|
Тэма 14. Лексічная стылістыка і яе прадметDate: 2015-10-07; view: 884604. Стылістычныя рэсурсы лексікі інакш называюць лексічная стылістыка: 1) раздзел лінгвістычнай стылістыкі, арыентаваны на апісанне стылістычных рэсурсаў сучаснай беларускай мовы на лексічным узроўні моўнай структуры; 2) раздзел функцыянальнай стылістыкі, што ахоплівае праблемы, звязаныя з вызначэннем заканамернасцей функцыянавання адзінак лексіка-семантычнага ўзроўню ў розных функцыянальных стылях. Стылістычнае багацце лексічна-семантычнага ўзроўню абумоўлена не толькі значнай колькасцю складнікаў, але і шматмернасцю іх якасцей, складанай сістэмай стылістычнай арганізацыі. Да стылістычных рэсурсаў у межах лексікі далучаюцца словы, проціпастаўленыя стылістычнанейтральнаму фонду тым, што ў іх семантыцы акрамя прадметна-паняційнага значэння маюцца кананатыўныя кампаненты. Такія словы, як вядома, з'яўляюцца сродкам выражэння пачуццяў, эмоцый, суб'ектыўнай ацэнкі чалавекам навакольнага свету і складаюць асобны пласт экспрэсіўнай лексікі, напр.: машына – калымага, хадзіць – дыбаць, казаць – мямліць і інш. Лексічныя нормы – гэта нормы словаўжывання. Кожнае слова мае пэўнае значэнне, што фіксуецца ў тлумачальных слоўніках. І ўжываецца гэта слова адпаведна свайму значэнню. Першае правіла перадачы інфармацыі на лексічным узроўні – выбар слова ў адпаведнасці з яго сучасным значэннем. Звычайна гэта правіла парушаецца, калі ў мове ёсць словы з блізкім значэннем: дзелавітая - дзелавая гутарка, запісваць дыялекты - дыялектызмы, лісцёвы – ліставы лес, нястрыманы – нястрымны боль, саладжавы – саладкаваты водар. Адметнасць лексічнай нормы абумоўлена асаблівасцямі лексічнага ўзроўню мовы: непасрэдная звернутасць да пазамоўнай рэчаіснасці, адкрытасць і незамкнёнасць сістэмы, рухомасць. У сувязі з гэтым слоўнікавы склад немагчыма акрэсліць пэўна. Такія крытэрыі нормы, як даўгата існавання моўнай з'явы і адпаведнасць мадэлям мовы без дадатковых удакладненняў непрымальныя, паколькі многія лексічныя з'явы далучаюцца да ліку навацый, не ўтвараюць аўтаномную сферу, адмяжоўваюцца ад асноўнай часткі лексікі і маюць індывідуальны характар, хаця і падпарадкаваныя ўнутраным заканамернасцям лексічнай сістэмы. Такім чынам, дынамічны характар лексікі прымушае шукаць і дынамічныя крытэрыі яе нарматыўнасці. Ад значэння слова залежыць яго спалучальнасць. Ёсць словы са свабоднайспалучальнасцю, што лёгка далучаюцца да іншых слоў: моцны дождж, моцны мароз, моцны кашаль, моцнае жаданне, моцная воля і інш. Ёсць словы звязаныя, спалучальнасць якіх абмежавана адным-двума тыповымі ўжываннямі: праліўны дождж, траскучы мароз, снежная белізна. Акрамя значэння і спалучальнасці лексічныя нормы ахопліваюць сферу ўжывання і стылістычную афарбоўку слоў. Частка слоў складае агульнанацыянальны (агульнаўжывальны) слоўнікавы фонд: гэта словы, вядомыя ўсім паўнавартасным носьбітам мовы, іншыя словы маюць абмежаваную сферу ўжывання (дыялектызмы, прафесіяналізмы, архаізмы і неалагізмы). Усе адценні стылістычнай афарбаванай лексікі выяўляюцца на фоне лексікі нейтральнай у сувязі з умовамі кантэксту і стылістычнымі прыёмамі. Нейтральнай аказваецца лексіка, ужывальная ва ўсіх сферах зносін і жанраў, якая не валодае эмацыянальна-экспрэсіўнай ацэначнасцю: дом, вуліца, пісаць, справа, восьмы і інш. Да стылістычных рэсурсаўлексікі далучаюць: - сродкі моўнай выразнасці; - лексічныя сінонімы; - стылістычна афарбаваныя моўныя адзінкі; - эмацыянальна-экспрэсіўныя тыпы лексікі; - лексіку абмежаванага ўжывання (дыялектызмы, прастамоўныя словы, аргатызмы, прафесіяналізмы, варварызмы, архаізмы, неалагізмы). Да сродкаў моўнай выразнасці далучаюць найперш тропы і фігуры. Тропы– з'явы лексіка-семантычныя, гэта розныя выпадкі ўжывання слова ў пераносным значэнні, аднак, як вядома, не кожнае пераноснае значэнне для сучаснага моўнага ўспрымання з'яўляецца вобразным. Гэтамогуць быць тропы з адносінамі прамога і пераноснага значэнняў: метафара, эпітэт, метанімія, сінекдаха, гіпербала і літота. Тропы з адносінамі кантрасту, як у антытэзе, аксюмаране і антыфразісе. Тропы з адносінамі сінанімічнага характару: перыфраза, антанамазія, эўфемізм, дысфемізм. Тропы з аманімічнымі і паранімічнымі адносінамі: каламбур і паранамазія. Тропы з адносінамі несумяшчальнасці: алагізм. Тропы служаць для ўзмацнення выразнасці і вобразнасці маўлення, перадачы ацэначнага і эмацыянальна-экспрэсіўнага значэння. Таму яны выкарыстоўваюцца перадусім у мастацкім маўленні і публіцыстыцы, але не прысутнічаюць у афіцыйна-справавых і навукова-тэхнічных тэкстах, г.зн. там, дзе не дазваляецца двухсэнсоўнасць, неадназначнасць разумення. Размоўнае маўленне, паколькі характарызуецца павышанай экспрэсіўнасцю, часта насычана рознымі тропамі.: Ну ты і красавец! (антыфразіс), Дачка ў яе – проста золата (метафара), Я тры талеркі з'еў (сінекдаха), Адсюль – рукой падаць (гіпербала) і г.д. Для тропаў характэрна нерэгламентаванасць моўнай формы. Яны могуць утрымлівацца ў адной моўнай адзінцы, групе слоў, сказе, групе сказаў. Метафара– від тропа, заснаваны на выкарыстанні слова ў пераносным значэнні, якое развіваецца на аснове падабенства двух прадметаў або з'яў у выніку ўвасаблення, апрадмечвання, абстрагавання: залаты лістапад, крыло самалёта, льецца музыка. Эпітэт– адзін з асноўных тропаў, слова або словазлучэнне (у сінтаксічнай ролі азначэння ці акалічнасці), якія вылучаюцца мастацкасцю, вобразнасцю: ласкавае сонца, цёплая сустрэча, жнейкі-красуні. Метанімія– від тропа, заснаваны на пераносе назвы аднаго прадмета ці з'явы на іншы прадмет ці з'яву на аснове пэўнай знешняй ці ўнутранай сувязі паміж імі. Сувязь можа быць паміж прадметам і матэрыялам, з якога зроблены гэты прадмет (здабыча золата і золата (медалі) заваявалі гімнасты), посудам і змесцівам (купіў шклянку і выпіў шклянку), месцам і людзьмі (горад Мінск і Мінск сустракаў), прадметам і яго ўладальнікам (шынель і шэры шынель падаўся да дзвярэй), аўтарам і яго творам (Я. Колас – перачытваю Коласа). Сінекдаха– від тропа, заснаваны на колькасных адносінах паміж прадметамі: назва родавага паняцця ўжываецца замест відавога, форма адзіночнага ліку замест множнага, цэлага замест часткі і наадварот (ехаць на машыне замест ехаць на аўтамабілі, вораг адступае замест ворагі адступаюць, прывітанне моладзі замест... маладому чалавеку). Гіпербала –свядомае перабольшванне памеру, сілы, значэння, якасці якога-небудзь прадмета, з'явы з мэтай павелічэння вобразнасці, узмацнення ўражання: чакаць сто гадоў, задушыць у абдымках, выліць мора слёз. Літота –вобразны выраз з непамерным памяншэннем у мастацкіх мэтах прадмета, з'явы, якасці ці акалічнасці: з камарыны нос, ростам з вераб'я. Перыфраза– семантычна непадзельны апісальны выраз, з дапамогай якога перадаецца сэнс другога слова або выразу, які не толькі называе з'явы рэчаіснасці, але і дае ім неабходную характарыстыку: другі хлеб (бульба), чалавек вогненнай прафесіі (сталявар), салодкі корань (цукровы бурак). Антанамазія– шырокавядомае імя ўжываецца метафарычна як агульная назва асобы, надзеленай уласцівасцямі гэтага імені: Туляга – баязлівец, Калумб – першаадкрывальнік, Атэла – раўнівец. Эўфемізм –словы ці выразы, якія ўжываюцца з мэтай пазбегнуць слоў з грубым, непрыстойным зместам ці афарбоўкай: папрасіць выйсці (выгнаць), пакінуў нас (памёр), памыляецеся (хлусіце). Дысфемізм– замена нейтральнага слова стылістычна зніжаным, грубым: закрыць зяпу (змоўкнуць), даць па карку (ударыць). Антытэза– кантраснае супрацьпастаўленне супрацьлеглых паняццяў, думак, вобразаў: лета збірае, зіма паядае. Аксюмаран –спалучэнне антонімаў у сціслай канструкцыі, што гучыць парадаксальна дзякуючы аб'яднанню ў адно цэлае супрацьлеглых па значэнні лексем: цёплы халадок, халоднае цяпло, красамоўнае маўчанне. Антыфразіс– ужыванне слова ў яго супрацьлеглым значэнні, што замацавалася ў моўнай практыцы і атрымала іранічную афарбоўку: белы, як сажа, толькі аб гэтым і думаю, усё жыццё мару! Іронія –выкарыстанне слова або словазлучэння са станоўчым значэннем у адносінах да адмоўнага прадмета, асобы, з'явы (ганьбаванне, высмейванне): І сказаў стары калгаснік ціха: "Пачастую вас, заходзьце ў хату... Ёсць для вас, фашысцкія сабакі, у мяне гарачая закуска". Параўн. астэізм – пахвалу ў форме ганьбавання: "Дык ідзі ж сюды, ідзі, суччын кот. Чаго баішся? Ты ж вунь увелькі з дзеда вырас – уга!" І гладзіў Іванку па галаве. Каламбур –троп, заснаваны на гульні гукавога складу слова і яго значэнняў: "Наскочыш на які-небудзь тэлеграфны слуп – ліхтар не спатрэбіцца: будзеш свяціць сваім уласным ліхтаром.. Паранамазія– збліжэнне паронімаў: Духмянасць, нібы мацыёла ад сонечнага мацыёну. Лілею млявы плёс люляе. Алагізм– наўмыснае парушэнне ў маўленні сувязі з мэтай камізму, іроніі. Словы, што спалучаюцца ў такіх выпадках не могуць уступаць у антанімічныя адносіны: пасля дожджыку ў чацвер, са страхі морква вісіць, едзе кошка на шасці ножках, сама сёмая. Для стылістыкі і моўнай практык актуальнае пашыранае разуменне сінаніміі: сінонімы вызначаюцца па прымеце ўзаемазамяняльнасці.Менавіта магчымасць узаемазамяняльнасці суадносіцца з адным з асноўных прынцыпаў стылістыкі – прынцыпам выбару. Лексічныя сінонімыбываюць ідэаграфічныя і стылістычныя. Стылістычныя адрозненні звычайна суправаджаюцца сэнсавымі адценнямі, таму размежаванне сінонімаў на дзве групы мае пераважна ўмоўны характар. Стылістычныя афарбоўкі слоў-сінонімаў робяцца відавочнымі на фоне нейтральнага ў стылістычных адносінах слова – дамінанты сінанімічнага рада: радзіма – бацькаўшчына, жадаць - прагнуць, казаць – прамаўляць; украсці – сцібрыць, хадзіць – швэндацца. Стылістычныя адрозненні сінонімаў вызначаюцца сферай іх ужывання і адпаведнасцю таму або іншаму функцыянальнаму стылю. Гэтыя адрозненні вызначаюцца таксама пры параўнанні са стылістычнай нейтральнасцюдамінанты сінанімічнага рада, напрыклад: нейтральная дамінанта: выпадак – публіцыстычны стыль: інцыдэнт, размоўны стыль: аказія; нейтральныя дамінанты: паведаміць, паслаць і пісьмовы стыль: інфармаваць, камандзіраваць. Стылістычна афарбаваныя моўныя адзінкі Да функцыянальна-стылістычнаафарбаванай моўнай лексікі далучаюць найперш словы, пераважна ўжывальныя ў пэўнай маўленчайсферы, адпаведныя аднаму з функцыянальных стыляў. Прыклады навуковай лексікі: класіфікацыя, дыферэнцыяцыя, аргумент, дыскусійны; афіцыйна-справаводчая: закон, канстытуцыя, пастанова, заява; публіцыстычная: рэпартаж, нататка, хроніка, дыскрымінацыя, ратыфікацыя; паэтычная: анёл, лілея, багіня, царэўна; гутарковая: галёкаць (крычаць), дапяць (дайсці), кіндзюк (страўнік), скокі (танцы). Эмацыянальна-экспрэсіўныя тыпы лексікі Экспрэсіўная лексікане толькі называе прадмет або з'яву, але і выклікае іх наглядна-пачуццёвае ўспрыманне: адхвастаць, вэрхал, знішчыць, калатня і інш. Эмацыянальнайз'яўляецца такая частка экспрэсіўнай лексікі, якая выражае адносіны да аб'екта размовы, г.зн. атрымлівае дадатковыя да прадметна-лагічнага значэння адценні: блюзнер, брыдкі, валахаты, валацуга, гамзаты і інш. Адценні гэтай афарбоўкі разнастайныя: іранічная, неадабральная, ласкальная, узнёслая, паэтычная і інш. Прычыны ўзнікнення эмацыянальна-экспрэсіўнай афарбоўкі наступныя: - значэнне слова змяшчае элемент ацэнкі (гарладзёр, абібок, мазіла); - пераносныя значэнні мнагазначных слоў (дуб, слон, мядзьведзь (пра чалавека); - стылістычная канатацыя дасягаецца праз выкарыстанне афіксацыі: сонейка, мамуля, вятрыска; - канатацыя звязваецца з традыцыяй ужывання слова: прамоўца, рытар, глашатай (пераважна падкрэсліваецца ўрачыстасць стылю). Лексіка абмежаванага ўжывання Адрозненне гэтага пласта слоўніка ад экспрэсіўна-эмацыянальнай лексікі ў тым, што апошняя мае пастаянную стылістычную афарбоўку. Словы абмежаванага ўжывання атрымліваюць стылістычную афарбоўку толькі ў адметным кантэксце, а ў іншых сферах зносін выконваюць намінатыўную функцыю. Дыялектызмы– словы і выразы з мясцовых гаворак – знаходзяцца па-за межамі літаратурнай лексікі, не маюць стылістычнай афарбаванасці і выступаюць у намінатыўнай функцыі. Прастамоўнаялексіка стаіць як бы на мяжы літаратурнага ўжывання і нават звычайна выходзіць за межы літаратурнай мовы. Прастамоўе звычайна падзяляецца на грубае (нелітаратурнае) (вульгарызмы: хахаль, шпана, лаяцца, лізацца (цалавацца) і нягрубае (дапусцімае ў размоўным маўленні: ляпнуць, адурэлы, шпыняць, трэнькаць). Прастамоўе вызначаюць у супастаўленні з дыялектнай лексікай. Прастамоўнай называюць лексікі малакультурнага гарадскога маўлення, вядомую і ўжывальную. Жарганізмы– словы з моўнай гаворкі той ці іншай сацыяльнай групы: ласома 'салома', лапстыр 'пастух', шухашута 'хата'. Аргатызмы– засакрэчаны, тайны жаргон, вядомы вузкаму колу людзей: сіла, законна, стыльна і інш. Прафесіяналізмы– словы або выразы, характэрныя для людзей пэўнай прафесіі, распаўсюджаныя ў гутарковай мове або ўжытыя ў мастацкім творы: падвал, паласа, перадавіца, разварот, курсіў – друкарскія; восці, крыга, павук, тэлевізар – рыбалоўныя. Варварызмы– іншамоўныя словы або выразы, якія не сталі агульнаўжывальнымі, поўнасцю не засвоены мовай: фрау, сэр, авеню, хобі. Архаізмы –устарэлыя для пэўнай эпохі моныя элементы: лемантар (буквар), тлумач (перакладчык), атрамант (чарніла). Гістарызмы– словы, што зніклі разам з паняццем, якое яны абазначалі: рэкрут, шляхціч, гарадавы. Неалагізмы– слова ці выраз, створаныя для абазначэння новага прадмета або новага паняцця: бенчмаркінг, холдынг.
|