![]() |
А.Я. МіхневічDate: 2015-10-07; view: 789. Пытанні
1. Пад уплывам якіх фактараў дыстрыбуцыйная методыка ў граматыцы набывае ўсё большае значэнне? 2. Ці правамерна паняцці “спалучальнасць” і “дыстрыбуцыя” ўжываць як сінонімы? Чаму? Абгрунтуйце адказ. 3. Як з дапамогай дыстрыбуцыйных паказчыкаў размяжоўваюцца пераходныя і непераходныя дзеясловы? Выяўляецца значэнне словаформы ў творным склоне? Праілюструйце прыкладамі. 4. Калі для размежавання значэння словаформаў уводзіцца дадатковы фармальны паказчык? У чым сутнасць гэтага паказчыка? 5. У чым сутнасць іншага шляху вызначэння тоеснасці (нятоеснасці) словазлучэнняў? 6. На якія два класы падзяляюцца дзеясловы стану ў залежнасці ад іх спалучальнасці з класам прыслоўяў інтэнсіўнасці?
Селекцыйная катэгорыя “партытыўнасць//непартытыўнасць”[23]
<…> Характэрнай асаблівацю колькасных спалучэнняў з'яўляюцца іх дыстрыбуцыйныя ўласцівасці. …Словазлучэнні з родным колькасці ўтвараюць адзін аналітычна аформлены член сказа. У такіх фразах, як кіло хлеба, келіх віна, адзначае Н.Д. Аруцюнова, сінтаксічна цэнтральны элемент (кіло, келіх) не супадае з намінацыйным ядром словазлучэння, паколькі значэнне канструкцыі адносіцца да таго семантычнага разраду, да якога належыць значэнне сінтагматычна падпарадкаваных назоўнікаў (хлеб, віно), параўн.: выпіў келіх віна (‘выпіў віно, а не келіх'), з'еў кіло хлеба (‘з'еў хлеб, а не кіло'), разліў келіх віна (разліў віно, а не келіх)… Таму ў кантэксце заўсёды магчыма замена колькаснага словазлучэння яго намінацыйным ядром пры захаванні агульнага сэнсу выказвання, параўн.: Я ўбачыў натоўп узбуджаных людзей ® Я ўбачыў узбуджаных людзей, Стос паперы ляжаў на краю стала ® Папера ляжала на краю стала, Ён выпіў кварту вады (К. Чорны) ® Ён выпіў вады, але: Я сустрэў сястру таварыша ≠ Я сустрэў таварыша, Водар лесу і вады цёк скрозь (К. Чорны) ® *Лес і вада цяклі скрозь. Калі строга прытрымлівацца ўказанай дыстрыбуцыйнай характарыстыкі колькасных словазлучэнняў, то нельга пагадзіцца са сцверджаннем, што “ў іншым ужыванні гэтых спалучэнняў сінтаксічны цэнтр можа сумяшчацца з цэнтрам намінацыі. Параўн.: абярнуць келіх віна, асушыць келіх віна”… Справа ў тым, што тут мы сутыкаемся ўжо не з “гэтымі спалучэннямі”, а з іх поўнымі сінтаксічнымі амонімамі, для якіх значэнне колькасці або нерэлевантнае, або метафарычна сумешчана з іншым, няколькасным значэннем. Параўн.: Патравілі (цэлы) загон насеннай канюшыны і Шырокі загон насеннай канюшыны ішоў ад ельніку (К. Чорны). У першым сказе магчыма замена загон канюшыны на канюшыну, у другім загон канюшыны – на загон, і гэта пацвярджае, што ў апошнім выпадку колькаснае значэнне нерэлевантнае, а загон не ўваходзіць у клас партытываў. <…> Другая істотная рыса дыстрыбуцыі колькасных спалучэнняў – здольнасць партытываў спалучацца з колькаснымі прыметнікамі вялікі, малы, невялікі, значны і асабліва з прыметнікам цэлы, які цалкам адпавядае таму, што прынята называць службовымі словамі. Прыметнік цэлы ўжываецца “пры колькасных абазначэннях для ўказання на значнасць іх велічыні”… і ў такіх выпадках мае значэнне “значны, вялікі”… Напрыклад: З сабой ён прывёз цэлы (вялікі, невялікі) чамадан кніг і часопісаў. Уласна якаснае азначэнне да партытыва дадаць звычайна немагчыма, параўн.: *З сабой ён прывёз цэлы карычневы чамадан кніг і часопісаў. Калі ж якаснае азначэнне не робіць фразу неадзначанай, то залежная словаформа набывае іншае сінтаксічнае значэнне, напрыклад роднага параўнання: Чорная сцяна хмар рабілася ўсё болей і болей шчыльнай (Я. Колас) (хмары, як чорная сцяна ® чорная сцяна хмар); І раптам ад цёмнай, суцэльнай заслоны хмар аддзяліўся доўгі сіваваты вал… (Я. Колас) (хмары, як суцэльная заслона ® суцэльная заслона хмар); Дождж зорак з неба падаў на росны шоўк травы (П. Панчанка) (зоркі падаюць, як дождж ® дождж зорак). Інтэрпрэтацыя апошняга прыклада, як і некаторых іншых, можа, зразумела, аспрэчвацца. <…>
|