Студопедия
rus | ua | other

Home Random lecture






Тэма 1. Культура старажытнай Беларусі. 17 page


Date: 2015-10-07; view: 820.


3. Адметнасць беларускай нацыянальнай культуры і яе спалучэнне з культурай усіх усходніх славян. На працягу ўсяго існавання старажытнай Беларусі ў яе духоўным жыцці захаваліся сваеасаблівыя, рысы, уласцівыя толькі нашай нацыянальнай культуры. І ў той жа час прасочваюцца прыкметы агульнай для ўсіх усходнеславянскіх плямён культуры. Так, калі з ХІ стагоддзя пачалося летапісанне, то Іпацьеўскі летапісны звод стаў важнай крыніцай па гісторыі і культуры не толькі Кіеўскага, Галіцка–Валынскага, але і Полацкага, Тураўскага, Смаленскага і іншых княстваў. А таксама “Слова пра паход Ігаравы”, “Аповесць мінулых гадоў “ і іншыя.

4. Уплыў Візантыйскай культуры на нацыянальную культуру нашых продкаў. Дзякуючы свайму выгаднаму геаграфічнаму становішчу, гандлёвым шляхам, што звязвалі арабскі Ўсход і Візантыю са Скандынавіяй, Прыбалтыкай, Ноўгарадам, а таксама з Захадам, на беларускіх землях ішло інтэнсіўнае эканамічнае і культурнае развіццё. Сувязі з гэтымі краінамі аказвалі значны ўплыў на культуру беларусаў, як матэрыяльную, так і духоўную. Але ў першую чаргу на развіццё беларускіх зямель аказвала Візантыя, у якой традыцыі антычнай адукаванасці і асветы аж да ХІІ стагоддзя знаходзіліся на больш высокім узроўні, чым у іншых краінах Еўропы. У беларускія школы з Візантыі пераймалася выкладанне такіх прадметаў, як грэчаская мова, красамоўнае майстэрства, астраномія, філасофія, этыка і іншыя.

Сведчаннем узаемнага ўплыву з¢яўляецца і ўвядзенне на Беларусі славянскай азбукі і пісьменства, створаных братамі Кірылам і Мяфодзіем з Фесалонікаў. Славяне па паходжанню, яны былі візантыйскімі перакладчыкамі рэлігійных кніг з грэчаскай мовы на стараславянскую. Кірыліца ад стараславянскай пісьменнасці перайшла ў спадчыну старабеларускай, стараўкраінскай і старарускай.

 

Ž Пісьменства на Беларусі асабліва хутка пачало распаўсюджвацца пасля ўвядзення тут хрысціянства ў канцы Х стагоддзя (992 г.). Манастыры і цэрквы зрабіліся першымі культурнымі цэнтрамі, у якіх былі заснаваны школы, арганізавана перапіска кніг.

Першым кніжнікам сярод усходнеславянскіх князёў летапісы называюць унука Рагвалода, старэйшага сына Рагнеды і Уладзіміра – Ізяслава, які княжыў у Полацку з 988 па 1001 г.г. Ніканаўскі летапіс згадвае, што менавіта ён увёў у Полацку пісьменства і навучанне грамаце. Пячатка з ягоным іменем, якой замацоўваліся княжацкія граматы, лічыцца самым старажытным помнікам беларускага пісьменства і другім па часе ва ўсіх усходніх славянаў. Захаваліся яшчэ надпісы на прасліцах, на помніках “Рагвалодаў камень”, “Барысаў камень”, а таксама знойдзеныя пры раскопках прыстасаванні для пісьма (“пісалы”) і кніжныя засцёжкі ў Полацку, Менску, Браславе і інш., пячаткі князёў Усяслава і Барыса. Усё гэта сведчыць аб шырокім распаўсюджванні пісьменства сярод насельніцтва, пачынаючы з канца Х стагоддзя.

Увядзенне хрысціянства выклікала неабходнасць у адукаваных людзях, якія патрэбны былі для перакладаў і перапіскі рэлігійных кніг. Гэтыя культурныя цэнтры далі першых вучоных, кніжнікаў, пісьменнікаў, прапаведнікаў. Вакол царквы групавалася тагачасная інтэлігенцыя – адукаваныя людзі, носьбіты культуры. Славутымі прадстаўнікамі хрысціянскай кніжнай асветы і адукацыі на Беларусі з¢яўляюцца Еўфрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Клімент Смаляціч і іншыя.

Еўфрасіння Полацкая

Сярод іх найбольшай таленавітасцю вызначалася полацкая князёўна Прадслава, у манастве Еўфрасіння (1110 -1173 г.г.). Першая жанчына ў усходніх славян, кананізаваная царквою ў святыя.

У раннім сярэдневеччы на беларускіх землях, бытавалі і такія арыгінальныя літаратурныя творы, як жыція святых. 3 іх мы і даведаліся пра выдатных беларускіх асветнікаў. Найкаштоўнейшым помнікам старажытна-беларускай літаратуры з'яўляецца "Жыціе Еўфрасінні Полацкай" - галоўная крыніца біяграфічных звестак пра самую знакамітую палачанку. Па адукаванасці і па зробленых дзеля асветы свайго народу справах яна не мела сабе роўных не толькі ў славянскім свеце, але і на ўсім еўрапейскім кантыненце. Яна не заканчвала ўніверсітэтаў. Па-першае, жанчын у сярэдневечныя ўніверсітэты не прымалі, па-другое, калі яна нарадзілася, ў Еўропе быў усяго адзін – у Балонні. Яе ўніверсітэтам і была тагачасная літаратура, ў асноўным — царкоўная. Але ў княжацкія палацы траплялі таксама хронікі, гістарычныя аповесці, прыродазнаўчыя трактаты.

Дачка князя Георгія, унучка славутага валадара Усяслава Чарадзея, Прадслава, насуперак волі бацькоў, у 12- гадовым узросце збегла ў манастыр, дзе ўсё сваё жыццё прысвяціла асвеце, адукацыі, выхаванню. Яна заснавала два манастыры (мужчынскі і жаночы) і пры іх - дзве царквы. Адна з іх - царква Святога Спаса, дзе знаходзіліся келлі Еўфрасінні і яе малодшай сястры Градзіславы. (Зараз гэта Спаса-Еўфрасіннеўская царква, у якой захоўваюцца яе мошчы).

У манастырах Еўфрасіння ўвесь час працавала над збіраннем, перакладамі грэчаскіх рэлігійных твораў, перапісваннем кніг. Яна адчыніла там майстэрні па перапісцы кніг - скрыпторыі. Са скрыпторыяў кнігі разыходзіліся па ўсёй Полацкай зямлі і за яе межамі.[1] Прыбытак ад іх продажу аддавала тым, хто быў у нястачы. (Ёсць меркаванні лічыць, што Еўфрасіння вяла Полацкі летапіс і пісала арыгінальныя творы, якія, на жаль, не захаваліся) .

Пры манастырах яна адкрыла дзве школы, ў тым ліку - адну для дзяўчынак. Тут вучыліся грамаце, чытанню, пісьму, "цыфіры" і царкоўным спевам не толькі дзеці заможных палачан, але і простых людзей. Першымі падручнікамі былі царкоўныя кнігі. Аднак высока–адукаваная ігумення пашырыла межы звычайнай праграмы. Апрача цар-коўнаславянскай, дзеці вучылі грэцкую і лацінскую мовы, атрымлівалі веды па прыродазнаўству і медыцыне, па навуцы красамоўства - рыторыцы. 3 найбольш здольнымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі праводзіліся заняткі па паэтыцы. Не раз заняткі вяла сама маці-ігумення.

"Юных, - чытаем мы ў "Жыціі Еўфрасінні Полацкай, - вучыла чысціні душэўнай і цялеснаму супакаенню, гавенню шчыраму, хаджэнню рахманаму, голасу ціхмянаму, слову дабрачыннаму, ядзенню і піццю маўкліваму; пры старэйшых маўчаць, мудрых слухаць, да старэйшых – пакоры, да роўных і меншых – любові некрывадушнай; мала казаць, а болей разумець.”[2]

Перад намі паўстае вобраз самаахвярнай, незвычайнай жанчыны. У "Жыціі" ўслаўляецца яе імкненне да духоўнай дасканаласці і ведаў, яе самаахвярнасці. У ім ёсць звесткі пра сярэдневяковы Полацк, яго культурнае жыццё, побыт, пра полацкіх князёў і епіскапаў.

Як вядома, па заказу Еўфрасінні полацкі майстар-ювелір Лазар Богша ў 1161 годзе зрабіў крыж. У канцы жыцця Еўфрасіння здзейсніла сваю мару – зрабіла паломніцтва на Святую зямлю Іерусаліма, дзе і памерла. Дзень памяці святой заступніцы святкуецца 24 мая.

Кірыла Тураўскі

Другім прадстаўніком кніжнай асветы на Беларусі з´яўляецца Кірыла Тураўскі (каля 1130 – каля 1182 гг.). Нарадзіўся і ўзгадаваўся ў месцы Тураве на беларускай зямлі. Быў ён сынам багатых бацькоў, але не ўзлюбіў багацця і мірнае славы гэтага свету, а “найболей любіў вучэнне боскіх кніг”. Вывучыўшы Святое пісанне, пайшоў у манастыр і зрабіўся манахам. Старабеларускі пісьменнік, прапаведнік, царкоўны дзеяч. Шырокую вядомасць яму прынеслі т.зв. "Словы" - павучэнні, прысвечаныя розным біблейскім сюжэтам, у якіх праявіўся яго паэтычны дар.. Стаўшы тураўскім епіскапам, Кірыла праславіўся як прапаведнік, выдатны майстар так званага ўрачыстага красамоўнага майстэрства”. Але пазней пакідае гэтую пасаду, замыкаецца ў келлі і працягвае пісаць розныя творы, а таксама перакладае і перапісвае іншых аўтараў.

Лепшым доказам папулярнасці славутага дзеяча старажытнай Беларусі з´яўляецца тое, што яшчэ пры жыцці сучаснікі называлі яго “залатавустам”, яго казанні змяшчаліся ў анталогіях “Торжественник” і “Златоуст”, куды ўключаліся лепшыя творы грэчаскіх майстроў прамоўніцкага красамоўства. Кірыла Тураўскі з'яўляецца вялікім гуманістам свайго часу, сімвалам таленту беларускага народа, яркім сведчаннем глыбіні каранёў нашай культуры.


<== previous lecture | next lecture ==>
Тэма 1. Культура старажытнай Беларусі. 16 page | Клімент Смаляціч
lektsiopedia.org - 2013 год. | Page generation: 1.07 s.