітлераўцаў была прарвана. На трэці дзень баёў войскам 1-га Прыбалтыйскага і 3-га Беларускага франтоў удалося акружыць, а праз некалькі дзён і знішчыць віцебскую групоўку праціўніка (“Віцебскі кацёл”), вызваліць г. Віцебск. У выніку гэтага праціўнік страціў 20 тыс. чалавек забітымі і каля 10 тыс. чалавек параненымі і палоннымі

3 ліпеня 1944 г.сталіца Беларусі была вызвалена ад захопнікаў. Пасля вызвалення Мінска галоўныя сілы трох беларускіх франтоў працягвалі рухацца на захад. 4 ліпеня быў вызвалены Полацк, 5 ліпеня – Маладзечна, 6 ліпеня – Баранавічы. 14 ліпеня вораг быў выбіты з Пінска, 16 ліпеня – з Гродна, 28 – з Брэста. Вызваленнем Брэста завяршылася выгнанне нямецка-фашысцкіх захопнікаў з беларускай зямлі. Яшчэ 21 ліпеня Чырвоная Армія перасякла дзяржаўную мяжу ў раёне Белавежскай пушчы і пачала вызваленне Польшчы.

 

5. Вынікі вайны для беларускага народа і яго ўклад у Перамогу над фашызмам.

Савецкі Саюз унёс рашаючы ўклад у разгром фашысцкай Германіі. На працягу ўсёй вайны да 75% усіх узброеных сіл вермахта знаходзіліся на ўсходнім фронце. Тут было знішчана больш за 600 дывізій праціўніка, або дзве трэціх усіх яго сіл. З агульных страт Германіі ў 13,6 млн. чалавек больш за 10 млн. загінулі на савецка-германскім фронце. СССР страціў за годы вайны 27 млн. чалавек, з іх каля 9 млн. салдат і афіцэраў, астатнія – мірныя жыхары.

Вялікая Айчынная вайна і фашысцкая акупацыя прынеслі беларускаму народу велізарныя страты. Захопнікі разбурылі і спалілі 209 гарадоў і райцэнтраў,9200сёл і вёсак. Загінула больш за 3 млн. чалавек. Былі разбураны амаль усе прамысловыя прадпрыемствы і электрастанцыі, абсталяванне вывезена ў Германію альбо знішчана. Гітлераўцы разрабавалі маёмасць калгасаў і саўгасаў. Моцна пацярпелі транспартныя магістралі, было разбурана амаль тры чвэрці жылога фонду гарадоў, поўнасцю знішчана матэрыяльная база адукацыі, навукі, культуры. Па агульнаму ўзроўню развіцця эканомікі рэспубліка была адкінута да 1928 г., а па некатарых галінах. – да 1913 г.

На франтах Вялікай Айчыннай вайны змагалася больш за 1,3 млн. беларусаў і ўражэнцаў Беларусі. На фронт нярэдка накіроўваліся цэлымі сем'ямі. Тадора Храбрая з Бялыніч адправіла на фронт шасцярых сваіх сыноў, столькі ж сыноў паслаў у Чырвоную Армію быхаўскі калгаснік Акім Красоўскі. Старэйшы з яго сыноў Сцяпан, які лятаў на штурмавіку, стаў маршалам авіяцыі. Анастасія Купрыянава з Жодзіна паслала на фронт 5 сваіх сыноў. Малодшы з іх Пётр праславіўся пры ліквідацыі акружанай групоўкі ворага на тэрыторыі Латвіі, паўтарыўшы подзвіг А. Матросава. У Жодзіне ўстаноўлены помнік маці-патрыётцы і пяці яе загінуўшым сынам. У хаце, дзе яна жыла, створаны музей.

Мужна змагаліся з ворагам на заснежаных палях Падмаскоўя ўражэнец Бешанковіцкага раёна генерал-маёр Л.М. Даватар, гамельчане, браты-палкоўнікі Аляксандр і Пётр Лізюковы, уражэнец міншчыны Д.У. Гліцэвіч. Першы ў гісторыі вышынны паветраны таран здзейсніў у маскоўскім небе беларус А.М. Катрыч, першы начны паветраны таран – Віктар Талаліхін. За г. Ленінград змагаліся і аддалі свае жыцці віцэ-адмірал В.П. Дрозд, марскі лётчык А.К. Антоненка, снайпер Ф.А. Смалячкоў. Сын селяніна з в. Машканы Сенненскага раёна, лётчык А.К. Гаравец на Курскай дузе ўступіў у бой з 20‑цю варожымі бамбардзіроўшчыкамі, збіў 9 самалётаў праціўніка. Ён – адзіны ў свеце лётчык, які ў адным паветраным баі збіў столькі самалётаў ворага. А.К. Гаравец загінуў у тым жа баі. Пасмяротна яму прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

444 беларусы і ўражэнцы Беларусі былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза, чацвёра – П.Я. Галавачоў,І.І. Гусакоўскі, С.Ф. Шутаў, І.І. Якубоўскі – удастоены гэтага звання двойчы, 67 – сталі кавалерамі ордэна Славы трох ступеней. Каля 400 тыс. воінаў – беларусаў узнагароджаны баявымі ордэнамі і медалямі. За гады вайны каля 400 беларусаў сталі генераламі і адміраламі. Больш за 140 тыс. партызан і падпольшчыкаў Беларусі былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі Савецкага Саюза, а 88 з іх прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

 

Кантрольныя пытанні і заданні для самападрыхтоўкі студэнтаў:

1. Назавіце прычыны Другой сусветнай вайны.

2. Пералічыце мэты акупацыйнай палітыкі фашысцкай Германіяй ў Беларусі.

3. Прывядзіце прыклады баявой дзейнасці партызан і падпольшчыкаў ў вашай мясцовасці.

4. Хто з савецкіх ваенаначальнікаў распрацоўваў і ажыццяўляў аперацыю “Баграціён”?

5. Назавіце вынікі вайны для беларускага народа і яго ўклад у Перамогу над фашызмам.

 


<== previous lecture | next lecture ==>
Прычыны і пачатак Другой сусветнай вайны. | Міжнароднае становішча.
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.498 s.