![]() |
ПытанніDate: 2015-10-07; view: 428.
1. У чым сутнасць, паводле Л. Ельмслева, структурнага падыходу да мовы? 2. Якую назву для новага структурнага метаду прапанаваў вучоны? 3. З чаго павінна пачынацца кожнае апісанне мовы? Ці падзяляецца такі пункт гледжання ў сучасным айчынным мовазнаўстве? Чаму?
С.К. Шаўмян
Надзённыя задачы структурнай лінгвістыкі [18]
<…> Як і ў астатніх эмпірычных навуках, паспяховае правядзенне тэарэтычных даследаванняў у структурнай лінгвістыцы можа быць забяспечана толькі на аснове строгага і паслядоўнага выкарыстання метаду, які прынята называць гіпатэтычна-дэдукцыйным. Гіпатэтычна-дэдукцыйны метад, што служыць метадалагічным стрыжнем фізікі і астатніх абстрактных тэарэтычных навук, падрабязна апісаны ў сучаснай літаратуры па логіцы навукі. Тут мы спынімся толькі на некаторых істотных для структурнай лінгвістыкі аспектах гіпатэтычна-дэдукцыйнага метаду. Гіпатэтычна-дэдукцыйны метад – цыклічная працэдура, якая пачынае з фактаў і канчае фактамі. У гэтай працэдуры адрозніваюцца чатыры фазы: 1) фіксаванне фактаў, якія патрабуюць тлумачэння; 2) вылучэнне гіпотэз для тлумачэння дадзеных фактаў; 3) вывядзенне з гіпотэз прадказанняў аб фактах, якія ляжаць за межамі абсягу фактаў, для вытлумачэння якіх былі вылучаны гіпотэзы; 4) праверка фактаў, якія прадказваюцца гіпотэзамі, і вызначэнне верагоднасці гіпотэз. <…> Індукцыйны метад не падымаецца над узроўнем класіфікацыі прама назіраемых фактаў і з'яў, у той час як гіпатэтычна-дэдукцыйны метад дазваляе вылучаць гіпотэзы, што раскрываюць глыбінныя сувязі паміж элементамі, схаванымі ад прамога назірання. Для выяўлення глыбінных сувязей паміж элементамі, схаванымі ад прамога назірання, выкарыстоўваецца асобны прыём даследавання, які прынята называць мысленным эксперыментам. Мысленны эксперымент ёсць дэдукцыйны прыём, які заключаецца ў тым, што з палажэнняў, прызнаных сапраўднымі, мы робім высновы, якія, хоць і не пацвярджаюцца эмпірычнымі фактамі, з'яўляюцца прынцыпова магчымымі. <…> Мысленныя эксперыменты маюць фундаментальнае значэнне для вырашэння асноўных праблем структурнай лінгвістыкі. Паралельна з развіццём абстрактнай тэорыі мовы павінны распрацоўвацца аналітычныя працэдуры для даследавання матэрыялу канкрэтных моў з выкарыстаннем там, дзе неабходна, хуткадзейных электронных вылічальных машын і іншых сродкаў лінгвістычнага эксперыменту.
|