Студопедия

Главная страница Случайная лекция


Мы поможем в написании ваших работ!

Порталы:

БиологияВойнаГеографияИнформатикаИскусствоИсторияКультураЛингвистикаМатематикаМедицинаОхрана трудаПолитикаПравоПсихологияРелигияТехникаФизикаФилософияЭкономика



Мы поможем в написании ваших работ!




Б) Перыяд данніцкая залежнасць літвы ад Русі

Першую згадку літвы ў старажытнарускім летапісанні мы знаходім у “Аповесті мінулых часоў”. У недатаванай часцы, дзе пазначаецца, што літва паходзіла ад Афетава калена. Далей адзначаецца, што яна як і шэраг такіх плямён як чудзь, мера, весь, мурама і інш. знаходзілася ў данніцкай залежнасці ад Русі[76]. Замацаванне гэтай залежнасці ў пісьмовых крыніцах датуецца часам пахода Яраслава на літву ў 1040г.[77] (па наўгародскім летапісе 1044 г.). Цалкам верагодна, аднак, што залежнасць гэта замацавалася яшчэ напрыканцы Х стагоддзя князем Уладзімірам, пра што пісалася вышэй. Тым не менш, пасля згадкі паходу Яраслава, літва знікае са старонак старажытнарускіх летапісаў на наступныя 90 год і з’яўляецца зноў толькі ў 1132 г. З гэтага часу і да канца ХІІ ст. згадкі пра літву ўсплываюць разам са звесткамі пра ўнутраную барацьбу паміж Усяславічамі, у межах Полацкага княства. З чаго напрошваецца выснова, што за 90 год паміж 1040(1044 г.) і 1132 гг. над Літвой замацаваўся уплыў Полацка.

Развіццё літоўска-полацкіх адносін цесна звязана з крывіцкай каланізацыяй балцкіх тэрыторый. Актыўную дзяржаўную падтрымку гэты працэс пачынае атрымоўваць ў час княжання Брачыслава. Менавіта тады на славяна-балцкім памежжы быў заснаваны Браслаў. Прыкладна у той жа час афармляецца абарончая лінія з умацаваных паселішчаў: Маскавічы, Рацюнкі, Дрысвяты.[78] Мірныя адносіны паміж Полацкам і Кіевам у перыяд з 1021 г. па 1044 г. (год смерті Брачыслава) даюць падставы меркаваць пра удзел полацкага князя ў паходзе Яраслава 1040(1044 г.) г. на яцьвягаў і літву, як супраць агульных ворагаў.[79] Дадзенае меркаванне заснавана галоўным чынам на ўказанні змешчанай у Наўгародскім летапісе (па спісе П.П. Дуброўскага) згадцы:

“И воеваше Брячислсв со Ярославом вся дни живота своего”[80]

Аднак паколькі ініцыятарам і дамінантам у паходах быў Яраслаў, права збору даніны адышло верагодна да Кіева.

Хроніка Стрыйкоўскага змяшчае згадку, што яшчэ ў 1081 г. Уладімір Наўгародскі, Давыд і Алег Перыяслаўскія, Валадар Перамышляўскі і Яраслаў Яраполчыч Луцкі з князямі ўладзімірскімі выправіліся ў паход на Польшчу разам з літвой. Аж да Віслы дайшоўшы, яны былі на зваротным шляху разбітыя сынам караля польскага, Баляславам Крываустым.[81] З дазенага факта вынікае, што літва перайшла пад уплыў Полацка не раней 1081 г.

Пры вызначэнні даты пераходу літвы пад уплыў полацкаага княства, крайнім пунктам вызначаемага часавага прамежку, з’яўляецца 1132 г., калі:

“Ходи Мьстиславъ на Литву съ сн҃ъми своими и съ Лговичи и съ Всеволодомъ Городеньскимъ и пожгоша ӕ а сами сѧ расхорониша а Кианъ тогда много побиша Литва не втѧгли бо бѧху съ кн҃земъ но послѣди идѧху по немъ особѣ”- пазначана ў Іпацьеўскім летапісе.[82]

Існуе некалікі версій пра сутнасць і вынікі гэтай вайсковай аперацыіі Мсціслава. Я.Новікаў гэты паход на саюзнікаў і даннікаў Полацка, лічыць прадаўжэннем ваеннай кампаніі Мсціслава супраць Усясавічаў 1127-1130 гг.[83] Па іншым меркаванні, паход Мсціслава 1132г. быў спробай вярнуць літву ў шэраг даннікаў Кіева.[84] Па сутнасці, гэтыя дзве версіі не супярэчаць адна адной і цалкам верагодна, што ва ўмовах пастаяннай канфрантацыі з Полацкам, вярнуўшы літву пад кантроль Кіева, Мсціслаў хацеў такім чынам паслабіць Полацк. У любым выпадку можна сцвярджаць, што на момант паходу Мсціслава, літва ужо не з’яўлялася даннікам Кіева, і, хутчэй за ўсё, была ў сферы ўплыву Полацкага княства. Хронікі Стрыйкоўскага, ускосным чынам указваюць на тое, што гэты пераход пад уплыў Полацка адбыўся не пазней за 1103 г. Дадзеная выснова робіцца са змешчанай у Стрыйкоўскаага згадкі пра паход літвы на Русь у той час, калі рускія князі былі ў паходзе на полаўцаў,[85] ды з ацэнкі адносін Кіеўскага княства ды Полацкага. Прыгадаем палітычную сітуацыю якая склалася у той перыяд.

У 1101 г. памірае полацкі князь Усяслаў, пасля яго смерці Полацкае княства распадаецца на шэраг удзелаў, сярод якіх і вылучаецца і Менскі удзел, дзе ўладарыць сын Усяслава - Глеб, а на далей Глебавічы. Пад 1104 г. змешчана згадка пра паход на Менск злучанага войска Пуцяты, ваяводы кіеўскага князя Святаполка Ізяславіча, ноўгарад-северскага князя Алега Святаслававіча і Яраполка, сына пераяслаўскага князя Уладзіміра Манамаха.[86] Верагодна, што права збору даніны з літвы адыйшло не канкрэтна да Полацкай зямлі, а да яе Менскага удзела, гэта падцвярджаецца далейшымі згадкамі літвы у летапісах у рэчышчы знешней палітыкі Менскага княства.[87] Улічваючы гэтыя факты будзе цалкам лагічнай выснова, што паход літвы на на Русь быў санкцыянаваны Глебам Менскім, які тады спрабаваў умацаваць свае пазіцыі ў рэгіёне, на думку Я. Новікава якраз у гэты ж перыяд Глебам падпарадкоўваецца Друцк.[88] Тады і паход на Менск (а не на саму літву) бачыцца проста карнай аперацыяй на галоўнага ініцыятара паходу літвы 1103 г.

Такім чынам, абмежаваўшыся двума датамі: 1081 і 1103 гг. атрымоўваем перыяд адносна спакойнай палітыкі полацкага князя Усяслава, які адыйшоўшы ад палітыкі актыўнага супрацьстаяння з Кіеўскімі князямі, у гэты час мог засяродзіцца на перацягванні літвы ў сферу ўплыву Полацкага княства. На гэта ўказваюць пажарышчы на некаторых кіеўскіх фарпостах (Наваградак і Ваўкавыск)[89] у канцы ХІ ст. і наступную разбудову ўмацаванняў у гэтых і іншых гарадах рэгіёну, што сведчыць пра абвастрэнне адносін літвы і Кіеўскага княства.

Пасля 1132 г. літва згадваецца толькі у кантэксце унутранай барацьбы полацкіх Усяславічаў, між якімі пасля 1140 г. намячаецца разлад. Полацкае веча пачынае актыўна умешвацца ў жыццё дзяржавы ўлічваючы жаданне асобных галін нашчадкаў Усяслава ўмацавацца на Полацкім пасаддзе. З 1146 г. і да 1151 г. на полацкім стале княжыць Рагвалод Барысавіч, прыкладна у той жа час у Менску замацоўваецца сын Глеба Менскага - Расціслаў. У 1151г. палачане паланілі Рагвалода і адправілі яго ў Менск, а на Полацкае княжане запрасілі Расціслава. У час княжання Расціслава ў Полацку Менскім князем быў яго брат Валадар. У 1159г. на Полацкі сталец вяртаецца Рагвалод, Расціславу ж зноў прыходзіцца вярнуцца ў Менск. Полацкі князь здзяйсняе паход на Менск, дзе:

“…створи миръ с Ростиславомъ и хрсетъ цловаша възвратишаса въ свояси а Володарь не целова хрста уже ходяше подъ Литвою в лесахъ”.[90]

Можна па рознаму зразумець гэты выраз, ці то Валадар уцёк да літвы, ці хадзіў у гэты час за данінай або дапамогай. Ужо ў час паходу Рагвалода на Гарадзец у 1162г. :

“Володарь не да ему полку въ дне но ночь въıступи на нь из города с Литьвою и много зла створиса”[91]

Пасля няўдалай спробы авалодаць Гарадцом Рагвалод збягае ў Слуцк. Полацкае веча знаходзіць замену Рагвалоду ў асобе віцебскага князя Усяслава Васількавіча, якога аднак зганяе з пасады у 1167 г. мацнеючы Менскі князь Валадар. Улічваючы блізкасць адносін паміж ім і балцкімі плямёнамі, падцверджанае папярэднімі падзеямі, можна меркаваць, што літва прымала ўдзел у гэтай знешнепалітычнай акцыі. Падеі 60-х гадоў яўна ўказваюць, на саюзніцка-данніцкія адносіны між літвой ды Менскам. Данніцкая, ці, прынамсі, пэўная палітычная залежнасць літвы ад Менска, падцвярджаецца і адсутнасцю, якіх небудзь звестак пра самастойную ваенную актыўнасць літоўскіх дружын у акрэслены перыяд, у той жа час, як толькі Менск сыйшоў з палітычнай арэны Старажытнай Русі(а значыць аслабла яго ўлада над даннікамі), мацнеючая літва на яе здолела выйсці.

Нельга з дакладнасцю высветліць дату выхаду літвы са сферы уплыву Полацка і Мінска. Стрыйкоўскі згадвае пад 1170 г., што князь Раман перамог рабуючую кіеўскія землі літву ды багата яе паланіў.[92] Магчыма ужо гэты набег быў здейснены самастойна, аднак яшчэ ў 1180 г. літва знаходзіцца ў войску полацкіх князёў якія дапамагаюць Святаславу ў барацьбе супраць Расціслава.[93] І ўжо ў 1183 г. пазначана, што з літвой біліся пскавічы.[94] Гэта згадка рэзка выбіваецца з папярэдняга накірунку разгортвання літоўскіх ваенных амбіцый (унутрыполацкі і паўднёварускі) і можа сведчыць пра першы самастойны паход “ваяўнічых балтаў”. Узнікае пытанне, як літоўцы патрапілі да Пскова, бо на іх шляху павінна ляжаць Полацкае княства? Ці то Полацк мэтанакіравана прапускаў літоўскія дружыны, для рабавання свайго суседа, і гандлёвага канкурэнта, ці літоўцы праходзілі з боем? Па меркаванні Я.Новікава прыкладна каля 1185г. адбылося першае сутыкненне літвы з Усяславічамі, [95] згаданае ў “Слове пра паход Ігараў” :

“И Двина болотом течет иным грозным полочанам под кликом поганых. Един же Изяслав, сын Васильков, позвони своими острыми мечи о шеломы литовскыя, притрепа славу деду своему Всеславу, а сам под чрълеными щиты на кровавее траве притрепан литовскыми мечи.”[96]

Улічаваючы летапісныя дадзеныя, напрошваецца выснова, што дадзенае паведамленне адносіцца не да 1185г., а да 1183 г., перад паходам літвы на Пскоў, і сведчыць пра выхад літвы з пад уплыву Полацкай дзяржавы, ці яе частак (Менскае княства) і канчатковае афармленне яе, як самастойнай ваенна-палітычнай адзінкі ў рэгіёне. Дадзенае меркаванне падцвярджаецца Э.М. Загарульскім у яго працы “Генеалогия полоцких князей Изяславичей.”, дзе згадана, што Ізяслаў Васількавіч, які валодаў Гарадцом (якраз на мяжы з літвой) загінуў прыкладна ў прамежку з 1180г. па 1185/86г.[97] Такім чынам 1183 г., як дата выхаду літвы з пад данніцкай залежнасці Русі, у параўнанні з ранейшымі згадкамі, будзе выглядаць найбольш карэктна і абгрунтавана.

Невядома чым было выклікана такое рэзкае абвастрэнне адносін з суседзямі, хутчэй за ўсё амбіцыямі літоўскіх князёў, і патрэбай матэрыяльных каштоўнасцей для развіваючагася дружыннага стану ў літоўскім грамадстве, як варыянт можна разглядаць думку пра рознагалоссі ўзнікшыя ў час сумеснага паходу літвы і Полацка 1180г.

Падводзячы выснову пад усімі вышэй прыведзенымі фактамі ды разважаннямі, можна зазначыць, што на першым этапе развіцця літоуска-рускіх узаемадносін літва знаходзілася пад палітычным і ваенным уплывам Старажытнарускай дзяржавы. Спроба распаўсюду гэтага уплыву першпачаткова была зроблена разам са спробай славянскай каланізацыі Панямоння аднак пачашчэнне ваенных сутычак паміж балцкімі тубыльцамі і прышлымі славянамі, ды магчымасць займець яшчэ аднаго данніка звярнула на сябе ўвагу суседніх з літвой Рускіх княстваў, такіх як Полацкае ды Кіеўскае,[98] што прывяло ў канцы Х ст. літву пад данніцкую залежнасць ад Кіева, прыкладна у перыяд з 1081 па 1103 гг. яна пераходзіць у сферу ўплыва Полацка, а дакладней Менска, і ў 1183 г., скарыстаўшыся войнамі ўнутры Русі і атрымаўшы незалежнасць пачынае здзяйсняць самастойныя паходы.

Разгляд міграцыі славян у другой палове І тыс. і першы этап развіцця ўзаемаадносін літвы і Старажытнарускай дзяржавы, выклікае цалкам лагічнае пытанне: чаму ж літву ў VІІІ ст. не закранула славянская экспансія, а напрыканцы ІХ ст яна усё ж павінна была скарыцца перад рускай дзяржавай? Адказ на гэтае пытанне палягае ў разглядзе дзяржаватворных працэсаў варварскіх грамадстваў. У 2 главе нашага даследавання ўказвалася, што адным са спыняючых фактараў для славян пры прасоўванні на тэрыторыю Панямоння магла быць высокая мілітарызацыя і сацыяльная арганізацыя балцкага насельніцтва, якое дзякуючы “вайне V ст.” перайшло ад эгалітарнага грамадства да ранжыраваннага “правадырства”. У працэсе пераходу грамадства ад ранжыраваннай формы, да стратыфікаванай, калі апарат улады пачынае ўпарадкавацца для эфектыўнага збору і размеркавання прыбавачнага прадукту і пры якой фармаванне дзяржавы набывае амаль незваротны працэс, вылучаюцца тры асноўныя шляхі здабычы матэрыяльных рэсурсаў: 1) павелічэнне эфектыўнасці працы, 2) гандль і 3) вайсковая дзейнасць. Апошнія два шляхі адрозніваліся асаблівай эфектыўнасцю.[99] Для Старажытнарускай дзяржавы гэтыя працэсы праявілі сябе у актыўнай эксплуатацыі шляху “З вараг у грэкі” і актыўных войн першых князёў з суседнімі дзяржавамі, у якіх адлюстраваўся трэцці шлях. У выпадку з балцкім грамадствам, пры вылучэнні функцыянальнай групы, якая была скіравана на вайну і вылучанасць правадыра, нельга прасачыць шляхоў іх абагачэння (адсутнічалі як буйныя гандлёвыя шляхі, так і багатыя суседзі якіх можна б было рабаваць), што спыніла дзяржаватворчыя працэсы і ў выніку прывяло да немагчымасці даць адпор маладой але ўжо цалкам сфармаваўшайся Старажытнарускай дзяржаве. Такім чынам, скарыстаўшыся неаформленасцю літоўскага грамадства і немагчымасцю яго даць цэнтралізаваны адпор, спачатку Кіеў, а затым і Полацк аблажылі Літву данінай.

У сваю чаргу даследаванне этымалогіі назвы “літва” можа ўскосным чынам указваць на захаванне славянамі “агрэсіўнага” уяўлення пра балтаў панямоння. На пэўны час прыпыніўшы развіццё дружынных груп, у далейшым рускія княствы былі зацікаўлены ў іх фармаванні на тэрыторыі літвы. Гэта было абумоўлена складанасцю палітычнай сітуацыі ў Старажытнарускай дзяржаве, і напружанасцю адносін між Полацкам і Кіевам. Частата ваенных дзеянняў патрабавала вялікіх людскіх рэсурсаў, крыніцай папаўнення якіх і магла ў свой час стаць літва (на актыўнае выкарыстанне літоўскіх кантынгентаў асабліва яскрава, указваюць вышэй разгледжаныя падзеі 60-х гг. ХІІст. унутры Полацкага княства). Попыт нараджае прапанову. Запатрабаванасць літоўскіх дружын, выклікала іх узмоцненую генерацыю ў Літве. Напачатку ваюючы пад сцягамі Менскіх князей яны, з цягам часу пачынаюць здзяйсняць уласныя вайсковыя выправы на суседнія землі, як балцкія так і старажытнарускія. Рабаванне славянскіх тэрыторый, на той момант лепш развітых і багатых, літоўскае грамадства атрымала матэрыяльны рэсурс для далейшага афармлення і адасаблення сваіх эліт, што яшчэ на крок наблізіла яго да утварэння сваёй дзяржавы. У сваёй працы “Гісторыя Літвы” літоўскі даследчык Э.Гудавічус выказвае меркаванне, што данніцкая падпарадкаванасць літоўскіх зямель Русі, запаволіла развіццё нараджаючайся літоўскай дзяржаўнасці.[100] Аднак прааналізаваўшы усе факты бачна, што уключэнне літоўскіх зямель ў сферу уплыву Старажытнарускай дзяржавы пры дасягнутым узроўні грамадскай стратыфікацыі, толькі на кароткі час запаволіла дзяржаватворчыя працэсы, а у далейшым дала рэсурс і ўмовы для іх паскоранага развіцця.

 

Глава 4. Узаемаадносіны літвы і Русі ў канцы 80-х гадах ХІІ да ХІІІ стст.Выхад літвы з пад данніцкай залежнасці

А) паўночны напрамак палітыкі літвы

 

Канец 12 ст. для балцкіх плямён быў лёсавырашальным часам. Менавіта тады для многіх з іх ставіцца пытанне аб далейшай форме існавання. Для такіх плямён як прусы ды яцьвягі з-за агрэсіўнай знешняй палітыкі іх суседзяў, гэтая форма была вызначаная як: знішчэнне зараджаючыхся адзнак дзяржаўнасці і паступовае растварэнне этнасаў у асяродку больш актыўных ды прасунутых па шляху дзяржаватворчасці суседзяў, ці прыйшлых заваёўнікаў. Аднак літва значна вылучалася сярод этнічна роднасных ёй плямён. Абраўшы на самым пачатку шлях агэссіі, вайны ды грабежніцкіх паходаў, на больш развітыя ды багадзейшыя краі, яна змагла выстаяць нават у змаганні з такім моцным і добра зарганізаваным працэсам, як нямецкая каланізацыя прыбалтыкі.

Ужо на самым пачатку гэтага працэса першы каталіцкі месіянер на усходнебалтыйскім узбярэжжы – Мейнард, самым непасрэдным чынам сутыкаецца з літоуцамі.

“В ближайшую зиму литовцы (Lettones), разорив Ливонию, весьма многих увели в рабство. Чтобы избежать их ярости, проповедник, вместе с икескольцами, укрылся в лесах; когда же они ушли, Мейнард стал обвинять ливов в неразумии за то, что у них нет никаких укреплений.”[101]

Прыбыццё Мейдарда адзначаецца пад 1184 годам, з вышэй прыведенай згадкі вынікае, што літва прыходіла зімой 1185 года[102]. Першая палова 80-х гг для літоўскіх дружын увогуле характарызуецца, усплёскам актыўнасці, бо, як згадвалася вышэй, 2 гадамі раней, іх жосткасць зведалі Пскоўскія землі, і прыкладна ў гэты ж перыяд ад літоускіх мячоў гіне гарадзецкі князь Ізяслаў. Дадзеныя факты ўказваюць на рэзкае пагаршэнне адносін паміж літвой і полацкімі землямі, бо ў 1185 г. выправа здяйснялася на даннікаў Полацка, а маршрут папярэдняга пахода праходзіў праз полацкія землі.

Перад набраўшай моц Літвой аб’ядналіся нават спрадвечныя ворагі. Летапісец зазначае пад 1191г., што Наўгародцы ды Палачане дамовіліся пра сумесны паход на Літву.[103] Аднак перыяд варожых адносін з Полацкам хутка сканчваецца, бо НПЛ паведамляе, што вясною 1198г. памірае Ізяслаў, сын Яраслава, пасаджаны у Луках княжыць “аплечье Новгороду” ад літвы. У восень тагож году Літва разам з палачанамі прыходзіць ваяваць пад Лукі, “пожогше хоромы” яны сыходзяць не змогшы ўзяць гораду. Яраслаў адпраўляецца у пагоню, але спыніўшыся пад Полацкам заключае мір з палачанамі“[104] сам тэрмін “от Літвы оплечье новугороду” наводзіць на думку, што наўгародскія землі ужо тады даволі часта зведвалі набегі літоўцаў, калі за Лукамі замацавалася абарончая функцыя на паўднёвай мяжы княства. Летапісец зазначае, што Яраслаў заключыў мір толькі з палачанамі, што ўказвае на тое, што літва выкарыстоўвалася Полацкам, хутчэй за ўсё як найманы кантынгент, які пасля вайсковай аперацыі сышоў дадому. Гэта падцвяржае і тое, што ужо праз два гады, у 1200г. літва здзяйсняе самастойную выправу пад Ловаць.[105] Аднак пад Чарнянамі наўгародцы адбілі ў яе ўвесь захоплены палон.

Праз два гады адносіны з полацкам зноў абвастраюцца. У 1202 г. літва праз Рыгу ішлі на яшчэ адных даннікаў полацкага княства – земгалаў.[106] Аднак не дайшоўшы да іх земляў, войску прыйшлось, стаць на звароты шлях, бо полацкі князь уварваўся на Літву. Дадзеная аперацыя полацкага ўладара верагодна была рэакцыяй на паход літоўскіх дружын.

1203 г. князь Герцыке разам з літоўцамі прыходзіў да Рыгі. Гэтая аперыцыя была часткай больш буйной кампаніі Полацкага княства супраць уладанняў рыжскага епіскапа, калі сам князь хадзіў да замка Ікескюль. У наступным годзе літоўскія войскі прымалі ўдзел у паходзе ўжо ліваў на Рыгу.[107]

Варожасць паміж земгаламі і літоўцамі захоўвалася. У 1205 г., калі апошнія вярталіся з паходу на эстаў, земгалы прапанавалі рыжскім рыцарам разам напасті на абцяжараную нарабаваным майном літву, рыцары ахвотна пагадзіліся. Літоўцы ў тым баі былі разбітыя,[108] аднак ужо праз 2 гады помсцячы за сваю паразу здзейснілі паход на землі ордэна.[109] На зваротным шляху яны зноў былі разбітыя рыцарамі, які працягваючы паход здзейснілі напад на замак селаў, ў які літоўцы уцякалі пасля паразы, і ў якім мелі прытулак і дапамогу.[110]

Земгалы у гэты перыяд не абмяжоўваліся толькі бітвамі з літоўцамі на сваёй тэрыторыі. У 1208 г. яны здзяйсняюцць паход на Літву, аднак эфект нечаканасці на які яны разлічвалі, выйшаўшы не ў зімовы час, як практыкавалі тады ў набегах, быў страчаны і земгалы разам з рыцарамі патрапілі ў засаду і былі разбітыя.[111] У сваю чаргу літоўцы выйшаўшыя для помсты ў паход на земгалаў таксама патрапілі ў засаду.[112]

У 1209 г. Лэты хадзілі на літву двума атрадамі. Паход быў удалы.[113]

Пад 1210 г. зазначана, што князь Уладзімір дагнаў і пабіў літву пад Хадыніцамі.

1210 г. на хвалі агульнага уздыму супраць Рыгі, выкліканага марской перамогай кураў над немцамі, аб’ядналіся лівы, куры, літоўцы і земгалы, крыніцы згадваюць, што прозьба аб дапамозе была адпраўлена і рускім, хаця і не удакладняецца якім. Непасрэдны ўдзел у гэтым змаганні прымалі і літоўскія войскі які у той жа год зрабілі спробу асадзіть, на той момант ужо нямецкі Кукейнос. Аднак панёсшы вялікія страты яны вымушаныя былі адступіць.[114]

У 1212 г. адбываецца значная геапалітычная падзея для рэгіёна: заключэнне дамовы між Рыгай і Полацкам па гандлёвых пытаннях і пытанні сюзерэнітэту над лівамі, акром таго, ў дамове былі абгавораныя пытанні супрацьстаяння нападам літвы.[115] Пад тым жа годам пазначана што прыходзіла літва пад Кукейнос прасіць міру для праходу іх на эстаў, аднак прайшоўшы транзітам яны дайшлі толькі да ахрышчанай ужо лацінянамі Саккалы, якую і разрабавалі.[116] Там жа пазначана што вярнуліся яны іншай дарогай. Відацць дарога гэта пралягала праз Пскоў бо прыкладна ў той жа час рускія летапісы пазначаюць, што

“В лето 6721, в Петрово говение, изъехаша Литва безбожная Пльсков и пожгоша, пльсковици бо бяху в то время изгнали князя Володимира от себе; а пльсковици бяху на озере. И много створиша зла и отъидоша”. [117]

1213 г. літоускі князь Даўгерут, цесьць князя Герцыке Усевалада, хадзіў у Ноўгарад заключаць мірна-саюзніцкую дамову, аднак на зваротным шляху быў зняволены ў Вендэне.[118] Там ён здзейсніў самагубства, верагодна з-за адсутнасці выкупу.[119]

Захопніцкія планы крыжакоў на Герцыкскае княства увянчаліся посьпехам ў 1214 г., пасля двух узяццяў гораду за адзін год, княства перайшло пад іх уладу, аднак другі раз на дапамогу рускім прыйшлі літоўцы, і нанеслі адчувальныя страты рыцарам.[120]

Полацкі княз Уладзімір, рыхтуючы вялікую выправу на Рыгу у 1216 г., пасылаў паслоў у тым ліку і да літвы.[121] У ты м жа годзе буйное войска літоўцаў прыходіла на наўгародчыну, аднак князь Яраслаў Усеваладавіч разбіў іх. На колькасць і якасць войска указвае, смерць у тым баі Давыда Таропецкага „i wielu innych rycerzy Ruskich zostali na placu”. Там жа пазначана, што крыху пазней другое войска літвы рабавала Полацкую зямлю, аднак, іх разбіў князь Мсціслаў Давыдавіч з “рыцарствам смаленскім”, разбіў з-за неасцярожнасці літвы[122], якая была, верагодна, выкліканая упэўненасцю ў сваёй безпакараннасці, пасля смерці полацкага князя. Не выключана, што рабаваннем занялася тая самая літва па якую пасылаў князь Уладзімір, спрабуючы такім чынам сабраць, так бы мовіць, “штраф” за адменены паход.

У 1218 годзе літва паваявала Пскоў, пакуль пскавічы былі ў паходзе на рыжан.[123]

Кантынгент літвы прымаў удзел у паходзе наўгародцаў на чале з князем Святаславам на Вендэн, у 1221 г.[124] Дадзеная ж падзея прадублірвана у Наугародскім летапісе але пад 1220 годам.[125]

На 1221 г. звесткі пра самастойныя буйны выправы літвы на паўночную і паўночна-усходнюю русь у Генрыка Латыша сканчваюцца.

Па сведчаннях старажытнарускіх крыніц напружаныя адносіны складаюцца між літвой і Ноўгарадам у 20-х па канец 40-х гг. ХІІІ ст. Набегі літвы здзяйсняліся амаль кожны год, ці з невялікімі перапынкамі:

1223 г. “воеваша литва около Торопця; и гонися по нихъ Ярослав с новгородци до Въсвята, не угони ихъ.”[126]

1224 г. “… выеха Федоръ посадник съ рушаны, и бися съ литвою, и съгониша рушанъ съ конь и много конев отъяша…”[127]

1225 г. “Тое же зимъı воеваша Литва Новгородьскую волость и поимаша множство много хрснъ и много зла створиша воюе около Новагорода и около Торопча и Смолиньска и до Полтеска бъ бо рать велика ака же не бъıла от начала миру…” ,“…овъıх изби а инъıх изъима и князи ихъ изъима…”[128]асаблівую ўвагу у гэтай згадцы летапісец звяртае на колькасць літвы якая здзяйсняла набег: “рать велика ака же не бъıла от начала миру”, і згадка пра шматлікасць князёў.

1229 “Тои зимъ придоша Литва, и воеваша Любне и Мореву и Серегеръ, и гонишася по нихъ новгородци, и угонивше ихъ, и биша, а полонъ отяшя всь, мъсяця генваря.”[129]

У 1234 г. Яраслаў разбівае літву, якая перад тым узяла Руссу.[130]

Пад 1237 г. пазначана, што на літву ідзе моцная нямецкае войска ўмацаванае пскавічамі, аднак церпіць паразу і толькі дзесятая частка варочаецца дадому.[131]

У 1239 г. са Смаленска на літву выходзіць Яраслаў і перамогшы захоплівае іх князя.[132]

Ужо праз год літоускія войскі дапамагаюць немцам ў набезе на Лугу.[133]

У 1246 г. адна дружына ваюе каля Таржка, другая недалёка ад Усвят, абедзьве нагнаныя і разбітыя.[134]

1248 г. у час бітвы з літвою гіне князь Міхаіл Яраславіч.[135]

Развіццё узаемаадносін літвы і яе паўночна-усходніх суседзяў( полацкага, пскоўскага, ноўгарадскага, смаленскага княстваў) можна агулам ахарактарызаваць,як аднастайна-варожыя (хаця не будзем забываць і пра выключэнні, калі літоўцы выкарыстоўваліся як найманы ці саюзны кантынгент). Асаблівае абвастрэнне варожасці назіраецца ў 20-х г., калі паходы здзяйсняліся амаль кожны год. Трэба зазначыць таксама ваенныя аперацыі 1225 г., ды 1237 г. дзе бачна шматлікасць літоўскага войска, што ўказвае на магчымасць аб’яднання літоўскіх князёў для дасягнення агульнай мэты (малаверагодна, што нямецкае войска ў 1237 г. разбіў адзін князь са сваёй дружынай)

Генрык Латвійскі добра асвятляе палітыку літвы ў прыбалтыцы, якая сутыкалася там з інтарэсамі Русі і крыжакоў. Вышэй былі прыведзеныя толькі буйныя вайсковыя аперацыіі літвы аднак тая ж хроніка Генрыха змяшчае багата згадак пра удзел літоўскіх войск як наймітаў ці саюзнікаў, альбо проста згадваецца актыўнасць літоўцаў у тым ці іншым рэгіёне. Напрыклад пад 1204 г. згадваецца, пра паход ліваў на Рыгу, у гэтым паходзе прымалі ўдзел і літоўцы.[136] Хроніка ўтрымлівае дзве цікавыя згадкі датычна дзеяння літвы на тэрыторыіі Полацкага княства:

“В начале восьмого года господин епископ, желая снискать дружбу и расположение Владимира, короля полоцкого, какие тот проявлял к его предшественніку, епископу Меинарду, послал ему через аббата Теодериха боевого коня с вооружением, но по дороге литовцы-разбойники ограбили аббата. И он и спутники его потеряли все, что у них было, но сами остались здравы и невредимы и прибыли к королю. “[137]

і наступная пад 1212 г.:

“Между тем король полоцкий, назначив день и место, послал епископу приглашение прибыть для свидания с ним у Герцикэ, чтобы дать ответ о ливах, бывших данниках короля; что бы тут же совместно договориться о безопасном плавании купцов по Двине и, возобновив мир, тем легче противостоять литовцам. Епископ, взяв с собой своих людей и короля Владимира, с братьями-рыцарями и старейшинами ливов и лэттов, отправился навстречу королю. С ним шли и купцы на своих кораблях, причем все надели доспехи, остерегаясь литовских засад по обоим берегам Двины.”[138]

Дадзеныя згадкі наштурхоўваюць на думку, што ў зону дзеяння дробных літоўскіх атрадаў патрапіла заходняя частка Полацкага княства, а калі быць дакладней – цячэнне Дзвіны. Улічнваючы , што Дзвіна была буйным гандлёвым шляхам, то цалкам лагічна, што для рабаўнічых мэт яна была дужа прыдатная.

Цікавасць выклікае складванне ўзаемаадносін паміж літвой і заходнімі фарпостамі полацкага княства на Дзвіне Герцыке і Кукейносам. Уяўлялі яны сабой дзве тоеснасці аднэй сутнасці. Ад абодвух княстваў літве патрэбен быў праход у паўночныя землі, аднак атрымоўвала гэты праход літва па рознаму: праз Кукейнос - ваеннымі чынам, праз герцыке –шлюбам і дамовай.

Яшчэ у 1207 г. князь Кукейноса Вячка прасіў дапамогі ў рыжсскага епіскапа ад набегаў літвы, пазней калі Кукейнос занялі рыцары, ім так ці інакш прыходзілася сутыкацца з дружынамі літоўцаў, на гэта указваюць падзеі 1212-13 гг. калі войска літоўцаў прасіла міру у Кукейносе каб прайсці на эстаў, аднак дайшлі яны толькі да саккалы. Ужо ў наступным годзе мір быў разарваны з-за выправы на лэтаў, якія знаходзіліся тады пад уладай Рыжскага епіскапа. Тады ж пазначана:

“Рыцари из Кукенойса и лэтты часто в то время разоряли селов и литовцев, опустошали их деревни и владения, одних убивали, других уводили в плен, не раз делали засады на дорогах и причиняли им много вреда. Поэтому литовцы, собрав войско, пришли за Двину в область Леневардена, захватили ливов по деревням, некоторых убили, женщин, детей, скот и много добычи забрали с собой и увели в плен старейшину той области, Ульдевенэ.”[139]

Адносіны з Герцыкскім княствам складаліся дыяметральна супрацьлегла, абумоўлена гэта было шлюбам князя Усевалада з дачкой літоўскага князя Даўгерута :

“…Ибо король Всеволод (Vissewalde) из Герцикэ всегда был врагом христианского рода, а более всего латинян. Он был женат на дочери одного из наиболее могущественных литовцев и, будучи, как зять его, для них почти своим, связанный с ними сверх того и дружбой, часто предводительствовал их войсками облегчал им переправу через Двину и снабжал их съестными припасами, шли ли они на Руссию, Ливонию или Эстонию..”[140]

Пасля захопу Герціке епіскап вярнуў горад князю Усеваладу на ўмовах васалітэту, аднак Герцыке па ранейшаму заставаўся сяброўскай літоўскім дружынам тэрыторыяй, на што ўказвае і сам Генрых.

Цікавасць выклікаюць некалькі акалічнасцей звязаных з Герцыкскім княствам: пры заключэнні васальнай дамовы з Усеваладам епіскапап прамаўляе:

“Если ты согласишься впредь избегать общения с язычниками, не будешь пытаться вместе с ними разрушить нашу церковь, не станешь вместе с литовцами разорять землю твоих русских христиан…”.

Дадзеная цытата выклікае некалькі пытанняў: з чаго гэта епіскап рыжскі занепакоены паходамі літвы, падртыманай Усеваладам, на русь (“русских христиан”), чаму князь полацкі не адрэагаваў на пераход яго васала да іншага сюзерэна і на якіх тактіх “русскіх хрысціян” хадзіў Усевалад разам з літвой? На дадзенае пытанне адказ дае Л.В. Аляксееў у сваёй працы “Полоцкая земля (очерки истории Северной Белоруссии в IX - XIII вв.)”, дзе з вышэй прыведзеных фактаў робіцца выснова, што Герцыке пачало праяўляць значны сепаратызм адносна Полацка ( які верагодна выліваўся і ў ваенныя сутычкі) і пагэтаму полацкі князь відаць вырашыў задавіць сепаратысцкі рух рукамі рыжскага епіскапа.[141]

Асоба цесця князя Усевалада –Даўгерута – выклікае не меншую цікавасць. Сам Генрых адзначае яго як “ …одного из наиболее могущественных литовцев…”, яго аўтарытэт і магутнасць відаць сапраўды распаўсюджваліся на літоускія плямёны да такой ступені, што не зафіксавана ніводнага сутыкнення літоўскіх дружын і герцыкскага князя. І нават пасля смерці Даўгерута у Вендэнскім палоне, даволі моцнае літоўскае войска прыходзіла на дапамогу абложанаму ў 1214 г. Герцыке.

Узаемаадносіны між літвой ды акаляючымі яго балцкімі плямёнамі былі такія ж неаднастайныя як і з суседнімі рускімі княствамі. Селы заставаліся трывалымі саюзнікамі літвы, як і Герцыкскае княства, у сваю чаргу земгалы былі амаль увесь час варожа настроены. Падцверджаннем таму служаць звесткі пра іх актыўнае супрацьстаянне ў перыяд з 1202г. па 1208 г. прыведдзеныя вышэй. Выключэнне складаюць падзеі толькі 1220 г. калі літоўцы паслужылі як прычынай так і сродкам, унутранага змагання ў Земгаліі, бо частка земгалаў прасіла абароны і хрышчэння ў Рызе з-за частых набегаў літвы, праціўнікі хрышчэння прыцягнулі тую ж літву, для перамогі над сваімі апанентамі.[142]

Такім чынам, падводзячы вынік, можна зазначыць, што галоўнай праводзімай літвой паўночнай і паўночна-усходняй палітыкі з’яўлялася матэр’яльнае ўзбагачэнне, і дабіваліся яны гэтага прамым ці ускосным шляхам. З такімі найбліжэйшымі суседзямі як земгалы варожыя узаемаадносіны захоўваліся на працягу даволі доўгага часу, у гэты ж шэраг можна паставіць і плямёны лэтаў ды эстаў, як прывабная зона лёгкай нажывы выступалі землі Полаца, Ноўгарада, Пскова, у сваю чаргу землі Герцыке, Кукейнос, і землі селаў хутчэй былі транзітнай зонай у набегах на іншыя плямёны, ды княствы.

Самі вайсковыя выправы і дзеянні літвы, па колькасным ды геаграфічным фактарах можна раздзяліць на два тыпы: буйныя вайсковыя ды дробна-рабаўнічыя.

Буйныя вайсковыя ў першыя два дзесяцігоддзі ХІІІ ст. здзяйсняліся з перыядычнасцю прыкладна ў два-тры гады, мелі характар выправы вялікага войска (па сведчаннях Генрыка да 2000 вояў) на адносна аддаленыя ды багатыя землі з мэтай рабавання ці па нейкіх палітычных прычынах, часта узначальваліся персаніфікаванымі у хроніцы князямі.

Характар дробна рабаўнічых аперацый можна вызначыць па шматлікіх скаргах уладароў асобных земляў на літоўцаў (як напраклад скарга князя Вячкі рыжскаму епіскапу 1207 г., ці скарга земгалаў 1219 г.) , з чаго вынікае што дзеянні літвы былі даволі частымі і нахабнымі. Геаграфія гэтых дзеянняў уяўляе сабой кола суседзяў з якімі не ўдалася наладзіць мірныя ці саюзніцка-мірныя ўзаемадносіны, а менавіта: земгалію, Кукейноскае княства, заходняя частка Полацкага княства, асабліва па цячэнню Дзвіны.

 

 

Б) паўднёвы напрамак палітыкі літвы

Пад 1203 г. пазначана, што князь Раман змусіў да паслушэнства літву ды яцьвягаў. [143] Пасьля гэтага яна вымушаная была прымаць удзел у паходзе Рамана на Польшчу ў 1205 г.,[144] аднак у тым жа 1205 г. Раман памірае. Пачаўшыяся пасьля яго сьмерці звады рускіх князёў за уладу развязалі рукі для літвы. Якая у тым жа 1205 годзе робіць вялікую выправу на Русь.[145]

Праз два гады, у 1207 г. літву даганяюць і разбіваюць Уладзімір Рурыкавіч Кіеўскі.[146]

Пад 1211 г. зазначаны сумесны паход літвы ды рускіх князёў на Польшчу.[147] Пасля сумеснага паходу 1205 г. гэта першая згадка сумесных дзеянняў літвы ды русі.

Як пазначае Стрыйкоўскі надалей паходы на Русь адбываліся амаль штогадова: 1213 г., 1214 г., 1215 г., 1217 г.[148] ,ды адказны паход Рускіх князёў на літву 1219 г.[149], відаць адказны паход рускіх князёў быў моцным і спусташальным, бо Галіцка-Валынскі летапіс пазначае пад тым жа 1219 г. заключэнне мірнай дамовы між літвой ды Галіцка-Валынскім княствам:

„Въ лете 6723. Божимъ повелениемь прислаша князи Литовьскии к великои княгини Романове и Данилови и Василкови миръ дарюще. Бяхоу же имена Литовьских князеи се старешеи Живинъбоудъ, Давятъ, Довъспроункъ, братъ его Мидогъ, брат Довъяловъ Виликаилъ, а Жемотьскыи князи Ерьдивилъ, Выкынтъ, а Роушьковичевъ Кинтибоуть, Вонибоут, Боутовить, Вижеикъ и сын его Вишлии, Китении Пликосова, а се Боулевичи Вишимоутъ, его же оуби Миндого ть и женоу его поялъ, и братью его побилъ Едивила, Спроъдеика, а се князи из Даволтвы Юдьки, Поукеикъ, Бикши, Ликиикъ си же вси миръ даша князю Данилови и Василкоъ и бе земля покоина”[150].

Значнаць і неардынарнасць гэтай падзеі патрабуе падрабязнага разгляду.

Неадназначнасць старажытна рускіх летапісаў пакідае шмат варыянтаў расшыфроўкі дадзенай згадкі, лагічным здаецца меркаванне, што для заключэння мірнай дамовы “прислаша князи Литовьскии великои княгини Романове и Данилови и Василкови”, акцэнт на тое, што гэта “старешеи” князі робіць слушным сцверджанне што літва на той час дамінавала над суседнімі плямёнамі і князямі “Жемотьскыи”, “Даволтвы”, і родамі Рушкавічаў і Булевічаў. Падпарадкаванне гэтых адзінак адбылося верагодна ў перыяд выхаду літвы з пад данніцкай залежнасці ад Русі, і ўзрастання яе ваеннай актыўнасці перыяд 30-х – 70-х гг. ХІІ ст. і да 1219 г. Ускосна на гэта можа сведчыць згадка ў хроніцы Генрыка Латвійскага 1201 г.:

“…волей божьей и литовцы в том же году пришли в Ригу просить мира и тотчас по заключении его вступили с христианами в дружеский союз, а затем следующей зимой, с литовцами спустившись вниз по Двине, с большим войском направились в Семигаллию...”[151]

Ці не быў такі абхадны манёвар выкліканы варожасцю у гэты перыяд між літвой ды жамойцкімі плямёнамі? (Шлях праз жамойць да земгалаў быў карацейшы, і не выклікаў такіх складанасцей як прашэнне дазволу на праход цераз землі немцаў). Наступныя згадкі жамойці - 1252 г.[152] ды дзевалты - 1264 г.,[153] указваюць на бяздзейснаць гэтых плямён у палітычным плане да сярэдзіны ХІІІ ст., а значыць дамінаванне над імі літвы ( гэтак сама як і над такімі удзельнікамі дамовы 1219 г. як князі Рушкавічы: Сырвіда Рушкавіча Міндоўг пасылае ў 1259 г. на чале сваіх войскаў на Луцк.[154]). На Факт падпарадкавання жамойці літве указвае і В. Насевіч.[155]

Да 1229 г. летапісы не ўтрымліваюць згадак пра якія небудзь ваенныя дзеянні між Галіцка-Валынцкім княствам і Літвой, што можа сведчыць пра выкананне дамовы ўсімі літоўскімі князямі. Аднак ў 1229 г. Іпацьеўскі летапіс прыгадвае:

“... Володимера Пиньского и Оугровьчанъı и Берестьянъı стеречи землъ от Ятьязь в то же время воеваша Литва Ляхъı мняще мирни соуще и придоша ко Берестью Володимъръ же реч оже есте мирни но мне есте не мирни и изииде на нъ и Берьстьяне вси избиша”.[156]

У тым ліку, і на аснове гэтай згадакі А. Крауцэвіч бярэцца сцвярджаць: “Лічу, што няма надзейных падстаў да высновы аб існаванні ўжо ў першых дзесяцігоддзях13 ст. (і наступных таксама) палітычнага аб’яднання балцкіх плямёнаў Аўкштоты і Жамойці- канфедэрацыі пад верхавенствам аднаго са“старэйшых” князёў. Слядоў адзінай дзяржавы няма.”[157], яго сцверджанне грунтуецца на адсутнасці скаардынаванасці дзеянняў у літоускіх князёў у азначаны перыяд: “Крыніцы зафіксавалі факты дзейнасці літоўскіх кунігасаў цалкам незалежна адзін ад другога ў наступных дзесяцігоддзях 13 ст. У1238 г. Даніла навёў “Літву Міндоўга” на Конрада Мазавецкага, гэта значыць быў у саюзе з апошнім. А праз тры гады ў1241 г. брат Данілы Васілька застаўся сцерагчы зямлю “ад Літвы”, можа іншых несаюзных Раманавічам плямёнаў? У1243/44 г. літоўцы нападаюць на Валынь на чале з Айшна Рушкавічам (род Рушкавічаў названы ў дамове 1219 г.), пасля 1244 г. зноў адбыўся напад пад кіраўніцтвам на гэты раз Лонькогвен Амаль у той жа час(1245 г.) Даніла з Васількам пасылаюць па дапамогу ў Літву для вайны з Расціславам Галіцкім і атрымліваюць яе ад Міндоўга.”[158]

Аднак, калі прааналізаваць развіццё адносін паміж Галіцка-Валынскім княствам ды літвой у больш шырокіх храналагічных рамках, ды развіццё дзяржаватворчага працэса ўнутры самой літвы, то можна зрабіць выснову, што дадзенае абвастрэнне ў адносінах было эпізадычнае і было звязанае з унутрырускімі праблемамі. Разгляд сутыкнення 1229 г., калі галіцка-валынскія Раманавічы, выправіліся ў паход на Польшчу, а літва, якая вярталася ў той жа час з паходу, захоўваючы мір з Галіцка-Валынскім княствам (“мняще мирни суще”), хацела “транзітам” прайсці каля Бярэсця, зведала напад князя Уладімір, які знаходзіўся у падпарадкаванні Раманавічам, але з-за варожых да іх адносінаў, не лічыў патрэбным прытрымлівацца іхных дамоў з літвой (“оже есте мирни но мне есте не мирни”.[159]

Нават пасля канфрантацыі 1229г., верагодна дыпламатычным чынам, саюз быў адноўлены, што падцвярджае выправа “літвы Міндоўга” на Конрада Мазавецкага ў 1235 г.[160] яшчэ адно падцверджанне саюзніцкіх адносін паход на літву ўзбунтаваўшагася супарць Данілы князя Расціслава Міхайлавіча у тым жа 1235 г.[161] Абвастрэнне адносін з Галіцка-Валынскім княствам назіраецца ад пачатку 40-х гг. Калі ўпершыню за працяглы час назіраецца пагроза літоўскіх набегаў: “Василько же князь осталъ бь стеречи земль от Литвъı”.[162] У 1246 ды 1247 гг. Літва здзяйсняе два паходы на Пінскае княства аднак у абодвух разбітая Раманавічамі.[163]

Такім чынам абвяргаючы тэзу А. Краўцэвіча пра нескаардынаванасцьдзеянняў літоускіх князёў можна адзначыць, што: пачынаючыся са звычайных рабаўнічых набегаў, адносінц літвы і Паўднёвай Русі паступова эвалюцыянуюць у даволі трывалы і працяглы ваенны саюз (1219-1241гг.), які сканчвае сваё дзеянне толькі у пачатку 40-х гг.

Магчымым ж тлумачэннем канфрантацыі ў пачатку 40-х, можа быць смерць Жывібунда, і барацьба за ўладу ў самой літве. Па меркаванні Насевіча “Міндоўг дасягнуў палітычнага дамінавання над іншымі князямі і дынастыямі (на ўмовах васальнай залежнасці). У больш познім (1413) дакуменце адзначана, што Жамойць з'яўляецца "вотчынай" (patrimonium) уладароў Літвы 168 гадоў, г.зн. з 1245 г. Магчыма, каля 1245 г. сапраўды адбылося істотнае змяненне статуса жамойцкіх князёў у адносінах да Міндоўга. У гэты час ён, апіраючыся на Жамойць, распачынае барацьбу з Лівонскім ордэнам за кантроль над суседнімі куршамі, што праявілася ў яго няўдалым нападзе на замак Эмбоцен у канцы 1244 ці на пачатку 1245 г. Неўзабаве Міндоўг упершыню характарызуецца "Ліфляндскай рыфмаванай хронікай" як "найвышэйшы кароль" і "ўладар Літоўскай зямлі" . Падзеі, з якімі звязаны гэтыя характарыстыкі, літоўскі гісторык Э. Гудавічус даволі абгрунтавана адносіць да перыяду паміж восенню 1245 г. і восенню 1246 г.”[164] і як было зазначана вышэй саюз паміж Міндоўгам і Раманавічамі быў адноўлены і апошнія атрымалі дапамогу літвы у барацьбе з Расціславам у 1246 г. Яшчэ адным ускосным падцверджаннем канцэнтрацыі ўлады ў руках Міндоўга можна лічыць вышэй прыведзеную згадку пра тое, што Сырвіда Рушкавіча Міндоўг пасылае ў 1259 г. на чале сваіх войскаў на Луцк г.з. род Рушкавічаў знаходзіуся у залежнасці ад Міндоўга, у якую ён, як род малодшы, магчыма патрапіў да 1245/46 г., на першым этапе цэнтралізацыі раннелітоўскай дзяржавы.

Яшчэ адным фактам, які здольны праліць сьвет на падзеі якія адбываліся у літве і прылеглых да яе старажытнарускіх землях можа быць з’яўленне на старонках летапісаў такога паняцця як “зямля Літоўская”.

Першая згадка гэтага тэрміну зьяуляецца ў сувязі з пачаткам міжусобіц паміж літоускімі князямі ў 1248 г.:

“Въ то же лето изгна Миндогъ сыновца своего Тевтевила и Єдивида пославшомоу на воиноу со воемь своими на воиноу со Въıконтомъ на Роусь воевать ко смоленькоу и реч што хто приемлеть собѣ дерьжить вражбою бо за ворожьство с ними Литвоу зане поимана бѣ всѧ землѧ Литовьскаӕ и бещисленое имѣние их̑ притрано бѣ ба҃тьство ихъ и посла на нѣ вои своѣ хотѧ оубитии ӕ ѡнѣма же оувѣдавшима и бѣжаста ко кнѧзю Данилоу и Василкови и приѣхаша во Володимеръ Миндогови же прıславшю слъı своӕ река не чини има млс̑ти (…)Тевтивилоу же исповѣдѣ пискоупъ и пребощь Вирьжань сожалишаси по немь вѣдѧхоу бо аще Тевътивилъ не бы изгнанъ Литовьскаӕ землѧ в роукоу бѣ ихъ и кр·̑щние неволею приѧли быша си же всѧ некрс̑тьӕных̑ Литвоу…”[165]

Да гэтага часу “літва” на старонках пісьмовых крыніц усплывала толькі ў якасці этноніма, назвы племені. Часам персаніфікавалася напрыклад у якасці “літвы Міндоўга”. Такая трансфармацыя проста “літвы” у “зямлю Літоўскую” верагодна было адлюстраваннем змены успрыяцця яе на Русі.

далейшыя згадкі “зямлі Літоўскай” адбываліся да канца ХІІІ ст:

1258 г. : “…Василкови же ѣдоущоу по Бороунд̑аи ѡдиномоу по Литовьскои землѣ ѡбрѣтъ негдѣ Литвоу. избивъ ю и приведе саигатъ Боурондаеви и похвали Боурандаи Василка аще братъ твои не ѣхалъ и воеваше ѣздѧ с нимь ищющю емоу снв҃ца своего Романа воеваша землю Литовьскоую и Нальщаньскоу кнѧгиню бѣ бо ѡставилъ оу брата и сн҃а своего Володимера…”[166]

1262 г. “… Въспомѧноу Миндовгъ ѡже Василко кн҃зь с богатыремь воевалъ землю Литовьскоую и посла рать на Василка…”[167]

1263 г. “…По сем же сонмѣ миноувшоу лѣтоу ѡдиномоу и во ѡсень оубитъ быс̑ великии кн҃зь Литовьскии Миньдовгъ самодержечь быс̑ во всеи земли Литовьскои оубиство же его сиче скажемь быс̑ кнѧзѧщю емоу в земьли Литовьскои н нача избивати братью свою и сн҃овцѣ свої а дроугиӕ выгна и землѣ и нача кнѧжити ѡдинъ во всеи землѣ Литовьскои …“[168]

1263 г. “...По Миндовговѣ же оубитьи Воишелкъ оубоӕвъсѧ того же и бѣжа до Пиньска и тоу живѧш̑ть а Тренѧта нача кнѧжити во всеи землѣ Литовьскои и в Жемоти ”[169]

1264 г. “…Воишелкъ же нача кнѧжити . во всеи земли Литовьскои . и поча вороги своѣ избивати …”[170]

1268 г. “…оуби Воишелка завистью ѡже бѧшеть далъ землю Литовьскоую братоу его Шварнүви и такъ быс конѣць оубитьӕ его спрѧтавше тело его и положиша во црк҃ви ст҃го Михаила Великагоже по Воишелкови Шварнови в Литовьскои земли кнѧживъ же лѣтъ немного и тако престависѧ и положиша тѣло его во црк҃ви ст҃ои Бц҃ѣ близъ гроба ѡтнѧ …”[171]

Аналізуючы значэнне у якім прымяняўся тэрмін “зямля” у ХІІ-ХІІІ стст. старажытнарускімі летапісцамі, можна адзначыць, што адносілі яго да фактычна самастойных палітычных дзяржаўных утварэнняў.[172] Cпалучэнне характэрнага для рускага летапісання тэрміну “зямля” з выкарыстоуваемым да гэтага ў этнічным і персаніфікавана-этнічным сэнсе паняццем “літва”, сведчыць пра змяненне статусу апошняй у вачах сучаснікаў. Літва набывае статус раўнапраўнага з Руссю дзяржаўнага утварэння.

Прыкладна ў гэты ж час, Міндоўг становіцца вярхоўным князем на Літве і Жамойці. Паход Данілы на такія гарады як Наваградак, Ваўкавыск, Слонім ды Здзітаў, пад час дапамогі яго Таўцівілу , Эдзівілу ды Выкінту у 1249 г. ( “…Данило же и Василко поидоиста к Новоугородоу Данилъ же и Василько братъ его розгадавъ со сн҃мъ брата си посла на Волковыескь а сн҃а на Оуслонимъ а самъ иде ко Здитовоу и поимаша градъı многы и звратишасѧ в домъı…”[173] ) сведчыць пра тое, што гэтыя гарады ( а значыць і Наваградская зямля) знаходзіліся ўжо пад уладай Міндоўга.

Адразу ж узнікае пытанне: якім чынам так магло атрымацца, што ўладарамі рускіх земляў аказаліся літоўскія князі, якія да гэтага часу мелі толькі грабежніцкія намеры ў адносінах да іх? Адказам можа быць такая шырокараспаўсюджаная з’ява для сярэднявечча, як дынастычны шлюб. Прыклады дынастычных шлюбаў паміж рускімі князямі ды літоўскімі мы можам бачыць ужо ў пачатку ХІІІ ст. паміж князем Герцыке Усеваладам і дачкой магутнага літоўскага князя.

Князя Усевалада Э.М.Загарульскі адносіць да менскай галіны полацкай дынастыі — Глебавічаў, робячы яго сынам лагожскага (лагойскага) князя Васількі Валадаравіча.[174] Прытрымліваючыся гэтага меркавання можна прасачыць цесную повязь Глебавічаў ды літвы, якая цягнецца яшчэ с сярэдзіны ХІІ ст.

Князь Даўгерут, па меркаванні некаторых даследчыкаў, з’яўляецца самым верагодным прэтэндэнтам на ролю бацькі Міндоўга.[175] Імкненне да заключэння дынастычных сувязей боло выгаднае як рускім князям так і літоўскім. Першым гэта давала магчымасць не баяцца рабаўнічых набегаў і мець пад рукой гатовы да выправы вайсковы кантынгент, другім мець надзейныя праходы і базы для набегаў на варожыя тэрыторыі.

Цікавасць у гэтай сувязі выяўляе ужо прыведзеныя вышэй звесткі пра сумесны паход “літвы Міндоўга” ды Ізяслава Наваградскага супраць Конрада Мазавецкага ў 1238 г. Сумеснае згадванне ў летапісе гэтых дзьвюх князёў дае шмат магчымых расшыфровак гэтай згадкі. Супастаўляючы факты замацавання Міндоўга ў Наваградку ды схільнасць яго верагоднага бацькі да заключэння дынастычных шлюбаў і наладжванні саюзных адносін з рускімі князямі (Даўгерут хадзіў у Ноўгарад заключаць мірна-саюзніцкую дамову, аднак на зваротным шляху быў зняволены ў Вендэне, дзе і памёр[176]), можна высунуць гіпотэзу, пра пераход літоўскага князя на Наваградскае княжанне ў выніку яго шлюбу з дачкой князя Ізяслава. Доказы дадзенай гіпотэзы ў сваім даследаванні прыводзяць Г.Семянчук ды А. Шаланда, яны нават выводзяць прыкладную дату гэтай падзеі мяжа 20-х і 30-х гадоў ХІІІ ст. [177] У дапаўненне да іх довадаў можна згадаць яшчэ згадку ў хроніцы Руссава пра хрышчэнне Міндоўга, ў якой прыводзіцца імя яго жонкі – Марта, [178] якое таксама указвае на яе славянскае паходжанне.

Прыкладамі падобнага пераходу пад уладу літоўскіх князей зямель суседніх дзяржаў могуць служыць, усім добра вядомыя, шлюбы князя Альгерда з Марыяй Яраслаўнай, ды Ягайлы з Ядзьвігай.

Такім чынам замацаванне Міндоўга ў Навагрудку ў выніку шлюбу з рускай князёўнай цалкам легітымізавала яго ўладу на рускіх землях у вачах сучаснікаў. [179] І адкрыла яшчэ адзін шлях для уключэнню рускіх зямельу сферу ўплыву маладой літоўскай дзяржавы. Верагодна абапіраючыся на наваградцаў Міндоўг распачынае заключны этап цэнтралізацыі літвы, які адлюстраваны ў згадцы 1248 г., пра яго міжусобіцы з пляменнікамі ды братам.

Адлюстраванне факту нараджэння літоўскай дзяржавы у рускім летапісанні выявілася ў форме з’яўлення такога палітычнага тэрміну як “зямля Літоўская”, які ўвабраў у сябе факт зліцця “этнічнай літвы” ды Наваградскай зямлі.

Падводзячы высновы можна адзначыць, што для паўднёварускіх княстваў адносіны з літвой распачаналіся таксама з рабаўнічых набегаў, аднак у пэўны момант яны эвалюцыянавалі ў сталы палітычны саюз, гэта можа быць абумоўлена наяўнасцю на літоўскіх землях протадзяржаўнага ўтварэння, ці палітычнага аб’яднання балцкіх плямён.[180] Стабільнасць міру ў гэты час можа быць абумоўлена наяўнасцю стрымліваючага фактару для шматлікіх ваяўнічых літоўскіх князёў у асобе вярхоўнага князя, і праводзімага ім знешнепалітычнага курсу. Разгляд акалічнасцей эвалюцыі паняцця “літва” і прычын якія выводзяць на старонкі летапісаў паняцце “зямля Літоўская”, выяўляюць абставіны (аб’яднанне літвы Міндоўга і Наваградскай зямлі), шлях (верагодней за ўсё праз шлюб) і час ( канец 40-х гг. - верагодная смарць Ізяслава наваградскага і канчатковае усталяванне Міндоўга на наваградскім пасадзе) утварэння ядра дзяржавы, якая ў далейшым атрымала назву Вялікае княства Літоўскае.

 

 


<== предыдущая страница | следующая страница ==>
А) Першая згадка літвы у пісьмовых крыніцах. Этымалогія назвы | Заключэнне

Дата добавления: 2015-07-26; просмотров: 508; Нарушение авторских прав




Мы поможем в написании ваших работ!
lektsiopedia.org - Лекциопедия - 2013 год. | Страница сгенерирована за: 0.011 сек.