Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Пытанні


Date: 2015-10-07; view: 440.


 

1. У чым сутнасць гіпатэтычна-дэдукцыйнага метаду? Яго чатырох фаз?

2. Якая роля мысленнага эксперыменту ў даследаванні мовы?

 

У.М. Тапароў

Пра структурнае вывучэнне мовы [19]

 

<…> …Паўстае пытанне пра сферы выкарыстання структурных метадаў у мовазнаўстве і пра адносіны структурнага мовазнаўства да класічнага (або традыцыйнага), хоць яно само даволі разнароднае па сваіх метадалагічных устаноўках. Калі пад структуралізмам у мовазнаўстве разумець не проста тэхніку структурнага аналізу моўных фактаў, а структурныя прынцыпы разгляду моўнай рэальнасці (менавіта такое разуменне з'яўляецца найбольш мэтазгодным), то акажацца, што структурныя метады даследавання прыдатныя да тых галін, якія да гэтага часу традыцыйна разглядаюцца як недаступныя для выкарыстання структурных метадаў – дыялекталогія, стылістыка, пытанні суадносін літаратурнай мовы і гаворак, некаторыя праблемы параўнальнай граматыкі і да т. п. Немагчымасць выкарыстання ў гэтых галінах такой тонкай і эфектыўнай тэхнікі структурнага аналізу, як, напрыклад, у дэскрыптыўнай лінгвістыцы, не можа служыць дастатковай падставай для сцвярджэння пра непрыдатнасць метадаў структурнай лінгвістыкі да пералічаных пытанняў.

<…> Таму розніца паміж структурным і неструктурным падыходам да мовы вызначаецца не столькі адрозненнем паміж прадметамі даследавання, колькі ступенню пранікнення ў сутнасць справы: у адным выпадку (у структурным мовазнаўстве) гаворка ідзе пра вызначэнне некаторай мадэлі, якая можа адлюстроўваць цэлы клас моўных з'яў, дае магчымасць прадугледзець, што будзе з тымі або іншымі яе элементамі, калі дадзены [элемент. – В.Р.] змяніць пэўным чынам; у другім (у традыцыйным мовазнаўстве) пра выяўленне ўласцівасцей нейкага элемента, які змешчаны ў заведама штучныя ўмовы ізаляцыі ад звязаных з імі элементаў і разглядаецца як нешта самадастатковае. <…> Наадварот, структурныя метады эфектыўныя перш за ўсё ў тым выпадку, калі яны прымяняюцца для вырашэння праблем структурнай лінгвістыкі, пастаноўка якіх у традыцыйнай лінгвістыцы або зусім немагчымая, або немэтазгодная.

<…> У наш час не трэба даказваць, што менавіта структурны падыход упершыню дазволіў мэтанакіравана і свядома даследаваць сувязі, у якіх знаходзяцца розныя элементы мовы. Ужо адно тое, што лінгвістычная прырода гэтых элементаў тлумачыцца з сукупнасці адносін, якія існуюць паміж імі, г. зн. са структуры, робіць неабходным разгляд кожнага моўнага факта ў сувязі з іншымі. Уменне ўбачыць у фізічна тоесных фактах розныя з лінгвістычнага пункту гледжання элементы і, наадварот, у фізічна розных аб'ектах – лінгвістычна тоесныя элементы; веданне таго, як змяняецца элемент х пры ўмове змянення звязанага з ім элемента у або ўвядзення (адпаведна – выключэння) у сістэму новага элемента; дасведчанасць у рознага роду залежнасцях, якія існуюць паміж элементамі мовы, – усё гэта ўпершыню (калі не лічыць некаторых раздзелаў параўнальнай граматыкі) адкрывае навукова абгрунтаваныя магчымасці прадказання будучага становішча моўных сістэм пры зададзеных умовах. Што ж датычыць практычнай рэалізацыі гэтых магчымасцей, то яна цяпер залежыць перш за ўсё ад поспехаў у галіне вывучэння структурнай тыпалогіі, якая дазволіць істотна абмежаваць колькасць магчымых тыпаў сувязей паміж моўнымі элементамі і тым самым скараціць колькасць дапушчальных пераходаў ад аднаго стану да іншага.

<…> …Структурная лінгвістыка дае асабліва выгадныя ўмовы для выкарыстання дакладных метадаў, запазычаных з матэматыкі, ставіць сучаснае структурнае мовазнаўства ў зусім адметнае становішча ў сучаснай іерархіі навук, ступень “навуковасці” кожнай з якіх вызначаецца якраз тым, наколькі яна структурная. Спецыфіка месца, якое займае цяпер структурная лінгвістыка, заключаецца ў тым, што яна з'яўляецца, з аднаго боку, самай дакладнай з “гуманітарных” навук і таму даступна ўвядзенню матэматычных метадаў даследавання (зусім не толькі колькасных, як думаецца некаторым), а з другога боку, структурнае мовазнаўства, з'яўляецца адзінай з “дакладных” навук, што маюць справу са значэннем у тым сэнсе, які з адпаведнымі папраўкамі характэрны для ўсіх “гуманітарных” навук. Адсюль апасродкаваная роля, якую адыгрывае структурнае мовазнаўства паміж “дакладнымі” і “гуманітарнымі” навукамі. Падобна да таго як “дакладныя” навукі і, у прыватнасці, мовазнаўства, вырашаюць свае ўнутраныя праблемы, запазычваючы мадэлі, выпрацаваныя ў матэматыцы, так цэлы рад “гуманітарных” дысцыплін з поспехам выкарыстоўвае – у далейшым гэтае выкарыстанне стане яшчэ больш шырокім і плённым – мадэлі, запазычаныя са структурнага мовазнаўства.

<…> Зразумела, што структурны аналіз мовы ва ўсёй сукупнасці прыёмаў, як названых тут, так і не названых, дазваляе апісаць мову крайне проста, паслядоўна і вычарпальна, што, у сваю чаргу, вызваляе апісанне, наколькі толькі гэта магчыма, ад элемента суб'ектывізму. Атрыманая ў выніку карціна непараўнальна больш адэкватная апісанай мове, чым любое апісанне, выкананае без захавання патрабаванняў структурнага аналізу. Таму вельмі далёкія ад ісціны сцвярджэнні, якія бытуюць яшчэ і цяпер, што пры структурным падыходзе да мовы ўсё жывое і індывідуальнае ў мове становіцца ахвярай голай схемы. <…>

 


<== previous lecture | next lecture ==>
Пытанні | Суадносіны агульнанавуковых і прыватных
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 0.18 s.