Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Пытанні


Date: 2015-10-07; view: 523.


1. У чым сутнасць найбольш распаўсюджанага сродку (спосабу) апісання лексічных адзінак? Якія выкарыстоўваюцца іншыя прыёмы характарыстыкі лексем?

2. Ці згодны вы з меркаваннем Б.А. Плотнікава, што “па сваёй прыродзе апісальны метад з'яўляецца сінхранічным”? Чаму?

3. Ці падзяляецца вы наступную думку вучонага: калі моўныя адзінкі апісваюцца “з улікам розных дыяхранічных часоў яе ўжывання і пры гэтым зазначаюцца змены, што адбыліся ў ёй, то апісальны метад ператвараецца ў гістарычны”? Чаму?


4. СУПАСТАЎЛЯЛЬНЫ МЕТАД

Супастаўляльны (кантрастыўны) метад – даследаванне і апісанне мовы праз яе параўнанне з іншай мовай з мэтай выявіць адметныя асаблівасці. Лічыцца, што ён асабліва эфектыўны ў дачыненні да роднасных (і асабліва блізкароднасных) моў, паколькі ў іх спецыфічныя адзнакі найбольш відавочна выяўляюцца на фоне падобных.

Супастаўляцца могуць і факты адной мовы (дыялекту). Супастаўляльны метад, як і апісальны, выкарыстоўваецца пры сінхранічным даследаванні мовы. Аднак супастаўляльнае даследаванне магчымае і ў ходзе моўнай эвалюцыі (у дыяхраніі).

 

Заўвага. Ад супастаўляльнага метаду неабходна адрозніваць (Б.А. Сярэбранікаў, А.А. Рэфармацкі) параўнальны метад, задача якога – даследаванне роднасных моў з мэтай выяўлення ў іх агульных рыс.

 

Супастаўляльны метад выяўляе адрозненні паміж параўноўвальнымі мовамі на ўсіх моўных узроўнях, у залежнасці ад чаго адрозніваюць дыяфонію (фаналагічныя разыходжанні), дыяморфію (граматычныя разыходжанні), дыясемію (семантычныя разыходжанні) і дыялексію (лексемныя разыходжанні).

Часткамі (прыёмамі) супастаўляльнага метаду з'яўляюцца ўстанаўленне асновы супастаўлення і супастаўляльная інтэрпрэтацыя.

1. Устанаўленне асновы супастаўлення. Яно заключаецца ў выбары мовы супастаўлення або якой-небудзь прыметы моўнай з'явы (граматычнай, фанетычнай, лексічнай). Крыніцай супастаўлення могуць быць слоўнікі, граматыкі, тэксты. У мовазнаўстве найбольш пашыраны два прыёмы ўстанаўлення асновы супастаўлення – моўнае супастаўленне і ўнутрымоўнае супастаўленне.

Прыём моўнага супастаўлення. Выбар мовы як асновы супастаўлення залежыць ад мэт і арыентацыі даследавання – выяўленне падабенстваў і адрозненняў моў на ўсіх або асобных узроўнях моўнай структуры, паляпшэнне методыкі вывучэння замежнай мовы, стварэнне двухмоўных слоўнікаў, удасканаленне методыкі перакладу і інш. Так, у працах, якія прадугледжваюць паляпшэнне методыкі вывучэння замежнай мовы, родная мова бярэцца ў якасці “мовы-эталона”, з якой параўноўваецца вывучаемая замежная мова (галоўным чынам з мэтай выяўлення адрозненняў). У працах такога кшталту звычайна ахопліваваецца ўся граматыка, а часам і фанетыка. У 70-я гады 20 ст. супастаўляльныя даследаванні ў асобных краінах (пераважна ў ЗША, Польшчы, часткова ў ФРГ) выкарыстоўвалі спараджальную мадэль генератыўнай граматыкі Н. Хомскага дзеля выяўлення ў супастаўляльных мовах агульнай “глыбіннай” структуры. Аднак пазней у мовазнаўстве перавага пачала аддавацца так званаму структурна-функцыянальнаму падыходу да супастаўляльных моў.

Супастаўляльныя (і параўнальна-гістарычныя) даследаванні далі магчымасць вылучыць так званую настратычную макрасям'ю, у якую ўключаюцца мовы шэрагу сем'яў Еўропы і Азіі (індаеўрапейскія, афразійскія, уральскія, дравідыйскія, алтайскія, картвельскія). У гэтых мовах выяўлена каля 1 тыс. генетычна тоесных каранёвых і афіксальных марфем. Гіпотэзу пра роднасць настратычных моў выказаў у пачатку 20 ст. дацкі вучоны Х. Педэрсен, а абгрунтаваў яе расійскі мовазнавец У. Ілліч-Світыч (1934–1966).

Пры выкарыстанні супастаўляльнага метаду выяўлена шэраг асаблівасцей моў балканскага саюза, які ўключае балгарскую, македонскую, албанскую, румынскую і (часткова) сербскую, харвацкую, а таксама грэчаскую мовы. Гэтым мовам уласцівы такія агульныя тыпалагічныя рысы (балканізмы), як, напрыклад: а) семантычныя (вялікая колькасць агульных слоў, запазычаных з грэчаскай, лацінскай, славянскіх і турэцкай моў); б) фанетычныя (экспіраторны націск, памякчэнне зычных і інш.); в) марфалагічныя (супадзенне формаў роднага і давальнага склонаў, постпазіцыйны артыкль, адсутнасць інфінітыва, утварэнне лічэбнікаў ад адзінаццаці да дзевятнаццаці па мадэлі “адзін + на + дзесяць” і інш.); г) сінтаксічныя (каля 20 падобных сінтаксічных канструкцый).

Супастаўленне назоўнікаў у беларускай і нямецкай мовах сведчыць, што для нямецкай мовы характэрна катэгорыя пэўнасці-няпэўнасці (выражаецца адпаведна артыклямі der, die, das і ein, eine), якой няма ў беларускай мове. На падставе супастаўлення дзеяслоўных формаў можна зрабіць выснову, што катэгорыю трывання мае беларуская мова і не маюць англійская і нямецкая мовы.

Пры супастаўляльным вывучэнні лексікі розных моў выяўляецца, што нярэдка аднолькавыя паводле значэння словы ў розных мовах адрозніваюцца стылістычна. Так, словы глава, чело, живот у балгарскай мове з'яўляюцца стылістычна нейтральнымі, а ў рускай – архаічнымі (як стылістычна нейтральныя звычайна ўжываюцца іх сінонімы – голова, лоб, жизнь).

Супастаўленне можа датычыць падобных фанетычных з'яў розных моў. Так, калі ў французскай мове ўвулярнае (картавае) вымаўленне [r] з'яўляецца фактам фанетычнай сістэмы, то ў беларускай мове такое вымаўленне – асаблівасць індывідуальнага маўлення.

Пры супастаўляльным даследаванні моў неабходна зыходзіць з таго неаспрэчнага палажэння, што мова – сістэмная з'ява, і таму пры вывучэнні моў нельга аперыраваць адзінкавымі фактамі, аналізуючы іх па-за сістэмай. Напрыклад, згодна з А.В. Ісачанкам, супастаўляць належыць не разрозненыя і выпадковыя моўныя факты, а перш за ўсё сістэмныя элементы мовы. Так, калі вывучаецца склон, то яго трэба разглядаць у сістэме склонаў дадзенай парадыгмы. Гэта звязана з тым, што значнасць, скажам, роднага склону (генітыва) залежыць ад таго, ці ёсць у дадзенай парадыгме аблятыў.

Супастаўляльнае вывучэнне глухіх зычных, напрыклад [с] [т], [х], абавязкова павінна абапірацца на сістэмныя суадносіны глухіх і звонкіх, выключэнні з іх (улічваць гукі, якія знаходзяцца па-за гэтымі парамі). Пры супастаўляльным вывучэнні граматыкі розных моў неабходна не абмяжоўвацца фармальным апісаннем выбранай з'явы спачатку ў адной мове, затым у іншай, а выяўляць функцыянальную значнасць гэтай з'явы для кожнай з моў.

Прыём унутрымоўнага супастаўлення.Асновай супастаўлення выбіраецца пэўная з'ява ці адзінка мовы або дыялекту (ад фанемы да сказа) або пэўная прымета. Што датычыць аднабаковых моўных адзінак (гукаў), то асновай супастаўляльнага аналізу з'яўляюцца найперш іх фізічныя і фізіялагічныя якасці. Так, пры класіфікацыі гукаў маўлення ўлічваюцца (апрача агульных) іх адметныя артыкуляцыйна-акустычныя прыметы. Гэта дае магчымасць, напрыклад, сярод галосных выявіць асаблівасці іх утварэння з улікам ступені і месца пад'ёму языка, лабіялізаванасці, адкрытасці – закрытасці і інш. і адлюстраваць гэта ў табліцы.

Двухбаковыя адзінкі супастаўляюцца, як правіла, у адзінстве іх зместу і формы, паколькі са зменай зместавога боку моўнай адзінкі можа быць звязана змяненне і яе формы і наадварот. Так, у рускай мове словы христианин і крестьянин паходжаннем звязаны з агульнай зыходнай формай – агульнаславянскім запазычаннем з грэчаскай мовы christianos ‘хрысціянін'. Разыходжанне амонімаў христианин1 і христианин2 (у выніку змянення гукавой абалонкі) абумоўлена ўплывам назоўніка крест.

Ва ўкраінскай мове выўляецца тэндэнцыя да фармальнага размежавання амонімаў лічити1 ‘называць лікі ў паслядоўным парадку' і лічити2 ‘імкнуцца паправіць, вярнуць здароўе пры дапамозе лекаў і іншых медыцынскіх прэпаратаў' (другі амонім замяняецца формай лікувати).

Супастаўленне адзінак у межах адной мовы, напрыклад беларускай, дае магчымасць выявіць, што ў ёй звонкаму гуку [дƒж] адпавядае глухі [ч] (параўн.: даж[дƒж]ыдож[ч]), што ў родным склоне адзіночнага ліку назоўнік талент у залежнасці ад лексічнага значэння ўжываецца з канчаткам (‘надзвычайныя прыродныя здольнасці') і (‘чалавек з вялікімі здольнасцямі'); параўн.: Без таленту немагчыма стварыць добры мастацкі твор і Такога талента мне яшчэ не даводзілася бачыць.

Пры супастаўленні родавых формаў назоўнікаў і прыметнікаў выяўляецца, што ў беларускай мове (як і ў многіх іншых мовах) катэгорыя роду назоўнікаў несловазмяняльная (класіфікацыйная), а прыметнікаў словазмяняльная (сінтаксічна абумоўленая), як і ліку, склону, бо канкрэтнае родавае значэнне залежыць ад адпаведных значэнняў назоўнікавых формаў; напрыклад: шырокі луг, шырокая дарогая, шырокае поле.

2. Супастаўляльная інтэрпрэтацыя. Яна заключаецца ў тым, што супастаўляльныя факты і з'явы вывучаюцца ў кожнай мове з дапамогай апісальнага метаду, а атрыманыя вынікі супастаўляюцца. Так, пры вывучэнні граматычнага ладу шэрагу індаеўрапейскіх моў выяўлены такія асаблівасці, як шматзначнасць граматычных марфем, наяўнасць фузіі, фанетычна не абумоўленыя змяненні кораня, вялікая колькасць тыпаў скланення і спражэння. Даследаванне шэрагу цюркскіх моў дало магчымасць выявіць такія рысы, як граматычная адназначнасць афіксаў, адзіны тып скланення і спражэння, адсутнасць значэнневых чаргаванняў у корані. На аснове супастаўлення атрыманых вынікаў былі вылучаны флексійны і аглютынацыйны тыпы моў.

Супастаўляльны метад выкарыстоўваецца ў тэорыі і практыцы перакладу (параўноўваюцца тэксты розных моў), у методыцы выкладання замежных моў у нацыянальных школах. З яго дапамогай ствараюцца двухмоўныя і шматмоўныя перакладныя слоўнікі, а таксама супастаўляльныя граматыкі розных моў.

Тэарэтычнае абгрунтаванне ідэі супастаўляльнага метаду належыць І.А. Бадуэну дэ Куртэнэ (пачатак 20 ст.). Лінгвістычныя даследаванні павінны грунтавацца, на думку вучонага, на супастаўляльным аналізе як роднасных, так і няроднасных моў, г. зн. незалежна ад іх генеалагічных сувязей, а таксама як тэрытарыяльна звязаных, так і не звязаных.

Супастаўляльны метад звязаны з лінгвістычнай тыпалогіяй і лінгвістычнай універсалогіяй.

 


<== previous lecture | next lecture ==>
Пытанні | Літаратура
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.094 s.